Паслухайце тэкст. Разгледзьце партрэты на дошцы.

Урок 25

Тэма: Мясціна, дзе я жыву. Славутыя землякі

Мэты:

— працягваць работу па выпрацоўцы артыкуляцыйных навыкаў; фарміраваць уменні аўдзіравання; працаваць над назапашваннем лексікі тэматычных груп, уключаць яе ў актыунае суразмоуніцтва па змесце праслуханых тэкстаў;

— вучыць чытаць па-беларуску, выкарыстоўваючы навык чытання, набыты на ўроках навучання грамаце; вучыць правільна вымаўляць пры чытанні гукавыя адпаведнікі літары г; фарміраваць першапачатковыя чытацкія ўменні пры адказе на пытаны па прачытаным;

— выхоўваць пачуццё гонару за сваіх славутых землякоў.

Абсталяванне: падручнік, партрэты Ефрасінні Полацкай, Я. Купалы,

Я. Коласа, У. Карвата.

Ход урока

І. Лексічная праца

Дамінуючы лексічны матэрыял: славуты, герой, зямляк, першадрукар, асветнік, знакаміты, партызан, воін, Герой Беларусі.

1) Успомніце, як называюць родных вам людзей? Як назваць іх адным словам? (Сваякі.) Людзі, якія жывуць у адной мясціне (у вёсцы, у горадзе, у адной краіне) называюцца землякі. Сёння мы пагаворым пра нашых славутых. знакамітых (известных) землякоў, якія праславілі беларускую зямлю на ўвесь свет.

2) 3 «Буквара» вы ўжо ведаеце некалькі іменаў славутых землякоў. Назавіце іх. Хто такая Ефрасіння Полацкая? Паслухайце верш і скажыце, каму ён прысвечаны?

Скарына

Асветнік, вучоны

I першадрукар.

Наш гонар —

Францішак Скарына.

Запомні ўсім сэрцам

Як велічны дар

Радзімы

Славутага сына.

— Пра каго гэты верш? Якія словы былі для вас незразумелыя? Хто такі Скарына? Як аўтар называе Скарыну? Як вы разумееце выраз: «Наш гонар — Францішак Скарына»?

Паслухайце тэкст. Разгледзьце партрэты на дошцы.

— Янка Купала і Якуб Колас —- народныя паэты Беларусі. Яны горача любілі сваю Радзіму. Янка Ку­пала і Якуб Колас напісалі шмат цікавых твораў для дзяцей і дарослых. Гэта нашы славутыя землякі.

— Хто такія Янка Купала і Якуб Колас? Як яны любілі сваю Радзіму? Хто напісаў шмат цікавых твораў для дзяцей? Прачытайце словы на дошцы:

Янка Купала Якуб Колас

— Што вы ведаеце пра іх?

4) Шмат воінаў і партызан у гады Вялікай Айчыннай вайны сталі героямі, абараняючы родную Бела­русь ад ворага. Ёсць героі і ў наш час. Паслухайце.

У лётчыка Уладзіміра Карвата падчас палёту загарэўся самалёт. Лётчыку была дадзена каманда пакінуць самалёт. Але ўнізе на зямлі былі вескі. Там жылі і працавалі людзі, гулялі дзеці, і самалёт мог упасці на іх. Уладзімір Карват адвёў самалёт ад вёсак, выратаваў жыхароў, а сам загінуў. Пасмяротна яму было прысвоена званне Героя Беларусі.

— Кім быў Уладзімір Карват? Што здарылася з яго самалётам? Чаму ён не змог пакінуць самалёт? Якое званне яму было прысвоена пасмяротна?

— Якіх славутых землякоў свайго горада (вескі) вы ведаеце? Раскажыце.

II. Аўдзіраванне

1) Казачнік Бай падрыхтаваў для слухання казку, якая называецца «Хітры мужык». Паспрабуйце здагадацца па малюнках, хто з дзеючых асоб хітры мужык?

Хітры мужык

Даўней мужыка за чалавека не лічылі. Нават прыказка ў паноў была: дурны мужык, як варона. А мужык — таксама чалавек. I не хацеў ён мірыцца з панскімі здзекамі (издевательствами).

Вёз адзін чалавек у горад дровы прадаваць. Даганяе яго пан у брычцы.

— Гэй, мужык! — крычыць пан. — Прэч з дарогі! Мужык быў востры на язык, хітры, як ліс. Надакучыла яму цярпець знявагу (унижения) пана, вось і вырашыў ён заступіцца за сябе.

Мужык пакінуў воз, сышоў з дарогі і кажа:

— Едзь, пане, хоць да д'ябла (к дьяволу).

Пан падумаў, што мужык дурны, не зразумеў яго.

— Прэч з канем! — растлумачыў ён мужыку. Мужык выпраг каня, звёў убок, а воз пакінуў на дарозе. Узлаваўся пан на мужыка:

— Прэч з возам, пся крэў!

— То так бы ты адразу і казаў! — усміхнуўся мужык.

Запрог каня і з'ехаў з дарогі.

Прыехаў пан у горад, пераначаваў, а назаўтра пайшоў на кірмаш шукаць аўса. Ходзіць па рынку ды распытваецца, хто прадае авёс. Падышоў і да таго чалавека, якога ўчора дагнаў на дарозе. Людзей на кірмашы многа, і пан яго не пазнаў.

— Ці не чуваць тут аўса? — пытаецца пан.

— Аўса? — перапытаў мужык.

— Але, аўса.

Мужык зрабіў выгляд, што не зразумеў пытання пана.

— Пачакай, пане, — кажа мужык, — зараз даведаемся.

Узлез ён на воз і ветрыць носам. Панюхаў, па­нюхаў і адказвае:

— Не, пане, не чуваць...

Бачыць пан — жартуе з яго мужык. — Ці не ўчарашні ты? — пытаецца пан. А мужык зноў смяецца:

— Бадай цябе, пане, качкі стапталі! — адказвае мужык. — Мне ўжо гадоў за сорак мінула, а ты кажаш — учарашні!

Пан злуецца:

— Чый ты, мужык?

Ён хацеў пачуць, якому пану належыць мужык. А той зноў жартуе:

— Мар'янін.

— А хто Мар'яна?

— Жонка мая.

Пан аж пачырванеў ад злосці:

— А хто ў вас старэйшы?

Мужык зноў прыкінуўся, што не разумее пана:

— Ёсць у нас, пане, адна бабка, Даміцэля, дык ёй ужо гадоў за сотню будзе: яна за ўсіх старэйшая.

Плюнуў пан і аж зайшоўся ад злосці:

— Я не аб тым цябе пытаю: каго вы слухаеце?

— А-а... То так бы і казаў! Ёсць у нас у вёсцы хлопчык гадоў васьмі ці дзевяці. Ён як пачне іграць на дудачцы, дык уся веска збягаецца слухаць.

— Ды не! — тупае пан. — Я пытаюся: каго ты баішся?

— А-а... Ёсць у нашага Піліпа сабака паганы, дык мы ўсе яго баімся: хто каля Піліпавага двара ідзе, палку нясе.

— Вось жа бесталковы мужык! Я пытаюся, хто у вас вышэйшы.

Бачыць пан, што з мужыком не згаварыцца, пачаў у другіх дапытвацца, чый гэта мужык — якога пана?

Дапытаўся і паехаў да тага пана.

— Твой мужык з мяне жартуе, — скардзіцца ён пану.

Загадаў пан прывесці мужыка. Павялі мужыка ў панскія пакоі.

— Што з ім рабіць?

— Даць розгаў! — раіць пан-госць.

— Гэй, даць мужыку розгаў! — крыкнуў пан. Прынёс слуга пук розгаў. А мужык узяў розгі:

— Яны мне ў гаспадарцы спатрэбяцца, — і шусь за парог.

Паны так і аслупянелі.

2) Калі вам хацелася смяяцца, слухаючы казку? Рас­кажыце самы смешны зпізод, гледзячы на малюнкі.

3) Хвілінка адкрыццяў.

— Пра каго гавораць, што ён легкі на слова? Спрытны на язык? А пра каго кажуць, што ён языком меле, балбоча, як цецярук, языком звоніць, язык распусціў?

III. Навучанне чытанню

1) Успомніце, якія словы з гукам [г] вы пачулі, калі слухалі казку? Як вымаўляецца ў беларускай мове гук [г]? Якой літарай ён абазначаецца? Растлумачце, чаму мастак намаляваў літару г менавіта так?

2) Чытанне слоў першага, другога, трэцяга слупкоў.

— Што значыць «загад»? Хто можа аддаць загад? Каго называюць гаспадаром?

3) Чытанне сказаў у падручніку з папярэдняй падрыхтоўкай (гл. папярэднія ўрокі).

4) Адказ на пытанні.

— Навошта мужык ехаў у горад? Хто яго дагнаў? Якім быў мужык?

IV. Вынік урока

— Каго называюць землякамі? Што значыць славутыя землякі? З якой літарай пазнаеміліся? У чым асаблівасць вымаўлення гука, які абазначаецца гэтай літарай?

Наши рекомендации