Артыкул 216. Парадак арганiзацыi i правядзення культурна-вiдовiшчнага мерапрыемства
1. Усе дзеяннi па арганiзацыi i правядзеннi культурна-вiдовiшчнага мерапрыемства забяспечваюцца арганiзатарам культурна-вiдовiшчнага мерапрыемства, у тым лiку шляхам заключэння дагавораў з юрыдычнымi асобамi i грамадзянамi, у тым лiку iндывiдуальнымi прадпрымальнiкамi, у мэтах набыцця (атрымання) тавараў (выканання работ, аказання паслуг), маёмасных правоў, неабходных для арганiзацыi i правядзення культурна-вiдовiшчнага мерапрыемства.
2. Пры правядзеннi культурна-вiдовiшчнага мерапрыемства яго арганiзатар абавязаны:
2.1. зацвердзiць праграму культурна-вiдовiшчнага мерапрыемства;
2.2. забяспечыць бяспеку грамадзян, захаванасць капiтальных пабудоў (будынкаў, збудаванняў) i iншай маёмасцi;
2.3. абмежаваць колькасць грамадзян, якiя прысутнiчаюць на культурна-вiдовiшчным мерапрыемстве, з улiкам праектнай умяшчальнасцi сцэнiчнай пляцоўкi (на сцэнiчнай пляцоўцы, якая не мае сядзячых месцаў, з разлiку не болей за тры чалавекi на адзiн квадратны метр);
2.4. забяспечыць пры неабходнасцi арганiзацыю аказання грамадзянам медыцынскай дапамогi;
2.5. спынiць культурна-вiдовiшчнае мерапрыемства ў выпадку ўзнiкнення небяспекi для жыцця i здароўя грамадзян, прычынення шкоды маёмасцi юрыдычных асоб, грамадзян, у тым лiку iндывiдуальных прадпрымальнiкаў.
3. У мэтах аховы грамадскага парадку i забеспячэння грамадскай бяспекi на культурна-вiдовiшчнае мерапрыемства не дапускаюцца грамадзяне, якiя:
3.1. маюць пры сабе алкагольныя, слабаалкагольныя напоi i (або) пiва, наркатычныя сродкi, псiхатропныя рэчывы, iх аналагi, таксiчныя або iншыя адурманьваючыя рэчывы, халодную, агнястрэльную, газавую або iншую зброю, выбухованебяспечныя рэчывы i боепрыпасы, iх iмiтатары i муляжы, а таксама спецыяльна вырабленыя або прыстасаваныя прадметы, выкарыстанне якiх можа ўяўляць пагрозу жыццю i здароўю грамадзян або прычынiць матэрыяльную шкоду юрыдычным асобам, грамадзянам, у тым лiку iндывiдуальным прадпрымальнiкам, сцягi i вымпелы, не зарэгiстраваныя ва ўстаноўленым парадку, а таксама эмблемы, сiмвалы, плакаты i транспаранты, змест якiх накiраваны на прычыненне шкоды грамадскаму парадку, правам i законным iнтарэсам грамадзян;
3.2. знаходзяцца ў стане алкагольнага ап'янення або ў стане, выклiканым ужываннем наркатычных сродкаў, псiхатропных рэчываў, iх аналагаў, таксiчных або iншых адурманьваючых рэчываў;
3.3. учыняюць дзеяннi, якiя парушаюць грамадскi парадак, а таксама падбухторваюць iншых асоб да такiх дзеянняў любымi метадамi.
4. У час правядзення культурна-вiдовiшчнага мерапрыемства грамадзянам забараняецца:
4.1. знаходзiцца ў стане, выклiканым ужываннем наркатычных сродкаў, псiхатропных рэчываў, iх аналагаў, таксiчных або iншых адурманьваючых рэчываў;
4.2. мець пры сабе i (або) выкарыстоўваць прадметы i рэчы, якiя забаронены да праносу на культурна-вiдовiшчнае мерапрыемства ў адпаведнасцi з падпунктам 3.1 пункта 3 гэтага артыкула;
4.3. распiваць алкагольныя, слабаалкагольныя напоi, пiва ў месцах, не прадугледжаных для гэтага;
4.4. ужываць наркатычныя сродкi, псiхатропныя рэчывы, iх аналагi, таксiчныя або iншыя адурманьваючыя рэчывы;
4.5. курыць у месцах, не прадугледжаных для гэтага;
4.6. ажыццяўляць прапаганду вайны, экстрэмiсцкай дзейнасцi, насiлля, жорсткасцi i парнаграфii, у тым лiку з выкарыстаннем плакатаў, транспарантаў або iншых сродкаў;
4.7. ствараць пагрозу грамадскай бяспецы, жыццю i здароўю грамадзян.
5. Пры наведваннi культурна-вiдовiшчнага мерапрыемства грамадзяне абавязаны захоўваць грамадскi парадак i выконваць усе законныя патрабаваннi яго арганiзатара i супрацоўнiкаў органаў унутраных спраў, якiя выконваюць абавязкi па ахове грамадскага парадку. Парадак наведвання культурна-вiдовiшчнага мерапрыемства непаўналетнiмi вызначаецца яго арганiзатарам з улiкам спецыфiкi правядзення такога мерапрыемства.
6. Арганiзатар культурна-вiдовiшчнага мерапрыемства мае права адмовiцца ад правядзення культурна-вiдовiшчнага мерапрыемства не пазней чым за адзiн каляндарны дзень да дня яго правядзення.
7. У выпадку адмены, змянення аб'яўленых часу (тэрмiнаў) i (або) месца правядзення культурна-вiдовiшчнага мерапрыемства, замены яго iншым, змянення складу ўдзельнiкаў культурна-вiдовiшчнага мерапрыемства арганiзатар культурна-вiдовiшчнага мерапрыемства абавязаны пiсьмова паведамiць аб гэтым у структурнае падраздзяленне мясцовага выканаўчага i распарадчага органа абласнога тэрытарыяльнага ўзроўню, якое ажыццяўляе дзяржаўна-ўладныя паўнамоцтвы ў сферы культуры, за выключэннем выпадку, калi арганiзатарам культурна-вiдовiшчнага мерапрыемства выступае гэта структурнае падраздзяленне, i забяспечыць у месцах правядзення культурна-вiдовiшчнага мерапрыемства, рэалiзацыi ўваходных бiлетаў, па месцы знаходжання арганiзатара культурна-вiдовiшчнага мерапрыемства iнфармаванне грамадзян аб адмене, змяненнi аб'яўленых часу (тэрмiнаў) i (або) месца правядзення культурна-вiдовiшчнага мерапрыемства, замене яго iншым, змяненнi складу ўдзельнiкаў культурна-вiдовiшчнага мерапрыемства, умовах i месцах вяртання ўваходных бiлетаў.