I. пачатковы этап падрыхтоўкі да свята

П.А.Гуд

ТЭХНАЛОГIЯ СТВАРЭННЯ СВЯТА

Вучэбны дапаможнiк

Мінск 2004

УДК 79(476) (075)

ББК 85.34 (4Беи)я7

Г 935

Рэцэнзенты

У.А.Мішчанчук, дэкан тэатральнага факультэта Беларускай дзяржаўнай акадэмii мастацтваў, заслужаны артыст РБ, прафесар

Ю.М. Чарняк, кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт кафедры рэжысуры абрадаў і свят Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры

Рэкамендаваны да друку прэзідыумам вучэбна-метадычнай рады Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры

Гуд П.А.

Г935 Тэхналогія стварэння свята: Вучэб. дапам. — Мн.: Бел. дзярж. ун-т культуры, 2004. — 224 с.

ISBN 985-6579-77-5

Вучэбны дапаможнік адпавядае праграме курса “Арганізацыйны план свята”. У ім разглядаюцца арганіза-цыйныя, вытворчыя, матэрыяльна-тэхнічныя, фінансавыя і іншыя аспекты ўвасаблення святочных дзеянняў.

Для студэнтаў і педагогаў ВНУ культуры і мастацтваў, усіх, хто займаецца пытаннямі падрыхтоўкі і правядзення свят.

ББК 85.34 (4Беи)я7

ISBN 985-6579-77-5 © П.А.Гуд, 2004 г.

ПРАДМОВА

У нашай краіне заўсёды надавалася ўвага развіццю новай святочнай культуры і святочных абрадаў, якія адлюстроўваюць этнiчную спецыфiку i мастацкiя традыцыі беларускага народа. Сёння мы з упэўненасцю можам сказаць, што гэта праблема ў многiм вырашана. Па-першае, у краiне склалiся ўстойлiвыя традыцыi правядзення народных свят каляндарнага цыкла, такіх як Каляды, Масленiца, Вялiкдзень, Купалле, Дажынкi. Штогод ва ўсiх раёнах праводзяцца святочныя кiрмашы як абрадава-гульнёвая форма завяршэння сельгасработ. Па-другое, шырокае распаўсюджанне атрымалi святы мастацтваў рэгiянальнага i рэспублiканскага ўзроўняў, а такiя, як “Славянскi базар” (Вiцебск), “Сожскi карагод” (Гомель), “Музычная восень” (Мiнск), “Залаты шлягер” (Магілёў ), “Звiняць цымбалы i гармонiк” (Паставы) i iншыя, набылi мiжнародны статус, шырокавядомы ў нас i за мяжой. Па-трэцяе, у вынiку самаадданай творчай работы дзеячаў культуры i мастацтва з’явiлiся новыя унiкальныя святочныя формаўтварэннi: Свята беларускага пiсьменства (Полацк, Тураў, Навагрудак, Орша, Заслаўе, Мір), Дзень незалежнасцi, Дажынкi, Свята нацыянальных культур Беларусi (Гродна), Усебеларускае свята народнага гумару ў Аўцюках, святы народных рамёстваў, фестывалі ў гонар юбілеяў выдатных дзеячаў беларускай літаратуры, культуры і мастацтва i iнш. Пачалося станаўленне хрысцiянскiх мiстэрый i духоўных свят, новай студэнцкай абраднасцi (дзень ведаў, iнаўгурацыя ВНУ, святы выпускнiкоў). Вялiкай папулярнасцю карыстаюцца святы гарадоў i вёсак, феерверкi, пабудаваныя на пiратэхнiчных традыцыях ХVII—ХVIII стст.

Усё гэта сведчыць, што святочная культура Беларусi жыве i развiваецца. Плённая работа Мiнiстэрства культуры РБ, Беларускага дзяржаўнага унiверсiтэта культуры, Саюза фалькларыстаў Беларусі, Беларускага інстытута праблем культуры, абласных навукова-метадычных i раённых цэнтраў культуры садзейнiчае вырашэнню многiх задач творчага характару.

Але ў працэсе станаўлення новай святочнай культуры ра- зам са шматлiкiмi творчымi знаходкамi выявiўся i шэраг тэхналагiчных праблем, звязаных з матэрыяльна-тэхнiчным, адмiнiстрацыйным i фiнансавым забеспячэннем свята. Новыя эканамiчныя ўмовы патрабуюць i новых падыходаў да ўвасаблення свята. У адрозненне ад практыкi мiнулых гадоў зараз любая творчая задума можа быць рэалiзавана толькi тады, калi мае значную эканамiчную базу. Рэжысёр сёння выступае не толькi ў якасцi творцы, як гэта было раней, але i ў значнай ступенi ў ролi арганiзатара, эканамiста, адміністратара, якi павiнен умець суадносiць маштаб творчай задумы з рэалiямi матэрыяльна-тэхнiчных i фiнансавых сродкаў, выдзеленых на пастаноўку.

Аналiз паказвае, што пераважная большасць рэжысёраў свят краіны не валодаюць або слаба знаёмы з ведамi ў галiне арганiзацыi свята. На гэтую тэму творчыя семiнары, на жаль, не праводзяцца нiводнай дзяржаўнай структурай. Курс “Арганiзацыйны план падрыхтоўкi свята”, якi чытаецца на кафедры рэжысуры абрадаў і свят Беларускага дзяржаўнага унiверсiтэта культуры, забяспечвае толькi невялiкую колькасць будучых рэжысёраў i не можа пакуль што вырашыць пастаўленую задачу ў масштабе ўсёй дзяржавы.

Мiж тым якасць свят у многiм змяншаецца з-за няведання рэжысёрамi функцыянальных абавязкаў членаў структурных падраздзяленняў аргкамiтэта, спосабаў стварэння перадсвяточнай атмасферы, адсутнасцi навыкаў арганiзацыйна-вытворчага аналiзу сцэнарыя i стварэння на гэтай аснове рабочага плана падрыхтоўкi свята, яго творчага i матэрыяльна-тэхнiчнага забеспячэння. У многiх раёнах святы лiтаральна “правальваюцца” з прычыны недакладнага вырашэння вытворчых аспектаў арганiзацыi абслугоўвання запрошаных гасцей i творчых калектываў, рэкламы свята, работы дапаможных службаў, дрэннага гукавога i мастацка-дэкаратыўнага афармлення.

Таму ў блiжэйшыя гады вышэйшым i сярэднiм навучальным установам культуры i мастацтва, метадычным падраз- дзяленням сiстэмы Мiнiстэрства культуры Беларусі трэба звярнуць увагу на распрацоўку методыкi арганiзацыi свята i шляхам пастаянна дзеючых семiнараў узбагацiць гэтымi ведамi работнікаў культуры i мастацтва краіны.

Аўтар дапаможнiка “Тэхналогiя стварэння свята” прапануе шляхi вырашэння арганiзацыйных, матэрыяльна-тэхнiчных, фiнансавых і асобных творчых аспектаў увасаблення святочнага дзеяння. Кнiга пабудавана на матэрыялах разнастайных лiтаратурных крынiц, нарматыўных актаў i дакументаў, уласным 40-гадовым творчым вопыце аўтара па пастаноўцы больш за 400 свят, тэатралiзаваных прадстаўленняў, вiдовiшчаў, абрадаў і канцэртаў. Паколькi на сучасным этапе многія святы набылі мiжнародны i рэспублiканскi статус, матэрыялы дапаможнiка раскрываюць найбольш складаныя пытаннi рознабаковага характару, а пры неабходнасцi набытыя веды можна спраектаваць i на меншыя па маштабе святочныя дзеi.

“Тэхналогiя стварэння свята” — першы ў нашай краіне дапаможнік па названай тэме. Важна, каб работнікі культуры i мастацтва, студэнты i навучэнцы, усе, хто цiкавiцца арганiзацыяй свята, прааналiзаваўшы матэрыялы кнiгi, змаглi не толькi выкарыстаць iх у сваёй працы, але i творча пераасэнсаваць, выявiць новыя перспектыўныя кiрункi ў вырашэннi праблем далейшага развiцця святочнай культуры з улікам уласнага вопыту.

I. ПАЧАТКОВЫ ЭТАП ПАДРЫХТОЎКІ ДА СВЯТА

Нараджэнне свята можа адбывацца па-рознаму: з сацыяльнага цi прыватнага заказу, абумоўленага неабходнасцю адлюстравання падзеi ў жыццi грамадства, калектыву, асобы; са з’яўлення новай аўтарскай iдэi, у якой прапануюцца святочныя формаўтварэннi або новыя рашэннi i творчыя падыходы да ўжо iснуючых святочных дзеянняў. Але ў любым выпадку на пачатковым этапе перад яго iнiцыятарамi паўстае шэраг арганiзацыйных пытанняў. Перш за ўсё гэта стварэнне iнiцыятыўнай групы з лiку творчых работнiкаў i заказчыкаў (або прадстаўнiкоў арганiзацыi, прадпрыемства, дзе мяркуецца ўвасобiць прапануемую ўрачыстасць), якiя ў далейшым будуць займацца распрацоўкай, арганiзацыяй i правядзеннем свята.

Работа любой iнiцыятыўнай групы, незалежна ад маштабу ўвасабляемай дзеi, складаецца з абгрунтавання выбранай тэмы, распрацоўкi агульнай канцэпцыi свята (творчай заяўкi), а таксама пастаноўкi агульных задач яе рэалiзацыi.

Творчая заяўка на правядзенне свята раскрывае наступнае:

1) актуальнасць i сацыяльную значнасць адзначаемай падзеi;

2) мэту і задачу свята;

3) навізну (або пераемнасць) у творчым адлюстраванні дзей;

4) праграму, састаўныя фрагменты або разгорнуты план ці агульны сцэнарый свята;

5) агульны план або пералік задач творчага, матэрыяльна-тэхнічнага, арганізацыйнага і фінансавага забеспячэння свята.

На аснове творчай заяўкi члены iнiцыятыўнай групы распрацоўваюць палажэнне аб правядзеннi свята. У палажэннi вызначаюцца мэты i задачы свята, умовы яго правядзення, склад аргкамiтэта з пералiкам галоўных адказных асоб. Часам у палажэнне ўключаюць комплекс заданняў, якiя неабходна вырашыць вызначаным арганiзацыям, установам i прадпрыемствам.

Калi святочнае дзеянне праводзiцца ў форме фестывалю або ў структуры свята ёсць конкурсы пэўнай накiраванасцi, то ў палажэннi павiнны знайсцi адлюстраванне крытэрыi ацэнак выступлення ўдзельнiкаў, а таксама склад журы. У журы неабходна ўключаць найбольш аўтарытэтных спецыялiстаў у тым жанры мастацтваў або вiдзе народных рамёстваў, спорту, конкурсаў прафесiйнага майстэрства, па якiх праводзiцца спаборніцтва ўдзельнiкаў. Гэта неабходна для таго, каб вынiковае рашэнне аб пераможцах было максiмальна аб’ектыўным i не выклiкала спрэчных пытанняў.

Самай цяжкай справай з’яўляецца складанне каштарыса выдаткаў на правядзенне свята. У тым выпадку, калi каштарыс складаецца “пад сцэнарый” (гэта значыць спачатку вызначаюцца ўсе аспекты фiнансавання, што з’яўляецца найлепшым варыянтам), а затым выдзяляюцца сродкi для творчага, вытворчага, матэрыяльна-тэхнiчнага i арганiзацыйнага забеспячэння свята, члены аргкамiтэта ў першую чаргу праводзяць арганiзацыйна-вытворчы аналiз сцэнарыя, каб можна было задаволiць усе патрэбы падрыхтоўкi i правядзення свята. Затым фiнансавыя пытаннi зводзяць у агульны каштарыс, якi зацвярджаецца яго заказчыкамi поўнасцю або з папраў-камi. У сучасных умовах з прычыны складанага эканамiчнага становiшча дзяржавы такi спосаб складання каштарыса свята ажыццяўляецца рэдка.

Звычайна выдзяляюць сродкi, загадзя распланаваныя Мiнiстэрствам культуры РБ асобнымi сумамi на кожнае канкрэтнае свята, якое мяркуецца ўвасобiць на працягу фiнансавага або каляндарнага года. Iснуе практыка долевага ўдзелу ў святах, калi зацiкаўленыя арганiзацыi, установы, прадпрыемствы выдзяляюць на яго правядзенне пэўную суму грошай або фiнансуюць у адпаведнасцi з калектыўнай дамоўленасцю вызначаную частку работ.

Каштарыс выдаткаў уваходзiць асобным раздзелам у палажэнне аб правядзеннi свята i складаецца з назвы выдаткаў, iх агульнага кошту, вызначэння адказных за аплату. Гэты агульны каштарыс затым ( у працэсе падрыхтоўкi свята) дэталiзуецца па асобных пазiцыях. Але пры такiх умовах фiнансавання пры ўвасабленнi свята сустракаюцца значныя цяжкасцi, таму што творчыя iдэi даводзіцца рэалiзоўваць у запланаваных рамках каштарыса.

Дэталёва распрацаванае палажэнне аб правядзенні свята члены iнiцыятыўнай групы падаюць на разгляд адпаведных дзяржаўных органаў, устаноў, якiя могуць вырашыць пытаннi яго правядзення (калегii розных мiнiстэрстваў, абласныя, гарадскiя або раённыя выканкамы, упраўленнi культуры, грамадскiя i прыватныя арганiзацыi i інш.). На спецыяльным пасяджэннi такой дзяржаўнай, грамадскай ці прыватнай установы або арганiзацыі абмяркоўваюць прапановы iнiцыятыў-най групы, уносяць пэўныя папраўкi i дапаўненні (калi iснуе неабходнасць) i зацвярджаюць палажэнне аб правядзеннi свята.

У пiсьмовым выглядзе палажэнне аб правядзеннi свята даводзiцца да ведама ўсiх творчых, арганiзацыйных, гаспадарчых i iншых структур, якiя прыцягваюцца да правядзення свята. Затым распачынаецца работа над рэалiзацыяй розных пытанняў увасаблення святочнага дзеяння.

Літаратура

Аўцюкі-2003. 1V Усебеларускі фестываль народнага гумару. — Гомель: КИПУП “ Сож “, 2003.

Звіняць цымбалы і гармонік.Міжнародныфестываль народнай музыкі: Даведнік фестывалю. — Мн.: Чатыры чвэрці, 1998.

Не старэюць душой ветэраны.Трэці рэспубліканскі фестываль народнай творчасці ветэранскіх калектываў. — Мн.: РПКВ, 1977.

Пад белым крылом Беларусі. 1V Усебеларускі фестываль нацыянальных культур, Гродна, 7—8 чэрв. 2002 г. — Мн.: ТАА “Ковчег”, 2002.

Сожскі карагод. Второй международный фестиваль бальной хореографии. — Жлобин: Техническая книга, 1999.

II. АРГАНІЗАЦЫЙНЫ КАМІТЭТ

ПА ПАДРЫХТОЎЦЫ СВЯТА

Наши рекомендации