Хлопчык, які застаўся жывы 2 страница
Не лезці з пытаннямі – гэта было галоўнае правіла спакойнага жыцця з Дурслі.
Дзядзька Вернан завітаў на кухню, калі Гары пераварочваў бекон.
- Прычашыся! - гыркнуў ён замест ранішняга вітання.
Прыкладна раз на тыдзень дзядзька Вернан вызіраў з-за сваёй газеты і крычаў, што хлопцу трэба падстрыгчыся. Гары, напэўна, хадзіў у цырульню часцей за ўсіх астатніх хлопцаў з ягонага класа, разам узятых, але гэта не мела аніякай карысці: ягоныя валасы заставаліся раскудлачанымі.
Гары працягваў смажыць яечню, ажно пакуль на кухню разам з маці не завітаў Дадлі. Ён быў вельмі падобны да дзядзькі Вернана. У яго быў тлусты ружовы твар, маленькія вадзяніста-блакітныя вочкі, шыя адсутнічала, а густыя светлыя валасы гладка ляжалі на моцнай тоўстай галаве. Цётка Пятуння любіла казаць, што Дадлі падобны да анёлка... але Гары здавалася, што ён больш нагадвае парсюка ў парыку.
Гары расклаў талеркі з яечняй і беконам на стале, што было не надта лёгка, бо той быў ушчэнт закладзены падарункамі, якія якраз пералічваў Дадлі. Раптам Дадлеў твар спахмурнеў.
- Трыццаць шэсць, - прамовіў ён, зірнуўшы на бацькоў. - На два менш, чым летась.
- Сонейка, ты, напэўна, не заўважыў пакуначак ад цётачкі Мардж, вось ён, за вялізным падарункам ад мамы з татам.
- Добра, трыццаць сем, - сказаў Дадлі; ягоны твар пачаў барвянець. Заўважыўшы набліжэнне гістэрыкі, Гары як мага хутчэй пачаў заглынаць свой бекон – на той выпадак, калі Дадлі вырашыць перакуліць стол.
Цётка Пятуння таксама здагадалася аб набліжэнні небяспекі, таму хутка выпаліла:
- А калі будзем у горадзе, мы набудзем табе яшчэ два падаруначкі. Як табе, салодзенькі мой? Два дадатковыя падарункі. Добра?
Дадлі пачаў разважаць. Бачна было, што для яго гэта цяжкая праца. Нарэшце ён павольна прамовіў:
- І ў мяне будзе трыццаць... трыццаць...
- Трыццаць дзевяць падарункаў, любы, - падказала цётка Пятуння.
- Ну, - Дадлі цяжка сеў і схапіў бліжэйшую талерку, - добра, згодны.
Дзядзька Вернан усміхнуўся.
- Малы гарэза патрабуе столькі грошаў, колькі насамрэч каштуе, зусім як бацька. А маё ж ты дзіця, - ён ускудлаціў Дадлеву фрызуру.
У тое ж імгненне зазваніў тэлефон. Цётка Пятуння выйшла з кухні, а Гары з дзядзькам засталіся назіраць, як Дадлі разгортвае пакункі з роварам, кінакамерай, радыёкіруемым самалёцікам, шаснаццаццю новымі камп’ютэрнымі гульнямі і відаком. Калі Дадлі раскрываў пакунак з залатым наручным гадзіннікам, у кухню вярнулася цётка; ейны твар быў раззлаваным і занепакоеным адначасова.
- Дрэнныя навіны, Вернан, - сказала яна. - Місіс Фіг зламала нагу і не зможа з ім пасядзець, - цётка штурхнула галавою ў бок Гары.
Вусны Дадлі расчыніліся ад жаху, а сэрца Гары радасна закалацілася. Штогод на Дадлеў дзень нараджэння дзядзька з цёткай везлі сына і ягоных сябрукоў у горад, дзе вадзілі на атракцыёны, па гамбургер-барах ці кіно. І штогод Гары быў вымушаны на гэты час заставацца з місіс Фіг – напаўзвар’яцелай бабулькай, што жыла праз дзве вуліцы ад Дурслі. Гары ненавідзеў ейны дом. Ён увесь прасмярдзеў капустай, а сама місіс Фіг штораз прымушала яго глядзець фатаграфіі катоў, якімі яна ў свой час валодала.
- Ну што? - спыталася цётка, гледзячы на Гары так люта, быццам ён сам быў у гэтым вінаваты. Хлопчык разумеў, што павінны шкадаваць аб зламанай назе місіс Фіг, але гэта было не лёгкай справай. Асабліва калі ён узгадваў, што праміне год, перш чым ён зноў убачыць Цібіса, Снежыка, Містэра П’юза і Тафці.
- Можа, затэлефануем Мардж? - прапанаваў дзядзька.
- Не кажы лухты, Вернан. Яна ненавідзіць хлопца.
Дурслі часта размаўлялі пры Гары так, быццам яго не было ці ён быў гідкім кавалкам бруду, не здольным іх зразумець.
- А што наконт, як яе, тваёй сяброўкі – Івон?
- Яна адпачывае на Маёрцы, - адгыркнулася цётка.
- Вы маглі бы пакінуць мяне тут, - з надзеяй прапанаваў Гары. Тады б ў яго з’явілася магчымасць паглядзець па тэлевізары тое, што захочацца, а, мабыць, і пагуляць на камп’ютэры Дадлі.
Цётка Пятуння зірнула на яго з такім тварам, нібы з’ела лімон без цукру.
- І, вярнуўшыся, знайсці замест дома руіны? - гыркнула яна.
- Я не збіраюся падрываць дом, - сказаў Гары, але ніхто яго не слухаў.
- Давядзецца ўзяць яго ў заапарк, - павольна прамовіла цётка, - ... і пакінуць у машыне.
- Машына зусім новая, я не пакіну яго ў ёй...
Дадлі пачаў моцна раўці. Вядома, ён быў ужо занадта дарослым, каб плакаць па-сапраўднаму, але ведаў: варта яму зморшчыцца і загаласіць, як маці зробіць дзеля яго што заўгодна.
- А мой ты любасенькі Дадлінятачка, не плач, мама не дазволіць яму сапсаваць табе такі асаблівы дзень! - усклікнула Пятуння, кінуўшыся сыну на шыю.
- Я... не... хачу... каб ён... ехаў... з намі! - енчыў Дадлі паміж няшчырымі ўсхліпамі. - Ён заўжды ў-усё псуе! - праз шчыліну ў мацярынскіх руках Дадлі надарыў Гары гідкай усмешкай.
Тут нехта пазваніў у дзверы.
- А, Божачкі, яны ўжо тут! - у адчаі ўсклікнула цётка. Праз хвіліну на кухню завітаў Пірс Полкіс – хударлявы хлопчык з пацукападобным тварам – у суправаджэнні сваёй маці. Ён быў адным з тых, хто звычайна трымаў за рукі ахвяр Дадлі.
Пры з’яўленні сябра Дадлі імгненна перастаў енчыць.
Праз паўгадзіны Гары, адмаўляючыся верыць свайму шчасцю, сядзеў на заднім сядзенні Дурслевай машыны разам з Пірсам і Дадлі. Ён ехаў у заапарк першы раз за ўсё жыццё. Цётка з дзядзькам так і не вырашылі, што з ім рабіць. Таму, перш чым ўвайсці ў заапарк, Вернан адвёў Гары ў бок.
- Я папярэджваю цябе, хлопча, - прамовіў ён, устыч прытуліўшы свой барвяны твар да ягонага, - папярэджваю... адна твая брыдота... што заўгодна... і ты не пакінеш камору ажно да Калядаў.
- Я нічога не збіраюся рабіць, - адказаў Гары, - сапраўды, ані...
Але дзядзька яму не паверыў. Як і заўжды.
Справа ў тым, што вакол Гары заўжды адбываліся розныя дзіўныя рэчы, і бескарысна было тлумачыць Дурслі, што ён не жадаў, каб так сталася.
Аднойчы, калі цётцы Пятунні абрыдла, што Гары вяртаецца з цырульні так, быццам і не заходзіў туды, яна ўзяла кухонныя нажніцы і абскубала хлопца амаль што нагала, пакінуўшы толькі чубок, каб прыхаваць “гэты жахлівы шнар”. Дадлі ледзь не звар’яцеў са смеху, а Гары ніяк не мог заснуць, уяўляючы, што чакае яго ў школе, калі ён з’явіцца туды з гэткай фрызурай, бо тамтэйшыя вучні ўжо смяяліся з ягонай цельпукаватай вопраткі і пераматаных скотчам акуляраў. Аднак, прачнуўшыся наступным ранкам, ён ўбачыў, што ягоныя валасы былі такімі, быццам цётка і не дакраналася да яго. У якасці пакарання Гары тыдзень не выходзіў са сваёй каморы, хаця прысягаў, што не ведае, як гэта атрымалася.
Другі раз цётка прымусіла яго апрануць стары Дадлеў джэмпер (такі карычневы з памаранчовымі гузічкамі). Але чым старанней цётка спрабавала нацягнуць джэмпер на хлопца, тым меншым ён рабіўся. Урэшце джэмпер зменшыўся да такога памеру, што апрануць яго мажліва было толькі на ляльку-пальчатку, але аніяк не на Гары. Але, на шчасце Гары, Пятуння тады вырашыла, што джэмпер сеў пасля прання, і хлопчыка ніхто не пакараў.
Аднак ён трапіў у вялікую бяду, калі аднойчы апынуўся на даху школьнай кухні. Тым разам за Гары, як заўжды, гналіся Дадлі са сваёй бандай. Гары здзівіўся нават мацней за астатніх, калі раптам апынуўся на вяршыні коміннай трубы. Дурслі атрымалі ад дырэктаркі школы вельмі гнеўны ліст. Але сам хлопчык (як ён і спрабаваў крыкам растлумачыць дзядзьку Вернану праз зачыненыя дзверы сваёй каморы) толькі хацеў ускочыць на кантэйнер са смеццем, што стаяў за дзвярыма кухні. Напэўна, вырашыў Гары, пасярод скоку яго падхапіў вецер.
Аднак сёння анішто не магло пайсці не так. Гары нават радаваўся таму, што бавіў час разам з Дадлі і Пірсам, а не сядзеў у школе, сваёй каморы ці ў прапахлай капустай гасцёўні місіс Фіг.
Пакуль яны ехалі, дзядзька Вернан увесь час скардзіўся сваёй жонцы. Ён увогуле любіў скардзіцца. Часцей за ўсё гэта былі ягоныя супрацоўнікі, Гары, урад, Гары, банк і Гары. Сённяшнім ранкам дзядзька скардзіўся на матацыклістаў.
- ...гойсаюць паўсюль, як тыя вар’яты. Бандыты малалетнія, - заявіў Вернан, калі іх машыну абагнаў матацыкліст.
- А я, - раптоўна прыгадаў Гары, - бачыў матацыкл у сне. І ён лятаў.
Дзядзька Вернан ледзь не трапіў у аварыю. Ён развярнуў да хлопца свой велізарны твар, які нагадваў бурак з вусамі, і прароў:
- МАТАЦЫКЛЫ НЕ ЛЯТАЮЦЬ!
Дадлі і Пірс загігікалі.
- Ведаю, - адказаў Гары. - Гэта ж быў сон.
Ён не збіраўся нічога такога казаць. Аднак больш за пытанні Гары Дурслі ненавідзелі, калі той пачынаў казаць пра нешта, што працавала не належным чынам, нягледзячы на тое, ці Гары сніў гэта, ці бачыў у мульціку. Дурслі здавалася, што ягоныя думкі пачынаюць рабіцца небяспечнымі.
Субота выдалася цёплай і сонечнай, таму заапарк быў перапоўнены сем’ямі з дзецьмі. Дурслі набылі Дадлі і Пірсу па вялікаму шакаладнаму марожанаму. Не паспелі яны адцягнуць Гары ад вазочка, як гандлярка з усмешкай спытала яго, якога марожанага хацеў бы ён. У выніку для Гары давялося набыць таннага ліманаднага лёду на палачцы. Той быў задаволены нават такой увагай, таму з задавальненнем аблізваў свой лёд, пазіраючы на гарылу, якая чухала галаву і з ягонага пункту гледжання нагадвала Дадлі - за тым выключэннем, што яго стрыечны брат быў бландынам.
Упершыню за доўгі час Гары адчуваў сябе шчаслівым. Ён трымаўся як мага далей ад Дурслі, каб сумна пазіраўшыя на жывёлаў за сняданкам Пірс і Дадлі не ўзгадалі аб сваім улюбёным занятку – чапляцца да яго. Разам яны завіталі ў паркавую кавярню, дзе Дадлі пачаў гістэрыць, што ягонае марожанае недастаткова вялікае. Таму бацька набыў яму новае, а першае дазволілі даесці Гары.
Пасля Гары думаў, што павінны быў ведаць – доўга гэткае шчасце доўжыцца не можа.
Пасля абеду яны рушылі ў павільён з рэптыліямі. Гэта была халодная цёмная зала, у якой за асветленымі акенцамі поўзалі па камнях змеі ці гойсалі па кавалках дрэва разнастайныя яшчаркі. Дадлі і Пірс хацелі пабачыць гіганцкіх атрутных кобраў і тоўстых пітонаў, здольных забіць чалавека. Хутка Дадлі знайшоў самую агромістую змяю ўва ўсім павілёне. Яна была настолькі вялікай, што магла два разы абкруціцца вакол дзядзькавай машыны і ператварыць яе на кавалак смецця – але, здавалася, зараз яна была не ў гуморы. Шляхетна кажучы, змяя моцна спала.
Дадлі прыціснуў нос да шкла і ўважліва назіраў за скручанай абаранкам бурай істотай.
- Зрабі, каб яна рухалася, - заенчыў ён. Дзядзька Вернан пагрукаў па тоўстым шкле, але змяя аніяк не адрэагавала. - Пагрукай яшчэ раз, - загадаў Дадлі. Дзядзька хутка пагрукаў па шкле косткамі пальцаў, але змяя працягвала спаць. - Мне сумна, - застагнаў Дадлі і рушыў прэч.
Гары ўстаў на ягонае месца і з цікаўнасцю паглядзеў на змяю. Хлопчык не здзівіўся, калі б высветлілася, што тая памерла ад суму. Ніякай кампаніі акрамя купы дурных людзей, што увесь дзень грукаюць пальцамі па шкле, прымушаючы яе паварушыцца. Падобнае здавалася Гары нават горшым за жыццё ў каморы пад лесвіцай. Адзінай, хто грукаў у ягоный дзверы, была цётка, якая загадвала яму прачынацца. Да таго ж хлопчык мог выходзіць за межы каморы.
Раптам змяя расплюшчыла свае вочкі-пацеркі. Павольна, вельмі павольна яна пачала ўздымаць галаву, пакуль ейныя вочы не апынуліся насупраць ягоных.
І тут яна падміргнула хлопчыку. Гары ўтаропіўся на змяю. Потым хутка азірнуўся: іх ніхто не бачыў. Тады Гары падміргнуў у адказ.
Змяя штурхнула галавой у бок дзядзькі Вернана і Дадлі, затым узняла галаву да столі. “І так увесь час,”- быццам прачытаў ейныя думкі Гары.
- Ведаю, - прашаптаў Гары скрозь шкло, хаця не быў упэўнены, што змяя яго чуе. – Напэўна, гэта вельмі раздражняе.
Змяя хутка заківала.
- А ты адкуль? - спытаўся Гары.
Змяя стукнула хвастом на шыльдзе збоку ад шкла.
Боа Канстрыктар, Бразілія.
- Там, напэўна, добра?
Змяя зноўку грукнула хвастом па шыльдзе.
- “Гэты экзэмпляр нарадзіўся ў заапарку”, - прачытаў Гары. – А, зразумеў, ты ніколі не была у Бразіліі.
Змяя кіўнула. Аглушальны крык прымусіў хлопчыка адскочыць.
- ДАДЛІ! МІСТЭР ДУРСЛІ! ЗІРНІЦЕ НА ГЭТУ ЗМЯЮ. ВЫ НЕ ПАВЕРЫЦЕ, ШТО ЯНА ВЫТВАРАЕ!
Куляючыся ў бакі, Дадлі як мага хутчэй прыбег да змяі.
- Прэч з дарогі, - адштурхнуўшы Гары ўбок, крыкнуў ён. Заспеты знянацку, хлопчык балюча паваліўся на бетонную падлогу. Тое, што адбылося далей, здарылася так хутка, што аніхто не паспеў заўважыць падрабязнасці. Імгненне - і Дадлі з Пірсам, што шчыльна прытуліліся да акенца, з жахлівым лямантам адскочылі назад.
Гары сеў і вохнуў. Шкло тэрарыума знікла. Вялізны боа канстрыктар, імгненна раскруціўшы свае колцы, выслізнуў на падлогу і папоўз па залі. Усе, хто былі ў павільёне, з крыкамі жаху пабеглі да выхаду.
Калі змяя прапаўзала міма яго, Гары мог прысягнуць, што тая кіўнула яму і прашыкала:
- Браззззілія, я іду да цсссябе... Дзззззякуй, аміга.
Наглядчык павільёна быў у жаху.
- Шкло… - здзіўлена мармытаў ён. - Куды магло падзецца шкло?
Дырэктар заапарку ўласнаручна зрабіў цётцы Пятунні кубак моцнай салодкай гарбаты, не перастаючы ўвесь час прасіць прабачэння. Пірс і Дадлі нешта невыразна лапаталі. Гары выразна бачыў, што адзіная шкода, якую зрабіла ім змяя – крыху праслізнула па іхных нагах, але, калі яны апынуліся ў дзядзькавай машыне, Дадлі пачаў сцвярджаць, што боа канстрыктар ледзь не адкусіў яму нагу, а Пірс заявіў, што той збіраўся абкруціцца вакол яго і сціснуць да смерці. Але самым горшым было тое, што, калі сябры супакоіліся, Пірс сказаў:
- А Гары размаўляў з ёй. Хіба не?
Дядзька Вернан пачакаў, пакуль Пірса не забяруць дадому, а потым адразу кінуўся на Гары. Ад злосці ён не мог гаварыць.
- Куляй... у камору... і застанешся... без вячэры, - толькі і змог вымавіць ён, перш чым без сіл рухнуў на фатэль. Цётцы давялося бегчы па вялікі келіх брэндзі, каб супакоіць мужа.
*
Гары праляжаў у цёмнай каморы не адну гадзіну. Ён не ведаў, колькі часу ўжо мінула, але не наважваўся выйсці, пакуль Дурслі не заснуць. Пакуль яны былі ў гасцёўні, Гары не рызыкаваў пракрасціся на кухню па ежу.
Дзесяць гадоў, дзесяць жахлівых гадоў Гары жыў разам з Дурслі, да якіх, наколькі ён памятаў, трапіў, калі ягоныя бацькі загінулі ў аўтакатастрофе. Гары не мог узгадаць, ці быў ён разам з бацькамі ў аўтамабілі, калі тыя памерлі. Калі падчас доўгага сядзення ў цёмнай каморы ён напружваў памяць, то прыгадваў нешта дзіўнае – зялёны сполах і палаючы боль у ілбе. Ён вырашыў, што гэта і была аварыя, хаця не мог зразумець, адкуль з’явіўся гэты зялёны сполах. Гары зусім не памятаў бацькоў. Дзядзька з цёткай іх не згадвалі і, вядома ж, хлопчыку забаранялася пытацца аб чым заўгодна. У Дурслі нават не было аніводнай іх фатаграфіі.
Калі Гары быў крыху малейшы, ён мроіў, каб з’явіўся нехта і забраў яго з гэтага дому, але ж мроі не спраўдзіліся, і Дурслі былі адзінай ягонай сям’ёй. Часам хлопчыку здавалася (ці ён папросту спадзяваўся на гэта), што незнаёмыя людзі, якіх ён сустракаў на вуліцы, ведалі яго. Гэта былі дзіўныя з выгляду асобы. Аднойчы нейкі чалавечак ў востраканцовым фіялетавым капелюшы пакланіўся яму, калі Гары разам з Дадлі і цёткай Пятунняй ішоў па закупы. Са злосцю спытаўшы Гары, ці ведае ён таго чалавечка, цётка, анічога не набыўшы, кінулася з крамы прэч. Другі раз дзікаватая на выгляд бабулька, апранутая ў зялёную вопратку, памахала яму рукой на аўтобусным прыпынку. А неяк лысы чалавек у доўгім фіялетавым палітоне шчыра паціснуў яму руку і, анічога не кажучы, пайшоў прэчкі. Самым дзіўным было тое, што яны знікалі адразу ж, калі Гары спрабаваў лепш іх разглядзець.
У школе Гары ні з кім не сябраваў. Усе вучні ведалі, што Дадлі з ягонай бандай ненавідзяць гэтага хлопца ў старой вопратцы і паламаных акулярах. А спрачацца з імі ніхто не жадаў.
— РАЗДЗЕЛ ІІІ —
Лісты невядома адкуль
За ўцёкі боа канстрыктара Гары атрымаў самае доўгае ў ягоным жыцці пакаранне. Калі яму дазволілі выйсці з каморы, ужо пачаліся летнія вакацыі, а Дадлі паспеў разбіць новую кінакамеру, паламаць самалёт з дыстанцыйным кіраваннем і, упершыню сеўшы на свой гоначны ровар, збіць місіс Фіг, што на мыліцах пераходзіла праз Прайвет Драйв.
Гары быў шчаслівы з таго, што скончыліся школьныя заняткі, тым не менш пазбягаць Дадлевай банды не было магчымасці. Пірс, Дэніс, Малькальм і Гордан штодня заходзілі ў госці да свайго правадыра. Усе яны былі вялізнымі і дурнымі, але Дадлі як самы вялізны і самы дурны быў у іх галоўным. Яны былі радыя заняцца разам з Дадлі ягоным улюбёным спортам – паляваннем на Гары.
Таму Гары, наколькі гэта было магчыма, імкнуўся знаходзіца па-за домам і з непакоем ды спадзяваннем чакаў сканчэння вакацыяў. У верасні ён павінны быў упершыню вучыцца асобна ад Дадлі. Бацькі накіравалі Дадлі ў Смелцінгс, прыватную школу, дзе калісьці навучаўся і дзядзька Вернан. Пірса Полкіса таксама дасылалі туды. А Гары меўся вучыцца ў Стоўнвэле – мясцовай дзяржаўнай школе. Дадлі гэта вельмі пацешыла.
- У Стоўнвэле дурняў у першы ж дзень кунаюць галавою ва ўнітаз, - казаў ён Гары. - Ці не жадаеш пайсці наверх, папрактыкавацца?
- Дзякуй, не трэба, - адказваў Гары. - У бедным унітазе яшчэ не было такога жахлівага змесціва, як твая галава – яго званітуе, - і ўцякаў раней, чым Дадлі разумеў ягоны жарт.
Аднойчы ў ліпені цётка Пятуння павезла Дадлі ў Лондан, каб набыць смелцінгскую школьную форму, а Гары пакінула ў місіс Фіг. На гэты раз усё было не так дрэнна, як звычайна. Як высветлілася, нагу місіс Фіг зламала, спаткнуўшыся аб адну са сваіх котак, і цяпер, здавалася, яна любіла іх ўжо не так моцна. Больш за тое, яна дазволіла Гары паглядзець тэлевізар і пачаставала невялічкім кавалачкам шакаладнага торту, які, праўда, на смак быў такім, бы яму было ўжо колькі гадоў.
Увесь вечар Дадлі хадзіў па гасцёўні, хвалячыся новай формай. Смелцінгскія хлопцы хадзілі ў бардовых фраках, памаранчовых брыджах і плоскіх саламяных капелюшах. Часткай формы таксама была гузаватая палка, якой хлопцы біліся адзін з адным, калі паблізу не было настаўнікаў. Усё гэта павінна было забяспечыць ім добрую падрыхтоўку да далейшага жыцця.
Гледзячы на сына ў навюткіх брыджах, містэр Дурслі хрыпла заявіў, што гэта самы ганаровы момант у яго жыцці. Цётка Пятуння праз слёзы прамовіла, што ніколі не думала, што яе маленечкі Дадлечка вырасце такім дарослым і такім прыгожым. Гары не казаў нічога, але вырашыў, што ў яго трэснула прынамсі два рэбры з-за цяжкіх спробаў падушыць рогат.
Калі наступнай раніцай Гары завітаў на кухню па сняданак, яго сустрэў там нейкі жахлівы пах, які, здавалася, сыходзіў з вялізнага бака, што стаяў у ракавіне. Бак быў перапоўнены чымсьці, што нагадвала купу анучы, што круцілася ў шэрай вадзе.
- Што гэта? - спытаўся ён у цёткі. Тая сціснула вусны, як рабіла штораз, калі хлопец задаваў пытанні.
- Твая новая школьная форма, - адказала яна.
Гары другі раз паглядзеў на бак.
- Хм, - прамовіў ён, - не ведаў, што яна павінна быць такой мокрай.
- Не кажы лухты, - адрэзала цётка. - Я пафарбавала ў шэры колер сёе-тое са старых рэчаў Дадлі. Калі я скончу, яны будуць выглядаць як трэба.
Гары ў гэтым сумняваўся, але вырашыў не спрачацца. Ён сеў за стол і паспрабаваў не думаць аб тым, як будзе выглядаць у першы дзень заняткаў. Напэўна, так, бы быў апрануты ў старую слановую скуру.
У кухню завіталі Дадлі і дзядзька Вернан, закруціўшы насамі ад паха школьнай формы. Дзядзька, прысеўшы, адразу ж разгарнуў газету, а Дадлі грукнуў па стале смелцінгскай палкай, якую цяпер заўсёды цягаў з сабой.
Пачуўся пстрычок паштовай скрыні і мяккі шолах паперы аб дзвярны кілімок.
- Дадлі, прынясі пошту, - не ўздымаючы галавы ад газеты, прамовіў дзядзька.
- Няхай Гары ідзе.
- Гары, прынясі пошту.
- Няхай Дадлі ідзе.
- Дадлі, стукні яго сваёй палкай.
Ухіліўшыся, Гары ўзняўся і пайшоў у калідор па пошту. На кіліме ляжалі ліст ад дзядзькавай сястры Мардж, што адпачывала на выспе Вайт, карычневы канверт з рахункамі і... ліст для Гары.
Гары ўзяў канверт у рукі і ўважліва паглядзеў на яго; сэрца білася ў грудзях, як на гумовым тросе. Ніколі ў жыцці ніхто не пісаў яму лістоў. Ад каго ён? Гары не меў ані сяброў, ані сваякоў апрача Дурслі. Ён нават не быў запісаны ў бібліятэку, таму не мог атрымаць пасведчанне аб тым, што затрымаў кнігу. Але ліст быў адрэсаваны менавіта яму, памылкі быць не магло, бо на канверце было напісана:
Містэру Г. Потэру
Камора пад лесвіцай
Прайвет Драйв, 4
Літл-Вінінг
Графства Сурэй
Канверт з жоўтага пергаменту быў тоўстым і цяжкім, а адрас быў напісаны смарагдава-зялёнымі чарніламі. Аднак не было аніякага штампу.
Дрыготкімі рукамі перавярнуўшы канверт, Гары ўбачыў на другім баку пунсовую пячатку з гербам, на якім вакол вялізнай літары Х згрудзіліся леў, арол, барсук і змяя.
- Паспяшайся, хлопча! - крыкнуў з кухні дзядзька. - Ты што – правяраеш, ці няма сярод лістоў бомбы? - ён гучна засмяяўся ўласнаму жарту.
Гары вярнуўся на кухню, па-ранейшаму пазіраючы на свой ліст. Ён працягнуў дзядзьку рахункі і паштоўку, сеў і стаў паволі адкрываць канверт.
Дзядзька раскрыў канверт з рахункамі, з агідай фыкнуў і зірнуў на картку ад сястры.
- Мардж захварэла, - паведаміў ён Пятунні. - Аб’елася нейкіх малюскаў...
- Тат! - нечакана перарваў яго Дадлі. - Гары таксама нешта атрымаў!
Гары ўжо разгортваў ліст, напісаны на гэткім жа цяжкім пергаменце, як і канверт. І тут ліст быў вырваны дзядзькавай рукой.
- Гэта мой ліст! - крыкнуў Гары і паспрабаваў вярнуць паперчыну.
- Хто мог табе напісаць? - усміхнуўся Вернан, хістаючы лістом. Але варта яму было зазірнуць у ліст, як ягоны барвяны твар імгненна зрабіўся спачатку зялёным, а потым шэравата-белым, як старая аўсяная каша. - П-п-пятуння! – задыхаючыся, вымавіў ён.
Дадлі паспрабаваў вырваць ліст, але дзядзька Вернан трымаў яго высока над галавой. Цётка Пятуння ўзяла ліст і з зацікаўленасцю прачытала першыя радкі. Імгненне-другое здавалася, што зараз яна страціць прытомнасць. Яна схапілася за горла і задушліва выгукнула:
- Вернан! А Божа мой, божачкі... Вернан!
Яны глядзелі адно на аднаго так, быццам забылі, што Гары і Дадлі ўсё яшчэ на кухні. Дадлі, які не звык да ігнараваня, стукнуў бацьку па галаве смелцінгскай палкай.
- Дай пачытаць, - гучна прамовіў ён.
- Дайце яго мне, - з абурэннем прамовіў Гары. - Гэта мой ліст.
- Прэч з кухні, абодва, - прахрыпеў дзядзька, запіхваючы ліст у канверт.
Гары не варухнуўся.
- Я ЖАДАЮ АТРЫМАЦЬ МОЙ ЛІСТ НАЗАД! - закрычаў ён.
- Пакажы мне! - запатрабаваў Дадлі.
- ПРЭЧ! - прароў Вернан і, схапіўшы Гары і Дадлі за каркі, выцягнуў іх з кухні і гучна ляпнуў дзвярыма. Спачатку абодва хлопцы ў немым здзіўленні стаялі ў гасцёўні, але ўжо праз імгненне пачалі біцца за права падслухоўваць у замочную свідравіну. Перамог Дадлі, таму Гары, акуляры якога з’ехалі з аднаго вуха, давялося легчы на падлогу і падслухоўваць праз шчыліну пад дзвярыма.
- Вернан, - дрыготкім голасам сказала цётка Пятуння, - зірні на адрас... як яны здагадаліся, дзе ён спіць? Ці не думаеш ты, што яны назіраюць за нашым домам?
- Назіраюць... шпіёняць... мабыць, пераследуюць нас, - па-вар’яцку прамармытаў Вернан.
- Але што нам рабіць? Мы павінныя ім адказаць. Скажы ім, што мы не жадаем...
Гары бачыў, як дзядзькавы чорныя туфлі гойсалі сюды-туды ўздоўж кухні.
- Ані, - нарэшце вымавіў той. - Мы будзем іх ігнараваць. Калі яны не атрымаюць адказу... так, гэта будзе самым лепшым... мы не будзем рабіць анічога...
- Але...
- Я не дазволю падобнаму здарыцца ў маім доме, Пятуння! Хіба мы не прысягалі, прымаючы яго ў нашую сям’ю, выкараніць з яго гэтую небяспечную лухцень?
Тым вечарам, вярнуўшыся з працы, дзядзька зрабіў тое, чаго не рабіў ніколі раней – наведаў Гары ў ягонай каморы.
- Дзе мой ліст? - спытаўся Гары, калі ён праціснуўся ў камору. - Хто мне напісаў?
- Ніхто. Памыліліся адрасам, - імгненна адказаў той. - Я яго спаліў.
- Там не было аніякай памылкі, - люта прамовіў Гары, - нават згадвалася мая камора.
- СЦІХНІ! - крыкнуў дзядзька так, што са столі звалілася пара павукоў. Ён зрабіў некалькі ўздыхаў, а потым прымусіў свой твар хваравіта ўсміхнуцца.
- Эээ... вось... наконт каморы, Гары. Мы паразмаўлялі з тваёй цёткай... здаецца, ты ўжо занадта вялікі для яе... чаму б табе не пераехаць ў другую спальню Дадлі?
- Навошта? - спытаўся хлопчык.
- Не лезь да мяне з пытаннямі! - адрэзаў дзядзька. - Збяры свае рэчы і куляй наверх, зараз жа.
У Дурслеўскім доме было чатыры спальні. У адной з іх адпачывалі дзядзька з цёткай, другая была для гасцей (часцей для дзядзькавай сястры Мардж), у трэцяй спаў Дадлі, а ў чацвёртай згрудзілі цацкі і рэчы, якімі той больш не карыстаўся. Гары за адзін раз перамясціў туды ўсю сваю маёмасць з каморы. Ён прысеў на ложку і азірнуўся. Амаль усе рэчы, што тут ляжалі, былі паламаныя. Камера, што Дадлі падарылі месяц таму, ляжала на невялічкім самарушным танку, якім той наехаў на суседскага сабаку; першы Дадлін тэлевізар быў прабіты нагою, калі адмянілі яго ўлюбёную перадачу; непадалёк месцілася вялізная клетка, у якой калісьці жыў папугай, якога Дадлі абмяняў у школе на духавую стрэльбу – сама стрэльба, моцна пагнутая, бо Дадлі неяк прымудрыўся на яе сесці, ляжала на адной з паліц. Другія паліцы былі застаўленыя кнігамі, адзінымі рэчамі ў пакоі, якіх, здавалася, гаспадар аніколі не кранаўся.
З ніжняга паверху чуўся адчайны лямант:
- Мама, я не аддам гэты пакой... ён мне патрэбны... няхай ён пакіне мой пакой...
Уздыхнуўшы, Гары расцягнуўся на ложку. Яшчэ ўчора ён аддаў бы што заўгодна, каб быць тут. Але сёння ён з большым задавальненнем сядзеў бы ў каморы, але з лістом, чым без яго ва ўласнай спальні.
Наступнай раніцай падчас сняданку амаль усе маўчалі. Адзіным хто парушаў цішыню, быў раз’юшаны Дадлі. Ён лямантаваў, біў бацьку смелцінгскай палкай, прыкідаўся хворым, штурхаў маці нагамі, разбіў сваёй чарапахай дах аранжэрэі, але другую спальню яму так і не аддалі. Гары думаў пра ўчорашні ліст. Чаму ён не раскрыў яго ўчора ў гасцёўні? А цётка з дзядзькам сядзелі моўчкі, змрочна пазіраючы адно на аднога.
Калі прыбыла пошта, дзядзька, быццам спрабуючы быць з Гары больш далікатным, адправіў за лістамі Дадлі. У калідоры чуўся грукат смелцінгскай палкі, якой Дадлі біў па сценах падчас руху. Потым ён крыкнуў:
- Тут яшчэ адзін! “Містэру Г. Потэру, Найменшая спальня, Прайвет Драйв, 4...”
Задушана загаласіўшы, дзядзька ўскочыў са свайго крэсла і кінуўся ў калідор; Гары пабег за ім. Дзядзька Вернан паваліў Дадлі на зямлю, намагаючыся адабраць ў яго ліст, чаму моцна перашкаджаў Гары, што ухапіўся ззаду за ягоную шыю. Праз хвіліннае змаганне, падчас якога кожны атрымаў смелцінгскай палкі, дзядзька, цяжка дыхаючы, выпрастаўся, трымаючы ліст над галавою ў руцэ, за якую ўхапіўся Гары.
- Вэк у сваю камо... то бок у сваю спальню, - прахрыпеў Вернан, скідаючы Гары. - Дадлі... таксама... ідзі.
Гары кружляў па сваім новым пакоі. Нехта ведаў, што ён больш не жыве ў каморы і што першы ліст ён не атрымаў. Ці не значыць гэта, што яны паспрабуюць яшчэ раз? У наступны раз ён павінны зрабіць усё магчымае, каб атрымаць ліст. У яго быў план.
*
Адрамантаваны будзільнік разбудзіў хлопца а шостай раніцы. Гары выключыў яго, хутка і бясшумна апрануўся. Нельга пабудзіць ніводнага з Дурслі. Ён скраўся ўніз па цёмнай лесвіцы.
Ён збіраўся дачакацца паштальёна на рагу Прайвет Драйв. Праз цёмны калідор ён наблізіўся да дзвярэй...
- АААААА!
Гары падскочыў... ён наступіў на нейкі агромісты і мяккі... але жывы кілімок!
На другім паверсе запалілася святло, і Гары ўбачыў, што тое, на што ён наступіў, было дзядзькавым тварам. Містэр Дурслі ляжаў ля дзвярэй у спальным мяшку, каб не даць Гары здзейсніць тое, што хлопчык несумненна паспрабаваў бы зрабіць. Прыкладна паўгадзіны дзядзька крычаў на Гары, а потым загадаў яму ісці на кухню і прыгатаваць гарбаты. Гары сумна паплёўся на кухню. Калі ён адтуль вярнуўся, прыйшлі лісты, што паваліліся на дзядзькавы калені. Хлопчык паспеў заўважыць толькі тры зялёныя літары.
- Я хачу... - пачаў Гары, але на ягоных вачах дзядзька разарваў ліст на дробныя кавалкі.
У гэты дзень дзядзька не пайшоў на працу і застаўся дома, каб закалаціць паштовую шчыліну.
- Вось, - тлумачыў ён жонцы, трымаючы ў роце колькі цвікоў. - Калі яны не змогуць даставіць лісты, яны здадуцца.
- Я не ўпэўненая ў гэтым, Вернан.
- Гэтыя людзі разважаюць дзіўным чынам. Не так, як мы з табой, - прамовіў дзядзька, спрабуючы ўдарыць па цвіку кавалкам торта з садавінай, які прынясла яму Пятуння.
*
У пятніцу да Гары прыйшло прынамсі дванаццаць лістоў. Не ў стане пралезці праз паштовую шчыліну, яны праслізгалі пад дзвярыма і праз усемагчымыя шчыліны, а колькі нават прыйшлі праз маленечкае акенца ў ніжняй прыбіральні.
Дзядзька зноў застаўся дома. Спаліўшы лісты, ён забіў парадныя і заднія дзверы і ўсе шчыліны ў іх так, што аніхто больш не змог увайсці ў хату. Працуючы, дзядзька напяваў сабе пад нос старую песеньку “На дыбках праз цюльпаны”, уздрыгваючы ад наймалейшага шуму.
*