XVI. Прароцтва прафесаркі Трэлані
Эйфарыя ад, нарэшце, выйгранага Кубка па Квідытчу доўжылася ў Гары ня меньш за тыдзень. Здавалася, нават, надвор’е святкавала разам з ім. Набліжаўся чэрвень, дні сталі бесхмарнымі і гарачымі, а ў вучняў прачнулася стойкае жаданне шпацыраць, ці валяцца на траўніку прыхапіўшы з сабой колькі пінт гарбузовага соку. Гуляць ў простыя гульні, накшталт плювакаменчыкаў, альбо назіраць, ці не варухнецца летуценна гіганцкі кальмар на паверхні возера.
Але яны не маглі сабе гэтага дазволіць. Набліжаліся іспыты і замест таго, каб валэндацца на прыродзе, вучні сядзелі ў задушным замку, спрабуючы сканцэнтравацца ў той час, калі ў вокны дзьмуў летні ветрык. Нават Фрэд і Джордж сядзелі за працай, яны рыхтаваліся да іспытаў на Простую Рэзультатыўную Адзнаку Школьнай Чарадзейскай Адукацыі (П.Р.А.Ш.Ч.А.). Персі засеў рыхтавацца да Трыклятай Абароны Рэзультатаў Чарадзейскай Адукацыі (Т.А.Р.Ч.А.), самай высокай кваліфікацыйнай адзнакі, якую мог даць Хогвартс. Ён збіраўся атрымаць пасаду ў Міністэрстве Магіі, таму меў патрэбу атрымаць на іспытах самыя высокія адзнакі. Таму Персі стаў больш нэрвовым і даваў самыя суворыя пакаранні тым, хто па вечарах парушаў цішыню ў гасцёўне. Але на самой справе, адзіным чалавекам, які падзяляў трывогу Персі, была Герміёна.
Гары і Рон, якія ўжо кінулі пытацца яе, якім чынам у той атрымлівалася быць адначасова на колькіх занятках, не маглі сябе стрымаць, калі пабачылі яе графік праходжання іспытаў. У першым слупку можна было прачытаць:
ПАНЯДЗЕЛАК
9.00 - Нумералогія
9.00 - Ператварэнні
Абед
13.00 - Замовы
13.00 – Старадаўнія руны
- Герміёна?- асцярожна спытаўся Рон, бо ведаў што Герміёна ў апошнія дні была здольная на выбухі гневу, калі ёй нехта перашкаджаў.- Эээ... ці ты ўпэўнена, што правільна перапісала часы іспытаў?
- Што?- раздражнённа спыталася яна, зазірнуўшы ў свой графік.- Зразумала, так.
- Гэта ня мае сэнсу, але няўжо ты збіраешся быць на двух іспытах адначасова?- спытаў Гары.
- Не,- імгненна адказала Герміёна.- Хтось з вас бачыў мой падручнік “Нумералогія і Граматыка”?
- Так, я яе ўзяў, каб пачытаць перад сном,- прамовіў Рон, але вельмі ціха. Герміёна пачала рыцца ў грудзе пергаменту на стале, пытаючыся адшукаць кнігу, у гэтае ж імгненне ля вакна адчуўся шолах і ў гасцёўню заляцела Хэдвіг, нешта шчыльна сціскаючы ў дзюбе.
- Гэта ад Хагрыда,- прамовіў Гары, раскрываючы цыдулку.- Апеляцыя Бакбіка... будзе разглядацца шостага.
- У дзень апошняга іспыту,- заўважыла Герміёна, працягваючы шукаць падручнік.
- Разгляд адбудзецца тут,- працягваў чытаць Гары.- Будзе прысутнічаць прадстаўнік з міністэрства і... і кат.
Герміёна ўражана падняла вочы.
- Навошта яны вязуць на апеляцыю ката? Гучыць так, бы яны ўсё ўжо вырашылі!
- Так. Здаецца, што так,- павольна адказаў Гары.
- Яны гэтага не зробяць!- узвыў Рон.- Я столькі часу страціў шукаючы матэрыялы дзеля яго абароны, яны не павінны гэта праігнараваць!
Але ў Гары было жудаснае пачуццё, што меркаванне за Камітэт па знішчэнню небяспечных істот ужо склаў містэр Малфой. Драко, які быў надта падаўлены ў сувязі з перамогай Грыфіндора ў квідытчным фінале, у апошнія дні, здавалася, крыху аднавіў сваёй мінулую пыхлівасць. Гары выпадкова пачуў, як ён са смехам разважаў аб тым, што Бакбік павінен быць катаваны і цалкам быў задаволены сабой, прадчуваючы гэту падзею. Гары ледзь стрымаў сябе, каб па прыкладзе Герміёны не заехаць Драко па твары. А горшым за ўсё было тое, што у іх нават не было магчымасці наведаць Хагрыда, бо новыя меры бяспекі ў школе так і не былі зняты. Гары не адважваўся, нават, схадзіць па сваю Мантыю-Невідзімку схаваную пад статуей аднавокай вядзьмаркі.
*
Пачаўся тыдзень іспытаў і над замкам запанавала ненатуральная цішыня. У панядзелак трэццягодкі пакінулі кабінэт Ператварэнняў толькі ў абедзенны час, млявымі і бледнатварымі, параўноўваючы свае вынікі і скардзячыся на цяжкія заданні, накшталт ператварэння імбрычка на чарапаху. Герміёна надта раздражняла астатніх сваімі пустымі хваляваннямі наконт таго, што яе чарапаха больш нагадвала марскую, а не рачную. Але насамрэч яна магла клапаціцца значна меньш за астатніх.
- У маёй замест хваста застаўся імбрычны носік, які жах...
- А ці бываюць чарапахі ў якіх падчас дыхання з носу ідзе пар?
- А ў маёй на панцыры застаўся арнамент у выглядзе вярбовага галля, думаеш гэта моцна паўплывае на адзнаку?
Пасля абеду яны рушылі здаваць іспыты па Замовах. Герміёна мела рацыю, прафесар Флітвік вырашыў рабіць іспыт па Ўзбадзёрваючым Замовам. Гары настолькі моцна хваляваўся, што перастараўся і Рон, які быў яго партнёрам на іспыце пачаў гістэрычна рагатаць і быў вымушаны сысці на гадзіну ў суседні пакой, каб супакоіцца і выканаць замову на Гары. Пасля вячэры ўсе навучэнцы паспяшаліся ў свае гасцёўні, каб не расслабляючыся пачаць рыхтавацца да заўтрашнім іспытам па Догляду за Магічнымі істотамі, Зеллеварству і Астраноміі.
Хагрыд, які праводзіў іспыт па Догляду за Магічнымі істотамі быў даволі моцна заклапочаным і лунаў думкамі дзесь надта далёка. Ён прывалок вялізную балею чарвямляваў і раздаў іх вучням. Прафесар Хагрыд прызначыў такое выпрабаванне, чый чарвямляў застанецца жывым праз гадзіну, той і здасі іспыт. Аднак ў сувязі з тым, что гэтыя істоты лепей адчувалі сябе, калі іх пакідалі ў супакоі, гэта быў самы лёгкі іспыт з усіх. Вучні ціхінька сядзелі і займаліся сваімі справамі, а Гары, Рон і Герміёна скарыстаўшыся магчымасцю, падыйшлі да Хагрыда, каб крыху паразмаўляць.
- Бікі ў апош’ час крыху маркоціць,- нахіліўшыся, быццам збіраўся праверыць, ці жывы яшчэ гарын чарвямляў, ціха прамовіў ён.- А то, стольк’ сядзець пад замком. І ўсё-ткі... Так ці ‘накш... пась’заўтра ўсё у’святліцца.
Адбываўшыйся пасля абеду іспыт па Зеллеварству быў сапраўднай катастрофай. Як не стараўся Гары, але яго Канцэнтрат Збянтэжанасці, аніяк не жадаў гусцець. Снэйп, які з мсцівым задавальненнем назіраў за Гары, перад тым як вярнуцца за свой стол надрапаў у сваім журнале нешта надта нагадваючае нуль.
Апоўначы ў самай высокай вежы хогвартскага замку адбываўся іспыт па Астраноміі. А ўжо ранкам у сераду яны пайшлі здаваць Гісторыю Магіі. Адказваючы аб адбываўшыхся ў сярэднявеччы выпадках Палявання на Ведзьмарак, Гары запісаў у сваім пергаменце ўсё, аб чым даведаўся летась ад Фларыяна Фартэск’ю, адначасова з гэтым шкадуючы, што не мае магчымасці, сядзячы ў задушным класе паласавацца сваім ўлюбёным марозевам -шакаладны гарэшак. Пасля абеду было не лепш, яны правялі колькі гадзін у парніках здаваючы Зёлазнаўства і ўвечары вярнуліся ў грыфіндорскую гасцёўню з абгарэлымі шыямі, з тугою думаючы, што іспыты скончацца толькі заўтра.
Перадапошнім іспытам ў чацвер ранкам была Абарона ад Цёмных Мастацтваў. Іспыт прафесара Люпіна быў самым незвычайным з тых, у якіх яны колі-небудзь удзельнічалі. Ён больш нагадваў паласу перашкодаў і праводзіўся знадворку. Вучню трэба было перайсці бродам глыбокі вір, што кішэў грындзілоў; мінуць шэраг калдобін сярод якіх хаваліся чырвонакалпачнікі; прахлюпаць між куп’я сярод дрыгвы, ігнаруючы маны блукаючых агенчыкаў і, нарэшце, забрацца ў стары куфар, каб пазмагацца з новым богартам.
- Выдатна, Гары,- глуха прамовіў прафесар Люпін, калі хлопчык, усміхаючыся вылез з куфра,- Вышэйшы бал!
Гары акрылены саім поспехам, застаўся назіраць, як іспыт адолеюць яго сябры. Рон рабіў усё файна, ажно пакуль не трапіў на блукаючага агенчыка, які паспяхова завабіў яго па пояс ў дрыгву. Герміёна раскошна прамінула ўсе перашкоды, але як толькі яна забралася ў куфар з богартам, не мінула і хвіліны, як яна з лямантам выскачыла вонкі.
- Герміёна!- збянтэжана ўсклікнуў Люпін.- Што здарылася?
- П-П-Прафесарка МакГонагал!- цяжка дыхаючы адказала дзяўчо, кажучы на куфар.- Й-Яна сказала, што я праваліла ўсе іспыты!
Спатрэбілася колькі часу, перш чым яна супакоілася. Калі ж Герміёна, нарэшце, апанавала над сабой, яна разам з Гары і Ронам вярнулася ў замак. Рон злёгку пацяшаўся з герміёнінага богарта, але раптам сціх, калі яны ўбачылі, што хтосьці чакае іх ля ўваходных дзвярэй.
Карнэліюс Фадж, які крыху ўзапрэў у сваёй паласатай мантыі, стаяў і глядзеў сабе пад ногі. Заўважыўшы Гары, ён усхамянуўся.
- Вітаю, Гары!- прамовіў ён.- Я спадзяюся ты ідзеш з іспыта? Гэты - перадапошні?
- Так,- адказаў Гары. Рон і Герміёна дагэтуль ніколі не бачыліся з міністрам па справах магіі і таму збянтэжана стаялі за гарынай спіной.
- Выдатнае надвор’е,- сказаў Фадж, зірнуўшы на возера,- Але як шкада... як шкада...
Ён цяжка ўздыхнуў і паглядзеў на Гары.
- Я тут з адной вельмі непрыемнай місіяй, Гары. Камітэту па знішчэнню небяспечных істотаў спатрабаваўся сведка катавання шалёнага гіпагрыфа. Я якраз быў у Хогсмідзе, каб праверыць, як справы з росшукамі Блэка і гэта пасада была запрапанована мне.
- Ці гэта значыць, што апеляцыю ўжо разгледзелі?- выступіўшы наперад спытаўся Рон.
- Не, не, розгляд апеляцыі запланаваны на сёння,- адказаў Фадж з зацікаўленасцю зірнуўшы на Рона.
- Тады, як вы можыце лічыць сябе сведкам катаваня,- рашуча прамовіў Рон.- Гіпагрыфа ж яшчэ могуць апраўдаць!
Перш чым Фадж паспеў штось адказаў Рону, за спіной міністра з галоўных дзвярэй выйшлі два чараўніка. Адзін з іх быў настолькі стары, што здавалася быў гатовы рассыпацца на іх вачах, а другі быў велічны і дужы, з танюткімі чорнымі вусамі. Гары адразу зразумеў, што гэта прадстаўнікі Камітэта, бо стары зірнуўшы ў напрамку хагрыдавай халупы прамовіў слабым голасам:
- Божа, мой, Божачкі, я ўжо занадта стары для падобных спраў... а другой гадзіне, ці не так Фадж?
Чарнавусы правеў сваім пальцам дзесьці ў раёне паса і Гары заўважыў, што той крануўся ляза вялізнай сякеры. Рон ужо раскрыў рота, каб нешта сказаць, але Герміёна моцна пхнула яго пад рэбры і хістнула галавою у напрамку уваходу.
- Навошта ты спыніла мяне?- раздражнённа спытаўся Рон, калі яны ўвайшлі ў Вялікую Залу на абед.- Ці ты іх бачыла? Яны ўжо і сякеру падрыхтавалі! Гэта не правасуддзе!
- Рон, твой бацька працуе ў міністэрстве. Табе нельга казаць падобнага яго босу!- адказала Герміёна, але пры гэтам сама выглядала ашаломленай.- Калі Хагрыд у гэты раз захавае равнавагу і распавядзе ўсё належным чынам, мяркую, яны не пасмеюць катаваць Бакбіка....
Аднак Гары быў больш чым упэўнены, што Герміёна і сама ня верыла таму, што казала. Вучні, сядзеўшыя ў Вялікай Зале за сталамі захоплена разважалі аб тым, што пасля абеду нарэшце адбудуцца апошнія іспыты. Але перапоўніўшыся турботаю аб Хагрыдзе і Бакбіку сябры не ўдзельнічалі ў гэтым размовах.
Апошнім іспытам у Гары і Рона было Вяшчунства, а ў Герміёны – Маглазнаўства. Яны падняліся па мармуровых сходах. Пакінуўшы Герміёну на другім паверсе, Гары з Ронам самі падняліся ажно да семага, дзе ўбачылі шэраг вучняў, якія згрудзіліся на вінтавой лесвіцы, што вяла да кабінэта прафесаркі Трэлані і пыталіся ў апошнюю хвіліну запомніць штось з напісанага ў падручніку.
- Яна выклікае паасобку,- паведаміў ім Нэвіл, калі Гары з Ронам падыйшлі да яго і прыселі побач. Нэвіл трымаў на каленях свой падручнік Развуаляванне Будучыні, ён быў адчынены на старонцы прысвечанай варажбе з дапамогаю крышталёвага шару.- Хто-небудзь з вас бачыў, хоць нешта ў гэтым шары?- няшчасным голасам спытаўся ён.
- Ані,- рашуча адказаў Рон. Ён зірнуў на свой гадзіннік, Гары ведаў, што Рон глядзіць, колькі часу засталося да пачатку апеляцыі Бакбіка.
Чарга вучняў, чакаючых іспыту скарачалася вельмі павольна. Калі хтось ўжо здаўшы іспыт спускаўся па срэбнай лесенке ўсе адразу кідаліся да яго і шэптам пыталіся.
- Што яна пыталася? Ці здаў ты?
Але рашуча ўсе адмаўляліся адказваць на пытанні.
- Яна сказала, што ўбачыць ў сваім крышталёвым шары, калі я вам падкажу і са мною здарыцца няшчасце,- прапішчаў Нэвіл, спусціўшыся ўніз да Гары і Рона, якія ўжо дасягнулі пляцоўкі пад кабінэтам Трэлані.
- Вельмі зручна,- фыркнуў Рон.- Ці ведаеш, я пачынаю думаць, што Герміёна мела рацыю, яна,- Рон паказаў пальцам на люк,- папросту старая махлярка.
- Так,- гледзячы на ўласный гадзіннік адказаў Гары, было ўжо а другой дня,- Трэ, каб яна паспяшалася...
Парваці спусцілася па лесенке ззяючы ад гонару.
- Яна сказала, што з мяне атрымаецца вельмі добрая празорка,- паведаміла яна Гары і Рону.- Я столькі ўсяго ўбачыла... жадаю поспехаў!
І яна паспяшала ўніз па сходах да сваёй сяброўкі Лавендры.
- Рональд Візлі,- фамільярна прамовіў, цмяны голас панад іх галовамі. Рон скруціўшы морду у гарыным напрамку падняўся па лесенке. Цяпер Гары быў адзіным, хто не прайшоў іспыт. Ён прысеў на падлогу спіной да сцяны і прыслухаўся да ціхага гудзення мух, а яго думкі былі недзе там, з Хагрыдам.
Нарэшце, прыкладна праз дваццаць хвілін, вялізныя ступакі Рона паказаліся з люку.
- Ну як?- падымаючыся з падлогі, спытаўся Гары.
- Трызненне,- адказаў Рон.- Я зразумела ж анічога не бачыў, таму нес першае, што прыйшло да галавы, хаця я не ўпэўненны што яна гэта заўважыла, але...
- Сустрэнемся ў гасцёўне,- прамармытаў Гары, калі голас прафесаркі паклікаў яго.
У пакоі нагары было яшчэ больш задушна чым раней. Фіранкі былі наглуха завешаны, ў каміне палаў агонь, а звычайны для кабінэта пах быў настолькі моцным, што Гары закашляўся. Праз безладна расстаўлены сталы і крэслы, Гары накіраваўся да стала, дзе ля вялізнага крышталёвага шара сядзела прафесарка Трэлані.
- Дабрыдзень, мой любы,- мягка прамовіла яна.- Калі на гэта будзе твая воля, зазірні ў шар... не спяшайся, вось... а потым скажы мне, што ты там бачыш...
Гары нахіліўся да шару і з ўсяе моцы пачаў глядзець у яго, імкнучыся ўбачыць там хоць штось акрамя віхуроў белай смугі, але ў яго анічога не атрымалася.
- Не?- далікантна спыталася прафесарка.- Што ты бачыш?
Задуха была невыноснай, а ноздры пякло ад паху духмянасцяў, якія даносіўся з каміна. Гары падумаў аб тым, што толькі што паведаміў яму Рон і таксама вырашыў прыкінуцца.
- Ну...- прамовіў ён,- я бачу цёмную постаць... ммм...
- На што яна падобна?- прашапатала прафесарка.- Не спяшайся, падумай...
Гары крыху паразважаўшы, супыніўся на Бакбіке.
- Гіпагрыфа,- рашуча адказаў ён.
- Няўжо!- прашапатала Трэлані, штось нядвайна нашкрабаўшы на скрутку пергамента, які ляжаў у яе на каленях,- Мой ты хлопчык, магчыма ты бачыш вынік сутычкі нашага беднага Хагрыда з міністэрствам магіі! Паглядзі... ці мае гіпагрыф галаву?
- Так,- рашуча прамовіў Гары.
- Ты ў гэтым упэўнены?- не супакойвалася прафесарка.- Упэўнены, мой любы? Зірні лепей, мо ён курчыцца на зямлі, ці якаясь постаць стаіць па над ім з сякераю ў руках?
- Не!- адказаў Гары, пачынаючы адчуваць лёгкую моташ.
- Крыві няма? Можа плачучы Хагрыд?
- Не!- паўтарыў Гары, з ўсяе сілы жадаючы найхутчэй пакінуць гэты пакой і яго задуху.- З ім ўсё добра, ён... ён улятае...
Прафесарка Трэлані з тугою уздыхнула.
- Добра, мой ты даражэнькі, думаю на гэтым мы і супынімся... канечне, ты мяне крыху расчараваў... але я ўпэўнена, што ты імкнуўся зрабіць ўсё як мага лепш.
Гары ўздыхнуў з палёгкаю, падняўся ногі, перакінуў праз плячо торбу і ўжо збіраўся сыходзіць, як раптам за яго спіною адчуўся нечый гучны і рэзкі голас:
- Гэта адбудзецца сёння ўвечары.
Гары развярнуўся. Прафесарка Трэлані здранцвеўшы сядзела на сваім крэслы і глядзела кудысь невідушчымі вачыма, прыадчыніўшы рот.
- П-прабачце?- спытаўся Гары.
Але прафесарка здавалася ня чуе яго. Яе вочы закаціліся. Гары стаяў і з непакоем глядзеў на яе. Трэлані выглядала так, бы з ёй вось вось пачнецца прыступ нейкай хваробы. Гары пачаў прыпамінаць, ці працуе зараз шпітальнае крыло... але тут яна зноў загаварыла, тым жа чужым, рэзкім голасам:
- Цёмны Лорд ляжыць адзінокі і маркотны, прыхільнікі зракліся яго. Адзіны каго ён мае - слуга, які дванаццаць год быў запалонены. Але сёння апоўначы слуга вырвецца на свабоду і адправіца шукаць свайго гаспадара, каб аб’яднацца з ім. З дапамогаю свайго слугі, Цёмны Лорд уваскрэсне і будзе ён яшчэ мацней і жахлівей, чым колісь. Сёння... апоўначы... слуга... вырвецца... шукаць... гаспадара...
Прафесарка Трэлані прынізіла галаву сабе на грудзі. З яе горла вырваўся нейкі крэхчучы гук і яна падняла галаву.
- Прабач, мой даражэнечкі,- сонна вымавіла яна.- Сёння такая спёка... я задрамала на хвіліну...
Гары, працягваў стаяць, вытарапіўшыся на яе.
- Штось здарылася, мой даражэнечкі?
- Вы... вы толькі што паведамілі... што Цёмны Лорд уваскрэсне... яго слуга збіраецца вярнуць яго...
Трэлані цалкам здзіўлена глядзела на яго.
- Цёмны Лорд? Той, Чыё Імя Нельга Вымаўляць? Гэта нагадвае дурны жарт, мой даражэнечкі... уваскрэсне, насамрэч...
- Але вы самі толькі што пра гэта казалі! Што Цёмны Лорд...
- Думаю, ты таксама крыху задрамаў, любы мой!- адказала прафесарка.- Вядома, я б аніколі ў жыцці не дазволіла сабе прадказаць падобную лухцень!
Гары спусціўся ўніз па срэбнай лесенке, а потым па вінтавых сходах, разважаючы... што гэта было... рэальнае прадказанне, ці нейкі від эфэктнага заканчэння іспыту?
Праз пяць хвілін ён ужо бег міма троляў-ахоўнікаў да ўваходу ў Грыфіндорскую Вежу, у яго розуме працягвалі гудчаць словы прафесаркі. У супрацьлеглым кірунку рушылі іншыя вучні. Пасміхаючыся і жартуючы, яны ішлі на доўгачаканую волю. Калі ён дасягнуў Тлустай Пані і прайшоў праз адтуліну за яе партрэтаў у гасцёўню, ён ўбачыў, што тая амаль апусцела. Толькі Рон з Герміёнаю сядзелі ў сваім звычайным куточку.
- Прафесарка Трэлані, запыхаўшыся прамовіў ён,- толькі што сказала мне...
Ён рэзка супыніўся, паглядзеўшы на іх твары.
- Бакбік прайгаў,- слаба прамовіў Рон.- Мы атрымалі паштоўку ад Хагрыда.
На гэты раз ліст ня быў запырсканы слязьмі, але складася ўражэнне, што рукі Хагрыда так моцна калаціліся, калі ён пісаў яго, што прачытасць штось было вельмі цяжка.
“Апеляцыя прайграна. Яны збіраюцца ажыцявіць катаванне на захадзе сонца. Вы ўжо нічым не можаце дапамагчы. Прыхадзіць ня трэба. Я не хачу, каб вы гэта бачылі.
Хагрыд”
- Нам трэба ісці,- імгненна прамовіў Гары.- Нам нельга пакідаць яго аднаго, чакаць ката!
- Гэта будзе на заходзе сонца,- сказаў Рон, гледзячы праз вакно на надворак.- Нам ніхто не дазволіць пайсці туды... асабіста табе, Гары...
Гары апусціў галаву на рукі, абдумваючы нешта.
- Калі б толькі ў нас была Мантыя-Невідзімка...
- А дзе твая?- спыталася Герміёна.
Гары распавёў ёй аб тым, што быў вымушаны схаваць яе у праходзе пад статуей.
-... калі Снэйп пабачыць, што я зноў хаджу там, мяне чакаюць непрыемнасці,- дадаў ён.
- Маеш рацыю,- выпрастоўваючыся, сказала Герміёна,- калі ён пабачыць цябе... А як ты адкрываў праход у гарбе?
- Трэба... дакрануцца да яго палачкай і сказаць “Дысэндзіюм”,- адказаў Гары.- Але...
Герміёна не дачакалася пакуль ён скончыць, яна падыйшал да партрэта, адчыніла праход і кудысьці сыйшла.
- Спадзяюся, яна не пайшла за Мантыей?- гледзячы ёй ў след прамовіў Рон.
Але яна пайшла. Праз чвэрць гадзіны Герміёна вярнулася, трымаючы пад вопрадкай старанна складзеную срабрыстую Мантыю.
- Герміёна, што з табой тварыцца ў апошні час?- здзіўлена спытаўся Рон.- Спачатку стукнула Малфоя, потым дэманстратыўна пакінула прафесарку Трэлані...
Дзяўчына вельмі падахвочана зірнула на яго.
*
Разам з астатнімі яны спусціліся на вячэру, але пасля не вярнуліся ў Грыфіндорскую Вежу. Пад вопрадкай ў Гары была схавана Мантыя-Невідзімка і ён увесь час быў вымушаны трымаць рукі крыжом, каб схаваць камяк. Яны затаіліся ў Вестыбюле і сядзелі прыслухоўваючыся, пакуль не ўпэўніліся, што там больш нікога няма. Нарэшце яны пачулі, як сышлі апошнія людзі, ляпнулі дзверы. Герміёна высунулася з іх схованкі.
- Усё добра,- прашапатала яна,- нікога больш няма... апранаем Мантыю...
Прытуліўшыся як мага бліжэй адно да аднаго, каб ніхто іх не заўважыў і апрануўшы на сябе Мантыю, яны на дыбачках прамінулі Вестыбюль і, спусціўшыся па сходах, выйшлі на надворак. Сонца ўжо хавалася за Забаронены лес, пакрываючы золатам вяршаліны дрэў.
Яны дабраліся да халупы і пастукалі ў дзверы. Праз хвіліну Хагрыд адчыніў дзверы, ён быў бледны і яго ўсяго калаціла, Хагрыд азірнуўся шукаючы наведальнікаў.
- Гэта мы,- прасыкал Гары.- Мы пад Мантыяй-Невідзімкай. Пусці нас і мы яе здымем.
- Вы не ‘вінны былі прыходзіць!- прашаптаў Хагрыд, адходзячы ў бок, каб сябры маглі ўвайсці ўсярэдзіну. Палясоўшчык хутка зачыніў дзверы і Гары зняў Мантыю.
Хагрыд не плакаў і не кідаўся ім на шыі. Ён папросту выглядаў, як чалавек, які ня ведае дзе ён і што трэба рабіць. І гэтая яго разгубленнасць выглядала горш, чым яго слёзы.
- Гарбаты?- спытаўся палясоўшчык. Калі ён пацягнуўся за імбрычкам, яго вялізныя рукі затрэсліся.
- Хагрыд, а дзе Бакбік?- нерашуча спыталася Герміёна.
- Я... ён знадвор’,- адказаў Хагрыд і заліў увесь стол малаком, пераліўшы яго праз край малочніка.- Я прывязаў ‘го ля гарбузовых градак. Там знадвор’ ён можа бач’ць дрэвы... падыхаці свеж’ паветрам... пакуль...
Рукі Хагрыда зноў моцна закалаціліся, ён выпусціў малочнік і ўся падлога залілася малаком.
- Я прыбяруся, Хагрыд,- спешна прамовіла Герміёна і прынялася за ўборку.
- Там у шафе ёсць ‘шчэ ‘дзін,- сядаючы прамовіў Хагрыд і выцер рукавом свой вялізны лоб. Гары азірнуўся на разгубленага Рона.
- І што, Хагрыд, няўжо аніхто нічым ня можа дапамагчы?- раз’юшчана спытаўся, Гары, які сядзе паблізу ад яго.- Дамблдор...
- Ён спраб’ваў,- адказаў Хагрыд.- Але Дамблдор не ў стане а’мяніць рашэннь Камітэту. Ён гаворыў ім, што Бакбік не шалёны, але ты ж веда’ш ’ны баяцца... Люцыюса Малфоя... ён пагражаў ім, я зар’з чакаю, калі прыйдзе кат Макнэйр, ён стары малфоеў сябрук... ён зробіць ўсё хутк’ і чыста... а я буду побач...
Хагрыд зглытнуў. Яго вочы шалёна забегалі па пакоі быццам ён аднекуль чакаў падтрымкі ці на кагось спадзяваўся.
- Дамблдор таксам’ прыйдзе, калі ’ны... калі яны бу’ць яго катаваць. Ён напісаў мне а’ гэтым з ранку. Каж’, хоча па’трымаць... падтрымаць мяне. Дамблдор вялікі чалавек...
Герміёна, якая корпалася ў шафе з посудам выдала кароткі, адразу задушаны енк. Яна ледзь стрымліваючы слёзы, вярнулася да стала, трымаючы ў руках новы малочнік.
- Мы таксама застанемся тут,- пачала яна, але Хагрыд закруціў сваёй калматай галавой.
- Вы вернеце’ ў замак. Я ’жо казаў, што не хачу, каб вы гэт’ бачылі. І ’шчэ, вы памята’це, што ня ‘вінны без дазволу быць па-з’ замку... Калі Фадж і Дамблдор забач’ вас, Гары будзе ч’каць вялікая бяда.
Маўклівыя слёзы сцякалі з вачэй Герміёны, але яна хавала іх ад Хагрыда, працягваючы мітусіцца за гатаваннем гарбаты. Яна ўзяла бутэльку малака, каб напоўніць малочнік і адразу ж ускрыкнула.
- Рон, мне... мне цяжка паверыць ў гэта, але тут у малочніку Скаберс!
Рон утаропіўся на яе.
- Што ты такое кажаш?
Герміёна падняла малочнік са стала, перавярнула яго і патрэсла сюды-туды. З апантаным піскам і моцна намагаючыся вярнуцца ўсярэдзіну, на стол выпаў пацук Скаберс.
- Скаберс!- бездапаможна сказаў Рон.- Што ты тут робіш?
Ён схапіў вырываючагася пацука за хвост і падняў яго да святла. Той выглядаў жудасна. Ён быў схуднеўшы, як ніколі раней, а на яго скурцы сям-там выпалі жмуткі поўсці і паўсюль былі залысіны. Пацук курчыўся ў руках Рона, быццам спрабуючы вызваліцца.
- Усё добра, Скаберс!- прамовіў Рон.- Тут няма катоў! Ніхто не прычыніць табе шкоды!
Хагрыд выпрастаўся, не адрываючы вочы ад вакана. Яго звычайна румяны твар, быў колеру пергамента.
- Яны ‘дуць...
Гары, Рон і Герміёна маланкай кінуліся да акна. Недзе здалёк група мужчын спускалася замкавымі сходамі. Наперадзе рушыў Альбус Дамблдор і яго сівая барада зіхацела ў праменні заходзячага сонца. Побач з ім рушыў Карнэліюс Фадж. А за імі крочылі стары камітэтчык і кат Макнэйр.
- Вы ‘вінны ‘сці,- сказаў Хагрыд, кожную цалю яго цела калаціла.- Ім нельг’ бачыць вас тут... хуценька, хуценька...
Рон запхаў Скаберса ў кішэню, а Герміёна падняла Мантыю.
- Ідзіце праз заднія дзверы,- прамовіў Хагрыд.
Яны рушылі за ім да дзвярэй, якія вялі ў сад. Гары адчуваў нейкую нерэальнасць таго, што адбываецца, асабліва калі ўбачыў Бакбіка. Той стаяў у колькіх футах ад іх, прывязаны да дрэва ля гарбузовых градак і здавалася разумеў, што адбываецца. Ён рэзка хістаючы сюды-туды галавой, нервова капаў кіпцюрамі зямлю.
- ‘сё добра, Бікі,- мягка прамовіў Хагрыд.- ‘сё добра, гэта Гары, Рон і Герміёна.- ён развярнуўся да іх і сказаў.- Усё. Вам трэб ‘сці.
Але яны не рухаліся.
- Хагрыд, мы не...
- Мы раскажам ім, што адбылося на самой справе...
- Яны не заб’юць яго...
- С’ходзце!- разлютаваўся Хагрыд.- Не хапала шчэ, каб і вы трапілі з-з’ мяне ў бяду!
У іх не было другога выбару. Герміёна накінула мантыю на сябе, Гары і Рона. Ля увахода ў халупу адчуліся галасы. Хагрыд паглядзеў на тое месца, дзе толькі што бачыў сяброў.
- Хут’ с’ходзьце,- прахрыпеў ён.- Ня слуха’це...
Ён развярнуўся да халупу і тут ў уваходныя дзверы пастукаліся.
Павольна, быццам здраньцвеўшы ад жаху, Гары, Рон і Герміёна рушылі вакол халупы. Калі яны апынуліся ля ўваходных дзвярэй тыя з моцным грукатам зачыніліся.
- Калі ласка, паспяшаемся,- прашапатала Герміёна.- Я... я не магу гэта вынесці...
Яны пачалі падымацца па травяністым схіле да замка. Сонца ўжо схавалася, неба было ясным, пурпурова-шэрага колеру, але на самым ўскрайку далягляду лунала лалава-чырвоная палоска.
Рон застыў.
- Рон, калі ласка,- прамовіла Герміёна.
- Скаберс... ён выслізнуў... з кішэні...
Рон нахіліўся, каб падабраць пацука і запхнуць яго назад. Але той быццам звар’яцеў. Ён шалёна пішчаў, круціўся і выгінаўся, спрабуючы кусіць Рона за руку.
- Скаберс, гэта я, ты ідыёта кусок, гэта Рон,- прасыкаў хлопчык.
Яны пачулі, як расчыняюся дзверы і аб нечым пачалі разважаць мужчынскія галасы.
- Ах, Рон, калі ласка, хутчэй, яны ўжо збіраюцца зрабіць гэта,- выдыхнула Герміёна.
- Добра... Скаберс, заставайся там...
Яны зноў пайшлі да замку. Гары з Герміёнаю імкнуліся не прыслухоўвацца да галасоў ззаду. Рон ізноў супыніўся.
- Я не магу ўтрымаць яго... Скаберс, затыкніся, яны нас пачуюць...
Пацук працягваў шалёна пішчаць, але рабіў ён гэта не настолькі гучна, каб мажліва было не чуць галасы, што даносіліся з хагрыдава гароду. Яны аб нечым блытана і туманна гаманілі, потым запанавала цішыня, сярод якой яны раптоўна пачулі відавочны свіст і стук сякеры.
Герміёну загайдала.
- Яны... забілі яго!- прашаптала яна Гары.- Я... я ня... ня веру... яны... забілі яго!
XVII. Кот, Пацук і Сабака
Ад шоку гарына галава спусцела. Сябры, стаялі пад Мантыяй-Невядзімкай, пахаладзеўшы ад жаху. Апошнія праменчыкі сонца кідалі крывавыя водсветы на пакрытую доўгімі ценямі зямлю. Тут за сваімі спінамі яны пачулі нечый дзікі вой.
- Хагрыд,- прамармытаў Гары. Не разумеючы, што ён робіць, Гары развярнуўся і кінуўся да халупы. Але Рон з Герміёнаю схапілі яго за абедзве рукі.
- Нам нельга гэтага рабіць,- сказаў Рон, які сам быў бялей за паперу.- Уяві, якія Хагрыда будуць чакаць непрыемнасці, калі даведаюцца, што мы былі ў яго...
Герміёна пачала дыхаць павярхоўна і адрывіста.
- Як... яны... маглі?- задыхаючыся вымавіла яна.- Як яны маглі гэта зрабіць?
- Годзе, пайшлі.- сказаў Рон, зубы якога, здавалася, моцна калаціліся.
Павольна, каб не выслізнуць з-пад Мантыі, яны рушылі да замка. Святло хутка знікала і да таго часу, як яны выйшлі на адкрытае месца, вакол іх ужо апусцілася густая цемра.
- Скаберс, сядзі на месцы,- сыкнуў Рон, прыціскаючы грудзі рукою. Яго пацук шалёна курчыўся. Рону раптоўна прыйшлося зрабіць перапынку, каб глыбей запхнуць яго ў кішэню.- Што з табой, дурная жывёла? Сядзі на месцы... АЁЙ! Ён кусіў мяне!
- Рон, цішэй!- імгненна прашапатала Герміёна.- Фадж можа аб’явіцца тут ў любы момант...
- Ён... не жадае... заставацца... на месцы...
Пацук здавалася быў моцна напалоханы. Ён з усяе моцы выкручваўся, жадаючы асвабадзіцца з ронавай рукі.
- Што з ім дзеецца?
Але здавалася Гары ведаў адказ на гэта пытанне... асцярожа, прыціснуўшы сваё цела да зямлі і жудасна зіхоцячы ў цемры шырокімі жоўтымі вачыма, да іх набліжаўся... Крукшанс. Ці ён бачыў іх, ці краўся на віск Скаберса, хлопчык дакладна не ведаў.
- Крукшанс,- уз’енчыла Герміёна,- Псік, Крукшанс! Не, вэк адсюль!
Аднак кот працягваў набліжацца...
- Скаберс... НЕ!
Але было ўжо запозна... пачук праслізнуў паміж пальцамі, сціскаючай яго ронавай рукі, кінуўся на зямлю і збег. У тое ж імгненне за ім кінуўся Крукшанс. І перш, чым Гары і Герміёна паспелі штосьці зрабіць, за імі следам, выбегшы з-пад Мантыі-Невідзімкі ў цемру пабег Рон.
- Рон!- праенчыла Герміёна.
Яна і Гары зірнулі адно на аднаго ды кінуліся следам. Мантыя-Невідзімка мяшала ім бегчы ў поўную сілу, таму яны скінулі яе і цяпер яна срэбнай паходняй лунала за імі. Гары і Герміёна чулі наперадзе грукат ронавых ног і як той крычыць на Крукшанса.
- Вэк ад яго... вэк... Скаберс, ходзь да мяне...
Адчуўся моцны стук.
- Вось табе! Ідзі прэч, смярдзючы кот...
Гары з Герміёнай ледзь не спатыкнуліся аб Рона, паспеўшы супыніцца за цалю ад яго. Той качаўся па зямлі, але Скаберс зноўку быў запхнуты ў яго кішэню і таперча ўяўляў дрыготкі камячык, моцна прыціснуты двума рукамі.
- Рон... падымайся... ідзі назад пад Мантыю,- цяжка дыхаючы, прамовіла Герміёна.- Дамблдор ды... міністр... з’явяцца тут з хвіліны на хвіліну...
Аднак перш, чым яны маглі зноўку схавацца пад Мантыяй, нават раней чым яны паспелі ўздыхнуць на поўныя грудзі, сябры пачулі мягкі тупат вялізарных лап. Раптам нешта скочыла на іх з цемры. Гэта быў гіганцкі... бледнавокі... вугольна-чорны сабака.
Гары пацягнуўся за палачкай, але было запозна, сабака скокнуў і пхнуў у яго грудзі пярэднімі лапамі. Хістнуўшы ў паветры валоссем, Гары паваліўся на зямлю і ўбачыў панад сабою сабачыя іклы ў цалю даўжынёй...
Але сабакаў прыжок быў настолькі моцным, што ён пераскочыў праз ашаломленнага Гары ў якога скалася ўражанне, што яму паламалі ўсе рэбры. Хлопчык паспрабаваў выпрастацца, але зноўку адчуў рычанне, сабака падрыхтаваўся да новай атакі.
Рон падняўся на ногі. Сабака скочыў да яго адапхнуўшы Гары ў бок, яго сківіцы зачыніліся на выцягнутай уперад ронавай руке. Гары кінуўшыся да іх, схапіў істоціну за поўсць, але той пацягнуў Рона за сабой, быццам той быў лялькаю з анучы...
Потым штось невядомае моцна стукнула Гары па твары і ён зноўку паваліўся на зямлю, пачуўшы, як Герміёна таксама павалілася і закрычала ад болю. Кроў засціла гарыны вочы, ён намацаў палачку...
- Люмас!- прашапатаў ён.
Святло ўзнікшае на кончыку палачкі асвяціла тоўсты ствол дрэва, пагнаўшыся за Скаберсам яны апынуліся ля Лупцуючай Вярбы, галлё якой рыпела бы ад моцнага ветра і сям-там сцябала па зямлі, каб супыніць іх набліжэнне.
А недзе пад камлём яны заўважылі сабаку, які цягнуў Рона ў адтуліну між карэння. Хлопчык люта змагаўся, але яго галава і тулава ўжо зніклі з вачэй...
- Рон!- закрычаў Гары і паспрабаваў кінуцца ўслед, аднак цяжкая галіна жорстка лупанула ў паветры і ён быў вымушаны адскочыць назад.
Гары і Герміёна бачылі, як Рон адной нагой паспрабаваў зачапіцца за корань, каб супыніць спробу сабакі поўнасцю зацягнуць яго ў праход. Але тут паветра працяў жудасны трэск, падобны на стрэл, ронава нага пераламалася і ў гэта ж імгненнне ён цалкам знік з вачэй.
- Гары, мы павінны бегчы за дапамогай...- залямантавала Герміёна. Яна таксама была ў крыві – Вярба дзеранула яе па плячы.
- Не! У нас няма на гэта часу, гэты сабака дастаткова вялікі, каб зжэрці Рона...
- А хіба мы зможам прайсці тут без старонней дапамогі...
Паблізу іх лупанула сціснуўшы лозіны, бы ў кулак, яшчэ адна галіна.
- Калі туды трапіў сабака, мы таксама зможам гэта зрабіць,- прамовіў Гары і прыняўся кідацца сюды-туды спрабуючы прайсці міма ашалелага, лупцуючага паветра і глебу галля, але ані на цалю не наблізіўся да каранёў, без рызыкі трапіць пад удары дрэва.
- Дапамажыце, дапамажыце хто-небуць,- у адчаі шапатала Герміёна, нясмела скочучы паблізу,- калі ласка...
Крукшанс кінуўся наперад. Ён як тая змяя праслізнуўшы між лупчуючага галля, націснуў сваёй лапай на нейкі вузлаваты сук на камелі.
Раптам дрэва знерухоміла, бы ператварылася на мармуровае. Нават лісця на ім перасталі дрыжаць.
- Крукшанс!- няёмка прашапатала Герміёна. Яна балюча схапіла Гары за руку.- Як ён даведаўся..?
- Ен сябра гэтага сабакі,- змрочна адказаў Гары, - я неяк бачыў іх разам. Ходзьма... трымай палачку на пагатове...
У лічаныя секунды яны дасягнулі прахода, але перш чым паспелі туды прайсці самі, у адтуліну кінуўся Крукшанс, паказаўшы ім свой руды бутэлькападобны хвост, следам за ім рушыў Гары. Ён ўніз галавою прапоўз колькі футаў, а потым слізгануў на дно даволі нізкага праходу. Ён убачыў ката, які бег наперадзе паблісківаючы сваімі жоўтымі вачыма ў святле гарынай палачкі. Праз колькі секунд ў праходзе аб’явілася Герміёна.
- А дзе Рон?- перапужаным голасам прашапатала яна.
- Недзе там,- прамовіў Гары і перагнуўшыся напалам паспяшаўся следам за катом.
- А куды вядзе гэты праход?- задыхаючыся ад бега спыталася Герміёна.
- Ня ведаю... ён адзначаны на Мапе Паскуднікаў, але Фрэд і Джордж сцвярджаюць, што ім ніколі ніхто не карыстаўся. Ён вядзе па-за межы мапы, але хутчэй за ўсё выходзіць недзе ў Хогсмідзе...
Гары і Герміёна, трымаючы ў полі зроку кончык крукшансава хваста, рушылі сагнуўшыся амаль што напалам так хутка, як толькі маглі. Яны ішлі даволі доўга і на гарыну думку столькі, колькі трэба было ісці да Мядовага Герцага. Усё аб чым мог думаць Гары, гэта быў Рон і тое, што з ім мог зрабіць сабака... хлопчык перавёў дыханне, якое ад доўгага руху было адрывістым ды цяжкім і крочыў далей...
Праход крыху расшырыўся, крута павярнуў і тут Крукшанс знік з вачэй, а недзе наперадзе праз невялічкую адтуліну Гары пабачыў пляму цмянага святла.
Яны з Герміёнаю супыніліся і аддыхаліся. Пасля гэтага, яны моцна сціснулі свае палачкі і падыйшлі паглядзець, куды яны трапілі.
Гэта быў значна неўпарадкаваны і пыльны пакой. Са сценаў звісалі аскепкі шпалераў, падлога была пакрыта плямамі, а па выглядзе мэблі здавалася, што нехта яе разбіў. Усе вокны ў пакоі былі забіты дошкамі.
Гары зірнуў на Герміёну. Та была моцна напалохана, але кіўнула ў знак згоды.
Ён выбраўся з праходу і азірнуўся. Пакой быў пустым, аднак дзверы з правага ад яго боку былі прыадчынены і вялі ў змрочны пярэдні пакой. Раптам Герміёна схапіла яго за руку. Яе вочы блукалі ўздоўж закалочаных вокнаў.
- Гары,- прашапатала яна,- здаецца я ведаю дзе мы. Гэта, Лямантуючая Халупа.
Гары паглядзел навокал. Яго вочы трапілі на драўлянае крэсла. З яго сям-там былі выдраны вялізныя кавалкі, а адна з ножак увогуле адарвана.
- Прывіды не маглі зрабіць падобнага,- павольна сказаў ён.
У тое ж імгненне яны пачулі рыпанне панад сваёй галавою. Нехта хадзіў па другім паверсе. Абодва зірнулі на столь. Герміёна так моцна сціснула гарыну руку, што той перастаў адчуваць свае пальцы. Падняўшы бровы ён зірнуў на дзяўчынку, тая зноў кіўнула і адпусціла яго руку.
Як мага цішэй яны накіраваліся ў пярэдні пакой і ўбачылі трухлявыя сходы. Пакой быў пакрыты тоўстым слоем пылу і толькі на падлозе і сходах была бачна шырокая паласа некалі адпаліраванага дрэва. Здавалася ўражанне, што тут колькі хвілін таму валачылі нешта на другі паверх.
Гары і Герміёна рушылі ўздоўж паласы.
- Нокс,- прашапаталі яны і святло на кончыках іх палачак знікла. Гары і Герміёна ўбачылі прыадчыненныя дзверы. Крадком яны падыйшлі да іх і прыслухаліся. У пакоі чуліся нечыя крокі, ціхія стогны, а пасля глыбокае і гучнае варкатанне. Гары з Герміёнай у апошні раз перазірнуліся і кіўнулі адно аднаму.
Шыльна сціснуўшы палачку ў руце, Гары штурхнуў дзверы.
У шыкоўным ложку пад пакрытым пылам балдахінам ляжаў Крукшанс і гучна варкатаў, пазіраючы на Гары і Герміёну. Побач з ложкам на падлозе, сціскаючы рукамі нагу, якая была выгнута пад дзіўным вуглом, сядзеў Рон.
Сябры кінуліся паабапал яго.
- Рон... з табой ўсё добра?
- Дзе сабака?
- Гэта не сабака,- прастагнаў Рон, сціснуўшы ад болю зубы.- Гары, гэта была пастка...
- Што...
- Гэты сабака... насамрэч анімаг...
Рон паглядзеў кудысь праз гарына плячо. Той развярнуўся і ўбачыў як з ценю выйшаў чалавек і з грукатам зачыніў дзверы.
На галаве мужчыны была купа брудных заблытаных валасоў па локаць даўжынёй. Васковага колеру скура настолькі плотна абцягвала косткі на яго твары, што той больш нагадваў чэрап і калі б не бляск глыбокапасаджаных вачэй, мужчыну мажліва было прыняць за мерцвяка. Ён ашчэрыў ва ўсмешцы жоўтыя зубы. Гэта быў аніхто іншы, як Сірыюс Блэк.
- Экспеліярмус!- прахрыпеў ён кіруючы на іх ронаву палачку.
Палачкі Гары і Герміёны вылецелі з іх рук і ўзняліся ў паветра, дзе іх перахапіла рука Блэка. Ён наблізіўся да іх на крок. Яго вочы глядзелі на Гары.
- Я ведаў, што ты прыйдзеш на дапамогу свайму сябру,- прахрыпеў Блэк, голас як гучаў так, бы ён адвык ім карыстацца,- твой бацька зрабіў бы дзеля мяне тое ж самае. Ты смела кінуўся на дапамогу, а не пабег за настаўнікамі. Я вельмі ўдзячны... гэта значна спрашчае маю справу...
Ціхі кпін наконт яго бацькі, прагучаў ў гарыных вушах так, быццам Блэк прароў гэтыя словы. У яго грудзях закіпела нянавісць не пакідаючы месца для страху. Першы раз у жыцці ён жадаў, каб ў яго руках апынулася палачка, але не дзеля абароны, а дзеля атакі... дзеля забойства. Ня разумеючы што робіць, Гары кінуўся наперад, але паабапал ад яго адчуліся рэзкія рухі і дзве пары рук схапіўшы затрымалі яго.
- Ня трэба, Гары!- змярцвелым шэптам прамовіла Герміёна. А Рон абярнуўся да Блэка.
- Калі вы вырашылі забіць Гары, вам спачатку трэба будзе забіць нас!- злосна сказаў ён, хаця намагаючыся стаяць на нагах, ён настолькі знясіліў, што з яго твару схаланула уся барва, і кажучы гэтыя словы ён моцна хістаўся.
Штось бліснула ў зацененых вачах Блэка.
- Кладзіся на ложак,- сказаў ён Рону,- інакш яшчэ больш пашкодзіш сваёй назе.
- Ці вы чуеце мяне?- саслабела прамовіў Рон, ён быў вымушаны чапляцца за Гары, каб застацца ў вертыкальным становішчы.- Вам прыйдзецца забіць нас траіх!
- Сёння адбудзецца толькі адно забойства,- адказаў Блэк і яго ўсмешка пашырылася.
- Што так?- выпаліў Гары, спрабуючы вырвацца з рук Рона і Герміёны.- У мінулы раз ты ня быў такім літасцівым? Хіба ты не забіў ўсіх тых маглаў, каб дабрацца да Пэцігру... гады ў Азкабане змягчылі тваё сэрца?
- Гары!- ўзлямантавала Герміёна.- Сціхні!
- ЁН ЗАБІЎ МАІХ МАМУ І ТАТУ!- заравеў Гары і з моцным высілкам вырваўся з рук сяброў і кінуўся наперад...
Ён забыўся пра магію... ён нават забыўся пра тое, што быў маленькім і хударлявым трынаццацігадовым хлапчуком у той час як Блэк быў высокім і дарослым мужчынам. Усё аб чым Гары мог зараз думаць, гэта пашкодзіць Блэку, як мага мацней. І яму было ўсёроўна, колькі шкоды ён атрымае наўзамен...
Гарына ўзрушанае атакаванне, магчыма, было настолькі бязглуздым, што Блэк не паспеў сваячасова скарыстацца палачкамі. Хлопчык адной рукою схапіў чэзлае запясце Блэка, каб адхіліць палачкі, а другой моцна ляпнуў таго ў галаву і яны абодва паваліліся да супрацлеглай сцяны...
Герміёна закрычала, Рон завыў, а з палачак, што тымала рука Блэка падняліся бруйкі асляпляльных іскраў, якія толькі на цалю не дасягнулі гарынава твару. Гары адчуваў, як друзлая рука мужчыны шалёна выкручваецца, каб асвабадзіцца ад захопа, але хлопчык шчыльна трымаў яе, у гэты ж час іншай рукою шалёна калоцячы Блэка туды, куды толькі мог трапіць.
Тут вольная рука Блэка схапіла Гары за горла...
- Ані,- прашыпеў ён.- Я надта доўга чакаў гэтага...
Блэкавы пальцы сціскаліся мацней, Гары пачаў задыхацца, а яго акуляры з’ехалі на бок.
Хлопчык заўважыў, як быццам ніадкуль аб’явілася нага Герміёны і стукнула Блэка. Той хрыпя ад болю выпусціў Гары. Рон кінуўся на блэкаву руку, што сціскала палачкі, Гары адчуў глухі стук...
Ён высвабадзіўся з-пад клубка змагаючыхся цел і ўбачыў сваю палачку, што ляжала на падлозе. Гары нахіліўся , каб падабраць яе, але...
- Халера!
У бойку ўступіў Крукшанс. Ён глыбока ўсадзіў у гарыну руку кіпцюры пярэдніх лапаў. Гары адштурхнуў яго, але той кінуўся да яго палачкі...
- НЕЕЕЕЕ!- зароў Гары і моцна пхнуў ката, Крукшанс пырхаючы адляцеў у бок. Гары падняў сваю палачку і развярнуўся...
- Сыйдзіце з дарогі!- крыкнуў ён Рону з Герміёнаю.
Іх ня трэба было перапрошваць два разы. Герміёна запыхаўшаяся і з пакрываўленымі вуснамі адскочыла ў бок. Рон адпоўз да ложка з балдахінам і сціскаючы абедзвюма рукамі паламаную нагу, цяжка дыхаючыся паваліўся на яго. Яго збляднелы твар набыў зялёнае адценне.
Блэк валяўся ля сцяны. Яго тонкія грудзі хутка ўздымаліся і апускаліся, мужчына пазіраў, як да яго набліжаецца Гары накіроўваючы палачку яму ў сэрца.
- Жадаеш забіць мяне, Гары?- прашапатаў Блэк.
Хлопчык супыніўся перад ім, па ранейшаму накіроўваючы палачку ў сэрца Блэка і зірнуў на яго зверху ўніз. Вакол левага вока Блэка быў ліловы сіняк, а з носу цякла кроў.
- Ты забіў маіх бацькоў,- прамовіў Гары, яго голас крыху дрыжаў, але палачка па ранейшаму цвёрда казала ў сваім кірунку.
Блэк ўтаропіў на яго свае запалыя вочы.
- Я не аспрэчваю гэта,- ціха прамовіў ён,- але ты ня ведаеш усіх падрабязнасцяў...
- Усіх падрабязнасцяў?- паўтарыў Гары, у яго вушах шалёна грукатала.- Ты прадаў іх Вальдэморту, гэтага мне хапае!
- Ты павінен выслухаць мяне,- прамовіў з настойлівасцю ў голасе Блэк.- Потым будзеш шкадаваць аб гэтым... ты чуў ня ўсё...
- Я чуў значна больш, чым ты ў стане сабе ўявіць,- адказаў хлопчык, яго голас моцна як ніколі ранней дрыжаў.- Ты чуў яе? Чуў маю маці... якая пыталася супыніць Вальдэморта, калі той збіраўся забіць мяне... і ўсё гэта здарылася з-за цябе...
Перш чым хтось з іх змог вымавіць слова, нешта рудое праслізнула міма Гары і скокнула на грудзі Блэку. Гэта быў Крукшанс, ён сеў над сэрцам мужчыны. Той заміргаў і паглядзеў на ката.
- Псік,- прамармытаў ён, спрабуючы адагнаць ката.
Але Крукшанс учапіўся кіпцюрамі ў яго вопрадку і не варушыўся. Ён павярнуў на Гары сваю выродлівую пляскатую пысу і паглядзеў на яго сваімі вялізнымі жоўтымі вачыма. Справа ад іх ціха плакала Герміёна.
Гары ўтаропіўся на Блэка і Крукшанса, што ўчапіўся ў яго і моцна сціснуў сваю палачку. Яму прыйдзецца спачатку забіць ката. Ён паплечнік Блэка і, калі кот жадае памерці абараняючы яго, Гары гэта не датычыцца... А то што Блэк спрабуе абараніць Крукшанса, значыць тое, што кот яму даражэй, чым былі гарыны бацькі...
Гары падняў палачку. Зараз самы падыходзячы момант дзеля таго, каб зрабіць гэта, адпомсціць за маму і тату. Зараз ён заб’е Блэка. Ён павінен яго забіць. Гэта яго апошні шанец...
Беглі секунды, Гары застыў трымаючы палачку на пагатове, Блэк, трымаючы Крукшанса на грудзях, глядзеў на яго. З ложка чулася адрывістае дыханне Рона, а Герміёна сціхла.
Раптам адчуўся нейкі новы гук...
Скрозь падлогу пачуліся прыглушаныя крокі... на першым паверсе нехта хадзіў.
- МЫ ТУТ!- нечакана закрычала Герміёна.- ТУТ НАВЕРСЕ... ХУТЧЭЙ... ТУТ СІРЫЮС БЛЭК!
Блэк хітра варухнуўся і амаль спіхнуў Крукшанса, Гары сутаргава сціснуў сваю палачку... “Ты павінен зрабіць гэта зараз!”- чуў ён у сваёй галаве... але крокі ўжо былі на сходах, а Гары працягваў стаяць.
Дзверы адчыніліся фантанам чырвоных іскраў, Гары павярнуў галаву. У пакой з абяскроўленым тварам, трымаючы на пагатове сваю палачку, забег прафесар Люпін. Яго вочы зірнулі на Рона, што зноў ляжаў на падлозе, на Герміёну, што скруцілася побач з дзвярмі, на Гары, што стаяў кажучы сваёй палачкай на Блэка і нарэшце на самога Блэка, што сцякаючы крывёй скурчыўся ля гарыных ног.
- Экспеліярмус!- пракрычаў Люпін.
Палачка Гары і дзве палачкі, што сціскала ў руке Герміёна зноўку ўзняліся ў паветра. Люпін спрытна схапіў іх і ўвайшоў у пакой, гледзячы на Блэка, на грудзях якога працягваў сядзець Крукшанс.
Гары раптоўна адчуў сябе спустошаным. Ён так і не зрабіў таго, што збіраўся. Яму не хапіла адвагі. Цяпер Блэк вернецца да дэментараў.
Адчуўся голас Люпіна, што дрыжаў ад нахалануўшых на яго эмоцый:
- Дзе ён, Сірыюс?
Гары хутка зірнуў на Люпіна. Ён не разумеў, што прафесар меў на ўвазе. Пра каго ён пытаўся? Хлопчык зноў перавёў вочы на Блэка.
Той ляжаў з абыякавым тварам. На працягу колькіх секунд ён нават не варушыўся. Потым ён павольна падняў сваю хударлявую руку і паказаў ёй на Рона. Анямеўшы Гары азірнуўся на свайго сябра, што выглядаў зусім збітым з панталыку.
- Але...- прамармытаў Люпін, гледзячы на Блэка настолькі пільна, быццам спрабаваў прачытаць яго думкі,- чаму дагэтуль ён не паказаў сабе? Калі...- зрэнкі Люпіна расшырыліся, нібы ён бачуў за спіною ў Блэка штось, што не бачыў ніхто з прысутных...- калі толькі гэта быў ён... няўжо, вы памяняліся... не сказаўшы мне?
Працягваючы пільна глядзець ў вочы Люпіна, Блэк павольна кіўнуў.
- Прафесар Люпін,- гучна перапытаў Гары,- што тут..?
Але ён так і не скончыў пытання, бо тое што адбылося далей прымусіла словам засесці ў яго горле. Люпін апусціў палачку і ў наступны момант падскочыў да яго, схапіў за руку і падняў Блэка на ногі з-за чаго Крукшанс зваліўся на падлогу. Люпін і Блэк абняліся, як браты.
Гары перабываў ў шокавым стане і ў яго страўнік быццам сціснулі ў кулак.
- Я НЕ МАГУ Ў ГЭТА ПАВЕРЫЦЬ!- залямантавала Герміёна.
Люпін адпусціў Блэка і павярнуўся да Герміёны. Яна прыўзнялася з падлогі і вытарапіла на прафесара зшалелыя вочы.
- Вы... вы...
- Герміёна...
- Вы і ён...
- Герміёна, супакойся...
- Я нікому не распавядала гэта!- галасіла дзяўчынка.- Я пакрывала вас...
- Герміёна, калі ласка, выслухай мяне,- закрычаў Люпін,- я магу ўсё растлумачыць...
Гары адчуваў, што яго зноў пачало калаціць, але не ад жаху, а ад новай хвалі лютасці.
- Я давяраў вам,- крыкнуў ён Люпіну, яго голас некантралявана дрыжаў.- А вы ўвесь гэты час былі яго сябрам!
- Ты памыляешся,- адказаў прафесар,- дванаццаць год я ня быў яго сябрам, але зараз зноўку стаў ім... дазволь растлумачыць...
- НЕ!- пралямантавала Герміёна.- Гары, ня вер яму, ён дапамог Блэку трапіць ў замак, ён таксама жадае тваёй смерці... ён ВАЎКАЛАК!
Запанавала звонкая цішыня. Усе ўтаропіліся на прафесара Люпіна, які хай і быў даволі бледным, але захоўваў супакой..
- Не ўсё ў гэтым жыцці можна падагнаць пад свае стандарты,- прамовіў ён.- Баюся, што толькі адно з трох тваіх сцверджанняў правільнае. Я не дапамагаў Сірыюсу трапіць ў замак і вядома не жадаю Гары смерці...- па яго твары прабеглі дзіўныя дрыжыкі,- але ня буду адмаўляцца... так, я – ваўкалак.
Прыклаўшы гераічныя намаганні, Рон паспрабаваў выпрастацца, але зноўку паваліўся на падлогу, стогнучы ад болю. Люпін з заклапочаным тварам кінуўся да яго, але той цяжка дыхаючы прамовіў.
- НЕ ПАДЫХОДЗЬ ДА МЯНЕ, ВАЎКАЛАК!
Люпін супыніўся. З відавочным высілкам ён павярнуў галаву на Герміёну.
- Ці даўно ты здагадалася?- спытаў прафесар.
- Амаль год,- ціха прамовіла яна.- Калі рыхтавала сачыненне для прафесара Снэйпа.
- Ён будзе ўзрушаны,- халодна сказаў Люпін.- Ён прапанаваў гэта сачыненне, каб хтось сам здагадаўся, аб гэтым, па маіх сімптомах. Ты праверыла месяцовыя карты і высвятліла, што я заўжды хварэю падчас поўні? Ці зразумела гэта тады, калі заўважыла, што богарт, калі бачыць мяне, ператвараецца на поўню?
- І то і другое,- ціхутка сказала яна.
Люпін напята ўсміхнуўся.
- Сярод тых, каго я сустракаў, ты самая разумная вядзьмарка, свайго ўзросту.
- Ані,- прашапатала Герміёна,- калі б я была крыху разумнейшай, я б усім паведаміла хто вы!
- Але яны даўно ведаюць,- адказаў Люпін.- Ува ўсялякім выпадку настаўнікі.
- Дамблдор наняў вас ведаючы, што вы ваўкалак?- здзівіўся Рон.- Ён зшалеў?
- Некаторыя з настаўнікаў лічаць гэдак жа,- адказаў прафесар.- Дамблдору прыйшлося прыкласці значныя намаганні, каб пераканаць іх у маёй дабранадзейнасці...
- І ЁН ПАМЫЛЯЎСЯ!- пралямантаваў Гары.- УВЕСЬ ГЭТЫ ЧАС ВЫ ДАПАМАГАЛІ ЯМУ!- Гары паказаў на Блэка, які рушыў да ложка з балдахінам і паваліўся на яго схаваўшы твар у дрыготкай руцэ. Крукшанс ускочыў яму на калені і заваркатаў. Рон, цягнучы нагу, асцярожна амінул іх абодвух.
- Я не дапамагаў Сірыюсу,- адказаў той.- Дай мне магчымасць і я растлумачу. Вось...
Ён аддзяліў палачкі Гары, Рона і Герміёны адну ад адной і кінуў іх ўладальнікам. Гары ашаломлена злавіў сваю.
- Вось,- прамовіў прафесар, запіхваючы сваю палачку за пас,- таперча вы ўзброеныя, а мы не. Будзеце слухаць?
Гары ня ведаў што і думаць. Мо гэта быў нейкі выкрут Люпіна?
- Калі вы не дапамагалі яму,- спытаўся хлопчык разлютавана гледзячы на Блэка,- як вы даведаліся, што ён тут?
- З мапы,- адказаў Люпін.- Мапы Паскуднікаў. Я, як раз сядзеў у сваім кабінэце і разглядаў яе...
- Вы ведаеце, як яна працуе?- з недаверам спытаўся Гары.
- Зразумела ж ведаю,- адказаў прафесар, нецярпліва хістнуўшы рукой.- Я дапагаў чарціць яе. Я – Лунацік... так мяне ў школі клікалі сябры.
- Вы чарцілі..?
- Істотней іншае, я ўважліва назіраў за мапаю ў гэты вечар, таму што вырашыў, што ты, Рон і Герміёна, паспрабуеце збегчы з замка, каб наведаць Хагрыда, падчас катавання яго гіпагрыфа. І я меў рацыю, ці не так?
Ён пачаў хадзіць па пакоі сюды-туды, падымаючы нагамі маленькія фантанчыкі пылу.
- Ты магчыма скарыстаўся старою Мантыяй свайго бацькі, Гары...
- Адкуль вы ведаеце аб Мантыі?
- Колькі разоў я бачыў, як Джэймс знікае, апранаючы яе...- зноў нецярпліва хістнуўшы рукою адказаў Люпін.- Справа ў тым, што нават калі ты схаваўся пад Мантыяй, на Мапе Паскуднікаў цябе ўсё роўна бачна. Я назіраў, як вы рушылі да хагрыдавай хаціны. Праз дваццаць хвілін вы пакінулі яе і накіраваліся да замка, але цяпер з вамі быў хтось яшчэ.
- Што?- здзіўлена спытаў Гары.- Не, з намі нікога больш не было!
- Я не паверыў сваім вачам,- працягваў Люпін, праігнараваўшы гарыну заўвагу, як і раней мераючы пакой крокамі.- Я вырашыў, што мапа сапсавалася, бо як ён мог апынуцца сярод вас?
- Анікога з намі не было!- прамовіў Гары.
- А потым я ўбачыў яшчэ адну кропку, што хутка накіроўвалася ў вашым напрамку і была падпісана, як Сірыюс Блэк... Я бачыў як ён біўся з вамі і як павалок двух з вас да Лупцуючай Вярбы...
- Аднаго,- раззлавана сказаў Рон.
- Ані, Рон,- адказаў Люпін,- вас было двоя.
Ён перастаў хадзіць і яго вочы утаропіліся на Рона.
- Ці не мог бы я зірнуць на твайго пацука, Рон?- спакойна папросіў ён.
- Што?- спытаўся Рон.- Што вы збіраецеся рабіць са Скаберсам?
- Анічога,- адказаў прафесар.- Так магу я на яго зірнуць, калі ласка?
Хістаючыся, Рон сунуў руку ў сваю мантыю і выцягнуў адтуль адчайна змагаючагася Скаберса. Рон схапіў яго за лысы хвост, каб той не ўцёк. Крукшанс падняўся на каленях Блэка і мягка зашыпеў.
Люпін наблізіўся да Рона. Ён пільна зірнуў на пацука і здавалася нават затаіў дыханне.
- Што здарылася?- зноўку спытаўся Рон, прыціснуўшы Скаберса да сябе, той выглядаў шалена перапалоханым,- Пры чым тут мой пацук?
- Ён не пацук,- нечакана прахрыпеў Сірыюс Блэк.
- Што вы маеце на ўвазе... вядома ж ён пацук...
- Ані,- ціха прамовіў Люпін.- Ён чараўнік.
- Анімаг,- дадаў Блэк.- Яго імя Пітэр Пэцігру.