Глава 3. беларусь на міжнароднай арэне 4 страница

Розныя кліматычныя ўмовы і для гаспадарання на зямлі. Напрыклад, у Заходняй Еўропе кратнасць перыяду для пасеву і ўборкі ўраджаю складае 8 – 9 месяцаў, а ў былым Савецкім Саюзе – 4 – 6 месяцаў. Ападкі (ліўні) ў нас звычайна выпадаць у другой палове лета, у перыяд уборкі ўраджаю, а засуха, адсутнасць ападкаў звычайна назіраюцца вясной і раннім летам. У Заходняй Еўропе дажджы выпадаюць раўнамерна. У Канадзе, напрыклад, большасць насельніцтва жыве ў паўднёвых раёнах, на шыраце Крыма, а на шыраце Курска і Варонежа ў гэтай краіне амаль няма сельскай гаспадаркі. Краіны Скандынавіі абмываюцца цёплым цячэннем Гольфстрым, зіма ў Паўднёвай Скандынавіі больш кароткая і цёплая, чым у размешчаным на 1 800 км на поўдзень Кубанскім стэпе.

Галоўным вынікам сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь у 1994 – 2006 гг. з’яўлялася тое, што ў краіне была створана і дзейнічала аптымальная сацыяльна-эканамічная сістэма, заснаваная на паступовым, эвалюцыйным шляху эканамічных пераўтварэнняў, без абвальнай прыватызацыі і “шокавай тэрапіі”. Краіна захавала і прымножыла багацце, створанае працай усяго народа, не прадала за бясцэнак зямлю, заводы і фабрыкі, не залезла ў доўг да замежных крэдытораў. Забяспечаны высокія тэмпы эканамічнага росту: прырост валавога ўнутранага прадукта ў Рэспубліцы Беларусь штогод складаў у 2001 – 2005 гг. 7,5 % супраць 3,5 % сярэднесусветнага. Захаваны і паглыблены сацыяльныя гарантыі для людзей – жыллё, пенсіі, бясплатныя за кошт бюджэту адукацыя і лячэнне. Сёння Рэспубліка Беларусь – стабільная, паспяховая, цывілізаваная краіна з моцнай эканомікай, развітымі навукай і культурай, адной з лепшых у свеце сістэмай адукацыі. Моцная дзяржаўная ўлада, моцная сацыяльная палітыка і апора на народ – сакрэт поспехаў Рэспублікі Беларусь.

§ 6. Культура Беларусі на сучасным этапе

З сярэдзіны 80-х гг. пачынаюцца змены ў галіне культуры Беларусі. У перыяд перабудовы важнае месца набыло пытанне аб ролі і месцы беларускай мовы ў грамадстве. За пашырэнне сферы ўжывання беларускай мовы выступала інтэлігенцыя, а таксама нефармальныя аб’яднанні моладзі. Акрамя моўнага пытання, грамадскасць падымала праблему захавання гісторыка-культурнай спадчыны і ўсебаковага адраджэння беларускай культуры.

1991 г. паклаў пачатак новага этапу гісторыі беларускай культуры. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь абавязвае паважаць нацыянальныя традыцыі, берагчы гісторыка-культурную спадчыну беларускага народа, гарантуе свабоднае развіццё культур усіх нацыянальных супольнасцей, якія жывуць у краіне. Разам з тым істотнай перашкодай для культурнага развіцця стаў эканамічны крызіс, які прывёў да скарачэння дзяржаўных расходаў на патрэбы культуры. Лібералізацыя грамадска-палітычнага жыцця прывяла да з’яўлення новых тэм у літаратуры і мастацтве.

Развіццё адукацыі і навукі. З сярэдзіны 80-х гг. у СССР пачалася рэформа агульнаадукацыйнай, прафесіянальнай і вышэйшай школы. Пры рэфармаванні сістэмы адукацыі забяспечваліся пераемнасць і свабодны доступ да любой яе ступені, разнастайнасць зместу і форм навучання, пашырэнне магчымасцей для індывідуальнага развіцця асобы. Ажыццяўляліся больш цесныя сувязі навучання і вытворчай дзейнасці, уключэнне вучняў у сістэматычную, пасільную для іх здароўя і ўзросту грамадска-карысную працу. Нягледзячы на крызісныя з’явы ў сацыяльна-эканамічнай сферы, адукацыя Беларусі захавала свой патэнцыял.

У агульнаадукацыйных школах быў уведзены курс асноў інфарматыкі і вылічальнай тэхнікі, створаны спецыялізаваныя сярэднія навучальныя ўстановы – ліцэі і гімназіі. Яны павінны былі забяспечыць больш дасканалую падрыхтоўку вучняў па выбраных галінах ведаў (гуманітарнай, тэхнічнай ці прыродазнаўчай). На розных узроўнях праводзіліся прадметныя алімпіяды па фізіцы, матэматыцы і іншых дысцыплінах. Пераможцы рэспубліканскага этапу мелі права паступаць у вышэйшыя навучальныя ўстановы без іспытаў па дысцыпліне алімпіяды. У Рэспубліцы Беларусь праводзіцца цэнтралізаванае тэсціраванне ведаў выпускнікоў сярэдніх агульнаадукацыйных школ, сярэдніх спецыяльных і прафесійна-тэхнічных навучальных устаноў. Па выніках тэсціравання ажыццяўляецца залічэнне ў вышэйшыя навучальныя ўстановы.

У 90‑я гг. у Рэспубліцы Беларусь пачала праводзіцца рэформа агульнаадукацыйнай школы, звязаная з пераходам на 12-гадовы тэрмін навучання ў сярэдняй школе. Першыя вынікі рэформы сведчылі аб яе надуманасці і непатрэбнасці на сучасным этапе. Пагэтаму было прынята рашэнне аб вяртанні да 11-гадовай сярэдняй агульнаадукацыйнай школы.

У прафесіянальна-тэхнічных вучылішчах разам з атрыманнем агульнай сярэдняй адукацыі навучэнцы праходзілі падрыхтоўку па 420 прафесіях. Больш за 10 прафесіянальна-тэхнічных вучылішч аб’явілі сябе такімі прафесіянальнымі вучылішчамі, якія даюць адначасова прафесіянальна-тэхнічную і сярэднюю спецыяльную падрыхтоўку.

Сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы забяспечваюць падрыхтоўку кадраў для гаспадаркі і культуры. Частка тэхнікумаў была пераўтворана ў каледжы, дзе адначасова ажыццяўлялася падрыхтоўка спецыялістаў сярэдняй кваліфікацыі і спецыялістаў павышанага ўзроўню. Апошнія мелі магчымасць паступіць адразу на ІІІ курс вышэйшай навучальнай установы.

У вышэйшых навучальных установах былі створаны новыя спецыяльнасці, звязаныя з навукова-тэхнічным прагрэсам – па робататэхніцы, электроннаму прыборабудаванню, новых хімічных тэхналогіях, біятэхналогіях і інш. Пашыралася падрыхтоўка спецыялістаў у галіне эканомікі, права, сацыяльнай работы.

Асаблівасцю развіцця сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь у 90‑я гг. стала дзейнасць недзяржаўных навучальных устаноў, якія існуюць разам з дзяржаўнымі ўстановамі. Навучанне ў іх ажыццяўляецца на платнай аснове (за кошт асабістых сродкаў студэнтаў, навучэнцаў і іх бацькоў). Гэтыя навучальныя ўстановы атрымліваюць ад дзяржавы ліцэнзію (права) на правядзенне вучэбнай дзейнасці. Каб забяспечыць існуючы ў краіне стандарт адукацыі сістэматычна праводзіцца атэстацыя ўсіх навучальных устаноў, у тым ліку і недзяржаўных.

Разбурэнне гаспадарчых і навуковых сувязей пасля распаду СССР негатыўна адбілася на стане беларускай навукі. Адбывалася скарачэнне яе фінансавання, старэнне матэрыяльна-тэхнічнай базы. Вынікі навуковых даследаванняў былі нізказапатрабаванымі ў народнай гаспадарцы. У выніку скарацілася колькасць маладых спецыялістаў і адбылося так званае старэнне навукі. Аднак і ў гэтых умовах навуковыя даследаванні не спыніліся. У 1993 г. быў прыняты закон “Аб асновах дзяржаўнай навукова-тэхнічнай палітыкі”, згодна з якім адказнасць за развіццё фундаментальных навуковых даследаванняў ускладзена на Акадэмію навук Беларусі.

Беларускія вучоныя ажыццяўляюць шэраг важных даследаванняў практычна ва ўсіх галінах ведаў. Паступова аднаўляюцца страчаныя раней сувязі з вучонымі Расіі і краін былога СССР, ажыццяўляюцца кантакты з навуковай супольнасцю замежных краін. Развіццё навукі павінна забяспечыць устойлівае сацыяльна-эканамічнае развіццё Рэспублікі Беларусь, павышэнне ўзроўню жыцця насельніцтва.

Літаратура. Змены ў сацыяльна-эканамічным і грамадска-палітычным жыцці Беларусі знайшлі адлюстраванне ў літаратуры.

Палітыка галоснасці і дэмакратызацыі жыцця спрыяла з’яўленню твораў, прысвечаных праблеме палітычных рэпрэсій. Былі апублікаваны аповесці-успаміны С. Грахоўскага, Ф. Аляхновіча і інш. Тэму рэпрэсій узнімае ў сваіх творах В. Быкаў. Беларусы атрымалі магчымасць пазнаёміцца з творамі беларускіх пісьменнікаў-эмігрантаў, якія да гэтага не публікаваліся ў Беларусі.

Аварыя на Чарнобыльскай АЭС і яе наступствы з’явіліся важнай тэмай мастацкай літаратуры. І. Шамякін стварыў раман “Злая зорка”, дзе спрабаваў асэнсаваць значэнне гэтай катастрофы. Шэраг пісьменнікаў развіваюць Чарнобыльскую тэму ў сваёй творчасці.

Другая палова 1980 – 1990-я гг. – перыяд узрастання інтарэса пісьменнікаў і паэтаў да гістарычнага мінулага. Невыпадкова ў гэты час узнікае шэраг мастацкіх твораў, прысвечаных розным падзеям і асобам з гісторыі Беларусі. Не абмінаюць сучасныя аўтары і тэму Вялікай Айчыннай вайны, хаця яна і не з’яўляецца дамініруючай, як у папярэднія дзесяцігоддзі.

Новыя творы з’явіліся ў беларускіх паэтаў Н. Гілевіча, Г. Бураўкіна і інш.

Тэатр, музыка. У складаных эканамічных умовах сярэдзіны 1980 – 1990‑х гг. развівалася тэатральнае мастацтва Беларусі. Колькасць прафесіянальных тэатраў у Беларусі нават павялічылася з 17 у 1985 г. да 21 у 1991 г. У 90‑я гг. узніклі новыя прафесіянальныя і аматарскія драматычныя тэатры. Галоўную ролю ў тэатральным мастацтве адыгрывалі прафесійныя дзяржаўныя калектывы. На высокім узроўні працавалі Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Я. Купалы, Дзяржаўны акадэмічны тэатр імя Я. Коласа ў Віцебску, Нацыянальны акадэмічны тэатр оперы, Нацыянальны акадэмічны тэатр балета, Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя М. Горкага, Дзяржаўны музычны тэатр, Беларускі рэспубліканскі тэатр юнага гледача, Беларускі дзяржаўны тэатр лялек, абласныя драматычныя і лялечныя тэатры.

Аснову рэпертуару беларускіх тэатраў складае драматургія беларускіх аўтараў, руская і замежная класіка. Сучасная беларуская драматургія адлюятравала цікавасць да гістарычнай тэматыкі, фальклорных сюжэтаў.

Далейшае развіццё атрымала музычнае мастацтва. Шмат зрабілі і робяць для развіцця музычнай культуры Беларусі такія вядомыя кампазітары, кіраўнікі музычных калектываў і выканаўцы, як В. Роўда, М. Дрынеўскі, М. Казінец, С. Картэс, Дз. Смольскі, У. Солтан і інш.

У цэнтры канцэртнай дзейнасці сёння знаходзяцца Беларуская дзяржаўная філармонія і абласныя філармоніі. Рэспубліка Беларусь мае высокапрафесіянальныя калектывы: Акадэмічны хор Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі, Дзяржаўны акадэмічны народны хор імя Г. Цітовіча, Дзяржаўную акадэмічную харавую капэлу імя Р. Шырмы, Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр, Дзяржаўны акадэмічны народны аркестр імя І. Жыновіча, харэаграфічны ансамбль “Харошкі” і інш. Шырокую папулярнасць у Беларусі і за яе межамі набыў Дзяржаўны канцэртны аркестр Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам М. Фінберга. У апошнія гады ўтварыліся Дзяржаўны камерны хор, Мінскі аркестр духавых інструментаў “Няміга” і іншыя творчыя калектывы. Значнае месца ў музычным жыцці краіны займаюць лепшыя ўзоры эстраднай песеннай творчасці.

Беларусь, Расія, і Україна з 1992 г. у Віцебску штогод сумесна праводзяць свята песні “Славянскі базар”. Уздыму ўзроўню майстэрства маладых выканаўцаў садзейнічае фестываль у Маладзечне, які з 1993 г. стаў традыцыйным. Шырокую вядомасць, роўную “Славянскаму базару”, у апошнія гады набыў фестываль песні “Залаты шлягер” у Магілёве.

Выяўленчае мастацтва і архітэктура. Важныя змены адбыліся і ў тэматыцы твораў выяўленчага мастацтва. Адной з асноўных тэм стала гістарычная, якая мае выразны нацыянальна-рамантычны ўхіл. Галоўнымі героямі твораў з’яўляюцца ідэалізаваныя персанажы з нацыянальнай гісторыі. Частка мастакоў звяртаецца да вельмі папулярнай сёння экалагічнай тэматыкі, перш за ўсё Чарнобыльскай катастрофы.

Для манументальнага мастацтва характэрна адмаўленне ад грандыёзных манументаў абстрактна-сімвалічнага сэнсу. У 90‑я гг. створаны некаторыя помнікі ў розных гарадах Беларусі. Характэрнай прыметай часу сталі помнікі ў гонар воінаў-інтэрнацыяналістаў. У 1996 г. у Мінску адкрыты помнік воінам, якія загінулі ў Афганістане, вядомы як “Востраў слёз”. Помнікі і мемарыяльныя дошкі ў памяць воінаў-афганцаў устаноўлены ў Оршы, Рэчыцы, Баранавічах. Зварот да гістарычнай тэматыкі наглядаецца ў беларускай скульптуры. Так, былі ўстаноўлены помнікі Кірылу Тураўскаму ў Тураве, Францыску Скарыне ў Лідзе і ў Празе, Рагнедзе і Ізяславу ў Заслаўі, Ефрасінні Полацкай ў Мінску і ў Рэчыцы. Шэраг помнікаў прысвечаны дзеячам беларускай навукі і культуры больш позніх часоў.

Сучасная беларуская архітэктура характарызуецца адраджэннем гістарычных і нацыянальных традыцый у спалучэнні з новымі матэрыяламі і будаўнічымі тэхналогіямі. Архітэктары актыўна выкарыстоўваюць элементы, уласцівыя беларускаму дойлідству папярэдніх эпох: зубчастыя ці крывалінейныя завяршэнні сцен, паўцыркульныя вокны, нішы, аркі, калоны і інш. Новыя тэндэнцыі выразна адчуваюцца ў спартыўных збудаваннях, вакзалах, банкаўскіх комплексах і нават у жыллёвай архітэктуры. Да найбольш цікавых пабудоў можна аднесці аўтавакзал “Маскоўскі”, новы чыгуначны вакзал у Мінску, лядовыя палацы ў Мінску, Віцебску, Гродне, Гомелі. У апошнія гады ўзводзіцца шмат культавых пабудоў розных канфесій.

Адной з важных задач палітыкі дзяржавы ў галіне культуры з’яўляецца захаванне помнікаў айчыннай гісторыі і культуры. У апошнія гады ў рэспубліцы праводзіцца мэтанакіраваная работа не толькі па вяртанню гісторыка-культурнай спадчыны, але і па рэстаўрацыі помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Вялікія рэстаўрацыйныя работы ў канцы
80‑х – 90‑я гг. праводзіліся ў Мірскім замку. Пастановай Савета Міністраў Нясвіжу быў нададзены статус Нацыянальнага запаведніка Рэспублікі Беларусь. Надзвычайную каштоўнасць для Беларусі мае Полацкі гісторыка-культурны запаведнік. Праводзілася рэстаўрацыя помнікаў архітэктуры на Навагрудчыне, Лідскага замка, Барысаглебскай (Каложскай) царквы і Старога Замка ў Гродне, Благавешчанскай царквы ў Віцебску, гістарычнай забудовы старажытнабеларускіх гарадоў. У Мінску на плошчы Свабоды быў адноўлены будынак ратушы.

Фізічная культура і спорт у Рэспубліцы Беларусь. Заняткі моладзі і ўсяго насельніцтва фізічнай культурай і масавым спортам разглядаюцца ў Рэспубліцы Беларусь у якасці аднаго са сродкаў умацавання здароўя нацыі, фарміравання здаровага ладу жыцця. Міністэрствам спорту і турызму была распрацавана Дзяржаўная праграма па фарміраванні здаровага ладу жыцця на 2002 – 2006 гг., адобраная Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь.

Забеспячэнню даступнасці для ўсіх катэгорый насельніцтва займацца фізічнай культурай і масавым спортам садзейнічае функцыянаванне ў краіне 226 стадыёнаў, 26 спартыўных манежаў, 231 плавальнага басейна, 4 778 спартыўных залаў, 715 міні-басейнаў у дзіцячых дашкольных установах. Да паслуг народа таксама базы алімпійскай падрыхтоўкі “Стайкі”, “Раўбічы”, “Ратамка”, палацы спорту, тэніса, лядовыя палацы, больш за 9,6 тыс. адкрытых спартыўных пляцовак. У Рэспубліцы Беларусь працуюць больш за 23 тыс. спецыялістаў фізічнай культуры і спорту, у іх ліку каля 7,5 тыс. настаўнікаў фізічнай культуры.

Фізічнае выхаванне каля 3 млн. дашкольнікаў, навучэнцаў і студэнтаў ажыццяўляецца ў час правядзення вучэбных заняткаў па фізічнай культуры. У адпаведнасці з праграмай “Дзеці Беларусі”, зацверджанай Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, праходзяць рэспубліканскія фестывалі “Спорт і мастацтва”, “Алімпійцы сярод нас”, злёты “Калядныя старты” дзяцей са школ-інтэрнатаў, дзяцей-сірот і дзяцей з раёнаў, што пацярпелі ад наступстваў Чарнобыльскай катастрофы. Папулярнасць сярод дзяцей і падлеткаў набылі спаборніцтвы па футболе “Скураны мяч”, па хакеі “Залатая шайба” на прызы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, рэспубліканскія зімовая і летняя спартакіяды па месцы жыхарства. Праводзяцца таксама зімовая і летняя спартакіяды дапрызыўнай моладзі па мнагаборствах комплексу “Абаронца Айчыны”.

На прамысловых і сельскагаспадарчых прадпрыемствах, у арганізацыях створаны калектывы і клубы фізічнай культуры. Каля 1 млн. (амаль 10 % насельніцтва краіны) займаюцца фізічнай культурай па месцы вучобы, працы і жыхарства ў спартыўных секцыях, аздараўленчых групах, клубах і фізкультурна-аздараўленчых цэнтрах.

Фізічная культура і масавы спорт у Рэспубліцы Беларусь – гэта здаровы лад жыцця насельніцтва, здароўе нацыі, будучае незалежнай Беларусі.

§ 7. Рэспубліка Беларусь у міжнародным супольніцтве на мяжы XX – XXI стст.

Развіццё знешніх сувязей. У 1987 г. сацыялістычныя краіны-удзельніцы Варшаўскага Дагавора абвясцілі аб тым, што не пачнуць ваенных дзеянняў супраць іншай дзяржавы або саюза дзяржаў, калі самі не стануць аб’ектамі іх узброенага нападу. Яны ніколі не прыменяць першымі ядзернай зброі, не будуць мець тэрытарыяльных прэтэнзій ні да адной краіны свету і не будуць лічыць іх сваімі ворагамі.

У другой палове 80-х гадоў пашыраўся палітычны дыялог паміж СССР і ЗША. Савецка-амерыканскія перамовы на вышэйшым узроўні адбыліся ў Жэневе (1985), Рэйк’явіку (1986), Вашынгтоне (1987), на востраве Мальта (1989). У выніку гэтых сустрэч былі вызначаны асноўныя стратэгічныя накірункі знешняй палітыкі абедзвюх дзяржаў, якія ў далейшым прывялі да кардынальных перамен ва ўсім міжнародным супольніцтве.

У 1989 г. была завершана вайна ў Афганістане. Ажыццяўляўся вывад савецкіх войск з краін Усходняй Еўропы і Манголіі, сярод якіх было шмат ваеннаслужачых-беларусаў. Краіна прызнала прыярытэт міжнароднага права, і перш за ўсё Дэкларацыю правоў чалавека, абавязалася прывесці ўсё ўнутранае заканадаўства ў адпаведнасць з міжнародным правам.

У канцы 80-х гадоў у сацыялістычных краінах Усходняй Еўропы адбыліся так званыя “аксамітныя рэвалюцыі”, у выніку якіх улада перайшла ад камуністаў да іх палітычных праціўнікаў. Была ліквідавана Берлінская сцяна, адбылося аб’яднанне Германіі. Вясной 1991 г. былі распушчаны Савет Эканамічнай Узаемадапамогі і арганізацыя Варшаўскага Дагавора. Сацыялістычная сістэма спыніла сваё існаванне. Прэзідэнт ЗША Біл Клінтан павіншаваў народ сваёй краіны з пераможным заканчэннем “халоднай вайны”. ЗША сталі адзінай у свеце звышдзяржавай, уступілі на шлях усталявання ў ім “свайго новага парадку”.

Пасля ліквідацыі СССР пачалося прызнанне Рэспублікі Беларусь як суверэннай дзяржавы. Былі падпісаны з сумежнымі дзяржавамі дагаворы аб граніцы і абвешчана аб тым, што ў Беларусі няма тэрытарыяльных прэтэнзій да іх.

26 лютага 1992 г. Рэспубліка Беларусь падпісала Хельсінкскі Заключны акт. З гэтага моманту яна не толькі стала раўнапраўным удзельнікам хельсінкскага працэсу, але і нясе разам з іншымі дзяржавамі адказнасць за захаванне міру і бяспекі ў Еўропе.

Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь 1994 г. вызначыла асноўныя прынцыпы знешняй палітыкі суверэннай дзяржавы. У артыкуле 18 запісана: “Рэспубліка Беларусь у сваёй дзяржаўнай палітыцы зыходзіць з прынцыпаў роўнасці дзяржаў, непрымянення сілы або пагрозы сілай, непарушнасці межаў, мірнага ўрэгулявання спрэчак, неўмяшання ва ўнутраныя справы і іншых агульнапрызнаных прынцыпаў і норм міжнароднага права”.

Рэспубліка Беларусь далучылася да Дагавора аб скарачэнні войск у Еўропе. Яна зменшыла колькасць агульных узбраенняў. У 1992 г. Беларусь вывела са сваёй тэрыторыі тактычную ядзерную зброю, нягледзячы на тое, што стратэгічныя і тактычныя ядзерныя ракеты ЗША і блока НАТА заставаліся нацэленымі на яе. Толькі ў чэрвені 1994 г. афіцыйныя колы ЗША інфармавалі аб перанацэленасці іх ракет. У 1996 г. ядзерная зброя была поўнасцю выведзена за межы краіны.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь 3 ліпеня 1996 г. прапанаваў стварыць у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе прастору, свабодную ад ядзернай зброі. Рэспубліка Беларусь – нейтральная бяз’ядзерная дзяржава ў цэнтры Еўропы.

У эканамічным супрацоўніцтве Рэспубліка Беларусь развівала сувязі з краінамі Садружнасці Незалежных Дзяржаў, перш-наперш з Расіяй.
2 красавіка 1996 г. быў падпісаны Дагавор аб Супольнасці суверэнных дзяржаў – Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі. Гэты дагавор забяспечыў грамадзянам абедзвюх краін роўныя правы ў атрыманні адукацыі, ахове здароўя, працаўладкаванні, аплаце працы, заканадаўстве і іншых галінах.

Важным крокам у далейшым паглыбленні інтэграцыі Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі стала падпісанне 2 красавіка 1997 г. у Маскве Дагавора аб Саюзе Беларусі і Расіі. Яго неад’емнай часткай стаў Статут Саюза Беларусі і Расіі, якім прадугледжваецца забеспячэнне ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі і Расіі, іх бяспекі, абараназдольнасці, узаемавыгаднага супрацоўніцтва з краінамі Еўропы і свету.

8 снежня 1999 г. у Маскве быў падпісаны Дагавор аб стварэнні Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі. Беларуска-расійская інтэграцыя ўзнялася на якасна новую ступень. На долю Расіі прыходзіцца больш паловы агульнага аб’ёму знешняга гандлю Беларусі.

Рэспубліка Беларусь развівала гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва не толькі з краінамі СНД, але і з дзяржавамі далёкага замежжа. У яе знешняй палітыцы выразна вызначыліся ўсходні і заходні вектары. Важнымі гандлёвымі партнёрамі Беларусі з’яўляюцца еўрапейскія краіны, у іх ліку Германія, Вялікабрытанія, Польшча, Нідэрланды, Літва, Латвія і інш. У 2002 г. аб’ём гандлю з імі склаў каля 5 млрд. дол. Рэспубліка Беларусь прыцягвала ў сваю эканоміку капіталы і вопыт замежных інвестараў і міжнародных валютна-фінансавых арганізацый, стварала сумесныя прадпрыемствы, дазваляла замежным фірмам займацца на сваёй тэрыторыі бізнесам і прадпрымальніцтвам.

Развівалася супрацоўніцтва Рэспублікі Беларусь і замежных краін у галіне навукі, літаратуры і мастацтва. Гэта – сумесныя распрацоўкі беларускімі і замежнымі вучонымі навукова-даследчых тэм, пераклад і выданне за мяжой твораў беларускіх пісьменнікаў і паэтаў, гастролі майстроў беларускай сцэны і дэманстрацыя работ беларускіх мастакоў і скульптараў у іншых краінах і г. д.

Адным з напрамкаў міжнароднай дзейнасці Рэспублікі Беларусь з’яўлялася вырашэнне праблем, звязаных з ліквідацыяй вынікаў аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі. У атмасферу была выкінута вялікая колькасць радыеактыўнага рэчыва, 70 % якога прыйшлося на тэрыторыю Беларусі. Забруджанай аказалася трэцяя частка плошчы рэспублікі, на якой пражывала больш за 2,2 млн. чалавек. У крытычным стане апынуліся 20 % лясоў, 73 рэспубліканскія і 162 мясцовыя заказнікі, 336 помнікаў прыроды. Сярод іх – Белавежская і Налібоцкая пушчы, Бярэзінскі і Прыпяцкі запаведнікі, Асвейскае возера і інш.

Нягледзячы на вялікія намаганні, зробленыя кіраўніцтвам краіны па пераадоленню наступстваў чарнобыльскай катастрофы, а таксама на дапамогу ўрадавых арганізацый і грамадскасці замежных краін, праблема Чарнобыля па сённяшні дзень застаецца вострай. Патрабуюцца яшчэ нямалыя сродкі і пэўны час. Наогул, пераадолець вынікі такой буйной тэхнагеннай катастрофы, як чарнобыльская, Беларусі магчыма толькі з дапамогай міжнароднага супольніцтва.

Удзел спартсменаў Беларусі ў Алімпійскіх гульнях. Спартсмены Беларусі ўпершыню ўдзельнічалі на XV Алімпійскіх гульнях у Хельсінкі (Фінляндыя) у 1952 г. У складзе зборнай каманды СССР тады былі 4 беларускія лёгкаатлеты і 2 фехтавальшчыкі. Першы алімпійскі сярэбраны медаль сярод беларускіх спартсменаў заваяваў М. Крываносаў (кіданне молата) на XVI Алімпійскіх гульнях у 1956 г. у Мельбурне (Аўстралія).

На XXVI Алімпійскіх гульнях у 1996 г. у Атланце (ЗША) Рэспубліка Беларусь упершыню была прадстаўлена самастойнай нацыянальнай камандай. У яе складзе было 162 спартсмены. Залатыя медалі заваявала К. Хадатовіч (акадэмічнае веславанне, байдарка-адзіночка). Беларускія спартсмены на гэтых гульнях атрымалі яшчэ 6 сярэбраных і 8 бронзавых медалёў.

На XXVIII Алімпійскіх гульнях у Афінах (Грэцыя) у 2004 г. у камандзе Беларусі налічвалася 147 спартсменаў па 23 відах спорту. Заваявана 15 медалёў: 2 залатыя (Ю. Несцярэнка – бег на 100 м і І. Макараў – дзюдо), 6 сярэбраных і 7 бронзавых. У неафіцыйным камандным заліку Беларусь заняла 26‑е месца сярод 202 краін-удзельніц, а па колькасці медалёў – 18‑е месца.

На XXIX Алімпійскіх гульнях у Пекіне (Кітай) 2008 г. у склад каманды Беларусі ўваходзіў 181 спартсмен. Рэспубліка Беларусь з 4 залатымі, 5 сярэбранымі і 10 бронзавымі ўзнагародамі (усяго 19 медалеў) заняла па якасці медалеў 16-е месца, па колькасці – 13-е сярод 204 краін-удзельніц. Залатыя медалі заваявалі А. Арамнаў (цяжкая атлетыка, да 105 кг.), А. Мянькова (легкая атлетыка, кіданне молата), Р. Петрушэнка, А. Абалмасаў, А. Літвінчук, В. Махнеў (грэбля на байдарках і каноэ, байдарка-чацверка, 1000 м.), А. Багдановіч, А. Багдановіч (грэбля на байдарках і каноэ, байдарка-двойка, 1000 м.).

У зімовых Алімпійскіх гульнях беларускія спартсмены ўдзельнічаюць з 1964 г. Першым з беларускіх спартсменаў, які атрымаў бронзавы медаль на XV зімовых Алімпійскіх гульнях у 1988 г. у Калгары (Канада), быў канькабежац І. Жалязоўскі на дыстанцыі 100 м. На XVII зімовых Алімпійскіх гульнях у 1994 г. у Лілехамеры (Нарвегія) Беларусь упершыню выступала асобнай нацыянальнай камандай. На XIX зімовых Алімпійскіх гульнях у 2002 г. у Солт‑Лейк‑Сіці (ЗША) каманда Беларусі ў складзе 62 спартсменаў у неафіцыйным камандным заліку заняла 19‑е месца, а хакейная зборная каманда – 4‑е месца.

На ХХI зімніх Алімпійскіх гульнях у Ванкуверы (Канада) у 2010 г. у неафіцыйным медальным заліку зборная Беларусі заняла 17-е месца з адной залатой, адной сярэбранай і адной бронзавай узнагародамі. “Золата” прынес 30-гадовы фрыстайліст-акрабат Аляксей Грышын, “серабро” – 30-гадовы біятланіст Сяргей Новікаў у індывідуальнай гонцы на 20 км, “бронзу” – 23-гадовая біятланістка Дар’я Домрачава ў індывідуальнай гонцы на 15 км. Гэтая Зімняя Алімпіяда стала для беларускай сборнай першай, дзе яе прадстаўнік заваяваў залаты медаль.

Беларуская дыяспара. Слова “дыяспара” паходзіць ад грэчаскага “dіaspora”, што азначае рассяленне, пражыванне значнай часткі этнасу па-за межамі этнічнай тэрыторыі. Ва ўсе часы па розных прычынах насельніцтва беларускіх зямель перасялялася ў іншыя краіны. Першая хваля масавай эміграцыі з Беларусі адбылася на мяжы ХІХ і ХХ стст. Развіццё капіталізму, расслаенне і абеззямельванне сялянства, аграрная перанаселенасць, збядненне дробных вытворцаў абумовілі масавы выезд сялян за межы Беларусі. Першая сусветная вайна, Лютаўская і Кастрычніцкая рэвалюцыі, нямецкая, а затым польская акупацыя Беларусі ў 1918 – 1920 гг. абумовілі новую хвалю эміграцыі. У міжваенны перыяд асабліва значнай была эміграцыя насельніцтва з Заходняй Беларусі як вынік цяжкага сацыяльна-эканамічнага становішча працоўных, нацыянальнага і рэлігійнага націску ў складзе Польшчы. Шмат жыхароў Беларусі апынулася па‑за межамі рэспублікі ў гады Другой сусветнай вайны. Каля 1,5 млн. чалавек былі эвакуіраваны на ўсход СССР, далёка не ўсе яны вярнуліся ў рэспубліку. Амаль 380 тыс. жыхароў Беларусі былі прымусова вывезены на працу ў Германію. Многія тысячы беларусаў аказаліся за мяжой ў ліку савецкіх ваеннапалонных. Пакінулі Радзіму і члены многіх беларускіх палітычных арганізацый, устаноў і ваенных фарміраванняў, якія былі створаны фашыстамі на акупіраванай тэрыторыі. У пасляваенныя гады сотні тысяч грамадзян Беларусі апынуліся за мяжой Бацькаўшчыны пасля далучэння Беласточчыны да Польшчы (1945) і падчас узаемнай рэпатрыяцыі палякаў з Беларусі ў Польшчу і беларусаў з Польшчы ў Беларусь, у выніку прымусовых высяленняў, асабліва з Заходняй Беларусі ў іншыя рэгіёны СССР.

Характэрнай асаблівасцю пасляваеннай беларускай эміграцыі было тое, што яна заявіла аб сабе як аб самастойнай этнічнай супольнасці ў замежжы, стварыўшы свае нацыянальныя асяродкі, рэлігійныя, культурныя арганізацыі, навуковыя цэнтры, сродкі інфармацыі. У пасляваенны перыяд значна павялічыўся адток насельніцтва Беларусі ў іншыя рэгіёны Саюза. Гэта арганізаваная вярбоўка працоўных рэсурсаў на новабудоўлі, асваенне цалінных зямель у Казахстане і прыродных рэсурсаў Сібіры і Поўначы, планавае размеркаванне выпускнікоў навучальных устаноў, добраахвотныя індывідуальныя перасяленні.

Найбольшая колькасць беларусаў пражывае ў Расіі (1 млн. 200 тыс.), на Украіне – 460 тыс. беларусаў, у Латвіі – 120 тыс., у Літве – 63 тыс., у Польшчы – каля 300 тыс. беларусаў. У ЗША, па сцвярджэнні даследчыкаў, у розныя часы асела 600 – 650 тыс. беларусаў. Прыкладна 70 тыс. беларусаў пражывае ў Канадзе. Ёсць згуртаванні беларусаў і ў краінах Заходняй Еўропы – Англіі, Францыі, Італіі, Даніі, Бельгіі і інш. Беларускія згуртаванні існуюць таксама ў Аўстраліі і краінах Лацінскай Амерыкі – Аргенціне, Бразіліі, Парагваі, Уругваі і інш. Усяго за межамі Рэспублікі Беларусь пражывае прыкладна 3 – 3,5 млн. беларусаў.

ЗАКЛЮЧЭННЕ

Чаму вучыць гісторыя Беларусі? Аб чым сведчыць гістарычны вопыт?Калектыўная памяць народа, гістарычны вопыт з’яўляюцца багаццем краіны, састаўной часткай яе інтэлектуальнага патэнцыялу і культурных здабыткаў, асновай нацыянальнай самасвядомасці. Без ведання гісторыі кожны народ у цэлым і кожны чалавек паасобку з’яўляюцца бяднейшымі, іх перспектывы руху наперад становяцца праблематычнымі.

1. Гістарычны вопыт сведчыць пра тое, што народы, якія не ведаюць сваёй гісторыі, не маюць будучыні. Колькі разоў іншаземцы-заваёўнікі знішчалі іх дзяржавы, рабавалі людзей, грабілі матэрыяльныя і духоўныя каштоўнасці, зводзілі на нішто стваральную працу шматлікіх пакаленняў людзей, нашчадкам якіх прыходзілася пачынаць усё спачатку. Калі мы сочым за падзеямі, якія адбываюцца ў многіх дзяржавах былой сацыялістычнай садружнасці, на Балканскім паўвостраве, на Блізкім Усходзе, у Афрыцы, Амерыцы і іншых частках планеты, хочацца адзначыць, што і сёння гісторыя правучвае народы “за невуцтва і пагарджанне” ёю.

2. Гістарычны вопыт сведчыць аб тым, што павярнуць назад кола гісторыі нікому не ўдавалася: зварот да капіталізму ўзору 1917 г. немагчымы, як і немагчымы зварот да сацыялізму ўзору 1985 г. Але чалавецтва павінна ўзяць усё лепшае, што выпрацавалі капіталізм і сацыялізм, і пабудаваць новае грамадства.

Наши рекомендации