Беларуская мова ва ўмовах білінгвізму

Білінгвізм

Моўную сітуацыю ў Рэспубліцы Беларусь можна ахарактарызваць як білігвальную. Сутнасць гэтага вызначэння заключана ў тэрміне білінгвізм, які з лацінскай мовы перакладаецца як два (bi) і мова (lingua), гэта значыць двухмоўе.

Двухмоўе ўзнікае тады, калі ў краіне папераменна карыстаюцца дзвюма мовамі. У гэтым выпадку адна мова звычайна лічыцца роднай, другая – з’яўляецца набытай. Калі ж выкарыстоўваецца больш за дзве мовы, гавораць пра шматмоўе,абополінгівізм.

Такім чынам, двухмоўе – гэта адначасовае існаванне ў грамадстве дзвюх моў (або дзвюх формаў адной мовы), якія выкарыстоўваюцца ў розных функцыянальных сферах (камунікацыйных сітуацыях). Пад камунікацыйнай сітуацыяй трэба разумець умовы, у якіх адбываецца маўленне. Напрыклад, гутарка з сяброўкай і выступленне на навуковай канферэнцыі з дакладам – гэта розныя камунікацыйныя сітуацыі, а адпаведна – розным можа быць выбар моўных сродкаў.

Двухмоўе – з’ява складаная і шматбаковая, у яе ёсць свая структура і асаблівасці. Білінгвізм можа вывучацца на макраўзроўні. Тады пад увагу бярэцца ўзаемадзеянне моў у грамадстве (дзяржаве). Або разглядаюць білінгвізм на мікраўзроўні. У гэтым выпадку важна назіраць за ўзаемадзеннянем носьбітаў моў у малых сацыяльных групах (сям’я, вытворчы калектыў) і ў розных камунікацыйных сітуацыях.

Вылучаецца некалькі падвідаў двухмоўя:

- індывідуальнае (веданне дзвюх моў уласціва асобным членам грамадства);

- калектыўнае (дзвюма мовамі карыстаюцца пэўныя сацыяльныя групы);

- нацыянальнае (пашырана сярод усіх прадстаўнікоў нацыі).

У тых краінах, дзе статус афіцыйнай (дзяржаўнай) маюць дзве мовы, узнікае дзяржаўны білінгвізм. Пры гэтым, калі ў дзяржаве дзве афіцыйныя мовы, грамадзяне могуць быць аднамоўнымі, то бок валодаць толькі адной мовай. Значыць, дзяржаўны білінгвізм не гарантуе нацыянальнага двухмоўя. І наадварот, індывідуальны білінгвізм зусім не азначае калектыўнае або нацыянальнае двухмоўе.

Двухмоўе можа быць чыстым, калі носьбіты ўжываюць дзве мовы ізалявана адну ад другой, і змешаным, калі дзве мовы змешваюцца, асоба, якая іх выкарыстоўвае, невыразна ўсведамляе адрозненні моў, не вельмі добра валодае адной з іх.

Звычайна білігвізм разглядаюць у трох аспектах: псіхалагічным, педагагічным і сацыялінгвістычным.

Псіхалагічныаспект двухмоўя звязаны з асаблівасцямі псіхалагічнага складу асобы, з яе разумовымі здольнасцямі, з праблемамі пераключэння з адной мовы на іншую (у навуцы гэта называецца пераключэннем кодаў).

Педагагічны бок двухмоўя закранае розныя аспекты навучання другой мове, у тым ліку і ўплыў адной мовы на працэс засваення другой.

Сацыялінгвістычны аспект грунтуецца на такіх параметрах, як:

- сфера выкарыстання першай і другой мовы;

- ступень валодання мовамі;

- размеркаванне камунікатыўных функцый паміж мовамі;

- ацэнка двухмоўнымі асобамі ўласнага двухмоўя як сацыяльна-лінгвістычнага феномена і інш. [23, с. 20].

Білінгвізм – гэта аб’ектыўная рэальнасць у многіх краінах свету, дзе з гістарычных, палітычных, эканамічных прычын жыхары большасці дзяржаў свету карыстаюцца некалькімі мовамі, валодаюць імі ў рознай ступені. Напрыклад, у Фінляндыі, у Канадзе, як і ў Беларусі, мае месца дзяржаўны білінгвізм. Іншым прыкладам можа быць Швейцарыя, Аўстрыя, Злучаныя Штаты Амерыкі, Бельгія, дзе гавораць на розных мовах, але ў няма мовы паводле нацыянальнай прыналежнасці – швейцарскай, аўстрыйскай, амерыканскай, бельгійскай. Таму захаванне, зберажэнне і далейшае развіццё сваёй нацыянальнай культуры і нацыянальнай мовы – гэта надзённая неабходнасць, актуальная задача, каб у зменлівым свеце захаваць сваё нацыянальнае аблічча.

У нашай краіне двухмоўе існавала здаўна, мяняўся толькі яго характар і рознымі на працягу стагоддзяў былі складнікі двухмоўя. Усё гэта непарыўна звязана з гістарычнымі ўмовамі фарміравання і развіцця беларускай нацыі, беларускай мовы, з моўнай дзяржаўнай палітыкай. Так, пачынаючы з агульнаславянскага перыяду і ў часы Вялікага Княства Літоўскага, на тэрыторыі Беларусі было беларуска-стараславянскае двухмоўе. Нагадаем, што стараславянская мова была прынесена на нашыя землі разам з прыняццем хрысціянства. З пашырэннем у Беларусі польскай і лацінскай моў, калі краіна апынулася ў складзе Рэчы Паспалітай, развілася беларуска-польскае і беларуска-лацінскае двухмоўе. У гэтай сітуацыі можна гаварыць і пра беларуска-польска-лацінскае шматмоўе. Пазней, з далучэннем Беларусі да Расійскай Імерыі, пашыраецца беларуска-рускае двухмоўе. Яно вызначае моўную сітуацыю ў нашай краіне і сёння, якая характарызуецца суіснаваннем, паралельным выкарыстаннем беларускай і рускай моў.

Нагадаем, што на Беларусі афіцыйнымі з’яўляюцца дзве мовы – беларуская і руская, чым і абумоўлены дзяржаўны білінгвізм. Аднак двухмоўе ў нашай краіне вызначаецца не толькі як беларуска-рускае дзяржаўнае двухмоўе, але і як рускае або беларускае індывідуальнае ці калектыўнае аднамоўе. Таксама нацыянальнае беларуска-рускае двухмоўе прадстаўлена:

- індывідуальным беларуска-рускім двухмоўем (асоба лічыць роднай беларускую мову і разам з ёй як другую выкарыстоўвае рускую);

- індывідуальным руска-беларускім двухмоўем (роднай лічыцца руская мова і побач з ёй выкарыстоўваецца беларуская).

Калі ж узяць пад увагу такі аспект двухмоўя, як пасіўнае валоданне адной з моў (здольнасць успрымаць на ёй інфармацыю), то можна гаварыць, што ўсё насельніцва Беларусі з’яўляецца білінгвамі (двухмоўнымі асобамі).

У раёнах сумеснага пражывання беларусаў з прадстаўнікамі іншых нацыянальнасцей (украінцы, палякі, латышы, літоўцы) узнікаюць іншыя віды двухмоўя (беларуска-украінскае, беларуска-польскае і г.д.), а калі ўлічыць, што ў гэтых раёнах функцыянуе і руская мова, то можна разглядаць моўную сітуацыю на Беларусі як шматмоўную.

З пашырэннем камунікацыйнага прэстыжу англіскай мовы, з неабходнасцю мець замежныя кантакты, у якіх мовай-пасрэднікам выступае англійская, таксама можна гаварыць пра полілінгвізм на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.

Інтэрферэнцыя. Трасянка

У сітуацыі білінгвізму мовы, як правіла, узаемадзейнічаюць. Такое кантактаванне моў у большасці выпадкаў вядзе да інтэрферэнцыі – працэсу змешвання, накладання моў. Увогуле, навукоўцы на падставе шматлікіх назіранняў прыйшлі да думкі, што ідэальнага білінгвізму, каб чалавек аднолькава дасканала валодаў некалькімі мовамі, або наогул не існуе, або сустракаецца досыць рэдка, а таму моўная інтэрферэнцыя – гэта заканамернасць ва ўмовах білінгвізму.

Моўная інтэрферэнцыя – з’ява, якая ўзнікае ў выніку ўзаемадзеяння моў у сітуацыі двухмоўя. Гэта значыць, што пры маўленні на адной мове ўжываюцца элементы другой. Усё гэта прыводзіць да парушэння моўных нормаў, мова засмечваецца тымі элементамі, якія ёй не ўласцівы.

Тым меншы ўзровень інтэрферэнцыі, чым лепш моўная асоба валодае тымі мовамі, якія выкарыстоўвае, чым больш адрозненняў адной мовы ад другой яна ўсведамляе. І наадварот – чым горшае веданне моў, тым большая будзе інтэрферэнцыя. Такім чынам, ступень інтэрферэнцыі залежыць ад ступені валодання мовамі, ад навыку свабодна адрозніваць з’явы розных моў і г.д.

Трэба дадаць, што памеры інтэрферэнцыі прамапрапарцыянальныя генетычнай блізкасці моў. Гэта значыць, што ў выніку блізкай роднасці моўіх інтэрферэнцыя больш інтэнсіўная і глыбокая, носьбіты моў менш усведамляюць адрозненні адной моўнай сістэмы ад другой. Адзначанае палажэнне з’яўляецца вельмі актуальным для моўнай сітуацыі Беларусі, паколькі беларуская і руская мовы ўваходзяць паводле генеалагічнай класіфікацыі не толькі ў адну моўную групу, але і падгрупу, з’яўляюцца блізкароднаснымі. Гэта ўплывае на тое, што беларуска-рускае і руска-беларускае двухмоўе з’яўляецца вельмі распаўсюджаным, пранізвае ўсю моўную сістэму, закранае ўсе яе ўзроўні:

- графічны (графічная інтэрферэнцыя), калі ў тэксце, напісаным па-беларуску, будзе сустракацца літара и;

- фанетычны (фанетычная інтэрферэнцыя), калі, напрыклад, у рускай мове двухмоўнай асобы сустракаюцца такія беларускамоўныя фанетычныя рысы, як цвёрдыя [р] і [ч] на месцы рускіх мяккіх [р’] і [ч’], дзеканне і цеканне, фрыкатыўны [г] і г.д.;

- акцэнталагічны (акцэнтная інтэрферэнцыя), калі блытаюцца правілы пастаноўкі націску ў розных мовах (гліняны - глиняный, адзінаццаць -одиннадцать, спіна - спина  і г.д.);

- словаўтваральны (словаўтваральная інтэрферэнцыя), калі ў беларускім маўленні ўжываюцца неўласцівыя адзінкі, але падобныя да адпаведных рускіх (ахрыпшы (бел. ахрыплы), кантраліраваць (бел. кантраляваць), сумніцельны (бел. сумніўны), Васін (бел. Васеў), прыгваздзіць (бел. прыгваздаць) і інш.);

- лексічны (лексічная інтэрферэнцыя), напрыклад, калі рускія словы толькі перадаюцца сродкамі беларускай фанетыкі і графікі (у беларускай мове словы тыпу васкрасенне, благадару, сенцябрь, следуюшчый і інш.). Лексічная інтэрферэнцыя ўзнікае і тады, калі ў працэсе перакладу тэксту з рускай мовы на беларускую ці наадварот магчымы непажаданыя ўзаемазамены міжмоўных амонімаў
[1][3]
, што прыводзіць да непаразумення: рус. диван (бел. канапа)– бел. дыван (рус. ковёр); рус. сварка ‘злучэнне металічных частак шляхам сплаўлівання’ – бел. сварка ‘спрэчка’. Асабліва ярка гэты працэс выяўляецца пры выкарыстанні камп’ютарных праграм для перакладу, якія не ўлічваюць спалучальнасць слоў, і тады, напрыклад, спалучэнні желудочно-кишечный тракт, жесткий диск могуць перакладацца як страўнікава-кішачны гасцінец, жорсткі дыск і пад.;

- марфалагічны (марфалагічная інтэрферэнцыя), калі граматычныя асаблівасці рускіх і беларускіх слоў не ўлічваюцца моўцамі (вялікая цень, горкая палын, збіраць клубніку і інш.);

- сінтаксічны (сінтаксічная інтэрферэнцыя), калі пры карыстанні беларускай мовай у ёй ужываюцца сінтаксічныя канструкцыі рускай мовы (ажаніцца на Таццяне, два мільёна, прабачыць сябра, падобны на бацьку і інш.).

З прычыны таго, што беларуская і руская мовы генетычна блізкія, інтэрферэнцыя характарызуецца шматлікасцю і ўстойлівасцю памылак. Аднак гэтыя памылкі змешанага маўлення не ўплываюць на працэс разумення выказванняў беларусамі. Таму праблема інтэрферэнцыі – гэта праблема культуры маўлення, як беларускага, так і рускага.

Ад канструктыўнага вырашэння актуальнай праблемы інтэрферэнцыі залежыць не толькі правільнасць маўлення, што з’яўляецца важным складнікам станоўчага іміджу асобы, але і сам факт захавання і далейшага развіцця беларускай мовы, і беларусаў як самастойнай адметнай нацыі.

Калі білінгвізм – гэта сітуацыя двухмоўя, інтэрферэнцыя – працэс накладання моў у гэтай сітуацыі, то прадукт такога накладання – змешанае маўленне.

За беларуска-рускім змешаным маўленнем замацавалася вызначэнне “трасянка”, якое з’яўляецца тэрміналагічнай метафарай, перанясеннем бытавой назвы ў сферу навукі. Так, першапачаткова трасянкай называлася стрэсенае сена з саломай для корму свойскай жывёлы. Як мяркуюць лінгвісты, паняцце “трасянка” магло ўтварыцца на ўзор украінскай мовы, дзе змешанае ўкраінска-рускае маўленне называецца суржык.Першапачаткова гэта словаазначала сумесь жыта, пшаніцы, ячменю, аўса або нізкаякасную муку з рознага збожжа [52, с. 83]. Такім чынам, ідэя змяшэння і нізкай якасці падкрэсліваецца ў абодвух тэрмінах.

Трасянка – гэта моўны прадукт, што ўзнік шляхам механічнага змяшэння ў розных прапорцыях элементаў дзвюх моваў – рускай і беларускай. Трасянка ўяўляе сабой гібрыд беларускай літаратурнай мовы, яе розных тэрытарыяльных і сацыяльных разнавіднасцей і рускай літаратурнай мовы.

Трасянку складаюць стыхійна русіфікаваныя варыянты нацыянальнай мовы. Яны выяўляюцца на ўсіх узроўнях моўнай сістэмы. Усё гэта абумоўлівае немагчымасць прадказання з’яўлення трасянкі ў маўленні. На Беларусі трасянка набыла масавы характар. Большасць тых беларусаў, што лічаць сябе рускамоўнымі, ужываюць менавіта трасянку, у іх спантанным маўленні беларускамоўныя рысы (у першую чаргу фанетычныя) выяўляюцца вельмі выразна і рэгулярна. Такое маўленне выглядае непрыгожым і непрывабным.

Як адзначае даследчык змешанага руска-беларускага маўлення Г. Цыхун, “трасянка ўзнікла першапачаткова з неабходнасці падтрымання камунікацыі паміж карэнным беларускамоўным насельніцтвам, з аднаго боку, і расійскамоўным адміністрацыйна-партыйным чыноўніцтвам, што мела больш высокі грамадскі статус, з другога” [52, с. 86].

Трасянка выклікае вялікую цікавасць у моваведаў, якія актыўна яе вывучаюць і лічаць лінгвістычным феноменам (даследаванні праводзяцца не толькі беларускімі, але і нямецкімі, амерыканскімі, польскімі лінгвістамі). Не толькі сярод славянскіх краін, але і ў Еўропе ў цэлым трасянка з’яўляецца ўнікальнай з’явай. Па сваім характары яна нагадвае крэольскія мовы, якія распаўсюджаны ў былых калоніях на афыканскім, азіяцкім кантенце і прадстаўлены змешанымі кампанентамі мовы тубыльцаў і мовы былых каланізатараў.

Аднак гэты феномен нясе з сабой пагрозы для нацыянальнай беларускай мовы. Пра праблему трасянкі слушна выказаўся Адам Мальдзіс: “Сённяшні грамадзянін нашай краіны павінен аднолькава добра ведаць не толькі рускую, але і беларускую мову. На жаль, ён часцей за ўсё не ведае добра ніякай, гаворыць на “трасянцы”, густа перасыпанай матам (“мататрасянцы”)” [52, с. 88]. Трасянка пры дзяржаўным двухмоўі не толькі перашкаджае ў выхаванні культуры беларускага маўлення, але і можа набыць самастойны статус мовы. У такім выпадку ставіцца пад сумненне існаванне асобнай беларускай мовы. Да таго ж неапраўданае змешванне рускай i беларускай мовы ўспрымаецца як паказчык нізкай маўленчай культуры.

Наши рекомендации