Хвілінка адкрыццяў, праца ў сшытку.
Урок 9
Тэма: Я і мая сям’я. Асабістая гігіена
Мэты:
· вучыць адрозніваць беларускае маўленне ад рускага на слых, распазнаваць і вымаўляць гук [ц`] і словы з ім, пазнаёміць з лексікай, якая абазначае прадметы асабістай гігіены, фарміраваць уменні асэнсаванага ўспрымання беларускай мовы на слых,
· фарміраваць уменне адказваць на пытанне, карыстаючыся словамі самога пытання, правільна і дакладна ўжываць словы пры канструяванні сказаў па ўзоры;
· выхощваць здаровы лад жыцця.
Абсталяванне: падручнікі, сшыткі, простыя алоўкі.
Ход урока
Арганизацыйны момант
І. Маўленчая размінка
– Сёння пазнаёмімся з гукам беларускай мовы, якога няма ў рускай мове. Гэта гук [ц`].
1) – Паслухайце верш і вылучыце словы з гукам [ц`]:
Коцік.
Брудным быць не хоча коцік:
Мые спінку і жывоцік.
Мые лапкі, хвосцік мые…
Вучаць коціка малыя:
– Станеш чыстым, коце мілы,
Калі будзеш мыцца з мылам.
В.Гардзей.
– Назавіце словы з гукам [ц`]. (Вымаўленне названых слоў хорам. Вылучэнне і вымаўленне гука [ц`]).
2) – Дагаворвайце склад, які вымаўляецца ўпачатку:
Цы-цы-цы – дзеці малай...(цы)
Ці-ці-ці – трэба нам іс...(ці)
Цэ-цэ-цэ – аловак ў ру...(цэ)
Це-це-це – кветачка цві...(це)
(Кожны радок пасля дагаворвання паўтараецца поўнасцю хорам і выбарачна індывідуальна).
ІІ. Лексічная праца
Дамінуючы лексічны матэрыял: асабістая гігіена, люстэрка, расчоска, насоўка, ручнік, мыла, грэбень, шыя, галава, твар, вочы, вушы, выціраць твар ручніком, я мыюся, выціраюся, прычэсваюся, апранаюся.
– Паслухайце верш пра дзяўчынку Танечку і скажыце, што яна ўжо навучылася рабіць?
Я сама
– Хадзі, будзем апранацца…
– Я сама! Я сама!
– Хадзі, будзем умывацца…
– Я сама! Я сама!
– Дык хадзі хоць прычашу я…
– Я сама! Я сама!
Вось умеліца якая
Наша Танечка малая!
І. Муравейка
– Адкажыце на пытанне: што Танечка навучылася рабіць? Сапраўды, самастойныя людзі захоўваюць (соблюдают) правілы асабістай гігіены. Зараз даведаемся, як называюцца рэчы, якія ім у гэтым дапамагаюць.
1) – Разгледзьце малюнкі ў сшытку. Я буду называць прадмет, а вы злучыце яго алоўкам з адпаведным малюнкам, на якім бачна, як гэты прадмет выкарыстоўваецца (іспользуется): мыла, расчоска (ці грэбень), люстэрка, насоўка, ручнік.
– Адкажыце на пытанні і праверце, ці правільна вы выбралі малюнкі: Чым хлопчык мые рукі? Чым дзяўчынка расчэсвае валасы? У што яна глядзіцца? Чым хлопчык выцірае твар? Што мама дае дзяўчынцы? Для чаго насоўка? Здагадайцеся па назве прадмета.
Паслухайце верш і запомніце, як па-беларуску называюцца часткі цела.
У кране чыстая вадзіца,
мы пад кранам любім мыцца.
Мыем вушы, мыем ручкі,
мыем носік, вочкі-сплючкі,
шчочкі мыем, шыю мыем
пахкім мылам, пахкім мылам.
Ул. Карызна.
Пералічыце, што мыюць дзеці? Назавіце гэтыя ж словы без ласкавага адцення. (Апошнія чатыры радкі завучваюцца на памяць і вымаўляюцца хорам з адпаведнымі рухамі).
ІІІ. Аўдзіраванне
1) – Сёння казачнік Бай прапануе нам паслухаць казку “Цяжкая навука”. Хто назіраў, як кацяня вучыцца лавіць мышак? Ці адразу ў яго гэта атрымліваецца? Разгледзьце малюнкі, якую цяжкую навуку не можа адолець каток?
Цяжкая навука
Казка аб тым,
Як нялёгка зусім,
Хоць нарадзіўся ты
З лапамі і хвастом,
Стаць катом.
Было гэта не зімой, не летам, ды вядома дакладна, што перад абедам. Вывеў стары Кот маладога Катка за браму і сказаў прама:
-- Хопіць табе, сын, на маёй шыі сядзець. Пабегаў, пагуляў, усмак паеў, удосыць паспаў – час і самому мышэй лавіць.
-- А якія яны, мышы? – упершыню пацікавіўся Каток.
-- А яны, гэта, во-о-о-сь з такімі хвастамі! – развёў стары Кот лапы як мага шырэй. І на цёплую печ падаўся.
Каток вакол хаты абышоў, уздоўж плота прабег – на луг выйшаў. Бачыць, нейкія звяры пасвяцца – хвасты ледзь не да зямлі звісаюць.
"Бач, колькі мышэй… -- узрадаваўся Каток. – А хвасты ў іх яшчэ даўжэйшыя, чым бацька паказваў".
Падкраўся ды хоп за хвост!
-- М-м-му-у! – спалохаўся звер ды як махне хвастом – Каток тры разы цераз галаву перакуліўся.
Падхапіўся, абтросся – з усіх ног дамоў панёсся.
-- Ну, як паляванне? – пацікавіўся стары Кот. – Упаляваў хоць адну мышку?
-- Злавіў, -- мяўкнуў Каток. – Толькі яна так хвастом махнула, што я тры разы цераз галаву перакуліўся.
І Каток расказаў усё, як было.
-- Дурненькі, -- уздыхнуў стары Кот, -- ты ўхапіў за хвост не мышку, а … (карову).
-- А якія яны, мышы? – другі раз пацікавіўся Каток.
-- А яны, гэта, -- задумаўся стары Кот, -- такія маленькія, шэрыя…
Нічога не заставалася Катку, як зноў на паляванне падацца.
За браму выйшаў, вакол хаты абабег – бачыць, бабка Матруна сядзіць вяжа, у руках палачкі мільгаюць, а на зямлі каля яе нешта маленькае шэрае падскаквае – хвост доўгі, проста бабулі Матруне ў рукі цягнецца.
"Дык вось яна якая, мышка!" – узрадаваўся Каток.
Падкраўся неўпрыкметку – цоп! – і ўчапіўся кіпцямі ў маленькае і шэрае.
-- Ах ты, дурненькі, -- устала з прызбы бабка Матруна. – Ты чаму не даеш мне ўнуку рукавічкі вязаць? – ды як шпурне ў Катка недавязанай рукавічкай.
Яно і не балюча, ды крыўдна.
Каток абтросся – і з усіх ног дамоў панёсся.
-- Ну, як паляванне? – пацікавіўся стары Кот. – Упаляваў хоць адну мышку?
-- Злавіў, -- мяўкнуў Каток. – Толькі бабка Матруна адабрала – запусціла ў мяне …рукавічкай.
І Каток расказаў усё, як было.
-- Дурненькі, -- уздыхнуў стары Кот. – Гэта ты не мышку злавіў, а ў клубок нітак учапіўся. Наша справа – мышы!
-- А якія яны, мышы? – трэці раз пацікавіўся Каток.
-- А яны, гэта, -- наморшчыў лоб стары Кот, - сыр любяць.
Каток трэці раз на паляванне падаўся.
Цераз двор прабег, вакол хаты абышоў, у хлеў зазірнуў. Бачыць, на бервяне звярок сядзіць, чорную скарыначку грызе. Сам маленкі, шэранькі, хвосцік да зямлі звісае.
"Па ўсіх прыкметах – мышка, - падумаў Каток. – Але чаму яна хлебную скарыначку грызе, а не сыр? Трэба спытацца, а то і трэці раз памыліцца няцяжка…"
Падышоў Каток і ледзь чутна пытае:
-- Ты сыр любіш?
-- Ой! – схамянулася Мышка і ад перапуду хлебную скарыначку ўпусціла. – Люблю, -- прызналася яна.
-- Цудоўна! – пацёр Каток лапкі. – Урэшце я знайшоў тое, што шукаў… Зараз я цябе злаўлю і папалудную.
Зразумела Мышка, што трэба неяк выкручвацца, сваё жыццё ратаваць. – пачала хітраваць.
-- Пачакай крышку, паважаны Кот, -- пачала яна прасіць. – Раз мне выпаў лёс табе на абед трапіць – нікуды не падзенешся. Толькі ў мяне цяпер усе зубы чорныя – сам бачыў, я гарэлую скарыначку грызла. Адпусці на хвілінку дадому – зубы пачысціць. Не да твару табе, паважанаму Кату, нейкай там мышкай-замухрышкай палуднаваць.
Прыемна Катку такія словы чуць. Нават сам сябе паважаць пачаў.
-- Добра, -- згадзіўся, -- ідзі, толькі доўга не затрымлівайся.
Шмыгнула Мышка ў норку і як у ваду канула.
А Каток аж дасюль каля норкі сядзіць – Мышку чакае. Калі, вядома, не падрос за гэты час ды не паразумнеў.
Не простая гэта справа стаць добрым катом!
Іван Бурсаў.
3) Як вы думаеце, стары Кот пашкадуе ці пасварыцца на Катка? Якія пачуцці выклікаў у вас Каток: шкадаванне ці насмешку? З кім блытаў мышку Каток? Чаму гэта адбывалася? Якая размова адбылася ў Катка з Мышкай? Скажыце, хто, па-вашаму, хітрэйшы: Каток ці Мышка? Чаму вы так лічыце? (ужыванне канструкцыі "… хітрэйшы за…"). Паслухайце ўрывак з казкі і скажыце, як вы разумееце выраз “як у ваду канула”? Можа мышка скокнула ў ваду?
Шмыгнула мышка ў норку і як у ваду канула.
Паслухайце ўрывак з казкі і скажыце, як вы разумееце выраз “на маёй шыі сядзець”? Хіба каты носяць кацянят на шыі?
Хопіць табе, сын, на маёй шыі сядзець.
Падумайце, якія якасці (уласцівасці) патрэбныя, каб стаць добрым катом (адкажыце “так” або “не”): пушысты хвост, вострыя кіпцюры, добры зрок, уменне гучна мяўкаць, спрыт, хітрасць? Чаго яшчэ не было ў Катка?
Хвілінка адкрыццяў, праца ў сшытку.
Паглядзіце на малюнак у сшытку, паслухайце ўрывак з казкі і скажыце, што абазначае слова "плот" у беларускай мове? А што абазначае гэта слова ў рускай мове?
Вакол хаты абышоў, уздоўж плота прабег – на луг выйшаў.
Адкажыце на пытанні і абвядзіце на малюнку ў сшытку: Што расце каля плота? Хто сядзіць на плоце? Што можа быць за плотам?
IV. Вынік урока
Які гук беларускай мовы вучыліся вымаўляць? Назавіце словы з гэтым гукам. Якія рэчы патрэбныя для асабістай гігіены? Які эпізод казкі вам асабліва запомніся?