Хлопчык, які застаўся жывы 3 страница
У суботу сітуацыя ўвогуле выйшла з-пад кантролю. Дваццаць чатыры скручаныя лісты ляжалі ў свежых яйках, якія збянтэжаны малочнік падаў цётцы праз акно гасцёўні. Пакуль дзядзька са злосцю тэлефанаваў на пошту і ў малочную краму, цётка Пятуння знішчала лісты на кухні з дапамогай блэндэра.
- Хто гэта так моцна жадае паразмаўляць з табой? - збянтэжана спытаў Дадлі ў брата.
*
Нядзельным ранкам дзядзька Вернан з’явіўся на кухні стомленым, хваравітым на выгляд, але шчаслівым.
- У нядзелю не бывае пошты, - весела сказаў ён, намазваючы павідла на газету, - аніякіх д’яблавых лістоў...
Нешта са свістам вылецела з трубы і ўдарыла дзядзьку па патыліцы. У наступнае імгненне трыццаць ці сорак лістоў як тыя кулі выляцелі з коміна. Дурслі кінуліся на падлогу, а Гары пачаў скочыць у паветры, імкнучыся схапіць хоць адзін з лістоў...
- Прэч! ПРЭЧ!
Дзядзька Вернан абхапіў Гары пасярэдзіне і выкінуў з кухні. Следам, затуляючы галовы рукамі, выбеглі Дадлі з цёткай Пятунняй. Дзядзька зачыніў кухонныя дзверы. Было чутна, што лісты, адскокваючы ад сцен і падлогі, працягваюць прыбываць.
- З мяне хопіць! - як мага больш спакойна, але пры гэтым вырываючы з вусаў вялізныя жмуткі, прамовіў дзядзька. - Даю пяць хвілін на зборы. Мы з’яжджаем. З сабой браць толькі вопратку. І не спрачацца!
Дзядзька са сваімі напалову абскубанымі вусамі выглядаў настолькі пагрозліва, што аніхто і не збіраўся з ім спрачацца. Праз дзесяць хвілін, ачысціўшы дзверы ад дошак, якімі тыя былі забітыя, яны прайшлі да машыны і ад’ехалі ў бок хуткаснай шашы. На заднім сядзенні ўсхліпваў Дадлі, якому бацька даў па карку, калі той спрабаваў запакаваць ў спартовую сумку тэлевізар, відэамагнітафон і камп’ютэр.
Яны ўсё ехалі і ехалі. Нават цётка Пятуння не наважвалася спытацца, калі яны спыняцца. Час ад часу дзядзька рэзка круціў стырном і накіроўваў машыну ў процілеглы бок.
- Ад іх трэ’ адарвацца... іх трэ’ заблытаць, - мармытаў ён штораз, калі рабіў гэдак.
На працягу ўсяго дня яны не спыняліся, нават каб пад’есці ці папіць. Пад вечар Дадлі ўзвыў. Яшчэ ніколі ў жыцці ў яго не было такога благога дня. Ён згаладаўся, прапусціў пяць тэлеперадач, якія вельмі жадаў убачыць, і за цэлы дзень не забіў аніводнага іншапланецяніна ў камп’ютэрнай гульні.
Нарэшце дзядзька спыніўся ля панурага з выгляду гатэлю на ускрайку вялікага горада. Дадлі і Гары пасялілі ў адным пакоі, дзе стаялі два ложкі з вільготнымі зацвілымі прасцінамі. Дадлі імгненна захроп, а Гары працяглы час сядзеў на падваконні і, назіраючы за святлом праязджаючых міма машын, разважаў...
*
На сняданак у іх былі счарсцвелыя кукурузныя шматкі і кансерваваныя памідоры з тостам. Яны толькі селі снедаць, калі да іх століка падыйшла гаспадыня гатэлю і спыталася:
- Збачце, ці няма сярод вас містэра Г. Потэра? У мне ля стойкі рэгістрацыі каля сотні лістоў.
Яна працягнула ім канверт, і ўсе ўбачылі напісаны зялёнымі чарніламі адрас:
Містэру Г. Потэру
Пакой 17
Гатэль Рэльв’ю
Кокварт
Гары паспрабаваў узяць ліст, але дзядзька ўдарыў яго па руцэ. Жанчына ўважліва назірала за імі.
- Я забяру іх, - уздымаючыся, прамовіў дзядзька і рушыў следам за гаспадыняй.
*
- Можа, папросту паедзем дамоў, даражэнькі? - нясмела прапанавала цётка Пятуння праз гадзіну, але дзядзька, здавалася, не чуў яе. Ніхто з іх не ведаў, чаго ён шукае. Ён спыніўся пасярод нейкага лесу, выйшаў, азірнуўся, пахістаў галавой, зноўку сеў на сваё месца, і яны паехалі далей. Тое ж адбылося пасярод ворыва, на падвясным мосце і на апошнім паверсе аўтастаянкі.
- Татка што - звар’яцеў, так? - стомлена спытаўся Дадлі ў цёткі Пятунні напрыканцы другога дня вандроўкі. Дзядзька Вернан толькі што спыніўся на узбярэжжы, зачыніў іх у машыне і кудысьці знік. - Сёння панядзелак, - заявіў матцы Дадлі, - Сёння па тэлевізары “Вялікі Умберта”. Я жадаю апынуцца там, дзе ёсць ТЭЛЕВІЗАР.
Панядзелак. Гары раптам узгадаў адну вельмі істотную рэч. Дадлі ніколі не блытаў дзён тыдня, бо арыентаваўся па тэлепраграме. Калі сёння панядзелак... заўтра будзе аўторак, і яму споўніцца адзінаццаць гадоў. Вядома ж, ягоны дзень нараджэння заўсёды праходзіў не надта весела... у мінулым годзе Дурслі падарылі яму вешалку і пару старых дзядзькавых шкарпэтак. Тым не менш, не кожны дзень вам спаўняецца адзінаццаць гадоў.
Вярнуўся, пасміхаючыся, дзядзька Вернан. У руках ён нёс нейкі доўгі пакунак. Цётка Пятуння спыталася ў яго, што той набыў, але дзядзька ёй не адказаў.
- Знайшоў найлепшае месца! - прамовіў ён. - Ну! Выходзьце!
Яны выйшлі з машыны на халоднае начное паветра. Дзядзька паказаў на нешта накшталт скалістай выспы далёка ў моры. На самай яе вяршыні нахабна тырчэла нейкая найнікчэмнейшая халупка з тых, якія толькі мажліва сабе ўявіць. І адразу было зразумела, што аніякага тэлевізара там не было.
- Ноччу абяцаюць шторм! - радасна пляскаючы далонямі, прамовіў дзядзька. - Гэты джэнтльмен ласкава пагадзіўся пазычыць нам сваю лодку!
Нейкі беззубы дзядок пашкандыбаў ім насустрач, з вельмі круцельскай усмешкай паказываючы на старую лодку, што падскоквала на сталёва-шэрых хвалях.
- Я ўжо набыў нам сякі-такі пасілак, - сказаў дзядзька Вернан, - так што ўсе на борт!
У лодцы было нясцерпна халодна. Ільдзяныя пырскі і дождж ліліся ім за каўнеры, а халодны вецер біў у твар. Мінула, здаецца, колькі гадзін, пакуль яны нарэшце дасягнулі выспы. Штохвіліны слізгаючы па мокрых камнях, яны рушылі следам за дзядзькам у напрамку разбітай халупкі.
Усярэдзіне хацінка выглядала не лепш. У ёй моцна пахла водарасцямі, праз шчыліны ў сценах дзьмуў вецер, а комін быў волкім і не меў дроваў. У хаціне было ўсяго два пакоі.
Дзядзькавым пасілкам былі пакет чыпсаў і чатыры бананы. Ён паспрабаваў развесці вогнішча ў коміне, але пусты пакет з-пад чыпсаў толькі дыміў, не жадаючы разгарацца.
- Зараз бы не перашкодзіла колькі лістоў, - весела прамовіў містэр Дурслі.
Ён быў у вельмі добрым настроі. Відавочна, ён вырашыў, што аніхто не будзе ў стане дабрацца да іх у такі шторм, каб прынесці лісты. Гары моўчкі згаджаўся з ім, хаця яго гэтая думка зусім не весяліла.
Калі надыйшла ноч, на іх абрынуўся абяцаны дзядзькам шторм. Пырскі высокіх хваляў біліся аб сцены, а ў брудныя вокны грукаў вецер. Цётка Пятуння знайшла колькі зацвілых коўдраў і паклала іх для Дадлі на паедзеную моллю канапу. Сама яна разам з дзядзькам Вернанам вырашыла спаць на прагнутым ложку ў другім пакоі. А Гары засталося толькі знайсці на падлозе месца памякчэй і скруціцца абаранкам пад танюткай моцна падранай коўдрачкай.
З кожнай гадзінаю бура ўзмацнялася. Гары не мог заснуць. Калоцячыся, хлопчык развярнуўся на другі бок, спрабуючы ўладкавацца ямчэй. У жываце буркатала ад голаду. Дадлеў храп патануў у грукаце грымотаў, што распачаліся прыкладна апоўначы. Гары зірнуў на светлавы цыферблат гадзінніка, што вісеў на тлустым запясці Дадлі. Праз дзесяць хвілінаў яму споўніцца адзінаццаць. Ён ляжаў, назіраючы за набліжэннем свайго дня нараджэння, разважаючы, ці памятаюць аб ім Дурслі і дзе зараз таямнічы аўтар ліста.
Засталося пяць хвілінаў. Гары пачуў, як звонку нешта зарыпела. Ён спадзяваўся, што дах не абрынецца. Хаця, магчыма, ад гэтага будзе крыху цяплей. Чатыры хвіліны. Мабыць, калі яны вярнуцца на Прайвет Драйв, там будзе столькі лістоў, што Гары здолее скрасці адзін-два.
Тры хвіліны. Няўжо гэты гук стварае мора? Адкуль (дзве хвіліны) гэтае дзіўнае храбусценне? Можа, гэта скалы абвальваюцца ў мора?
Праз хвіліну яму споўніцца адзінаццаць. Засталося трыццаць секунд... дваццаць... дзесяць... дзевяць... можа, пабудзіць Дадлі, каб пазлаваць яго... тры... дзве... адна...
БУХ.
Хаціна задрыжэла, Гары выпрастаўся, паглядаючы на дзверы. Нехта стаяў звонку і грукатаў, спрабуючы ўвайсці.
— РАЗДЗЕЛ IV —
Брамнік
БУХ. Грукнула ізноў. Дадлі рыўцом сеў на сваёй канапе.
- Хтось’ стрэліў з гарматы? - дуротна спытаўся ён.
Пасля чарговага груку ў пакой ўварваўся дзядзька Вернан са стрэльбай у руках. Менавіта яна ляжала ў тым тонкім пакунку, што ён прынёс з сабой.
- Хто там? - пракрычаў ён. - Папярэджваю... Мы маем зброю!
Секунду-другую за дзвярыма не было ані гуку. А потым...
ТРЭСЬ!
У дзверы грукнулі так моцна, што яны сарваліся з завесаў і з аглушальным грукатам паваліліся на падлогу.
На ганку стаяў волат. Ягоны твар амаль цалкам быў схаваны за калматай грывай і кудлатай барадой. І толькі вочы, як два чорныя жукі, блішчэлі сярод ягонага валосся.
Волат, моцна прыхіліўшыся і ўсё адно шыкаючы па столі галавой, ўвайшоў у халупу. Ён узняў дзверы і лёгка ўсталяваў іх на месца.
- Ці ў вас не зной’цца кубачка гарбаты? Нялёгка ж было да вас дабрацца...
Ён падыйшоў да канапы, дзе сядзеў застылы ад жаху Дадлі.
- Пасунься, тлушчу кавалак, - сказаў яму незнаёмец.
Дадлі віскнуў і пабег хавацца за матку, якая перапалохана, стоячы на дыбачках, вызірала з-за спіны дзядзькі Вернана.
- ‘Ось і наш Гары! - прамовіў волат.
Гары ўзняў позірк на ягоны шалёны зарослы твар і ўбачыў усмешку ў падобных да двух жукоў вачах.
- ‘Пошні раз, калі я це’ бачыў, ты быў зусім маленечкі, - заявіў незнаёмец, - а ц’ер так падобны да бацькі, а ‘ось вочкі матчыны.
Дзядзька Вернан выдаў нейкі дзіўны, рыпучы гук.
- Я патрабую, каб вы сыйшлі, сэр! - вымавіў ён. - Вы ўварваліся ў прыватную маёмасць!
- Сціхні, Дурслі, паўдурка ты кавал’к, - незнаёмец, крыху нахіліўшыся, выхапіў з дзядзькавых рук стрэльбу і лёгка, нібы яна была гумовай, скруціў яе вузлом і кінуў у кут.
Дзядзька зноў выдаў дзіўны гук, быццам нехта наступіў на мыш.
- І між іншым... Гары, - працягваў волат, павярнуўшыся да Дурслі спінаю. - З днём нараджэнь’ це’. І ў м’не для це’ нешта ёсць... магчым’, я сеў на яго, але смак ад гэт’га не змяніўся.
З унутранай кішэні свайго чорнага шынэлка ён выцягнуў крыху раструшчаную скрынку. Гары ўзняў накрыўку дрыготкімі пальцамі. Усярэдзіне ляжаў вялізны глейкі шакаладны торт, на якім зялёнай глазурай было напісана: “З днём нараджэння, Гары”.
Гары зірнуў на незнаёмца. Хлопчык хацеў падзякаваць яму, але словы згубіліся недзе па дарозе, і замест гэтага ягоныя вусны вымавілі:
- А вы хто?
Волат усміхнуўся.
- С’праўды! Я ж не назваўся. Я - Рубеюс Хагрыд. Брамнік і палясоўш’ык Хогвартса.
Хагрыд працягнуў хлопцу далонь і патрос ягоную руку.
- Дык што там з гарбатай? - паціраючы рукі, прамовіў брамнік. - І я, зраз’мел’, не адмовіў’ б і ад чаго мацнейшага, калі ў вас ё’.
Ён зірнуў на пустыя пакеты з-пад чыпсаў у коміне і пырхнуў. Ён нахіліўся над комінам, захіліуўшы яго спінаю, але, калі ён сеў на месца, там ужо гуло полымя. Яно напоўніла волкую халупу мігатлівым святлом, і Гары адчуў, як па целе струменіцца цеплыня, быццам ён залез у гарачую ванну.
Хагрыд зноўку прысеў на канапу, якая пры гэтам моцна прасела пад ягонай вагай і, пакапаўшыся ў кішэнях свайго шынэлка, выцягнуў з іх медны імбрык, пакет кілбасак, качаргу, заварны імбрычак, колькі кубкаў са сколатымі краямі і бутэльку з вадкасцю бурштынавага колеру, з якой перад тым, як пачаць гатаваць гарбату, зрабіў глыточак. Хутка ўся халупа напоўнілася пахам і шыпеннем нанізаных на качаргу кілбасак. Пакуль ён кухарыў, аніхто ў пакоі не выдаў ані гуку, але калі той зняў з качаргі першыя шэсць тоўстых сакавітых крыху перасмажаных кілбасак, Дадлі крышачку закруціўся на месцы.
- Не бяры, - дзядзька Вернан рэзка спыніў сына, - анічога з ягоных рук, Дадлі.
Волат змрочна ўсміхнуўся.
- Тваго тлусценнага сына, Дурслі, ужо няма куды гадаваць. Так што с’пакойся.
Ён аддаў кілбаскі Гары, які быў моцна, як ніколі ў жыцці, галодным, але ўсё яшчэ не мог адарваць ад волата вачэй. Нарэшце, разумеючы, што ніхто не збіраецца яму анічога тлумачыць, Гары вымавіў:
- Мне вельмі шкада, але я дагэтуль не разумею, хто вы?
Волат зрабіў вялізны глыток гарбаты і выцер вусны далонню.
- Кліч мяне Хагрыд, - сказаў ён. - Як я ‘жо казаў, я хогвартсаўскі брамнік. Ты ж ведаш, што такое Хогвартс?
- Эээ... ані, - адказаў хлопчык.
Хагрыд агаломшана паглядзеў на яго.
- Прабачце, - хутка прамовіў Гары.
- Прабачце? - прароў, зірнуўшы на схаваўшыхся ў цёмным кутку Дурслі, волат. – Гэт’ яны павінныя прасіць прабачэнь’! Я ведаў, што ты не ат’маў лістоў, але каб ты не ведаў аб Хогвартсе? З глузду з’ехаць! Хіба табе ніколь’ не было цікава, дзе твае бацькі ўсяму на’ўчыліся?
- Навучыліся чаму? - спытаў хлопчык.
- ЧАМУ? - прагрукатаў Хагрыд. – Зач’кай хвілінку!
Брамнік ускочыў на ногі. Ён быў настолькі моцна разлютаваны, што, здавалася, напоўніў сабой ўсю халупу. Перапужаныя Дурслі ўціснуліся ў сцяну.
- Вы хочаце мне сказаць, - прагырчаў Хагрыд, - што хлопчык анічог’ не ведае... ЗУСІМ АНІЧОГ’ НЕ ВЕДАЕ?
Гары падалося, што гэтая размова задалёка зайшла. Ён хадзіў у школу, і ягоныя адзнакі былі не самымі благімі.
- Я сёе-тое ведаю, - сказаў хлопчык. - Матэматыку, напрыклад, і яшчэ шмат чаго.
Але Хагрыд махнуў рукою і сказаў:
- Я маю на ‘вазе, ты не ведаш аб нашым свеце. Тваім свеце. Маім. Свеце тваіх бацькоў.
- Якім свеце?
Хагрыд, здавалася, вось-вось выбухне.
- ДУРСЛІ! - грымнуў ён.
Забледны дзядзька Вернан прамармытаў нешта накшталт “Мімблвімбл”. Хагрыд з дзікімі вачыма ўтаропіўся на Гары.
- Але ты, напэўн’, веда’ш аб сваіх маме і тату, - прамовіў ён. - Ведаш, што яны вельмі вядомыя. І ты вядомы.
- Што? Я не ведаў, што мае бацькі былі знакамітасцямі.
- Ты не веда’ш... ты не веда’ш... - ён запусціў пальцы ў свае кудлатыя валасы. Гары працягваў здзіўлена глядзець на волата.
- Ты не веда’ш аб тым, хто ты? - нарэшце вымавіў Хагрыд.
Дзядзька Вернан раптоўна падаў голас.
- Спыніцеся! - загадаў ён. - Спыніцеся зараз жа, сэр! Я забараняю вам штось казаць хлопцу!
І больш мужны за дзядзьку чалавек сыйшоў бы ў дрыготку пад лютым позіркам Хагрыда. А ў таго, здавалася, ад гневу калацілася кожная частка ягонага агромістага цела.
- Вы ань’чога не сказалі яму? Не паказалі ліст, што для ‘го пакінуў Дамблдор? Я быў там і ‘сё бачыў! Вы ўсе гады ‘тойвалі ад яго, хто ён такі?
- Што яны ад мяне ўтойвалі? - палка спытаў Гары.
- СПЫНІЦЕСЯ! Я ВАМ ЗАБАРАНЯЮ! – у паніцы ўз’енчыў містэр Дурслі.
Цётка Пятуння жахліва войкнула.
- Халеры на галаву вам абодвум, - прамовіў Хагрыд. – Гары… ты - чараўнік.
Хвіліну-другую ў хаціне панавала цішыня. І толькі шум мора і свіст ветра звонку крыху яе парушалі.
- Я хто? - вымавіў Гары.
- Чараўнік, зраз’мела ж, - адказаў Хагрыд, зноў сядаючы на канапу, што зарыпела і моцна прагнулася пад ягонай вагай, - і найнайвыдатнейшы, бо з такімі татам і мамай іншым быць немагчым’, толькі трэ’ крыху пазаймац’. А ц’ер табе трэ’ прачытаць свой ліст.
Гары працягнуў руку і нарэшце ўзяў у рукі цяжкі жаўтлявы канверт. Смарагдава-зялёнымі чарніламі на ім было напісана:
Містэру Г. Потэру
Вяршыня скалы
Халупа на выспе
Мора
Гары выцягнуў ліст і прачытаў наступнае:
ХОГВАРЦКАЯ ШКОЛА ЧАРАДЗЕЙСТВА І ВЯДЗЬМАРСТВА
Дырэктар: Альбус Дамблдор
(Кавалер ордэна Мерліна першай ступені, Вялікі чарадзей, Галоўны вядзьмак
Візенгамота, Аўтарытэт міжнароднай канфедэрацыі чараўнікоў)
Паважаны містэр Потэр,
З задавальненнем паведамляем вам, што вы прынятыя для навучання ў Хогварцкую школу чарадзейства і вядзьмарства. Да ліста дадаецца спіс ўсіх неабходных вам рэчаў і падручнікаў.
Пачатак заняткаў - першага верасня. Чакаем саву з адказам не пазней за 31-га ліпеня.
Са шчырай павагай,
Мінерва МакГонагал
Намесніца дырэктара
Галава Гары выбухала ад пытанняў, і ён не ведаў, якое задаць першым. Нарэшце ён праз колькі хвілінаў прамармытаў:
- А дзе я вазьму саву, якую яны чакаюць?
- Варону мне ў дышла, дзяк’, што нагадаў, - стукнуўшы сябе па ілбе так, што можна было б паваліць каня разам з цялегаю, сказаў Хагрыд і выцягнуў з чарговай кішэні саву – сапраўдную, жывую, раззлаваную з выгляду саву, – кавалак пергаменту і доўгае пяро. Прыкусіўшы язык, ён пачаў пісаць цыдулку. Зірнуўшы на яе дагары нагамі, Гары прачытаў:
Дарагі прафесар Дамблдор,
Ліст Гары давёз. За ўсім неабходным пойдзем заўтра. Надвор’е жудаснае. Спадзяюся, з вамі ўсё балазе.
Хагрыд.
Хагрыд скруціў цыдулку, сунуў яе ў савіную дзюбу і, падыйшоўшы да дзвярэй, кінуў птушку ў штармлівае неба. Потым вярнуўся і сеў на месца з такім выглядам, бы тое, што ён зрабіў, было чымсьці цалкам натуральным, як пагаманіць па тэлефоне.
Гары зразумеў, што стаіць з раскрытым ротам, і хутка зачыніў яго.
- Дык аб чым гэта мы? - пачаў Хагрыд, аднак тут дзядзька Вернан з усё яшчэ папялова-белым тварам, але палаючы ад лютасці, выйшаў у святло коміна.
- Хлопец нікуды не паедзе, - сказаў ён.
Хагрыд чмыхнуў.
- Я х’цеў бы паглядзець, як Вялікі Магл спыніць яго, - прамовіў ён.
- Вялікі хто? - з цікавасцю спытаў Гары.
- Магл, - адказаў брамнік, - так мы называем тых, хто не валодае магіяй. І твая бяда, што ты вырас сь’род наймаглейшых маглаў, якіх я толькі кол’сь бачыў.
- Калі мы прынялі яго, то пакляліся пакласці канец гэтай брыдоце, - сказаў дзядзька. - Мы прысягнулі выкараніць яе з хлопца! Чарадзей знайшоўся!
- Вы ведалі? - спытаўся Гары. - Ведалі што я... я чараўнік?
- Ведалі! - раптоўна ўскрычала цётка Пятуння. - Хіба ж не! А кім ты мог быць, калі такой самай была мая мярзотная сястра? Яна, як і ты, атрымала колісь ліст з Хогвартса і з’ехала ў гэтае... падабенства школы... Кожныя вакацыі яна вярталася адтуль з поўнымі кішэнямі жабінай ікры і ператварала кубкі на пацукоў. Я адзіная ведала, кім яна ёсць на самай справе – вырадкам! Але мае бацькі... не... Лілі сёе, Лілі тое. Яны ганарыліся тым, што у сям’і нарадзілася вядзьмарка!
Яна спынілася, каб аддыхацца і крыху адпачыць ад гаманення. Здавалася, яна збіралася выказаць усё гэта на працягу доўгіх гадоў.
- І там у школе яна сустрэла гэтага Потэра, яны ажаніліся і нарадзілі цябе. Такога ж ненармальнага, такога ж... такога ж... вырадка, а потым, вось вам, яе там нехта падарваў, а цябе скінулі на нашыя галовы!
Гары моцна збляднеў. Калі да яго нарэшце вярнуўся голас, ён прамовіў:
- Падарваў? Вы ж казалі мне, што мае бацькі загінулі ў аўтакатастрофе?
- У А’ТАКАТАСТРОФЕ?! - прагрукатаў Хагрыд, разлютавана ўскочыўшы на ногі і зноўку загнаўшы Дурслі ў кут. - Гэта ў якой а’такатастрофе з’гінулі Лілі і Джэ’мс Потэры! Гэта злачынства! Ганьба! Гары Потэр не вед’е сваёй гісторыі! Хаця яе вед’юць на’т малыя дзеці!
- Дык што? Што здарылася насамрэч? - хутка спытаўся Гары.
Лютасць сыйшла з Хагрыдава твара. Ён імгненна занепакоіўся.
- Я не быў да гэт’га гатовы, - прамовіў ён ціхім, усхваляваным голасам. – Каль’ Дамблдор казаў мне, што ў цябе могць быць праблемы з ведамі, я не яўляў, што ты не будзеш вед’ць анічог’. Не ‘пэўнены, што я той чалавек, які добра ц’е ‘сё растлумач’ць... але трэ’ камусь гэта зрабіць... ты не ‘вінен ехаць ў Хогвартс, анічог’ не вед’ючы.
Ён зласліва зірнуў на Дурслі.
- Ну, я не вед’ю, што ты сам памята’ш... памяць - гэт’ такая штука... Я таксама шмат не распавь’ду, бо гэт’ сапраўдная таямніца, але часткова... - ён колькі секунд сядзеў, утаропіўшыся на полымя, а потым прамовіў: - Усё пач’лося з аднаго чалавека... якога звалі... Божачкі, ты на’т не веда’ш гэтага імя, якое вед’юць у нашым свеце выключна ўсе...
- І як?
- Ну... я бы... калі ты не супраць, не наз’ваў бы гэт’ імя. Ніхто яго не наз’вае.
- Чаму?
- Гаргуллю мне ў глотку, Гары, людзі ‘сё яшчэ баяцца. І гэта так не лё’ка. ‘Яві сабе, не было ў свеце чараўніка настолькі... дрэнн’га. На’т горшага, чым мажлів’ сабе ‘явіць. І горш за тое. Горш чым горш. І ягонае імя было...
Хагрыд зглынуў, але не ў стане быў яго вымавіць.
- А можа, вы напішаце яго? - прапанаваў Гары.
- Нннннне... я і напісаць не магу. Добра... ‘йгонае імя было Вальдэморт, - Хагрыда скаланула. - І не прым’шай мяне паўт’раць. Дык ‘ось. Гэт’ быў чараўнік, які недзь’ двац’ гадоў таму п’чаў шукаць сабе паслядоўнь’каў. Да ‘йго прыходзілі рознымі шляхамі: хто з-за страху, хто жадаючы ягонай ўлады. А з уладаю, што ўвесь час узмацнялася, у ‘йго было добра. Цёмныя былі дні, Гары. Людзь не ведалі, каму давь’раць, баяліся адносінаў з незнаёмымі чараўнікамі... Жудасныя рэчы ‘дбываліся. І ён пачаў перам’гаць. Вядом’ ж, зна’шліся тыя, хто па’стаў супраць яго... але іх ён забіваў. Жах. Дамблдор быў адзіным, каго Сам Веда’ш Хто баяўся. Ува ‘сялякім выпадку, ён так і не наважыў’ напасці на Хогвартс.
Твае бацькі былі аднымі з самых таленавітых ведзьмакоў, каго я ведаў. А твая мама на’т была старастай школы! І дагэтуль загадка, чаму Сам Веда’ш Хто не паспраб’ваў перацягнуць іх на свой бок, перш чым... Мо’ ведаў, што яны занат’ блізкія з Дамблдорам і не згадзіліся б перасці на бок цемры. Мо’ спадзь’ваўся пераканаць іх... Мо’ проста хацеў збіць іх з іхнага шляху. Так ці інакш, але ён з’явіўсь’ дзесяць гадоў таму ў вёсцы, дзе вы жылі. Табе быў ‘шчэ толькі годзік. Ён прышоў у ваш дом і... і...
Хагрыд вынуў з кішэні вельмі брудную, пакрытую безліччу плямаў хустку і з гучнасцю сірэны смаркануўся у яе.
- Прабач, - сказаў ён. - Але гэта вельмі сумна... веда’ш, твае мама з татам былі лепшымі людзьмі, якіх можна было сабе ‘явіць... аднак... Сам Веда’ш Хто забіў іх. А потым - і гэт’ с’праўдная таямніца... ён ‘аспрабаваў забіць цябе. Мо’ не х’цеў ‘акідаць сведкаў, мо’ да таго часу ўжо забойства для ‘го было чымсь’ накшталт забавы. Аднак ён не змог гэт’га зрабіць. Ты ніколь’ не задумваўся, а’куль ў ц’е гэты шнар? Гэт’ не звычайны парэз. Такое застаец’ пасля моцных сурокаў. Цемра забіла тв’ых бацькоў, разбурыла вашую хату, але ‘маль не пашкодзіла табе... і вось таму ты – знакамітасць, Гары. Калі Сам Веда’ш Хто вырашаў, каго забіць, той ніколь’ не застава’ся жывым, а сь’род іх былі выдатныя чарадзеі сталага ‘зросту – МакКінаны, Боўнс, Пруіты, аднак выжыў толькі ты – звычайна’ немаўля.
Нейкі боль пранізаў розум Гары, калі Хагрыд скончыў свой расказ. Ён зноў убачыў, больш яскрава, чым колісь, асляпляльны сполах зялёнага святла, але цяпер да яго дадаўся чыйсьці высокі халодны злавесны смех.
Хагрыд паглядзеў на хлопца з сумотай у вачах.
- Я сам выцяг’ ц’я з вашага разбур’нага дому і па з’гадзе Дамблдора адвёз да гэтых...
- Не дуры галавы, - прамовіў дзядзька Вернан. Гары ажно падскочыў: ён ўжо амаль паспеў забыцца, што Дурслі працягвалі заставацца ў пакоі. Між тым, да дзядзькі, здавалася, павярнулася ягоная мужнасць. Ён стаяў і, сціснуўшы кулакі, глядзеў на Хагрыда.
- Слухай мяне, хлопча, - гыркнуў дзядзька. - Я прызнаю, што ў табе ёсць нешта дзіўнае, аднак нічога такога, чаго нельга было б вылекаваць добрым кухталём. І ўсё з-за тваіх бацькоў, але яны былі дзівакамі і атрымалі тое, чаго жадалі, ублытаўшыся ўва ўсе гэтыя вядзьмарскія штукі... Я чакаў гэтага, я заўсёды ведаў, што іх чакае дрэнны канец. І на мой погляд, свет без іх стаў нашмат лепшым...
У той жа момант Хагрыд ўскочыў з канапы, выцягнуўшы з-за пазухі патрапаны ружовы парасон. Ён пачаў наступаць на дзядзьку, торкаючы таго парасонам, быццам мечам.
- Я папярэджваю ц’е, Дурслі... папярэджваю... яшчэ слова...
Напужаўшыся, што волат праколе яго вострым канцом свайго парасона, дзядзька зноўку страціў зухвальства і моўчкі прыціснуўся да сцяны.
- ‘Жо лепш, - цяжка дыхаючы, прамовіў Хагрыд, зноўку сядаючы на канапу, якая ўжо правісла да самой падлогі.
Гары абіраў, якое з сотні кружляючых ў ягонай галаве пытанняў задаць першым.
- А што здарылася, - нарэшце сказаў ён, - з Валь... ой, прабачце, Самі Ведаеце Кім?
- Цікава пытанне, Гары. Ніхто не вед’е. Знік без вестак. У тую ж ноч, калі ‘аспрабаваў з’біць цябе. І ад гэт’га ты яшчэ больш знак’міты. Гэта вельмі заблыт’ная таямніца... ён з кожным днём рабіўся мацнейшым і мацнейшым... і тут знік.Нехт’ кажа, памёр. Але на мой погляд, гэт’ казкі бабціны. Невядом’, ці ён здольны на чалавечу’ смерць. А хтось кажа, што ён дагэт’ жывы і толькі ч’кае свайго часу, каб ‘авярнуцца, але і гэт’ лухта. Тыя, хто былі на ягоным баку, ‘авярнуліся да нас - кажуць, былі пад ўздзеяннем замовы. Не вераць, пэўна, у яго ‘авяртанне. Большас’ь з нас лічаць, што ён жывы, але страціў св’ю магутнас’ь. Занад’ слабы, каб працягваць, і таму х’ваецца. Штось пашкодзіў ты ў ім той ночу, Гары. А’былося нешта, на што той не ‘злічваў... Я не вед’ю, што... ніхто не вед’е... але гэт’ яму праз вомег вылезла... ‘ось.
Хагрыд глядзеў на Гары з павагаю і цеплынёй у вачах, але хлопцу дагэтуль здавалася, што адбылася жудасная памылка. Чараўнік? Ён? Немагчыма. Усё сваё жыццё, колькі Гары сябе памятаў, яго шпіляў Дадлі, а цётка Пятуння з дзядзькам Вернанам увесь час здзекваліся. Калі ён сапраўдны чараўнік, чаму ён не ператварыў іх на рапух пры першай жа спробе зачыніць яго ў каморы? Калі ён перамог наймагутнейшага ведзьмака ў свеце, чаму Дадлі абыходзіўся з ім як з футбольным мячыкам?
- Хагрыд, - ціха прамовіў ён, - здаецца, вы памыляецеся. Я аніяк не магу быць чараўніком.
На ягонае здзіўленне, Хагрыд толькі ўсміхнуўся ў адказ.
- Не можаш, так? І што - нічог’ дзіўнага не ‘дбывалася, калі ты палохаўся ці злаваўся?
Гары глядзеў на палаючае ў коміне вогнішча. Цяпер ён пачаў прыгадваць... Дзядзька з цёткай увесь час пачыналі лютаваць, калі, раззлаваўшыся ці засмуціўшыся, ён рабіў нешта дзіўнае... Як, калі за ім бег Дадлі са сваёй бандай, ён нейкім чынам апынуўся па-за межамі іх дасягальнасці... Як цётка абскубала яго валасы, а ён за адну ноч адрасціў іх, каб не ісці ў школу з абцятай фрызурай... А калі Дадлі ўдарыў яго ў апошні раз, ці ж Гары яму не адпомсціў, нават сам таго не разумеючы, ці ж не нацкаваў на стрыечнага брата боа канстрыктара?
Хлопчык з усмешкай на вуснах зірнуў на Хагрыда: вочы ў таго ззялі.
- Ну? - прамовіў брамнік. - Хіба Гары Потэр не чараўнік? Глядзі, ты ‘шчэ будзеш самым вядомым ува ўсім Хогвартсе.
Але дзядзька ані збіраўся здавацца без бою.
- Хіба я ціха сказаў? - прашыкаў ён. - Хлопец пойдзе ў Стоўнвол, і ён яшчэ падзякуе мне за гэта. Я бачыў гэтыя лісты... яму неабходна мець ўсе гэтыя... падручнікі замоваў, палачкі...
- Калі сын Лілі і Джэ’мса Потэраў жадае ех’ць да Хогвартса, - прагыркаў у адказ Хагрыд, - ці такі наймаглейшы магл, як ты, здольны ‘йго спыніць? Ці ты не звар’яцеў? Ён быў накір’ваны ў гэтую школу адным фактам сваго нараджэння. Праз сем гадоў ён сам с’е не пазнае. Гары будзь’ вучыцца сь’род такіх, як ён, юнакоў у лепш’ ува ўсім свеце школе чараўніцтва і вядзьмарства, з лепшым дырэктарам за ‘се часы існавання самой школы – Альбусам Дамбл...
- Я НЕ БУДУ ПЛАЦІЦЬ ЗА ТОЕ, КАБ НЕЙКІ СШАЛЕЛЫ СТАРЫ ДУРМЕНЬ НАВУЧАЎ ХЛОПЦА НЕЙКІМ ФОКУСАМ! - пралямантаваў Вернан.
У гэты раз дзядзька зайшоў задалёка. Хагрыд схапіў парасон і пачаў круціць яго над галавою.
- НІКОЛІ... - праракатаў ён, - НЕ... СМЕЙ... АБРАЖАЦЬ... АЛЬБУСА... ДАМБЛДОРА... ПРЫ... МНЕ!
Брамнік рассёк парасонам паветра, накіроўваючы той у бок Дадлі. З пікі выскачыў нейкі фіялетавы сполах, падобны да феерверка. У тое ж імгненне пачуўся віск, і Дадлі затанчыў на месцы, абхапіўшы рукамі зад. Калі той павярнуўся спінай, Гары ўбачыў, як праз дзірку ў Дадлевых штанах тырчыць свінячы хвосцік.
Дзядзька залямантаваў дурным голасам. Ён схапіў жонку з сынам і павалок ў суседні пакой. Ён кінуў апошні напалоханы позірк на волата і шчыльна зачыніў за сабой дзверы.
Хагрыд, гледзячы на парасон, пагладзіў сябе па калматай барадзе.
- Не трэ’ мне было страчваць спакой, - са шкадаваннем у голасе прамовіў ён, - тым больш, што не ‘сё атрымалася. Я збіраўся наогул пер’тварыць яго на парася. Але хлопец і так да ‘йго падобны, не хапала толькі дроб’зі.
Волат зірнуў на Гары з-пад сваіх густых брывей.
- Буд’ удзячны, калі ты ань’кому не прагаварышся аб гэтым, калі ап’нешся у Хогвартсе, - дадаў ён. – Спраў’ у тым, што мне нельг’ карыстаць’ магіяй. Мне ‘азволілі крыху пачар’ваць, толькі каб прывезць’ табе ліст... таму я і ‘зяўся за гэт’ працу...
- А чаму вам нельга чараваць? - спытаўся хлопчык.
- Ну... я сам вучыўсь’ у Хогвартсе, але... на трэцім годзе м’не выкінулі са школы і зламалі маю палачку напалам. Аднак Дамблдор дазволь’ мне застацца там у як’сці палясоўш’ыка. Ён вялік’ чалавек.
- А чаму вас выкінулі?
- ‘Жо запозна, а ў нас шмат прац’ на заўтра, - гучна прамовіў у адказ Хагрыд. - Мне трэ’ завезці ц’е ў горад, каб набыць падручнікі і іншыя рэчы.
Волат зняў з сябе шынэлак і накінуў яго на Гары.
- Накрыйся ім, - прамовіў палясоўшчык. - І не хвалюйся, калі ён пачне рухацца, там ў адной з кішэнь сядзіць соня.
— РАЗДЗЕЛ V —
Дыягон-Алея
Гары прачнуўся на золку. Разумеючы, што час уздымацца з ложку, ён працягваў ляжаць са шчыльна заплюшчанымі вачыма.