Не кажы «гоп», пакуль не пераскочыш
Урок 27
Тэма: Я і мая Радзіма. Сімвалы Беларусі
Мэты:
· працягваць работу па выпрацоўцы артыкуляцыйных навыкаў; фарміраваць уменні аўдзіравання;
· працаваць над назапашваннем лексікі тэматычных груп, уключаць яе ў актыўнае суразмоўніцтва па змесце праслуханых тэкстаў;
· вучыць чытаць па-беларуску, выкарыстоўваючы навык чытання, набыты на ўроках навучання грамаце; вучыць правільна вымаўляць пры чытанні гукавыя адпаведнікі літар г, ч, ў;
· фарміраваць першапачатковыя чытацкія ўменні пры адказе на пытанні па прачытаным;
· Выхоўваць патрыятызм і грамадзянскую свядомасць.
Абсталяванне: падручнік, выявы герба i сцяга Рэспублікі Беларусь, аўдыязапіс гімна Рэспублікі Беларусь.
Ход урока
I. Лексічная праца
Дамінуючы лексічны матэрыял: герб, сцяг, гімн, Рэспубліка Беларусь.
— Як называецца наша краіна?
— У кожнай краіны ёсць дзяржаўныя (государственные) сімвалы. Гэта герб, сцяг i гімн.
1) Разгледзьце выяву герба Рэспублікі Беларусь. Што вы бачыце на iм? Чаму на iм каласы? Канюшына? Лён? Якія колеры выкарыстаны? Прачытайце сказ на дошцы:
На гербе — кветкі i калоссе.
— Разгледзьце выяву сцяга Рэспублікі Беларусь.
Якія ён мае колеры? Чаму? Прачытайце сказ на дошцы, дапоўніще яго вусна.
Колеры нашай краіны.
— Паслухайце фрагмент гімна i скажыце, як вы разумееце словы «сэрцам адданыя роднай зямлі»?
Мы, беларусы — мірныя людзі,
Сэрцам адданыя роднай зямлі,
Шчыра сябруем, сілы гартуем
Мы ў працавітай, вольнай сям’і.
М. Kлімковіч, У. Карызна.
— Што значыць «шчыра сябруем»? «сілы гартуем»? (Вымаўленнне фрагмента гімна хорам.)
II. Аўдзіраванне
1) Чым незвычайныя малюнкі? Гэта адбываецца на самай справе ці ў марах? Назва ў казкі таксама дзіўная — «Не кажы "гоп", пакуль не пераскочыш». Паслухайце i падумайце, чаму яна так называецца.
Не кажы «гоп», пакуль не пераскочыш
Паляўнічыя — штукары на выдумкі, што i казаць. Любяць прылгаць i памарыць аб паляўнічым шчасці.
Дык вось. Жыў-быў некалі адзін такі паляўнічы. Пайшоў ён у лес на ваўка, глядзіць — заяц пад кустом спіць. Тоўсты шарак, сыты. Адкарміўся за лета на добрых харчах.
Дастаў узрадаваны паляўнічы капшук з тытунём, нaпixaў люльку, а сам думае, любуючыся зайцам: «Няхай, небарака, яшчэ паспіць. Ад сну не толькі чалавек, але i заяц тлусцее. Нікуды ад мяне ён цяпер не ўцячэ. А што ж я з iм зраблю, як застрэлю? Ага! От што зраблю. Мяса пасалю, у дзежку складу, буду есці патрошку, а шкуру — хвацкая шкура! — прадам. Немалыя грошы вазьму! Дзешава не прадам. Буду таргавацца. Так, так. А што за тыя грошы куплю?»
Прыкінуў мужык-паляўнічы i так i гэтак: шмат дзірак у гаспадарцы на тыя грошы. «Ага! — падумаў ён. — Лепш за ўсё куплю за ix курачку. Яна яек нанясе. Потым пасаджу яе на тыя яйкі ў рэшата, яна куранятак выведзе: пеўнікаў i курачак. Пеўнікаў, як падрастуць, парэжу — зноў мяса будзе, а курачак прадам — зноў грошы будуць. Немалыя грошы! Што я за ix куплю? Ага! Куплю на гэты раз авечку. Яна прывядзе ягнятак: баранчыка i авечачку. Баранчыка, як падрасце, я на мяса зарэжу — от жа наемся цяпер мяса ўдосталь. А авечачку гадаваць буду. Год за годам — i цэлую чараду авечак развяду. Так, так, далібог, развяду. Гм... Што ж цяпер з iмi рабіць буду?»
Думаў-думаў паляўнічы, так i гэтак меркаваў. «Ага! — надумаўся нарэшце. — Чараду авечак я таксама прадам. Цэлы мех грошай за ix вазьму. За тыя грошы куплю карабель, нагружу яго лёнам i семем ды паеду за мора гандляваць. Яшчэ больш грошай утаргую. Вярнуся дахаты, куплю маёнтак, стану панам. Зямлю мужыкам у арэнду аддам, немалыя падаткі на ix накладу, а сам буду гаць-гуляць ды на слуг пакрыкваць. Прыйдзе каторы з мужыкоў-арандатараў да мяне ў палацы, паклоніцца нiзкa: "Паночак, будзь ласкаў, пачакай з падаткам на зямлю. Зараз грошай няма. Аддам пасля з дабаукаю..." А я вусы падкручу ды як закрычу:
— Прэч, мужык, з вачэй! Нясі падатак хутчэй!»
I так моцна крыкнуў шчаслівы паляўнічы, што заяц пpaxaпiўся — ды толькі яго i бачылі.
Недарэмна ж кажуць: «Не здзipaй шкуры з незабітага мядзведзя». Або яшчэ лепш: «Не кажы "гоп", пакуль не пераскочыш».
2) Пра што марыў паляўнічы, убачыўшы зайца? Што здарылася ў канцы казкі? Калі ў народзе кажуць: «Яшчэ не зaбiў, а ўжо скубе», «Не здзірай шкуры з незабітага мядзведзя»? Што высмейваецца ў казцы? У якой паслядоунасці трэба размясціць малюнкі?
Хвіліка адкрыццяў.
— Паслухайце ўрывак з казкі i скажыце, як вы разумееце выраз “шмат дзірак у гаспадарцы”.
Прыкінуў мужык-паляунічы i так i гэтак: шмат дзірак у гаспадарцы на тыя грошы.
III. Навучанне чытанню
1) Што paбiў паляўнічы каля зайца? (Сядзеў, глядзеў, думаў.) Які гук чуецца ў гэтых словах на канцы? Разгледзьце малюнак. На што падобны гэты гук?
— Гэты гук абазначаецца літарай у (у нескладовае) (Настаунік паказвае абрысы літары.)
— Прачытаем склады, надрукаваныя на дошцы, паўтараючы за мной:
аў оў уў ыў iў яў
— Прачытаем словы, надрукаваныя на дошцы, паўтараючы за мной:
мяў гаў даў рыў чуў пiў роў
— Прачытайце словы ў падручніку.
2) Прагледзьце першы сказ тэксту ў падручніку. Знайдзіце ў iм словы з у, прачытайце кожны «сам сабе». Прачытайце сказ уголас. (Аналагічная праца з кожным сказам.)
— Знайдзіце ў тэксце i прачытайце адказы на пытанні. На каго паляваў мужык? Каго ён убачыў у лесе? Пра што падумаў паляўнічы? Як вы разумееце апошні сказ? Да якога малюнка можна аднесці апошнія сказы?