Хлопчык, які застаўся жывы 1 страница

Містэр і місіс Дурслі, што жылі ў доме нумар чатыры па вуліцы Прайвет Драйв, маглі з гонарам заявіць, што яны, дзякуй Богу, былі цалкам звычайнай сям’ёй. І гэта былі апошнія людзі, ад якіх вы чакалі б удзелу ў чымсьці дзівацкім альбо таямнічым. Бо Дурслі папросту не ўхвалялі падобнага глупства.

Містэр Дурслі ўзначальваў фірму “Грунінгс”, якая займалася вытворчасцю дрыляў. Гэта быў велізарны, грузны чалавек, які амаль што не меў шыі, затое меў агромістыя вусы. Ягоная жонка, наадварот, была хударлявай светлавалосай жанчынаю з шыяй у два разы даўжэйшай за звычайную, што дазваляла ёй без праблем займацца сваёй улюбёнай забаваю – шпіёніць за суседзямі, высунуўшыся па-над плотам. Акрамя таго містэр і місіс Дурслі мелі малога сына Дадлі, якога лічылі найвыдатнейшым хлопчыкам у свеце.

Але ж адну таямніцу Дурслі ўсё-ткі мелі і вельмі баяліся, што аб гэтым нехта даведаецца. Дурслі не перажылі, калі б хто з іх знаёмых ці суседзяў даведаўся аб Потэрах. Місіс Потэр была роднай сястрою місіс Дурслі, але яны не бачыліся ўжо колькі гадоў. Місіс Дурслі ўвогуле рабіла выгляд, што не мае аніякай сястры, таму што місіс Потэр і ейны нікчэма-муж былі самымі недурслійнымі людзьмі, якіх толькі мажліва сабе ўявіць. Дурслі з дрыготкай уяўлялі сабе, што скажуць суседзі, калі Потэры раптам з’явяцца на іх вуліцы. Адзінае, што Дурслі ведалі аб сваяках, - гэта што Потэры таксама мелі малога сына і той быў яшчэ адной нагодаю ніколі з імі не бачыцца, каб пазбавіць Дадлі таварыства гэткіх дзяцей.

У шэры і сумны аўторак, калі пачалася нашая гісторыя, Дурслі прачнуліся, і нішто пад пахмурным небам знадворку не казала аб тым, што па ўсёй краіне адбываецца нешта дзіўнае і незвычайнае. Містэр Дурслі, збіраючыся на працу, варкатаў сабе пад нос, завязваючы свой самы нудны гальштук, а місіс Дурслі без перапынку шчасліва пераказвала яму плёткі, спрабуючы пасадзіць усчаўшага лямант Дадлі на ягонае высокае крэсла.

Ніхто з іх не заўважыў, як міма іхнага акна пранеслася вялізная няясыць.

А палове на восьмую містэр Дурслі ўзяў свой партфель, цмокнуў жонку і паспрабаваў пацалаваць на развітанне Дадлі, але прамазаў, паколькі той у гэты момант гістэрыў і раскідваў па сценах аўсяную кашу.

- Гарэза малы, - усміхнуўся містэр Дурслі, выйшаў надворак і, сеўшы ў машыну, выехаў на вуліцу, пакінуўшы дом нумар чатыры за спінай.

Першую прыкмету таго, што адбываецца нешта асаблівае, Дурслі заўважыў, калі на рагу вуліцы ўбачыў котку, што чытала мапу. Спачатку ён не звярнуў на гэта ўвагі, але, апамятаўшыся, тузануў галавой у той бок і ўбачыў на рагу Прайвет Драйв толькі звычайную паласатую котку без аніякіх прыкмет мапы. Як гэта сталася? Напэўна, гульні светлавых блікаў, вырашыў Дурслі. Міргаючы, ён утаропіўся на котку; тая таксама паглядзела яму ў вочы. Дурслі заехаў на гару, праз люстэрка працягваючы сачыць за коткай. Тая чытала шыльду “Прайвет Драйв” на другім баку вуліцы… не, яна папросту глядзела на яе, бо коткі ж не ўмеюць чытаць ані мапы, ані шыльды. Містэр Дурслі патрос галавой, намагаючыся выкінуць адтуль котку, і ўвесь шлях да горада думаў выключна аб вялізным замаўленні на дрылі, якое спадзяваўся атрымаць.

Аднак на ўскрайку гораду ўжо іншая з’ява прымусіла дрылі выляцець з ягонай галавы. Стоячы ў звычайным ранішнім заторы, Дурслі не мог не заўважыць безліч дзіўна апранутых людзей. Людзей у старажытных мантыях. Містэр Дурслі страшэнна не любіў тых, хто апранаўся па-дзівацку – што за вопратка ў гэтых юнакоў! Ён вырашыў, што гэта нейкая новая моладзевая мода. Дурслі пачаў пастукваць пальцамі па стырне, і тут ягоны позірк спыніўся на колькіх дзіваках, што стаялі побач і ўзбуджана аб чымсьці шапталіся. Містэр Дурслі з абурэннем заўважыў, што сярод іх былі не толькі юнакі. Адзін з дзівакоў, заўважна старэйшы за самога Дурслі, быў апрануты ў смарагдава-зялёную мантыю. Гэта ўзнервавала яго. Але тут Дурслі прыйшло да галавы, што гэта чыесьці дурныя фокусы – а людзі збіраюць на нешта ахвяраванні. Вядома, так і было. Тут аўтамабільная плынь рушыла з мёртвай кропкі, і, калі праз колькі хвілінаў Дурслі заехаў на грунінгаўскую паркоўку, ён зноўку думаў толькі аб сваіх дрылях.

Містэр Дурслі, як і заўжды, сядзеў у сваім кабінеце на дзясятым паверсе спінай да акна, інакш гэтай раніцай яму было б даволі цяжка засяродзіцца на дрылях. Ён не мог бачыць, што за акном сярод дня гойсалі шматлікія совы, але гэта бачыла безліч мінакоў, што, задраўшы галовы і раскрыўшы рты, стаялі сярод вуліцы і назіралі за птушкамі. Большасць з іх раней не бачыла соваў нават уночы. Аднак містэр Дурслі правёў звычайны, вольны ад соваў ранак. Ён пяць разоў накрычаў на падначаленых, зрабіў колькі важных тэлефанаванняў, зноўку трошкі пакрычаў. Абедзенны час ён сустрэў у цудоўным настроі і вырашыў размяць косткі, схадзіўшы па прысмакі ў булачню праз дарогу ад офіса.

Ён ужо забыўся аб людзях у мантыях, калі раптам ўбачыў колькі з іх ля булачні. Праходзячы міма, Дурсі са злосцю паглядзеў на дзівакоў. Невядома чаму, але тыя прымусілі яго занепакоіцца. Яны працягвалі аб чымсьці ўзбуджана шаптацца, і Дурслі не заўважыў ані ў кога з іх нават намёку на бляшанку для збору ахвяраванняў. Калі на зваротным шляху Дурслі, сціскаючы ў руцэ пакет з вялізным пончыкам, зноў прамінаў дзівакоў, ён пачуў колькі словаў з іхнай размовы.

- Потэры, гэта праўда, я чуў, што...

- ... так, іхны сын, Гары...

Містэр Дурслі скамянеў. Яго ахапіў жах. Ён паглядзеў у бок шаптуноў, быццам жадаў нешта ім сказаць, але перадумаў.

Ён маланкаю кінуўся праз дарогу, паспяшаўся у свой кабінет, загадаў сакратарцы не турбаваць яго і ўжо амаль паспеў набраць свой хатні нумар, але спыніўся. Ён паклаў слухаўку на тэлефон, разгладзіў свае вусішчы і пачаў разважаць... Не, не трэба дурыць. Потэр – не такое ўжо і рэдкае прозвішча. Ён пераканаў сябе, што безліч людзей маюць гэткае ж прозвішча і сына Гары. Больш за тое, ён нават не быў упэўнены, што ягонага пляменніка клічуць менавіта так: Дурслі ніколі не бачыў хлопца. Мабыць, ягонае імя Гарві. Ці Гаральд. Навошта яму турбаваць жонку, якая і так непакоіцца пры любой згадцы аб сястры? Дурслі не вінаваціў яе... калі б ён сам меў такую сястру... але ж усе гэтыя людзі ў мантыях...

Увесь астатні дзень містэру Дурслі было амаль што немагчыма засяродзіцца на дрылях, і калі а пятай вечара ён пакідаў офіс, то быў настолькі расхваляваны, што папросту наштурхнуўся на кагосьці, хто стаяў ля ўваходу.

- Прашу прабачэння, - кінуў Дурслі маленечкаму дзядку, які ледзь не паваліўся на зямлю, і праз імгненне-другое зразумеў, што чалавечак быў апрануты ў фіялетавую мантыю. Дзядок, здавалася, ані не турбаваўся з таго, што яго толькі што ледзь не збілі з ног. Наадварот, ён расплыўся ва ўсмешцы і рыпучым голасам, які прымусіў шмат каго з мінакоў азірнуцца, прамовіў:

- Не трэба прабачэнняў, мой даражэнькі, сёння нішто не здольнае сапсаваць мой настрой! Узрадуйцеся: Самі Ведаеце Хто нарэшце памёр! Нават такі магл, як вы, павінны гэта адсвяткаваць!

Стары абняў містэра Дурслі і сыйшоў прэч.

Дурслі скамянеў. Яго толькі што абняў нехта, з кім ён нават не быў знаёмы. Таксама ён быў занепакоены тым, што яго назвалі маглам, што б гэтае слова ні значыла. Містэр Дурслі быў агаломшаны. Ён паспяшаўся да машыны, і ўвесь шлях да дому яму ў галаву прыходзілі розныя фантазіі, чаго ніколі не здаралася раней, бо ён рашуча не ўхваляў фантазіявання.

Калі ён пад’ехаў да дома нумар чатыры, то ўбачыў нешта, што аніяк не палепшыла ягоны настрой – гэта была тая ж самая паласатая котка, якую ён бачыў зранку. Цяпер яна сядзела на плоце, што атачаў сад містэра Дурслі. Ён быў упэўнены, што котка тая ж самая, бо пазнаў палоскі вакол ейных вачэй, што нагадвалі акуляры.

- Псік! - крыкнуў Дурслі.

Аднак котка ані варухнулася і толькі надарыла яго суровым позіркам. Містэр Дурслі здзівіўся, бо гэта аніяк не нагадвала звычайныя кашэчыя паводзіны. Спрабуючы ўзяць сябе ў рукі, ён увайшоў у дом. Прытрымліваючыся нядаўна прынятага рашэння, жонцы ён нічога не сказаў.

Місіс Дурслі правяла цалкам выдатны звычайны дзень. За вячэраю яна расказала мужу, што ў суседкі нейкія праблемы з дачкой, а Дадлі вывучыў новае слова (“Не”). Містэр Дурслі імкнуўся паводзіць сябе як заўжды. Калі Дадлі паклалі спаць, ён пайшоў у гасцёўню, каб паглядзець апошнія навіны.

- ... і нарэшце, арнітолагі з усёй краіны заўважылі сёння вельмі дзіўныя паводзіны соваў. Гэтыя птушкі звычайна палююць ноччу і ніколі не лятаюць пры дзённым святле. Аднак сёння з самага ранку іх заўважаюць па ўсёй краіне. Самыя вядомыя эксперты б’юцца над загадкай таго, чаму совы раптоўна змянілі свой рэжым дня, - вядучы навінаў дазволіў сабе пасміхнуцца. - Вельмі загадкава. А цяпер Джым МакГафін з навінамі аб надвор’і. Джым, ці не абяцаюць уночы савіных залеваў?

- Ну, Тэд, - адказаў метэаролаг, - пра гэта мне нічога не вядома. Але не толькі совы паводзяць сябе дзіўна. Гледачы з самых розных частак краіны – Кента, Ёркшыра і Дандзі - паведамілі мне па тэлефоне, што замест абяцанага мной учора дажджу яны бачылі ў небе сапраўдныя зорапады! Магчыма, нехта ўжо пачаў святкаваць Ноч феерверкаў – але, мае любыя, яна ж толькі на наступным тыдні! Аднак магу дакладна паведаміць, што сённяшняй ноччу нас чакае высокая вільготнасць.

Містэр Дурслі застыў у сваім фатэлі. Зорапады па ўсёй Брытаніі? Совы лятаюць удзень? На вуліцах дзіўныя людзі ў мантыях? І... і нехта шаптаўся аб Потэрах...

Місіс Дурслі ўвайшла ў гасцёўню з двума кубкамі гарбаты. Гэта было не надта добра, бо ён павінны быў спытаць яе аб нечым непрыемным. Дурслі нервова адкашляўся.

- Ммм... Пятуння, даражэнькая... Ці ты не чула ў апошні час што-небудзь аб сваёй сястры?

Як ён і баяўся, місіс Дурслі паглядзела ў ягоны бок здзіўлена і раззлавана. Урэшце, яны ж заўжды рабілі выгляд, што аніякай сястры у яе няма.

- Ані, - рэзка адказала Пятуння. - А чаму ты цікавішся?

- Ну, сёння ў навінах паведамлялі пра нейкія дзівосы, - прамармытаў містэр Дурслі. - Совы... зорапады... і па горадзе сёння шлэндала шмат нейкіх дзівакоў...

- І? - адрэзала місіс Дурслі.

- Ну, я вырашыў... што гэта нейкім чынам звязана... з такімі... як яна.

Місіс Дурслі зрабіла глыточак гарбаты праз сціснутыя вусны. Ейны муж набіраўся рашучасці, каб сказаць, што сярод дзівакоў згадвалася прозвішча Потэраў, але так і не наважыўся. Замест гэтага ён, як мог абыякава, спытаўся:

- Іх сын... ён жа аднагодак нашага Дадлі?

- Напэўна, так, - халодна адказала місіс Дурслі.

- А як яго назвалі? Говард?

- Гары. Як па мне, брыдкае, мужыцкае імя.

- Так, - адказаў містэр Дурслі, і ягонае сэрца спынілася ад жаху. - Згодны з табою.

Яны моўчкі пайшлі спаць. Пакуль Пятуння была ва ўмывальні, містэр Дурслі крадком скочыў у спальню і зірнуў у акно на садовы плот. Котка ўсё яшчэ была там. Яна глядзела кудысь у бок Прайвет Драйв, быццам чакала чагосьці.

А можа, гэта яму прымроілася? Можа, гэта аніяк не звязана з Потэрамі? А што, калі не... калі ўсё-ткі звязана... Наўрад ці ён зможа вытрымаць гэта.

Дурслі ляглі. Пятуння адразу ж заснула, а вось містэр Дурслі яшчэ доўга не спаў, разважаючы над тым, што здарылася. Нарэшце ён заснуў, супакоіўшы сябе думкаю, што, нават калі сённяшнія падзеі неяк звязаныя з Потэрамі, тыя і не падумаюць наблізіцца да ягонага дома, бо добра ведаюць, як Дурслі ставяцца да ім падобных... Яны з Пятунняй не мелі да гэтага аніякага дачынення. Дурслі пазяхнуў і павярнуўся на бок. Іх гэта не павінна турбаваць...

Але ж як ён памыляўся.

Містэр Дурслі паглыбіўся ў трывожны сон, але гэтага нельга было сказаць аб котцы, што сядзела на ягоным плоце. Яна зусім не падавалася соннай, а наадварот, нерухома, як статуя, сядзела, утаропіўшыся ў далёкі куток Прайвет Драйв. Котка не ўздрыгнула, нават калі на суседняй вуліцы грукнулі дзверы аўтамабіля ці калі па-над яе галавою праляцелі дзве савы. Было ўжо апоўначы, калі котка нарэшце паварушылася.

На рагу вуліцы раптоўна, быццам выскачыўшы з-пад зямлі, з’явіўся чалавек. Котка хіснула хвастом, ейныя вочы звузіліся і пачалі назіраць за прыбылым.

На Прайвет Драйв ніколі не з’яўлялася нікога падобнага.Чалавек быў высокім, хударлявым і вельмі старым, калі меркаваць па ягоных сівых валасах і барадзе - такіх доўгіх, што іх давялося прасунуць пад пас. Ён быў апрануты ў доўгую мантыю і пурпуровы плашч, які кранался зямлі і ягоных вялізных са спражкамі і высокімі абцасамі ботаў. Яркія блакітныя вочы прыбылага ззялі за акулярамі ў форме двух паўмесяцаў, а нос быў доўгім і крывым, нібы яго ламалі прынамсі двойчы. Імя ягонае было Альбус Дамблдор.

Здаецца, Дамблдор не разумеў, што нічога ў ім, пачынаючы ад ботаў і скончваючы імем, не было жаданым на гэтай вуліцы. Ён быў заняты тым, што шукаў нешта ў нетрах сваёй мантыі. Тут ён заўважыў, што за ім сочаць, і зірнуў на котку, што працягвала глядзець на яго з іншага ўскрайку вуліцы. Здавалася, сам ейны выгляд пацешыў мужчыну.

- Я павінны быў здагадацца, - усміхнуўшыся, прамармытаў ён.

Нарэшце ў адной з унутраных кішэняў Дамблдор знайшоў тое, што шукаў. Гэта было нешта накшталт срэбнай запальнічкі. Мужчына адкрыў яе, узняў у паветра і пстрыкнуў. Бліжэйшы да яго ліхтар з невялічкім воплескам згас. Ён пстрыкнуў яшчэ раз, і наступны ліхтар таксама страціў святло. Даблдор яшчэ дванаццаць разоў пстрыкаў сваёй загаснічкай, пакуль адзінымі кропкамі святла не засталіся котчыны вочы. Калі б нехта, нават місіс Дурслі са сваімі вочкамі-пацеркамі, зірнуў у акно, ён не змог бы ўбачыць анічога з таго, што адбывалася на вуліцы. Дамблдор паклаў загаснічку назад у кішэню і рушыў у напрамку дома нумар чатыры. Ён прысеў на плот побач з коткай, не гледзячы на яе, але амаль адразу загаварыў:

- Не чакаў сустрэць вас тут, мадам МакГонагал.

Ён павярнуў галаву, жадаючы ўсміхнуцца котцы, але той ўжо не было. Замест яе на плоце з’явілася суровага выгляду жанчына ў акулярах гэткай жа квадратнай формы, як і палосы вакол котчыных вачэй. Дамблдор надарыў яе ўсмешкай. МакГонагал была апранутая ў смарагдавы плашч, а ейныя валасы былі сабраныя на патыліцы ў тугі пучок. Прафесарка выглядала ўсур’ёз раззлаванай.

- Як вы здагадаліся, што гэта я? - спыталася яна.

- Мая даражэнькая, я ніколі не бачыў котак, якія сядзелі б так нерухома.

- Паглядзела б я на вас, калі б вы прасядзелі ўвесь дзень на халодным цагляным плоце.

- Увесь дзень? Пакуль усе астатнія святкавалі? Мне давялося завітаць на дзясятак вечарын, пакуль я нарэшце трапіў сюды.

Прафесарка МакГонагал пачала раззлавана фыркаць.

- Усеагульнае святкаванне, так? - раздражнёна прамовіла яна. – Думаеце, яны хоць трохі думаюць аб асцярожнасці, ані... нават маглы заўважылі, што адбываецца нешта дзіўнае. Я чула гэта ў іхных навінах, - прафесарка хіснула галавой у бок цёмных вокнаў Дурслі. - Зграі соваў... падаючыя зоркі. Яны што – лічаць маглаў зусім дурнымі? Яны павінныя былі заўважыць – і заўважылі. Зорапад ў Кенце... зразумела ж, гэта справа рук Дзядалуса Дзігла. Ён ніколі не быў асабліва разумным.

- Не трэба іх вінаваціць, - лагодна адказаў Дамблдор. - Апошнія адзінаццаць гадоў у нас было замала падставаў для святкавання.

- Так, я памятаю, - раздражнёна прамовіла МакГонагал. - Але не трэба з-за гэтага траціць розум. Сярод дня з’яўляюцца на вачах у маглаў, каб абменьвацца плёткамі, нават не падумаўшы апрануцца ў іхнюю вопратку… - яна з’едліва зірнула на Дамблдора, чакаючы хоць якога адказу, але той маўчаў, таму прафесарка працягвала: - Выдатна было б, калі ў дзень знікнення Самі Ведаеце Каго маглы даведаліся аб нашым існаванні. Ці вы лічыце, што ён сапраўды знік, Дамблдор?

- Здаецца, так, - адказаў Дамблдор. - І мы павінныя адсвяткаваць гэта. Ці не жадаеце шэрбетавых цытрынак?

- Чаго?

- Шэрбетавых цытрынак. Гэта адзін з маіх улюбёных маглаўскіх ласункаў.

- Дзякуй, не трэба, - рэзка адказала прафесарка МакГонагал, быццам лічыла, што зараз не самы лепшы час для цукерак. - Як я ўжо казала, тое, што Самі Ведаеце Хто знік...

- Мая даражэнькая, вы, безумоўна, разумная асоба, і я не разумею, чаму вы не называеце ягонага імя? Усе гэтыя “Самі Ведаеце Хто” - сапраўднае глупства. Я вось ужо на працягу адзінаццаці гадоў змагаюся, каб яго называлі сапраўдным імем – Вальдэморт, - прафесарка МакГонагал уздрыгнула, але Дамблдор, які якраз спрабаваў адклеіць дзве цытрынкі адну ад другой, здаецца, не заўважыў гэтага. - Калі мы будзем працягваць называць яго Самі Ведаеце Кім, гэта толькі яшчэ больш усё заблытае. Таму не бачу падставаў, каб не называць Вальдэморта ягоным імем.

- Так, я ведаю, што падставаў няма, - напалову раздражнёна, напалову захоплена адказала прафесарка. - Але вы – іншая справа. Усім вядома, што вы былі адзіным, каго Самі Ведаеце Х... добра, Вальдэморт... сапраўды баяўся.

- Вы перабольшваеце, - халодна адказаў Дамблдор, - я ніколі не меў столькі моцы, як Вальдэморт.

- Толькі таму, што вы... ну... занадта высакародны, каб скарыстацца чымсьці падобным.

- Як добра, што зараз цёмна. Я не чырванеў гэтак ажно з тых часоў, калі мадам Помфры сказала мне, што ёй спадабаліся мае новыя зімовыя навушнікі.

Прафесарка МакГонагал узняла на Дамблдора свой востры позірк і прамовіла:

- Совы сярод дня – дробязь у параўнанні з чуткамі, што лунаюць па наваколлі. Вы ведаеце, што кажуць людзі? Чаму ён знік? Што нарэшце спыніла яго?

Здавалася, адзінай прычынаю, па якой яна прасядзела ўвесь дзень на халодым плоце ў абліччы коткі, было жаданне абмеркаваць гэтыя чуткі з Дамблдорам. Ані як котка, ані як чалавек МакГонагал не свідравала яго вачыма так, як зараз. Было зразумела, што яна не паверыць таму, што кажуць “усе”, ажно пакуль Дамблдор не пацвердзіць, што гэта праўда. Аднак ён засяродзіўся на спажыванні шэрбетавых цытрынак і нічога не адказаў.

- Кажуць, - выціснула прафесарка, - што мінулай ноччу Вальдэморт завітаў у Лагчыну Годрыка. Што ён шукаў Потэраў. І што Лілі і Джэймс... што... што яны... загінулі.

Дамблдор кіўнуў, і прафесарка МакГонагал вохнула.

- Лілі і Джэймс... не магу ў гэта паверыць... не жадаю ў гэта верыць... Вох, Альбус...

- Ведаю... ведаю, - цяжка адказаў Дамблдор, пагладзіўшы ейнае плячо.

- І гэта не ўсё, - з дрыготкай у голасе працягвала прафесарка. - Кажуць, ён меўся забіць маленькага сына Потэраў – Гары, але... не здолеў. Не здолеў забіць маленькага хлопчыка. Ніхто не ведае, чаму, але кажуць, што, калі ў яго не атрымалася забіць Гары, ягоная моц неяк саслабла... таму ён і знік.

Дамблдор хмура кіўнуў.

- Гэта... гэта ПРАЎДА? – заікаючыся, прамовіла МакГонагал. - Ён нарэшце пераможаны... пасля ўсіх тых, каго ён забіў... ён не зладзіў з маленькім хлопчыкам? Гэта дзіўна... пасля ўсіх спробаў спыніць яго... але, у імя Неба, як Гары здолеў застацца жывым?

- Мы можам толькі здагадвацца, - адказаў Дамблдор, - але ніколі не даведаемся аб праўдзе.

Прафесарка вынула з кішэні карункавую хустачку і выцерла схаваныя за акулярамі вочы. Дамблдор глыбока ўцягнуў паветра, выцягнуў з кішэні вялізны залаты гадзіннік і зірнуў на яго. Гэта быў вельмі дзіўны гадзіннік: ён меў дванаццаць стрэлак, але не меў аніякіх лічбаў, замест іх па ўскрайку цыферблата рухаліся маленечкія планеткі. Але, напэўна, сам Дамблдор ведаў, як ім карыстацца, бо, зірнуўшы на гадзіннік, ён зноў паклаў яго ў кішэню і прамовіў:

- Нешта Хагрыд спазняецца. Мяркую, менавіта ён паведаміў табе, дзе мяне шукаць.

- Так, - адказала прафесарка. - І я не ўяўляю прычыну вашага знаходжання тут.

- Я збіраюся пакінуць Гары ў цёткі з дзядзькам. Яны адзіныя сваякі, што ў яго засталіся.

- Вы маеце на ўвазе... вы ж не кажаце пра людзей, якія жывуць у гэтым доме? - залямантавала прафесарка і, ускочыўшы на ногі, махнула рукой у напрамку дома нумар чатыры. – Альбус… ты не зробіш гэтага. Я назірала за гэтымі людзьмі ўвесь дзень. Ты не знойдзеш людзей, лад жыцця якіх найменш падобны да нашага. А іхны сын... я бачыла, як ён біў матку нагою увесь час, пакуль яны ішлі па вуліцы, лямантам патрабуючы ў яе салодкага. І СЯРОД ІХ ПАВІННЫ ЖЫЦЬ ГАРЫ ПОТЭР?!

- Для яго гэта самае лепшае месца, - цвёрда адказаў Дамблдор. - Ягоныя цётка і дзядзька растлумачаць яму ўсё, калі ён крыху падрасце. Я напісаў ім ліст.

- Ліст? - зноўку сядаючы на плот, слабым голасам прамовіла МакГонагал. - Дамблдор, вы мяркуеце, гэта можна растлумачыць у лісце? Гэтыя людзі ніколі не зразумеюць яго! Ён будзе вядомым... легендарным... не здзіўлюся, калі ў будучыні гэты дзень будзе святкавацца як Дзень Гары Потэра... аб ім будуць напісаныя кнігі... і кожны дзіцёнак ва ўсім свеце будзе ведаць ягонае імя!

- Менавіта, - адказаў Дамблдор, сурова гледзячы на прафесарку праз свае акуляры-паўмесяцы. - І гэтага хопіць, каб хлопчык згубіў галаву. Стаць знакамітым раней, чым навучышся хадзіць і размаўляць…. Вядомым праз тое, чаго нават не памятаеш…. Хіба не разумееш, што будзе значна лепей, калі ён будзе жыць як мага далей ад нас, пакуль не будзе здатны зразумець, кім ён ёсць?

Прафесарка адкрыла было рот, каб запярэчыць, але, паразважаўшы, стрымалася і толькі прамовіла:

- Так... так, вы маеце рацыю. Але, Дамблдор, як ён сюды трапіць? - прафесарка раптоўна зірнула на ягоную мантыю, быццам думала, што Гары схаваны пад ёй.

- Яго прывязе Хагрыд.

- Думаеце, гэта... разумна... давяраць Хагрыду настолькі важную справу?

- Я даверыў бы Хагрыду нават уласнае жыццё, - адказаў Дамблдор.

- Я не кажу, што ён не прыкладзе да гэтага ўсіх намаганняў, - з неахвотаю прамовіла МакГонагал, - але ж вы добра ведаеце, наколькі ён неабачлівы. Ён заўсёды... што гэта?

Ціхі гуд парушыў навакольную цішыню. Ён паступова нарастаў. Дамблдор і МакГонагал агледзелі ўсю вуліцу, але не заўважылі ані прыкметы фар, якія набліжаліся б да іх. Нарэшце, калі гуд перарос на роў, яны зірнулі ў неба... агромісты матацыкл спусціўся з паветра і прызямліўся паблізу.

Але ж якім агромістым ні быў матацыкл, ён усё адно быў надта малы для таго, хто сядзеў на ім. Ён быў амаль удвая вышэйшы і прынамсі ўпяцёра шырэйшы за звычайнага чалавека. Здавалася, ён перавышаў усе дазволеныя памеры і да таго ж выглядаў вельмі дзікім. Ён меў даўгія кудлатыя чорныя валасы і бараду, што хавала амаль што ўвесь ягоны твар. Ягоныя далоні былі памерам з вечкі сметніка, а ногі ў скураных ботах нагадвалі маленькіх дэльфінятаў. У сваіх агромістых руках ён трымаў звязаную ў скрутак коўдру.

- Хагрыд, - з палёгкаю прамовіў Дамблдор. - Нарэшце. А дзе ты ўзяў матацыкл?

- ‘Азычыў, прафес’ Дамблдор, сэр, - адказаў волат, асцярожна злязаючы з матацыкла, - у маладога Сірыюса Блэка. Я прывёз яго.

- Былі праблемы ў дарозе?

- Ні, сэр... Дом ‘маль разбураны, але я паспеў выцягнуць Гары да таго, як пачалі с’ходзіцца маглы. Ён паснуў, калі мы ляцель’ над Брысталем.

Дамблдор і МакГонагал пачалі развязваць скрутак. Усярэдзіне яго моцна спаў малы хлопчык. На ягоным ілбе за смаліста-чорнай чупрынаю быў выразна бачны невялічкі парэз у выглядзе маланкі.

- Гэта сюды?.. - прашаптала МакГонагал.

- Так, - адказаў Дамблдор. - І цяпер на ўсё жыццё застанецца шнар.

- І вы не можаце нічога з гэтым зрабіць, прафесар?

- Нават калі б мог, не зрабіў бы. Шнары бываюць вельмі карыснымі. Я сам вышэй за левае калена маю шнар, які ёсць дакладнай копіяй лонданскага метро. Ну... дай яго мне, Хагрыд... мы павінныя скончыць нашую справу.

Дамблдор узяў Гары на рукі і павярнуўся ў бок дурслеўскага дому.

- Ці можна мне... ці можна мне развітаць’ з ім, сэр? - спытаў Хагрыд.

Ён схіліў сваю агромістую галаву над хлопчыкам і надарыў яго чымсьці падобным да вельмі калючага пацалунка, пасля чаго пачаў выць, як паранены сабака.

- Цсссс! - шыкнула МакГонагал. - Ты пабудзіш маглаў.

- П-п-прабач’ць, - прарыдаў Хагрыд і выцягнуў з кішэні вялізную хусцінку. - Але я нь-нь-не магу вытрымаць гэт’... Лілі і Джэмс памёрлі... а бедны маленькі Гары будзь’ жыць з магламі...

- Так, так, Хагрыд, мне таксама вельмі сумна, але стрымай сябе, ці нас заўважаць, - прашаптала прафесарка, асцярожна паляпваючы Хагрыда па плячы. Дамблдор тым часам пераступіў нізенькую загароджу і наблізіўся да ўваходу у дом. Ён асцярожна паклаў Гары на ганак, выцягнуў з-пад мантыі ліст, схаваў яго між складак коўдры і вярнуўся да астатніх. Яшчэ хвіліну яны ўтрох працягвалі глядзець на скрутак. Плечы Хагрыда трэсліся, прафесарка МакГонагал сурова жмурылася, а святло, што заўжды струмянілася з яскравых вачэй Дамблдора, цяпер кудысьці знікла.

- Вось, - нарэшце сказаў Дамблдор. - Мы больш не маем нагоды тут заставацца. Прапаную пайсці і таксама далучыцца да агульнага святкавання.

- Так, - глуха вымавіў Хагрыд. - Але напачатку мне трэ’ вярнуць матацыкл. Дабранач, прафес’ МакГонагал, прафес’ Дамблдор, сэр.

Выціраючы рукавом слёзы на вачах, Хагрыд ускочыў на матацыкл, рыўком націснуў на педаль і, паддаўшы газу, адляцеў у начное неба.

- Спадзяюся, хутка ўбачымся, мадам МакГонагал, - кіўнуўшы галавой, сказаў Дамблдор, а прафесарка высмаркалася ў адказ.

Дамблдор развярнуўся і крочыў прэч. Дайшоўшы да рогу, ён спыніўся і выцягнуў з кішэні срэбную загаснічку. Клацнуў - і дванаццаць шароў святла павярнуліся ў свае ліхтары, напоўніўшы Прайвет Драйв памаранчовым святлом. Развярнуўшыся, Дамблдор убачыў паласатую котку, што забягала за рог на суседнім баку вуліцы, і паўраскрыты скрутак коўдры на ганку дома нумар чатыры.

- Поспехаў, Гары, - прамармытаў ён, развярнуўся на абцасах і, свіснуўшы мантыяй, знік.

Ветрык лагодна церабіў жывыя загароджы на расхінуўшайся пад чарнільным небам Прайвет Драйв – апошнім месцы, дзе маглі б адбыцца хоць якія-небудзь дзівосы. Гары Потэр, не прачынаючыся, развярнуўся ў сваёй коўдры. Адна ягоная ручка сціснула ліст, што ляжаў побач. Ён спаў і не ведаў таго, што быў асаблівым, быў знакамітасцю; не ведаў, што праз колькі гадзін ён будзе абуджаны лямантам місіс Дурслі, якая адчыніць уваходныя дзверы, каб паставіць на ганак колькі бутэлек для малочніка; што бліжэйшыя колькі тыдняў правядзе пад штуршкамі і шчыпкамі свайго стрыечнага брата Дадлі... Ён не мог ведаць, што па ўсёй краіне сям-там патаемна сустракаюцца людзі, што ўздымаюць свае келіхі, прамаўляючы:

- За Гары Потэра! За хлопчыка, які застаўся жывы!

— РАЗДЗЕЛ ІІ —

Зніклае шкло

З таго моманту, як Дурслі, прачнуўшыся, знайшлі на ганку свайго пляменніка, прайшло амаль дзесяць гадоў, але Прайвет Драйв практычна не змянілася. Сонца асвяціла сваім праменнем усё такі ж ладны сад, запаліла латунную шыльду з нумарам чатыры на дзвярах дурслеўскага дому і пракралася ў гасцёўню, што была амаль такой самай, як у тую ноч, калі містэр Дурслі бачыў па тэлевізары трыкляты рэпартаж аб совах. Толькі фатаграфіі на каміннай палічцы казалі аб тым, колькі часу мінула. Дзесяць гадоў таму на ёй было шмат фатаграфій чагосьці, што нагадвала пляжны мяч, апрануты ў рознакаляровыя капялюшыкі. Але Дадлі Дурслі больш не быў немаўлём. Цяпер з фатаграфій глядзеў буйны светлавалосы хлопец, што ехаў на сваім першым ровары, катаўся на кірмашовай каруселі, гуляў з бацькам ў камп’ютэрныя гульні ці быў з маці, якая абдымала і цалавала сына. Але анішто ў пакоі не казала пра тое, што ў доме жыў яшчэ адзін хлопчык.

Тым не менш Гары Потэр працягваў тут жыць. Цяпер ён спаў, але сніць яму засталося не доўга. Прачнулася яго цётка Пятуння, і ейны пранізлівы голас быў першым дзённым шумам.

- Уставай! Прачынайся! Хуценька!

Уздрыгануўшыся, Гары прачнуўся. Цётка зноўку пагрукала ў дзверы.

- Прачынайся! - правішчала яна. Гары пачуў, як цётка пайшла на кухню, а потым грымнула патэльняй аб пліту. Хлопчык развярнуўся на спіну і паспрабаваў узгадаць сон, які толькі што бачыў. Сон быў надзвычай добры: у ім Гары ляцеў у паветры на матацыкле, і ў яго было дзіўнае пачуццё, што гэты сон ён ўжо бачыў раней.

Цётка зноў падыйшла да ягоных дзвярэй.

- Ці ты прачнуўся? - запатрабавальна спытала яна.

- Амаль што, - адказаў Гары.

- Паспяшайся, я хачу, каб ты прыглядзеў за беконам. І барані цябе Бог, калі ён падгарыць. Я жадаю, каб у Дадлікаў дзень народзінаў ўсё было ідэальным.

Гары вохнуў.

- Ты нешта сказаў? - рэзка спыталася цётка праз дзверы.

- Ані, нічога...

Дзень нараджэння Дадлі... як ён мог забыцца на яго? Гары павольна ўзняўся з ложка і пачаў шукаць шкарпэткі, знайшоў іх пад ложкам, выцягнуў з адной павука і нацягнуў іх на ногі. З павукамі ён звыкся, бо камора пад лесвіцай, дзе ён жыў, імі проста кішэла.

Апрануўшыся, Гары рушыў на кухню. Амаль увесь стол быў завалены падарункамі. Здаецца, Дадлі атрымае новы камп’ютэр, які вельмі жадаў. Не кажучы пра новы тэлевізар і гоначны ровар. Навошта Дадлі гоначны ровар, заставалася для Гары загадкай, бо ён дакладна ведаў, што ягоны стрыечны брат ненавідзеў спорт... калі не лічыць біццё каго-небудзь. Улюбёнай ахвяраю Дадлі, зразумела ж, быў сам Гары, але яго зрэдку атрымлівалася злавіць. Нягледзячы ні на што, Гары быў вельмі хуткім.

Магчыма, паўплывала жыццё ў цёмнай каморы, але для свайго ўзросту Гары быў дужа маленькім і хударлявым. Больш за тое, Гары выглядаў яшчэ меншым і яшчэ нязграбнейшым, бо быў вымушаны насіць старую вопратку Дадлі, а той быў прыблізна ў чатыры разы большым за яго. Гары меў хударлявы твар, гузаватыя каленкі, чорныя валасы і зялёныя вочы. Ён насіў круглыя акуляры, шмат разоў абматаныя скотчам, бо Дадлі любіў біць Гары па носе. Адзіным, што сапраўды падабалася Гары ў ягонай знешнасці, быў танюткі шнар у выглядзе маланкі на ілбе. Шнар гэты быў у яго, колькі хлопчык сябе памятаў, і першае, аб чым ў свой час Гары спытаўся ў цёткі Пятунні, было тое, як ён атрымаў гэты шнар.

- У аўтакатастрофе, падчас якой загінулі твае бацькі, - адказала яна. - І не лезь з пытаннямі.

Наши рекомендации