Раздзел і. тэорыя інфармацыі
Тэорыя інфармацыі і камунікацыі
Вучэбна-метадычны комплекс для студэнтаў ФІДК і ФЗН
Вайцэховіч Надзея Юр'еўна,
выкладчык
МІНСК 2011
РАБОЧАЯ ПРАГРАМА
(створана на аснове вучэбнай праграмы, распрацаванай праф. В.Е Лявончыкавым, зацверджанай пратаколам №2 ад 26.09.2008)
УСТУП
Вучэбная дысцыпліна “Тэорыя інфармацыі і камунікацыі” з’яўляецца агульнапрафесійнай для падрыхтоўкі бібліятэкараў-бібліёграфаў вышэйшай кваліфікацыі. У адпаведнасці з вучэбным планам яе павінны засвоіць студэнты ўсіх спецыялізацый факультэта інфармацыйна-дакументных камунікацый (І курс) і факультэта завочнага навучання (I - II курсы адпаведных спецыялізацый).
Актуальнасць вывучэння дысцыпліны абумоўлена фундаментальнай роляй інфармацыі і камунікацыі ў фарміраванні прафесійнага светапогляду студэнтаў, здольнасцей аналізаваць і абагульняць розныя з’явы ў сістэме інфармацыйна-камунікатыўных ведаў, прагназаваць інфармацыйна-камунікатыўныя працэсы і спецыфіку праяўлення іх у бібліятэчна-бібліяграфічнай дзейнасці.
Мэтай дысцыпліны “Тэорыя інфармацыі і камунікацыі” з’яўляецца вывучэнне студэнтамі тэарэтычных асноў інфармацыі і камунікацыі, якое будзе садзейнічаць фарміраванню цэласнага ўяўлення аб даследчым полі, забяспечыць міждысцыплінарную інтэграцыю агульнапрафесіных і спецыяльных ведаў на аснове вывучэння фундаментальных, адзіных, цэласных з’яў прафесійнай дзейнасці, дазволіць студэнтам набыць першасныя навыкі самастойнага аналізу інфармацыйна-камунікатыўных працэсаў у грамадстве.
Мэтавая накіраванасць дысцыпліны абумоўлівае кола задач, рэалізацыя якіх забяспечыць фарміраванне неабходных для спецыялістаў ведаў, уменняў і навыкаў.
У выніку вывучэння дысцыпліны “Тэорыя інфармацыі і камунікацыі” студэнт павінен разумець і ведаць:
· логіку развіцця і сутнасць асноўных канцэпцый разумення паняццяў “інфармацыя” і “камунікацыя”;
· механізмы ўзнікнення і функцыянавання інфармацыі ў нежывой, жывой прыродзе і грамадстве;
· меры інфармацыі сінтаксічнага, семантычнага і прагматычнага ўзроўняў, атрыбутыўныя і прагматычныя ўласцівасці інфармацыі, знешнія і ўнутраныя функцыі інфармацыі;
· віды і формы прадстаўлення інфармацыі ў інфармацыйных сістэмах;
· механізмы арэчаўлення інфармацыі і асаблівасці дакументальнай формы арэчаўлення;
· рэсурсны падыход да інфармацыі, азначэнне, спецыфіку, уласцівасці, функцыі і відавую класіфікацыю інфармацыйных рэсурсаў;
· сутнасць і разнавіднасці інфармацыйных і камунікатыўных працэсаў у грамадстве;
· асноўныя кампаненты сацыяльнай камунікацыі і яе элементарную схему;
· камунікатыўныя патрэбы як зыходную прычыну камунікатыўнай дзейнасці
· функцыі камунікацыі, формы і віды камунікатыўнай дзейнасці;
· віды памяці і мнемічныя дзеянні, структуру сацыяльнай памяці грамадства;
· натуральныя і штучныя камунікатыўныя каналы;
· асаблівасці і спецыфіку камунікацыі ў розных сацыяльных сферах
· спецыфіку бібліятэчна-бібліяграфічнай дзейнасці як каналу сацыяльнай камунікацыі, асноўны прадмет бібліятэчна-бібліяграфічных камунікацый, тыпы і віды камунікацыі ў бібліятэчнай сферы;
· законы і заканамернасці інфармацыі і камунікацыі.
У выніку засваення гэтых ведаў студэнт павінен валодаць наступнымі спосабамі мысленчай і практычнай дзейнасці:
· праводзіць сістэмны і параўнальны аналіз разнастайных канцэпцый разумення інфармацыі і камунікацыі;
· абгрунтоўваць правамернасць рэалізацыі ў інфармацыйна-камунікацыйнай тэорыі і практыцы розных канцэпцый ў залежнасці ад мэты даследчай і практычнай дзейнасці;
· аналізаваць і праводзіць размежаванне па аб’ёме і змесце паняццяў “інфармацыя” і “камунікацыя” з сумежнымі паняццямі;
· выкарыстоўваць міждысцыплінарныя падыходы да вывучэння інфармацыйна-камунікатыўных працэсаў;
· тлумачыць сутнасць асноўных катэгорый тэорыі інфармацыі і камунікацыі, выкарыстоўваць лагічныя і гістарычныя, сутнасныя і фенаменалагічныя, змястоўныя і фармальныя падыходы да вывучэння інфармацыйна-камунікатыўных працэсаў і з’яў;
· прадстаўляць інфармацыйныя працэсы і працэсы камунікацыі на мове тэорыі інфармацыі і камунікацыі;
· вызначаць характэрныя рысы камунікацый у сістэме класічнага, некласічнага і постнекласічнага тыпу рацыянальнасці, месца і ролю уласнай прафесійнай дзейнасці у сістэме сучасных сацыяльных камунікацый;
· выстройваць прафесійную камунікацыю на аснове ведаў аб відах, жанрах і стылях сацыяльнай камунікацыі;
· вызначаць камунікатыўныя патрэбы і спосабы іх задавальнення, умець ацаніць эфектыўнасць бібліятэчна-бібліяграфічных зносін, вызначыць праблемы і шляхі іх пераадолення.
Паспяховае засваенне студэнтамі курса “Тэорыя інфармацыі і камунікацыі” магчыма на аснове трывалых ведаў, атрыманых пры вывучэнні іншых агульнанавуковых і агульнапрафесійных дысцыплін.
У межах вывучэння курса прадугледжаны наступныя віды заняткаў: лекцыі, семінары, заданні для самастойнай работы студэнтаў; разнастайныя формы бягучага кантролю за паспяховасцю студэнтаў. Вучэбная дысцыпліна разлічана на 126 гадзін, у тым ліку 48 гадзін аўдыторных заняткаў.
ЗМЕСТ КУРСА
Уводзіны
Прадмет, структура, задачы курса “Тэорыя інфармацыі і камунікацыі”, яго месца ў сістэме прафесійнай падрыхтоўкі бібліятэкараў-бібліёграфаў. Кампетэнцыі, якія набываюць студэнты ў працэсе вывучэння курса. Асноўныя віды вучэбных заняткаў і арганізацыя самастойнай работы студэнтаў, формы кантролю. Вучэбна-метадычная забяспечанасць курса.
РАЗДЗЕЛ І. ТЭОРЫЯ ІНФАРМАЦЫІ