Кантралюемая самастойная работа студэнтаў

Беларускі дзяржаўны універсітэт

Факультэт журналістыкі

Кафедра

Сацыялогіі журналістыкі

Праграма дысцыпліны

ПАЛІТАЛОГІЯ ЖУРНАЛІСТЫКІ

для студэнтаў спецыяльнасцей Е 23 01 08 “Журналістыка”,

Е 23 01 09 “Міжнародная журналістыка”

Мінск

Аўтар:

Вараб’ёў Васіль Пятровіч, кандыдат філалагічных навук, дацэнт, загадчык кафедры сацыялогіі журналістыкі факультэта журналістыкі Беларускага дзяржаўнага універсітэта.

Рэцэнзенты:

Стральцоў Барыс Васільевіч, доктар філалагічных навук, прафесар кафедры сацыялогіі журналістыкі факультэта журналістыкі Беларускага дзяржаўнага універсітэта;

Рашэтнікаў Сяргей Васільевіч, доктар палітычных навук, прафесар, загадчык кафедры паліталогіі Беларускага дзяржаўнага універсітэта.

Праграма зацверджана на пасяджэнні кафедры сацыялогіі журналістыкі 2 верасня 2002 г., пратакол № 1(40)

Першая рэдакцыя праграмы зацверджана ў 1998-м годзе, другая — 2000-м.

Рэкамендавана Вучоным Саветам

факультэта журналістыкі Беларускага дзяржаўнага універсітэта

2 верасня 2002 г., пратакол № 2

Праграма дысцыпліны “Паліталогія журналістыкі” складзена ў адпаведнасці з Дзяржаўным стандартам вышэйшай прафесійнай адукацыі па спецыяльнасцях Е 23. 01. 08 “Журналістыка”, Е 23. 01. 09 “Міжнародная журналістыка”.

Мэта курса.Надзвычай надзённай сёння становіцца задача, каб узровень палітызаванасці з’яў, працэсаў у грамадстве і яго падсістэме — журналістыцы — набываў адэкватнае асэнсаванне. Гэтаму павінна спадарожнічаць глыбокае разуменне як палітычных праблем, так і ролі журналістыкі ў сістэме ўзаемадзеяння палітычных інстытутаў грамадства.

Формула “паліталогія журналістыкі”, альбо “медыяпаліталогія”, ахоплівае, убірае адначасова і праблему, і праграму.

Праблему — таму што паняцці “журналістыка” і “паліталогія” цалкам суадносныя. Гэта асабліва праяўляецца ў кантэксце эвалюцыі і палітыкі, і журналістыкі. Разумеючы, што кожнае вызначэнне — вынік дамоўленасці ў навуковым асяродку, прымем згаданую формулу ў якасці “рабочай” і адначасова выніковай версіі.

Журналістыка — гэта грамадская дзейнасць па зборы, апрацоўцы і перыядычным распаўсюджанні актуальнай сацыяльнай інфармацыі (праз друк, радыё, тэлебачанне і інш.); сістэма прадпрыемстваў і сродкаў збору і дастаўкі інфармацыі, у якую ўваходзяць рэдакцыі, тэлерадыёкампаніі, інфармацыйныя агенцтвы; творы, з якіх складаюцца нумары газеты і часопіса, праграмы радыё і тэлебачання; галіна ведаў і адукацыі.

Палітыка азначае: 1) працэсы ў дзяржаве ці арганізацыі (уключаючы групы ўсіх відаў, напрыклад, сям’і), звязаныя з уплывам на змест і выкананне мэтаў, установак і іх кіраваннем; 2) навука ці вывучэнне палітыкі і кіравання (гл.: Палітычная навука. — Большой толковый словарь. Том 2 (П–Я). — М., 1999. — С. 39).

Журналістыка вывучае агульныя заканамернасці функцыянавання СМІ, у тым ліку і як спецыфічнага сацыяльнага інстытута. Многія заснавальнікі СМІ, а таксама каардынуючыя органы як суб’екты прававога і эканамічнага рэгулявання медыйнай дзейнасці (суд, урад, парламент) уваходзяць ў структуру палітычных інстытутаў грамадства.

Паліталогія — інтэгральная навука аб палітыцы, аб яе ўзаемадзеянні з асобай і грамадствам. Яна ўключае: палітычную філасофію, вучэнне аб палітычных інстытутах, тэорыю міжнароднай палітыкі, палітычную гісторыю, сумежныя дысцыпліны: палітычную сацыялогію, палітычную псіхалогію, палітычную антрапалогію, палітычную геаграфію, палітычную астралогію.

Формула “медыяпаліталогія” ўтрымліваепраграму: бо журналістыка, будучы па прыродзе сваёй поліфункцыянальнай, з’яўляецца кампанентам не толькі сацыяльнай галіны грамадства (інстытут адукацыі і культуры), яго эканамічнай інфраструктуры (медыя–бізнес), але і палітычнай сферы.

У гнасеалагічным сэнсе паліталогія журналістыкі (медыяпаліталогія) — навука аб заканамернасцях функцыянавання журналістыкі як палітычнага інстытута грамадства. Яна вывучае эвалюцыйнае ўскладненне журналістыкі ў палітычным жыцці і сістэме ўзаемадзеяння палітычных інстытутаў грамадства.

Аўтаномія паліталогіі журналістыкі як прадмета вывучэння. Паліталогія журналістыкі фарміруецца як асобны навуковы накірунак. Гэта звязана з тым, што яна раскрывае, асэнсоўвае пэўны ўзровень рэчаіснасці, які не можа быць растлумачаны ні паліталогіяй, ні журналістыкай.

Паліталогія журналістыкі як новы накірунак навуковага пошуку пакуль не з’яўляецца прадметам з дакладна акрэсленымі межамі. Заяўляючы пра сябе як навуцы аб заканамернасцях функцыянавання журналістыкі ў сістэме палітычных інстытутаў грамадства, яна пакуль што мае шырокія і дастаткова штрыхавыя контуры. Часткова яна супадае, у нечым “запазычвае” основы тэорыі журналістыкі, што з’яўляецца зразумелым. А часткова далучае, “прымагнічвае” іншыя сацыяльна-гуманітарныя дысцыпліны, у прыватнасці сацыялогію і паліталогію, якія павінна лагічна ўлічваць, ці нават уключаць. Гэта хутчэй не хіб, а перавага медыяпаліталогіі, таму што яна дэманструе транспарэнтнасць і эластычнасць сваіх падыходаў, удзячнасць да дыскусійных, спрэчных момантаў свайго станаўлення.

Іншага і не дадзена. Таму што спецыфічнасць эвалюцыі палітычнай тэорыі журналістыкі, складанасці прадмета падкрэсліваюць яшчэ раз не яго прыгнечанасць, слабасць, а перспектыўнасць, здольнасць умацоўвацца за кошт пераемнасці, дыфузіі з класічнымі галінамі навукі. Медыяпаліталогія тым самым акцэнтуе сябе ў прадметным акружэнні, перакрыжаванні. Адначасова рэльефна раскрывае шматаблічнасць, шматаспектнасць медыярэчаіснасці, якую даследуе. Пераймаючы лепшыя напрацоўкі ў іншых галінах навуковага звароту, паліталогія журналістыкі ліквідуе адвольна створаныя дысцыплінарныя бар’еры і межы. Зразумела, гэта стварае цяжкасці ў выпрацоўцы стройнай канцэпцыі, аднак імкненне да пэўнай універсальнасці і практычнасці дыктуе ўмову адлюстравання ўсіх магчымых падыходаў да прадмета.

Маштабнасць і інтэнсіўнасць працэсаў палітызацыі сродкаў масавай інфармацыі, выкрышталізаванасць з’яў медыятызацыі палітыкі (Засурский 1999) абумоўліваюць неабходнасць спецыяльнага асэнсавання ўзрастаючай ролі журналістыкі ў сучасным жыцці. Журналістыка, прадастаўляючы грамадству функцыянальныя рэсурсы як сацыяльны інстытут, як фактар кіравання і стабілізацыі ўлады, як арганізатар інфармацыйнага абмену і грамадзянскага супрацоўніцтва, выразна і сістэмна дэманструе палітычныя складнікі сваіх асноўных функцый (інфармацыйных, камунікатыўных, арганізацыйна-кіраўнічых, сацыяльна-арыентаваных). Змены ў накірунках дзейнасці ўладаў, палітычныя канфлікты, працэдуры прыняцця палітычных рашэнняў, выбары і рэферэндумы, мадэрнізацыя грамадскага жыцця і крызісы ў палітыцы яскрава ўдакладняюць праявы ўласна палітычных функцый сродкаў масавай інфармацыі (Дзялошинский 1996).

У межах традыцыйных падыходаў да журналістыкі (ад інструментальнага да канцэпцыі “чацвёртай улады”) пастаянная, сістэмная і ўзрастаючая суб’ектнасць сродкаў масавай інфармацыі ў палітычных працэсах сучаснага грамадства не заўжды можа быць растлумачана і спрагназавана. Патрабуюцца каардынаты і крытэрыі, што знаходзяцца ў плоскасці як палітычнай, так і масава-інфармацыйнай дзейнасці (Социальное функционирование журналистики 1994). Паліталогія журналістыкі (медыяпаліталогія) (Вараб’ёў 2001) заклікана распрацаваць не зусім уладкаванае сумежжа. Навуковая і практычная каштоўнасць сінтэзу канцэпцый, метадаў дзвюх галін ведаў (журналістыкі і паліталогіі) відавочная, што дазваляе комплексна аналізаваць, адпаведна і аптымізаваць, узаемадзеянне сродкаў масавай інфармацыі з іншымі суб’ектамі палітычнага працэсу.

Адчувальныя змены ў масава-інфармацыйнай і палітычнай дзейнасці вядуць да сцірання адрозненняў паміж імі, да атаясамлівання дзвюх сфер (Социология журналистики 1998). Усё часцей заўважаюцца праявы падпарадкаванасці палітычнага працэсу правілам СМІ (Пугачев 2000). Гэтыя і іншыя фактары актуалізуюць шэраг прынцыпова важных новых задач навуковага і вучэбна-метадычнага характару на прадметным перакрыжаванні журналістыкі і паліталогіі. Вырашаць іх давядзецца маладому пакаленню журналістаў і палітыкаў (цяперашніх студэнтаў), палітолагаў і журналістыказнаўцаў. Паліталогія журналістыкі як раз і ставіць сваёй мэтай дапамагчы выпускнікам факультэта журналістыкі ўсвядоміць сваю адказную ролю, раскрыць магчымасці, якімі валодае журналістыка для вырашэння надзённых праблем палітычнай сферы, сфарміраваць метадычныя характарыстыкі дзейнасці ў журналістыцы ў цэлым і ў палітычнай журналістыцы — у прыватнасці.

Паліталогія журналістыкі як міждысцыплінарная галіна тэарэтычных ведаў і практыкі разглядае журналістыку ў якасці палітычнага інстытута грамадства (Вараб’ёў 2000). Нарэшце адпадае неабходнасць выкарыстоўвання бессэнсоўнага ранжыраванага эўфемізма “чацвёртая ўлада”. Медыяпаліталогія вывучае ўзаемадзеянне сродкаў масавай інфармацыі з уладнымі інстытутамі дзяржавы і палітычнымі арганізацыямі, разглядае журналістыку як суб’ект палітычнага працэсу, як фактар сацыядынамікі палітычнай прасторы і сацыяльна-палітычнай трансфармацыі грамадства, асэнсоўвае ролю сродкаў масавай інфармацыі ў фарміраванні камунікатыўнага характару палітыкі дзеля выпрацоўкі і рэалізацыі канструктыўнай стратэгіі развіцця грамадства.

Такім чынам, аб’ект паліталогіі журналістыкі, альбо медыяпаліталогіі, — частка жыццядзейнасці соцыуму, якая тлумачыцца адпаведнымі паняццямі і называецца медыяпалітычнай рэчаіснасцю. Аб’ектам паліталогіі журналістыкіз’яўляюцца рэдакцыі СМІ і палітычныя інстытуты грамадства, журналісты і палітыкі, спажыўцы інфармацыйна-палітычнага прадукту, матэрыялы газет, праграмы радыё і тэлебачання.

Прадмет любой навукі — гэта лагічна ўзаемазвязаная сістэма паняццяў, якая тлумачыць фрагментамі частку аб’ектыўнай рэчаіснасці, на якую скіравана даследаванне гэтай навукі. Прадмет даследавання, у адрозненне ад аб’екта, існуе толькі ў свядомасці даследчыка, цалкам залежыць ад характару саміх ведаў і з’яўляецца яго часткай. Вызначаючы прадмет даследавання, мы ў абстракцыі вылучаем адзін ці некалькі бакоў аб’екта і імкнемся вывучыць іх з улікам уплыву іншых, намі не вылучаных.

Прадмет паліталогіі журналістыкіскладаюць: а) заканамернасці функцыянавання журналістыкі як палітычнага інстытута, які выконвае місію праектавання палітыкі будучыні, кіравання грамадствам і самакіравання; б) узаемадзеянні, узаемасувязі, узаемаадносіны паміж палітычнымі суб’ектамі ў працэсе іх медыйнай дзейнасці. Іншымі словамі, прадметам вывучэння з’яўляюцца інфармацыйна-палітычныя з’явы, працэсы ў сучаснай журналістыцы, камунікатыўныя тэндэнцыі ў палітычнай сферы грамадства ва ўзаемасувязях і ўзаемаўплывах.

Задачы курса. Паліталогія журналістыкі ставіць сваёй задачай:

– сфарміраваць у студэнта веды ў галіне ўзаемадзеяння сістэмы сродкаў масавай інфармацыі з уладнымі інстытутамі дзяржавы і палітычнымі арганізацыямі;

– выпрацаваць комплексны падыход да журналістыкі як сацыяльнага інстытута грамадства і як суб’екта палітычнага працэсу, палітычнага інстытута;

– замацаваць тэарэтычныя веды і практычныя навыкі на ўзроўні палітычнай культуры журналіста ў адпаведнасці з дынамікай працэсаў, месцам і роляй сістэмы СМІ ў палітычнай прасторы Беларусі;

– пазнаёміць студэнтаў з мадэлямі функцыянавання журналістыкі ў розных палітычных сістэмах (ад інструментальнай мадэлі да электаральнай);

– паказаць сукупнасць рыс суб’ектнасці журналістыкі, вызначальныя фактары тапалогіі СМІ ў палітычнай прасторы Беларусі, рысы пазіцыянавання і віды ангажыраванасці СМІ, асноўныя формы і накірункі ўдзелу журналістыкі ў палітычным працэсе (журналістыка як структурны элемент палітычнай сістэмы і як фактар рэформаў, развіцця палітычнага асяродку, трансфармацыі грамадства);

– раскрыць тэхналогіі ўздзеяння журналістыкі на палітычны працэс (тэхналогія дыялогавага ўзаемадзеяння, інфармацыйнага абмену — грамадска-палітычная дыскусія (дыялог), грамадская экспертыза, маніторынг палітычных інтарэсаў; тэхналогія маніпуляцыйнага кшталту — дэзінфармацыя, дыфамацыя, сцэнарныя версіі, інтэлектуальныя правакацыі, рэйтынгавыя хвалі, інфармацыйныя войны);

– засяродзіць увагу на тыпах інфармацыйна-публіцыстычнай дзейнасці ў публічнай сферы суб’ектаў палітычнага працэсу (сітуацыйны і стратэгічны падыходы; журналістыка і публічная палітыка, журналістыка і медыятызаваная палітыка);

– усвядоміць месца і ролю дзяржавы ў фарміраванні інфармацыйнай палітыкі; формы і метады палітыка-прававога рэгулявання інфармацыйнай сферы, формы кантролю грамадства за дзейнасцю прэсы і падтрымкі свабоды СМІ;

– пазнаёміць студэнтаў з тэхналогіямі скіраванага ўздзеяння на прэсу з боку палітычных структур, уласнікаў інфармацыйных прадпрыемстваў;

– асэнсаваць асаблівасці дзейнасці палітычных аглядальнікаў і каментатараў як удзельнікаў палітычнага працэсу.

Месца курса ў прафесійнай падрыхтоўцы журналістаў. Курс “Паліталогія журналістыкі” прапануецца студэнтам у 6-м семестры, калі яны засвоілі асноўныя прафесійныя і сацыяльна-гуманітарныя дысцыпліны, набылі пэўны вопыт практычнай журналісцкай дзейнасці. Падчас вывучэння дысцыпліны студэнты атрымаюць магчымасць узбагаціць свае ўяўленні новымі навуковымі звесткамі, больш глыбока зразумеюць інфармацыйна-палітычныя з’явы і працэсы ў грамадстве, у асвятленні і развіцці якіх яны будуць удзельнічаць у якасці не толькі палітычных каментатараў, палітычных аглядальнікаў, але і палітычных суб’ектаў.

Курс арыентаваны на спалучэнне тэарэтычных ведаў па сацыяльна-гуманітарных дысцыплінах з практычнай дзейнасцю рэдакцый і журналістаў. Ён карэспандуецца з тэарэтычным курсам “Асновы журналістыкі”, з тэарэтычна-практычным курсам “Асновы творчай дзейнасці журналіста”, нарошчвае спецыяльную і прафесійную падрыхтоўку, уваходзячы ў наступны комплекс дысцыплін: эканоміка і менеджмэнт журналістыкі; сацыялогія журналістыкі; псіхалогія журналістыкі; прававыя асновы журналістыкі; этыка журналіста. Інтэгруючы падыходы спецыяльных і сацыяльна-гуманітарных навук, гэты курс раскрывае сістэму прыёмаў і метадаў вырашэння асноўных інфармацыйна-палітычных праблем сучаснай журналістыкі і творчых прафесійных задач журналіста. Ён дапамагае выявіць творчыя схільнасці студэнта і прафесійную арыентаванасць на працу ў аддзелах ці рэдакцыях палітычнага жыцця.

Патрабаванні да ўзроўню засваення зместу курса. У выніку засваення лекцыйнага курса, удзелу ў семінарах, вывучэння літаратурных крыніц, а таксама самастойных заняткаў студэнт павінен набыць сістэмнае ўяўленне аб палітычнай канстанце журналістыкі, навучыцца карыстацца тэрміналагічным апаратам медыяпаліталогіі для палітычнага аналізу і мадэліравання прафесійных акцый і кампаній, замацаваць устойлівыя навыкі працы са спецыяльнай літаратурай, аператыўна і творча ўдзельнічаць у асвятленні палітычнага жыцця краіны.

Змест адукацыйнага стандарта па курсу “Паліталогія журналістыкі”. Паліталогія журналістыкі як навуковая і вучэбная дысцыпліна, галіна ведаў на сумежжы журналістыкі і паліталогіі. Прадмет, аб’ект і метады вывучэння. Фарміраванне палітычнай культуры журналіста і станаўленне палітычнай тэорыі функцыянавання сродкаў масавай інфармацыі. Медыяпаліталогія і патрэбы практыкі сродкаў масавай інфармацыі.

Палітычныя аспекты функцыяніравання масавай інфармацыі ў грамадстве. Палітызацыя СМІ. Журналістыка як масава-інфармацыйная і палітычная дзейнасць. Палітычныя тэорыі і журналістыка. Тапалогія СМІ ў палітычнай сістэме грамадства. Журналістыка як суб’ект палітычнага працэсу. Медыятызацыя палітыкі. Роля журналістыкі ў сацыядынаміцы палітычнай прасторы і сацыяльна-палітычнай трансфармацыі грамадства.

Палітычныя складнікі функцый СМІ (інфармацыйных, камунікатыўных, арганізацыйна-кіраўнічых, сацыяльна-арыентуючых). Уласна палітычныя функцыі СМІ.

Палітычныя мадэлі функцыянавання журналістыкі. Прэса інструментальная. “Чацвёртая ўлада”. Электаральная мадэль журналістыкі. Палітычны выбар журналіста. Палітычная культура журналіста. Журналістыка і палітычныя ідэалогіі.

Прынцыпы і формы супрацоўніцтва розных палітычных інстытутаў грамадства. Журналістыка і ўлада: ад узаемадзеяння да партнёрства. Заканадаўчая, выканаўчая і судовая ўлады: канстытуіраванне дзейнасці і ажыццяўленне задач з дапамогай інстытута журналістыкі. Выбары і рэферэндумы: актывізацыя палітычных функцый журналістыкі.

Журналістыка і палітычныя партыі. Роля СМІ ў палітычнай арыентацыі і палітычнай сацыялізацыі асобы.

СМІ і фарміраванне камунікатыўнага стылю палітыкі. Арганізацыя інфармацыйнага абмену паміж суб’ектамі палітычнага працэсу дзеля выпрацоўкі і рэалізацыі стратэгіі развіцця грамадства. Тэхналогіі журналістыкі ў палітычнай дзейнасці. Тыпы інфармацыйна-публіцыстычнай дзейнасці СМІ ў палітычным працэсе.

Месца і роля дзяржавы ў фарміраванні інфармацыйнай палітыкі. Формы і метады палітыка-прававога забеспячэння функцыянавання інфармацыйнай сферы.

Спецыфіка дзейнасці палітычных аглядальнікаў і каментатараў.

Метадычная арганізацыя курса “Паліталогія журналістыкі”

1. У лекцыйным раздзеле асвятляюцца тэмы, фрагментарна прадстаўленыя ў вучэбна-метадычнай літаратуры, а таксама канцэптуальныя і дыскусійныя пытанні.

2. На семінарскіх занятках, калёквіумах, “круглых сталах” студэнты выступаюць з публіцыстычнымі аглядамі СМІ па актуальных праблемах палітычнай журналістыкі, рыхтуюць і публічна абараняюць аўтарскія публікацыі (не менш за дзве).

3. Самастойная праца студэнтаў (навучальная, рэдакцыйна-практычная) скіравана на авалоданне палітычнай праблематыкай сучаснай журналістыкі, палітычнай культурай журналіста, методыкай палітычных даследаванняў і арганізацыяй іх правядзення.

Кантралюемая самастойная работа студэнтаў

1. Падрыхтоўка публіцыстычных аглядаў СМІ па актуальных праблемах функцыянавання журналістыкі як палітычнага інстытута грамадства.

2. Праца з лексікаграфічнымі крыніцамі, даведнікамі, энцыклапедыямі. Параўнальны аналіз розных інтэрпрэтацый журналісцкіх, палітычных тэрмінаў у іх адпаведнасці падзеям палітычнага жыцця, абгрунтаванню ўласнага выбару і перспектыў.

3. Аналітычная распрацоўка паведамленняў аб грамадска-палітычным становішчы прэсы, канфліктах прэсы, дыскусіях па актуальных праблемах журналістыкі.

4. Падрыхтоўка дзвюх публікацый па палітычнай праблематыцы.

5. Арганізацыя дзелавой гульні “Патрабуецца журналіст”.

6. Маніторынг удзелу прэсы ў важнай палітычнай падзеі краіны (выданне па выбары).

Дзелавая гульня “Патрабуецца журналіст”

Для прафесійнай арыентацыі ў праблемных сітуацыях патрабуецца прымяніць тэарэтычныя веды і навыкі, прадэманстраваць разуменне задач, якія стаяць перад палітычнай журналістыкай.

· Уявіце, што Вы — супрацоўнік “Звязды” (на выбар: “Советской Белоруссии”, “Рэспублікі”). Якія тэмы па аддзелу палітычнага жыцця вы заплануеце як ключавыя на бліжэйшы квартал? Абгрунтуйце прапановы на падставе вывучанага матэрыялу і аналізу апошніх палітычных падзей.

· Як вы рэфармуеце “Панараму” Беларускага тэлебачання ў выпадку, калі былі б запрошаны палітычным аглядальнікам, каб кіраўніцтва канала прыняло вашыя прапановы і каб павялічылася колькасць вашых тэлегледачоў? Прадстаўце праект і абгрунтуйце з пазіцыі вывучанага вопыту і маніторынгу падзей.

· Вас запрасілі на Беларускім радыё весці штотыднёвую перадачу “Палітычны барометр”. Прапануйце яе імідж, які б дапамог наладзіць дыялог паміж рознымі палітычнымі плынямі ў грамадстве.

Тэматыка круглых сталоў

· Журналістыка ў сістэме ўзаемадзеяння палітычных інстытутаў грамадства. Палітычнае развіццё Беларусі цесна звязана з эвалюцыяй яе інфармацыйнай прасторы. Ці зможа журналістыка аптымальна і канструктыўна ўдзельнічаць ў рэфармаванні палітычных адносін? Якая мажлівая выніковасць уплыву інстытута журналістыкі на працэсы інфармаванасці грамадзян і інфармацыйнай бяспекі асобы, грамадства і дзяржавы? Наколькі эфектыўныя прынцыпы палітычнага плюралізму і талерантнасці ў палітычнай і інфармацыйнай прасторах Беларусі?

· Журналістыка і каштоўнасныя арыенціры грамадства. Роля журналістыкі ў распаўсюджанні каштоўнасцей цывілізацыі.

Тэматыка семінараў

Тэма 1.

Паліталогія журналістыкі як навуковая і вучэбная дысцыпліна

Аб’ект, прадмет і метады вывучэння. Палітычная арганізацыя грамадства. Роля журналістыкі ў функцыяніраванні грамадства. Улада і СМІ.

Тэрміналагічны апарат. Навуковае і будзеннае разуменне палітыкі. Палітычная сістэма. Палітычныя інстытуты. Палітыка як сацыяльная дзейнасць і майтэрства.

Даследаванні СМІ паліталагічнай навукай. Сродкі масавай інфармацыі ў палітычнай сістэме грамадства. Тэорыя “чацвёртай” улады. Грамадская думка і палітыка. Журналістыка і грамадская думка.

Паліталогія журналістыкі і паліталогія: агульныя асаблівасці. Роля палітычнага фактара ў функцыяніраванні журналістыкі. Сістэма палітычнага забеспячэння развіцця СМІ. Палітычная інфраструктура ў сістэме інфрастуктур журналістыкі.

Агульнанавуковыя прынцыпы паліталогіі журналістыкі. Сістэмнасць у падыходзе да з’яў, працэсаў, праблем. Адзінства тэарэтычнага і эмпірычнага даследавання. Функцыі паліталогіі журналістыкі як навукі. Метады паліталогіі журналістыкі.

Сацыялагічныя метады ў працы палітычнага аглядальніка. Апытанне. Назіранне. Аналіз дакументаў. Эксперымент. Экспертыза. Прагміраванне працэдур, прававыя і этычныя нормы. Прымяненне палітычнага аналізу для падрыхтоўкі журналісцкіх выступленняў і самаацэнкі рэдакцыйнай практыкі.

Тэма 2.

Палітычныя культура журналіста

Сучасная журналістыка і яе патрэбы ў сацыяльна-палітычным бачанні з’яў і праблем. Структура палітычнай культуры і яе тыпалогія. Асаблівасці фарміравання новай палітычнай культуры ў Беларусі. Праблемна-тэматычныя напрамкі паліталогіі журналістыкі. Палітычная свядомасць і палітычная дзейнасць журналіста. Палітычная сацыялізацыя журналіста. Складаемыя палітычнай культуры журналіста: метадалагічныя, прафесійна-псіхалагічныя. Формы праяўлення паліталагічнай кваліфікацыі журналіста ў рэдакцыі.

Тэма 3.

Палітычныя мадэлі функцыяніравання журналістыкі:

канцэпцыі і практыка

Металадагічная канцэпцыя як лагічная мадэль пастаноўкі і рашэння журналісцкіх задач. Асноўныя метады: сацыялагічны, гістарычны, параўнальны, сітуацыйны, інстытуцыянальны.

Грамадства пераходнага перыяду. Рух ад камандна-адміністратыўнай да сацыяльна скіраванай рыначнай і дэмакратычнай сістэм. Сацыяльная дынаміка журналістыкі: шлях ад вертыкальнай да гарызантальнай структуры і тыпалогіі. Асаблівасці змешанай структуры журналістыкі.

Мадэлі функцыяніравання журналістыкі пераходнага перыяду.

Прэса інструментальная (не толькі калектыўны прапагандыст і калектыўны агітатар, але і калектыўны арганізатар). Журналістыка як сінонім СМІП. Гістарычны шлях ад пачатку веку да часу перабудовачнай галоснасці. Прэса як інструмент перабудовы. Закон аб друку і іншых СМІ — заключны этап цалкам інструментальнай журналістыкі і яе вертыкальнай структуры.

Мадэль журналістыкі як “чацвёртай” улады. Стварэнне сеткі прыватных, камерцыйных, партыйных выданняў. Імклівае развіццё гарызантальнай структуры журналістыкі. Прэса ў ролі апазіцыі. Канструктыўная і дэструктыўная апазіцыйнасць журналістыкі. Спроба журналістыкі стаць самастойным фактарам палітычнага працэсу.

Электаральная мадэль журналістыкі. Прэса як сродак поспеху на выбарах і рэферэндумах. Частковае ўзнаўленне вертыкальнай структуры журналістыкі. Дынаміка гарызантальнай структуры журналістыкі.

Уладныя, аўдыторныя і эканамічныя рэгулятары палітычных мадэляў функцыяніравання журналістыкі.

Тэма 4.

Палітычны выбар журналіста і тыпы свядомасці

Палітычныя погляды і структура асобы. Палітычны выбар журналіста як вынік псіхалагічных установак і працэсу сацыялізацыі асобы.

Сувязь паміж псіхалагічнымі і палітычнымі ўстаноўкамі чалавека. Псіхалагічныя ўстаноўкі як компас у палітычных напрамках. Базавыя псіхалагічныя тыпы свядомасці: аўтарытарны (таталітарны), ліберальны (дэмакратычны).

Ліберальны, дэмакратычны тып свядомасці. Адкрыты, дыялектычны, разважае дынамічна, з разуменнем складанасці навакольнага свету. Тактоўны і цярпімы да супрацьлеглых думак, узважвае альтэрнатыўныя метады і напрамкі дзеянняў. Адпаведныя формы палітыкі і ідэалогіі.

Аўтарытарны тып свядомасці. Вузкасць мыслення, схільнасць да спрошчвання рэчаіснасці, адмаўленне супрацьлеглых разважанняў, схільнасць да безальтэрнатыўнайсці і адназначнасці спосабаў і шляхоў развіцця.

Аўтарытарны псіхалагічны тып — крыніца журналістаў-прыхільнікаў супрацьлеглых палітычных і ідэалагічных поглядаў. Спалучэнне дэмакратызму ў поглядах журналістаў з аўтарытарнымі адносінамі да ідэйных і палітычных апанентаў. Аднастаронняе, тэндэнцыйнае стаўленне да апанентаў. Адабрэнне адназначных мераў і рашэнняў.

Сацыяльныя каштоўнасці і палітычныя арыентацыі журналістаў. Прыхільнасць да радыкальна-ілюзорнай перабудовы каштоўнасцей. Панаванне адмаўлення традыцыйных ідэалаў над імкненнем абгрунтаваць прыняцце тых ці іншых сацыяльных каштоўнасцей. Крытычны настрой журналістаў не выражэнне аналітычнай пазіцыі, а паказчык незадаволенасці ходам і тэмпамі сацыяльна-эканамічнага развіцця.

Тэма 5.

Журналістыка і палітычныя ідэалогіі

Ідэалогія як аб’ядноўваючы сісітэматызаваны спосаб сацыяльна-групавой свядомасці. Функцыі ідэалогіі ў грамадстве. Палітычная ідэалогія як элемент уладных адносін.

Класіфікацыя палітычных ідэалогій. Лібералізм. Кансерватызм. Сацыялістычная ідэалогія. Нацыяналізм. Радыкалізм. Фашызм.

Гістарычныя трансфармацыі ўзаемадзеяння журналістыкі з палітычнай ідэалогіяй. Удзел журналістыкі ў фарміраванні палітычнай ідэалогіі дзяржавы. Ідэалогія дзяржавы і дзяржаўная ідэалогія: тоеснасць і адрозненні.

Тэма 6.

Журналістыка і ўлада: ад узаемадзеяння да партнёрства

Журналістыка і кіруючая (рэгулюючая) функцыя. Улада і рэгулюючая функцыя. Улада і журналістыка. Бюракратычная ўлада (дзяржаўная, капіталістычная, прыватная, партыйная) і выкарыстанне кіруючых (рэгулюючых) магчымасцей журналістыкі.

Аўтарытэт і прававыя, сістэмныя, ролявыя спосабы ажыццяўлення ўлады.

Журналістыка і палітычная ўлада як дзве падсістэмы грамадства. Наканаванасць узаемадзеяння. Абсалютная незалежнасць — ідэалагічная містыфікацыя. Залежнасць журналістыкі ад аўдыторыі, уладных і эканамічных фактараў. Прынцыпы партнёрства журналістыкі і ўлады на аснове прававых норм дзяржавы.

Тэма 7.

Удзел СМІ ў выбарных кампаніях

Асноўныя функцыі выбараў — забеспячэнне магчымасці для цывілізаванага пераходу ўлады ад адных суб’ектаў да другіх. Кантроль СМІ за прававымі і маральна-этычнымі асновамі выбараў. Шматфункцыянальнасць выбараў: дэманстрацыя інтарэсаў; актывізацыя палітычнага ўдзелу; фарміраванне палітычнай культуры; сацыялізацыя асобы.

Асвятленне СМІ прынцыпаў выбарнага права: усеагульнасці, роўнасці, свабоднага выбару, тайнага галасавання, сумленнага падліку галасоў.

Абмеркаванне ў друку недахопаў мажарытарнай і прапарцыянальнай выбарчых сісітэм.

Перадвыбарныя журналісцкія калізіі і культура палемікі.

Журналіст вылучыў сваю кандыдатуру...

Тэма 8.

Заканадаўчая ўлада ў люстэрку друку

Роля заканадаўчай галіны ўлады ў грамадстве. Эвалюцыя заканадаўчай улады Беларусі і роля ў гэтым СМІ. Парламенцкія выданні Беларусі. Прэс-служба парламента.

Тэма 9.

Асвятленне ў друку дзейнасці выканаўчай улады

Сутнасць выканаўчай улады і яе роля ў палітычным жыцці грамадства. Статус, структура выканаўчай улады Беларусі. Інтытут прэзідэнцтва.

Узаемадзеянне выканаўчай улады з СМІ. Выканаўчая ўлада як заснавальнік СМІ.

Тэма 10.

Судовая ўлада і журналістыка

Судовая ўлада як від дзяржаўнай улады. Вярхоўны суд. Канстытуцыйны суд. Вышэйшы гаспадарчы суд. Палітычная роля судовай улады.

Журналістыка як барометр судовай справядлівасці.

Журналісцкае права доступу да судовай інфармацыі.

Правасуддзе і журналісцкія правапарушэнні.

Тэма 11.

СМІ і палітычныя партыі

Генезіс, сутнасць і функцыі палітычных партый. Роля СМІ у функцыяніраванні партый. Тыпалогія палітычных партый. Станаўленне шматпартыйнай сістэмы ў Беларусі. Удзел палітычных партый у мадэрнізацыі ўлады. Апазіцыя ў палітычным жыцці Беларусі і журналістыцы.

Партыйныя выданні Беларусі: спецыфіка і перспектывы.

Палітычна-прававы статус партый і іх выданняў. Узаемадзеянне афіцыйных і партыйных выданняў.

Тэма 12.

Аддзелы палітычнага жыцця рэдакцый газет, радыё, тэлебачання

Узнікненне аддзелаў палітычнага жыцця. Вытокі. Структура. Кадры. Напрамкі працы.

Крыніцы палітычнай інфармацыі.

Рэпарцёр у пошуку грамадска-палітычных навін.

Тэма 13.

Палітычны маркецінг у журналістыцы

Паняцце маркецінга. Палітычны маркецінг: асаблівасці, мэты, задачы, напрамкі практычнай дзейнасці.

Вывучэнне рынку палітычных суб’ектаў і аб’ектаў. Сегментацыя рынку. Палітычная ніша газеты, часопіса, рэдакцыі РВ і ТБ.

Аналіз аўдыторыі чытачоў. Вызначэнне патэнцыяльнай і рэальнай аўдыторыі.

Вывучэнне выданняў-канкурэнтаў.

Партыйныя выданні: спецыфіка, сферы ўплыву, перспектывы.

Тэматыка

Наши рекомендации