З песняў беларускага мужыка

М.Багдановіч

Апокрыф

1. Ад Максіма Кніжніка пачатак...

2. I калі скончылася сем тысяч год ад стварэння свету, Хрыстос ізноў зышоў на зямлю і хадзіў па ёй, каб споўнілася тое, аб чым сведчылі прарокі.

3. I хадзіў Ён па ўсім Забраным Краі і па Занёманшчыне, і па Задзвіншчыне, і па Бярэзінскай зямлі.

4. I разам з ім святы Пётра і святы Юр'я. Але ніхто з людзей не пазнаваў Яго.

5. Бо ішлі яны босымі нагамі з непакрытымі галовамі і былі адзетыя ў белы кужаль ды суконныя світкі, а не таго спадзяваліся людзі.

6. Таму ніхто не ўзяў увагі на іх, калі ў часе жніва праходзілі між працуючых людзей.

7. Толькі музыка, катораму цяпер не было чаго рабіць, падыйшоў да іх і сказаў: сорамна мне, бо сягоння дзень працы і ўсе клапоцяцца каля зямлі; адзін я нікчэмны чалавек.

8. I сказаў яму Хрыстос: не смуціся ў сэрцы сваім. Ці ж не твае песні спяваюць яны цяпер, у часе жніва! Таму не схіляй нізка галавы твае, і не хавай аблічча ад вачэй людскіх.

9. Бо няма праўды ў тым, каторы кажа, што ты — лішні на зямлі. Запраўды кажу я табе: надыйдзе яму гадзіна горычы — і чым ён разважыць тугу сваю, апроч песні твае? Як у дзень смутку, таксама ў дзень радасці ён прызавець цябе.

10. I навучаючы яго, казаў: пад песні кладуць чалавека ў калыску, і з спевамі ж апушчаюць у магілу яго.

11. Штодзённымі клопатамі поўніцца жыццё людское. Але калі зварухнецца душа чалавека,— толькі песня здолее спатоліць яе. Шануйце ж песні свае.

12. Бо спяваюць навет і жабы ў багне, а ці ж не лепшымі будзеце вы за іх?

13. Так навучаў Хрыстос музыку. Але Пётра, пачуўшы словы яго, сказаў: Вучыцелю, у гэтай краіне ёсць людзі, каторым няма чаго есці. Ці ж не сціснецца ад сораму сэрца таго чалавека, каторы, шукаючы скарынкі хлеба, прыйдзе з песняй да іх?

14. У адпаведнасці яму, сказаў Хрыстос: так, жыццё гэтых людзей цяжкое, беднае і прыгнечанае. Чаму ж ты хочаш яшчэ пазбавіць іх красы! Мала дадзена ім — няўжо ж трэба, каб было яшчэ менш?

15. I, абярнуўшы аблічча сваё да музыкі, папытаўся: калі пяюць песні ў вас?

16. Музыка адказаў: пяюць на Каляды, на Запускі, на Вялікдзень, на Тройцу, на Яна Купалу, у Пятроўку, на зажынках і дажынках.

17. Пяюць на радзінах і хрэсьбінах, пяюць дзіцё калыхаючы, і самі дзеці пяюць гуляючы; пяюць на ігрышчах і вяселлях, і на хаўтурах, і ў бяседзе, і пры працы, і на вайну ідучы, і ўва ўсякай іншай прыгодзе. Увесь круглы год пяюць.

18. I мовіў Хрыстос Пятру: ты, шкадуючы галодных людзей, асудзіў песню, але самі галодныя не асудзілі яе. Жывая яшчэ душа ў народзе гэтым.

19. Тады ізноў сказаў Пётра: але няхай жа ў песнях будзе страва для душы, няхай будуць думкі добрыя і навучаючыя, каб апроч красы, быў у іх і спажытак чалавеку.

20. I адказаў яму Хрыстос: няма красы без спажытку, бо сама краса і ёсць той спажытак для душы.

21. I навучаючы іх, мовіў: агляніцеся навокал! Ці ж не ніва калыхаецца каля нас?

22. Цяжка каля яе працаваў гаспадар і, вось бачыць: паміж збожжа ўзраслі васількі.

23. I сказаў ён у сэрцы сваім: хлеб адбіраюць у мяне гэтыя сінія кветкі, бо поўнаважкія каласы маглі б узрасці тут заміж васількоў.

24. Але, яшчэ з маляцця краса іх прыйшлася мне да душы. I таму я не вырву з каранём іх і не выпляню, як усякае благое зелле. Няхай растуць і радуюць, як у маленстве, сэрца маё.

25. Так казаў сабе гаспадар у сэрцы сваім! I не падняў ён рукі на васількі.

26. Я ж кажу вам: добра быць коласам; але шчаслівы той, каму дадзена быць васільком. Бо нашто каласы, калі няма васількоў?

27. I, кажучы так, пачуў Ён песню жнеек, і прамовіў: слухайце што кажуць словы гэтай песні. Яе складалі людзі, якія ведаюць, чаго варты хлеб.

28. Яны ж пачулі, што словы тэй песні кажуць: няма лепш цвяточка над васілёчка. I далей ужо моўчкі ішлі яны.

29. I босыя ногі Хрыста пакідалі на цёплым, мяккім пылу дарогі сляды.

30. Але гора вам, людзі, бо даўно ўжо затапталі вы іх.

Амін.

Рукапіс гэты адшукау Максім Багдановіч

На чужыне

Вакол мяне кветкі прыгожа красуюць.

Маркотна між іх я хаджу адзінок,

Аж бачу - мне сіняй галоўкай ківае

Наш родны, забыты ў цяні васілёк.

«Здароў будзь, зямляча!» Чуць бачны ў даліне,

Панура, нявесела шэпча ён мне:

«Ўспамянем, мой дружа, ў багатай чужыне

Аб беднай, далёкай сваёй старане».

1908

Мае песні

І

Калі смутак моцна дзьме душу маю

І шкада мне дзён загубленых сваіх, -

Я паціху песні сумныя пяю,

Ўсю жуду сваю выкладываю ў іх.

Ціха песня разліваецца, звініць,

Вымаўляе, як я моладасць згубіў,

Як дагэтуль не патрапіў палюбіць

І саўсім, бадай, праўдзіва шчэ не жыў.

ІІ

А як родную згадаю старану,

Як згадаю яе буднасць і нуду, -

Сэрца сціснецца, і я пяяць пачну, -

Мо душу хоць трохі гэтым адвяду.

Грозна песня разліваецца, грыміць,

Долю горкую, мужыцкую кляне,

Бо нявідзімы ланцуг на іх вісіць,

Бо ім цяжка жыць у роднай старане.

1908

Ноч

Ціха ўсё было на небе, зямлі і на сэрцы...

Ноч цемнатою навокала ўсё пакрывала,

Ясныя зоркі блішчалі, і месяц ўжо выплыў,

Неба, і лес, і палі серабром аблівая.

Ўсё ўжо уснула, і толькі бярозы шапталісь,

Толькі асіны шумелі, і толькі калоссі,

Ў полі шырокім качаясь, зямлю цалавалі.

Ціха ўсё было на небе, зямлі і на сэрцы.

1908

Над магілай

Каля шляху ў чыстым полі

Магіла стаіць;

Кругом круціць завіруха,

Гуляе, шуміць.

На магіле адзінока

Каліна расце;

Яе вецер абвявае,

Мяцеліца гне

І навокала магілы

Спявае-гудзіць

Пра таго, хто ў чыстым полі

Пахаваны спіць...

[1908]

Прыйдзе вясна

Холадна. Вецер па полі гуляе,

Вые, як звер,

Снег узрывае, нуду наганяе, -

Кепска цяпер!

Але мне сэрца пяе: не нудзіся!

Прыйдзе вясна!

Гукне: «Прачніся, зямля! прабудзіся

З цяжкага сна!»

Сонца прагляне, зазелянее

Траўка ў лугу,

Гукне вясна і, як ветрам, развее

Гора-нуду!

1908

З цыкла «Эрас»

І

У космас схаваліся кветы

чырвоныя,

Кветы чырвоныя,

Неапылёныя.

Хцівасць жадання іх томіць

таёмная,

Томіць таёмная,

Сіла няскромная.

Але дарэмна ў іх сокі б'юць

шпаркія,

Сокі б'юць шпаркія,

Свежыя, яркія.

Звянуць яны, тыя кветы

чырвоныя,

Кветы чырвоныя

Неапылёнымі.

ІІ

Зірнуў, як між валос, між хмар калматых, цёмных

Чырвоны маладзік

І ўраз згадаў мне рад уздыхаў прыглушоных,

І мук любоўных крык,

І цела гібкага шалёнасць, ізвіванне,

І п'яны, душны пах...

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Ў грудзях сціскаецца гарачае дыханне,

Кроў хваляй б'е ў нагах.

[1908-1909]

* * *

Хмурыя, цёмныя гудзяць і шэпчуць елі.

Бор чырванее на яснай зары.

Грудзь вольна дыша, кроў калышацца ў целе, -

Ціха цалую мяккі мох на кары.

Сэрца гарачае да ствала прыжымаю,

Ясныя слёзы на смалу ціха лью,

Ў неба сінеючыя вочы падымаю, -

Дзіўнае нешта грудзь калыша маю.

Даўней цураўся я вас, сосны, елкі,

У месцы пыльным і душным праклятым жыццё прайшло,

А цяпер бачу я зялёныя іголкі,

Чую, як глуха стучыць дзяцел у дупло.

А цяпер бачу - неба борзда дагарае,

Сам у гэтым свеце ледзьве-ледзьве гарыш;

Ноч ідзе: месяц тонкі, белы выплывае

Там, дзе падняла ель зялёны свой крыж.

[1908-1909]

* * *

Я, бальны, бесскрыдлаты паэт,

Помню, раз пазабыў сваё гора, -

Гэта чуда зрабіў Ваш прывет.

Я - бальны, бесскрыдлаты паэт!

Мо жыцця майго верш ужо спет, -

Дык няхай Вам хоць песня гавора,

Як бальны, бесскрыдлаты паэт

На гадзіну забыў сваё гора.

1909

З цыкла «Лясун»

Прывольная, цёмная пушча:

Вялізныя ліпы, дубы,

Асінніка, ельніка гушча,

Між хвоі апаўшай - грыбы.

Ўсё дзіка, пустынна імшыцца,

Агністая спека стаіць.

На моху між спелай брусніцы

Лясун адзінокі ляжыць.

Каравая моршчыцца скура,

Аброс цёмным мохам, як пень,

Трасе галавою панура,

Бакі выгравае ўвесь дзень.

Гляджу на яго я уныла, -

На сэрцы і жаль, і жуда:

Ўсё знікла - і ўдаласць, і сіла!

Прапала, як дым, як вада!

[1909]

Хрэсьбіны лесуна

Бор шумеў, навяваў зводны сон,

А ў ім ціха гул раздаваўся, -

Гэта ў небе лясун калыхаўся

На вяршынах вялізных сасон.

Яму месяц маркотны свяціў,

Падымалі крыжы ў неба елі, -

І ў сіняй нябеснай купелі

Душу дзікую ён ахрысціў.

[1909]

З песняў беларускага мужыка

І

Гнусь, працую, пакуль не парвецца

Мне жыццё, як сагніўшая ніць;

А каб ведаў, што столькі пральецца

Майго поту, не стаў бы і жыць.

Адтаптаў сотні вёрст пехатом я,

Будаваў я дарогі, масты;

Ліўся пот мой, як рэзаў на ком'я

Плугам глебы сухія пласты.

Працаваў пад пяском, пад дрыгвою

І не мала там выцерпеў мук,

І не прыдзецца мне пад зямлёю

Гэтых чорных саромецца рук.

А канаць ужо час: пот і слёзы

Мне жыццё, нібы мышы, грызуць;

Гора гне, як мяцеліца лозы,

Цэлы век не дае мне дыхнуць.

Шчасце ж гляне і ў даль пранясецца,

І магу я аб ім толькі сніць...

Дык няхай жа, няхай сабе рвецца

Мне жыццё, як сагніўшая ніць.

ІІ

Я хлеба ў багатых прасіў і маліў, -

Яны ж мне каменні давалі;

І тыя каменні між імі і мной

Сцяною вялізнаю ўсталі.

Яна усё вышай і вышай расце

І шмат каго дужа лякае.

Што ж будзе, як дрогне, як рухне яна?

Каго пад сабой пахавае?

[1909]

Асенняй ночай

Чарнеецца сажаю вечар.

Дождж б'ецца аб хвалі ракі;

Гуляе, гудзе над ёй вецер,

Заводзіць, што ў полі ваўкі.

Спакойна мне тут пад вадою:

Залёг я ля млына на дне;

Апруся на кола рукою, -

Млын казку старую пачне.

Кругі завіруюцца жорнаў,

Трасецца хадырна сцяна;

А думы - як колас без зёрнаў, -

Усё мяне цягне да сна.

Бяспамятна колы піхаю,

Хілюся да дна галавой -

І ўжо я драмлю, засыпаю

Пад шум непагоды глухой.

1909

Пугач

Загарэлісь кроўю вочы. Вось нясецца

З цёмнай елкі гук нуды і смеха,

І далёка голас аддаецца -

Пракацілася па лесе рэха.

І, лякаючысь, канца чакаеш ночы.

Ўсё здаецца: ўстаў лясун вялікі -

Чырванеюць, адбіваюць кроўю вочы,

Не змаўкае смех глухі і дзікі.

[1909]

«Нашай ніве»

Віншую ад душы, панове,

З трохлеццем вашае дзіця -

Газету ў беларускай мове.

Віншую ад душы, панове,

Яе, і ў простым, шчырым слове

Жадаю доўгага жыцця.

Віншую ад душы, панове,

З трохлеццем вашае дзіця.

[1909]

Цемень

(Ахвярую М.А.Кіц-най)

Я сяджу без агню. Я стаміўся, прамок!

Над зямлёю - імгла, у душы маёй змрок.

О, як пуста у ёй! О, як холадна жыць!

Але вось цераз цемень маланка блішчыць,

Асвячае мне вобраз Хрыста... яго крыж...

Ажываеш, здаецца, душою гарыш.

Але толькі чаму ж так малы гэты час?!

Зноў навокал цемень. Свет зірнуў і пагас.

Не глядзіць на мяне ясны вобраз Хрыста.

Над зямлёю імгла, у душы пустата.

[1909]

Лясун

Сосны, елі, хвоя, хвошчы,

Цёмны мох.

Чую я - лясун касматы

Тут залёг.

Паваліўся ён на хвою,

На кару,

І усім калышэць, дзвіжэць

У бару.

1909

Старасць

Палаюць асіны, каліны,

Чырвоныя сыплюць лісты

І вязкай жаўцеючай гліны

Цяжолыя крыюць пласты.

Брыдзець, пахіліўшысь панура,

Лясун на раздоллі дарог.

Абшарпана старая скура,

Зламаўся аб дзерава рог.

Дарога ўся ў лужах. Размыта

Дажджом праліўным каляя.

Гразь чаўкаець жадна капыта,

Шуршыць, упаўзая, змяя.

Касматая шэрсць перамокла,

Стаміўся ён, стары, прадрог;

Лёд тонкі і востры, як сцёкла,

Капыта царапаець ног.

Спяшыць ён дайсці да трасіны:

Там - мяккія, цёплыя мхі,

А тут толькі плачуць асіны

Ды б'юцца галіны альхі.

1909

Падвей

Разгулялася вясёлая мяцель,

Прабудзіўся, ў поле кінуўся Падвей.

Ў галаву яму ударыў снежны хмель, -

І не змог ён бурнай радасці сваей.

Пляша, скача. Снег зрываецца, ляціць.

Веюць ў полі снегавыя рукава,

А Падвей нясецца, кружыцца, гудзіць,

Запявае, удалая галава!

Рвецца белы, рвецца, трэплецца насоў,

Разляцелісь яго кудры-валасы,

З трэскам падаюць галіны ад кустоў,

Енчаць, плачуць на раздоллі галасы.

Доўга, доўга будзе цешыцца Падвей!

Калі ж зваліць хмель ў пуховую пасцель, -

Белы снег яго хавае між палей,

Замяцець, уложыць буйная мяцель.

1909

* * *

Дождж у полі і холад... Імгла...

Дзесь у вёсцы міргаюць агні.

Там, злякаўшысь, схавалась, лягла

Доля горкая ў чорным цяні.

І пад цёмнымі скрыдламі ночы

Не убачаць цяпер яе вочы.

Толькі вецер асенні, начны

Ў полі сумна гудзіць і пяе

Аб радзімай старонцы глухой

Ды аб долі няшчаснай яе.

Цісне сэрца мне песня начная...

Хай жа голасна вецер спявае,

Хай пяе ён у роднай зямлі,

Каб у сэрцах нам сорам збудзіць,

Каб змагацца з няпраўдай ішлі,

Ў чыім сэрцы сумленне не спіць.

Долю чорную ноч не схавае,

Калі выльецца песня жывая!

[1909]

* * *

Ты ночкаю каляднай варажыла

І ў воду воск напоўправідны ліла,

Цікавячы, што выхадзіла мне:

Курганчык... белы крыжык... так, магіла!

У гэты рок я буду ўжо ў труне.

І, броўкі хмурачы, са дна ўзяла

Ты белы воск, яго сціскала, мяла

І, смеючысь, сказала: «Дзе твой кон?

Дык чым бы моц яго нас ні спаткала -

Ў маіх руках, як воск, падасца ён».

[1909]

Вадзянік

Сівавусы, згорблены, я залег між цінай

І гадамі грэюся – сплю на дне ракі.

Твар травой аблутана, бытцам павуцінай,

Засыпаюць грудзі мне жоўтые пяскі.

Над вадой ля берага ціха сьпіць асока,

Ды лаза зялёная жаліцца-шуміць,

Хвалі ціха коцяцца і бягуць далёка, –

І усё навокала сном адвечным сьпіць.

«Жывеш ня вечна, чалавек...»

...passe sans laisser meme

Son ombre sur le mur.

V. Hugo*

*...праходзіць, не пакідаючы нават

Свайго ценю на сьцяне.

В. Гюго (фр.)

Жывеш ня вечна, чалавек, –

Перажыві ж у момант век!

Каб хвалявалася жыцьцё,

Каб больш разгону ў ім было,

Каб цераз край душы чуцьцё

Ня раз, ня два пайшло!

Жыві і цэльнасьці шукай,

Аб шыраце духоўнай дбай.

І ў напружэньні паўнаты

Свайго шырокага жыцьця

Бяз болю, ціха зойдзеш ты

Ў краіну забыцьця.

Зімой

Здароў, марозны, звонкі вечар!

Здароў, скрыпучы, мяккі снег!

Мяцель не вее, сціхнуў вецер,

I волен лёгкіх санак бег.

Як мары, белыя бярозы

Пад сінявой начной стаяць,

У небе зоркі ад марозу

Пахаладзеўшыя дрыжаць.

Вільготны месяц стуль на поле

Празрысты, светлы стоўп спусціў

I рызай срэбнаю раздолле

Снягоў сінеючых пакрыў.

Ўзрывайце ж іх санямі, коні!

Звіні, вясёлых бомаў медзь!

Вакол лятуць бары і гоні,

Ў грудзях пачала кроў кіпець.

Летапісец

Душой стаміўшыся ў жыцьцёвых цяжкіх бурах,

Свой век канчаю я ў манастырскіх мурах

І пільна летапіс другі ўжо год пішу:

Старанна літары малыя вываджу

І сьпісваю усё ад слова і да слова

З даўнейшых граматак пра долю Магілёва.

І добрыя яго, і кепскія дзяла

Апавядаю тут. Так рупная пчала

Умее ў соты мёд сабраць і з горкіх кветак,

І бачанаму мной – я годны веры сьведак.

Хай тыя ведаюць, што зьявяцца па нас,

Ўсю праўду пра жыцьцё у наш і пройшлы час,

Пра войтаў, лаўнікаў, і райцаў, і паспольства,

Пра розных каралёў, і бітвы, і пасольсва,

Што тут чынілася у даўнія гады,

Што думалі, чаго жадалі мы тады,

За што змагаліся, як баранілі веру, –

Хай зьведаюць усё патомкі праз паперу!

Яно забудзецца, умрэ, з вадой сплыве, –

І вось у спомінах устане, ажыве,

Калі знайдуць маё няхітрае пісаньне

Пра гэтае жыцьцё, надзеі, справаваньне...

Так мора – ў Гданску я чуваў – прымчыць вадой

Бутэльку к берагу, аблітую смалой,

Ўсю ў дробных ракаўках і ў ціне. Не замала

Яна была ў вадзе і шмат чаго спаткала.

Рыбалкі вылавяць бутэльку, разаб’юць

I, як трапляецца, быць мо у ёй знайдуць

Ліста. За звычаю марскога гэтак весьці

Нам, утапаючы, шлюць людзі. Ў моры дзесьці

Загінулі яны, і, можа, соткі год

З тых часоў працяклі, і згінуў іх народ,

І ўсё зьмянілася, і ўжо пра іх забылі.

Вы, літары, цяпер нанова ўсё збудзілі!

І людзі зьведаюць аб прадзедах сваіх,

Аб горы, радасьцях і аб прыгодах іх,

Каму маліліся, чаго яны шукалі,

Дзе на глыбокім дне іх крыюць мора хвалі.

«Па-над белым пухам вішняў...»

De la musique avant toute chose.

P. Verlaine*

* Музыка перш за ўсё.

П. Вэрлен (фр.)

Па-над белым пухам вішняў,

Быццам сіні аганёк,

Б’ецца, ўецца шпаркі, лёгкі

Сінякрылы матылёк.

Навакол усё паветра

Ў струнах сонца залатых, –

Ён дрыжачымі крыламі

Звоніць ледзьве чутна ў іх.

І ліецца хваляй песьня, –

Ціхі, ясны гімн вясьне.

Ці ня сэрца напявае,

Навявае яго мне?

Ці ня вецер гэта звонкі

Ў тонкіх зёлках шапаціць?

Або мо сухі, высокі

Ля ракі чарот шуміць?

Не паняць таго ніколі,

Не разьведаць, не спазнаць:

Не даюць мне думаць зыкі,

Што ляцяць, дрыжаць, зьвіняць.

Песьня врецца і ліецца

На раздольны, вольны сьвет.

Але хто яе пачуе?

Можа, толькі сам паэт.

Раманс

Зорка Венера ўзышла над зямлёю,

Светлыя згадкі з сабой прывяла...

Помніш, калі я спаткаўся з табою,

Зорка Венера ўзышла.

З гэтай пары я пачаў углядацца

Ў неба начное і зорку шукаў.

Ціхім каханнем к табе разгарацца

З гэтай пары я пачаў.

Але расстацца нам час наступае;

Пэўна, ўжо доля такая у нас.

Моцна кахаў я цябе, дарагая,

Але расстацца нам час.

Буду ў далёкім краю я нудзіцца,

У сэрцы любоў затаіўшы сваю;

Кожную ночку на зорку дзівіцца

Буду ў далёкім краю.

Глянь іншы раз на яе, — у расстанні

Там з ёй зліём мы пагляды свае...

Каб хоць на міг уваскрэсла каханне,

Глянь іншы раз на яе...

Санет

Ахвярую А. Погодіну

Un sonnet sans défaut

vaut seul un long poème.

Boileau*

Беззаганны санэт

варты адзін цэлае паэмы.

Буало (фр.)

Паміж пяскоў Эгіпецкай зямлі,

Над хвалямі сінеючаго Ніла,

Ўжо колькі тысяч год стаіць магіла:

Ў гаршчку насеньня жменю там знайшлі.

Хоць зернейкі засохшымі былі,

Усё ж такі жыцьцёвая іх сіла

Збудзілася і буйна ўскаласіла

Парой вясеньняй збожжа на ральлі.

Вось сымбаль твой, забыты краю родны!

Зварушаны нарэшце дух народны,

Я верую, бясплодна не засьне,

А ўперад рынецца, маўляў крыніца,

Каторая магутна, гучна мкне,

Здалеўшы з глебы на прастор прабіцца.

Слуцкія ткачыхі

Ад родных ніў, ад роднай хаты

У панскі двор дзеля красы

Яны, бяздольныя, узяты

Ткаць залатыя паясы.

І цягам доўгія часіны,

Дзявочыя забыўшы сны,

Свае шырокія тканіны

На лад персідскі ткуць яны.

А за сцяной смяецца поле,

Зіяе неба з-за акна, –

І думкі мкнуцца мімаволі

Туды, дзе расцвіла вясна;

Дзе блішча збожжа ў яснай далі,

Сінеюць міла васількі,

Халодным срэбрам ззяюць хвалі

Між гор ліючайся ракі;

Цямнее край зубчаты бора...

І тчэ, забыўшыся, рука,

Заміж персідскага узора,

Цвяток радзімы васілька.

Трыялет

Калісь глядзеў на сонца я,

Мне сонца асляпіла вочы.

Ды што мне цемень вечнай ночы,

Калісь глядзеў на сонца я.

Няхай усе з мяне рагочуць.

Адповедзь вось для іх мая:

Калісь глядзеў на сонца я,

Мне сонца асляпіла вочы.

«Цёплы вечар, ціхі вецер...»

Цёплы вечар, ціхі вецер, свежы стог,

Улажылі спаць мяне вы на зямлі.

Не курыцца светлы пыл усцяж дарог,

Ў небе месяца праглянуў бледны рог,

Ў небе ціха зоркі расцвілі.

Знічка коціцца агністаю слязой,

Прашумела мякка скрыдламі сава;

Бачу я, з прыродай зліўшыся душой,

Як дрыжаць ад ветру зоркі нада мной,

Чую ў цішы, як расце трава.

«Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы...»

Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы

У ціхую сінюю ноч

I сказаць:

«Бачыце гэтыя буйныя зоркі,

Ясныя зоркі Геркулеса?

Да іх ляціць нашае сонца,

I нясецца за сонцам зямля.

Хто мы такія?

Толькі падарожныя, – папутнікі сярод нябёс.

Нашто ж на зямлі

Сваркі і звадкі, боль і горыч,

Калі ўсе мы разам ляцім

Да зор?»

Пагоня

Начало формы

Конец формы

Толькі ў сэрцы трывожным пачую
За краіну радзімую жах, —
Ўспомню Вострую Браму сьвятую
I ваякаў па грозных канях.

Ў белай пене праносяцца коні, —
Рвуцца, мкнуцца і цяжка хрыпяць...
Старадаўняй Літоўскай Пагоні
Не разьбіць, не спыніць, не стрымаць.

У бязьмерную даль вы ляціце,
А за вамі, прад вамі — гады.
Вы за кім у пагоню сьпяшыце?
Дзе шляхі вашы йдуць і куды?

Мо яны, Беларусь, панясьліся
За тваімі дзяцьмі уздагон,
Што забылі цябе, адракліся,
Прадалі і аддалі ў палон?

Бійце ў сэрцы іх — бійце мячамі,
Не давайце чужынцамі быць!
Хай пачуюць, як сэрца начамі
Аб радзімай старонцы баліць...

Маці родная, Маці-Краіна!
Не усьцішыцца гэтакі боль...
Ты прабач, Ты прымі свайго сына,
За Цябе яму ўмерці дазволь!..

Ўсё лятуць і лятуць тыя коні,
Срэбнай збруяй далёка грымяць...
Старадаўняй Літоўскай Пагоні
Не разьбіць, не спыніць, не стрымаць.

Наши рекомендации