Р а з д з е л 4. ТЭОРЫЯ ВЫХАВАННЯ
Тэма 15. Сутнасць, заканамернасці і прынцыпы выхавання
Выхаванне як працэс мэтанакіраванай, спецыяльна арганізаванай дзейнасці выхавацеля па фарміраванні і развіцці асобы. Функцыі выхавання і прадуктыўнасць выхаваўчага працэсу. Характарыстыка выхаваўчага працэсу: мэтанакіраванасць, шматфактарнасць, дынамізм, рухомасць, бесперапыннасць, працягласць, варыятыўнасць. Задачы працэсу выхавання. Структура выхаваўчага працэсу: мэтавы, зместавы, аперацыянальна-дзейнасны, ацэначна-выніковы кампаненты.
Паняцце аб законах, заканамернасцях і прынцыпах выхавання. Заканамернасці выхавання як устойлівыя сувязі паміж складаючымі часткамі, кампанентамі працэсу выхавання. Залежнасць эфектыўнасці выхавання ад выхаваўчых адносін; адпаведнасці мэты і арганізацыі дзейнасці; адпаведнасці сацыяльнай практыкі і характару выхаваўчага ўздзеяння; інтэнсіўнасці выхавання і самавыхавання; актыўнасці ўдзельнікаў педагагічнага ўзаемадзеяння, эфектыўнасці сінхронных працэсаў развіцця і навучання, якасці выхаваўчых уздзеянняў і інш.
Прынцыпы выхавання як зыходныя палажэнні, якія вызначаюць галоўныя напрамкі выхаваўчага працэсу: змест, метады і арганізацыйныя формы працэсу выхавання ў адпаведнасці з яго мэтамі і заканамернасцямі. Зместава-мэтавыя прынцыпы: гуманістычнай накіраванасці выхавання; накіраванасці выхавання на засваенне асноў культуры, каштоўнасцей грамадства, норм поводзін; сувязі выхавання з жыццём і працай. Метадычныя і тэхналагічныя прынцыпы: выхаванне ў дзейнасці, з апорай на актыўнасць асобы, у калектыве і праз калектыў; спалучэнне педагагічнага кіравання з ініцыятывай і самадзейнасцю выхоўваемых; апора на станоўчыя якасці чалавека. Сацыяльна-псіхалагічныя прынцыпы: улік узроставых і індывідуальных асаблівасцей выхоўваемых; адзінства патрабаванняў сям’і, школы, грамадства.
Тэма 16. Змест і кірункі працэсу выхавання
Змест працэсу выхавання як сукупнасць ведаў, норм паводзін, каштоўнасцей, ідэй і ідэалаў, элементаў матэрыяльнай і духоўнай культуры грамадства, якія неабходна засвоіць і пераўтварыць у індывідуальным вопыце ва ўнутраны свет асобы.
Сучасныя падыходы да вызначэння зместу выхавання: па-першае, традыцыйны падыход, калі змест выхавання вызначаецца яго мэтай і ўдакладняецца ў шэрагу задач і кірункаў: разумовае, патрыятычнае, маральнае, фізічнае, эстэтычнае, працоўнае выхаванне.
Па-другое, гуманістычны падыход, згодна якому выхаванне апісваецца праз элементы базавай асобаснай культуры, якая вызначаецца як сістэма норм, перакананняў, каштоўнасцей, паводзін, стылю жыцця, культуры жыццёвага, вучэбнага і прафесійнага самавызначэння: палітычная і прававая, эканамічная і працоўная, інтэлектуальная, маральная, мастацкая, фізічная культура і культура сямейных адносін і зносін.
Па-трэцяе, падыход па каштоўнасных адносінах, згодна якому змест выхаваўчага працэса прадстаўляе сабой набор вызначаных каштоўнасцей выхавання як аб’ектаў, з’яў, якія ўвасабляюць грамадскія ідэалы і выступаюць як нормы. Вызначаюцца пяць фундаментальных каштоўнасных адносін: да чалавека, жыцця, грамадства, працы, прыроды.
Змест выхаваўчага працэсу ўключае наступныя кірункі: маральнае выхаванне і светапогляд школьнікаў, грамадзянскае выхаванне моладзі, працоўнае выхаванне і прафесійнае самавызначэнне вучняў, эстэтычнае выхаванне, фізічнае выхаванне.
Тэма 17. Агульныя метады, сродкі і формы выхавання
Паняцце метадаў і прыёмаў выхавання. Метады выхавання як спосабы ўзаемазвязанай дзейнасці выхавацеляў і выхаванцаў, накіраванай на рашэнне задач выхавання. Прыём выхавання як складаючая частка метаду, асобнае дзеянне, якое прымяняецца ў канкрэтнай сітуацыі. Фактары, якія вызначаюць выбар метадаў выхавання: мэты, задачы і змест выхавання, узроставыя і індывідуальныя асаблівасці выхаванцаў, узровень сфарміраванасці калектыву, умовы і сродкі выхавання, узровень педагагічнай кваліфікацыі выхавацеля, пажаданыя вынікі.
Разнастайнасць падыходаў да класіфікацыі агульных метадаў выхавання: метады фарміравання свядомасці асобы; метады арганізацыі дзейнасці і фарміравання вопыту паводзін; метады стымулявання паводзін і дзейнасці.
Паняцце пра сродкі выхавання як параўнальна незалежныя крыніцы фарміравання асобы, што ўключаюць розныя віды дзейнасці, прылады працы, прадметы, рэчы, абсталяванне, працэсы, творы і з’явы духоўнай і матэрыяльнай культуры, прыроду. Навучанне, праца, гульня, зносіны як фундаментальныя сродкі выхавання.
Паняцце аб форме выхавання як арганізацыйнай структуры, педагагічным дзеянні, мерапрыемстве, у якіх рэалізуюцца задачы, змест і метады выхаваўчага працэсу. Крытэрыі класіфікацыі форм выхаваўчай работы: колькасць удзельнікаў, асноўны від дзейнасці, дамінуючы метад выхаваўчага ўздзеяння, асноўная выхаваўчая задача. Агульная характарыстыка тыпаў і форм выхаваўчай работы.
Сучасныя тэхналогіі выхавання як сістэма паслядоўных дзеянняў і аперацый педагога, якія вядуць да запланаваных вынікаў выхаваўчай работы з дзецьмі. Крытэрыі тэхналагічнага падыходу да выхавання: канкрэтнасць і дыягнастычнасць мэты; алгарытмічнасць выхаваўчых дзеянняў; наяўнасць зваротнай сувязі і метадаў вымярэння вынікаў выхавання.
Тэма 18. Калектыў як сродак выхавання асобы
Паняцце аб калектыве як сацыяльнай супольнасці людзей, аб’яднаных на аснове грамадска значных мэт, агульных каштоўнасных арыентацый, сумеснай дзейнасці і зносін. Эвалюцыя паняццяў вучнёўскага і дзіцячага калектыву ў педагогіцы. Станаўленне тэорыі калектыву. Характарыстыка дзіцячага выхаваўчага калектыву і яго функцый.
Вучэнне А.С.Макаранкі аб калектыве як сродку выхавання і яго тэхналогія паэтапнага фарміравання калектыву. «Педагагічная паэма» А.С.Макаранкі як мастацкі твор і педагагічная праца. Законы жыццядзейнасці калектыву. Прынцыпы развіцця калектыву: публічнасць, адказная залежнасць, перспектыўныя лініі, паралельнае дзеянне. Стадыі (этапы) фарміравання калектыву, іх характарыстыка: першапачатковае згуртаванне і станаўленне калектыву, узмацненне ўздзеяння актыву, стабілізацыя структуры калектыву, росквіт калектыву, стварэнне ўмоў для асобаснага росту кожнага ўдзельніка калектыву. Педагагічнае кіраўніцтва працэсам фарміравання калектыву. Педагагічныя ўмовы і метады развіцця дзіцячага выхаваўчага калектыву.
Характарыстыка сучаснага выхаваўчага асяроддзя і асобасна арыентаванага выхавання. Патрабаванні комплекснага падыходу да выхавання асобы школьніка.
Тэма 19. Сацыякультурнае асяроддзе выхавання.
Выхаванне дзяцей у сям’і
Паняцце сацыякультурнага асяроддзя выхавання. Арганізаванае педагагічнае ўздзеянне на дзяцей і падлеткаў у межах выхаваўчай сістэмы школы. Дзіцячыя грамадскія аб’яднанні і іх тыпалогія. Сістэма дадатковай адукацыі для дзяцей і моладзі. Маладзёжная субкультура і нефармальныя аб’яднанні моладзі. Педагагічная запушчанасць і дэвіянтныя паводзіны школьнікаў: прычыны і шляхі пераадольвання.
Сям’я як фактар выхавання і фарміравання асобы. Сямейнае выхаванне як працэс уздзеяння на дзяцей з боку бацькоў і іншых членаў сям’і з мэтай дасягнення пажаданых вынікаў. Мэта, задачы, прынцыпы і змест сямейнага выхавання. Тыповыя мадэлі зносін паміж дарослымі і дзецьмі ў сем’ях, тыпы сямейнага выхавання. Стылі і метады сямейнага выхавання.
Класіфікацыя сямей па розных прыкметах, характарыстыка іх тыпаў. Асноўныя функцыі сям’і: генератыўная, першаснай сацыялізацыі, эканамічная і гаспадарча-побытавая, геданістычная, рэкрэацыйная і псіхатэрапеўтычная. Крызіс сям’і і прычыны нездавальняючага выхавання дзяцей у сям’і. Тыповыя памылкі сямейнага выхавання. Педагагічная падтрымка сям’і. Узаемадзеянне сям’і і школы ў выхаваўчым працэсе. Педагагічная культура бацькоў і шляхі яе фарміравання. Формы і метады работы школы з бацькамі.
Тэма 20. Сучасныя тэхналогіі арганізацыі выхаваўчага працэсу
Паняцце аб педагагічнай тэхналогіі выхавання як праекце, распрацоўцы ці апісанні працэсу выхавання, па якому педагог ажыццяўляе канкрэтную работу.
Асноўныя адрозненні тэхналогіі выхавання ад методыкі: дыягнастычнасць мэт і магчымасць вымяраць ступень іх дасягнення; пааперацыянальнае, алгарытмічнае апісанне працэсу дасягнення мэт і дзейнасці выкладчыкаў і вучняў; узнаўленне працэдур і магчымасць іх паўтарэння ў аналагічных умовах; наяўнасць зваротнай сувязі, сродкаў і метадаў вымярэння вынікаў выхавання.
Асобасна арыентаванае выхаванне як выхаваўчая сістэма. Прынцыпы гуманістычнай педагогікі як аснова асобасна арыентаванага выхавання. Правілы асобасна арыентаванага выхавання.
Комплексны падыход да выхавання як адзінства мэт, задач, зместу, метадаў і форм выхаваўчага ўздзеяння і ўзаемадзеяння. Патрабаванні комплекснага падыходу да выхавання як аснова сучасных тэхналогій выхавання. Агульная характарыстыка тэхналогіі выхаваўчых спраў і калектыўнай творчай дзейнасці, тэхналогіі работы класнага кіраўніка, тэхналогіі індывідуальнай работы з праблемнымі падлеткамі і інш.