ІІ. Хцівасць можна вылечыць толькі сумленнасцю, якая не ведае кампрамісаў.

Змаганне з грахом – гэта заданне на ўсё жыццё. Каб перамагаць у гэтай барадзьбе трэба добра ведаць сваё сумленне, свае слабасці і свае грахі. Гэтае Набажэнства не мае быць толькі пералікам Тваіх грахоў. Перш за ўсё – гэта малітва. Грахі не толькі трэба ведаць, лічыць і вымаўляць на споведзі. Грахі трэба аддаваць Богу на малітве, трэба над нашымі грахамі заклікаць міласэрнасць Пана і Ягоную моц. Гэтая адарацыя-разважанне мае сэнс толькі тады, калі стане малітвай. Гэта спроба паразмаўляць з Панам пра нашу слабасць. Рахунак сумлення пабудаваны як дыялог асобы (у тэксце - І) і сумлення (у тэксце - ІІ). Фрагменты з Бібліі павінны дапамагчы нам наблізіцца да Абліччы Пана, і калі магчымы спеў, то ён можа стаць формай адказу – праслаўлення, што ўзвялівае Прабачальную Любоў Госпада. Добра, калі такі Рахунак Сумлення можна зрабіць у групе, бо нам не хапае пачуцця супольнага перапрашэння Пана, а Ён жадаў, каб мы вызнавалі адзін аднаму нашыя правіны.

І яшчэ раз, памятай, гэтае разважанне не мае намер пералічыць твае грахі, цябе прынізіць, альбо засароміць. Мэта адна – дапамагчы твайму сэрцу маліцца ў праўдзе і пакоры, знайсці суцяшэнне і падрыхтаваць яго да пасхальнай сустрэчы з Панам у таямніцы Споведзі.

ВЯЛІКІ ПОСТ 2012. Барысаў.

ЧАСТКА І.

Езус і мае спакусы.

Святая Гостыя…(спеў)

Святая Гостыя, Крыніца Божай любові,Ты нашым душам моц даеш.

1.О, Ўсемагутны, што цела прыняў ад Марыі. *Прыходзіш у маё сэрца, ціхі і

просты, * Слабасці нашы не раздзеляць нас з Табой.

2. Сэрца маё – Твая святыня, о Валадар Хвалы адвечнай, пануй і валадар у ім, нібы ў палацы. Будзь праслаўлёны, мой пакорны Бог.

І. А калі Езус узняў вочы і паглядзеў на натоўп, які сабраўся вакол яго, сказаў Філіпу: Адкуль возьмем хлеба, каб накарміць гэтых людзей? (Ян 6,5)

ІІ. Вакол хлеба заўсёды збіраюцца галодныя. Чалавек, які даўно не еў, сніць водар хлеба. Вакол белага хлеба на алтары, вакол маленькай белай Гостыі збіраюцца натоўпы галодных людзей. Голад зразумення, голад сяброўства, голад спагады, здароўя, дабрабыту, і, нарэшце, голад любові… Голад чалавека, фізічны ці духоўны, заўсёды страшны. Галодныя вочы галодных людзей узіраюцца ў кавалак хлеба, такога маленькага.

І. А захоўваючы пост сорак дзён, пачаў Езус адчуваць голад. Наблізіўся тады да яго спакушальнік і сказаў Яму: калі Ты Сын Божы, загадай тым камяням, каб яны сталіся хлебам. (Мц. 4,2-3)

ІІ. Дык чым накорміш народ? Ці стануцца хлебам камяні сэрцаў нашых блізкіх? Ці зможаш нас наталіць у пустыні нашага свету сяброўствам, любоўю і ласкай, чалавечым смехам і сапраўдным шчасцем? Загадай, каб камяні вакол нас сталіся хлебам!

І. Але Ён адказаў: Напісана, не адзіным хлебам жыве чалавек… (Мц. 4,4) А калі елі, узяў Езус хлеб, благаславіў яго, ламаў і раздаваў вучням, кажучы: “Бярыце і ешце, гэта цела Маё…”(Мц. 26,26)

Шукаю Твар Твой…(спеў)

1. Шукаю твар Твой, Пане мой.

Шукаю твар Твой кожны дзень.

Па Табе тужыць душа мая,

Чакаю слова Твайго.

Ты вядзі за Сабой, Езу, дзе шлях Твой.

Ты вядзі за Сабой, Езу!

(за Сабой)

За Сабой, Пане мой, Ты вядзі кожны дзень!

За Сабой, Пане мой, Ты вядзі…

І. Тады ўзяў Яго д’ябал у святы горад, паставіў на версе святыні і сказаў: “Калі Ты Сын Божы, кінься ўніз, бо напісана: “Анёлам сваім загадае, і на руках панясуць Цябе, каб Ты не спатыкнуўся аб камень нагою сваёй.” (Мц. 4,5-6)

ІІ. Калі Ты Сын Божы, не стой далёка! Калі Ты Валадар мой, не дазволь, каб мая нага спатыкнулася. Калі Ты Пан, у якога я паверыў, беражы мяне, сцеражы на маіх шляхах. Дык чаму сустракаюць мяне няшчасці, чаму страх ахінуў мяне і не абмінула мяне хвароба, чаму жыву я ў самоце і прыніжэнні, а навокал здрады і незразуменне…? Калі Ты Сын Божы, ратуй мяне, падтрымай, не пакідай!

І. І адзін са злачынцаў насміхаўся з Яго кажучы: Калі Ты Месія, уратуй сябе самога і нас… (Лк, 23,39)

А падобна і святары насміхаліся з Яго кажучы: Іншых выбаўляў, а цяпер сябе збавіць не можа. Эй, Мессія, Кароль Ізраэльскі, сыдзі з крыжа, каб мы ўбачылі і паверылі…” (Мк. 15,31-32)…

Езус сказаў спакушальніку: “Напісана таксама: “Не будзеш выпрабоўваць Пана Бога твайго.” (Мц. 4,7)

Ты ведаеш сэрца маё…(спеў)

Ты ведаш сэрца маё,

Ты ведаеш думкі, з якімі не проста.

Ты ведаеш усё, што напаўняе мяне,

Ты — мой Госпад.

Твае пальцы мяне ляпілі,

Дотыкі мяне будзілі,

Твае вочы мною захаплялісь,

Твае вусны мне так усміхалісь.

І. Д’ябал зноў узяў Яго на вельмі высокую гару і паказаў Яму ўсе валадарствы свету і славу іх, кажучы: “Усё гэта дам Табе, калі ўпадзеш і паклонішся мне.” (Мц. 4,8-9)

ІІ. Верыць лёгка тады, калі нічога не траціш. А як добра, калі праз веру ўдаецца штосьці яшчэ і прыдбаць! Але як магчыма верыць, калі нешта прыходзіцца губляць? Ці ведаеш, як нам цяжка траціць час на малітву, калі мы маладыя і столькі ўсяго цікавага навокал нас? Ці ведаеш, як цяжка адмовіцца ад заробку, калі грошай не хапае, а ёсць магчымасць працаваць у нядзелю? О каб Ты ведаў, як балюча губляць блізкага сябра альбо каханага, калі трэба рабіць выбар паміж ім і Тваімі Запаведзямі.

І. Тады сказаў яму Езус: “Адыдзі, сатана, бо напісана: “Пану Богу твайму будзеш пакланяцца і Яму аднаму будзеш служыць.” (Мц. 6,10)

Святло жыцця…

Святло жыцця, асвяці маю цемру,

Аздараві сэрца зрок.

Міласць Твая дасягае неба,

Праўда Твая вышэй зор.

Ты адзіны верны,

Ты адзіны вечны,

Ты адзіны годны хвалы.

Ты адзіны слаўны,

Ты адзіны Пан мой,

Ты адзіны Бог мой,

Толькі Ты!

Каб толькі зразумець я мог,

Цану, што заплаціў мой Бог.

ЧАСТКА ІІ.

Р А Х У Н А К С У М Л Е Н Н Я

Брат і сястра! Перад нашым Панам, Хрыстом, які за нас цярпеў, памёр і ўваскрос, зробім рахунак нашага сумлення. Вызнаем перад Абліччам Пана 7 галоўных грахоў ў гэтым надзвычайным часе ласкі. Будзем усклікаць словамі Прарока Ісаі, вызнаючы нашыя правіны, і будзем прасіць міласэрнасці Церпячага Слугі Пана, “бо ў смерці Ягонай нашае жыццё, а ў Ранах Ягоных нашае аздараўленне”.

Мая Пыха:

Пыхлівым Бог супрацівіцца (1Пятра 5.5)

І. Пыха прымушае мяне ўвесь час прыкідвацца, што я іншы. З-за пыхі я баюся споведзі: “Што пра мяне падумае святар? Ён бачыць ува мяне класнага чалавека, а я… Не, каб я калісці сказаў праўду пра сябе? О Божа, Не!”

ІІ. Паслухай, здымі гэтую маску і скажы сам сабе: “Я грэшны і праціўны”. Ну вось, так ужо лепш, прынамсі, Бог ужо мае, што табе прабачаць.

І. Праз пыху я хлусіў.

ІІ. Каб ніхто не даведаўся, на што ты здольны і хто ты такі.

І. Праз пыху я прыніжаў іншых.

ІІ. Бо такім чынам ты сам выглядаеш значна лепш.

І. Праз пыху я прыкідваўся пакорным, лепшым, чым я ёсць на самой справе.

ІІ. Каб бачылі цябе і каб цябе хвалілі.

І. Праз пыху я асуджаў іншых.

ІІ. Бо ты найлепш ведаеш, якімі яны павінны быць.

І. Праз пыху я не прымаў дапамогу ад іншага чалавека.

ІІ. Бо ўсё ты сам ва ўсім разбярэшся.

І. Праз пыху я не маліўся.

ІІ. Бо сам справішся ў жыцці, а дзякаваць -- за што?…

І. Пыха -- мая любімая маска, ніколі не пакажа іншым, хто я…

(Маўчанне)

ІІ. Вось пашчасціць слузе Майму, ён узвысіцца, узнясецца і будзе ўзвялічаны. Як многія здзіўляліся: настолькі знявечаны быў, як ні ў кога, выгляд ягоны, а постаць яго не нагадвала чалавечай. Так здзівіць ён многія народы, каралі перад ім закрыюць вусны свае, бо ўбачаць яны тое, пра што ім не было сказана, і спазнаюць тое, чаго ніколі не чулі. Хто ж паверыць таму, што мы чулі, і каму адкрылася плячо Пана? (Іс. 52, 13 – 53,1)

І. Маю пыху можа вылечыць толькі праўда. Не, не пра іншых, а пра мяне…

Пане, ўчыні…(Спеў)

Пане, ўчыні, Пане, ўчыні,

Каб маё сэрца стала Тваім!

Каб быў ціхі і лагодны, як Ты,

Каб знайшоў супакой для маёй душы.

М а я Х ц і в а с ц ь:

Хцівасць нараджае спрэчкі, а хто давярае Пану, будзе мець усяго ўдосталь (Прысл. 28,25)

І. Давай памарым. Калі б людзі не мелі неўпарадкаваных прагненняў, не трэба было б усталёўваць сігналізацыі, не патрэбныя б былі цяжкія дзверы ў дамах і краты на вокнах, і нават замкі ў дзвярах. Не патрэбныя былі б кандуктары і кантралёры, і тысячы ўсялякіх устаноў, якія правяраюць толькі адно: ці не ашуквае нас хтосьці.

ІІ. Але, на жаль, людзі зраненыя хцівасцю, і ты таксама. Паслухай:

ІІ. Ты браў не свае рэчы.

І. Бо яны проста былі нічые… А што там, падумаеш, такая дробязь…

ІІ. Ты не купляеш квіток у транспарце.

І. Бо тыя некалькі рублёў спатрэбяцца на штосьці іншае…

ІІ. Ты не прызнаўся, калі сапсаваў чужую рэч.

І. Навошта, пра гэта ніхто ніколі не даведаецца…

ІІ. Ты краў…

І. Бо было б смешна не скарыстацца такой магчымасцю…

ІІ. Нішто так не з’ядае супакой у тваім сэрцы, як твая ўласная хцівасць…

(Маўчанне)

Але Ён узяў на сябе цярпенні нашыя і панёс нашыя хваробы, а мы думалі, што Ён пакараны, пабіты і прыніжаны Богам. Ён зранены быў за беззаконні нашыя, раздаўлены за нашыя правіны. Пакаранне свету нашага на Ім, і ў ранах Яго мы атрымалі здароўе. (Іс. 53, 4-5)

ІІ. Хцівасць можна вылечыць толькі сумленнасцю, якая не ведае кампрамісаў.

Хрысце да Цябе прыходжу…(Спеў)

Хрысце, да Цябе прыходжу ў самоце і стамленні.

Станаўлюся на калені, сэрца поўнае сумненняў.

Я, мой Езу, давяраю боль Табе і горкі смутак

І прашу, мой мілы Пане, каб узяў мяне за рукі.

Езу, давядзі да нябесных брам.

Езу, вызнаю я правіны сам.

І прашу, каб ачысціў душу маю,

Бо люблю Цябе, Езу, я люблю…

Цябе, Езу, я люблю…

Усё жыццё, як на далоні, усе ўчынкі, думкі, мары

Адчыняю прад Табою, добры Езу, Валадар мой.

Як я жыў, казаць не смею, сорам вочы зачыняе,

Але зараз, мілы Езу, Твайму сэрцу давяраю

Н я ч ы с т а с ц ь:

Бог Вас паклікаў не да нячыстасці, але да святасці. 1 Тэс 4,7

І. Я не распуснік і не чужаложнік. Я дазваляю сабе не больш і не менш, чым усе іншыя. Што, ўвогуле ўсё забаронена?

ІІ. Паслухай, калі ў збанок з чыстай вадой ты ўвальеш хоць бы кроплю нейкай брыдоты, з выгляду вада застанецца чыстай, але піць яе ты ўжо не будзеш… Так і з грахамі нячыстасці. З выгляду ты нібы застаешся такі, як і раней, але павер, нібы тая вада, ты нячысты.

І.Праз маю нячыстасць я насычаўся парнаграфіяй…

ІІ. Бо малюнак трапіў на вочы незнарок, інтэрнэт быў уключаны, фільм не хацелася перарываць…

І. Праз маю нячыстасць я шукаў эратычных тэкстаў, аповедаў, думак…

ІІ. Бо ў гэты свет ты ўцякаеш ад сябе і ад сваіх праблемаў.

І. Праз маю нячыстасць я развіваў мае эратычныя мары і фантазіі…

ІІ. Бо толькі ў іх ты адчуваеш свабоду, хаваючы свае комлексы, страхі, пачуццё непаўнацэннасці…

І. Праз маю нячыстасць я прыносіў задавальненні майму целу і ўзбуджаў яго…

ІІ. Няўжо прыемнасць для цябе больш важная, чым уласнае сэрца?

І. Праз маю нячыстасць я правакаваў іншых рухамі, словамі, вопраткай, жартамі…

ІІ. Бо хочаш усім даказаць сваю непаўторнасць.

І. Праз маю нячыстасць імкнуўся да кантактаў з іншым чалавекам…

ІІ. Бо ты не ўмееш сказаць “Не”, ты ўсё павінен мець.

Наши рекомендации