Вялізная памылка цёткі мардж 1 страница

Савіная пошта

Шмат у чым Гары Потэр быў вельмі незвычайным хлапчуком. Па-першае, з усіх часоў года ён люта не любіў летнія вакацыі. Па-другое, ён заўсёды імкнуўся зрабіць работу, зададзеную на лета, але вымушаны быў займацца ёй, калі ніхто не бачыць, глыбокай ноччу. Застаецца дадаць яшчэ адно – ён быў чараўніком.

Было ўжо далёка за апоўнач. Гары сядзеў на краі свайго ложка, з галавой накрыўшыся коўдрай, нібы знаходзіўся ў намёце, трымаючы ў адной руцэ ліхтарык, а ў другой –вялізную кнігу ў скураной вокладцы (гэта была “Гісторыя Магіі” Батыльды Бэгшат). Кніга была адчынена з дапамогаю падушкі. Гары з пахмурным тварам вадзіў арліным пяром па старонцы, шукаючы тое, што дапамагло б яму ў напісанні сачынення на тэму “Поўная бессэнсоўнасць Вядзьмаркаспалення ў чатырнаццатым стагоддзі. Абмеркаванне”.

Пяро спынілася ля першага радка найверагодней патрэбнага параграфа. Гары падправіў акуляры на носе, паднёс ліхтарык бліжэй да кнігі і прачытаў наступнае:

“Немагічныя людзі (больш вядомыя зараз, як Маглы), асабліва баяліся чараўніцтва падчас Сярэднявечча, але не надта часта прызнаваліся ў гэтым. У тых зарэдкіх выпадках, калі яны лавілі сапраўдную вядзьмарку ці чараўніка, спаленне не прыносіла аніякага выніку. Ведзьмакі, скарыстаўшыся элементарнай полымямаразільнай замовай, рабілі выгляд, што пакутуюць ад нясцерпнага болю, а самі атрымлівалі асалоду ад лагоднага казытання агню. А Вэндэліне Ракавой, гэта настолькі было даспадобы, што яна дазваляла лавіць сябе пад рознымі абліччамі не менш за сорак разоў”.

Гары, заціснуўшы пяро зубамі, выцягнуў з-пад падушкі чарніліцу і скрутак пергаменту. Павольна і вельмі асцярожна ён пачаў адкручваць накрыўку, абмакнуў пяро і асцярожна распачаў пісаць, часам спыняючыся і прыслухоўваючыся, бо, калі б хтось з сям’і Дурслі на шляху ў ванную пачуў драпанне яго пяра, Гары хутчэй за ўсё правёў бы ўвесь астатні час вакацыяў замкнутым у каморы пад лесвіцай.

Сям’я Дурслі месцілася ў доме нумар 4 па Прайвет Драйв і была тым самым чыннікам, з-за якога Гары ніколі не атрымліваў задавальнення з летніх вакацыяў. Дзядзька Вернан, цётка Пятунья і іх сын Дадлі былі адзінымі жывымі сваякамі Гары. Адначасова з гэтым яны былі стоадсодкавымі магламі і мелі на чараўніцтва сярэднявечныя погляды. Памерлыя бацькі Гары, якія былі чараўнікамі, ніколі не ўзгадваліся ў дурсляўскай хаце. На працягу шмат гадоў цётка Пятуння і дзядзька Вернан былі ўпэўненыя, што калі будуць з усяе моцы задзюбваць хлопца, гэта дапаможа знішчыць у ім чараўніцкія здольнасці. І як жа яны ашалелі, калі пацярпелі паразу. Больш таго, цяпер яны жылі ў незвычайным страху, што хто-небудзь даведаецца, што Гары большую частку з апошніх двух год правёў у Школе Вядзьмарства і Чараўніцтва Хогвартс. Самае большае, што цяпер маглі зрабіць Дурслі, гэта схаваць на пачатку летніх вакацыяў Гарыны кнігі замоваў, палачку чараўніка, кацёл і мятлу і забараніць яму размаўляць з суседзямі.

Адсутнасць доступу да кнігаў было для Гары рэальнай праблемай, бо яго настаўнікі з Хогвартса паназадавалі шмат работы на вакацыі. Адно з сачыненняў было асабліва небяспечным, прысвечанае “Памяньшальным Зеллям” і зададзенае самым нелюбімым Гары настаўнікам, прафэсарам Снэйпам. Апошні быў бы ў наймацнейшым захапленні, калі б змог затрымліваць хлопца пасля заняткаў на працягу месяца. Гары ж скарыстаўся шанцам, які выпаў у першы тыдзень вакацыяў. Калі дзядзька Вернан разам з цёткай Пятуньяй і Дадлі выйшлі да прысады, каб разам пазахапляцца новай дзядзькавай службовай машынай (рабілі яны гэта вельмі моцнымі галасамі, каб чулі ўсе суседзі), Гары ціхенька зпоўз на першы паверх, ускрыў замок каморы, схапіў колькі кніг і схаваў іх у сваёй спальні. А так як ён не пакідаў чарнільных плямаў на сваёй прасціне, Дурслі і здагадацца не маглі, что ён па начах вывучае чараўніцтва.

Зараз Гары з усяе сілы імкнуўся не чапляць іх, бо дзядзька з цёткай былі на яго моцна раззлаваныя за званок аднаго сябры з чараўніцкай школы у адзін з першых дзён вакацыяў.

Рон Візлі, які быў адным з лепшых Гарыных школьных сяброў, паходзіў з сям’і чараўнікоў, ведаў шмат чаго, пра што Гары нават не здагадваўся, але, напрыклад, не ведаў як карыстацца тэлефонам. Да таго ж, на бяду, слухалку падняў дзядзька Вернан.

- Вэрнан Дурслі слухае!

Гары, які выпадкова апынуўся ў пакоі ў гэты час, ажно анямеў, калі пачуў у адказ голас Рона.

- АЛЁ? АЛЁ? ЦІ ВЫ ЧУЕЦЕ МЯНЕ? Я – ХАЧУ – ПАГАМАНІЦЬ – З – ГАРЫ – ПОТЭРАМ!

Рон галасіў настолькі гучна, што дзядзька ўскочыў на ногі і адсунуў слухалку на цэлы фут ад вуха, пазіраючы на яе з тварам, на якім адначасова чыталіся шаленства і жах.

- ХТО ГЭТА?- закрычаў ён у слухалку.- ХТО ВЫ ТАКІ?

- РОН – ВІЗЛІ!- загарланіў Рон у адказ, быццам размаўляў з Вернанам з іншага боку вялізнага футбольнага поля. – Я – ШКОЛЬНЫ СЯБРА ГАРЫ!

Маленечкія вочы дзядзькі Вернана развярнуліся ў бок Гары, які зкамянеўшы стаяў побач.

- НЯМА ТУТ АНІЯКАГА ПОТЭРА!- закрычаў ён, працягваючы трымаць слухалку на адлегласці выцягнутай рукі, быццам тая магла выбухнуць,- НЕ ВЕДАЮ ПРА ЯКУЮ ШКОЛУ ВЫ КАЖЫЦЕ! І НЕ ТЭЛЕФАНУЙЦЕ МНЕ БОЛЬШ! НАВАТ НЕ НАБЛІЖАЙЦЕСЯ ДА МАЁЙ СЯМ’І!

І ён кінуў слухалку так, як звычайна адкідваюць ад сябе атрутнага павука.

Тое, што адбылося пасля, было адным з найгоршых уражанняў Гары.

- ЯК ТЫ НАВАТ АСМЕЛІЎСЯ ДАЦЬ ГЭТЫ НУМАР ТАКІМ ЛЮДЗЯМ ЯК... ТАКІМ ЛЮДЗЯМ ЯК ТЫ САМ! - равеў дзядзька Вернан, пырскаючы на Гары сліной.

Рон, відавочна, зразумеў, шо з-за яго Гары трапіў у бяду, таму больш не спрабаваў яму тэлефанаваць. Гарына сяброўка па Хогвартсе Герміёна Грэйнджар таксама нават не імкнулася з ім скантактавацца. Хлопец падазраваў, што Рон папярэдзіў яе пра наступствы і надта шкадаваў, бо Герміёна была самай разумнай вядзьмарачкай сярод яго аднакласнікаў, да таго ж паходзіла з сям’і маглаў і выдатна ведала, як карыстацца тэлефонам. У яе хапіла б розуму не ўзгадваць пра Хогвартс.

Таму Гары не меў на працягу пяці тыдняў сувязі ані з адным з сяброў, і гэтае лета адбылося амаль гэткім жа дрэнным, як і папярэдняе. Было толькі адно значнае паляпшэнне: Гарынай саве Хэдвіг было дазволена вылятаць на вуліцу ўначы, як толькі хлопец пакляўся не выкарыстоўваць яе для дасылання лістоў сябрам.

Гары скончыў пісаць аб Вэндэліне Ракавой і зноў спыніўся, каб яшчэ раз прыслухацца. Цішыню ва ўхутаным цемраю доме парушалі толькі рохкаючыя храпакі яго неверагодна тлустага стрыечанага брата Дадлі. Было ўжо вельмі позна. Вочы хлопца пачалі гарэць ад стомы. Напэўна прыйдзецца дапісваць сачыненне наступнай ноччу...

Гары закруціў накрыўку на чарніліцы, дастаў з-пад ложка старую навалачку, паклаў у яе ліхтарык, гісторыю Магіі, сваё сачыненне і чарніліцу. Потым апусціўся на падлогу і схаваў ўсё за дрэнна замацаванымі масніцамі пад сваім ложкам. Хлопчык падняўся на ногі, пацягнуўся і зірнуў на будзільнік са светлавым цыферблатам, што стаяў на століку ля яго ложку.

Была першая гадзіна па апоўначы. У Гарыным жываце заказытала. Ён ужо цэлую гадзіну, як быў трынаццацігадовым і нават забыўся на гэта.

У Гары была яшчэ адна незвычайная асаблівасць, ён ніколі нічога не чакаў ад свайго дня нараджэння. За ўсё сваё жыццё хлопец аніразу не атрымліваў віншавальных паштовак. Дурслі, тыя ўвогуле праігнаравалі два яго апошнія дні народзінаў і Гары сумняваўся, што ўспомняць у гэты раз.

Ён прайшоў ўздоўж пакрытага цемраю пакою, міма пустой клеткі Хэдвіг да адчыненага акна. Хлопец абапёрся на падваконнік, халоднае начное паветра прыемна дыхнула яму ў твар пасля працяглага часу, праведзенага пад коўдрай. Хэдвіг не з’яўлялася другую ноч запар. За яе Гары не турбаваўся, тая і раней адлятала на працяглы час, але ж ён спадзяваўся на яе хуткае аб’яўленне, бо сава была адзінаю жывой істотаю ў хаце, якая не калацілася з жаху, убачыўшы яго.

Гары хаця і быў замалым для свайго ўзросту, тым не менш за апошні год выцягнуўся на колькі цаляў. Ён меў чорнае, як смала, валоссе, якое заўсёды знаходзілася ў даволі бязладным стане, што б хлопец з ім ні рабіў. Вочы за круглымі акулярамі былі яскрава зялёнымі, а на ілбе быў тонкі шнар падобны на маланку, выразна бачны за валасамі.

З усіх незвычайных асаблівасцяў Гары, шнар быў самым асаблівым. На працягу дзесяці гадоў Дурслі сцвярджалі, што хлопец атрымаў яго падчас аўтакатастрофы, у якой загінулі яго бацькі, але ж гэта было лухтой, бо Лілі і Джэймс Потэры ніколі не траплялі ані ў якую аўтамабільную аварыю. Яны былі забітыя, і зрабіў гэта самы жахлівы з ўсіх чорных ведзьмакоў за апошнія сто гадоў – Лорд Вальдэморт. Гары ж пазбег смерці падчас таго нападу і абышоўся толькі шнарам на ілбе. Праклён Вальдэморта замест таго, каб забіць хлопца, адскочыў у свайго стваральніка. Сам Вальдэморт ледзь жывы знік...

Але потым Гары неаднаразова сустракаўся з ім падчас навучання ў Хогвартсе. Стоячы ля цёмнага вакна і ўспамінаючы іх апошнюю сустрэчу, Гары быў вымушаны прызнаць, што яму надта пашанцавала ўвогуле сустрэць трынаццаты дзень нараджэння.

Ён паглядзеў у зорнае неба, спадзяючыся ўбачыць Хэдвіг, якая, мажліва, зараз ляцела дадому, трымаючы ў дзюбе здохлую мыш, чакаючы пахвалы ад гаспадара. Гары ў разгубленасці глядзеў на вяршыні дамоў, і прайшло колькі секунд, каб ён зразумеў, што нешта бачыць.

На фоне залатога месяца з’явілася і штоімгненне станавілася ўсё буйнейшым нейкае перакрыўленнае стварэнне, што ляцела ў напрамку Гары. Хлопец, не рухаючыся, стаяў і назіраў, як істота спускалася ўсё ніжэй і ніжэй. Каля секунды Гары хістаўся, трымаючы руку на раме, ці не зачыніць акно, але тут дзівоса праляцела ля аднаго з ліхтароў на Прайвет Драйв, і хлопец, зразумеўшы, што ўбачыў, адскочыў убок.

Праз акно ў Гарын пакой заляцелі тры савы, дзве з якіх падтрымлівалі трэцюю, тая была ў непрытомным стане. Совы з мягкім глухім гукам прызямліліся на ложку і сярэдняя, вялізарная і шэрая, адразу ж павалілася на правы бок. Да яе ног быў прывязаны аб’ёмісты пакунак.

Гары адразу ж пазнаў непрытомніцу, яе імя было Эрал, і яна належыла сям’і Візлі. Хлопец кінуўся да яе, адвязаў матузкі з яе лап, зняў пакунак і перанёс Эрал да пустой хэдвігавай клеткі. Эрал адчыніла адно закаламучанае вока, енкнула ў знак падзякі і, задыхаючыся, пачала піць ваду.

Гары развярнуўся да астатніх птушак, адна з іх вялізная палярная сава належыла самому Гары. Хэдвіг таксама прынесла пакунак і была вельмі задаволена сабою. Яна ласкава дзюбнула хлопца, калі ён звольніў яе ад грузу і, праляцеўшы праз увесь пакой, далучылася да Эрал.

Гары ніколі не бачыў трэцяй савы, буйную цёмна-жоўтага колеру, але адразу ж здагадаўся адкуль яна, таму што ў дадатак да пасылкі, тая прынесла паштоўку з эмблемаю Хогвартса. Калі хлопец вызваліў саву ад яе пошты, яна шляхетна ўскудлаціла пер’е, расхінула крылы і адляцела праз вакно ў цемру.

Гары прысеў на ложку і схапіў пакунак, прынесены Эрал, ён разгарнуў карычневую паперу і знайшоў там падарунак у залатой абгортцы і сваю першую ў жыцці віншавальную картку. Дрыжачымі пальцамі ён разарваў канверт з якога выпалі дзве паперкі – ліст і газетная выразка.

Выразка яўна паходзіла з чарадзейскага выдання “Штодзённы Вяшчун”, таму што людзі на чорнабелых выявах рухаліся. Гары разгладзіў выразку і прачытаў наступнае:

ЧЫНОЎНІК МІНІСТЭРСТВА МАГІІ ВЫЙГРАЎ ГАЛОЎНЫ ПРЫЗ

Артур Візлі, кіраўнік бюро па барацьбе са зламысным ужываннем магластворанымі рэчамі пры Міністэрстве магіі атрымаў галоўны прыз штогадовай латэрэі “Галеён Штодзённага вяшчуна”

Задаволенны містэр Візлі паведаміў карэспандэнтам газэты: “Свой выйгрыш мы патрацім на летні адпачынак у Ягіпце, дзе наш старэйшы сын Біл працуе над скасаваннем праклёнаў у мясцовым аддзяленні Чараўніцкага банка Грынгатс”.

Сям’я Візлі правядзе ў Ягіпце месяц і вернецца, якраз да пачатка вучэбнага года ў Хогвартсе, дзе вучацца пяцёра іх дзяцей.

Гары паглядзеў на выяву, якая рухалася, і ўсмешка распаўзлася па яго твары, калі ён убачыў усіх дзевяцёх Візлі, што шалёна махалі яму на фоне вялікай Піраміды. Тоўсценькая місіс Візлі, яе лысаваты муж, шэсць сыноў і дачушка. Усе (хаця на чорна белай выяве гэтага не было відаць) з палымяна-рудым валоссем. Прамкі пасярэдзіне здымка стаяў Рон, трымаючы на плячы свайго хатняга звярка – пацука Скаберса, а рукой абдымаючы сваю малую сястрычку Джыні.

Гары нават не думаў, што хтось заслужыў гэтую купу золата больш за гэткіх любасных, але вельмі бедных Візлі. Хлопец разгарнуў ліст, дасланы яму Ронам.

Даражэнькі Гары,

Віншую цябе з днём народзінаў!

Не ўяўляеш, як моцна я шкадую пра той тэлефонны званок. Спадзяюся гэта не вельмі пашкодзіла тваім кантактам з магламі. Я раіўся з татам, і ён вырашыў, што мне трэба было размаўляць крышачку цішэй.

У Ягіпце проста неверагодна. Біл правёў нас уздоўж усіх грабніцаў, не ўяўляеш наколькі моцныя замовы наклалі на іх старажытныя ягіпецкія чараўнікі. У апошнюю з іх мама нават забараніла Джыні ўваходзіць. Мы бачылі сапраўды мутанцкія шкілеты маглаў, якія туды забіраліся, у іх вырасталі дадатковыя галовы і шмат чаго яшчэ.

Я не паверыў, калі даведаўся, што тата выйграў Прыз ад Штодзённага Вешчуна! Семсот залатых галеёнаў! Большасць з іх, канечне, пайшлі на адпачынак, але мне ўсё роўна абяцалі набыць новую палачку.

Гары добра памятаў, як была зламана старая палачка Рона. Гэта адбылося падчас аварыі з аўтамабілем, на якім яны прыляцелі ў Хогвартс, калі той урэзаўся ў дрэва на тэрыторыі школы.

Мы вернемся дадому прыблізна за тыдзень да пачатку заняткаў і паедзем ў Лондан за маёй новай палачкай і новымі падручнікамі. Можа, выпадзе шанец на сустрэчу?

Не дазваляй маглам задзюбваць цябе!

Спадзяюся на сустрэчу ў Лондане,

Рон.

PS: Пэрсі абралі на старасту школы. Ён атрымаў ліст тыдзень таму.

Гары другі раз глянуў на фота. Пэрсі, які вучыўся ў сёмым, выпускным класе, выглядаў больш чым задаволеным. Свой значок старасты ён начапіў на феску – нацыянальны ягіпецкі капялюшык, што зухавата сядзеў на яго акуратна прычасанай фрэзуры, а шкельцы яго акуляраў у рагавой аправе блішчэлі ў промнях ягіпецкага сонца.

Пасля Гары азірнуўся на свой падарунак. У пакунку было нешта накшталт невялічкага шклянога туркá, да якога была дададзена занатоўка Рона.

Гары – гэта Партатыўны Брыдаскоп. Калі паблізу ад цябе апынецца які злыдзень, ён пачне свяціцца і круціцца вакол сябе. Біл сцвярджаў, што гэта халусце, якое прадаецца чараўнікам-турыстам, бо той свяціўся ўсю таганочную вячэру. Але ж ён не ведаў, што Фрэд з Джорджам накідалі жукоў у яго суп.

Бывай, Рон.

Гары паклаў Брыдаскоп на столік ля ложка. На паверхні Брыдаскопа адлюстроўваліся светлавыя стрэлкі будзільніка. Хлопец захопленна паглядзеў на гэта відовішча колькі секунд, а потым звярнуўся да пакунку, прынесенага Хэдвіг.

У ім месціліся загорнуты ў паперу падарунак, віншавальная картка і ліст, на гэты раз ад Герміёны.

Любы Гары,

Рон напісаў мне пра тэлефонную размову з тваім дзядзькам Вернанам. Спадзяюся, з табой ўсё добра.

Зараз я знаходжуся ў адпачынку ў Францыі і не ведала, як даслаць табе свой падарунак і што адбылося б на мытні, калі б яго раскрылі? Добра, што паблізу з’явілася Хэдвіг! Пэўна, ёй вельмі хацелася, каб дзеля разнастайнасці хаця б у гэтым годзе ты не зазтаўся без падарунка. Я набыла яго праз сэрвіс “Тавары Совамі”, рэкламу якога пабачыла ў “Штодзённыя вешчуне” (Я атрымліваю яго з дастаўкай, бо так добра заўжды ведаць пра тое, што дзеецца ў чараўніцкім свеце). Бачыў фатаздымак Рона з сям’ёй тыдзень таму? Магу паспрачацца, ён там столькі ўсяго панавывучае, я нават пачынаю зайздросціць, бо старажытнаягіпецкія чараўнікі – такія выдатныя.

Тут таксама шмат чаго цікавага. Мне нават прыйшлося перапісваць сваё сачыненне па гісторыі Магіі, бо вельмі хацелася напісаць пра тое, што я тут даведалася. Спадзяюся, яно атрымалася не вельмі доўгім, я напісала на два скруткі пергаменту больш, чым прасіў прафесар Бінс.

Рон прапануе сустрэцца ў Лондане на апошнім тыдні перад заканчэннем вакацыяў. А ў цябе ці атрымаецца? Дзядзька з цёткай дазволяць? Спадзяюся, што так. Калі не, сустрэнемся першага верасня ля Хогвартс Экспрэса!

З любоўю,

Герміёна

P.S. Рон напісаў, што Пэрсі абралі на старасту школы.Трымаю заклад, што той надта задаволены. А вось Рону здаецца, гэта не надта даспадобы.

Гары зноў усміхнуўся, адклаў убок паштоўку Герміёны і ўзяўся за яе падарунак. Там было нешта даволі цяжкое і, ведаючы Герміёну, хлопец спачатку вырашыў, што гэта тоўстая кніга мудрагелістых замоваў, але ён памыліўся. Яго сэрца пачало шалёна грукатаць, калі ён разгарнуў пакунак і ўбачыў чорны скураны куфэрак, на якім срэбнымі літарамі было выціснута “Набор для абслугоўвання мятлы”.

- Анішто сабе, Герміёна!- прашапатаў Гары, адчыняючы куфэрачак, каб зазірнуць ў яго.

У ім месцілася вялізная бляшанка высокаякаснай флітвудцкай паліролі для аздаблення тронка, бліскучыя срэбныя абцужкі для даглядання хваста, маленечкі латунны компас з зашчэпкай, які можна ўжываць падчас працяглых вандровак і дапаможнік “Даглядай сваю мятлу самастойна.”

Акрамя сяброў, Гары страшэнна не хапала яшчэ аднаго, квідытча, гульні з якой ён пазнаёміўся ў Хогвартсе і якая да таго ж была вельмі папулярнай у чараўніцкім свеце – надта небясьпечная, але такая захапляльная, бо гуляюць ў яе на мётлах. Высветлілася, што Гары даволі добра гуляе ў гэтую гульню, больш таго, ён быў самым маладым гульцом за цэлае стагоддзе, якога абралі ў каманду аднаго з Дамоў Хогвартса. Адной з самых каштоўных для Гары рэчаў была гоначная мятла Німбус 2000.

Хлопец адклаў скураны куфэрак убок і прыняўся за апошні пакунак. Па нязграбных крамзолях на абгортцы Гары адразу пазнаў віншавальніка. Гэта быў Хагрыд, хогвартскі ляснічы. Хлопец сарваў верхні слой паперы і пабачыў нешта зялёнае і скурападобнае, але не паспеў ён разгарнуць ўсё цалкам, як падарунак пачаў дзівосным чынам дрыжэць, а тое што было ўсярэдзіне гучна пстрыкнула, як тыя сківіцы.

Гары змярцвеў. Канечне, ён ведаў, што Хагрыд ніколі не дашле яму штось небяспечнае, але ж хлопчык таксама ведаў, што разуменне пра небяспечнасць у Хагрыда адрозніваецца ад звычайнага чалавека. Агульнавядома, што той мог найпроста сябраваць з гіганцкімі павукамі, набыць у выпадковага знаёмага злоснага трохгаловага сабаку ці таямніча пранесці ў сваю хацінку забароненае законам яйка дракона.

Гары, нярвуючыся, штурхнуў пакунак. Той зноўку пстрыкнуў. Хлопчык пацягнуўся да лямпы на століку, моцна схапіў яе адной рукою і падняў па-над галавою, гатовы у любы момант стукнуць змесціва пакунку. Другой рукой ён схапіў астатнюю абгортку і сцягнуў яе.

Гэта была кніга. Гары хапіла часу толькі, каб заўважыць прыгожую зялёную вокладку і назву, зробленую залатымі літарамі “Пачварная кніга аб пачварах”, перш чым кніга самастойна паднялася на рабро і заварушылася ўздоўж ложка, як нейкі дзівосны краб.

- Аёйку, - прамармытаў Гары.

З цяжкім грукатам кніга звалілася на падлогу і панеслася ўздоўж пакою. Гары на пальчыках пацягнуўся ўслед. Кніга схавалася ў самы цёмны куток пад пісьмовым сталом. Молячыся, каб Дурслі працягвалі моцна спаць, Гары лёг на падлогу і пацягнуўся за выданнем.

- Вой!

Кніга цапнула яго за руку і няспешна пачала рухацца міма яго з дапамогай уласнай вокладкі. Гары рыўком развярнуўся, кінуўся наперад і схапіў яе. Дзядзька Вернан гучна замармытаў у сне ў суседнім пакоі.

Хэдвіг і Эрал з зацікаўленасцю назіралі, як Гары працягваў змагацца з кнігай, прыціснуўшы яе да грудзей, потым паспяшаўся да камоды і выцягнуўшы з яе дзягу, моцна зацягнуў яе вакол кнігі. “Пачварнае выданне” па-вар’яцку хісталася, але ўжо не магло ані пстрыкаць, ані цапаць, таму хлопчык кінуў яго на ложак і пачаў чытаць віншаванне ад Хагрыда.

Даражэнькі Гары,

Віншую з днём нараджэння!

Лічу, што гэтая кніга надта спатрэбіцца табе ў гэтым годзе. Больш нічога не скажу, паведамлю пры сустрэчы.

Маю надзею, што маглы добра з табой абыходзяцца.

Усяго найлепшага,

Хагрыд.

Гары падалося, што ёсць нейкая злавеснасць ў словах Хагрыда ў тым, што хлопчыку можа спатрэбіцца куслівая кніга, тым не менш ён паставіў картку Хагрыда да віншаванняў Рона і Герміёны, усміхаючыся яшчэ шырэй. Засталося прачытаць толькі ліст з Хогвартса.

Заўважыўшы, што паштоўка таўсцей чым звычайна, Гары разадраў канверт, выцягнуў з яго першы скрутак і прачытаў:

Паважаны містэр Потэр.

Звяртаем вашу ўвагу на тое, што новы вучэбны год пачнецца першага верасня, Хогвартс Экспрэс адыходзіць з вакзала Кінг Кросс, ад платформы дзевяць і тры чвэрці аб адзінаццатай гадзіне.

Вучням трэццяга году навучэння падчас выходных дазваляецца наведваць вёску Хогсмід. Калі ласка, падпішыце ў вашых бацькоў, альбо апекуноў прыкладзены да ліста бланк.

Спіс кніг на наступны год прыкладаецца.

Са шчырай павагай,

Прафесар М. МакГонагал

Намесніца дырэктара.

Гары выцягнуў бланк дазволу аб наведванні Хогсміда і глядзеў на яго больш не ўсміхаючыся. Як было б хораша наведвацца туды па выходных. Хогсмід - вёска цалкам чараўніцкая. Гары добра пра яе ведаў, але аніразу не наведваў. І як пераканаць дзядзьку ці цётку падпісаць бланк дазволу?

Ён зірнуў на будзільнік. Была ўжо другая гадзіна ночы.

Вырашыўшы, што пра бланк дазволу ён патурбуецца, калі прачнецца, Гары вярнуўся ў ложак і паспяшаўся выкрэсліць з самаробнага графіку яшчэ адзін прамінуты дзень, які застаўся яму да вяртання ў Хогвартс. Потым зняў акуляры і лёг, заплюшчыўшы вочы, гледзячы на ажно тры віншавальных карткі.

І вось такі незвычайны Гары Потэр у гэты момант адчуваў, як і ўсе астатнія дзеці, радасць. Ён першы раз ў жыцці радаваўся свайму дню нараджэння.

— Раздзел II —

Вялізная памылка цёткі Мардж

Калі раніцай Гары спусціўся да сняданку, усе Дурслі ўжо сядзелі за кухонным сталом. Яны глядзелі новы брэндавы тэлевізар, які Дадлі атрымаў у падарунак да пачатку вакацый. Дурслі малодшы дужа скардзіўся, што ад тэлевізара ў гасцёўні да лядоўні з прысмакамі надта доўга ісці. Большую частку лета Дадлі правёў менавіта на кухні, не адрываючы маленькіх свіных вачанятак ад экрана, хістаючы сваімі пяццю падбароддзямі, бо бесперапынна штосьці жэр.

Гары прысеў паміж Дадлі і дзядзькам Вернанам, буйным, тлусценным чалавекам з замалой шыяй, але велічэзнымі вусішчамі. Дурслі, якія зусім не жадалі, каб у Гары быў шчаслівы дзень нараджэння, аніякім чынам не паказалі, што заўважылі яго з’яўленне ў пакоі, але для Гары гэта было чымсьці натуральным. Ён ўзяў сабе кавалак тосту і зірнуў на апошнія тэленавіны, дзе дыктар паведамляў пра ўцёкі нейкага злачынцы.

- ...грамадскасць папярэджана, што Блэк мае зброю і вельмі небяспечны. Была створана гарачая лінія, па якой трэба неадкладна тэлефанаваць, калі вы штосьці ведаеце пра яго месцазнаходжанне.

- Маглі б нават не паведамляць, што ён злыдзень, - пырхнуў дзядзька, гледзячы на фота ўцекача, - Толькі зірніце на яго – гідкі абібок. А яго фрэзура!

Вернан прынізліва кінуў позірк у бок Гары, растрапанае валоссе якога заўсёды раздражняла дзядзьку. Але ў параўнанні з каўтунамі зняволенага, даўгімі і брыдкімі, фрэзура Гары выглядала надта дагледжанай.

Потым зноў аб’явіўся дыктар.

- Міністэрства сельскагаспадарчай і рыбнай прамысловасці абвесціць сёння...

- А ну, чакай,- зароў дзядзька Вернан дыктару, - Ты ж не паведаміў, адкуль збег гэты маньяк. Ці ж гэта навіны?! Можа, гэты вар’ят ужо ідзе па маёй вуліцы!

Цётка Пятуння - кашчаватая асоба з канячым тварам, імгненна развярнулася і ўтаропілася ў акно кухні. Гары ведаў, што цётка, жарсць, як любіць першай патэлефанаваць на разнастайныя гарачыя лініі, яна ўвогуле была занадта дапытлівай жанчынай і большую частку жыцця правяла, падглядаючы за сваімі нуднымі законапаслухмянымі суседзямі.

- Калі яны ўжо навучацца, - прамовіў дзядзька Вернан, грукаючы па стале сваім вялізным фіялетавым кулаком, - што, шыбеніца – адзіны спосаб для такіх людзей?

- Цалкам згодна, - адказала цётка Пятуння, працягваючы адным вокам глядзець у бок суседскай фасолі

Дзядзька ў адзін глыток дапіў свой кубак і паглядзеўшы на гадзіннік дадаў:

- Я ўжо вінен спяшацца, Пятуння. Цягнік з Мардж прыбывае а дзесятай.

Гары, думкі якога зараз былі далёка наверсе разам з “Наборам для абслугоўвання мётлаў”, імгненна з глухім ударам зваліўся на зямлю.

- Цётка Мардж?- з жахам вымавіў ён,- Яна што, збіралася прыехаць?

Цётка Мардж была сястрою дзядзькі Вернана. І хаця яна не была яго кроўнай сваячкай (бо маці Гары была роднай сястрой цёткі Пятунні), ён ўсё жыццё быў вымушаны называць яе цёткай. Мардж жыла ў вёсцы ў доме з велізарным садам, там яна гадавала бульдогаў. На Прайвет драйв яна аб’яўлялася даволі рэдка, бо не магла надоўга пакінуць сваіх каштоўных сабак. Але ж кожны яе прыезд відавочным жахам застаўся ў свядомасці хлопца.

Калі Дадлі святкаваў пяты дзень народзінаў, цётка Мардж збіла Гары па галёнках сваім кійком, каб той ня смеў перамагаць яе ўлюбёнца ў гульню “Музычныя статуі”. Праз некалькі гадоў яна аб’явілася на Каляды і прывезла Дадлі камп’ютарызаванага робата, а Гары скрынку сабачага печыва. А падчас яе візіта за год да паступлення Гары ў Хогвартс, хлопец выпадкова наступіў на лапу Рыперу, аднаму з яе ўлюбёных бульдогаў. Сабака доўга бегаў за Гары па садзе і ўрэшце загнаў на дрэва. Дык Мардж увяла Рыпера толькі па апоўначы. Калі Дадлі прыпамінаў гэты выпадак, у яго яшчэ доўга выступалі на вачах слёзы ад смеху.

- Мардж прабудзе тут увесь тыдзень, - гаркнуў дзядзька Вернан і пагрозліва тыкнуў тоўсты палец у Гары,- мы з табой дамовімся пра тое-сёе, пакуль я за ёй не паехаў...

Дадлі ўсміхнуўся і адарваў вочы ад тэлевізара.

Пазіраць на тое, як бацька запалохвае Гары, было ўлюбёнай забавай Дурслі малодшага.

- Па-першае,- рыкнуў дзядзька Вернан,- ты павінен размаўляць з Мардж як цывілізаваны чалавек.

- Добра, - з’едліва адказаў Гары, - але толькі, калі яна гэтак жа будзе размаўляць са мной.

- Па-другое, - працягваў дзядзька, зрабіўшы выгляд, што не чуў яго адказу,- Мардж нічога не ведае пра тваю ненармальнасць, і я не жадаю, каб ты дэманстраваў ёй свае вар’яцкія дзівацтвы, ці ты добра мяне зразумеў?

- Калі яна будзе рабіць тое самае, - сціснуўшы зубы, адказаў Гары

- І па-трэцяе,- працягваў Вернан, яго вочкі звузіліся і быццам зніклі з яго барвовага твару,- мы паведамілі Мардж, што ты вучышся ў Закрытым цэнтры святога Брута для хлопцаў з паталагічнымі схільнасцямі да злачынстваў.

- Што?!- прагаласіў Гары.

- І ты будзеш прытрымлівацца гэтай гісторыі, ці чакай бяды,- пырснуў сліной дзядзька Вернан.

Гары сядзеў збляднелы і раз’юшчаны і глядзеў на Вернана, з цяжкасцю верачы ў тое, што ён казаў. Тыднёвы візіт цёткі Мардж – горшы падарунак ад Дурслі на дзень нараджэння цяжка было ўявіць, нават горшы за старыя дзядзькавы шкарпэткі.

- Добра, Пятуння,- прамовіў Вернан, падымаючыся на ногі, - я паехаў на станцыю. А ці ты не жадаеш праехацца, Дадэрс?

- Не, -адказаў Дадлі, зноўку ўперыўшыся ў тэлевізар.

- Дадзі, трэба падрыхтавацца да візіту любай цётачкі,- прамовіла Пятуння,- гладзячы Дадлі па тоўстай светлавалосай галаве. Мамачка набыла яму выдатны новы гальштук-бабачку.

Дзядзька Вернан пахлопаў сына па мажным плячы.

- Ну, тады хутка пабачымся,- адказаў ён і пайшоў з кухні.

Гары некалькі секунд сядзеў у шокавым стане, але раптам да яго ў галаву прыйшла ідэя. Адкінуўшы свой сняданак, ён шпарка ўскочыў на ногі і дагнаў дзядзьку ля дзвярэй.

Той з цяжкасцю нацягваў на сябе паўпаліто.

- Табе са мной нельга!- гыркнуў Вернан, калі, павярнуўшыся, ўбачыў, як хлопец назірае за ім.

- А я і не збіраўся ехаць,- халодна адказаў Гары, - у мяне да вас невялічкая просьба

Дзядзька Вернан падазрона зірнуў на хлопца.

- Трэцягодкам у Хог... у маёй школе, дазволена адчасу наведваць суседнюю вёску,- паведаміў Гары.

- І?- перабіў яго дзядзька, здымаючы ключы ад машыны з кручка ля дзвярэй.

- Трэба, каб вы падпісалі бланк дазволу,- шпарка скончыў Гары.

- А мне нашто гэта патрэбна?- здзекліва прамовіў Вернан.

- Ну,- старанна падбіраючы словы, адказаў хлопчык, - вы ж разумееце, наколькі цяжка мне будзе рабіць перад цётачкай Мардж выгляд, што я вучуся ў Цэнтры святога гэтага...

- Закрытым цэнтры святога Брута для хлопцаў з паталагічнымі схільнасцямі да злачынстваў!- раўнуў дзядзька, але Гары з палёхкаю адчуў у яго голасе панічныя ноткі.

- А, вось вось,- сказаў Гары, з супакоем гледзячы на тое, як дзядзькаў твар пакрываецца барвовымі плямамі,- Такая даўжэзная назва. Мне ж прыйдзецца скарыстаць гэткія намаганні, каб гучала пераканаўча? А калі я штосьці пераблытаю?

- А ці не павыбіваць гэтыя дурыкі з тваёй галавы, каб усё добра запомніў,- зароў дзядзька Вернан падняўшы да гарынага твару свой агромністы кулак.

- Колькі не выбівайце, але ж цётачка Мардж не забудзе тое, што я магу сказаць, - змрочна адказаў хлопец.

Дзядзька Вернан спыніўся, але працягваў трамаць кулак паднятым, яго твар набыў амаль што пурпуровы колер.

Наши рекомендации