Правы і абавязкі грамадзян у галіне культуры

Артыкул 15. Правы і абавязкі грамадзян Рэспублікі Беларусь, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства ў галіне культуры

1. Грамадзяне Рэспублікі Беларусь у галіне культуры маюць права на:

1.1. дастойны ўзровень культурнага жыцця;

1.2. атрыманне, захоўванне і распаўсюджванне поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі аб культурным жыцці;

1.3. удзел у культурным жыцці;

1.4. свабоду творчай дзейнасці;

1.5. захаванне і развіццё нацыянальных культурных традыцый;

1.6. ахову інтэлектуальнай уласнасці ў галіне культуры;

1.7. эстэтычнае выхаванне, мастацкую і культуралагічную адукацыю;

1.8. свабоду аб’яднанняў у галіне культуры;

1.9. стварэнне арганізацый культуры.

2. Грамадзяне Рэспублікі Беларусь у галіне культуры абавязаны:

2.1. берагчы гісторыка-культурную, духоўную спадчыну і іншыя нацыянальныя культурныя каштоўнасці;

2.2. паважаць культуру і мову ўсіх нацыянальных супольнасцей, якія пражываюць у Рэспубліцы Беларусь.

3. Бацькі або асобы, якія іх замяняюць, абавязаны клапаціцца аб эстэтычным выхаванні, культурным развіцці дзяцей, далучэнні іх да культурных каштоўнасцей.

4. Замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь карыстаюцца правамі і свабодамі і выконваюць абавязкі ў галіне культуры нараўне з грамадзянамі Рэспублікі Беларусь, калі іншае не вызначана Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, гэтым Законам, іншымі законамі і міжнароднымі дагаворамі Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 16. Права на дастойны ўзровень культурнага жыцця

Грамадзяне маюць права на дастойны ўзровень забяспечанасці з улікам іх месца жыхарства агульнадаступнымі паслугамі ў галіне культуры, арганізацыямі культуры, якія аказваюць такія паслугі, аб’ектамі культурнай інфраструктуры, а таксама якасны ўзровень распаўсюджваемых і папулярызуемых культурных каштоўнасцей і эстэтычнага жыццёвага асяроддзя.

Артыкул 17. Права на атрыманне, захоўванне і распаўсюджванне поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі аб культурным жыцці

1. Грамадзянам гарантуецца права на атрыманне, захоўванне, распаўсюджванне поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі аб змесце культурнай дзейнасці, культурных каштоўнасцях і аб’ектах культурнай інфраструктуры.

2. Не можа быць прадастаўлена або распаўсюджана інфармацыя аб культурным жыцці, калі звесткі, што складаюць гэту інфармацыю, належаць да дзяржаўнай або іншай ахоўваемай законам тайны.

Артыкул 18. Права на ўдзел у культурным жыцці

1. Грамадзяне прымаюць удзел у культурным жыцці шляхам заняцця культурнай дзейнасцю, доступу (далучэння) да культурных каштоўнасцей і карыстання імі.

2. Права кожнага на заняцце культурнай дзейнасцю прадугледжвае:

2.1. свабоду выбару сферы, віду, напрамку і формы культурнай дзейнасці ў адпаведнасці са сваімі патрэбнасцямі, інтарэсамі і здольнасцямі (магчымасцямі);

2.2. магчымасць самастойна ці сумесна з іншымі суб’ектамі культурнай дзейнасці ажыццяўляць выбраную культурную дзейнасць.

3. Права кожнага на доступ (далучэнне) да культурных каштоўнасцей і карыстанне імі прадугледжвае:

3.1. свабоду выбару віду культурных каштоўнасцей, якія цікавяць, а таксама формы далучэння да іх;

3.2. магчымасць наведвання арганізацый культуры, аб’ектаў культурнай інфраструктуры з мэтай азнаямлення з культурнымі каштоўнасцямі, іх вывучэння і засваення;

3.3. магчымасць далучэння да культурных каштоўнасцей з дапамогай інфармацыі, зафіксаванай на матэрыяльных носьбітах, а таксама аўдыё-, аўдыёвізуальных і іншых паведамленняў, якія распаўсюджваюцца сродкамі масавай інфармацыі;

3.4. магчымасць азнаямлення з культурнымі каштоўнасцямі, іх вывучэння і засваення шляхам непасрэднага ўспрымання;

3.5. магчымасць выкарыстання культурных каштоўнасцей у адпаведнасці з заканадаўствам.

4. Права свабоднага доступу (далучэння) да культурных каштоўнасцей дзейнічае ў адносінах да:

4.1. матэрыяльных культурных каштоўнасцей, якія належаць дзяржаве і (або) знаходзяцца ў фондах арганізацый культуры, поўнасцю або часткова фінансуемых з рэспубліканскага і (або) мясцовых бюджэтаў;

4.2. нематэрыяльных культурных каштоўнасцей, выключныя правы на выкарыстанне якіх належаць дзяржаве, арганізацыям культуры, поўнасцю або часткова фінансуемым з рэспубліканскага і (або) мясцовых бюджэтаў, а таксама нематэрыяльных культурных каштоўнасцей, што перайшлі ў грамадскі набытак.

5. Умовы і парадак свабоднага доступу (далучэння) да культурных каштоўнасцей, указаных у пункце 4 гэтага артыкула, вызначаюцца гэтым Законам і іншымі актамі заканадаўства.

6. Права свабоднага доступу (далучэння) да культурных каштоўнасцей, указаных у пункце 4 гэтага артыкула, не выключае магчымасці ўстанаўлення заканадаўчымі актамі аб культуры або ў адпаведнасці з імі абмежаванняў, якія грунтуюцца на спецыфіцы культурных каштоўнасцей і (або) неабходнасці забеспячэння іх захавання.

7. Магчымасць доступу (далучэння) да культурных каштоўнасцей, не ўказаных у пункце 4 гэтага артыкула, а таксама ўмовы і парадак такога доступу вызначаюцца ўласнікам або ўладальнікам выключных правоў на культурныя каштоўнасці, калі іншае не ўстаноўлена заканадаўчымі актамі.

Артыкул 19. Права на захаванне і развіццё нацыянальных культурных традыцый

1. Грамадзяне, якія належаць да любой нацыянальнай супольнасці і пражываюць у Рэспубліцы Беларусь, маюць права захоўваць і развіваць сваю нацыянальную культуру, выхоўваць дзяцей у нацыянальных культурных традыцыях, карыстацца роднай мовай.

2. Грамадзяне, якія належаць да любой нацыянальнай супольнасці, маюць права на стварэнне ў Рэспубліцы Беларусь грамадскіх аб’яднанняў, што ажыццяўляюць культурную дзейнасць.

Артыкул 20. Права на эстэтычнае выхаванне, мастацкую і культуралагічную адукацыю

Грамадзяне без абмежаванняў узросту маюць права на выбар форм і спосабаў эстэтычнага выхавання, мастацкай і культуралагічнай адукацыі ў адпаведнасці з гэтым Законам і заканадаўствам аб адукацыі.

ГЛАВА 4

АРГАНІЗАЦЫІ КУЛЬТУРЫ

Артыкул 21. Віды і асноўныя тыпы арганізацый культуры

1. Арганізацыі культуры ў Рэспубліцы Беларусь па форме ўласнасці падзяляюцца на дзяржаўныя і прыватныя, па асноўнай мэце дзейнасці – на камерцыйныя і некамерцыйныя.

2. Арганізацыі культуры падраздзяляюцца на наступныя асноўныя тыпы:

2.1. бібліятэкі;

2.2. музеі;

2.3. карцінныя, мастацкія галерэі і галерэі мастацтваў, выставачныя залы, панарамы і іншыя выставачныя арганізацыі ў галіне культуры;

2.4. клубы, палацы (дамы, цэнтры) культуры, цэнтры (дамы) народнай творчасці (народнага мастацтва, фальклору), цэнтры (дамы) рамёстваў, маладзёжныя культурныя цэнтры, цэнтры нацыянальных культур і іншыя клубныя ўстановы (далей – клубныя ўстановы);

2.5. паркі культуры і адпачынку, гарадскія сады, заапаркі, заасады (далей – паркі);

2.6. кніжныя палаты;

2.7. тэатры;

2.8. цыркі;

2.9. філармоніі і іншыя канцэртныя арганізацыі (далей – канцэртныя арганізацыі);

2.10. арганізацыі кінематаграфіі;

2.11. творчыя майстэрні;

2.12. арганізацыі народных промыслаў (рамёстваў);

2.13. навукова-праектныя і вытворчыя рэстаўрацыйныя арганізацыі;

2.14. навукова-даследчыя ўстановы і метадычныя цэнтры народнай творчасці (культурна-асветніцкай работы).

3. У Рэспубліцы Беларусь могуць стварацца арганізацыі культуры іншых, не ўказаных у пункце 2 гэтага артыкула тыпаў, у тым ліку змешаных.

3.1. Арганізацыі культуры, якія ажыццяўляюць культурную дзейнасць праз падрыхтоўку, арганізацыю, паказ i (або) правядзенне спектакляў, канцэртаў ці іншых публічных паказаў, лічацца тэатральна-відовішчнымі.

Да тэатральна-відовішчных арганізацый адносяцца тэатры, цыркі, канцэртныя арганізацыі, іншыя тыпы арганізацый культуры, якія ажыццяўляюць культурную дзейнасць, указаную ў частцы першай гэтага пункта.

3.2. Арганізацыі культуры, якія ажыццяўляюць культурную дзейнасць праз забеспячэнне доступу фізічных асоб да культурных каштоўнасцей, што знаходзяцца ў фондах гэтых арганізацый, або праз стварэнне ўмоў для заняцця народнай і мастацкай творчасцю, самаадукацыяй, а таксама для духоўнага і фізічнага развіцця, лічацца культурна-асветнымі.

Да культурна-асветных арганізацый адносяцца музеі, бібліятэкі, клубныя ўстановы, іншыя тыпы арганізацый культуры, якія ажыццяўляюць культурную дзейнасць, указаную ў частцы першай гэтага пункта.

3.3. Арганізацыям культуры ў выпадках, вызначаных Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, можа быць прысвоены статус «нацыянальны».

Парадак прысваення, перыядычнага пацвярджэння, пазбаўлення статусу «нацыянальны» i асаблівасці прававога становішча арганізацый культуры з такім статусам вызначаюцца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.

4. Арганізацыйна-прававыя формы, асаблівасці прававога становішча і парадку дзейнасці асобных тыпаў арганізацый культуры вызначаюцца гэтым Законам і іншымі актамі заканадаўства.

5. Гэтым Законам, іншымі актамі заканадаўства аб культуры могуць быць прадугледжаны абавязковыя патрабаванні (умовы), пры выкананні якіх дапускаецца стварэнне арганізацый культуры пэўных відаў (тыпаў), у тым ліку патрабаванні да складу фондаў культурных каштоўнасцей, а таксама маёмасці, што перадаюцца заснавальнікам арганізацыі культуры для ажыццяўлення або забеспячэння культурнай дзейнасці.

Артыкул 22. Асаблівасці ўстаноў культуры як адной з форм некамерцыйных арганізацый культуры

1. Установа культуры – арганізацыя, якая ствараецца для ажыццяўлення інфармацыйных, асветных, адукацыйных, выхаваўчых, забаўляльных і іншых функцый некамерцыйнага характару ў галіне культуры і фінансуецца поўнасцю або часткова яе заснавальнікам.

2. Установа культуры дзейнічае на падставе статута, зацверджанага заснавальнікам.

3. Непасрэднае кіраўніцтва ўстановай культуры ажыццяўляе кіраўнік, які прызначаецца на пасаду і вызваляецца ад пасады заснавальнікам, а таксама іншыя органы кіравання, вызначаныя заканадаўствам і (або) статутам установы культуры. Заснавальнік заключае з кіраўніком установы культуры працоўны дагавор (кантракт) у адпаведнасці з заканадаўствам.

4. Установа культуры валодае, карыстаецца і распараджаецца замацаванай за ёю маёмасцю на праве аператыўнага кіравання.

5. Заснавальнікі ўстаноў культуры абавязаны забяспечыць установы культуры будынкамі або памяшканнямі, абсталяваннем, тэхнічнымі і іншымі сродкамі, неабходнымі для ажыццяўлення асноўнай дзейнасці.

6. Перавод устаноў культуры ў памяшканні, якія пагаршаюць умовы іх дзейнасці, не дапускаецца.

Артыкул 23. Стварэнне, дзяржаўная рэгістрацыя, рэарганізацыя і ліквідацыя арганізацый культуры

1. Парадак стварэння, дзяржаўнай рэгістрацыі, рэарганізацыі і ліквідацыі арганізацый культуры вызначаецца Грамадзянскім кодэксам Рэспублікі Беларусь, гэтым Законам і іншымі заканадаўчымі актамі.

2. У кожнай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінцы Рэспублікі Беларусь Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь, мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі прымаюцца меры па стварэнню комплексу дзяржаўных арганізацый культуры, які гарантуе задавальненне асноўных духоўных патрэбнасцей насельніцтва.

3. Мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы маюць права ствараць дзяржаўныя арганізацыі культуры любых тыпаў звыш нарматываў, вызначаных дзяржаўнымі мінімальнымі сацыяльнымі стандартамі ў галіне культуры.

4. Пры планаванні стварэння дзяржаўных арганізацый культуры ўлічваюцца гістарычныя, нацыянальныя і геаграфічныя асаблівасці мясцовасці.

5. Ліквідацыя дзяржаўных устаноў культуры не дапускаецца, калі такая ліквідацыя выкліча немагчымасць выканання дзяржаўных мінімальных сацыяльных стандартаў у галіне культуры.

6. Рэарганізацыя і ліквідацыя дзяржаўных устаноў культуры, якія маюць асаблівае значэнне для захавання, развіцця і распаўсюджвання беларускай нацыянальнай культуры, ажыццяўляюцца са згоды Урада Рэспублікі Беларусь. Пералік такіх устаноў культуры зацвярджаецца Урадам Рэспублікі Беларусь.

ГЛАВА 5

Наши рекомендации