Ці толькі аб коласе журыцца паэт?

Верш Якуба Коласа «Жытні колас»

На саломцы тонкай

У траве густой

Спее адзінокі

Колас сіратой.

Нялёгка бывае іншы раз адчуць мастацкую глыбіню твораў, у якіх, можа скласціся ўражанне, усё ляжыць на паверхні. «Простым» у асобных сваіх творах здаецца і Якую Колас. Але як карпатліва і ўважліва трэба чытаць і перачытваць яго вершы, каб узняцца да ўзроўню суперажывання, сутворчасці, да усведамлення эстэтычнай задумы аўтара! Пры павярхоўным прачытанні верш Якуба Коласа «Жытні колас» нічым не здзіўляе: у густой траве спее адзінокі сірата-каласок, але такое толькі на першы погляд... Мэты:

· дапамагчы вучням зразумець ідэйна-эстэтычны змест верша Якуба Коласа “Жытні колас”;

· фарміраваць уменне вызначаць танальнасць верша, яго агульны настрой;

· вучыць дзяцей выказваць свае ўражанні, даказваць правамернасць сваіх поглядаў, абапіраючыся на тэкст твора; развіваць маўленчую практыку вучняў;

· вучыць пачынаючых чытачоў “бачыць асобу аўтара”, разумець аўтарскую пазіцыю;

· выхоўваць пачуццё любові да свайго краю, яго прыроды, да родных і блізкіх людзей.

Парадак працы

1. Паведамленне тэмы ўрока; падрыхтоўка да асэнсаванага ўспрымання твора На ўрок настаўнік прыносіць жменю буйных каласоў. Іх сцябліны згінаюцца пад цяжарам зерня. – Як вы думаеце, – пытае настаўнік, – дзе выраслі гэтыя каласы? (У полі; на школьнай вопытнай дзялянцы.) – Сёння мы пазнаёмімся з вершам народнага паэта Беларусі Якуба Коласа «Жытні колас». Успомніце, калі ласка, сапраўднае прозвішча паэта. (Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч.)

– Правільна, Колас – гэта псеўданім. Бачыце, якое цікавае супадзенне назвы твора і псеўданіма аўтара... Паслухайце верш і скажыце, ці пра такі колас (настаўнік зноў бярэ ў рукі каласы) піша паэт. 2. Чытанне верша настаўнікам на памяць 3. Аналіз першаснага ўспрымання Пасля кароткай паўзы вучні адказваюць на пастаўленае пытанне, аргументуючы свае адказы. 4. Паўторнае чытанне твора

– Якія пачуцці трэба перадаць пры чытанні? (Верш сумны. Аўтару шкада каласка.)

– Якія словы гэта пацвярджаюць? («Адзінокі», «сірата», «ные», «плача». 5. Аналіз верша Верш чытаецца ланцужком, вызначаюцца ключавыя словы. У першым чатырохрадкоўі лагічны націск падае кожны раз на канец радка: «тонкай», «густой», «адзінокі». Наступныя дванаццаць радкоў – здагадкі, меркаванні, адкуль ён мог з’явіцца тут, у густой траве. Увага вучняў засяроджваецца на асобных выразах : «птушка божжа», «неба яго знае» (ніхто не ведае, адзін толькі Бог).

– Як адчувае сябе колас? Чаму сонца і вецер не сябры яму на чужой старане? (Каласок вельмі адзінокі, таму яго сушыць сонца і хіліць долу нават слабы вецярок. Калі б каласоў было многа, яны нічога не баяліся б.)

– Чаму ж, як гаворыць паэт, «ные сірацінка, плача каласок»? Вучні чытаюць дзве прадапошнія страфы, у якіх паэт дае адказ на гэтае пытанне. Настаўнік сочыць за тым, каб яны выдзялялі голасам ключавыя словы і словазлучэнні: «дарэмна», «роднае душы», «птушкі падзяўбуць», «ветрыкі паб’юць».

– Што значыць «дарэмна»? Як вы разумееце гэтае слова»? (Не народзяцца новыя каласы. На радзіме ніхто не даведаецца пра тое, як рос, што бачыў колас.)

– Перачытайце яшчэ раз тэкст і пастарайцеся апісаць, якім вы бачыце жытні каласок. Асаблівую ўвагу звярніце на апошнюю страфу. (Ён кволы, на тонкай белай саломцы.)

– Чаму на тонкай? (Перашкаджае расці густая трава.)

– Чаму аўтар піша, што каласок плача, «падняўшы ўгору стромкі валасок». Няўжо ён такі ганарысты? (Зусім не. Яго зярняткі кволыя, не налітыя, таму каласок лёгкі і саломіна не згінаецца.) – Уявіце, што жытні каласок умее гаварыць. У якія словы вылілася б яго крыўда? (Выслухоўваюцца меркаванні вучняў.) – Падумайце, ці толькі сум перадае паэт? (Не толькі сум, але і пяшчоту, шкадаванне. Якуб Колас ужывае словы «саломка», «сірацінка», «зярняткі».)

– У гэтым вершы, як і ў другіх вершах паэта, пяшчота і сум зліліся і атрымалася асабліва шчымлівае пачуццё.

– У якіх творах мы з вамі часцей за ўсё сустракаем словы «сірацінка», «зярнятка»,«дожджык»? (У беларускіх народных песнях.) – Прачытаце верш упаўголаса, прыслухайцеся да яго гучання. Што вы заўважылі? (Гэты верш можна спяваць. Ён напеўны.) – Што яшчэ збліжае верш Якуба Коласа з народнай песняй? (Тут, як і ў песні, паўтараюцца асобныя радкі.) З. М. Настаўнік можа дапамагчы вучням заўважыць адметнасць рыфмавання: у кожнай страфе рыфмуюцца толькі другі і чацвёрты радкі. Гэта таксама адна з адметнасцяў фальклорных твораў. Верш Коласа – своеасаблівая песня-жальба, песня-скарга. 6. Асэнсаванне аўтарскай задумы, “пошук аўтара” Настаўнік дапамагае вучням заўважыць, што акрамя прамога сэнсу, верш Якуба Коласа мае і другі, пераносна-метафарычны план, абумоўлены сімвалічнай семантыкай слоў.

– Падумайце і адкажыце мне на вельмі няпростае пытанне: ці толькі аб коласе журыцца паэт? (Выслухоўваюцца звязныя выказванні вучняў.) Абагульняючы адказы дзяцей, настаўнік падводзіць сваіх выхаванцаў да думкі, што гэта верш пра чалавека на чужыне, які знаходзіцца далёка ад сям’і і сяброў («нідзе не згледзіш роднае душы»). Педагог расказвае дзецям, што і сам народны паэт часта не па ўласнай волі быў адарваны ад радзімы (сядзеў у астрозе, удзельнічаў у імперыялістычнай вайне). Выходзіць, што ён пісаў у тым ліку і пра сябе. Без Радзімы, у адзіноце, чалавек падобны да адзінокага каласка. Ён загіне. Пра яго ўсе забудуць. – У які раздзел нашага падручніка (верш знаходзіцца ў «восеньскім» раздзеле чытанкі для чацвёртага класа рускамоўных школ «Чабарок») можна было б змясціць гэты твор? (У першы раздзел, «Радзіма мая дарагая...».)

7. Практыкаванні ў выразным чытанні верша 8. Дамашняе заданне Падрыхтавацца да выразнага чытання твора. (Тыя, хто пажадае, могуць вывучыць верш на памяць.) Падумаць, чаму аўтар піша менавіта пра жытні колас, а не пшанічны ці які іншы.

Якая зіма ў Якуба Коласа?

Верш Якуба Коласа «Зіма»

Надышлі марозы,

Рэчкі закавалі,

Белыя бярозы

Шэранем убралі.

Восем радкоў гэтага верша, што на працягу доўгага часу змяшчаліся ў беларускамоўных букварах пад партрэтам народнага пісьменніка, не адно пакаленне першакласнікаў прымусілі глянуць на свет другімі вачамі, на ўсё жыццё палюбіць паэзію Якуба Коласа, адчуць велічнасць і недасягальнасць лепшых яе ўзораў. Да цяперашняга часу не перастае здзіўляць тое, што для перадачы назірання, настрою, для стварэння запамінальнага малюнка (як у гэтым вершы) паэту дастаткова ўсяго некалькіх слоў. І вось ужо мы, чытачы, не толькі бачым, але і адчуваем ўсёй істотай хараство зімовай прыроды, блізкае і дарагое для ўражлівай чалавечай душы.

Мэты:

  • дапамагчы вучням зразумець эстэтычны змест верша Якуба Коласа “Зіма”;
  • спрыяць развіццю ўзнаўляльнага і творчага ўяўленняў, вучыць дзяцей бачыць і эмацыянальна ўспрымаць створаныя аўтарам вобразныя малюнкі прыроды;
  • вучыць дзяцей параўноўваць вобразныя малюнкі ў празаічных і вершаваных творах;

Парадак працы

1. Падрыхтоўка да асэнсаванага ўспрымання твора Падрыхтоўку да ўспрыняцця верша добра правесці на матэрыяле экскурсіі, асабліва калі яна адбылася незадоўга пасля снегападу і дзеці яшчэ знаходзяцца пад уражаннем ад убачанага. Педагог ставіць задачу ўзнавіць у свядомасці вучняў канкрэтныя карціны зімовай прыроды, каб лягчэй наладзіць асацыятыўныя сувязі з вершаванымі вобразамі, стварыць атмасферу суперажывання, эмацыянальнага водгуку на твор. Ён просіць апісаць, якое было надвор’е, успомніць, што бачылі, калі падыходзілі да поля, да лесу, як выглядалі пад снегам елкі, маладыя бярозкі, як сустрэла рака. Можна пазначыць апорныя словы: поле, дарога ў лес, дрэвы ў лесе, рэчка... Вучні расказваюць, настаўнік, дзе трэба, дапамагае ім, папраўляе, удакладняе асобныя дэталі: які колер снегу ў лесе і ў полі; на што падобны гурбы снегу ля дарогі; што напамінаюць занесеныя снегам кусты... З. М. Педагог таксама можа расказаць пра ўласныя дзіцячыя ўражанні ад наступлення зімы, пра першую сустрэчу з вершам Якуба Коласа. Не толькі змест гутаркі, але і тон, настрой, які суправаджае яе, выразны жэст павінны паказаць дзецям, што настаўнік сам вельмі любіць гэты верш і заўсёды рады новай сустрэчы з ім.

2. Чытанне верша настаўнікам на памяць Настаўнік выразна чытае верш на памяць, нібы прыслухоўваючыся да цішыні, зімовага спакою. Дзеці слухаюць, не заглядаючы ў падручнікі. 3. Высвятленне эмацыянальнага ўздзеяння верша

– Якія пачуцці выказаў паэт, апісваючы зіму?

– Які малюнак найбольш запомніўся?.

4. Самастойнае чытанне верша вучнямі; падрыхтоўка да асэнсаванага чытання ўслых

Вучні, не спяшаючыся, перачытваюць верш, думаюць над тым, які тэмп трэба выбраць, якое пачуццё данесці да слухача. Выслухаўшы адказы дзяцей, настаўнік робіць падагульненне: чытаць трэба не вельмі гучна, бо ў вершы ўсё нібыта застыла ў зімовым сне. Зіма ў Якуба Коласа ціхая, спакойная, прыгожая. Неабходна перадаць замілаванне, зачараванасць зімовымі краявідамі.

5. Аналіз верша

З. М. Верш можна чытаць ланцужком па асобных малюнках, з якіх складаецца цэласны вобраз зімы, але пажаданей усё ж не драбіць страфу, бо пры чытанні па два радкі няма цэласнай інтанацыі, цяжка вызначыць ключавыя словы, нарэшце, губляе сваё значэнне рыфма.

– З чым параўноўвае паэт снежнае покрыва? (З мяккаю пярынай, белай пялёнкай.)

– Як вы разумееце выраз «рэчка анямела»? (Пакрылася лёдам; яе засыпала снегам; не відаць берагоў.)

– Якія яшчэ словы дапамагаюць адчуць нерухомасць, спакой? («...Рэчкі закавалі», «стаіць журботна», «амярцвелі лозы».)

Настаўнік яшчэ раз звярнуць увагу на паэтычнае майстэрства Якуба Коласа, падрабязна спыніўшыся на найбольш маляўнічай карціне: зімовы лес пад цяжарам снегу. – Параўнайце выразы: «Галінкі дрэў згінаюцца ад снегу» і паэтычны тэкст:

Лес, як дзед убогі

З доўгімі вусамі,

Апусціў галіны

І стаіць журботна...

Які з гэтых выразаў лепш перадае карціну зімовага лесу і чаму? (Выслухоўваюцца звязныя выказванні вучняў.) – Дакажыце словамі верша, што паэт піша пра сонечны зімовы дзень. («Мяккая пярына // Вочы адбірае».) – Што значыць «вочы адбірае»? Калі так гавораць? (Снег блішчыць, іскрыцца, ззяе. Калі на яго глядзіш, робіцца балюча вачам, выступаюць слёзы.) – Перачытайце апошнія радкі. Чаму марозы і вятры «гуляюць у палях»? (Ім тут вольна, ніхто не перашкаджае. Снежнае покрыва параўняла раўніны і ўзгоркі.) 6. Асэнсаванне аўтарскай задумы, “пошук аўтара” Настаўнік просіць падумаць і сказаць, з якой мэтай Якуб Колас напісаў верш «Зіма». Выслухаўшы дзіцячыя адказы, педагог гаворыць пра тое, што сапраўды верш не толькі раскрывае пачуцці паэта, але і дапамагае кожнаму з нас угледзецца ў свет вакол сябе, вучыць быць назіральным і чуйным да прыгажосці роднай прыроды. 7. Практыкаванні ў выразным чытанні верша; завучванне твора на памяць. Як паказвае школьная практыка, пры чытанні верша Якуба Коласа «Зіма» дзеці часта робяць аднолькавыя па працягласці паўзы ў канцы кожнага радка. Каб папярэдзіць гэтую памылку, настаўнік павінен надаць належную ўвагу расстаноўцы паўз, вызначэнню іх працягласці, пошуку слоў і словазлучэнняў, на якія падае лагічны націск. З. М. Настаўнік павінен памятаць пра тое, што зусім не абавязкова пераносіць работу па выпрацоўцы гэтага навыку абавязкова на апошні этап урока. Практыкаванні ў выразным чытанні ідуць паралельна з аналізам эстэтычнага зместу твора. 8. Дамашняе заданне Вывучыць верш на памяць, падрыхтавацца да конкурсу чытальнікаў

Наши рекомендации