Шыльны панядзелак — першы дзень Вялікага посту. На Віцебшчыне раней у гэты дзень гулялі ў карчме, што называлася “каваць шыла” (Шэйн, 1912). 4 страница
Рымляне да 44 года называлі месяц проста пятым (quintilis), паколькі год пачынаўся з сакавіка. Затым з прычыны трагічнай смерці Юлія Цэзара перайменавалі квінтыліс у Юліус (julius), таму і захаваліся juillet — у французаў, Juli — у немцаў, July — у англічан, июль — у рускіх.
У гэтым месяцы старажытныя грэкі адзначалі чатырохдзённае свята Панафінеяў у гонар багіні мудрасці Афіны (рымляне называлі яе Мінервай). Падчас вялікага святкавання адбываліся ўрачыстыя працэсіі, розныя народныя гульні (барацьба атлетаў, гімнастычныя практыкаванні), спевы, танцы.
Ліпень — самы дажджлівы месяц года, палова дзён яго бывае з ападкамі, вызначаецца недабранадзейнасцю надвор’я, і асабліва ліўнямі. Здараецца і сухая пара.
Па назіраннях фенолагаў, дробналісцевая ліпа на поўдні Беларусі зацвітае 21—25 чэрвеня, а на поўначы — 5—8 ліпеня. Тэрміны зацвітання яе прыблізна на 10 дзён апярэджваюць час наступлення васковай спеласці і на тры тыдні пачатак масавай уборкі азімага жыта. У народзе прыкмячалі: калі паспелі чарніцы, то паспела і жыта. Ліпень дорыць чалавеку спелыя лясныя і садовыя ягады, першыя грыбы.
Купалле ў Вязанцы
“Сягоння Купала, заўтра Іван…” | Хутка запалае Купальскі касцёр |
“А на гарэ калясо, гарыць яно харашо” | “Купалінка, купалінка, цёмная ночка…” |
3/20. Свята перапялятнікаў і навальніц. Лічылася, нібы ў гэты дзень ці ў наступны грымне гром, блісне маланка (Ляснічы, 1990).
5/22. За тыдзень да Пятра садзілі рэпу на Смаленшчыне (Дабравольскі, 1894).
*Дзесятка — чацвер на дзесятым тыдні пасля Вялікадня; адзін з этапаў даспявання жыта. “Дзесятнік гнаі возіць, Дзесятуха косы точыць”.
6/23. Купала (Купалле) — старажытнае абрадавае свята сонца і агню, божышчаў урадлівасці і росквіту зямлі. Прымяркоўвалася да летняга сонцастаяння. “Сёння Купала, заўтра Іван...”,— гаворыцца ў песнях. Гэта дае падставу сцвярджаць, што Купала — язычніцкае свята, да якога прыстасавана пазней святкаванне царквою (у другі дзень, 24 чэрвеня) “Рождества честного славного Пророка, Предтечи н Крестителя Господня Иоанна”. Язычніцкае Купала ўпамінаецца ў летапісах 1175 года.
Дзяўчаты збіралі лекавыя зёлкі, кветкі для вянкоў, хлопцы пад вечар сцягвалі старыя рэчы, галлё для вогнішча. Месца для яго выбіралася часцей на высокім беразе ракі ці возера, на паляне, каля жыта. Праводзілі абрад здабывання “жывога” агню — церлі асінавыя палкі. “Сягоння ў нас Купала, сам Бог агонь расклаў” (Тышкевіч, 1847). Палівам для кастра служылі таксама дровы з дуба — сімвалічнага дрэва Перуна, што бачна з купальскіх песень: “Пажарам дуб’ё гарэла...”, “Гарэла дуброва, гарэла...” і інш.
Песнямі суправаджаліся абрады на свяце, карагоды і гульні, завадатарамі якіх з’яўляліся Купалінка і Купаліш. Ля вогнішча ўсе частаваліся абрадавай стравай, моладзь пераскоквала цераз агонь — ён лічыўся ачышчальным ад злых духаў. Спальванне прасмаленых колаў на шчасце ці спусканне іх, палаючых, з гары — адгалоскі пакланення свяцілу. “А на гарэ калясо, гарыць яно харашо...”
Дзяўчаты на Купалле варажылі аб будучым замужжы. Наогул, гэта свята маладосці і кахання. У далёкім мінулым яго называлі “бясоўскім ігрышчам”, “ігрышчамі межу сёламі”, пра якія Несцераў летапіс сведчыў: “Схожахуся на игрышща, и ту умыкаху (выкрадалі — А. Л.) жены собе, с нею же кто совещашеся; имяху же по две и по три жены”.
гул, гэта свята маладосці і кахання. У далёкім мінулым яго называлі “бясоўскім ігрышчам”, “ігрышчамі межу сёламі”, пра якія Несцераў летапіс сведчыў: “Схожахуся на игрышща, и ту умыкаху (выкрадалі — А. Л.) жены собе, с нею же кто совещашеся; имяху же по две и по три жены”.
КУПАЛЬСКАЯ НОЧ
Вечарам 23 чэрвеня збіраецца супольнасць па магчымасці ўсіх жыхароў вёсак, якія ў сувязі з гэтым амаль пустыя, у полі, на пагорку, каля рэчкі ці вялікай ракі...
Галоўны разгар свята, гулянні, песні — ноччу, на Івана. Робяць і прыбіраюць ляльку — жаночае пудзіла. Носяць яе, скачуць вакол, запальваюць, пазней — топяць у вадзе...
Часцей агульнаўжывальны і абавязкова паўсюдна, як выключная асаблівасць, без якой няма Купалы,— касцёр, што запальваецца, згарае, іншы раз заліваецца вадою... Агонь у некаторых мясцінах распальваюць пры дапамозе трэння дошак. Яны і гараць у кастры (з разбітых бочак, чанаў, кублаў, вёдзер, хатняга драўлянага посуду, у дадатак — старых ануч, лыка).
Цераз касцёр скачуць, але меней, чым у Маларасіі і іншых краях. Больш вакол танцуюць, гуляюць, піруюць. Замест кастра ці пры ім іншы раз гарыць бочка, калі ёсць — смаляная, дзе дазваляе мясцовасць — на ўзвышэнні або крутой гары.
Заліваюць вогнішча кубламі (чанамі, дзежкамі) і вёдрамі. Радзей “пускаюць” агонь па плоце... Яшчэ радзей цяпер купаюцца пад раніцу ў сувязі з забыццём старыцы, ачышчэннем паняццяў і ўмацаваннем хрысціянства. Разам з тым ноччу бывае і менш грахоў. У некаторых мясцінах замест купання ўжываецца лазня, і то ўжо як падрыхтоўка да свята або ачышчэнне пасля Купалы...
Самое месца, дзе збіраюцца, абгароджваецца, абсаджваецца зялёнымі дрэўцамі, часцей бярозкамі, калкамі, накшталт зялёнага тыну, плятня...
Абрады суправаджаюцца песнямі, моцным прытопваннем, стукам. Калі маецца, у што-небудзь б’юць: ці ў кубел, ці ў вядро. Гэта і адчуваецца ў прыпеве саміх песень. Дзе толькі захавалася валынка і можна яе дастаць, то яна абавязкова прысутнічае. Пры ёй і дудар, скамарох з прытанцоўваннем. Калі ж няма, то добра і скрыпка...
Пачастункі, якія прыносяцца з усіх заможных дамоў і ўжываюцца раздзельна, гуртам і ў складчыну, уключаюць сыр, тварог, праснакі-бабкі з тоўчаным канапляным семем, цыбулю, часнок, пахучае зелле, халаднік-квас, яешню, верашчаку, дзе маецца сала і мяса (адзінае выключэнне з астатніх больш раслінных страў у гэтае свята) і г. д...
Зёлкі, былінкі, травы ў купальскую ноч збіраюцца наогул усе, што патрэбныя для выкарыстання — для вянкоў, лекаў і ежы. Гэта лепшая іх пара. Але, як і ўсюды ў славян і на ўсёй Русі, у Русі Белай ёсць травы і кветкі выбраныя, якія выключна належаць
Не забыты купальскія песні на радзіме Янкі Купалы
Зёлкі, былінкі, травы ў купальскую ноч збіраюцца наогул усе, што патрэбныя для выкарыстання — для вянкоў, лекаў і ежы. Гэта лепшая іх пара. Але, як і ўсюды ў славян і на ўсёй Русі, у Русі Белай ёсць травы і кветкі выбраныя, якія выключна належаць купальскаму дню: рута; васіль, васілёк, дзягель, дзягіль, дзягель; багаткі; салодка, саладушка; буйрак, бурашнік; ластавіца, ластавень, кураслеп, курыная слепата; пералёт; лопань, лопух; быліца; расходнік, брацішкі, брат з сястрою, іван-ды-мар’я; найбольш папараць, папыратка, папаратнік[8]. Ён цвіце толькі адзін раз у год незвычайнай, цудоўнай, асляпляльна белай кветкаю, іменна ў гэтую поўнач.
Скарбы або гаршкі з золатам і серабром даюць пра сябе знаць у купальскую ноч. Над імі выскоквае воўк, гарыць агонь, а часцей за ўсё цвіце папаратнік. Але хто сарве кветку, атрымлівае не адны скарбы. Яго сіла ўсіх здолее, ён адмыкае ўсе замкі і запоры, разбурае перашкоды, здабывае ўсё пажаданае, усё ведае, разумее мову птушак і дрэў, знішчае нагаворы чараўніц. Цяжка кветку падгледзець, яшчэ цяжэй вырваць...
На дзянніцу павінна ўсё скончыцца, г. зн. дзе ёсць звычай, купаннем. Пасля ўсе адпраўляюцца глядзець узыход сонца. Яно “гуляе”, пераліваецца, дзеліцца на некалькі частак, “зайчыкаў”, якія разбягаюцца, скачуць і зноў зліваюцца ў адзін круг. Па-іншаму, раніцай сонца едзе “да мужа на тройцы”, золатам, срэбрам скача на калясніцы, сыпле з яе промні і іскры. Ранкам 24 чэрвеня — пералом, пасля чаго наступае ўжо Іван, Ян... (Бяссонаў, 1871).
7/24. Іван Купала (Іван Купальны, Іван, Пятроўскі Іван, Іван Летні, Іван Вялікі, Іван Посны, Іван Злосны, Іван Ведзьмін,
Ян) — працяг купальскага свята, якое доўжылася ўсю папярэднюю ноч. “Учора была Купала, а сёння Іван...”,— спяваецца ў народнай песні.
ЗАВЯРШАЛЬНАЯ КУПАЛЬСКАЯ ПЕСНЯ
Мужчынскі хор:
Іване, Іване!
Устань на заране,
Глянь на дзевак:
Спаць захацелі,
Гуляць перасталі,
Зары не даждалі.
Будзіць дзеўкам ліха,
Бо яшчэ ня ціха:
Ноч не прайшла,
Ліха ня ўнясла.
Лешы паймаіць,
Цалаваць заставіць,
Ведзьма згробніць,
З касьцямі злопніць!
Жаль нам будзіць,
Калі дзевак убудзіціць:
Будзім плакыць,
Бо некаго сватыць!
Пыжалейці нас,
Расцалуім вас!
Дзявочы хор:
Сядзіць лешы на загрыўкі
Парням няўважным,
Завядзець чорт у лядзінкі
К ведзьмам несуразным.
Ён высватаць, ажэніць:
Не паспеіцца маргнуць,
Як пятлю надзеніць
І ў пекла сыталкнець!
Ах, нам жалка мальцаў дужа,
Бо рыбяты — маладцы!
Ды варожацца не дасужа,
Нам пара ў сваі двары.
Хадзі, мальцы, луччы з намі,
Усім будзя вісялей,
А катораму, часамі,
Можа будзя дагадней.
Мужчынскі хор:
Няхай, дзеўкі, так,
Няхай будзя мір!
Няхай з нас усяк
Вазьмець на выбор
Любую ад вас!
Няхай прыгалубіць,
Няхай абаймець,
Няхай шчыра любіць,
Сярдзечна цалуіць,
Дамоў адвядзець,
І спаць пакладзець!
Дзявочы хор:
Няхай, мальцы, так,
Няхай будзя мір!
Няхай з вас усяк
Вазьмець на выбор
Любую ад нас!
У-а! у-а! У-а, а-ту!
Песняю заканчваецца ноч напярэдадні Ражаства Іаана Хрысціцеля. Яе спяваюць перад зарніцаю. Хлопцы і дзяўчаты становяцца ў круг і, узяўшыся за рукі, ціха ходзяць, спяваючы ў два хоры. З апошнімі словамі песні дзяўчаты разбягаюцца ў розныя бакі з крыкам: “У-а! У-а!”, хлопцы іх ловяць, абдымаюць, цалуюць. Вяртаюцца дахаты парамі і не разам, а як прыйдзецца. Дзяўчаты крычаць: “У-а!” таму, каб кожны з хлопцаў па голасе мог пазнаць сваю абранніцу. Горка той дзяўчыне, у каторай не акажацца пары. Яна вяртаецца дахаты адна, калі не знойдзецца сяброўкі па няшчасцю. У спяванні іншы раз прымаюць удзел маладзіцы і жанатыя мужчыны (Віцебская губерня; Архіў РГТ, 1891).
ПРОВАДЫ РУСАЛКІ
Калі схаваецца сонца, усе дзяўчаты збіраюцца за вёскай і ўюць вялікія вянкі, асабліва пышны для дзяўчыны, якая будзе русалкай. Русалкай выбіраюць тую, што мае самыя доўгія валасы. Яна здымае свой андарак і застаецца ў адной кашулі з расшпіленым каўнерыкам (смялейшая скідае нават і кашулю); доўгія распушчаныя валасы вісяць па плячах, агромністы вянок, як кола, пакрывае галаву. Тут жа яшчэ выбіраюць і маленькую дзяўчынку для ролі дачкі русалкі. Адначасова робяць з саломы пудзіла, падобнае на чалавека. Калі ўсе вянкі адзеты і саламянае пудзіла падрыхтавана, бягуць на поле з русалкаю, спяваючы:
Правяду я русалачку да бору,
А сама вярнуся дадому.
Правяду я русалачку і ў цёмны бор,
А сама пайду і ў таткаў двор.
Да й затаплю печ, да й налячу бліноў,
Да й пазаву кумоў.
У полі ідуць па мяжы і, аблюбаваўшы месца як мага далей ад вёскі і засеянай нівы, раскладваюць вялікае вогнішча. Кідаюць у яго пудзіла, пяюць пра Івана Купалу:
Купала на Івана, Купала!
Дзе ўпала, начавала?
Купала на Івана, Купала!
Упала ў Пятра, у Паўла.
Як, Купала, ужывала?
Ужывала кашку з перцам,
Рыбку з перцам...
Калі пудзіла згарыць, дзяўчаты і хлопцы пераскокваюць цераз вогнішча і доўга яшчэ працягваюцца іх песні і скокі... (Гомельскі павет; Радчанка, 1888).
*Дзесятуха (Зельная) — пятніца на дзесятым тыдні пасля Вялікадня.
Пяценка. Час, калі завязваецца зерне (“пятка”). Не мае пастаяннага дня ў календары.
Дзесятуха красу давала,
А Пяцінка красу здымала,
Красу здымала, пятку стаўляла;
А Дзесятуха ды, вой, наліваець,
А святы Іван і ён пятку спяліць...
10/27. Самсон (Сямён, Самсон Сенагной). Прысвятак звязваюць з дажджамі. “На Самсона дождж — сем тыдняў то ж” (Б. с. к., 1937). “На Самсона дождж: да бабінага лета мокра будзе” (Ляснічы, 1990).
Сем братоў. “Сем братоў варожаць, колькі тыдняў пагоды” (Паўлюкоўскі, 1937).
12/29. Пятро (Пятроў дзень, Пятро і Павел, Пятрок, Пятра) —старадаўняе земляробчае свята, па сутнасці, завяршэнне Купалля. Селянін заўважаў: “Святы Пятро ў жыце ядро”, “Калі высыплецца ячмень, зязюля падавіцца зернем і больш не кукуе”. Вядома, што зязюля куе ад Магдалены да Пятра ці Купалы, калі і заканчваюцца гулянні моладзі. На Брэстчыне спяваюць:
Да Пятра зязюльцы кукаваці,
Да восені дзеваньцы пагуляці.
Пятро пройдзе — зязюлька ў вырай пойдзе,
Восень прыйдзе — дзеванька замуж выйдзе...
Дзяўчаты хадзілі ў лес “развіваць вянкі”, якія былі “завіты” імі на Сёмуху, “кумаваліся” (выбіралі сяброўку на год). Палілі кастры, елі абрадавыя стравы, гушкаліся на арэлях, спявалі пятроўскія песні:
Пятрова ночка маленька,
Не выспалася паненка
На новым ганку седзячы,
Міламу кашульку шыючы...
(Смаргонскі раён)
Лічылася, што пасля Пятра лета ідзе на спад. “Прыйшоў Пятрок, апаў лісток”. Заканчваўся Пятроў пост.
КУМАВАННЕ
Уласна кажучы, дзяўчаты кумяцца на Тройцу, а разам з хлопцамі — на Пятра. Кумаванне ўжо страціла свой абрадавы характар. Толькі ў некаторых глухіх паселішчах працягваюць яшчэ хадзіць у лес і там звіваюць вянком дзве суседнія галінкі бярозы або галінкі двух суседніх бяроз. Загадванне (варажба.— А. Л.) заключаецца ў тым, ці завянуць гэтыя завітыя галінкі ці застануцца свежымі, калі праз тыдзень прыйдуць іх развіваць. Рэчы загадвання самыя звычайныя: ці буду жывая? ці выйду замуж?
Кумаванне наогул уяўляецца ў выглядзе вечарынкі, прычым жанчыны і дзяўчаты гуляюць там, дзе завіваліся вянкі, а сумесныя пагулянкі з хлопцамі праводзяцца ў адной хаце, дзе зімою адбываліся вячоркі з прадзеннем. У лесе распальваюць кастры, наладжваюць арэлі, танцы; гатуюць абавязкова яешню; прыносяць бліны, гарэлку. Калі на такую жаночую гулянку з’явяцца мужчыны, жанчыны зрываюць у іх шапкі і кідаюць у агонь. У некаторых мясцінах Магілёўскай губерні яшчэ бытуе барацьба дзяўчат з хлопцамі ў гэты дзень.
Кумаванне ў хаце праходзіць у такім парадку. Вечарам на Пятра дзяўчаты прыносяць гаспадыні сыр, масла, малако, яйкі, сала, муку на бліны. Гаспадыня з адной дзяўчынай гатуе, а астатнія спяваюць песні і танцуюць пад прыпеўкі. Хлопцы прыходзяць з гарэлкаю, і танцы робяцца жывейшымі. Запрашаюцца і музыкі, і адбываецца, такім чынам, поўнае ігрышча. Танцы працягваюцца ўсю ноч, моладзь расходзіцца па хатах ужо раніцай на наступны дзень.
Існуе асобны цыкл кумаўскіх песень, якія называюцца таксама духаўскімі і пятроўскімі...
Куміліся дзве кумачкі,
А трэцяя не.
Прасілася, малілася:
Прыміце мяне!..
(Рагачоўскі павет;Раманаў, 1912)
13/30. Паўпятро (Паўлюк, Павел) — дзень талакі.
Пасля Пятровага дня не дазвалялася працаваць (“грэх”), можна было толькі дапамагаць іншым, але не за плату, а за частаванне. Нават наймалі музыкаў. Паўпятроўская талака адлюстравана ў песнях: “А што ў полі шуміць, гудзе? Шуміць, гудзе. Там талака дамоў гудзе...”, “Святы Пётра талаку збіраў копы сена вазіць, стагі мятаць”.
Сіман і Юда. Сімон і Іуда, два з дванаццаці апосталаў дня, якіх выдзеліў народ і замацаваў у выслоўі: “На Сымана і Юды конь баіцца груды”.
14/1. Кузьма і Дзям’ян (Касьма і Даміан) — свята кавалёў. “У дзень святога Касьмы і Даміана кузні не куюць і бабы не п’юць”. Песню “Кузьма” спявалі тым, хто вянчаецца першы раз (не выконвалі ўдовам і ўдаўцам):
Скуй нам свадзебку,
Свадзебку крэпкую,
Даўгавечную,
На векі неразлушную...
(Дабравольскі, 1914)
Кузьма і Дзям’ян вядомы і як апекуны земляробства. “Кузьма сярпы зубіў, ідэя згубіў”, “На Кузьму і Дзям’яна касіць не рана”, “Святы Пятро жыта спеліць, святы Кузьма сярпы робіць, а святы Дзям’ян сена грабіць” (Паўлюкоўскі, 1934).
“Шыпілінка ў кузню ідзець, у кузню ідзець сярпы зубіць”
КУЗЬМА-ДЗЯМ’ЯН (Легенда)
Кузьма-Дзям’ян былі калісь кавалі. І была змяя калісь. Дак яна ўбірала людзей. І дабіраецца да іх ужо, знацца.
— Што, брат, іздзелаем мы зялезную саху.
Здзелалі яны цяперака саху і кажуць змяі:
— Пралізнеш трое от этых дзвярэй, дык мы табе сядам на язык, ты нас і з’ясі.
Цяперака яна раз лізнула, другі лізнула і трэці — і пралізала трое дзвярэй. Яны тагды — цапель! Ды за язык яе кляшчамі. Да адзін гвоздзе па галаве, а другі запрагае ў саху. Як запраглі яе, да аралі яны луг, аралі яны поле, аралі ўсё і не давалі піць, пакуль не прыараліся к Няпру. Як прыграліся к Няпру, яна як вырыла роў, як стала піць, як стала піць,— апрэглася. А яны тагды і прыстанавіліся (Гомельскі павет; Раманаў, 1891).
17/4. Андрэй (Андрэй Наліва) — адзін з апекуноў земляробства, пра яго пяецца:
Трэці празнік — святы Андрэй,
Святы Андрэй, за ўсіх мудрэй,
Саху ладзіць, каня гладзіць...
Да Андрэя завяршаўся працэс выспявання жыта. Аб гэтым народная мудрасць сцвярджае: “На Андрэя азімыя наліліся, а татка-авёс да палавіны дарос”, “Авёс у світцы, а на грэчцы і кашулі няма”, “Зерне ў каласку, не валяйся ў халадку” (Ляснічы, 1990).
18/5. Свята месяца, лампады. У ім, як сцвярджаў А. Кіркор, ёсць рэшткі культу Велеса — “бога статка, апекуна пастухоў”.
21/8. Градавы дзень (Казанская). Засцерагаў ад нябесных стыхій, ад хвароб вачэй і галавы. У некаторых раёнах пачыналі касіць, праводзіць зажынкі (Дабравольскі, 1914).
Пракоп. Велікамучанік Пракопій звязаны ў народзе з цёплымі ліпеньскімі днямі. “Пракоп бок прыпёк”.
Данат. Пра святога Даната вядома толькі з песні: “Святы Данат коскі точыць, сянцо косіць...”
25/12. Прокл — прысвятак. У той дзень асцерагаліся вялікіх росаў, пасля якіх гніло сена.
Якуб. Прысвятак усебакова характарызуюць прыказкі і прымаўкі: “На Якуба грэе люба”, “Які Якуб да паўдня, такая да снежня зіма” (Паўлюкоўскі, 1934); “На Якуба хлеба поўна губа” (Смаргонскі раён).
26/13. Гаўрылей — прысвятак. Баяліся, каб град не пабіў каноплі.
Ганна. “Дождж на Якуба — для жалудоў згуба, а як Ганна з дажджом — дык гарэх з чарвяком” (Б. с. к., 1937), “Святая Ганна снапы кладзе” (Паўлюкоўскі, 1934).
Серпавіца (Серпавіна, Шыпілінка) — пятніца перад Іллёй. Дзень “зазубрывання” сярпоў, час падрыхтоўкі да жніва ў некаторых мясцінах. “Шыпілінка ў кузню ідзець, у кузню ідзець сярпы зубіць”.