Спецыфіка і лексіка-граматычная характарыстыка тэрмінаў
Словы агульнай лексікі засвойваюцца па меры авалодвання людзьмі мовай. Тэрміны, як правіла, зразумелыя толькі тым, хто працуе ў пэўнай галіне. Вось чаму прафесійная падрыхтоўка патрабуе авалодвання тэрмінамі. Напрыклад, цяжка ўявіць бухгалтара, які не ведае сутнасці такіх тэрмінаў, як, напрыклад, актыўна-пасіўныя рахункі, дэбет, крэдыт, каштарыс, ці юрыста, які не валодае такімі тэрмінамі, як дысцыплінарная адказнасць, ускосны доказ, крымінальная справа, адміністрацыйны нагляд і інш.
Вызначаюцца наступныя асаблівасці тэрмінаў:
І. Адназначнасць тэрміна. Кожны тэрмін павінен абазначаць толькі адно паняцце ў навуцы ці тэхніцы, а кожнаму паняццю павінен адпавядаць толькі адзін тэрмін. Напрыклад, аўкцыён – “публічны продаж, пры якім тавар ці маёмасць набывае той, хто прапануе найбольшую суму". Патрабаванне адназначнасці да тэрмінаў не заўсёды вытрымліваецца, бо мнагазначнасць як з'ява, шырока прадстаўленая ў агульнай лексіцы, знаходзіць пашырэнне і ў тэрміналогіі, хоць рэалізуецца тут усё ж адметна. Мнагазначнасць – наяўнасць у слова двух або больш узаемазвязаных і гістарычна абумоўленых значэнняў: аб'яднанне (1. адзінае цэлае, 2. арганізацыя, саюз). Калі падабенства і блізкасць дазваляюць супастаўляць і параўноўваць прадметы, з'явы і дзеянні паміж сабою, то ў слоў, якія называюць іх на падставе асацыятыўных сувязей, узнікаюць новыя значэнні: паштовая марка – вытворчая марка. Такія значэнні з'яўляюцца пераноснымі і групуюцца вакол асноўнага, прамога значэння: халодная крыніца - крыніца фінансавання.
ІІ. Адсутнасць экспрэсіі, эмоцый.Тэрміны ўзнікаюць рознымі шляхамі і спосабамі, у тым ліку і на падставе метафарызацыі, вобразнага пераасэнсавання паняццяў. Паходжанне большасці тэрмінаў – вольнае і нястрогае. Можна прывесці безліч тэрмінаў, якія ўтвораны ў выніку пераносу па рознага роду асацыяцыях (метафарычных, метанімічных і пад.) і выкарыстоўваюцца ў розных галінах ведаў, напрыклад: у геаграфіі — нос – "мыс", рукаў (ракі) – “водны паток, што адасобіўся ад асноўнага русла ракі”, падол "ніжняя частка гары"; у паліграфіі — шапка "загаловак", у тэхніцы сабачка – "прыстасаванне ў машынах, механізмах у выглядзе зубца, што перашкаджае руху назад чаго-небудзь" і інш. Стаўшы тэрмінамі, гэтыя словы губляюць экспрэсіўна-эмацыянальную афарбоўку, становяцца нейтральнымі.
ІІІ.Тэрміны ў пэўнай тэрмінасістэме могуць уступаць у сінанімічныя, антанімічныя і аманімічныя адносіны, хоць яны вельмі спецыфічныя.
Тэрміны-сінонімы – словы, розныя па гучанні і напісанні, якія маюць аднолькавае або вельмі блізкае лексічнае значэнне, напрыклад: менеджар –гаспадарчы кіраўнік; рэалізатар – дыстрыб’ютар.
У залежнасці ад паходжання тэрмінаў вылучаюць наступныя тыпы тэрмінаў-сінономаў:
1) два іншамоўныя тэрміны: спонсар – фундатар, кантралёр – рэвізор;
2) іншамоўны і ўласны тэрміны: экспарт – вываз, бартар – тавараабмен.
Кожны сінонім мае сваё асаблівае адценне значэння, якое адрознівае яго ад іншых сінонімаў, напрыклад, мецэнат - спонсар - апякун. Сінонімы паказваюць на адно і тое ж паняцце, маюць аднолькавае лексічнае значэнне, пры гэтым адрозніваюцца сваёй экспрэсіўнай афарбоўкай, замацаванасцю за пэўным стылем, ступенню ўжывальнасці. Важна ўмець размяжоўваць сінонімы. Напрыклад, сінанімічныя словы зачыніць і закрыць спалучаюцца з рознымі назоўнікамі, першы, у прыватнасці, з назоўнікамі тыпу дзверы, вароты і да т.п., другі – з назоўнікамі тыпу вочы, твар і да т.п.
Асобную групу складаюць тэрміны-дублеты – словы, што не маюць ні семантычных, ні стылістычных адрозненняў: мовазнаўства – лінгвістыка, павестка – позва.
Акрамя сінонімаў выдзяляюць у тэрміналогіі тэрміналагічныя варыянты. Іх існаванне выклікана, як правіла, нераспрацаванасцю тэрміналогіі ці ўзнікненнем тэрмінаў на пачатку развіцця і станаўлення навукі. Для беларускай мовы самай істотнай асаблівасцю тэрміналагічнай лексікі пачатку XX ст. з'яўляецца шматлікая варыянтнасць, напрыклад, у эканамічнай лексіцы таго часу адзначаюцца: зарплата — заработная плата— заработак — заробак— плата — цана; расходы — выдаткі — затраты і інш. Сустракаюцца варыянты і сёння.
Тэрміны-амонімы – розныя па значэнні адзінкі мовы, якія аднолькава гучаць ці пішуцца, напрыклад, крэдыт і крэдыт (пішуцца аднолькава, вымаўляюцца з розным націскам). Крэдыт – у прыходна-расходных кнігах правы бок бухгалтарскіх падлікаў, крэдыт - выдача тавараў або грошай у доўг. Купюра – каштоўная папера або грашовы знак: дробная купюра; купюра – скарачэнне, пропуск у літаратурным, навуковым, музычным творы: тэкст друкуецца з купюрамі.
Тэрміны-антонімы – гэта словы, якія абазначаюць лагічна процілеглыя, але супастаўныя паняцці, напрыклад: экспарт - імпарт, адкрытае акцыянернае таварыства - закрытае акцыянернае таварыства. З'ява аманіміі мае псіхалагічную аснову, якая праяўляецца ў тым, што слова асацыюецца з іншым словам па прынцыпе кантрасту. Антанімічныя пары здольныя ствараць толькі тыя словы, значэнне якіх мае якасна-ацэначны характар, а таксама словы са значэннем процілегла накіраваных дзеянняў, прыкмет і якасцей прадметаў: буйны - дробны, увоз - вываз. У тэрміналогіі вылучаюць:
Лексічныя антонімы, што ствараюцца дзякуючы розным лексемам з супрацьлеглым значэннем: крэдыт – дэбіт, жорсткая вада – мяккая вада.
Словаўтваральныя антонімы адрозніваюцца словаўтваральнымі афіксамі ці антанімічнымі часткамі слоў: мантаж – дэмантаж, рэклама – антырэклама.
IV. Тэрміны паводле будовы суадносяцца са словамі ці спалучэннямі слоў, часцей за ўсё са словазлучэннямі.
Словы-тэрміныне могуць існаваць па-за межамі часцін мовы, у якасці слоў-тэрмінаў выкарыстоўваюцца назоўнікі, прыметнікі, дзеясловы, аддзеяслоўныя назоўнікі, прыслоўі.
Асноўную колькасць слоў-тэрмінаў складаюцьназоўнікі,як правіла, агульныя: арэнда, аўдытар, бюджэт, бізнес, дылер (экан.); адвакат, вердыкт, крадзеж, ісцец, кодэкс (юр.), мадэль, манада, манізм, маніхейства, матэрыялізм (філас), асіміляцыя, дыфтонг, ідыёма, арфаграма, марфема (лінгвіст.)
У якасці аднаслоўных тэрмінаў досыць часта выкарыстоўваюцца ўласныя імёны, якія, перайшоўшы ў разрад тэрмінаў, становяцца агульнымі назоўнікамі. Да такіх тэрмінаў можна аднесці адзінкі вымярэння фізічных велічынь, названыя ў гонар іх адкрывальнікаў паводле прозвішча, напрыклад: ампер - адзінка сілы току - фр. фізік А.М. Ампер (1775-1836); бекерэль - адзінка актыўнасці радыёактыўнага рэчыва - фр. фізік А.А. Бекерэль (1852-1908); ват - адзінка магутнасці - англ. вынаходнік Дж.Уат (1736-1819). Уласныя назоўнікі ў якасці тэрмінаў ужываюцца толькі ў фізіка-матэматычных і хіміка-біялагічных навуках.
Прыметнікі ў якасці слоў-тэрмінаў ужываюцца даволі рэдка, паколькі прыметнік, як правіла, спалучаецца з назоўнікам і ўтварае словазлучэнне. Але і асобна прыметнікі выкарыстоўваюцца ў многіх галінах навукі і тэхнікі, напрыклад: у эканоміцы – бюджэтны, валютны, дэпазітны, клірынгавы, ліцэнзійны, падатковы, уліковы, у лінгвістыцы – субстантыўны, адвербіяльны, ад'ектыўны, бінарны, адваротны, дыферэнцыяльны; у юрыспрудэнцыі – крымінальны, судовы, злачынны, касацыйны, натарыяльны; у філасофіі – аб'ектыўны, абсалютны, ірэальны, кагнітыўны, рацыянальны, трансцэндэнтны і інш.
Наконт ужывання ў якасці тэрмінаўдзеясловаўне ўсе даследчыкі згодны з іх выдзяленнем. Тым не менш у навуковай літаратуры, тэрміналагічных слоўніках фіксуюцца і гэтыя групы слоў, напрыклад: забяспечваць, ацэньваць, выплочваць, заніжаць, павышаць, маркіраваць і інш.
Пэўная колькасць тэрмінаў можа быць выражана назоўнікамі, утворанымі ад дзеясловаў. Такія словы называюцца аддзеяслоўнымі назоўнікамі: забеспячэнне (ад забяспечыць), галасаванне (ад галасаваць), кіраванне (ад кіраваць) і інш. Праўда, у большасці выпадкаў гэта зусім не тоесныя тэрміны, паколькі заўважаецца, што дзеясловы называюць працэсы, дзеянні, а аддзеяслоўныя назоўнікі называюць вынік гэтых працэсаў, сродкі дзеяння.
Прыслоўяўу ролі слоў-тэрмінаў няшмат, але яны выкарыстоўваюцца ў некаторых галінах навукі, культуры і тэхнікі: ашчадна, беражліва, дакладна, добрасумленна, пісьмова, якасна, кваліфікавана і інш.
Словазлучэнні-тэрміны надзвычай шырока ўжываюцца ва ўсіх галінах навукі і тэхнікі: лёгкая прамысловасць, інвентарны вопіс, папяровыя грошы, выхадная дапамога, дэбіторская запазычанасць (эк.), службовае злачынства, крыміналістычная экспертыза, грамадскі абвінаваўца, слоўны партрэт, следчы эксперымент (юр). Сярод словазлучэнняў-тэрмінаў выдзяляюцца свабодныя і несвабодныя словазлучэнні. У тэрмінах са свабодным спалучэннем слоў кожны кампанент па-за тэрмінам можа ўступаць у сувязь з іншымі словамі, пры гэтым кожнае слова такіх словазлучэнняў – тэрмін, напрыклад пазавытворчыя расходы, канверсоўнасць валюты. У несвабодных словазлучэннях-тэрмінах можна выдзяліць кампанент, які ізалявана можа і не быць тэрмінам, напрыклад: залатая валюта, просты вэксаль, дзе прыметнікі залаты, просты – агульнаўжывальныя словы, ужытыя па-за тэрмінам не маюць тэрміналагічнага значэння.
V. Тэрміны паводле паходжаня падзяляюцца на
Уласнабеларускія тэрміны. Сярод іх вылучаюць тэрміны, утвораныя
1) спосабам тэрміналагізацыі беларускіх слоў, г.зн. шляхам пераходу слоў з агульнаўжывальных у тэрміны: вышыня, ціск, хваля, паліва, лік ваганняў, сіла цяжару.
2) з уласнага моўнага матэрыялу рознымі спосабамі: светлапераломчая здольнасць, светлачулы, сілавы мнагакутнік, сціскальнасць вадкасцей.
3) шляхам сэнсавага перакладу і калькавання рускіх тэрмінаў. Пры гэтым выкарыстоўваюцца як лексічныя, так і словаўтваральныя сродкі беларускай мовы: гаспадарчы разлік (хозяйственный расчет), хуткасны (скоростной), шчыльны (плотный) і г. д.
Запазычаныя тэрміны прыйшлі да нас з розных моў:
- з англійскай мовы: маркетынг, дэмпінг, лізінг, холдзінг, менеджмент, менеджар, бартар, ваўчар,тэндар, спічрайтар, аф-шор,
- з нямецкай мовы: біржа, бухгалтар, вэксаль, прэйскурант, рэнтабельнасць, штат, штраф;
- з французскай мовы: бюджэт, купюра, аванс, авуары, асартымент, баланс, журнал, кантроль, тарыф;
- з італьянскаймовы: валюта, жыра, сальда, акордны, банк;
- з польскай мовы: кошт, каштарыс, рынак, рызыка;
- з лацінскай мовы: аблігацыя, адміністрацыя, актыў, аўдыт, вакансія, дывідэнд;
- з грэчаскай мовы: крызіс, лагістыка, аналогія, манаполія, стратэгія.
У беларускай тэрміналогіі адносіны да запазычанняў былі даволі выразна сфармуляваны ў 20-я гады XX ст. навукова-тэрміналагічнай камісіяй і застаюцца ў прынцыпе такімі ж у сучаснай практыцы. У агульным выглядзе іх можна сфармуляваць наступным чынам: калі пэўны іншамоўны тэрмін шырока выкарыстоўваецца ў сферы функцыянавання і ў блізкароднасных славянскіх мовах, то няма патрэбы ствараць беларускі адпаведнік.