Была грубая ошибка, несправедливость
2) её как будто “исправили”,
3) но “исправление” это — пока не до конца! Во мне огромная энергия…
Неужели ты покинешь меня теперь, моя золотая подруга — мечта?!
Прощайте, мои одинокие часы, мученья, сомненья. Я начинаю новую жизнь — или…”
Здарылася, на вялікі жаль, другое. Мікулічу далі перадыхнуць два з паловаю гады, а вясной 1949 года зноў арыштавалі, пратрымалі да восені ў вядомай сваім жахам “амерыканцы” і пагналі этапам з турмы ў турму ў “вечную” ссылку ў Краснаярскі край, сяло Тасеева, адкуль ён трапіў у яшчэ больш глухое сібірскае сяло, Машукоўка. Можна ўявіць сабе, якія ў яго былі адчуванні, які цяжкі настрой. Што рабіць? Адкуль было набрацца цярпення і веры? На што спадзявацца? Зноў пайшлі лісты на Беларусь да родных, знаёмых з просьбай прысылаць паболей кніг, кніг, кніг… Рэгулярна перапісваўся з сёстрамі, асабліва з малодшай, Марыяй Міхайлаўнай, якую ласкава называў Муркай, а таксама з вядомай беларускай актрысай Таццянай Бандарчык. З лістоў да яе можна даведацца, чым жыў пісьменнік у тыя дні і гады. Ён усё яшчэ спадзяваўся на справядлівасць і міласэрнасць, калі ўжо пасля смерці Сталіна пісаў пра свае пакуты ў лісце да Варашылава: «Когда же это кончится? Вот уже 15 лет терплю страдания и унижения — и за что? За надуманные преступления, за которые я уже ответил десятью годами лагерей, меня ссылают в Красноярский край, который сужен рамками даже не района, а одного лишь посёлка, из которого мы можем выехать разве что в районное село Тасеево, да и то с разрешения комендатуры… Не каюсь, но честно говорю: дайте возможность жить… честно работвать, но без оглядки. Ещё раз спрашиваю: когда кончится эта глупая и злая шутка с мнимым конттреролюционерством?”
Адказ на гэты ліст Судовая калегія дала 23 верасня 1955 года. Было прынята рашэнне адмяніць пастанову аб высылцы ад 3 верасня 1949 года і вызваліць Мікуліча Б. М. ад высылкі на пасяленне. Але злая іронія лёсу была ў тым, што жыццё яго скончылася 17 чэрвеня 1954 года…
Чулае, збалелае сэрца ў 5 гадзін раніцы спынілася назаўсёды. Гэта здарылася ў пакойчыку леспрамгасаўскага дыспетчара ў сяле Машукоўка. Ён адбыў у турмах і лагерах 10 гадоў, пражыў не поўныя 42 гады і тры месяцы не дажыў да рэабілітацыі…
Хавала беларускага пісьменніка ссыльнага Б. Мікуліча ўсё сяло. Чужыя людзі паставілі яму помнік і даглядаюць магілу вялікага пакутніка, таленавітага пісьменніка, які натхнёна нёс мастацтва ў кожны куточак сваёй няволі: чытаў лекцыі, ставіў спектаклі і канцэрты, пісаў актуальныя аднаактоўкі. Яго ўсе ведалі і любілі.
У няволі і ў кароткія перапынкі паміж лагерам і ссылкаю Б. Мікуліч нястомна працаваў над аповесцямі “Цяжкая гадзіна”, “Жыццяпіс Вінцэся Шостака”, “Развітанне”, “Зорка”, “Гадзюка ў кароне”, “Палеская аповесць”, пісаў раман “Адвечнае” пра Айчынную вайну 1812 года на Беларусі.
Спавядальны дзённік “Аповесць для сябе” быў канфіскаваны пры другім арышце ў Бабруйску разам з іншымі рукапісамі, але, на шчасце, спраўдзіў выслоўе “рукапісы не гараць”. Гэтаму дапамог шчаслівы выпадак.
С. Грахоўскі расказвае, як аднойчы ў 1970 годзе сустрэў на вуліцы свайго знаёмага Леаніда Яўменава, які размаўляў з маёрам. Потым высветлілася, што гэта быў Аляксандр Гаралёў, выкладчык школы КДБ. Маёр сказаў, што ведае Грахоўскага па друку і даўно збіраўся запрасіць яго на сустрэчу са сваімі выхаванцамі. Як піша Грахоўскі, “Камітэт… дваццаць гадоў пільна апекаваў мяне, напэўна, не траціў з поля зроку і цяпер, яго кароткая назва палохала нават у сне”. Таму натуральным было яго хваляванне, ці не знарок сюды запрасілі, ці няма тут якой правакацыі.
Пасля сустрэчы Гаралёў пацікавіўся, ці ведаў С. Грахоўскі пісьменніка Барыса Мікуліча, рэабілітацыяй якога маёр займаўся. Ён сказаў: “Дагэтуль не магу супакоіцца, за што без дай прычыны знішчылі такога светлага, таленавітага і сумленнага чалавека. Дарэчы, да яго справы далучаны вельмі шчыры дзённік. Я так ім зачытаўся, што адважыўся пад шынялём прынесці дадому, і мы з жонкаю з цікавасцю чыталі пра Купалу, Коласа, Бядулю, пра славутых артыстаў і мастакоў, удалыя ацэнкі спектакляў. Ёсць у дзённіку і інтымныя старонкі, і ўспаміны пра лагерныя пакуты”.
С. Грахоўскаму нават не верылася, што дзённік Барыса, пра які расказвала яго малодшая сястра Маруся, мог захавацца: у 1937 годзе каля ўнутранай турмы НКВД у вялікай печы палілі горы рукапісаў, лістоў, здымкаў, дакументаў і кніг. Аднак ён асцярожна пацікавіўся, ці можна вярнуць дзённік сястры пісьменніка. Гаралёў параіў напісаць ліст намесніку старшыні КДБ, які можа даць дазвол вярнуць дзённік, бо ў ім няма нічога крамольнага. Ліст быў напісаны, да справы далучыўся М. Танк, які быў знаёмы з намеснікам, і неўзабаве Марыя Міхайлаўна атрымала паведамленне, што “Аповесць для сябе” перададзена ў Саюз пісьменнікаў.
У той час сакратаром СП Беларусі быў Янка Брыль. Ён, прачытаўшы вызвалены з-пад арышту дзённік, зацікавіўся ім і параіў рэдактару часопіса “Нёман” Андрэю Макаёнку надрукаваць гэты незвычайны дакумент пра лёс і пакуты не толькі аўтара, а ўсяго яго пакалення. Дзённік пісаўся на жоўтай міліметроўцы нетрывалым чарнілам дробненькім мікулічаўскім почыркам. Перадрук рэдакцыйнымі машыністкамі ішоў марудна. Для публікацыі падрыхтавалі першыя сто старонак і даручылі С. Грахоўскаму напісаць прадмову і зрабіць неабходны каментарый. Гэта было няпростай справай: у тэксце дзённіка не надта добра характарызаваліся некаторыя вядомыя літаратары. Яны ведалі гэта і паклапаціліся спыніць публікацыю. Так, аднойчы ў рэдакцыі “Нёмана” з’явіўся работнік КДБ, забраў з сейфа арыгінал дзённіка, тры экземпляры перадруку. Намеснік рэдактара Папкоў запатрабаваў тэрмінова вярнуць апошні, які знаходзіўся ў Марыі Міхайлаўны. Але Андрэй Макаёнак ціхенька параіў Грахоўскаму: “Няхай яна іх пашле “падальша” і нічога не аддае”. Так і зрабілі. Але праз нейкі час да Марыі Міхайлаўны, то ў Бабруйску, то ў Мінску пачалі падыходзіць незнаёмыя жанчыны і ўгаворваць прадаць за 500 рублёў сто старонак дзённіка брата.
Прайшло шмат часу. Дзённік Мікуліча забыўся. Не стала Андрэя Макаёнка. “Нёман” узначаліў Анатоль Кудравец. Улетку 1986 года Янка Брыль у размове з С. Грахоўскім і Кудраўцом зноў вярнуўся да дзённіка Мікуліча і параіў не марудзячы надрукаваць яго.
Аднак справа ішла марудна. Рэдактар заявіў, што без значных купюр тэкст надрукаваць не ўдасца. І ўсё ж урэшце логіка і адвага перамаглі, і ў сакавіку 1987 года “Нёман” надрукаваў дзённік практычна без купюр, толькі адно прозвішча было заменена ініцыялам. “Аповесць для сябе” заўважылі перш за ўсё ў Маскве, з’явіліся шматлікія водгукі. “Нёман” заваяваў прыхільнасць усесаюзнага чытача.
Аднак А. Кудравец не ведаў пра існаванне працягу дзённіка, а даведаўшыся, адмовіўся звяртацца па яго ў КДБ. С. Грахоўскі і сястра Б. Мікуліча, з дапамогай М. Танка, зноў пайшлі ранейшым шляхам, і спецыяльны кур’ер “грозных органаў” даставіў рукапіс у Саюз пісьменнікаў. Заканчэнне “Аповесці для сябе” выйшла ў снежні 1988 года, праз 18 гадоў ад першай спробы. Цяпер рукапіс дзённіка захоўваецца ў Архіве-музеі літаратуры і мастацтва Рэспублікі Беларусь. Атрымліваецца, што не толькі аўтара, а і дзённік арыштоўвалі двойчы. Вызваліць яго і вярнуць у літаратуру дапамог сумленны маёр КДБ Гаралёў.
Дзённік заканчваецца зваротам Б. Мікуліча да ўсіх нас: Нарэшце стаўлю кропку. “Аповесць для сябе”? Не! Я хачу, каб гэты канспект аповесці быў дзеля ўсіх, каб яны любілі і цанілі жыццё і каб не расставаліся з мараю”. Фінал гучыць як запавет улюбёнага ў жыццё летуценніка.
Барыс Мікуліч нідзе і ніколі не расставаўся з мараю, з натхнёным мастацтвам. У лагеры і ў ссылцы ставіў спектаклі, быў акцёрам і рэжысёрам, каб прынесці людзям хоць кароткую радасць і забыццё пра пакуты, тоячыся пісаў вершы і прозу, перахоўваў іх у добрых і спагадлівых людзей. Усе рукапісы Б. Мікуліча ў Машукоўцы зберагла яго кватэрная гаспадыня Марыя Смелякова. Напісаныя ў выгнанні творы папоўнілі пасмяротныя выданні яго кніг, а некалькі аповесцей яшчэ чакаюць публікацыі.
Цяжка не пагадзіцца з думкай С. Грахоўскага, што каб не жахлівы рэжым рэпрэсій і не планавае вынішчэнне лепшых людзей у 30-я і 50-я гады, Б. Мікуліч пры сваёй творчай апантанасці і працавітасці напісаў бы не адзін том таленавітай прозы. Грахоўскі гаворыць: “Мне часта з суровай і заветнай сібірскай далечы чуецца пранікнёны голас Барыса Мікуліча. Там пад крышталёввым саркафагам у вечнай мерзлаце — яго адзінокая магіла і жыве добрая памяць удзячных яму людзей.
Дзённік Барыса Мікуліча дайшоў да нас з архіваў НКВД праз сорак гадоў пасля яго напісання і праз трыццаць гадоў пасля смерці аўтара. Гэта хвалюючы, балюча-праўдзівы дакумент эпохі, у якім раскрываецца не толькі трагічны лёс таленавітага беларускага пісьменніка, але і цяжкі духоўны стан нашага грамадства ў гады сталіншчыны.
Першы запіс у дзённіку зроблены 16 жніўня 1946 года. Б. Мікуліч гаворыць пра сваё юнацкае захапленне літаратурай, пра работу над беларускай мовай, якой у сям’і не карысталіся: хацеў, каб прызналі, каб лічылі сваім. “Ведь так неприятны были эти косые взгляды на «городского», «интелигентика», к которым не привыкла тогдашняя белорусская литература» [с. 10]