V. Замацаванне пройдзенага матэрыялу.

Урок №24

Тэма:Славутыя дзеячы навукі і культуры (стар. 99-103)

Мэты:

1)Даць уяўленне аб спадчыне, якую пакінулі нам славутыя вучоныя Яўхім Карскі, Усевалад Ігнатоўскі, браты Тышкевічы, а таксама народныя паэты Беларусі Янка Купала і Якуб Колас. Паказаць значэнне іх навуковай і літаратурнай дзейнасці.

2)Развіваць у дзяцей уменне вызначаць галоўнае ў дзейнасці гістарычнай асобы і на падставе гэтага характарызаваць яе.

3)На яркіх прыкладах слаўных сыноў нашай Бацькаўшчыны, якія служылі беларускаму народу, выхоўваць у вучняў высокія маральныя якасці, імкненне пакінуць свой след у гісторыі Радзімы.

4)Стварыць умовы для захавання здароўя вучняў на ўроку.

Абсталяванне: палітыка-адміністрацыйная карта Беларусі,

выданні вучоных,

партрэты гістарычных асоб.

Афармленне класнай дошкі:

Даты Славутыя дзеячы навукіДаты

1921 г. і культуры1842 г.

1929 г. План: 1855 г.

(асноўныя) 1. Яўхім Карскі (дадатковыя)

2. Янка Купала і Якуб Колас

3. Усевалад Ігнатоўскі

4. Браты Тышкевічы

Змест урока

І. Арганізацыя пачатку ўрока.

ІІ. Праверка дамашняга задання.

а) Пясняр сялянскай долі (стар. 96-99)

У аснову работы па гэтаму варыянту можна пакласці план, над складаннем якога вучні працавалі на мінулым уроку і якім будуць карыстацца ў час адказаў. Трэба дабівацца таго, каб дзеці ўжывалі гістарычную мову (блізкую да мовы падручніка). Гэтаму чацвёракласнікаў небходна вучыць. У прыватнасці, па кожнаму пункту плана адказы вучняў павінны ўключаць пэўныя выразы.

1. Заняволенне сялян.Зямля — панская ўласнасць. Адсутнасць зямлі ў сялян. Павіннасці за карыстанне зямлёй. Прыгонны селянін.

2. Адмена заняволення.1861 г. — адмена заняволення. Селянін свабодны ад свайго пана. Выкуп зямлі. Абурэнне сялян сваім становішчам.

3. Францішак Багушэвіч — абаронца сялян. Нарадзіўся ў 1840 г. Дзяцінства прайшло сярод сялян. Праца адвакатам. Падтрымка сялян. Абарона простага люду. Змаганне за лепшае жыццё людзей.

4. "Не пакідайце ж мовы нашай беларускай...". Зборнік вершаў "Дудка беларуская". Заклік берагчы і шанаваць беларускую мову, "каб не ўмёрлі".

5. Ф. Багушэвіч — слаўны нашчадак Скарыны.Запавет берагчы беларускую мову. Валун з надпісам: "Памяці Мацея Бурачка". Беларуская мова — дзяржаўная ў Рэспубліцы Беларусь. Багушэвіч — слаўны нашчадак Скарыны.

ІІІ. Паведамленне тэмы і мэт урока.

Настаўнік прымацоўвае да дошкі партрэты гістарычных асоб.

- Сёння на ўроку будзем знаёміцца з жыццём і дзейнасцю людзей, якія сваімі справамі праславілі наш край, выклікалі павагу да Беларусі ва ўсім свеце. Гэта людзі, адлюстраваныя на партрэтах: Кірыла

Тураўскі, Ефрасіння Полацкая, Францыск Скарына, Сымон Будны, Сімяон Полацкі, Францішак

Багушэвіч.

IV. Вывучэнне матэрыялу.

а) Славутыя дзеячы навукі і культуры (стар. 99-103)

Можна выкарыстаць наступны план вывучэння новага матэрыялу:

1. Чытанне вучнямі апавядання па абзацах (уголас).

2. Вылучэнне ў прачытаным галоўнага.

3. Сістэматызацыя атрыманых ведаў.

- Прачытайце другі абзац, стар. 99.

Запіс у сшытку:

Яўхім Карскі даказаў, што продкамі беларусаў з'яўляюцца ўсходнеславянскія плямёны крывічоў, дрыгавічоў, радзімічаў.

Матэрыял для настаўніка.

Карскі Яўхім Фёдаравіч (1860 — 1931 гг). Філолаг, славіст, заснавальнік беларускага навуковага мовазнаўства і літаратуразнаўства, этнограф, фалькларыст. Акадэмік Пецярбургскай акадэміі навук. Нарадзіўся ў в. Лоша Гродзенскага павета ў сям'і настаўніка. Галоўная праца — даследаванне "Беларусы", дзе аўтар даказаў, што беларусы з'яўляюцца самастойным славянскім народам. Пахаваны Карскі ў Санкт-Пецярбургу.

- Прачытайце 3 — 6 абзацы.

Адкажыце на пытанні:

1. Чаму народных паэтаў Янку Купалу і Якуба Коласа называюць равеснікамі?

2. Як вы разумееце назву газеты "Наша ніва"?

3. Растлумачце сэнс наступных радкоў Янкі Купалы:

— А чаго ж, чаго захацелася ім,

Пагарджаным век, сляпым і глухім?

— Людзьмі звацца!

4. Якое пачуццё выказаў Якуб Колас у радках верша?

Мой родны кут, як ты мне мілы!...

Забыць цябе не маю сілы!

Матэрыял для настаўніка.

Янка Купала (Іван Дамінікавіч Луцэвіч, 1882 — 1942 гг.) нарадзіўся ў фальварку Вязынка Віленскай губерні ў сям'і арандатара. Продкі Купалы належалі да беззямельнай шляхты. Ён адзін з заснавальнікаў новай беларускай літаратуры і літаратурнай мовы. Аўтар класічных (узорных) паэм "Курган", "Бандароўна", "Яна і я", "Магіла льва".

Якуб Колас (Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч, 1882 — 1956 гг.) нарадзіўся ў засценку Акінчыцы Мінскага павета ў сям'і малазямельнага селяніна — лесніка. Разам з Купалам быў заснавальнікам новай беларускай літаратуры і літаратурнай мовы. Яго творы — паэма "Новая зямля" і трылогія "На ростанях" — сталі класікай беларускай літаратуры.

Запіс у сшытку:

Янка Купала. 1882— 1942 гг. Вязынка. Віленшчына. Народны паэт Беларусі.

Якуб Колас. 1882 — 1956 гг. Акінчыцы. Міншчына. Народны паэт Беларусі.

- Прачытайце 7 абзац.

Запіс у сшытку:

1921 г. — адкрыццё Беларускага дзяржаўнага універсітэта.

1929 г. — заснаванне Беларускай акадэміі навук.

- Якую пасаду займаў Усевалад Ігнатоўскі? Якой дзейнасцю ён займаўся? Што ён даследаваў?

Запіс у сшытку:

Усевалад Ігнатоўскі. 1881 — 1931 гг., в. Токары, Брэстчына. Даследчык гісторыі.

- фізкультмінутка

Матэрыял для настаўніка.

Усевалад Макаравіч Ігнатоўскі (1881 — 1931 гп), беларускі гісторык, народны камісар асветы БССР,

першы прэзідэнт Беларускай акадэміі навук. Падвяргаўся ганенням у час культу асобы Сталіна. Скончыў жыццё самагубствам.

- Прачытайце рубрыку "Цікава ведаць".

- Дзе нарадзіліся браты Тышкевічы?

- Чым яны займаліся?

- Што стала вынікам іх дзейнасці?

- Чым займаюцца археолагі?

- Што такое музей?

Матэрыял для настаўніка.

Канстанцін Піевіч Тышкевіч (1806— 1868 гг). Нарадзіўся ў мястэчку Лагойск на Міншчыне. Заснавальнік беларускай археалогіі. У 1842 г. з дапамогай свайго брата заснаваў у Лагойску першы ў Беларусі музей старажытнасці.

Яўстафій Піевіч Тышкевіч (1814 — 1873 гг.). Нарадзіўся таксама ў Лагойску. Заснавальнік беларускай археалогіі. У 1855 г. заснаваў у Вільні музей старажытнасці, у якім налічвалася каля 10 тыс. экспанатаў.

Род Тышкевічаў даў Беларусі шмат таленавітых людзей: дзяржаўных і ваенных дзеячаў, суддзяў, святароў, архітэктараў, эканамістаў, інжынераў, якія сваёй дзейнасцю праславілі нашу Бацькаўшчыну.

Запіс у сшытку:

Канстанцін Тышкевіч. 1806— 1868 гг. Лагойск. Міншчына. Археолаг. Заснавальнік першага ў Беларусі музея старажытнасці.

Яўстафій Тышкевіч. 1814 — 1873 гг. Лагойск, Міншчына. Археолаг. Заснавальнік музея старажытнасці ў Вільні.

V. Замацаванне пройдзенага матэрыялу.

- Адкажыце на пытанні падручніка на стар. 99.

VI. Падвядзенне вынікаў урока.

- Зрабіце вывад аб значэнні дзейнасці славутых людзей Беларусі.

VII. Дамашняе заданне.

Стар. 99-103, пераказ

агульнае — засвоіць змест апавядання "Славутыя дзеячы навукі і культуры".

Наши рекомендации