Новая беларуская літаратурная мова
Нягледзячы на парадаксальнасць сітуацыі, менавіта ў час нацыянальна-культурнага заняпаду у асяроддзi навукоўцаў-беларусістаў, выхаваных на традыцыях польскай i рускай культур, з’яўляецца ідэя беларускага нацыянальнага Адраджэння. У ХІХ ст. расце і ўмацоўваецца разуменне самабытнасцi беларускага народа, прызнаецца безумоўная iсцiна, што толькi на аснове нацыянальных традыцый можна стварыць каштоўнасцi агульначалавечага значэння. Надзённыя пытаннi: “Быць цi не быць беларускай культуры? Быць цi не быць самiм беларусам?” – вырашаюцца праз адраджэнне роднай мовы.
Фарміраванне новай беларускай мовы пачынаецца у ХІХ стагоддзі на аснове жывой народнай мовы беларусаў і пры слабым выкарыстанні здабыткаў папярэдняй старабеларускай кніжнай традыцыі. У першай палове ХІХ ст. з’яўляюцца арыгінальныя мастацкія творы “Энеіда навыварат” і “Тарас на Парнасе”, якія былі напісаны на жывой гутарковай мове беларускага селяніна, літаратурна не апрацаванай, з захаваннем рыс мясцовай гаворкі.
Вялікая роля ў фарміраванні новай беларускай мовы належыць пісьменнікам ХІХ ст. Сярод пачынальнікаў адраджэння беларускай мовы – А. Рыпінскі, Я. Чачот, В. Дунін-Марцінкевіч, У. Сыракомля, Я. Баршчэўскі, К. Каліноўскі, Ф. Багушэвіч і інш.
Нягледзячы на царскую забарону друкаваць кнігі па-беларуску (якая была знята толькі пасля 1905 г.), у канцы ХІХ ст. за мяжой выходзяць творы Францішка Багушэвіча (зборнікі “Дудка беларуская” і “Смык беларускі”), з’яўляюцца вершы Янкі Лучыны. У 1906 г. узнікаць беларускія выдавецтвы, з’яўляецца беларуская нацыянальная перыёдыка: газеты “Наша Доля”, “Наша Ніва”, “Лучынка”, “Наша хата”. У іх друкуюць свае творы класікі беларускай літаратуры: Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч, Цётка (сапраўднае імя – Алаіза Пашкевіч), Сяргей Палуян і інш. Іх творчасць і стала пачаткам новай беларускай літаратурнай мовы.
Аднак нягледзячы на дзейнасць пісьменнікаў, беларуская літаратурная мова была ўсё яшчэ неўнармаванай, захоўвала рысы мясцовых дыялектаў і развівалася ў асноўным у жанры мастацкай літаратуры. Працэс развіцця і станаўлення сучаснай літаратурнай мовы расцягнуўся больш чым на стагоддзе.
Неабходна ўзгадаць, што сучасная лiтаратурная беларуская мова пачынае складацца амаль праз два стагоддзi пасля спынення старабеларускай пiсьмовай традыцыi не на кніжных традыцыях, як многія іншыя літаратурныя мовы, а цалкам фарміруецца з народных гаворак, затым апрацоўваецца, яе нормы “шліфуюцца” беларускім кнігадрукаваннем у пачатку ХХ ст., удасканальваюцца майстрамі беларускага слова.
Статус дзяржаўнай мовы беларуская мова зноў набывае ў 1918 г., калі была ўтворана Беларуская Народная Рэспубліка (БНР). Упершыню пасля часоў Вялікага Княства Літоўскага беларуская мова зноў абслугоўвае ўсе патрэбы дзяржавы. Аднак у ёй няма сістэмнасці, аднастайнасці ў перадачы моўных з’яў, назіраюцца хістанні ў граматыцы, не існуе разнастайных тэрміналогій.
Абумоўленая неабходнасцю кадыфікацыі беларускай мовы, у 1918 г. выходзіць “Беларуская граматыка для школ” Браніслава Тарашкевіча, якую сапраўды можна лічыць першай удала распрацаванай граматыкай сучаснай беларускай мовы. Б. Тарашкевіч, хоць і прызначаў сваю граматыку для школ, але напісаў яе на высокім узроўні, дакладна вызначыў рысы беларускай мовы, сістэматычна апісаў усе ўзроўнi моўнай сiстэмы з пункту гледжання iх нарматыўнасцi, правiл перадачы на пiсьме. Не збыткоўным будзе дадаць, што прынцыпы правапісу, кадыфікаваныя Б. Тарашкевічам, выкарыстоўваюцца і сёння ў беларускамоўным замежным друку, у недзяржаўных выданнях. Гэты прынцып атрымаў назву “тарашкевіца” і з’яўляецца адным з варыянтаў літаратурнай беларускай мовы.
У 20-я гады распачаўся працэс беларусізацыі – цікавы і вызначальны этап у развіцці беларускай літаратурнай мовы. Найбольш адукаваная частка беларускай інтэлігенцыі актыўна ўключылася ў працэс удасканалення беларускай літаратурнай мовы.
Асноўнай задачай гэтага перыяду стала стварэнне беларускай нацыянальнай тэрміналогіі, якая змагла б абслугоўваць усе сферы сацыяльна-грамадскага і культурнага жыцця рэспублікі. На працягу 1922–1930-х гадоў супрацоўнікі Навукова-тэрміналагічнай камісіі апрацавалі і выдалі 24 тэрміналагічныя галіновыя слоўнікі перакладнога характару: па матэматыцы, біялогіі, геаграфіі, псіхалогіі, мовазнаўстве, хіміі, вайсковай справе і г.д. Былі апублікаваны “Беларуска-расійскі слоўнік” (1925 г.) і “Расійска-беларускі слоўнік” (1928 г.) Міколы Байкова і Сцяпана Некрашэвіча. На беларускай мове вялося навучанне ў школах, тэхнікумах, ВНУ. Упершыню па ўсіх прадметах былі створаны беларускамоўныя падручнікі для школ.
У канцы 20-х гадоў амаль уся літаратура (каля 90 %), якая выпускалася ў рэспубліцы, была беларускамоўнай, звыш 80 % школ мелі беларускую мову навучання. Беларуская мова стала мовай справаводства, навукі і навучання. Паводле Канстытуцыі БССР 1927 г. беларуская мова абвяшчалася “пераважнай для зносін паміж дзяржаўнымі, прафесійнымі і грамадскімі ўстановамі і арганізацыямі”.
Аднак працэс беларусізацыі быў згорнуты ў 30-я гады ХХ ст., калі моўным пытанням пачынаюць прыпісваць паліталагічнае гучанне. У вынiку “выкрыцця” i барацьбы з “нацыянал-дэмакратамi” гiнуць грамадскiя дзеячы, пiсьменнiкi, вучоныя, работнiкі культуры i асветы. Іх абвінаваюць ў тым, што яны быццам бы збіраюцца аб’яднаць Савецкую і Заходнюю Беларусь, аднавіць буржуазны лад і выйсці са складу СССР.
У 1933 г без шырокага грамадскага абмеркавання прынята пастанова СНК БССР “Аб зменах і спрашчэнні беларускага правапісу”. Ёй былі ўнесены значныя змены ў правапіс у набліжэнні яе да рускай мовы (адмена перадачы на пісьме асімілятыўнай мяккасці зычных, змяненні ў напісанні некаторых запазычаных слоў). Рэформа атрымала як станоўчую, так і негатыўную ацэнку. Аднак даказаны навукоўцамі факт, што рэформа 1933 г. дала старт моцнай хвалі русіфікацыі літаратурнай мовы ў БССР. Гэта выклікала абурэнне беларускай інтэлегенцыі Заходняй Беларусі (у той час Заходняя Беларусь не была ў складзе БССР). І амаль усе замежныя выданні на беларускай мове карысталіся і карыстаюцца правапісам, прапанаваным Б. Тарашкевічам (ужо згаданая вышэй “тарашкевіца”).
Паступова звужаюцца і сферы функцыянавання беларускай мовы. Беларуская мова замяняецца рускай мовай у дзяржаўных установах, інстытутах. У 1938 годзе выходзіць пастанова СНК і ЦК ВКП(б) “Аб абавязковым вывучэнні рускай мовы ў школах нацыянальных рэспублік і абласцей”.
Пачынаючы з 30-х гадоў, краінай быў узяты курс на збліжэнне народаў і зліццё іх культур у адну культуру з адной мовай. Таму важным стала не адлюстраванне нацыянальнай спецыфікі беларускай мовы, а, наадварот, прывядзенне яе сістэмы ў адпаведнасць з рускай традыцыяй.
У другой палове ХХ ст. асаблівасці развіцця беларускай мовы абумоўлены яе функцыянаваннем ва ўмовах канкурэнцыі з рускай мовай, якая фактычна становіцца дзяржаўнай мовай Беларусі. На працягу 50-х – 80-х гадоў сферы выкарыстання беларускай мовы, не абароненай дзяржавай, паступова звужаюцца: істотна скарачаецца колькасць беларускамоўных школ, беларускамоўнай перыёдыкі і кніг. У 1958 г. былі прыняты Тэзісы ЦК КПСС і Саўміна СССР “Аб умацаванні сувязі школы з жыццём і аб далейшым развіцці сістэмы адукцыі ў краіне”, паводле якіх права выбару мовы навучання ў школе належала бацькам. Назіраліся такія абсурдныя з’явы, калі, бацькі-беларусы (нават не ваеннаслужачыя) маглі вызваліць дзіця ад вывучэння беларускай мовы па стане здароўя. Важна, што дзіця вызвалялася не ад замежнай, а ад роднай мовы. Менавіта мова школьнага навучання ў значнай ступені вызначае далейшую моўную арыентацыю і моўныя схільнасці асобы. Яшчэ М. Мураўёў адзначаў, што “сто тысяч рускіх штыкоў не зробяць таго, што зробіць адна руская школа”.
Такая моўная палітыка разам з пашырэннем рускамоўных каналаў інфармацыі, перасяленнем карэннага вясковага насельніцтва ў гарады, дзе вядучай была руская мова, прывяла да таго, што беларуская мова страціла свае асноўныя функцыі ў грамадстве. Усё вышэйпералічанае самым адмоўным чынам паўплывала на стан нацыянальнай свядомасці беларусаў, прывяло да страты пачуцця пашаны да асноўнага складніка нацыянальнай культуры – мовы.
Тым не менш, распачатая ў 20-я гады праца па ўдасканаленні беларускага прававісу працягвалася. Так, у 1957 г. Саветам Міністраў БССР была прынята пастанова “Аб удакладненні і частковых зменах існуючага беларускага правапісу”. У адпаведнасці з ёю Інстытут мовазнаўства АН БССР падрыхтаваў “Правілы беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” (1959 г.), якія беларусы выкарыстоўвалі да 1 верасня 2010 года, калі ўступіў у сілу Закон Рэспублікі Беларусь “Аб Правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі”. Упершыню ў гісторыі беларускай мовы яе правапісу нададзены высокі юрыдычны статус закона.
Такім чынам, 30-я – 80-я гады ў развіцці беларускай мовы характарызуюцца неапраўданым збліжэннем яе з рускай мовай.