Выраб мастацка-дэкаратыўнага афармлення

Калектыў, якi займаецца падрыхтоўкай i правядзеннем свята, — гэта заўсёды часовае ўтварэнне, якое не мае пастаяннай матэрыяльна-тэхнiчнай базы. Таму адзiн з завяршальных этапаў падрыхтоўкi свята — запуск мастацка-дэкаратыўнага афармлення ў вытворчасць — здзяйсняецца адначасова ў розных арганiзацыях i ўстановах. Але ў любым выпадку зыходнымi данымi для вытворчасцi з’яўляюцца рабочыя чарцяжы, тэхналагiчнае апiсанне i каштарыс.

Выраб мастацкага афармлення значна спрашчаецца, калi вырашэннем пастаўленых задач займаюцца вызначаныя для гэтых мэт прадпрыемствы. У практыцы даволi часта на іх рахунак пералiчваюць сродкi з каштарыса свята, перадаюць чарцяжы i тэхналагiчнае апiсанне вырабаў (або iх робяць непасрэдна на вытворчасцi), а мастаку застаецца толькi кантраляваць выраб дэкаратыўнага афармлення.

У выпадку, калi вырабам дэкарацый у поўным або частковым аб’ёме даводзіцца займацца ўласнымi сiламi, гэта значыць сiламi мастакоў культасветустаноў (якiя знаходзяцца на бюджэце i аплата iх работы не здзяйсняецца з каштарыса свята), задача арганiзатараў у пэўнай ступенi ўскладняецца. Загадчык пастановачнай часткі складае пералiк патрэбных матэрыялаў i ўказвае iх колькасць з наменклатуры, названай у каштарысе. Затым ён займаецца набыццём матэрыялаў. Але адбор тканiн для дэкарацый i касцюмаў, мэблi, упрыгожванняў робіцца абавязкова паводле кансультацыi мастака.

Планаванне вырабу дэкарацый увязваецца з агульным графiкам падрыхтоўкi свята, у якiм самым важным звяном з’яўляюцца мантажныя, прагонныя i генеральныя рэпетыцыi. Да пачатку мантажных работ усе неабходныя дэкарацыi, светлавое i гукавое абсталяванне павiнны быць гатовы.

Загадчык пастановачнай часткі пастаянна сочыць за выкананнем намечанага плана, прымае аператыўныя рашэннi ў выпадку затрымак i змен, якiя ўзнiкаюць па розных прычынах. Перыядычна адказныя асобы збiраюцца на пасяджэннi аргкамiтэта, дзе ўдакладняюцца тэрмiны выканання заданняў, разбiраюцца пытаннi, звязаныя з забеспячэннем, прыцягненнем дадатковых рэзерваў, арганiзацыяй работ i інш.

Святочны феерверк

Пiратэхнiчныя дзеяннi з’яўляюцца аднымі з самых яскравых ў сiстэме мастацкiх выразных сродкаў свята. Святлодынамiчныя пiратэхнiчныя кампазiцыi з'яўляюцца як дадатковым элементам дэкору асобных святочных фрагментаў (тэатралiзаванага шэсця, прадстаўлення, канцэрта, абрадава-рытуальных дзей, спартыўных i масава-гульнёвых праграм), так і самастойным дзеяннем. Распрацаваныя i здзейсненыя ў форме пiратэхнiчных спектакляў або звычайных дэкаратыўных феерверкаў карнавальнага тыпу, яны часта з’яўляюцца кульмiнацыйнай часткай свята або яго фiналам.

Феерверк у Беларусi мае багатыя шматвяковыя традыцыi. Яшчэ ў 1650 г. беларускi шляхцiц Казiмiр Семяновiч у сваёй кнiзе “Вялiкае мастацтва артылерыi”, выдадзенай у г.Амстэрдаме, раскрываў вобразны сэнс i тэхналогiю вырабу розных феерверачных фiгур, выказваў практычныя рэкамендацыi па арганiзацыi феерверкаў. Феерверкi ХVII—ХVIII стст., здзейсненыя ў Шклове, Нясвiжы, Полацку, Гродна i iншых гарадах, пераканаўча даказваюць, што феерверк дапамагае раскрываць сутнасць адзначаемай падзеi, ён адзiн з магутных сродкаў педагагiчнага i эмацыянальнага ўздзеяння.

На сучасным этапе беларускiя феерверачныя традыцыi, адроджаныя на аснове пiратэхнiчных дзей мiнулых стагоддзяў, былi ўвасоблены ў пiратэхнiчных спектаклях “Калядныя зоркi” (г.Мiнск, 1992—1995 гг.), “Агнi спадчыны” (г.Паставы, 1994—2003 гг.), “Вадзяная феерыя” (г.Нясвiж, 1998 г.), “Агні народаў сусвету” (г.Гродна, 2002 г.), “Вогненая сімфонія” (г.Калінкавічы, 2003 г.), “Карнавал весялосці” (г.п. Воранава, 2003 г.) i iнш. Феерверкi сведчаць аб стварэннi сучаснай нацыянальнай школы феерверкаў, якая грунтуецца на культурна-гiстарычнай спадчыне нашых продкаў.

Феерверк — гэта комплекс пiратэхнiчных вырабаў, скла- дзеных у пэўную мастацкую кампазiцыю. Па форме ўвасаблення яны падзяляюцца на дэкаратыўныя i тэматычныя.

Дэкаратыўны феерверк — гэта мастацкая пiратэхнiчная кампазiцыя, якая аздабляе пэўныя святочныя дзеяннi (шэсцi, канцэрты, шоу, карнавалы, тэатралізаваныя прадстаўленні).

Тэматычны (тэатралiзаваны) феерверк — мастацкі асэнсаваная вобразна сімвалічная піратэхнічная дзея, якая адлюстроўвае пэўную з'яву ў жыцці грамадства, асобы. У тэматычных феерверках разам з піратэхнічнымі і феерверачнымі вырабамі выкарыстоўваюць дадатковыя сродкі выразнасці — музыку, пластыку, слова, святло. Тэматычныя феерверкi будуюцца па законах драматургii, маюць сваю тэму i iдэю, па- дзейны рад, сцэнарна-рэжысёрскi ход, кампазiцыйную пабудову i вобразнае рашэнне ў мастацка-дэкаратыўным i музычным афармленнi. Тэматычныя феерверкi ў залежнасцi ад выкарыстаных вiдаў мастацтва набываюць розныя жанравыя адценнi: лiтаратурна-музычныя пiратэхнiчныя кампазiцыi, гукапіратэхнічныя, святлогукапіратэхнічныя і водна-піратэхнічныя спектаклі.

Работа над увасабленнем феерверку пачынаецца пасля зацвярджэння сцэнарыя. Асаблiвасць работы па арганiзацыi феерверку заключаецца ў тым, што яшчэ на этапе распрацоўкi сцэнарыя аўтары павiнны ў яго закласцi не толькi вобразна-сiмвалiчнае рашэнне, але i вызначыць, якiя пiратэхнiчныя фiгуры будуць адлюстроўваць падзейныя моманты. На эскiзна-праектнай стадыi работы мастак i рэжысёр перш за ўсё распрацоўваюць прасторавае вырашэнне феерверачнай дзеi, улiчваючыархiтэктурна-ландшафтныя асаблiвасцi месца дзеяння. Так, узмацненню вiдовiшчнасцi феерверку можа садзейнiчаць выкарыстанне ў якасцi дадатковых пунктаў дзеяння розных архiтэктурных пабудоў, скульптур, сцэн, iнжынерных збудаванняў i інш. Пры рабоце з эскiзамi пiратэхнiчных фiгур мастак вызначае колеры дэкаратыўных агнёў, а таксама памеры дэкаратыўных канструкцый. Велiчыня iх залежыць ад адлегласцi памiж месцам спальвання пiрафiгур i гледачамi, якiя назiраюць вогненную дзею: чым большая адлегласць да гледачоў, тым большага памеру павiнны быць пiрафiгуры.

Эскiзна-праектная распрацоўка ажыццяўляецца мастаком у садружнасцi з iнжынерам-канструктарам i пiратэхнiкам. Ра- зам з iнжынерам мастак вызначае прынцып дзеяння складаных пiратэхнiчных канструкцый (домны, страляючыя танкi, рухомыя фiгуры, лятучы дракон, кветкi, якiя раскрываюцца i закрываюцца, i інш.), выпрацоўвае iх чарцяжы i тэхналагiчнае апiсанне. Пiратэхнiк у сваю чаргу вырашае, на якiх вiдах пiратэхнiчных вырабаў будзе здзяйсняцца дзеянне пiратэхнiчных фiгур (фантаны, контурныя свечкi, форсы або з ажыццяўленнем камбiнаванага спосабу ўжывання розных вырабаў).

Работы з феерверачнымi вырабамi належаць да катэгорыi выбуховых i вогненебяспечных. Таму пры планiроўцы прасторавага вырашэння месца дзеяння мастак i пiратэхнiкi павiнны ўлiчваць нарматывы адлегласцей, якія гарантуюць бяспеку гледачоў у час правядзення феерверку.

Распрацоўваючы прасторавае вырашэнне месца феерверачнай дзеi, мастак разам з пiратэхнiкам павiнен вызначыць, а затым намаляваць або начарцiць план гэтага месца з абазначэннем небяспечнай i бяспечнай зон, а таксама адзначыць месцы размяшчэння пажарнай машыны, машыны хуткай дапамогi i службы аховы парадку.

Усе напрацоўкi, зробленыя мастаком, iнжынерам i пiратэхнiкам, зацвярджаюцца рэжысёрам, якi разам з загадчыкам пастановачнай часткі складае графiк падрыхтоўкi феерверку. У гэтым графiку неабходна вызначыць вiды работ, тэрмiны iх выканання i адказных за падрыхтоўку. У пералiку вiдаў работ неабходна прадугледзець наступнае:

— распрацоўку лiтаратурнага сцэнарыя;

— рэжысёрскі праект;

— запiс фанаграм або падрыхтоўку музычнага калектыву (народнага, сiмфанiчнага, духавога, эстраднага i іншых у залежнасцi ад тэматыкi i жанру дзеi), якi будзе суправаджаць феерверк;

— выраб пiратэхнiчных саставаў, элементаў i фiгур;

— месца захавання i аховы феерверачных вырабаў;

— падрыхтоўку грузавога транспарту i суправаджальных для дастаўкi феерверачных вырабаў;

— падрыхтоўку брыгады рабочых для пагрузачна-разгрузачных работ i размяшчэння пiратэхнiчных фiгур i ракетных павiльёнаў;

— забеспячэнне аховы месца правядзення феерверку, мер супрацьпажарнай бяспекi, медыцынскага абслугоўвання (на выпадак няшчасных здарэнняў);

— вырашэнне пытанняў харчавання i размяшчэння пiратэхнiкаў-дэманстратараў i членаў пастановачнай групы;

— забеспячэнне перагаворнымі сродкамі рэжысёра, яго асiстэнтаў, пiратэхнiкаў i супрацоўнiкаў аховы парадку, пажарнай i медыцынскай службаў.

У працэсе вытворчасцi мастак кантралюе выраб дэкарацый для феерверку, а загадчык пастановачнай часткі — усе астат-нiя вiды работ.

Вытворчасцю пiратэхнiчных вырабаў займаюцца многiя спецыялiзаваныя фiрмы i прадпрыемствы, але частка з iх не мае лiцэнзiй на дэманстрацыю феерверкаў. Маладасведчаныя пiратэхнiкi такiх фiрм не прытрымлiваюцца iснуючых правiл дэманстрацыi феерверку. Іншыя пiратэхнiчныя фiрмы не маюць сваёй вытворчай базы, выкарыстоўваюць нiзкаякасныя феерверачныя вырабы i кампраметуюць гэты вiд мастацкай дзейнасцi.

Трэба звяртацца да паслуг мiжнароднага саюза развiцця феерверачнага мастацтва “Спецэфект-плюс” (генеральны офiс у г.Мiнску). Яго работнiкi распрацоўваюць высокамастацкiя феерверкi, маюць сваю вытворчую базу i карыстаюцца унiкальнымi тэхналогiямi.

Транспарціроўка феерверачных вырабаў. Перавозiць феерверачныя вырабы i пiратэхнiчныя матэрыялы можна чыгуначным, водным, аўтамабiльным, гужавым транспартам пры наяўнасцi дазволу органаў Мiнiстэрства ўнутраных спраў. Забараняецца перавозка вырабаў ручной паклажай у самалётах, мясцовых паяздах i багажом у пасажырскiх паяздах.

Перавозку вырабаў аўтамабiльным транспартам павiнны суправаджаць адказная асоба i ўзброеная ахова. Вадзiцель транспартнага сродку павiнен прайсцi тэхнiчнае навучанне, медыцынскi агляд i мець пасведчанне на права перавозкi спецыяльных грузаў. Перавозка дазваляецца толькi ў спецыяльна абсталяваных транспартных сродках, якiя адпавядаюць наступным патрабаванням:

— металiчныя часткi кузава машыны павiнны быць засцелены мяккiм матэрыялам або абабiты дрэвам цi другiм iзалюючым матэрыялам;

— выхлапная труба i глушыцель павінны быць справа ад радыятара i мець iскраахову;

— на транспартным сродку неабходна наяўнасць двух вогнетушыцеляў або скрыні з сухiм пяском;

— злева ад кабiны трэба ўмацаваць чырвоны сцяжок;

— асобам, якiя суправаджаюць груз, i вадзiцелям грузавiкоў у час руху транспарту забараняецца курыць i мець пры сабе запальваючыя сродкi.

Пры мiжгароднiх перавозках пажадана, каб транспарт суправаджаў аўтамабiль ДАI. У выпадку неабходнасцi пры мiжгароднiх перавозках дапускаецца пакiдаць транспарт, але абавязкова пад наглядам i не блiжэй чым за 200 м ад тран- спартнай магiстралi i населеных пунктаў, прычым на машыне трэба выстаўляць аварыйны сiгнал.

Пры перавозцы вырабаў аўтамабiльным транспартам дапускаюцца наступныя скорасцi:

— на тэрыторыi прадпрыемства — не болей 15 км/гадз.;

— па грунтавых i прасёлачных дарогах — не болей 30 км/гадз.;

— па бетоннай цi асфальтаванай шашы — не болей 60 км/гадз.

Па чыгунцы вырабы перавозяць у простым вагоне без абмежавання адлегласцi i скорасцi. Такiя ж умовы iснуюць i пры перавозцы вырабаў водным транспартам.

Перавозiць феерверачныя вырабы ручной паклажай можа пiратэхнiк або кiраўнiк феерверку.

Захаванне вырабаў. Склады захавання пiратэхнiчных вырабаў па сваім прызначэнні падзяляюцца на пастаянныя i часовыя. Пастаянныя склады — гэта сховiшчы, абсталяваныя стэлажамi i памостамi. Часовыя склады — гэта пляцоўкi або спецыяльна абсталяваны аўтамабiль. Склады захавання феерверачных вырабаў павiнны быць прыняты камiсiяй, якая складаецца з прадстаўнiкоў адмiнiстрацыi прадпрыемства, Дзяржпрамнагляду, Дзяржпажарнагляду, МУС.

Феерверачныя вырабы захоўваюцца ва ўпакоўцы ў неацяпляльных памяшканнях пры тэмпературы ад +400 да -500 С у адпаведнасцi з указаным гарантыйным тэрмiнам захоўвання канкрэтнага вырабу. Скрыні з вырабамi павiнны быць укла- дзены ў штабелi па тыпах вырабаў з забеспячэннем вольнага праходу да кожнага тыпу вырабаў.

Колькасць штабеляў вызначаецца патрабаваннямi тэхналагiчных апiсанняў i iнструкцый па эксплуатацыi на канкрэтны тып феерверачнага вырабу. У сховiшчы на вiдным месцы павiнны быць вывешаны нормы захавання вырабаў i iнструкцыя па ахове працы i тэхнiцы бяспекi, а таксама паказана планiроўка размяшчэння асобных вiдаў вырабаў.

Норма пераносу вырабаў адносiцца да першага класа i складае: для мужчын — 20 кг, для двух мужчын — да 50 кг, для жанчын — 5 кг. У памяшканнi сховiшча дазваляецца праводзiць работы, звязаныя толькi з прыёмам, выдачай i перавозкай феерверачных вырабаў.

Сховiшча абсталёўваецца прыборамi вымярэння тэмпературы i вiльгацi, а iх паказаннi неабходна штодня фiксаваць у журнале. Тут жа павiнен весцiся журнал улiку феерверачных вырабаў. У сховiшчы павiнны быць сродкi пажаратушэння (два вогнетушыцелі, вядро з сухiм пяском, рыдлёўка, багор).

Усе пастаянныя сховiшчы павiнны кругласутачна быць пад наглядам ваенiзаванай аховы. Часовыя склады на аўтамабiлях ахоўваюць асобы, якія суправаджаюць грузы, або кладаўшчык.

Калi ў мясцовасцi, дзе адбываецца феерверк, няма сховiшчаў, вырабы можна паставiць пад ахову ў асобны бокс пажарнай часткi або аддзела мiлiцыi.

Тэхніка бяспекі і меры перасцярогі пры падрыхтоўцы і правядзенні феерверку. Да правядзення работ з феерверачнымi вырабамi дапускаюцца асобы, якiя азнаёмлены з тэхнiчнымi характарыстыкамi, устройствамi i правiламi эксплуатацыi вырабаў, маюць пасведчанне на права правядзення i дэманстрацыi феерверкаў.

У час правядзення феерверку пры выкананнi работ з пiратэхнiчнымi i феерверачнымi вырабамi забараняецца:

— карыстацца агнём на адлегласцi не меней 25 м ад пускавой пляцоўкi i феерверачных вырабаў (акрамя феерверкаў, дзе ў якасцi ўспламяняльнiка ўжываецца стапiнавы шнур);

— прысутнасць пабочных асоб;

— знаходжанне на феерверачнай пляцоўцы нецвярозых людзей;

— кiдаць вырабы, цягнуць за правады электраўспла-мяняльнiк або вогнеправодны шнур;

— пераносiць вырабы ў кiшэнi, пад вопраткай;

— насiць касцюмы з сiнтэтычных матэрыялаў, электронныя гадзiннiкi, залатыя i сярэбраныя вырабы i ўпрыгожваннi;

— разбiраць вырабы i вымаць з iх састаўныя часткi, выпраўляць у iх пашкоджаннi;

— здзяйсняць якiя-небудзь дзеi з вырабамi, калi яны пад- ключаны да электракрынiц;

— пераносiць, апускаць i вымаць вырабы са ствала марцiры;

— пакiдаць у ствале марцiры або на пускавой пляцоўцы неспрацаваўшыя вырабы;

— выкарыстоўваць абсталяванне i марцiры з увагнутасцямi, трэшчынамi i iншымi дэфектамi.

У вынiку пажару для тушэння палаючых пiратэхнiчных i феерверачных вырабаў неабходна выкарыстоўваць пясок, пенныя, парашковыя i вуглекiслотныя вогнетушыцелi.

Знішчэнне непрыгодных вырабаў. Пры правядзеннi феерверку неабходна весцi назiранне за работай феерверачных вырабаў i фiксаваць анамальныя выпадкi спрацоўвання.

Феерверачныя вырабы, як i любыя вырабы серыйнай вытворчасцi, у вынiку падзення, няправiльнай зборкi, прымянення ў працэсе вырабу дэфектных камплектуючых дэталяў падвергнуты анамальнай рабоце.

Асноўныя вiды анамальнай работы вырабаў, якiя могуць адбыцца ў час правядзення феерверку, наступныя:

— для наземных феерверачных вырабаў (фантанаў, кiтайскiх колаў) — гэта разрыў корпуса i разлёт састаўных частак;

— для паркавых феерверачных вырабаў (рымскiх свечак, буракоў) — гэта разрыў корпуса i разлёт пiраэлементаў у бакi, супрацьлеглыя асноўнаму напрамку;

— для вышынных феерверачных вырабаў (люсткугелi) — гэта спрацоўванне ў марціры, на траекторыi палёту, пры па- дзеннi на зямлю, вяртаннi на зямлю неспрацаваўшага люсткугеля — “чорны шар”.

Усе пералiчаныя анамалii маюць свае прычыны i вынiкi i павiнны быць разгледжаны ў арганiзацыях з прыняццем адпаведных мер па iх устараненні.

Пасля феерверку неабходна правесцi агляд мясцовасцi з мэтай збору буйных рэшткаў незгарэўшых пiраэлементаў i знаходжання анамальна спрацаваўшых цi неспрацаваўшых вырабаў.

Для знiшчэння непрыгодных вырабаў падбiраецца такая мясцовасць, дзе ёсць натуральныя перашкоды (яры, равы, лагчыны i да т.п.), якiя абмяжоўваюць разлёт пiратэхнiчных вырабаў. Пры падборы такой мясцовасцi трэба ўлiчваць, што вакол яе не павiнна быць будынкаў, лiнiй электраперадач i матэрыялаў, якiя могуць загарэцца.

Для знiшчэння вырабу прымяняюць спецыяльную тэрмiтную шашку з электраўспламяняльнiкам прамысловай вытворчасцi. Шашку ўспламяняюць з укрыцця або з бяспечнай адлегласцi.

Калi пры запуску выраб не выйшаў з марцiры, знiшчэнне адбываецца тэрмiтнай шашкай, якую апускае на выраб адказная асоба ў акулярах, што ахоўваюць вочы. Марцiры пры гэтым павiнны быць заглыблены ў грунт на 1/3 ствала.

Неспрацаваўшыя пiратэхнiчныя элементы кладуць на загорнутую ў паперу тэрмiтную шашку i знiшчаюць шляхам успламянення шашкi.

Правілы па падрыхтоўцы і дэманстрацыі феерверку. Феерверк здзяйсняе арганiзацыя, якая мае дазвол на яго правя- дзенне. Усе асобы, занятыя падрыхтоўкай i дэманстрацыяй феерверку, павiнны быць праiнструктаваны кiраўнiком феерверку перад кожнай дэманстрацыяй аб мерах бяспекi пры рабоце з вырабамi.

Для атрымання дазволу на права дэманстрацыi феерверку прадпрыемства цi арганiзацыя падае заяву ў мясцовыя органы ўлады з адначасовым уведамленнем органаў мiлiцыi i пажарнай аховы.

У заяве неабходна ўказаць:

— найменне арганiзацыi;

— аб’ём феерверку, тэрмiн правядзення, характар вырабаў;

— звесткi аб арганiзацыi, якая праводзiць феерверк;

— да заявы дадаецца копiя дазволу на права правядзення работ па дэманстрацыi феерверку.

Непасрэдна на месцы перад падрыхтоўкай i дэманстрацыяй феерверку кiраўнiк абавязаны ўдакладнiць з органамi мiлiцыi i пажарнай аховы месца, дату i час правядзення феерверку, парадак кароткатэрмiновага захоўвання вырабаў, парадак знiшчэння непрыгодных вырабаў, а таксама атрымаць пiсьмовы дазвол на правядзенне феерверку.

Органы мясцовай улады сумесна з арганiзацыяй абавязаны распрацаваць план па забеспячэнні мер аховы месца правя- дзення феерверку, мер супрацьпажарнай бяспекi i выдзелiць машыну хуткай дапамогi з абслуговым персаналам.

Месца дэманстрацыi феерверку размяшчаецца на бяспечнай адлегласцi ад гледачоў.

На пляцоўках, з якiх выпускаюцца вырабы, павiнен быць устаноўлены такi парадак, пры якiм выключалiся б выпадкi пранiкнення пабочных асоб i крадзяжу феерверачных вырабаў.

На пляцоўках, дзе адбываецца дэманстрацыя феерверку, забараняецца курыць, працаваць у нецвярозым стане, пакiдаць феерверачныя вырабы без аховы.

Пасля заканчэння феерверку пляцоўку аглядаюць з мэтай збору неспрацаваўшых вырабаў i элементаў. Усе неспрацаваўшыя вырабы неабходна знiшчыць у адпаведнасцi з правiламi.

Ахова тэрыторыi пускавой пляцоўкi можа быць знята толькi пасля заканчэння ўсiх вiдаў работ са згоды кiраўнiка феерверку. Пасля заканчэння феерверку складаюць акт аб яго правядзеннi i вынiках (у трох экземплярах). Акт падпiсваюць:

— кiраўнiк феерверку;

— адказная асоба мясцовых органаў улады;

— прадстаўнiк арганiзацыi — заказчыка феерверку.

На акце ставiцца пячатка мясцовых органаў улады або арганiзацыi-заказчыка, i ён захоўваецца ў справах.

Літаратура

Базанов В. Техника и технология сцены. —Л.: Искусство, 1976.

Всесоюзная школа молодых ученых и специалистов “ Свет и музыка”: Тез. докл. — Казань: КАИ, 1979.

Галеев Б. Театрализованные представления “ Звук и свет” под открытым небом. — Казань: КАИ, 1991.

Галеев Б.М. Светомузыка в системе искусств. — Казань: КАИ, 1991.

Генкин Д.М. Массовые праздники — М.: Просвещение, 1975.

Глан Б.М. Праздник всегда с нами. — М.: СТД ,1988.

Гуд П.А. Огненная симфония. Из истории белорусских фейерверков. — Дзержинск: ПКФ “ Кальвин”, 1997.

Домшлак М. Архитектура старинного праздника // Декоративное искусство СССР. — 1965. — № 12.

Захаржевская Р. Костюм для сцены. — М.: Сов. Россия, 1973.

Конович А.А. Театрализованные праздники и обряды в СССР. — М.: Высшая школа, 1990.

Крылов О.А. Основы фейерверочного искусства. — М.: Россия,1996.

Лившиц П., Темкин А. Сценический грим и парик. — М.: Искусство, 1958.

Мінск святочны: Фотаальбом / Укл. В.Н. Іваноў. — Мн.: Беларусь, 1989.

Немиро О.В. В город пришел праздник. — Л.: Художник РСФСР, 1973.

Немиро О.В. Праздничный город. — Л.: Художник РСФСР, 1987.

Силин А.Д. Площади — наши палитры. — М.: [Б.и.], 1982.

Режиссура и организация массовых зрелищ: Хрестоматия / Сост., ред., автор введения В.Н.Айзенштадт. — Харьков: ХГИК, 1973.

Художник и зрелище: Сб.ст. — М.: Сов. художник, 1990.

Шамшур В.В. Празднества революции. — Мн.: Наука и техника, 1989.

Наши рекомендации