Вялізная памылка цёткі мардж 14 страница
- Гары... паабяцай мне, што выйграеш,- хуткім шэптам папрасіў Пэрсі.- У мяне няма дзесяці Галеёнаў. Так ужо іду, Пэні!- ён кінуўся даганяць Пенелопу, трымаючы ў руках кавалак тоста.
- А ці ты здатны ёй кіраваць, Потэр?- адчуўся халодны працяжны голас.
Драко Малфой аб’явіўся, каб пільней разгледзіць стралу. Разам з ім, як і заўжды, былі Крэйб з Гойлам.
- Мяркую, так,- абыякава адказаў Гары.
- Яна ж мае купу дадатковых прыстасаванняў?- спытаўся Малфой, злосна паблісківаючы вачыма.- Як шкада, што сярод іх няма парашута, на той выпадак... калі паблізу ад цябе аб’явяцца дэментары.
Грэйб і Гойл загігікалі.
- Шкада, што твая не мае дадатковай рукі,- адказаў Гары,- якая б лавіла Снічы замест цябе.
Грыфіндорцы гучна разрагаталіся, Малфой звузіў свае бледныя вочы і адышоў прэчкі. Усе ўважна назіралі, як Драко рушыў да астатніх гульцоў слізэрынскай каманды, якія згрудзіліся вакол яго, без сумневу пытаючыся, ці сапраўды Гары мае Вогненную стралу.
Без чвэрці аб адзінаццатай каманда Грыфіндору накіравалася ў распранальню. Надвор’е значна адрознівалася ад таго, што было падчас гульні з Хафлпафам. Гэта быў ясны, прахалодны дзень, дуў лёгкі ветрык і на гэты раз не было аніякіх праблемаў з бачнасцю. Нягледзячы на знерваванасць, Гары пакрысе пачаў адчуваць знаёмае ўзбуджэнне, якое бывала ў яго падчас кожнай гульні. Ён чуў, як астатнія вучні разам з настаўнікамі рушылі на стадыён. Гары зняў форменную школьную мантыю і сунуў чароўную палачку ў тэніску, якую насіў пад квідытчнай формай; але спадзяваўся, што ў ёй не будзе патрэбы, бо раптам вырашыў, што прафесар Люпін можа глядзець на гульню разам з астатнімі.
- Усе ведаюць, што мы павінны зрабіць,- прамовіў Вуд, камандзе, якая ўжо збіралася рушыць на поле.- Калі мы прайграем гэты матч, мы вылятаем. Проста... проста лятайце так, як рабілі гэта падчас ўчорашней трэніроўкі і ўсё будзе файна!
Яны выйшлі на поле пад гул апладысментаў. Іх супернікі з Рэйвенкло, у сініх мантыях ўжо стаялі у сярэдзіне поля. Паляўнічая Цёў Чан, была адзінай дзяўчынкай ў іх камандзе. Яна была ніжэй за Гары прыкладна на галаву і ён не мог не заўважыць, што Цёў нэрвавалася як і ён, а да таго ж была вельмі прыгожанькай. Яна ўсміхнулася Гары, калі каманды развярнуліся адна да адной разам са сваімі капітанамі. Хлопец адчуў лёгкае дрыжанне ў нізе жывата, але яно аніяк не было павязана з яго нэрвовай напругай.
- Вуд, Дэвіс, пацісніце рукі адно аднаму,- загадала мадам Хуч і капітаны, наблізіўшыся, абмяняліся поціскамі.
- Падрыхтавалі мётлы... па маім свістку... тры, два, адзін...
Гары адштурхнуўся ад зямлі і Вогненная страла ўзляцела вышэй па-над усімі астатнімі мётламі. Ён пачаў, жмурачыся, лятаць вакол стадыёну ў пошуках Сніча, ўвесь час слухаючы каментары, якія забяспечваў Лі Джордан сябра блізнятаў Візлі.
- Яны ўзляцелі і ўсе прысутныя з моцным захапленнем утаропілі свае вочы на грыфіндорца Гары Потэра які карыстаецца Вогненнай стралой. Лепшай мятлой, якую абіраюць гульцы ўсіх нацыянальных каманд на Чэмпіянаце Свету, як нам паведамляе часопіс “Усё аб Мётлах”...
- Джордан, а ці не маглі бы вы лепш паведамляць пра тое, што адбываецца на полі?- перапыніў яго голас прафесаркі МакГонагал.
- Маеце рацыю, мадам Прафесар... толькі ячшэ крыху дадатковай інфармацыі. Вогненная страла, дарэчы, мае ўбудаваны аўтаматычны тормаз і...
- Джордан!
- Добра, добра! Сітуацыяй завалодаў Грыфіндор, гулец гэтай каманды Кэці Бэл нясецца ў напрамку варот...
Гары прамінуў Кэці ў супрацьлеглым кірунку, назіраючы навокал, ці не блісне там штось залатое, а на яго хвост ўжо села Цёў Чан. Яна несумненна лятала найвыдатнейшым чынам... бо ўвесь час апынялася перад ім, прымушаючы змяніць кірунак.
- Пакажы ёй сваю хуткасць, Гары!- крыкнуў яму Фрэд, кружлянуўшы, каб адбіць бладжэр, што нёсся ў напрамку Алісіі.
Гары паскорыў Стралу ў напрамку рэйвенклоскіх колаў у супрацлеглым канцы стадыёну і Цёў адстала. У гэты ж момант Кэці забіла першы гол у матчы і грыфіндорская трыбуна пачала шалець. Тут... Гары заўважыў сніч, які пырхаў вельмі блізка ад зямлі ля адной з агародж.
Гары зрабіў нырок. Цёў заўважыла яго манэўр і накіравалася насустрач. Гары паскорыўся, яго захапіла ўзбуджэнне, ныркі былі яго ўлюбёным манэўрам. Ён ужо быў на адлегласці дзесяці футаў ад Сніча...
Але тут на яго шляху апынуўся бладжэр, кінуты адным з супернікаў, Гары збочыў на колькі цаляў, аднак гэтага часу хапіла, каб сніч адляцеў прэчкі.
Адчуўся гул расчаравання ад прыхільнікаў Грыфіндору і разам з ім апладыраванне рэйвенклоскай трыбуны свайму бітаку. Джордж Візлі, даўшы волю эмоцыям, накіраваў другі бладжэр у крыўдзіцеля, і той быў вымушаны зрабіць неверагоднае ўхіленне ў бок, каб пазбегнуць удару.
- Грыфіндор перамагае з лікам восемьдзесят на нуль, але ж вы паглядзіце на Вогненную стралу, як яна ляціць! І якую хуткасць развівае на ёй Гары. У Каметы, якой карыстаецца Чан, папросту не атрымаецца зрабіць анічога падобнага. Сапраўды дакладны баланс Вогненнай стралы ажыцяўляецца з-за гэтых доўгіх...
- ДЖОРДАН! ЦІ ТАБЕ ЗАПЛАЦІЛІ ЗА РЭКЛАМАВАННЕ ВОГНЕННАЙ СТРАЛЫ?! КАМЕНТУЙ МАТЧ!
Рэйвенкло пакрысе даганялі іх. Яны забілі тры галы запар і цяпер розніца ў ліку была толькі пяцьдзясят балаў... калі б зараз Цёў злавіла сніч, яны б перамаглі. Гары імгненна знізіўся, ледзь пазбегнуўшы сутыкненне з рэйвенклоскім пераследнікам... які шалёна зыркаў вачыма на хлопца. Раптам Гары заўважыў залаты бляск і трымценне маленькіх крылак... Сніч кружляў ля грыфіндорскіх варот...
Хлопчык паскорыўся, не адводзячы вачэй ад залатой плямкі наперадзе... але ў наступную секунду, невядома адкуль аб’явілася Цёў, якая неслася блакуючы яго...
- ГАРЫ, ЦЯПЕР НЕ ЧАС ДЛЯ ДЖЭНТЛЬМЕНСТВА,- заравеў Вуд, калі той адхіліўся, каб пазбегнуць сутыкнення.- КАЛІ ПРЫЙДЗЕЦЦА, МОЖАШ НАТ СПІХНУЦЬ ЯЕ З МЯТЛЫ!
Гары развярнуўся і ўбачыў пасміхаючуюся Цёў.. Сніч зноўку адляцеў. Гары развярнуў Вогненную стралу ўгору і неўзабаве апынуўся ў дваццаці футах па-над полем. Крайком вока ён ўбачыў, як Цёў рушыла за ім. Напэўна, яна вырашыла шпіёніць за ім, замест таго, каб шукаць сніч самастойна. Балазе... калі яна вырашыла сесці яму на хвост... хай сама адказвае за наступствы...
Ён зноўку нырнуў, Цёў вырашыўшы, што ён зноўку заўважыў сніча, кінулася следам за ім. Гары пад вельмі вострым вуглом паляцеў уніз, суперніца паспяшала за ім. І тут Гары зноўку рэзка ўзляцеў угору і ўжо трэці раз пабачыў сніч – той блішчэў ледзь вышэй рэйвенклоскай трыбуны.
Гары паскорыўся, тое ж зрабіла Цёў, што знахадзілася значна ніжэй. Гары перамагаў, з кожнай секундай набліжаючыся да сніча... ну...
- Ай!- раптоўна закрычала Цёў, кажучы кудысь.
Занепакоены Гары зірнуў уніз..
Тры дэментары, тры вялізныя дэментары ў плашчах з каптурамі глядзелі на яго.
Хлопчык не разважаў ані секунды. Ён імгненна палез па-за тэніску, выцягнуў адтуль палачку і заравеў: “Экспекта Патронум!”
Нешта срэбнае і агромністае выляцела з яго палачкі. Гары ведаў, што трапіў у дэментароў, але не спыніўся паглядзець, што будзе, яго розум працягваў быць дзіўна ясным, Гары глядзеў наперад... ён быў амаль што там. Хлопчык выцягнуў руку, якая ўсё яшчэ сціскала палачку і ледзь паспеў самкнуць пальцы на маленькім трапяткім снічы.
Прагучаў свісток мадам Хуч, Гары разгарнуўся ў паветры і ўбачыў шэсць пунсовых фігур, якія несліся ў яго бок. Праз імгненне каманда абдымала яго настолькі моцна, што ледзь не скінулі з мятлы. А ўнізе сярод натоўпу чуліся крыкі грыфіндорцаў.
- А мой жа ты хлопча!- не супыняючыся, енчыў Вуд. Алісія, Анджэліна і Кэці цалавалі Гары, а Фрэд абняў яго так шчыльна, што Гары здавалася, быццам у яго зараз адарвецца галава. У поўным бязладдзі каманда нарэшце апынулася на зямлі. Гары злез з мятлы і падняўшы вочы ўбачыў, як да яго нясецца статак грыфіндорскіх фанатаў на чале з Ронам, але перш чым ён гэта зразумеў, яго акружыў натоўп.
- Так!- лямантаваў Рон, торгаючы Гарыну руку ў паветра.- Так! Так!
- Малайчына, Гары!- выглядаючы надта захопленым, прамовіў Пэрсі.- Дзесяць Галеёнаў мае! Прабач, але мне трэ знайці Пенелопу...
- Ай, малайца, Гары!- равеў Шымас Фініган.
- Найневерагодна!- прагудзеў Хагрыд па-над галавамі грыфіндорцаў.
- Гэта быў выдатны Патронус,- прамовіў нехта ў самае вуха Гары.
Гары развярнуўся і ўбачыў прафесара Люпіна, які выглядаў узрушаным і задаволеным.
- Дэментары аніяк не паўплылі на мяне!- усхвалявана мовіў Гары.- Я нават не адчуў іх!
- Гэта адбылося, таму што... эээ... гэта былі не дэментары,- адказаў Люпін.- Хадзем...
Ён рушыў разам з Гары, пакуль яны не дасягнулі ўскрайку поля.
- Ты моцна напалохаў містэра Малфоя,- прамовіў прафесар.
Гары вытарапіў вочы. Скамячанай горкай на зямлі валяліся Малфой, Крэйб, Гойл і капітан слізэрынскай каманды Маркус Флінт, спрабуючы вылезці з доўгіх чорных плашчоў з каптурамі. Малфой, здавалася, сядзеў на Гойлавых плячах. А па-над імі з выразам моцнай лютасці стаяла прафесарка МакГонагал.
- Нікчэмная мана!- лямантавала яна.- Нізкая і труслівая спроба пашкодзіць грыфіндорскаму паляўнічаму! Усім затрыманне і пяцьдзясят балаў са Слізэрына! І я абавязкова пагаманю на ваш конт з прафесарам Дамблдорам! Між іншым, а вось і ён!
Калі было нешта, што ўзмацніла перамогу Грыфіндору, дык толькі гэтая сцэна. Рон, пазіраючы праз Гарына плячо, курчыўся са смеху, гледзячы, як Малфой спрабуе выблытацца з плашчу, у якім ўсё яшчэ працягвала знаходзіцца галава Гойла.
- Хадзем, Гары!- крыкнуў Джордж, адцягваючы яго ад месца здарэння.- У нас вечарына! У Грыфіндорскай гасцёўне, зараз!
- Ужо!- адказаў Гары, ён адчуваў сябе шчаслівей, чым колісь за ўсё жыццё. Узначальваючы рэшту каманды, якая ўсё яшчэ была апранута ў пунцовыя мантыі, ён рушыў у напрамку замку.
*
Складалася ўражанне, бы Грыфіндор ўжо выйграў Кубак Квідытчу, вечарына доўжылася да позняй ночы. Блізнюкі Візлі зніклі на колькі гадзін, а потым аб’явіліся трымаючы ў акрэмках бутэлькі з вяршковым півам, гарбузовую шыпучку і колькі мяшкоў з прысмакамі ад “Мядовага герцага”.
- Як у вас гэта атрымалася?- завішчала Анджаліна Джонсан, калі Фрэд з Джорджам пачалі кідаць ў натоўп мятных жабак.
- З невялічкай дапамогаю Лунаціка, Галахвоста, Мягкалапа і Рагача,- шапатнуў Фрэд Гары на вуха.
І толькі адзін чалавек не браў удзелу ў святкаванні. Герміёна, што было чымсь нечуваным, сядзела ў куточку і намагалася чытаць вялізны том “Хатняе жыццё і сацыяльныя звычаі брытанскіх маглаў”. Калі Фрэд з Джорджам прыняліся жангляваць бутэлькамі з вяршковым півам, Гары сыйшоў са стала і накіраваўся да яе.
- Ці была ты на матчы?- спытаўся ён.
- Зразумела ж,- адказала з напругаю ў голасе дзяўчынка, нават не падымаючы вачэй.- Я вельмі задаволена тым, што мы перамаглі, мяркую, гэта сапраўды выдатна, але мне трэба дачытаць гэтую кнігу да панядзелка.
- Не кажы ерунды, Герміёна, давай далучайся да нас, пад’еш,- прамовіў Гары, ўскрайкам вока пазіраючы на Рона і разважаючы, ці ён у настолькі добрым настроі, каб зарыць сякеру вайны.
- Ані, Гары, мне яшчэ трэба прачытаць 422 старонкі!- крыху істэрычна адказала Герміёна і, зірнуўшы на Рона, дадала.- Тым больш... там ёсць людзі, якія не жадалі б прыняць мяне ў сваю кампанію.
Быццам у падтрымку яе слоў, за сталом прагучаў голас Рона.
- А калі б тут быў яшчэ і Скаберс, ён бы з задавальненнем пакаштаваў гэтых сметанкавых мушак, як жа ён іх любіў...
Герміёна заплакала. І перш, чым Гары паспеў што-небудзь зрабіць ці сказаць, яна схапіла свае кнігі пад паху і, не спыняючы ўсхліпваць, кінулася па лесвіцы ў сваю спальню.
- Ці не мог бы ты кінуць яе шпыняць?- спытаўся Гары ў Рона.
- Ані,- катэгарычна заявіў Рон.- Калі б яна хоць зрабіла выгляд, што шкадуе... але Герміёна не робіць гэтага. Яна ўсё шчэ старанна паводзіць сябе так, бы Скаберс дзесь адпачывае ці нешта накшталт гэтага.
Грыфіндорская вечарына скончылася толькі тады, калі а першай гадзіне ночы ў гасцёўню завітала прафесарка МакГонагал у халаце з шатландкі і сетачкай дзеля валос на галаве, ды загадала ўсім зараз жа класціся спаць. Гары з Ронам падняліся ў сваю спальню, усё яшчэ працягваючы абмяркоўваць матч. Нарэшце, змучаны Гары забраўся ў свой ложак і, штуршком зачыніўшы фіранкі свайго балдахіна, каб уратавацца ад месяцовага святла, лёг на спіну і адчуў, як амаль імгненна праваліўся ў сон...
Ён сніў нешта надта дзіўнае. Быццам ён рушыў праз лес, трымаючы на плячы сваю Вогненную стралу за чымсці серабрыста-белым. Істота плазавала між дрэваў дзесьці наперадзе і Гары мог бачыць толькі яе водбліскі. Хлопчык імкнуўся дагнаць яе, ён паскорыўся, але тое ж самае зрабіла і сама істота. Гары пабег яшчэ хутчэй і пачуў гук імклівых капытоў, што імгненна перайшлі на галоп. Потым чарговы раз павярнуўшыся, гары трапіў на паляну і...
- ХАААААААААААЛЛЛЛЛЕЕЕЕЕЕЕЕЕЕРРРРРАААА! НЕЕЕЕЕЕЕЕЕЕЕЕЕЕЕЕЕЕЕЕЕЕ!
Гары бы ад аплявухі імгненна прачнуўся. Дэзарыентаваны з-за цемры, Гары паспрабаваў намацаць фіранку. Ён чуў, як па пакоі нехта бегае, а потым голас Шымаса Фінігана ў іншым куце пакоя спытаў.
- Што здарылася?
Гары адчуў, як ляпнулі дзверы пакою. Нарэшце ён знайшоў край фіранкі і адсунуў яе, у той жа момант Дын Томас запаліў лямпу.
Рон сядзеў з жахам на твары, а адна з фіранак яго ложку была разадраная.
- Блэк! Сірыюс Блэк! З нажом!
- Штоооооо?
- Вось тут! Хвіліну таму! Ён разрэзаў фіранку і пабудзіў мяне!
- Ты ўпэўнены, што не прысніў яго?- спытаўся Дын.
- Зірні на балдахін! Я кажу, ён быў тут!
Усе хлопцы пакінулі свае ложкі, Гары першым дабег да выхаду, а за ім ўсе астатнія спусціліся па сходах у гасцёўню. Са сваіх спалень пачалі выглядаць астатнія вучні і пытацца соннымі галасамі.
- Хто крычаў?
- Што вы тут робіце?
Гасцёўня была асветлена толькі дагараючым вогнішчам коміна і па-ранейшаму была завалена смеццем, што засталося пасля вечарыны. Але там ужо нікога не было.
- Ты дакладна ўпэўнены, Рон, што гэта не быў сон?
- Я кажу вам, што бачыў яго на ўласныя вочы!
- Што за шум?
- Прафесарка МакГонагал загадала ўсім спаць!
- Колькі дзяўчынак, нацягваючы халаты і пазяхаючы, спускаліся па сходах. Крыху пазней пачалі спускацца хлопцы.
- Выдатна, мы збіраемся працягваць?- узрушана прамовіў Фрэд.
- Зараз жа ўсе па пакоях!- ўскрыкнуў Пэрсі, на хаду прымацоўваючы значык старасты да піжамы.
- Перс... там быў Сірыюс Блэк!- ледзь чутна заявіў Рон.- Ён прабраўся ў наш пакой! З нажом! Ён пабудзіў мяне!
У гасцёўне запанавала цішыня.
- Глупства!- выглядаючы напалохана прамовіў Пэрсі.- Ты шмат з’еў падчас вечарыны, Рон... і прысніў кашмар...
- Я бачыў яго...
- Ну ўсё, з мяне годзе!
Адчыніўшы адтуліну за партрэтам прамовіла прафесарка МакГонагал. Яна стаяла і люта азіралася на прысутных.
- Я не менш за вас рада перамозе Грыфіндору, але гэта пераходзіць ўсе магчымыя межы! А ад вас, Пэрсі, я чакала большага!
- Вядома ж, я не дазваляў ім анічога падобнага, мадам прафесар!- сапучы ад абурэння, мовіў Пэрсі.- Я загадаў усім адпраўляцца па ложках! Мой брат Рон ўбачыў кашмар...
- ГЭТА НЕ БЫЛО КАШМАРАМ!- залямантаваў Рон.- МАДАМ ПРАФЕСАР, Я ПРАЧНУЎСЯ, А НАДА МНОЙ, ТРЫМАЮЧЫ НОЖ СТАЯЎ СІРЫЮС БЛЭК!
Прафесарка вытарапілася на яго.
- Не кажыце ерунды, Візлі, як ён мог трапіць сюды праз партрэт?
- Спытайце ў яго!- дрыжачым пальцам кажучы на карціну адказаў Рон.- Спытайце, ці не бачыў ён кагось...
Падазрона бліснуўшы вачыма на Рона, прафесарка адштурхнула карціну і выйшла з пакою. Усе ў пакоі, сцішыўшы дыханне, уважліва сачылі за размовай.
- Сэр Кэдаган, ці пускалі вы каго-небудзь колькі хвілін таму?
- Зразумела ж, васпані!- усклікнуў сэр Кэдаган.
Разгубленая цішыня запанавала, як усярэдзіне так і звонку пакоя.
- Ч-чаму вы гэта... зрабілі?- спыталася МакГонагал.- Дзеля... дзеля гэтага ж неабходна мець пароль!
- Ён меў!- ганарыста прамовіў сэр Кэдаган.- На увесь тыдзень, мая ледзі! Яны былі запісаны на паперцы!
Прафесарка МакГонагал зноўку вярнулася ў пакой да ашаломленых вучняў. Яе твар быў бялее за крэйду.
- Хто з вас,- спыталася яна дрыготкім голасам,- які ў вышэйшай ступені дурны бот запісаў паролі на ўвесь тыдзень і кінуў іх абы-дзе?
Цішыня час ад часу пачала перарывацца кароткімі ўзвіскамі. Потым ў паветра павольна паднялася пухлая ладка Нэвіла Лонгботама.
— РАЗДЗЕЛ XIV —
Снэйпава абраза
У гэтую ноч у Грыфіндорскай Вежы аніхто не спаў. Замак зноў ператрушвалі і грыфіндорцы сабраліся разам у сваёй гасцёўне, чакаючы звестак, ці злавілі нарэшце Блэка. Але на досвітку ў пакой завітала прафесарка МакГонагал, каб паведаміць пра тое, што ён зноўку уцёк.
Калі на наступны дзень вучні пакінулі сваі пакоі, яны адразу забачылі прыкметы ўзмацнення аховы. Прафесар Флітвік стаяў ля ўваходных дзвярэй, навучаючы іх распазнаваць Сірыюса Блэка па яго вялізным партрэце. Філч нечакана аб’яўляўся сям-там у калідорах, забіваючы дошкамі мышыныя норы і самыя найдрабнейшыя шчыліны ў сценах. Сэр Кэдаган быў звольнены з пасады і вярнуўся на сваё папярэдняе месцазнаходжанне на сёмым паверсе, а на свой пост зноўку заняла Тлустая Пані. Яе партрэт быў па-майстэрску адноўлены, але сама Пані выглядала па ранейшаму вельмі знерваванай і вярнулася на працу з ўмоваю ўзмацнення сваёй абароны. Таму для яе бяспекі былі наняты колькі панурых троляў-ахоўнікаў. Яны бадзяліся па калідоры пагрозлівай кампаніяй, размаўляючы між сабой буркатаннямі і хвалячыся адно перад адным памерамі сваіх доўбняў.
Гары не мог не заўважыць, што статуя аднавокай вядзьмаркі на чацвёртым паверсе засталася без нагляду і блакавання. Ён зразумеў, што блізняты Фрэд і Джордж мелі рацыю - толькі яны... а цяпер яшчэ Гары, Рон і Герміёна ведалі аб наяўнасці ў ёй патайнога прахода.
- Як лічыш, ці павінны мы сказаць каму аб гэтым?- спытаўся Гары ў Рона.
- Мы ведаем, што ён не ішоў праз “Мядовага герцага”,- пагрэбліва адказаў Рон,- бо калі б там адбыўся ўзлом мы адразу пазналі аб гэтым з навінаў.
Гары быў задаволены падобным адказам Рона. Бо, калі б праход у аднавокай вядзьмарцы быў заблакаваны, ён ніколі не змог наноў трапіць ў Хогсмід.
Рон жа імгненна стаў знакамітасцю. Упершыню за ўвесь час яго перабывання ў Хогвартсе, больш увагі звярталі на яго, а не на Гары. Тым больш, было зразумела, што Рон атрымлівае з гэтага моцную асалоду. І хаця ён ўсё яшчэ быў надта ўзрушаны падзеямі той ночы, калі хто пытаўся ў яго, з задавальненнем у дэталях распавядаў пра здарэнне.
-... Я ўжо спаў і тут адчуўся нейкі незвычайны шум, я вырашыў што сню яго, таму працягваў дрыхаць далей. І тут нечакана адчуў скразняк... Прачнуўся... бачу адна з фіранак на балдахіне быццам адсунута... развярнуўся... бачу нада мной стаіць ён... як той шкілет з кучмай брудных доўгіх валасоў... і вялізны нож трымае, цаляў напэўна дваццаць даўжынёй... Ён глядзіць на мяне, я на яго. Тут я закрычаў, а ён даў драла.
- А насамрэч чаму?- спытаўся Рон у Гары, калі гурток дзяўчынак-другагодак, што слухалі яго апавяданне адыйшоў.- Чаму ён збег?
Гары самога гэта надта цікавіла. Чаму Блэк, памыліўшыся ложкам, не прымусіў Рона маўчаць, каб далей шукаць Гары? Блэк, які дванаццаць гадоў таму, не разважаючы, забіў купу нявінных людзей, на гэты раз спужаўся, трапіўшы на пяцярых бяззбройных хлопцаў, чацвёра з якіх спалі.
- Напэўна, яму каштавала значных намаганняў трапіць ўсярэдзіну, а калі ты закрычаў, ты пабудзіў увесь Дом.- разважаў Гары.- Яму б, напэўна, прыйшлося забіць увесь Грыфіндор, каб дабрацца да адтуліны... а тут і настаўнікі б падаспелі...
Нэвіл быў усеагульна зганьбаваны. Прафесарка МакГонагал была настолькі разлютавана на яго, што забараніла ўсе яго будучыя візіты ў Хогсмід, наклала на яго пакаранне і забараніла даваць яму пароль ад уваходу. Цяпер Нэвіл быў вымушаны штораз доўга чакаць ля ўваходу ў вежу, каб разам з кімсьці трапіць ў гасцёўню, вытрымліваючы на сабе непрыемныя касыя погляды троляў-ахоўнікаў. Аднак аніводнае з пакаранняў не было горшым за то, што пра здарэнне паведамілі яго бабулі. Мінула два дні і Нэвіл атрымаў тое, чаго баяліся ўсе хогвартскія студэнты – лямантоўку.
Шторанку, совы, як і заўжды, заляцелі ў галоўную залу, каб даставіць ўсім вучням пошту. І тут Нэвіла пачало душыць, вялізная сіпуха, якая прызямлілася ля яго, трымала ў дзюбе пунсовы канверт. Гары з Ронам, што сядзелі насупраць, адразу прызналі ў ім лямантоўку - два гады таму, падобную ж Рон атрымаў ад сваёй маці.
- Цікай, Нэвіл,- параіў Рон.
Лонгботаму не трэба было казаць двойчы. Схапіўшы лямантоўку і трымаючы яе перад сабой, нібы бомбу, ён ашалела кінуўся з залы, а слізэрынскі стол выбухнуў ад смеху, гледзячы на гэту выяву. Аднак нягледзячы на тое, што Нэвіл раскрыў канверт у Вестыбюле... ўсе вучні пачулі голас Нэвілавай бабулі, які з дапамогай магіі быў узмоцнены ў сто разоў. Бабуля лямантам наракала Нэвілу, што той нанёс ганьбу на шляхетнае імя сваёй сям’і .
Уся ўвага Гары была зараз накіравана на шкадаванне Нэвіла, таму ён не адразу пабачыў, што і сам атрымаў паштоўку. Але Хэдвіг нагадала яму аб гэтым, колькі разоў каротка падзюбаўшы яго па запясці.
- Аёй! А... дзякуй, Хэдвіг...
Гары разарваў канверт, а яго сава адыйшла ўбок, каб падсілкавацца кукурузнымі хлапякамі, пакінутымі Нэвілам на стале. У паштоўцы быў ліст ад Хагрыда.
“Даражэнькія Гары і Рон,
Як вы наконт папіць разам гарбаты сёння а шостай вечара? Я зайду за вамі і забяру. ЧАКАЙЦЕ МЯНЕ У ВЕСТЫБЮЛЕ, ВАМ САМІМ АНІХТО НЕ ДАЗВОЛІЦЬ ПАЙСЦІ.
Забачымся,
Хагрыд”.
- Пэўна, хоча пачуць новыя звесткі пра Блэка!- прамовіў Рон.
А шостай вечара Гары і Рон пакінулі Грыфіндорскую вежу, прайшлі міма троляў-ахоўнікаў і спусціліся ў Вестыбюль.
Хагрыд ўжо чакаў іх там.
- Здароўку, Хагрыд!- прывітаўся Рон.- Ты, напэўна, жадаеш пачуць падрабязнасці таго, што адбылося ў суботу ноччу?
- Я жо чуў,- адказаў Хагрыд і, адчыніўшы ўваходныя дзверы, павёў іх па-за межы замку.
Рон толькі злёгку збянтэжана вохнуў.
Першае, што яны заўважылі, завітаўшы ў Хагрыдавую халупу, быў Бакбік. Ён ляжаў у куточку на лапікавай коўдры, шчыльна прыціснуўшы свае вялізныя крылы да бакоў, і ласаваўся дохлымі тхарамі з вялізнай місы. Адвярнуўшы галаву ад гэтага жахлівага відовішча, Гары ўбачыў велізарны карычневы касцюм з грубай тканіны і жахлівы жоўта-памаранчавы гальштук, што віселі на дзверцах шафы.
- Навошта яны табе?- спытаўся хлопчык.
- Трэб ехаць на разгляд бакбікавай справы ў Камітэт па знішэнні няспечых істотаў,- адказаў Хагрыд.- У гэт пятніцу. Загадалі пад’ехаць мне і яму, разам. Я жо замовіў месц ў Начным Омнібусе...
Гары адчуў непрыемныя дакоры сумлення. Ён зусім забыўся пра набліжэнне суда над Бакбікам і Рон, як Гары зразумеў, глянуўшы ў яго бок, таксама. Больш таго, яны прыпомнілі, што абяцалі Хагрыду падрыхтаваць штось для абароны гіпагрыфа, але, захапіўшыся Вогненнай стралой, на ўсё забыліся.
Хагрыд наліў ім гарбаты і прапанаваў блюды са здобнымі булкамі, аднак, маючы досвед аб кухарскіх здольнасцях палясоўшчыка, яны не надта спяшаліся імі пачаставацца.
- Я ждаў бы пагутарыць аб сім-тым з вамі двума,- сказаў Хагрыд, сядаючы паміж імі і выглядаючы надзвычай сур’ёзна.
- Пра што?- спытаўся Гары.
- Пра Герміёну,- адказаў той.
- А што з ёй?- спытаўся Рон.
- З ёй сё добра. Але ёй вельмь самотна. Пасля Клядаў яна шмат разоў жо прыходзіла сюды. Яна сумуе па вас. Спачатк вы не гаманілі з ёй з-за Стралы, цер з-за таго, што яе кот...
-... зжэр Скаберса,- люта дадаў Рон.
- Таму што яе кот павёў сябе, як і трэба паводзіць кату,- упарта пацягнуў Хагрыд.- Яна ўжо кольк разоў плакала тут ад гэткай неспрадлівасці. А ў яе зараз надшлі цяжкія часы. Яна кусіла больш, чым можа пражваць і ўвесь час змушна працаваць. Але сё роўн вынашла хвілінку - другую, каб дапмагчы мне ў справе Бакбіка, ці ведаець... яна адшукала сё-тое... лічу, што церча Бакбік мае маленечкі шаньц...
- Хагрыд, мы таксама абяцалі табе дапамагчы... прабач але...- разгублена казаў Гары.
- Я це не вінавачу!- адмахнуўся ад яго прабачэнняў Хагрыд.- Бог ведае, у це не было анівольнае хвіліначкі. Я бачыў, як ты трэніраваўся у квідыч і ўдзень і ўночы... але ведаш, я думаў, што для вас сябры важнейшыя за мётлы і пацкоў. Ось.
Гары з Ронам няёмка зірнулі адно на аднаго.
- А шчэ больш, Герміёна была зсмучана, калі Блэк ледзь не збіў цябе, Рон. Яна мае такое вяліка сэрцанька, а вы з ёй не размаўляеце...
- Калі б яна пазбавілася ад гэтага ката, я б зноў пачаў бы з ёй размаўляць!- люта прамовіў Рон.- Але яна ўвесь час бароніць яго! Ён сапраўдны маньяк, але яна не жадае нічога чуць пра гэта!
- Ну, людзь заўжды без глузду ставяцца да сваіх любёнцаў,- адказаў палясоўшчык, за яго спіною Бакбік выплюнуў колькі тхарыных костак на ягоную падушку.
Астатні час яны правялі, абмяркоўваючы, наколькі палепшыліся ў грыфіндорцаў шанцы на атрыманне Кубку Хогвартса. А дзявятай вечара Хагрыд адвёў іх назад у замак.
Калі яны вярнуліся ў гасцёўню, ім на вочы трапіла вялізная купа людзей, што згрудзіліся ля дошкі аб’яў.
- У наступныя выходныя наведванне Хогсміда!- выцягнуўшы шыю, прачытаў на дошцы Рон.- Што думаеш?- спытаўся ён у Гары, калі яны прыселі на крэслы.
- Ну, Філч пакуль не ведае аб праходзе да “Мядовага герцага”...- надта спакойным голасам прамовіў Гары.
- Гары!- адчуўся голас над яго правым вухам. Хлопчык ўздрыгануўся і, развярнуўшыся, убачыў Герміёну, што сядзела за сталом адразу за ім. Яна зрабіла адтуліну ў стосах кніг за якімі хавалася.
- Гары, калі ты зноўку пойдзеш у Хогсмід... я раскажу аб мапе прафесарцы МакГонагал!- сказала яна.
- Ты штось чуў, Гары?- гыркнуў Рон, нават не гледзячы на Герміёну.
- Рон, ты не можаш запрашаць Гары з сабою. Асабліва пасля таго, што Сірыюс Блэк ледзь не зрабіў з табою. Вось пра што я... я скажу...
- Ты жадаеш, каб Гары выключылі!- люта адказаў Рон.- Ці не шмат шкоды ты ўжо зрабіла ў гэтым годзе?
Герміёна раскрыла рота, каб нешта адказаць, але тут з мягкім шыпеннем на яе калені скокнуў Крукшанс. Яна напалохана зірнула на выраз ронавага твару, падхапіла ката і паспяшалася ў свой пакой на дзявочым баку.
- Ну дык што?- спытаўся Рон ў Гары, быццам х размова і не перапынялася.- У мінулы раз ты амаль нічога не бачыў. Нават не быў у Зонкі!
Гары азірнуўся, каб пераканацца, што Герміёна яго не чуе.
- Згода,- адказаў ён.- Але ў гэты раз, думаю, трэба будзе ўзяць мантыю-невядзімку.
*
Суботняй раніцай Гары паклаў мантыю-невядзімку ў торбу, сунуў у кішэню мапу паскуднікаў і спусціўся разам з астатнімі да сняданку. Герміёна кідала на яго падазроныя погляды, але Гары імкнуўся пазбягаць яе вачэй і быў вельмі асцярожным, каб не даць ёй анічога заўважыць. Ён паслухмяна рушыў угору па мармуровых сходах, калі астатнія вучні згрудзіліся перад уваходам.
- Бывай!- крыкнуў ён Рону.- Пабачымся пасля таго, як павярнешся!
Рон усміхнуўся і падміргнуў яму.
Гары паспяшаў на чацвёрты паверх, дастаючы на хаду мапу паскуднікаў. Пракраўшыся за статую аднавокай вядзьмаркі, ён разгладзіў яе. У яго бок рушыла невялічкая кропачка. Гары нахіліўся бліжэй да мапы. Маленечкі надпіс ля кропачкі абвяшчаў аб набліжэнні Нэвіла Лонгботама.
Гары хутка выцягнуў палачку, прамармытаў “Дысэндзіюм!” і кінуў торбу ў раскрыты горб. Але не паспеў нырнуць туды сам, бо з-за вугла выйшаў Нэвіл.
- Гары! А я й забыўся, што ты таксама не ідзеш у Хогсмід!
- Здароўку, Нэвіл!- прамовіў Гары, хутка адышоўшы ад статуі, па дарозе запіхваючы мапу ў кішэню.- Што ты тут робіш?
- Анічога,- паціснуў Нэвіл плячыма.- Ці не жадаеш згуляць у выбуховыя карты?
- Мммм... не, не зараз... мне трэба зайсці ў бібліятэку, зрабіць сачыненне аб упірах для Люпіна...
- Я з табою!- вясёла прамовіў Нэвіл.- я таксама анічога яшчэ не зрабіў!
- Вой... я забыўся... так, я скончыў яго яшчэ ўчора ўвечары!
- Супер, можа, дапаможаш мне!- сказаў Нэвіл і на яго круглым твары адлюстравалася туга.- Я не зразумеў, якім чынам дзейнічае часнык... яны павінны з’есці яго ці...
Нэвіл прыпыніўся на паўслове і, сцішыўшы дыханне, зірнуў праз Гарына плячо.
На іх глядзеў Снэйп. Нэвіл хутка схаваўся за Гары.
- Што вы двое тут робіце?- спытаўся прафесар, падыходзячы да іх і пазіраючы то на аднаго то на другога.- Даволі дзіўнае месца для сустрэчы...
Гары значна занепакоіўся, калі чорныя вочы Снэйпа зірнулі на дзверы з абодвух бакоў ад іх, а потым на статую аднавокай вядзьмаркі.
- Мы не дамаўляліся аб... сустрэчы,- адказаў Гары.- Мы сутыкнуліся... выпадкова.
- Няўжо?- спытаўся прафесар.- Ты маеш звычку аб’яўляцца ў самых нечаканых месцах і вельмі рэдка гэта здараецца выпадкова... Я прапаную вам абодвум зараз жа рушыць ў Грыфіндорскую вежу, дзе вы і павінны быць.
Гары і Нэвіл моўчкі пайшлі да вежы. Калі яны заварочвалі за вугал, Гары азірнуўся назад. Снэйп стаяў ля статуі і круціў рукамі па-над яе галавой, уважліва разглядаючы вядзьмарку.
Гары адвязаўся ад Нэвіла толькі ля партрэта Тлустай Пані, ён сказаў яму пароль, а сам, зрабіўшы выгляд бы забыў сваё сачыненне аб упірах у бібліятэцы, рушыў назад. Калі ён апынуўся па-за межамі позірку троляў, ён зноўку выцягнуў мапу і паднёс яе да носу.
Здавалася, што калідор на чацвёртым паверсе спусцеў. Гары ўважліва аглядзеў мапу і з палёгкаю заўважыў, што кропачка, пазначаная як “Северус Снэйп”, зноўку сядзела ў сваім кабінеце.