У кожнай кроплі сонечнай...
Я НЕ ГОСЦЬ
Людзі едуць на дачу, ў адведкі да...маці,
Настальгуюць па вёсцы са сталічных нябёс,
Я не госць-прыхаджай у бацькоўскае хаце,
Тут Радзіма мая, тут планіда, тут лёс.
Мне казалі, нібыта за Лепелем лепей,
У сталіцы культура і шмат кілбасы,
Я паверыў. Ды ўдалечы сніўся мне Лепель,
Запаведныя вёскі, баравыя лясы.
Бачыў маміну хату і маму у хаце,
Там, дзе бацька прылёг, на кладах – курганок,
І пачулася мне, бы паклікала маці:
“Ты прачніся, сынок! Ты вярніся, сынок!”
І чаўрэла душа на асфальце пякучым,
І ўцякаў я, злавіўшы “папутку” за хвост,
Каб паветрам падыхаць празрыстым, гаючым,
Каб убачыць ізноў праз Бярэзіну мост...
Апусцела ў душы, абязлюдзела ў хаце.
Я вярнуўся дадому, цяпер – да сябе,
І, пакінуўшы хціўцам пасады, багацце,
Да цямна паруплюся на ціхай сяўбе...
Людзі едуць на дачу, ў адведкі да... маці,
Настальгуюць па вёсцы са сталічных нябёс,
Я не госць, не чужы у бацькоўскае хаце,
Я – тутэйшы, бо Лепель, бо Чэрцы – мой лёс.
БУСЛЯНЯТЫ
Лета. Падрастаюць бусляняты
У бацькоўскім цёпленькім гняздзе,
Шчэ не пакідалі роднай хаты,
Не былі удалечы нідзе.
Толькі што разняць спрабуюць крылы,
Толькі азіраюцца вакол.
Боязна ўзлятаць. Ці хопіць сілы
З вышыні гнязда не ўпасць на дол?
Сочаць за малымі мама й тата,
Як заўжды, хвалююцца бацькі.
Мо й дарэмна. Нашы бусляняты
Не падлеткі ўжо, а юнакі.
Прыйдзе восень, і, сабраўшы сілы,
Раптам зробяць першы ў неба крок,
І расправяць у палёце крылы,
І – пакінуць дзеці мацярок.
Хай жа будзе светлаю дарога,
Хай жа будзе моцны ўзмах крыла,
Хай жа помняць родны кут, з якога,
На прастор дарога іх лягла...
МАЛІТВА
Жыву. Самотны воўк – адзін на свеце.
Жыццё – прысуд мне? Прыгавор мне – лёс?
Зняверыўся... Адно што веру – дзецям,
Мацней, чым Богу.
Выбачай, Хрыстос!
Не ведаю, ці ў пекла мне дарога,
А ці анёлы занясуць у рай...
Пакуль жывы, адно малю у Бога:
“Гасподзь Святы, сяброў не адбірай!”
Хай мне сябры прыбавяць свежай сілы,
Хай зачаўрэць да часу не дадуць,
А прыйдзе час – праводзяць да магілы,
Валун мне ля падножжа пакладуць.
Сябры мае, ўчарашнія падлеткі,
Злятуць тым часам гнёзды віць свае,
А мне ля каменя пакінуць кветкі,
Якіх на гэтым свеце нестае...
Жыву – бо паміраць мне ранавата:
Пасеяў шмат, ды мала змалаціў.
Бацькоўскім успамінам грэе хата,
Плячо сяброў трымае па жыцці.
Крый, Божа, іх ад здрадаў і ад бедаў,
Дай, Божа, ім шчаслівы доўгі век,
Зрабі, Гасподзь, пакуль жыву, каб ведаў,
Што я не адзінокі чалавек.
Ды што там смерць і кветкі на граніце,
Даў Бог – жыві, сваю раллю ары...
Я без сяброў – як васілёк у жыце.
Мой помнік пры жыцці – мае сябры!
І ўсё ж я не адзін, як воўк, на свеце,
Не канчатковы прагавор мне – лёс.
Вунь колькі іх – дарослыя і дзеці –
Мае сябры...
Хвала табе, Хрыстос!
* * *
У. М. Дамашэвічу
Працую напаўсілы-напаўстаўкі
І ахінею нейкую пішу.
Даруйце мне, шаноўныя настаўнікі,
Што д’яблу прадаю сваю душу.
Дзеля таго, каб мець акраец хлеба,
Я мушу заставацца у ярме,
І мой Пегас, які сягаў да неба,
Па забараскі зараз у дзярме.
Дратуюць-рэдагуюць графаманы
Радок, які стараюся-пішу...
О краю мой, забраны-растаптаны,
Гнабяць цябе, плююць табе ў душу!
О час! Эпоха шэрых кардыналаў,
Смярдзючы баль “премудропескарёвый”.
О норавы! За паншчыны кавалак
Радзімы выракаемся і мовы.
Успомніце ж, як Быкаў, як Купала,
Як Дамашэвіч мову бараніў!
Дай, Божа, ёй пазбавіцца навалы,
Не спапялець на здрадніцкім агні.
Працую на паўстаўкі – не бяды!
Бо жыць не выпадае на паўстаўкі,
Жыву для Беларусі, як заўжды,
Шаноўныя духоўныя настаўнікі!
У кожнай кроплі сонечнай...
Да кожнай кроплі сонечнай гатоў
Я, радуючыся, цягнуць далоні.
Жыве мой край шэсцьдзесят пяць гадоў
Ў вятроў на ўлонні, у дажджоў палоне,
Жыве ў пракосах траў, у жыце ніў,
Ў аблоках мараў, у абдыймах сонца,
Мой сын, дзіця жытнёвай цішыні,
Упэўнены, што век яго бясконцы.
І я шапчу заклёнам – будзе жыць
Мой сын, зялёны парастак планеты,
Бо дзед яго, які ў зямлі ляжыць,
У сорак першым ваяваў за гэта.
Скасіла дзеда куляй, як касой,
Ў абдыймах смерці, там, на полі бою,
Сцякаў, паранены, густой расой,
Расой крывавай, дзесьці пад Масквою.
Ён будзе жыць, зялёны сын Зямлі,
Хаця Зямля ссівела вунь дачасна,
Калі у сорак пятым дзед заліў
Увесь Рэйхстаг крывёй сваёй уласнай.
Вунь Панчанка казаў – зямлі баліць...
Яшчэ баліць параненай планеце,
А ўжо нячыстай сілы каралі
Нам зноў падрыхтавалі па ракеце.