З гісторыі беларускай графікі

Графіка (грэч. graphike – намаляваны; graphо – пішу) – сукупнасць сродкаў пісьма, якія выкарыстоўваюцца для фіксацыі мовы. Графікай таксама называюць раздзел мовазнаўства, у якім вывучаюцца пісьмовыя знакі і суадносіны паміж літарамі і гукамі, а таксама абрысы літар, знакаў.

Асноўнымі сродкамі графічнай сістэмы беларускай мовы з’яўляюцца літары.

У гісторыі беларускага пісьменства вядомыя наступныя графічныя сістэмы: кірылічная (кірыліца [1][1]), лацінская (лацініца [1][2]

) і арабская (кітабы) графіка.

На землі ўсходніх славян кірыліца прыйшла ў канцы Х – пачатку ХІ ст. з прыняццем хрысціянства (988 г. – Кіеў, 992 г. – Полацк, 1005 г. – Тураў). Старажытная беларуская мова карысталася традыцыйным кірылічным алфавітам, які ўключаў 43 літары.

Да ХVІ ст. кірылічнае пісьмо было толькі рукапісным. У ХVІ ст. (1517 г.) Ф. Скарынам быў пакладзены пачатак кнігадрукавання ва ўсходніх славян. На аснове кірыліцы Ф. Скарына стварыў шрыфт, у якім былі загалоўныя (вялікія) і радковыя (малыя) літары. З гэтага часу пачынаюць выкарыстоўвацца рукапісныя і друкаваныя літары.

Разам з тым, у ХVІ ст. кнігі на беларускай мове пісаліся і арабскім пісьмом. Яны ствараліся татарамі, што пасяліліся на Беларусі ў ХІІ- ХV стст. і паступова забыліся на татарскую мову, але ведалі беларускую і выкарыстоўвалі арабскае пісьмо. Свяшчэнныя кнігі беларускіх татараў – “кітабы” – вельмі дакладна адлюстроўвалі фанетычныя, граматычныя і лексічныя асаблівасці тагачаснай беларускай мовы, нашмат паслядоўней, чым нават тагачасныя помнікі пісьменства, напісаныя на кірыліцы.

Аднак найбольш распаўсюджаным на Беларусі было кірылічнае пісьмо, якім карысталіся да канца ХVІІ-пачатку ХVІІІ стст.

Пасля забароны (1696 г.) польскім сеймам выкарыстоўваць беларускую мову у справаводстве афіцыйнай становіцца польская мова, у аснове графічнай сістэмы якой ляжыць лацінскае пісьмо. Такім чынам, побач з кірыліцай з канца ХVІІ ст. на Беларусі ўжываецца лацінская графіка ў польскім яе варыянце. Беларускія пісьменнікі, што стаялі ля вытокаў новай (нацыянальнай) літаратурнай мовы – В. Дунін-Марцінкевіч, Ф. Багушэвіч, пісалі свае творы лацінскімі літарамі. Першая нелегальная беларуская газета “Мужыцкая праўда”, якую выдаваў напярэдадні паўстання 1863 г. Кастусь Каліноўскі, таксама друкавалася лацінкай. Першыя легальныя беларускія газеты “Наша доля” і “Наша ніва” выкарыстоўвалі дзве графічныя сістэмы: кірыліцу і лацінку. Лацінка ў беларускім пісьменстве праіснавала да 20-х гадоў ХХ ст., а ў Заходняй Беларусі да 1939 г. Сёння беларускую лацінку мы можам бачыць на надрукаваных новых схемах мінскага метрапалітэна ў назвах станцый (Plošča Jakuba Kolasa, Hrušaŭka і г.д.)

Дзве графічныя сістэмы – лацінка і кірыліца – выкарыстоўваліся да самага пачатку ХХ ст. Аднак традыцыйная кірыліца да гэтага часу моцна змянілася. Загадам Пятра І ў 1708 г. была праведзена рэформа кірылічнага пісьма. Рэфармаваная кірыліца атрымала назву грамадзянскай азбукі. З узорамі літар грамадзянскага алфавіта, якія на той час ужо ўжываліся ў Вялікім Княстве Літоўскім, пазнаёміў Пятра І беларус Ілья Капіевіч – манах, асветнік, кнігавыдавец.

У выніку рэформы графікі былі выкінуты некаторыя літары (юсы, амега, ксі, псі і інш.), спрошчаны знешні выгляд літар, якія па форме набліжаны да лацінкі, прынятыя і лацінскія назвы літар (а, бэ, вэ) замест кірылаўскіх (азъ, буки, веди). У рускім алфавіце было ўведзена некалькі новых літар: э (узаконена Пятром І), літара й (зацверджана ў 1735 г. Расійскай Акадэміяй навук (у беларускіх тэкстах яна выкарыстоўвалася з ХVІ ст.), і літара ё, якую ўвёў у 1797 г. пісьменнік М. Карамзін (замест спалучэння іо) [41].

У канцы ХІХ – пачатку ХХ стст. у беларускай графіцы сталі ўжывацца літары дз, дж, спалучэнні шч (на месцы щ), ц (на месцы [т’]) ё, і, ў, раздзяляльны знак – апостраф (’). Былі выдаленыя з беларускага пісьма літары ѣ (яць), и, щ, ъ.

Такім чынам, на пачатку ХХ ст. у практыцы кнігадрукавання на аснове грамадзянскага шрыфту склалася ўласная графічная сістэма, якая захавалася да нашых дзён.

Мова і маўленне

На першы погляд паняцці “мова” і “маўленне” могуць падацца тоеснымі. Але пры больш дэталёвым вывучэнні гэтых катэгорый паміж імі выяўляюцца адрозненні. Так, мова – гэта знакавая сістэма, сукупнасць сродкаў зносін. Маўленне – рэалізацыя моўнай сістэмы, практычнае выкарыстанне мовы, спосаб выражэння думак сродкамі мовы.

Мова функцыянуе ў маўленні, а маўленне з’яўляецца формай прымянення мовы. Усе сродкі, якія ёсць у мове, могуць ўжывацца як факт маўлення, але не ўсё, што ўзнікае ў маўленні, можа стаць фактам мовы. Напрыклад, шмат якія індывідуальныя неалагізмы пісьменнікаў не ўваходзяць у агульнанародную мову.

Такім чынам, маўленне – з’ява індывідуальная, якая характарызуе кожнага чалавека як асобу. Камунікацыя паміж людзьмі ажыццяўляецца праз маўленне, і, нягледзячы на тое, што маўленне індывідуальнае, мы разумеем адзін аднаго, таму што карыстаемся агульнымі адзінкамі (фанемы, марфемы, словы), і агульнымі правіламі апрацоўкі гэтых адзінак, што ўласціва ўсім носьбітам пэўнай мовы.

Калі мы будзем вывучаць мову, то звернем увагу на асобныя яе структуры, элементы, часткі. Калі ж возьмемся даследаваць маўленне, то будзем выяўляць, як моўныя сродкі функцыянуюць у канкрэтных умовах.

Маўленне з’яўляецца сітуацыйным, бо яно ўжываецца ў пэўных абставінах і прадугледжвае наяўнасць суразмоўцы і паразумення з яго боку. З гэтай прычыны маўленне мае мэтанакіраваны характар. Мова не звязваецца ні з сітуацыяй зносін, ні з мэтай камунікацыі, таму што яна з’яўляецца сродкам зносін увогуле.

Табліца 2. Мова і маўленне

Мова Маўленне
абстрактная канкрэтнае
сістэма рэалізацыя сістэмы
агульная, сацыяльная індывідуальнае, прыватнае
пастаянная сітуацыйнае

Наши рекомендации