Глава 28. заключныя палажэнні 4 страница

2. Спонсары культуры прадастаўляюць бязвыплатную (спонсарскую) дапамогу ў выглядзе грашовых сродкаў, у тым ліку ў замежнай валюце, тавараў (маёмасці), работ, паслуг, маёмасных правоў, у тым ліку выключных правоў на аб’екты інтэлектуальнай уласнасці, на ўмовах і ў парадку, якія вызначаюцца актамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 67. Мецэнат культуры

1. Мецэнат культуры – грамадзянін, які робіць ахвяраванні ў мэтах развіцця культуры, падтрымкі культурнай дзейнасці, у тым ліку захавання, развiцця i распаўсюджвання беларускай нацыянальнай культуры i мовы, аховы гісторыка-культурнай спадчыны, развіцця музейнай і бібліятэчнай справы, кінематаграфіі, адраджэння i развiцця гiстарычных традыцый народнай творчасцi, падтрымкi таленавiтых аўтараў i выканаўцаў, калектываў мастацкай творчасцi, папулярызацыі эстэтычных i маральных каштоўнасцей айчыннай i сусветнай культуры.

2. Мецэнаты культуры робяць ахвяраванні ў адпаведнасці з Грамадзянскім кодэксам Рэспублікі Беларусь.

АСАБЛІВАЯ ЧАСТКА

РАЗДЗЕЛ III
КУЛЬТУРНЫЯ КАШТОЎНАСЦІ

ГЛАВА 13
Агульныя палажэнні аб культурных каштоўнасцях

Артыкул 68. Віды культурных каштоўнасцей

1. У залежнасцi ад формы ўвасаблення зместу культурныя каштоўнасцi падзяляюцца на:

1.1. матэрыяльныя культурныя каштоўнасцi;

1.2. нематэрыяльныя культурныя каштоўнасцi.

2. У залежнасцi ад асаблiвасцей захоўвання (аховы) i выкарыстання культурныя каштоўнасцi падзяляюцца на:

2.1. гісторыка-культурныя каштоўнасці;

2.2. культурныя каштоўнасцi, якiя складаюць Бiблiятэчны фонд Рэспублiкi Беларусь, Нацыянальны архіўны фонд Рэспублікі Беларусь або ўключаны ў Музейны фонд Рэспублiкi Беларусь, за выключэннем гiсторыка-культурных каштоўнасцей;

2.3. культурныя каштоўнасцi, прапанаваныя ва ўстаноўленым парадку для надання iм статусу гiсторыка-культурнай каштоўнасці;

2.4. iншыя культурныя каштоўнасцi.

Артыкул 69. Матэрыяльныя культурныя каштоўнасцi

1. Матэрыяльныя культурныя каштоўнасцi – культурныя каштоўнасцi, матэрыяльнае ўвасабленне якiх складае iх змест.

2. Матэрыяльныя культурныя каштоўнасцi падзяляюцца на:

2.1. нерухомыя матэрыяльныя культурныя каштоўнасцi, перамяшчэнне якiх у прасторы патрабуе ажыццяўлення iнжынерных мерапрыемстваў i вядзе да частковай або поўнай страты iмi гiстарычнага, мастацкага, навуковага або iншага значэння;

2.2. рухомыя матэрыяльныя культурныя каштоўнасцi, перамяшчэнне якiх у прасторы не звязана са змяненнем iх гiстарычнага, мастацкага, навуковага або iншага значэння.

Артыкул 70. Увасабленне матэрыяльных культурных каштоўнасцей

Матэрыяльныя культурныя каштоўнасці могуць увасабляцца ў выглядзе:

асобнай культурнай каштоўнасці;

ансамбля культурных каштоўнасцей – кампазіцыйна спалучаных паміж сабой нерухомых матэрыяльных культурных каштоўнасцей разам з навакольным асяроддзем, якiя размешчаны на гiстарычна сфармiраванай тэрыторыi, а таксама звязаных з iмi твораў выяўленчага, дэкаратыўна-прыкладнога, садова-паркавага мастацтва; твораў выяўленчага, дэкаратыўна-прыкладнога, садова-паркавага мастацтва i некропалей, разам з навакольным асяроддзем, якiя створаны адначасова або на працягу пэўнага храналагiчнага перыяду і аб’яднаны стылістычнымі асаблівасцямі і функцыянальным прызначэннем;

камплекта культурных каштоўнасцей – набору рухомых матэрыяльных культурных каштоўнасцей, якiя маюць агульнае прызначэнне;

калекцыі культурных каштоўнасцей – навукова абгрунтаванага збору рухомых матэрыяльных культурных каштоўнасцей;

комплексу культурных каштоўнасцей – iзаляваных або спалучаных паміж сабой нерухомых матэрыяльных культурных каштоўнасцей, якія размешчаны побач або якія размешчаны ў розных месцах, але аб’яднаны агульнымі прыкметамі (у склад комплексу культурных каштоўнасцей як асобны кампанент можа быць уключана навакольнае асяроддзе).

Артыкул 71. Нематэрыяльныя культурныя каштоўнасцi

1. Нематэрыяльныя культурныя каштоўнасцi – культурныя каштоўнасцi, матэрыяльнае ўвасабленне якiх не аказвае iстотнага ўплыву на iх змест.

2. Да нематэрыяльных культурных каштоўнасцей адносяцца звычаi, традыцыi, абрады, фальклор (вусная народная творчасць), мова, яе дыялекты, змест геральдычных, тапанiмiчных аб’ектаў i вырабаў народных мастацкіх рамёстваў, iншыя нематэрыяльныя праяўленнi творчасцi чалавека.

Артыкул 72. Увасабленне нематэрыяльных культурных каштоўнасцей

Нематэрыяльныя культурныя каштоўнасці могуць увасабляцца ў выглядзе:

асобнай культурнай каштоўнасці;

комплексу нематэрыяльных культурных каштоўнасцей, калi iх змест выяўляецца праз абрады, фальклор (вусную народную творчасць), у склад якiх уваходзяць розныя па сваім характары дзеяннi (танцы, песнi, iншыя нематэрыяльныя праяўленнi творчасцi чалавека), аб’яднаныя адной сутнаснай скіраванасцю.

Артыкул 73. Права ўласнасцi на культурныя каштоўнасцi

1. Культурныя каштоўнасцi могуць знаходзiцца ва ўласнасцi Рэспублiкi Беларусь, адмiнiстрацыйна-тэрытарыяльных адзiнак Рэспублiкi Беларусь, юрыдычных асоб, грамадзян, у тым лiку iндывiдуальных прадпрымальнiкаў.

2. Асобныя культурныя каштоўнасцi могуць быць аднесены заканадаўчымі актамі да аб’ектаў, якiя знаходзяцца толькi ва ўласнасцi дзяржавы.

3. Пры наданнi культурным каштоўнасцям статусу гісторыка-культурнай каштоўнасцi права ўласнасцi на iх захоўваецца.

4. Падставы ўзнiкнення i парадак ажыццяўлення права ўласнасцi на культурныя каштоўнасцi, якім можа быць нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці i якія на момант iх выяўлення або надання iм статусу гісторыка-культурнай каштоўнасцi не маюць уласнiка, а таксама парадак выкупу гісторыка-культурных каштоўнасцей, што ўтрымлiваюцца безгаспадарча, вызначаюцца гэтым Кодэксам i грамадзянскiм заканадаўствам.

Артыкул 74. Пераважнае права набыцця долі ў праве агульнай уласнасці на гісторыка-культурную каштоўнасць

Пры продажы долi ў праве агульнай уласнасцi на гісторыка-культурную каштоўнасць чужой асобе астатнiя ўдзельнiкi долевай уласнасцi маюць пераважнае права пакупкі долi, што прадаецца, па кошце, за які яна прадаецца, і на іншых роўных умовах, акрамя выпадку продажу з публічных таргоў. У выпадку iх адмовы або немагчымасцi набыць долю ў праве агульнай уласнасцi на гісторыка-культурную каштоўнасць пры яе продажы пераважнае права яе набыцця на іншых роўных умовах мае дзяржава ў парадку, устаноўленым заканадаўствам.

Артыкул 75. Правы ўласнiка матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасцi

1. Уласнiк матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасцi мае правы, якiя ў адпаведнасцi з грамадзянскiм заканадаўствам належаць яму як уласнiку, а таксама права перадаваць рухомую матэрыяльную гісторыка-культурную каштоўнасць на захоўванне дзяржаўным арганізацыям культуры з вызначэннем умоў яе ўтрымання i выкарыстання.

2. Дзяржаўныя музеі, бiблiятэкі i (або) архiвы, iншыя дзяржаўныя юрыдычныя асобы на бязвыплатнай аснове для ўласнiка калекцыі гісторыка-культурных каштоўнасцей:

2.1. вызначаюць iндывiдуальныя ўмовы ўтрымання i выкарыстання калекцыi гісторыка-культурных каштоўнасцей у цэлым i (або) яе асобных прадметаў;

2.2. дапамагаюць у правядзеннi навуковай апрацоўкi прадметаў калекцыi гісторыка-культурных каштоўнасцей;

2.3. захоўваюць калекцыi гісторыка-культурных каштоўнасцей. Пры гэтым маюць права на выкарыстанне ў мэтах навукi i экспанавання калекцыi гісторыка-культурных каштоўнасцей (яе часткi або асобнага прадмета), перададзеных на захоўванне;

2.4. гарантуюць бяспеку калекцыi гісторыка-культурных каштоўнасцей у час экспанавання і (або) перавозкі.

3. Па жаданні ўласніка калекцыі гісторыка-культурных каштоўнасцей дзяржаўныя музеі, бiблiятэкi i (або) архiвы, iншыя дзяржаўныя юрыдычныя асобы абавязаны гарантаваць канфiдэнцыяльнасць звестак аб уласнiку калекцыі гісторыка-культурных каштоўнасцей (яе часткі або асобнага прадмета).

Артыкул 76. Абмежаванне правоў уласнiка (карыстальнiка) матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасцi, землекарыстальніка, на зямельным участку якога размешчана гісторыка-культурная каштоўнасць

Уласнiку (карыстальнiку) матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасцi, землекарыстальніку, на зямельным участку якога размешчана гісторыка-культурная каштоўнасць, забараняецца:

знiшчаць гісторыка-культурную каштоўнасць;

дапускаць прычыненне шкоды, змяненне гісторыка-культурнай каштоўнасцi, выконваць работы без дазволу на выкананне работ на матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцях, за выключэннем работ, прадугледжаных пунктам 2 артыкула 110 гэтага Кодэкса;

мяняць месца знаходжання (захоўвання), умовы ўтрымання i выкарыстання гісторыка-культурнай каштоўнасцi без узгаднення з мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі;

вывозіць гісторыка-культурную каштоўнасць з Рэспублікі Беларусь на пастаяннае захоўванне;

перадаваць гісторыка-культурную каштоўнасць у валоданне i (або) карыстанне Узброеным Сiлам Рэспублiкi Беларусь, iншым воiнскiм фармiраванням.

Артыкул 77. Абавязкi ўласнiка (карыстальнiка) матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасцi, суб’екта прыватызацыі жылога памяшкання, якому нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, або жылога памяшкання ў жылым доме, іншай капітальнай пабудове (будынку, збудаванні), кватэры, якім нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, землекарыстальніка, на зямельным участку якога размешчана гісторыка-культурная каштоўнасць

1. Уласнiк (карыстальнік) матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасцi, землекарыстальнік, на зямельным участку якога размешчана гісторыка-культурная каштоўнасць, абавязаны ўзяць на сябе абавязкi па забеспячэнні iх захавання шляхам падпiсання ахоўных абавязацельстваў, у тым лiку:

1.1. забяспечваць захаванасць гісторыка-культурнай каштоўнасцi;

1.2. забяспечваць доступ да гісторыка-культурнай каштоўнасцi спецыялiстам, якiя з дазволу Мiнiстэрства культуры Рэспублiкi Беларусь маюць права на яе вывучэнне;

1.3. прадастаўляць грамадзянам па дамоўленасцi з мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі ці адпаведнымі ўстановамі культуры доступ да гісторыка-культурных каштоўнасцей на тэрмiн не менш чым шэсць месяцаў на працягу кожных дзесяцi гадоў;

1.4. паведамляць у мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы аб акалiчнасцях, якiя пагражаюць захаванню гісторыка-культурнай каштоўнасцi;

1.5. захоўваць у цэласнасцi калекцыi гісторыка-культурных каштоўнасцей;

1.6. забяспечыць устаноўку на нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці ахоўнай дошкі і складанне пашпарта гiсторыка-культурнай каштоўнасцi;

1.7. перадаць пашпарт гісторыка-культурнай каштоўнасці новаму ўласніку (карыстальніку) гісторыка-культурнай каштоўнасці, землекарыстальніку, на зямельным участку якога размешчана гісторыка-культурная каштоўнасць, пры пераходзе права ўласнасці або іншага рэчавага права на гісторыка-культурную каштоўнасць, права ўласнасці, пажыццёвага атрымліваемага ў спадчыну валодання, пастаяннага або часовага карыстання або арэнды (субарэнды) на зямельны участак, на якім размешчана гісторыка-культурная каштоўнасць.

2. Новы ўласнiк матэрыяльнай гiсторыка-культурнай каштоўнасцi, за выключеннем выпадку, прадугледжанага ў частцы трэццяй гэтага пункта, або землекарыстальнік, на зямельным участку якога размешчана гісторыка-культурная каштоўнасць, абавязаны на працягу аднаго месяца з дня набыцця права ўласнасцi на матэрыяльную гiсторыка-культурную каштоўнасць або ўзнікнення права на зямельны ўчастак, на якім размешчана гісторыка-культурная каштоўнасць, падпiсаць ахоўнае абавязацельства. Невыкананне гэтага патрабавання цягне за сабой прызнанне здзелкi па набыцці права ўласнасці на матэрыяльную гісторыка-культурную каштоўнасць несапраўднай па іску мясцовага выканаўчага і распарадчага органа або з’яўляецца падставай для адабрання названага зямельнага ўчастка ў адпаведнасці з заканадаўствам аб ахове і выкарыстанні зямель.

Новы карыстальнік гiсторыка-культурнай каштоўнасцi абавязаны падпісаць ахоўнае абавязацельства на працягу аднаго месяца з дня замацавання за ім гісторыка-культурнай каштоўнасці на праве гаспадарчага вядзення або аператыўнага кіравання.

Суб’ект прыватызацыі жылога памяшкання, якому нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, або жылога памяшкання ў жылым доме, іншай капітальнай пабудове (будынку, збудаванні), кватэры, якім нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, абавязаны падпісаць ахоўнае абавязацельства на працягу аднаго месяца з дня натарыяльнага засведчання дагавора куплі-продажу жылога памяшкання, якое прыватызуецца.

3. У выпадку надання культурнай каштоўнасці статусу гiсторыка-культурнай каштоўнасцi яе ўласнiк (карыстальнiк) або землекарыстальнік, на зямельным участку якога размешчана гэтая культурная каштоўнасць, абавязаны на працягу аднаго месяца з дня надання культурнай каштоўнасці статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці падпiсаць ахоўнае абавязацельства. Невыкананне гэтай умовы можа прывесцi да прызнання названай культурнай каштоўнасці ва ўстаноўленым парадку гiсторыка-культурнай каштоўнасцю, якая ўтрымлiваецца безгаспадарча.

4. У выпадку, калi ўласнiк матэрыяльнай гiсторыка-культурнай каштоўнасцi безгаспадарча ўтрымлiвае гэту гiсторыка-культурную каштоўнасць, што можа прывесцi да страты яе адметных духоўных, мастацкiх i (або) дакументальных вартасцей, такая гiсторыка-культурная каштоўнасць па рашэнні суда можа быць забрана ва ўласніка шляхам выкупу дзяржавай або продажу з публічных таргоў. Прызнанне гісторыка-культурнай каштоўнасці, якая размешчана на зямельным участку землекарыстальніка, ва ўстаноўленым парадку гісторыка-культурнай каштоўнасцю, якая ўтрымліваецца безгаспадарча, з’яўляецца падставай для адабрання зямельнага ўчастка, на якім размешчана гісторыка-культурная каштоўнасць, у адпаведнасці з заканадаўствам аб ахове і выкарыстанні зямель.

ГЛАВА 14
Гісторыка-культурная спадчына

Артыкул 78. Гiсторыка-культурная спадчына і яе ахова

1. Гiсторыка-культурная спадчына ўяўляе сабой сукупнасць найбольш адметных вынiкаў i сведчанняў гiстарычнага, культурнага i духоўнага развiцця народа Беларусi, увасобленых у гiсторыка-культурных каштоўнасцях.

2. Ахова гiсторыка-культурнай спадчыны – напрамак культурнай дзейнасці, які ўключае сiстэму арганiзацыйных, прававых, эканамiчных, матэрыяльна-тэхнiчных, навуковых, iнфармацыйных i (або) iншых мер, накiраваных на выяўленне культурных каштоўнасцей для надання статусу гiсторыка-культурнай каштоўнасцi, наданне культурным каштоўнасцям статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці, улiк, захаванне, аднаўленне, утрыманне i выкарыстанне гiсторыка-культурных каштоўнасцей, што ажыццяўляюцца ў мэтах захавання, выкарыстання для патрэб грамадства і стварэння ўмоў для перадачы ад пакалення да пакалення гiсторыка-культурнай спадчыны.

Артыкул 79. Віды матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей

Да матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей адносяцца:

дакументальныя помнiкi – акты дзяржаўных органаў, iншыя пiсьмовыя i графiчныя дакументы, кiна-, фотадакументы i гуказапiсы, старажытныя i iншыя рукапiсы, архiўныя дакументы, рэдкiя друкаваныя выданнi;

запаведныя мясцiны – тапаграфiчна акрэсленыя зоны або ландшафты, створаныя чалавекам цi чалавекам i прыродай;

помнiкi археалогii – археалагічныя аб’екты і археалагічныя артэфакты;

помнiкi архiтэктуры – капітальныя пабудовы (будынкi, збудаваннi) асобныя цi аб’яднаныя ў комплексы i ансамблi (разам з навакольным асяроддзем), аб’екты народнага дойлiдства, у склад якіх могуць уваходзіць звязаныя з указанымi аб’ектамi творы выяўленчага, дэкаратыўна-прыкладнога, садова-паркавага мастацтва;

помнiкi гiсторыi – капітальныя пабудовы (будынкi, збудаваннi) i iншыя аб’екты (у тым лiку тэрыторыi), звязаныя з важнейшымi гiстарычнымi падзеямi, развiццём грамадства i дзяржавы, мiжнароднымi адносiнамi, з развiццём навукi i тэхнiкi, культуры i быту, з палiтычнымі, дзяржаўнымі, ваеннымі дзеячамі, дзеячамі навукi, лiтаратуры, культуры i мастацтва;

помнiкi горадабудаўнiцтва – забудова, планiровачная структура забудовы або фрагменты планіровачнай структуры забудовы населеных пунктаў (разам з прыродным асяроддзем, у тым лiку культурным слоем). Помнiкi горадабудаўнiцтва, як правiла, з’яўляюцца комплексамі гiсторыка-культурных каштоўнасцей;

помнiкi мастацтва – творы выяўленчага, дэкаратыўна-прыкладнога i iншых вiдаў мастацтва.

Артыкул 80. Беларуская рэспублiканская навукова-метадычная рада па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Мiнiстэрстве культуры Рэспублiкi Беларусь

1. Беларуская рэспублiканская навукова-метадычная рада па пытаннях гiсторыка-культурнай спадчыны пры Мiнiстэрстве культуры Рэспублiкi Беларусь (далей – Рада) з’яўляецца навукова-метадычным органам па пытаннях улiку, захавання, аднаўлення, утрымання i выкарыстання гiсторыка-культурных каштоўнасцей, што ажыццяўляюцца ў мэтах захавання, выкарыстання для патрэб грамадства і стварэння ўмоў для перадачы ад пакалення да пакалення гiсторыка-культурнай спадчыны.

2. Асноўнымi задачамi Рады з’яўляюцца:

2.1. навукова-метадычнае забеспячэнне аховы гiсторыка-культурнай спадчыны;

2.2. выпрацоўка прапаноў, рэкамендацый па пытаннях аховы гiсторыка-культурнай спадчыны.

3. Рада:

3.1. прымае рашэннi аб:

неабходнасцi надання культурным каштоўнасцям статусу гiсторыка-культурнай каштоўнасцi або аб адсутнасцi неабходнасцi надання iм такога статусу;

тым, што культурная каштоўнасць мае значнасць для рэгіёна, дзе яна знаходзіцца, і рэкамендаванні абласному (Мінскаму гарадскому) выканаўчаму камітэту надаць ёй статус гісторыка-культурнай каштоўнасці;

неабходнасцi аднясення гiсторыка-культурнай каштоўнасцi да пэўнай катэгорыi або аб неабходнасцi змянення яе катэгорыi;

немагчымасцi навукова абгрунтаванага аднаўлення гiсторыка-культурнай каштоўнасці;

магчымасці ўзгаднення навукова-праектнай дакументацыі на выкананне рамонтна-рэстаўрацыйных работ на матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцях катэгорый «0», «1», «2», якiя могуць прывесцi да iстотнага змянення гэтых гiсторыка-культурных каштоўнасцей, iх знiшчэння, страты цi знiкнення;

3.2. выдае заключэннi аб:

поўным вывучэннi помнiкаў археалогii і аб немагчымасці захавання нерухомай матэрыяльнай гiсторыка-культурнай каштоўнасцi на месцы яе стварэння (існавання);

факце адступлення ад патрабаванняў заканадаўства пры ажыццяўленні кiраўнiцтва распрацоўкай навукова-праектнай дакументацыi на выкананне рамонтна-рэстаўрацыйных работ на матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцях;

прызнаннi змянення матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцей навукова абгрунтаваным або навукова не абгрунтаваным;

3.3. ажыццяўляе навукова-метадычнае забеспячэнне аховы гiсторыка-культурнай спадчыны;

3.4. выконвае iншыя функцыi ў адпаведнасцi з гэтым Кодэксам.

4. У склад Рады ўваходзяць прадстаўнiкi рэспублiканскiх органаў дзяржаўнага кiравання, мясцовых выканаўчых i распарадчых органаў, юрыдычных асоб, якiя ў межах сваёй кампетэнцыі ўдзельнічаюць у вырашэнні пытанняў аховы гiсторыка-культурнай спадчыны.

5. Склад Рады зацвярджаецца Мiнiстэрствам культуры Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 81. Вылучэнне культурных каштоўнасцей для надання статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці

Культурныя каштоўнасці вылучаюцца для надання iм статусу гiсторыка-культурнай каштоўнасцi з:

культурных каштоўнасцей, якiя рэальна iснуюць, выкарыстоўваюцца ў дзейнасцi чалавека незалежна ад месца iх знаходжання;

культурных каштоўнасцей, якія прафесійна або выпадкова выяўлены і звесткi аб iснаваннi якiх да моманту iх выяўлення адсутнiчалi, а ўласнiк якiх невядомы, адмовiўся ад права ўласнасцi на iх або страцiў права ўласнасцi на iх па iншых падставах, прадугледжаных заканадаўствам;

культурных каштоўнасцей, наяўнасць якiх дакументальна засведчана, пры ўмове адсутнасцi бясспрэчных дакументальных звестак аб знiшчэннi, страце цi знiкненнi гэтых культурных каштоўнасцей.

Артыкул 82. Выяўленне культурных каштоўнасцей, якім можа быць нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці

1. Матэрыяльныя культурныя каштоўнасці, якім можа быць нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, могуць быць выяўлены прафесiйна або выпадкова.

2. Нематэрыяльныя культурныя каштоўнасці, якiм можа быць нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, могуць быць выяўлены прафесiйна, у тым лiку носьбiтамi гэтых каштоўнасцей.

Артыкул 83. Прафесійнае выяўленне культурных каштоўнасцей, якім можа быць нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці

1. Прафесiйнае выяўленне культурных каштоўнасцей, якiм можа быць нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, ажыццяўляецца ў час прафесiйнай навукова-даследчай дзейнасцi.

2. Юрыдычная асоба або грамадзянін, у тым ліку індывідуальны прадпрымальнік, што ў час прафесiйнай навукова-даследчай дзейнасцi выявiлі культурную каштоўнасць, якой можа быць нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, абавязаны:

2.1. правесцi яе фiксацыю, навуковую апрацоўку i мастацкую ацэнку ў парадку, устаноўленым артыкулам 87 гэтага Кодэкса;

2.2. прыняць меры па яе захаванні;

2.3. не пазней чым у тыднёвы тэрмiн з дня выяўлення паведамiць аб выяўлені культурнай каштоўнасці ў мясцовы выканаўчы і распарадчы орган і перадаць яму рухомую матэрыяльную культурную каштоўнасць (за выключэннем выпадку, прадугледжанага пунктам 3 гэтага артыкула).

3. Прафесійна выяўленая дзяржаўнымі музеямі і навуковымі арганізацыямі рухомая матэрыяльная культурная каштоўнасць не перадаецца мясцоваму выканаўчаму і распарадчаму органу, а ўключаецца ў музейны фонд музея або калекцыйны фонд навуковай арганізацыі.

4. Паведамленне аб выяўленні культурнай каштоўнасці, якой можа быць нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, павiнна ўключаць прозвішча, уласнае імя, імя па бацьку (калі такое маецца), месца жыхарства грамадзяніна, у тым ліку індывідуальнага прадпрымальніка, або назву і адрас месцазнаходжання юрыдычнай асобы, што выявiлі культурную каштоўнасць. Да паведамлення дадаюцца:

4.1. матэрыялы фіксацыі, навуковай апрацоўкі і мастацкай ацэнкі культурнай каштоўнасці;

4.2. абгрунтаванне неабходнасці надання культурнай каштоўнасці статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці.

Артыкул 84. Выпадковае выяўленне матэрыяльных культурных каштоўнасцей, якім можа быць нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці

1. Юрыдычная асоба, грамадзянін, у тым ліку індывідуальны прадпрымальнік, што выпадкова выявiлі матэрыяльную культурную каштоўнасць, якой можа быць нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, абавязаны:

1.1. прыняць меры па яе захаванні;

1.2. безадкладна прыпынiць работы або iншую дзейнасць, якiя могуць аказваць уздзеянне на нерухомую матэрыяльную культурную каштоўнасць (археалагiчны аб’ект, элемент дэкору, мастацкага аздаблення, рэшткi роспiсу i іншыя);

1.3. не пазней чым у двухдзённы тэрмiн дня выяўлення паведамiць аб выяўленні матэрыяльнай культурнай каштоўнасці ў мясцовы выканаўчы i распарадчы орган і перадаць яму рухомую матэрыяльную культурную каштоўнасць.

2. Паведамленне аб выяўленні матэрыяльнай культурнай каштоўнасці, якой можа быць нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, павiнна ўключаць:

2.1. прозвішча, уласнае імя, імя па бацьку (калі такое маецца), месца жыхарства грамадзяніна, у тым ліку індывідуальнага прадпрымальніка, або назву і адрас месцазнаходжання юрыдычнай асобы, што выявiлі матэрыяльную культурную каштоўнасць;

2.2. звесткi аб месцазнаходжаннi нерухомай матэрыяльнай культурнай каштоўнасці.

Артыкул 85. Дзеянні мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў пры прафесійным або выпадковым выяўленні культурных каштоўнасцей, якім можа быць нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці

1. Мясцовы выканаўчы і распарадчы орган, што атрымаў паведамленне аб выяўленні матэрыяльнай культурнай каштоўнасці, якой можа быць нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, у трохдзённы тэрмін з дня атрымання такога паведамлення інфармуе Нацыянальную акадэмію навук Беларусі аб культурнай каштоўнасці, якая прафесійна або выпадкова выяўлена.

2. Мясцовы выканаўчы і распарадчы орган прымае рухомую матэрыяльную культурную каштоўнасць, якая прафесійна або выпадкова выяўлена (за выключэннем рухомай матэрыяльнай культурнай каштоўнасці, якая выяўлена дзяржаўнымі музеямі і навуковымі арганізацыямі), ад асобы, якая яе выявіла, па акце прыёму-перадачы, адзін экзэмпляр якога перадаецца гэтай асобе.

Мясцовы выканаўчы і распарадчы орган не прымае рухомую матэрыяльную культурную каштоўнасць, за выключэннем археалагічнага артэфакта, якая прафесійна або выпадкова выяўлена, у выпадку відавочнай адсутнасці ў рухомай матэрыяльнай культурнай каштоўнасці адметных духоўных, мастацкiх i (або) дакументальных вартасцей.

Пры відавочнай адсутнасці ў выяўленай культурнай каштоўнасці адметных духоўных, мастацкiх i (або) дакументальных вартасцей мясцовы выканаўчы і распарадчы орган складае акт аб адсутнасцi ў выяўленай культурнай каштоўнасці адметных духоўных, мастацкiх i (або) дакументальных вартасцей.

Для пацвярджэння наяўнасці або адсутнасці ў культурнай каштоўнасці адметных духоўных, мастацкiх i (або) дакументальных вартасцей прыцягваюцца спецыялісты Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, іншых навуковых арганізацый, музеяў, якія ў дзесяцідзённы тэрмін з дня звароту даюць заключэнне аб наяўнасці або адсутнасці ў выяўленай культурнай каштоўнасці адметных духоўных, мастацкiх i (або) дакументальных вартасцей.

3. Мясцовы выканаўчы і распарадчы орган не пазней чым у двухдзённы тэрмін з дня атрымання паведамлення аб прафесійным або выпадковым выяўленні нерухомай матэрыяльнай культурнай каштоўнасці, якой можа быць нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, ажыццяўляе яе агляд і складае акт агляду выяўленай нерухомай матэрыяльнай культурнай каштоўнасці.

Для ажыццяўлення агляду нерухомай матэрыяльнай культурнай каштоўнасці, якой можа быць нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, прыцягваюцца спецыялісты Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, іншых навуковых арганізацый, музеяў, якія даюць заключэнне аб наяўнасці або адсутнасці ў выяўленай нерухомай матэрыяльнай культурнай каштоўнасці адметных духоўных, мастацкiх i (або) дакументальных вартасцей і прапановы па часоваму рэжыму ўтрымання нерухомай матэрыяльнай культурнай каштоўнасці, якой можа быць нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці.

Рашэннем мясцовага выканаўчага і распарадчага органа вызначаюцца часовы рэжым утрымання нерухомай матэрыяльнай культурнай каштоўнасці, якой можа быць нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, з указаннем тэрмiну яго дзеяння і, у выпадку прыпынення работ або іншай дзейнасці ў сувязі з выпадковым выяўленнем нерухомай матэрыяльнай культурнай каштоўнасці, якой можа быць нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, перыяд часу, на які такія работы або іншая дзейнасць прыпынены.

Тэрмiн дзеяння часовага рэжыму ўтрымання нерухомай матэрыяльнай культурнай каштоўнасці, якой можа быць нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, можа быць скарочаны або прадоўжаны мясцовым выканаўчым і распарадчым органам.

4. Мясцовы выканаўчы і распарадчы орган арганізуе падрыхтоўку матэрыялаў для надання выпадкова або прафесійна выяўленым культурным каштоўнасцям, за выключэннем культурных каштоўнасцей, прафесійна выяўленых дзяржаўнымі музеямі і навуковымі арганізацыямі, статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці.

Артыкул 86. Парадак унясення прапаноў аб наданні культурным каштоўнасцям статусу гiсторыка-культурнай каштоўнасцi

1. Прапановы аб наданні культурным каштоўнасцям, якія прафесійна выяўлены дзяржаўнымі музеямі і навуковымі арганізацыямі, статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці, уносяцца гэтымі дзяржаўнымі музеямі і навуковымі арганізацыямі.

Прапановы аб наданні культурным каштоўнасцям, якія прафесійна або выпадкова выяўлены іншымі юрыдычнымі асобамі, грамадзянамі, у тым ліку індывідуальнымі прадпрымальнікамі, статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці ўносяцца мясцовым выканаўчым і распарадчым органам, на тэрыторыі якога выяўлены гэтыя культурныя каштоўнасці.

Прапановы аб наданні такога статусу культурным каштоўнасцям, прадугледжаным абзацамі другім і чацвёртым артыкула 81 гэтага Кодэкса, уносяцца любымі юрыдычнымі асобамі, грамадзянамі, у тым ліку індывідуальнымі прадпрымальнікамі.

2. Прапановы аб наданні нематэрыяльным культурным каштоўнасцям статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці ўносяцца ў пісьмовай форме ў Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.

Прапановы аб наданні матэрыяльным культурным каштоўнасцям статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці ўносяцца ў пісьмовай форме ў абласныя (Мінскі гарадскі) выканаўчыя камітэты.

3. Да прапановы аб наданні культурнай каштоўнасці статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці дадаюцца:

3.1. матэрыялы фіксацыі, навуковай апрацоўкі і мастацкай ацэнкі культурнай каштоўнасці;

3.2. абгрунтаванне неабходнасці надання культурнай каштоўнасці статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці.

Артыкул 87. Фіксацыя, навуковая апрацоўка і мастацкая ацэнка культурных каштоўнасцей

1. Культурныя каштоўнасці, якія прапануюцца для надання статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці, падлягаюць фiксацыi, навуковай апрацоўцы i мастацкай ацэнцы.

2. Фіксацыю, навуковую апрацоўку і мастацкую ацэнку культурных каштоўнасцей, за выключэннем выпадку, адзначанага ў пункце 3 гэтага артыкула, забяспечваюць юрыдычная асоба, грамадзянін, у тым ліку індывідуальны прадпрымальнік, якія ўносяць прапановы аб наданні культурнай каштоўнасці статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці.

Наши рекомендации