Вялізная памылка цёткі мардж 3 страница

- Ці вы чулі пра Гары Потэра? Той, які ўшчэнт раздзьмуў сваю цётку! Ён ехаў тут з намі, на Начным Омнібусе, ці не так, Эрн? Змыцца жадаў...

Гары парушыў вядзьмарскія законы, як і Сірыюс Блэк. А хіба не дастаткова выпадку з цёткай Мардж, каб яго накіравалі ў Азкабан? Хлопчык анічога не ведаў пра вядзмарскую турму, але ўсе размовы, якія чуў на гэты конт, вяліся ў гэткім жа жахлівым тоне. Хогвартскі ляснічы Хагрыд толькі два месяцы правёў там у мінулым годзе. І Гары аніколі ў жыцці не забудзецца на жахлівы выраз яго твару, калі той даведаўся, куды яго накіроўваюць, а Хагрыд быў адным з найсмялейшых людзей, якіх Гары ведаў...

Начны Омнібус каціў сярод цемры, пужаючы кусты, слупы, тэлефонныя будкі і дрэвы, а Гары ляжаў у сваім ложку, устрывожаны і няшчасны. Праз колькі часу Стэн успомніў, што хлопчык заплаціў за гарачы шакалад, але выпляскаў яго ўвесь на Гарыну падушку, калі аўтобус зрабіў рэзкі скок з Англсі да Абердзіну. Адно за адным чараўнікі і вядзьмаркі ў халатах і хатніх чаравіках спускаліся з верхніх паверхаў, каб выйсці з аўтобуса. І ўсе яны выглядалі вельмі задаволенымі.

У рэшце рэшт адзіным пасажырам застаўся Гары.

- Ну чаго, Нэвіл,- паціраючы далоні, спытаўся Стэн,- куды цябе давезці ў Лондане?

- На Дыягон Алею,- адказаў хлопчык.

- Няма пытанняў,- сказаў кандуктар,- трымайся мацней...

БАХ!

І вось яны ўжо грукочаць па Чарынг Крос Роуд. Гары сядзеў, назіраючы, як будынкі і шапікі разбягаюцца са шляху Начнога Омнібуса. Неба пакрысе святлела. Хлопчык раздумваў дзе б стаіцца на пару гадзін, каб прыйсці ў момант адкрыцця Грынгатса і потым збегчы... куды, ён яшчэ не ведаў.

Эрні націснуў на тормаз і Начны Омнібус спыніўся на прыпынку ля невялічкага і моцна патрапанага пабу “Дзіравы кацёл”, за якім быў чароўны праход на Дыягон Алею.

- Дзякуй, - сказаў Гары кіроўцы.

Ён скокнуў з прыступкі і дапамог Стэну спусціць сваю валізу і савіную клетку на зямлю.

- Ну ўсё,- сказаў Гары,- Да наступнай сустрэчы!

Але Стэн не звярнуў на гэта ўвагі. Ён працягваў стаяць ў дзвярах, вытарэшчыўся на пакрыты ценямі ўваход у Дзіравы кацёл.

- Вось ты дзе, Гары,- адчуўся нечый голас.

І перш чым хлопчык паспеў развярнуцца, ён адчуў на сваім плячы руку. У гэты ж момант пачуўся крык Стэна:

- Ліха мяне бадай! Эрн, ходзь сюды! Хутчэй!

Хлопчык азірнуўся, каб пабачыць уладальніка рукі. Раптам ўсярэдзіне яго ўсё заільдзянела – ля яго стаяў уласнай персонай Карнэліюс Фадж – міністр па магічных справах.

Стэн скокнуў на тратуар побач з імі.

- Як вы абазвалі Нэвіла, міністр?- усхвалявана спытаў ён..

Фадж, невялічкага росту ладны чалавек, апрануты ў доўгую мантыю у тонкую палоску, выглядаў змёрзлым і моцна стомленым.

- Нэвіл?- сувора паўтарыў ён.- Гэта Гары Потэр.

- Я гэта ведаў,- у захапленні закрычаў Стэн.- Эрн! Эрн! Ці ты ведаеш, як сапраўднае імя Нэвіла?! Гары Потэр! Я ж бачыў яго шнар!

- Так,- раздражнёна сказаў міністр,- і я вельмі ўдзячны, што Начны Омнібус давёз Гары, але зараз, і мне, і яму трэба пайсці ўсярэдзіну Дзіравага катла.

Фадж узмацніў ціск на плячо Гары, і той быў вымушаны накіравацца да пабу. Калі яны ўвайшлі, з-за дзвярэй паказалася і накіравалася да барнай стойкі сгорбленая фігура, якая трымала ліхтар. Гэта быў Том, зморшчаны і бяззубы гаспадар Дзіравага катла…

- Вы знайшлі яго, міністр!- прамовіў Том,- Ці не жадаеце чагось? Піва? Брэндзі?

- Калі ласка, кубачак гарбаты,- адказаў Фадж, дагэтуль не адпускаючы Гары.

Раздалося гучнае шкрабанне і пыхценне, і ўслед за першымі наведвальнікамі, усхвалявана азіраючыся, аб’явіліся Стэн і Эрні, якія неслі Гарыну валізу і клетку Хэдвіг.

- А што ты не сказаў нам, хто ты насамрэч, а, Нэвіл?- прамяніста ўсміхаючыся Гары, спытаў Стэн, а савіны твар Эрні з зацікаўленасцю глядзеў праз сябрава плячо.

- І прыватны кабінэт, калі ласка, Том.- шматзначна прамовіў Фадж.

- Пакуль,- бездапаможна сказаў Гары, Стэну і Эрну, калі Том паклікаў Фаджа ісці за ім за межы бара.

- Бывай, Нэвіл,- крыкнуў Стэн.

Фадж павёў Гары ўслед за Томавым ліхтаром па вузкім праходзе, а адтуль у невялічкую гасцёўню. Том шчоўкнуў пальцамі і ў коміне само сабою запалілася вогнішча. Гаспадар пакланіўся і выйшаў.

- Сядай, Гары,- сказаў Фадж і паказаў на крэсла ля коміну.

Хлопчык прысеў, адчуваючы, як па яго руках, ня гледзячы на агонь у коміне, паўзуць дрыжыкі. Фадж зняў сваю танюткую мантыю і адкінуў яе ўбок. Потым паправіў штаны свайго бутэлькава-зялёнага строю і прысеў насупраць Гары.

- Маё імя Карнэліюс Фадж. І я міністр па справах магіі.

Хлопчык вядома ж ведаў сваго суразмоўцу, таму што бачыў яго раней, але тады ён быў схаваны пад мантыяй-невядзімкай свайго бацькі, і Фадж не ведаў пра гэта.

Зноў аб’явіўся Том, апрануты ў фартук над начной кашуляй. Ён прынёс гарбату і аладкі, паставіў паднос паміж міністрам і хлопчыкам і пакінуў пакой, зачыніўшы за сабой дзверы.

- Ну, Гары,- сказаў Фадж, разліваючы гарбату па кубках, - добра ж ты, па сакрэце паведамлю табе, прымусіў нас папанікаваць, калі збег з дому сваіх дзядзькі і цёткі! Я ўжо пачаў думаць... але цяпер ты ў бяспецы і непакоіцца няма пра што.

Фадж узяў сабе колькі аладак, а талерку з астатнімі пасунуў бліжэй да Гары.

- Бяры, Гары, ты выглядаеш, як заблукалы мярцвяк. Дык вось... Пэўна, табе прыемна будзе ведаць, што з гаротна-раздзьмутай міс Марджары Дурслі была праведзена праца. Мы накіравалі на Прайвет Драйв двух чальцоў Каманды па выпраўленні наступстваў выпадковага чараўніцтва, колькі гадзін таму. Яны зрабілі міс Дурслі пракол і правялі мадыфікацыю яе памяці. Яна не памятае інцыдэнта. Таму ніхто не пацярпеў.

Фадж, усміхнуўшыся, паглядзеў на Гары з-за краю сваго кубачка, быццам дзядзька на любага пляменніка. Хлопчык не верачы ўласным вушам, раскрыў ужо рот, каб штось сказаць, але амаль адразу закрыў яго, бо аніводнай думкі не прыйшло да галавы.

- Пэўна ты турбуешся аб тым, як адрэагавалі твае дзядзька з цёткай?- выказаў здагадку міністр.- Так. Яны вельмі раз’юшаныя, Гары, але гатовыя прыняць цябе да сябе падчас летніх вакацыяў, але калядныя і велікодныя табе прыйдзецца правесці ў Хогвартсе.

Да Гары вярнуўся голас.

- Я заўжды праводжу ў Хогвартсе калядныя і велікодныя вакацыі,- адказаў ён,- і мне б вельмі не хацелася ўвогуле вяртацца на Прайвет Драйв.

- Ну, ну, я думаю ты будзеш лічыць інакш, калі супакоішся,- усхваляваным тонам прамовіў Фадж,- Яны твая сямья, і ў рэшце рэшт, я думаю, вы любіце адно аднаго... ммммм... у глыбіні душы.

Нават не пагаджаючыся з Фаджем, Гары вінен быў яго слухацца. Але зараз хлопца больш цікавіла, што з ім адбудзецца надалей.

- І апошняе, што засталося вырашыць,- сказаў міністр, узяўшы яшчэ аладак,- дзе ты збіраешся правесці апошнія тры тыдні вакацыяў. Я прапаную табе, зняць пакойчык непасрэдна тут, у Дзіравам Катле і...

- Чакайце,- выпаліў Гары,- а што наконт майго пакарання?

Фадж залыпаў вачыма.

- Якога пакарання?

- Я ж парушыў закон!- адказаў хлопчык,- Загад аб абмежаванні чараўніцтва сярод непаўнагадовых!

- А маё ты дзіця, мы не збіраемся караць цябе за падобныя дробязі!- ўсклікнуў Фадж і патрос сваёй аладкай.- Гэта быў няшчасны выпадак! Мы не адпраўляем людзей у Азкабан, толькі таму што яны надзьмулі сваю цётку!

Але гэта ўсё не надта вязалася з колішнімі адносінамі Гары і Міністэрства магіі.

- У мінулым годзе я атрымаў з Міністэрства афіцыйнае папярэджанне толькі таму,- панура заўважыў Гары,- што хатні эльф разбіў блюда з пудынгам на кухні маіх дзядзькі з цёткай. І тады ж мне паведамілі, што я буду выключаны з Хогвартса, калі ў доме хоць раз адбудзецца магічная актыўнасць!

Калі вочы не падманвалі хлопца, Фадж выглядаў, быццам трапіў у цяжкое становішча.

- Абставіны змяніліся, Гары... і мы павінны прыняць да ўвагі... у цяперашніх абставінах... Няўжо ты так жадаеш, каб цябе выключылі?

- Зразумела ж, не,- адказаў ён.

- Ну і ў чым справа,- нядбайна засмяяўся міністр.- Так, а цяпер даеш аладкі, а пайду спытаюся ў Тома, ці не знойдзецца для цябе лішні пакой.

Фадж пакінуў кабінет, а Гары глядзеў яму ўслед. Тое, што адбылося, было па-за межамі яго розуму. Нашто міністр чакаў яго, калі не збіраўся пакараць? Паступова Гары прыйшоў да думкі, хіба гэта звычайна для міністра па справах магіі вырашаць пытанні непаўнагадовага чараўніка?

Фадж вярнуўся ў суправаджэнні гаспадара паба Тома.

- Адзінаццаты пакой вольны, Гары,- паведаміў ён,- Я лічу, што табе ў ім будзе дастаткова камфортна. І яшчэ адно, думаю табе не трэба валэндацца па маглаўскім Лондане, добра? Трымайся Дыягон Алеі. І штовечар вяртайся сюды да надыходу цемры. Упэўнены, што ты разумееш чаму. Я папрасіў Тома, каб ён на ўсялякі выпадак сачыў за табой.

- Добра, - адказаў хлопчык,- але чаму..?

- Не хачу, каб ты зноў згубіўся, разумееш?- сардэчна засмяяўшыся, сказаў Фадж.- Не, не... лепш, калі мы будзем ведаць дзе ты ёсць... я маю на ўвазе што...

Ён гучна пракашляўся і падняў сваю мантыю.

- Ну, я пайду, шмат спраў.

- А як ідзе справа наконт Блэка?- спытаўся Гары.

Пальцы міністра саслізнулі са срэбнай зашпількі яго мантыі.

- Што? А, ты ведаеш... не пакуль нічога, але гэта пытанне часу. Ад азкабанскай аховы яшчэ ніхто не збягаў... і цяпер яны жудасна злуюцца.

Фадж злёгку ўздрыгануўся.

- Ну, цяпер бывай!

Ён працягнуў хлопцу руку, і, калі Гары паціскаў яе, яму ў галаву прыйшла думка.

- Ммм, міністр? Я магу ў вас нешта спытаць?

- Вядома ж,- усміхнуўся Фадж.

- Хм, трэцягодкам Хогвартса дазваляецца наведваць вёску Хогсмід, але мае цётка з дзядзькам так і не падпісалі бланк дазволу. Ці вы не маглі б гэта зрабіць?

Фадж у чарговы раз збянтэжыўся.

- Ах,- адказаў ён.- Не, нажаль не. Бо я не з’яўляюся ані тваім бацькам, ані апекуном.

- Але ж вы міністр магіі,- нецярпліва прамовіў Гары,- і, калі б вы далі мне дазвол...

- Не, мне вельмі шкада, мае дзіця, але правілы ёсць правілы,- катэгарычна адказаў Фадж,- Можа ў цябе атрымаецца наведаць Хогсмід у наступным годзе. Насамрэч я думаю гэта й да лепшага, калі ты... так... Ну, мне ўжо трэба ісці. Жадаю прыемнага адпачынку, Гары.

Апошні раз усміхнуўшыся і паціснуўшы хлопчыку руку, ён выйшаў з пакою. Том праціснуўся ў гасцёўню і ззяючы глядзеў на Гары.

- Хадземце за мной, містэр Потэр,- сказаў ён,- вашы рэчы я ўжо занёс...

Гары рушыў ўслед за гаспадаром, яны прайшлі наверх па прыгожай драўлянай лесвіцы і апынуліся перад дзвярымі з меднай шыльдаю з лічбаю адзінаццаць на ёй, Том павярнуў ключ і адамкнуў пакой.

Усярэдзіне стаялі вельмі камфортны ложак, крыху мэблі з паліраванага дуба, у коміне палаў агонь і нешта сядзела на дзверцы шафы...

- Хэдвіг!- здзіўлена ўсклікнуў хлопчык.

Палярная сава шчоўкнула дзюбай і зпланіявала на руку Гары.

- У вас вельмі разумная сава, містэр Потэр,- усміхнуўся Том, яна прыляцела сюды праз пяць хвілін пасля вашага аб’яўлення. Калі яшчэ штось трэба, не саромейцеся пытацца.

Ён пакланіўся і сыйшоў з пакою.

Гары на працягу доўгага часу сядзеў і рассеяна гладзіў Хэдвіг. Тым часам неба за акном змяніла колер з глыбокага аксамітна-сіняга на халодны сталёва-шэры, а потым, пакрысе на ружовы з залатым. Гары не мог паверыць, што ён толькі некалькі гадзін таму пакінуў Прайвет Драйв, што яго не выгналі са школы і што ён мае цэлых тры тыдні вольных ад Дурслі.

- Гэта была вельмі дзіўная ноч, Хэдвіг,- пазіхаючы, прамовіў ён.

І нават не зняўшы акуляры, Гары паваліўся на падушку і заснуў.

— РАЗДЗЕЛ IV —

Дзіравы кацёл

На працягу колькі дзён Гары абвыкаўся са сваім новым свабодным становішчам. Ён ніяк не мог уявіць, што можа прачынацца, калі пажадае і есці тое, што хоча. Хлопчык нават мог пайсці куды заўгодна, калі гэтае месца знаходзілася на Дыягон Алеі. Гэта даўжэзная брукаваная вуліца была набіта такой колькасцю самых найвыдатнейшых чарадзейных крам, што Гары нават і ў галаву не прыходзіла парушыць загад Фаджа і пайсці на шпацыр у маглаўскі свет.

Штораніцы Гары снедаў у Дзіравым катле, бо яму падабалася назіраць за іншымі наведвальнікамі: смешнымі маленькімі вядзьмаркамі з вёсак, што прыляталі па шопінг; чараўнікамі глыбокапажнага выгляду, што спрачаліся наконт чарговага артыкула з “Ператвораў сягоння”; дзікаватымі з выгляду ведзмакамі, хрыплымі гномамі і падобнай публікай. А аднойчы яму на вочы трапілася нешта, што падазрона нагадвала старую вядзьмарку, якая заказала сабе з-пад звязанага з тоўстай воўны шлема, талерку сырой печані.

Пасля сняданку Гары выходзіў на задні двор, даставаў сваю чароўную палачку, націскаў на трэцюю цагліну ля сметніка і адчыняў праход на Дыягон Алею.

Доўгія сонечныя дні хлопчык праводзіў за вывучэннем асартыменту разнастайных крам, ці седзячы пад яскравымі парасонамі вулічных кавярняў, дзе наведвальнікі дэманстравалі адно аднаму свае бягучыя набыткі (“гэта лунаскоп, хлопча – цяпер не трэба будзе губляць час з месяцовымі дыяграмамі, разумееш?”), ці абмяркоўвалі становішча з Сірыюсам Блэкам (“што датычыцца мяне, я не адпушчу анікога са сваіх дзетак шпацыраваць сам-насам, пакуль Блэка не вярнуць у Азкабан”). Гары не трэба было больш вучыць дамашнюю работу па начах, схаваўшыся пад коўдрай; ён меў магчымасць рабіць гэта седзячы пад сонцам на верандзе Салона Марозева, які належаў Фларыяну Фартэск’ю. Часам Гары, які ўжо амаль скончыў працу над сачыненнямі, дапамагаў сам гаспадар салону, які шмат чаго ведаў пра сярэднявечныя вядзьмаркаспаленні і кожныя паўгадзіны частаваў хлопчыка бясплатным марозівам.

Калі Гары, папоўніў у Грынгацкім банку свае запасы залатых Галеёнаў, срэбных сікеляў і бронзавых кнютаў, яму спатрэбілася шмат самавалодання, каб не страціць ўсё адразу. Ён стала нагадваў сабе, што яму яшчэ пяць гадоў вучыцца ў Хогвартсе і як ён будзе адчуваць сябе, пытаючыся грошай на новыя прылады і кнігі замоваў у Дурслі. Аднойчы ён амаль што не набыў сабе набор плявакаменчыкаў з чыстага золата (гэта чарадзейная гульня нагадвае звычайныя маглаўскія шарыкі, але гэтыя пстрыкалі суперніку ў твар вадкасцю з непрыемным пахам, калі гублялі сваю кропку). Таксама Гары не паддаўся спакусе, убачыўшы рухомую мадэль галактыкі ў вялізным крышталёвым шары, набыццё якой абяцала назаўжды пазбавіцца неабходнасці пасячаць урокі астраноміі. Але наймацнейшае выпрабаванне чакала Гары ў яго самай ўлюбёнай краме “Найякаснейшыя прылады для квідытча” напрыканцы першага тыдня побыту ў Дзіравым катле.

Зацікаўлены натоўпам, што згрудзіўся ў краме, Гары праціснуўся праз купу ўзбуджаных вядзьмарак і ведзьмакоў і заўважыў свежаўзведзены подыум, на якім убачыў самую выдатную мятлу ў сваім жыцці.

- Толькі што з’явілася... прататып...- распавядаў нейкі чараўнік з квадратным падбароддзем свайму суразмоўцы.

- Хіба гэта не самая хуткая мятла ў свеце, татачка?- піскнуў хлопчык маладзейшы за Гары, выкручваючыся з рукі свайго бацькі.

- Ірландская зборная дзеля ўдзелу ў чэмпіянаце свету замовіла сем гэткіх прыгажунь,- распавёў натоўпу гаспадар крамы,- А яны фаварыты сусветнага кубку!

Высокая вядзьмарка, што стаяла перад Гары, урэшце адыйшла і ён змог прачытаць анатацыю

ВОГНЕННАЯ СТРАЛА

Ультрасучасная спартовая мятла з палепшанай аэрадынамікай. Супертонкі тронак з ясеню, адпаліраваны на дыяментавым крузе. Кожная мятла мае індывідуальны нумар. Дзякуючы гэтаму кожны дубчык хваста падабраны індывідуальна, нашая мятла мае непераўзыйдзеную аэрадынамічную дасканаласць, непераўзыйдзены баланс і выразнасць арыентацыі. Вогненная страла з лёгкасцю разганяецца з 0 да 150 міль за гадзіну на працягу 10 секунд і забяспечана сістэмай абароны ад стопарных замоваў. Кошт па дамоўленасці.

Кошт па дамоўленнасці... Гары нават не хацеў думаць аб тым, колькі Галеёнаў спатрэбіцца аддаць за Вогненную стралу. Ён нічога не жадаў так моцна за ўсё сваё жыццё, як толькі гэтую мятлу. Але хлопчык памятаў, што не прайграў аніводнага матчу па квідытчу са сваім Німбусам 2000 і лічыў, што не трэба спусташаць свой рахунак у Грынгатсе, калі ўжо мае дастаткова добрую мятлу. Тым не менш, Гары, не пытаючыся пра кошт, штодня прыходзіў, каб паглядзець на Вогненную стралу.

Але ж былі таксама і неабходныя набыткі. Напачатку Гары зайшоў да аптэкара, каб папоўніць свае запасы інгрыдыентаў для стварэння зелляў. Заўважыў, што крыху падрос, і старая школьная вопратка стала закароткай, таму Гары наведаў краму мадам Малкін “Вопратка на любы выпадак” і набыў сабе новую. Важна было набыць новыя падручнікі, тым больш што ў праграме з’явіліся дзве новыя дысцыпліны: “Дагляданне за Магічнымі істотамі” і “Вяшчунста”.

Зазірнуўшы ў вітрыну кнігарні, Гары моцна здзівіўся. Замест стоса новенькіх кніг па замовах з залатым цісненнем, памерам з добрую тратуарную пліту ён заўважыў жалезную клетку, у якой месцілася каля сотні Пачварных кніг аб пачварах. Паўсюль ляталі адарваныя старонкі, бо кнігі адчасу кідаліся адно на адну, счапляліся ў бойках, ці стоячы ў баку агрэсіўна пстрыкалі.

Гары выцягнуў з кішэні спіс неабходных падручнікаў і ўпершыню за увесь час зірнуў у яго. “Пачварная кніга” была сярод абавязковых дзеля догляду за магічнымі істотамі. Толькі зараз хлопчык зразумеў словы Хагрыда, наконт таго, што Кніга яму шчэ спатрэбіцца і адчуў палёгку, бо дагэтуль лічыў, што палясоўшчык завёў сабе новага жахлівага гадаванца і цяпер яму была неабходна дапамога.

Калі Гары зайшоў усярэдзіну “Флорыш і Блотс”, да яго адразу падскочыў менеджар.

- Хогвартс?- нечакана выпаліў ён.

- Так,- адказаў хлопчык,- мне патрэбна...

- Адсунься,- з нецярплівасцю прамовіў менеджар і штурхануў Гары ўбок. Потым начапіў пару таўшчэзных пальчатак, схапіў грудкаваты кіёк і рушыў да клеткі з пачварнымі кнігамі.

- Чакайце,- супыніў яго Гары,- такі падручнік я ўжо маю.

- Няўжо?- на твары менеджара з’явіўся выраз невымоўнай удзячнасці,- Хвала Нябёсам, ці то мяне кусілі ўжо пяць разоў толькі за сёння...

У паветры адчуўся рэзкі трэск, гэта дзве пачварныя кнігі схапілі трэцюю і пачалі рваць яе напалам.

- А ну супыніліся! До!- закрычаў менеджар, стукаючы па кнігах кійком скрозь краты.- Хай мяне халера, калі я яшчэ займуся іх продажжу! Гэта ж сапраўдны вэрхал! Думаў горш за той выпадак, калі мы набылі за вялізныя грошы 200 асобнікаў “Нябачнай кнігі пра нябачнасць” і так і не знайшлі аніводнай, ужо не будзе... Чымсь яшчэ магу дапамагчы?

- Так,- адказаў Гары, зірнуўшы ў спіс,- мне патрэбна “Развуаляванне будучыні” Касандры Ваблацкай.

- А, будзеш вывучаць “Вяшчунства”?- спытаў менеджар і, зняўшы пальчаткі, павёў хлопчыка ў заднюю частку крамы, дзе быў аддзел з кнігамі пра вяшчунства. Невялічкая паліца была застаўлена кнігамі, такімі як “Прадказанне непрадказальнага: захавай сябе ад шакавання”ці “Удары лёсу: калі вы згубілі шчасце”.

- Вось, яна,- падняўшыся па лесвіцы да верхняй паліцы і зняўшы адтуль “Развуаляванне будучыні”, кнігу з чорнай вокладкай – вельмі добрае кіраўніцтва па ўсіх асноўных метадах варажбы – хірамантыя, крышталёвы шар, птушыныя вантробы...

Але Гары не слухаў. Яго вочы ўперыліся ў іншую кнігу, што была сярод выстаўленых на рэкламнай паліцы: “Прадвеснікі смерці: што рабіць, калі ўбачыў благі канец”.

- На тваім месцы, я б не чытаў,- прамовіў менеджар, прасачыўшы на што глядзіць хлопчык,- будзеш бачыць прыкметы смерці паўсюль, а гэтага дастаткова, каб і самому да смерці перапужацца.

Тым не менш, Гары працягваў глядзець на вокладку, дзе быў намаляваны чорны сабака з бліскучымі вачыма велічынёю з мядзведзя. Гэта яму штось нагадвала...

Менеджар, ціснуў Гары ў рукі “Развуаляванне будучыні”.

- Штось яшчэ?- спытаў ён.

- Так,- з цяжкасцю адарваўшы свае вочы ад сабакі і зірнуўшы ў спіс падручнікаў, прамовіў Гары,- Хм... “Прамежкавыя ператварэнні” і “Стандартная кніга замоваў для трэцяга класа”.

Гары выйшаў з “Флорыш і Блотс” праз дзесяць хвілін, трымаючы новыя кнігі ў руках, і рушыў назад да Дзіравага катла, ледзь заўважаючы куды ісці і паспеўшы наштурхнуцца на колькі чалавек.

Ён падняўся па лесвіцы, зайшоў у свой пакой і перакуліў стос кніг на ложак. Пакуль яго не было ў пакоі, нехта прыбраўся: вокны былі адчынены і пакой залівалі сонечныя промні. Гары чуў, як па нябачнай з пакоя маглаўскай вуліцы едуць аўтобусы, а па Дыягон Алеі праходзіць такі ж нябачны, але шумны натоўп. Ён паглядзеў на сябе ў люстэрка ў ванным пакоі.

- Гэта не мог быць Прадвеснік смерці,- сказаў Гары свайму адлюстраванню.- Я быў запанікаваны, калі трапіў на плошчу Магноліа Крэсэнт. А сам хутчэй за ўсё бачыў бяздомнага сабаку...

Ён аўтаматычна падняў руку і прыгладзіў свае непаслухмянае валоссе.

- Цяпер ты вядзеш бойку ў якой прайграеш, любы мой,- хрыпла адказала хлопчыку люстэрка.

*

Мінулі дні, Гары пачаў уважліва сачыць за натоўпам, спрабуючы адшукаць у ім Рона ці Герміёну. Набліжаўся пачатак семестра, і на Дыягон Алее сям-там трапляліся вучні з Хогвартса. Ля “Найякаснейшых прылад для квідытча” Гары сустрэў Шымаса Фінігана і Дына Томаса, сваіх сувучняў па Грыфіндоры, якія з захапленнем глядзелі на Вогненую стралу; а на выхадзе з Флорыш і Блотс сутыкнуўся з Нэвілам Лонгботамам, безуважлівым круглатварым хлопцам. Гары не супыніўся паразмаўляць з ім, бо хлопец пэўна страціў свой спіс падручнікаў і цяпер меў непрыемную размову са сваёй суровага выгляду бабуляй. Гары спадзяваўся, што яна ніколі не даведаецца аб тым, што ён хаваўся за імем Нэвіла, калі ўцякаў ад Міністэрства магіі.

Гары прачнуўся ў апошні дзень вакацыяў, спадзяючыся, што магчыма будзе мець задавальненне ўбачыцца з Ронам і Герміёнай заўтра, ля Хогвартс Экспрэса. Ён падняўся, апрануўся і апошні раз пайшоў зірнуць на Вогненную стралу. Потым хлопец пачаў разважаць, дзе б з’есці свой абед і тут нехта паклікаў яго імя, Гары азірнуўся.

- Гары! Гары!

Яны ўсе разам сядзелі за столікамі на верандзе Салону Марозева Фларыяна Фартэск’ю, Рон – неверагодна зарабацініўшы, а Герміёна ўся збарвянелая ад адчайнага махання рукамі.

- Нарэшце!- прамовіў Рон і ўсміхнуўся, калі Гары прысеў.- Мы пайшлі ў Дзіравы кацёл, але там сказалі, што ты ўжо сышоў, потым зазірнулі ў Флорыш і Блотс, да мадам Малкін ды...

- Я набыў усё неабходнае яшчэ на мінулым тыдні,- растлумачыў Гары,- А адкуль вы ведаеце, што я жыву ў Дзіравым катле?

- Тата,- прастадушна адказаў Рон.

Містэр Візлі, што працаваў у Міністэрстве магіі, пэўна, ужо ведаў пра тое, што здарылася з цёткай Мардж.

- Ты сапраўды надзьмуў сваю цётку Гары?- вельмі сур’ёзным голасам спытала Герміёна

- Я не жадаў гэтага,- адказаў ён, а Рон са смеху пакаціўся з крэсла на зямлю.- Я згубіў кантроль над сабой.

- Тут няма анічога смешнага, Рон,- рэзка прамовіла дзяўчынка.- Я, шчыра кажучы, вельмі здзіўлена, што Гары не выкінулі са школы.

- Я таксама,- прызнаўся Гары.- і якое там выключаць, я вырашыў, што мяне наогул арыштуюць,- ён зірнуў на Рона,- Твой бацька ведае, чаму Фадж не зрабіў гэтага?

- Напэўна, таму што ты - гэта ты,- паціснуўшы плячыма адказаў Рон, усё яшчэ не супыніўшы да канца свой смех,- той самы Гары Потэр і гэдак далей. Я нават ўяўляць не хачу, што б міністэрства зрабіла са мной, калі б я надзьмуў цётку. Толькі ім прыйшлося доўга шукаць мяне пад зямлёю, таму што маці хутчэй за ўсё забіла б мяне. Але ты можаш запрасіць бацьку зайсці да цябе ўвечары. Мы сёння таксама застаемся ў Дзіравым катле! І на Кінг Крос ты можаш паехаць з намі! Герміёна таксама застаецца тут!

Герміёна, заззяўшы, хістнула галавой.

- Мама з татам прывезлі мяне сюды сёння з усімі Хогвартскімі рэчамі.

- Выдатна,- заўважыў Гары,- так, вы маеце ўсе новыя кнігі і іншае.

- Зірні на гэта,- сказаў Рон, выцягнуў са сваёй торбы тонкую і доўгую скрыначку і адчыніў,- навенечкая палачка, чатырнаццаць цаляў, вярбовая са стрыжнем з воласа з хваста аднарога. А яшчэ ў нас з сабой новыя падручнікі,- ён штурхнуў вялізную торбу пад сталом,- Як табе, дарэчы, “Пачварная кніга”? Прадавец ледзь не ўз’енчыў, калі даведаўся, што нам патрэбны дзве.

- А гэта што такое, Герміёна?- спытаўся Гары выявіўшы не адну, а тры таўсценныя торбы, побач з яе крэслам.

- Ну я ж запісалася на большую колькасць новых дысцыплінаў, -адказала дзяўчынка,- тут мае падручнікі па нумералогіі, доглядзе за магічнымі істотамі, вяшчунстве, вывучэнні старажытных рун і маглазнаўстве...

- За якім бесам табе маглазнаўства?- вылупіўшы вочы ўбок, прамовіў Гары,- Ты ж магланароджанная! Твая маці і бацька – маглы! Ты выключна ўсё ведаеш пра маглаў!

- Але будзе даволі цікава даведацца пра іх з чарадзейскага пункту гледжання,- спакойна адказала Герміёна.

- А ці плануеш ты есці ці спаць у гэтым годзе?- спытаўся Гары, Рон фыркнуў. Але Герміёна праігнаравала іх абодвух.

- А яшчэ я маю дзесяць Галеёнаў,- працягвала яна, праверыўшы свой кашэль,- Мой дзень нараджэння ў верасні і мама з татам загадзя далі мне грошы на падарунак.

- Як наконт выдатнай КНІГІ?- нявінным голасам прамовіў Рон.

- Не, не зараз,- спакойна адказала Герміёна,- Шчыра кажучы, я хачу набыць саву. Бо Гары мае Хэдвіг, ты – Эрал...

- Не я,- адказаў Рон,- Эрал, сямейная сава. А ўсё, што я маю, – гэта Скаберс,- ён выцягнуў свайго ўлюбёнага пацука з кішэні.- Яго трэба камусьці паказаць,- дадаў ён, кладучы Скаберса на стол,- Я лічу, што Ягіпет дрэнна на ім адбіўся.

Пацук быў худнейшым, чым калі-небудзь раней і ў яго апусціліся вусы.

- Там ёсць крама магічных істотаў,- паведаміў Гары, які за апошні час добра вывучыў Дыягон Алею.- Ты можаш паглядзець там, штось для Скаберса, а Герміёна набыць саву.

Яны расплаціліся за сваё марозіва і рушылі ўздоўж вуліцы да “Чарадзейскага звярынца”.

Усярэдзіне было не шмат вольнай прасторы, бо амаль кожная цаля была занята клеткамі. Крама была бруднай і вельмі шумнай, бо адусюль даносіліся віск, квохканне, балбатанне ці шыпенне. Вядзьмарка за прылаўкам кансультавала нейкіх чараўнікоў, як даглядаць падвойнахвостых трытонаў, а Гары, Рон і Герміёна чакалі, вывучаючы клеткі.

Пара пурпуровых жаб прагна глыталі вільгаць і піравалі дохлымі мухамі. Гіганцкая чарапаха з панцырам інкрустраваным дыяментамі блішчэла на сонцы ля вакна. Атрутныя памаранчавыя слімакі павольна паўзлі ўздоўж свайго рэзервуара, а тоўсты белы трус, моцна чмякаючы, ператвараўся на чорны шоўкавы цыліндр і назад. Потым ішлі коткі ўсіх колераў, шумлівыя клеткі з крумкачамі, кошыкі са смешнымі пухоўкамі, што гучна гулі. А на прылаўку стаяла вялізная клетка з чорнымі бліскучымі пацукамі, якія гулялі ў нешта, што нагадвала скокі праз скакалку, карыстаючыся пры гэтым уласнымі лысымі хвастамі.

Чараўнікі з падвойнахвостымі трытонамі адышлі, і Рон рушыў да прылаўка.

- Мой пацук,- прамовіў ён вядзьмарцы,- ён нешта хваравіта выглядае з тых пор, як мы павярнуліся з Ягіпту.

- Пакладзі яго на прылавак,- папрасіла вядзьмарка, выцягваючы акуляры ў цяжкай чорнай аправе са сваёй кішэні.

Рон выцягнуў Скаберса з унутраняй кішэні і паклаў на прылавак, ля клеткі з яго субраццямі, якія адразу ж скончылі гуляць і нават пабіліся.

Як і большасць з маёмасці Рона, Скаберс дастаўся яму з другіх рук (раней ён належыў яго старэйшаму брату Пэрсі) і быў троху патрапаны. А ў параўнанні з чорнымі пацукамі ўвогуле выглядаў асабліва журботна.

- Хм, прамовіла вядзьмарка, падымаючы Скаберса ўгору,- колькі год гэтаму пацуку?

- Нават ня ведаю, - адказаў Рон,- але вельмі стары, раней ён належыў майму брату.

- А якой сілаю ён валодае?- пільна разглядаючы Скаберса, спыталася прадаўшчыцца.

- Мм?- не зразумеў Рон. Па праўдзе кажучы Скаберс ніколі не дэманстраваў, хоць бы наймаленечкія магічныя здольнасці. Вочы вядзьмаркі варухнуліся спачатку на яго ірванае левае вуха, потым на пярэднюю лапу з адсутным пальцам, нарэшце яна гучна вохнула.

- Напэўна, ён трапіў у млын,- сказала яна.

- Ён ужо быў такім, калі Пэрсі аддаў мне яго,- абараняўся Рон.

- Звычайныя, шэрыя ці садавыя пацук жывуць не даўжэй за тры гады, ці накшталт таго,- прамовіла прадаўшчыца.- Калі зараз ты шукаеш штось больш трывалае, можаш абіраць аднаго з гэтых...

Яна паказала на чорных пацукоў, якія адразу ж прыняліся зноўку гуляцца адно з адным.

- Позеры,- прамармытаў Рон.

- Ну, а калі ты не жадаеш замены, можаш паспарабаваць гэты пацучыны тонік,- яна паварушыла пад прылаўкам і паклала перад хлопцам маленькую чырвоную бутэлечку.

- ДОБРА!- адказаў Рон.- Колькі гэта будзе... АЁЙКУ!

Рон быў вымушаны прыхіліцца, бо нешта вялізнае і памаранчавае скокнула з вяршыні самай верхняй клеткі, прызямлілася на яго галаву, адтуль на прылавак і па-вар’яцку зашыпела на Скаберса.

- НЕ, КРУКШАНС, НЕ!- завішчала вядзьмарка, але Скаберс праслізнуў між яе рук, як кавалак мыла прызямліўся на падлогу на ўсе чатыры лапы і даў драла ў напрамку дзвярэй.

- Скаберс!- закрычаў Рон, выбягаючы з крамы за сваім пацуком; Гары рушыў услед.

Ім спатрэбілася хвілін дзесяць, каб адшукаць Скаберса, што хаваўся за грудай мукулатуры ля “Найякаснейшых Прыладаў для квідытча”. Рон паклаў пакрытага дрыжыкамі пацука назад у кішэню і выпрастаўся, паціраючы галаву.

- Што гэта было?

- Не ведаю, - адказаў Гары,- альбо занадта вялікі кот, альбо маленечкі тыгр.

- А дзе Герміёна?

- Верагодна, засталася, каб набыць саву!

Яны рушылі назад у напрамку Чароўнага звярынца. З дзвярэй крамы ім насустрач выйшла Герміёна, але ў рукай яе была не клетка з савой. Яна заціснула ў іх вялізарнага рудога ката.

Наши рекомендации