V. гукавое афармленне свята

На пачатковым этапе падрыхтоўкі свята пасля афіцыйнага зацвярджэння сцэнарыя гукарэжысёр сумесна з галоўным рэжысёрам удакладняюць канчатковы варыянт прасторавага вырашэння, а таксама зоны дзеяння свята, у якіх існуе неабходнасць агучвання, гукаўзмацнення і гукаўзнаўлення; затым праводзяць абследаванне вызначаных зон (закрытыя i адкрытыя сцэнічныя пляцоўкі, плошчы, вуліцы, стадыёны, паркі і інш.), у час якога высвятляюць, дзе можна абысцiся сродкамі мясцовай службы радыётрансляцыйнай сеткі, радыёвузла, а дзе неабходна ўсталяваць дадатковую апаратуру.

Пры вызначэнні выдаткаў на пастаноўку свята ўлічваюцца сумы, неабходныя для аплаты работы кампазітара, перапісчыка нот, арганiзацый, якія выконваюць запіс на магнітныя або лічбавыя носьбіты, выраб шумавой i арэнду неабходнай гукаўзмацняльнай і гукаўзнаўляльнай апаратуры. На гэта трэба загадзя запланаваць грашовыя сродкі, каб усе віды работ былі выкананы своечасова.

Наступны этап работы гукарэжысёра — высвятленне з дырэктарам свята матэрыяльна-тэхнічных магчымасцей мясцовасці, дзе адбываюцца святочныя падзеi. Іншы раз, калі сцэнiчныя і масава-гульнёвыя пляцоўкі невялiкія па памеры, дастаткова абысціся апаратурай мясцовых радыёвузлоў і музычных ансамбляў, якiя маюць добрую якасць i магутнасць гучання. Разам з тым, як паказвае практыка, у пераважнай большасці гарадоў Беларусі на сучасным этапе многія пляцоўкi на адкрытым паветры (плошчы, стадыёны, паркі і інш.), на жаль, аснашчаны нізкаякаснай гукаўзмацняльнай апаратурай і гучнагаварыцелямi, прызначанымі для радыётрансляцыi. У такіх выпадках можна заказаць у абласных ці гарадскіх радыёвузлах сувязі дарожную радыётрансляцыйную станцыю (радыёаўтобус), якая дазваляе стварыць больш якаснае гукаўзнаўленне і гукаўзмацненне магутнасцю 1—2 кВт або арэндаваць навейшыя гукавыя сiстэмы.

За кожнай зонай гукаўзмацнення гукарэжысёру трэба замацаваць асобнага гукааператара, з якім і будзе працягвацца работа па вырашэнні патрабуемых пытанняў (распрацоўка гукавога афармлення, аб’ём гучання, спосабы гукаўзнаўлення).

Гукарэжысёр павінен улічваць наступныя характэрныя асаблівасці прымянення сістэм агучвання і гукаўзмацнення на адкрытым паветры:

1. Залежнасць выразнасцi i гучнасці музычнай і моўнай iнфармацыі ад надвор’я (вецер, дождж, туман) і блiзка размешчаных крыніц шуму (транспарт, гуляючая публіка і інш.). Гукавую апаратуру трэба размяшчаць з улікам пастаяннай ружы вятроў, каб гук ляцеў па ветры. У адваротным выпадку вецер будзе “забівацца” ў дынамікі, што ў рэшце рэшт па- шкодзіць успрыманню дзеі.

2. Ландшафтныя і архітэктурныя асаблівасці месца дзеяння.

Пры арганізацыі на адкрытым паветры сістэм агучвання неабходна ўлічваць і тое, што прамы гук, які ідзе са сцэны, хутка затухае, асабліва на частаце 2000—3000 Гц, што прыводзіць да скажэння ўспрымання моўнай і музычнай праграм.

Шкодныя для ўспрымання інтэнсiўныя гукі, адбітыя ад паверхні жыллёвых і вытворчых пабудоў, прыходзяць да гледача з вялікім спазненнем, што з’яўляецца дадатковай крыніцай шуму.

Таму на плошчы, вакол якой стаяць будынкі, або на стадыёне дынамікі трэба размяшчаць па крузе, каб гук раўнамерна распаўсюджваўся па месцы дзеяння, а на ландшафце (поле, узлессе, горка) іх трэба ўстанаўліваць у адным месцы, каб гук так званай “атакай” ляцеў на гледача. Але ў абодвух выпадках пляцоўка павінна быць абстаўлена дадатковай “падгучкай” (“прастрэлы”), каб артысты маглі адначасова з гледачамi чуць музычна-шумавое ці моўнае дзеянне і не “разысціся” з імі, што прывядзе да негатыўнага ўспрымання дзеi.

Страта гукавой інфармацыі можа ўзнiкнуць па прычыне натуральнай перамены шчыльнасці асяроддзя, выкліканага перамяшчэннем паветраных мас, якія награваюць гледачоў (мяняецца напрамак руху гукавых хваль).

3. Зручнасць агляду дзеі. Гукавы цэнтр свята, дзе працуе гукааператар, можна размясціць спераду, ззаду, збоку ад сцэнічнай ці масава-гульнёвай пляцоўкі, але так, каб тэхнічнаму выканаўцу быў выразна бачны пластычны малюнак дзеяння і каб у экстрэмальных сiтуацыях ён своечасова змог зарыентавацца, хутка выправіць сваю ці чужую памылку. Ігнараванне гэтых важных аспектаў размяшчэння гукавой апаратуры можа прывесці да безлічы гукавых і пластычных накладак і непаразуменняў.

4. Лакалізацыя гукавога цэнтра. Месца работы гукатэхнікаў і дыктараў павiнна быць абмежавана прасторай, куды пабочным асобам уваход забаронены. На адкрытым паветры на месцы радыёвузла свята трэба зрабіць лёгкую крытую пабудову, каб, па-першае, вецер не залятаў у мікрафоны i не ствараў перашкод у эфіры, па-другое, каб зберагчы апаратуру ад шкоднага ўздзеяння магчымага дажджу, снегу або туману, і, па-трэцяе, каб не чутна была ў эфіры рэакцыя гледачоў і артыстаў на дзею, што часта забруджвае эфір і шкодзіць паўнаце ўспрымання.

Асноўныя сiстэмы агучвання адкрытай прасторы і гукафікацыі залаў тэатраў па асаблівасцях работы і размяшчэнні гучнагаварыцеляў можна ўмоўна падзялiць, як лiчыць Я.Емяльянаў, на наступныя групы: сканцэнтраваныя (цэнтралізаваныя), разгрупаваныя (занальныя), размеркаваныя і комплексныя.

Сканцэнтраваныя сiстэмы агучвання і гукаўзмацнення характарызуюцца канцэнтрацыяй выпраменьвальнікаў гуку ў зоне. Прыкладам можа служыць танцпляцоўка парка, якая мае звычайна форму акружнасцi. Для трансляцыi музычных праграм выкарыстоўваюцца ў асноўным цэнтральная група гучнагаварыцеляў, зманцiраваная веерападобна i накіраваная так, каб асноўная гукавая энергія ішла на танцуючых. Калі ж на пляцоўцы маецца невялікая эстрада, то выпраменьвальнiкi гуку стараюцца расставіць унутры акустычнай ракавіны. У гэтым выпадку гукавая хваля можа распаўсюджвацца далёка за межы агароджанай зоны і быць крыніцай шуму для блізка размешчаных жылых кварталаў (асабліва позна вечарам).

Пры агучванні адкрытай эстрады або тэрыторыi летняга тэатра гучнагаварыцелі пажадана манціраваць на левым і правым баках сцэнічнай пляцоўкі, падвешваючы іх на ўзроўні 3—4 м адносна планшэта. Вось выпраменьванне гучнагаварыцеляў мэтазгодна накіраваць у бліжнюю, сярэднюю і аддаленую зоны, што забяспечвае “прывязку” зрокавага і слыхавога вобразаў, калі шырыня парталаў залы і адлегласць ад люстраў сцэны да першых радоў прыблізна роўныя.

Прымяненне сканцэнтраванай (цэнтралізаванай) сістэмы без прыняцця спецыяльных мер мае абмежаванні, выкліканыя магчымасцю самаўзбуджэння ўзмацняльнага комплексу пры вялікіх ўзроўнях гуку, што праяўляецца ў выглядзе “завывання” (нарастаючага па часе свісту на сярэдніх i нізкiх частотах). Прычынай гэтага з’яўляецца станоўчая акустычная адваротная сувязь паміж мікрафонам і гучнагаварыцелем, якія знаходзяцца непадалёк адзін ад аднаго (напры- клад, у прыпартальнай зоне). Устараніць самаўзбуджэнне ўзмацняльнай сістэмы магчыма пры правільным выбары дыяграм накіраванасці гучнагаварыцеляў i мікрафонаў, іх узаемнай арыентацыі.

Яшчэ адным недахопам падобных сістэм размяшчэння гучнагаварыцеляў з’яўляецца вялікая нераўнамернасць узроўню гукавога ціску на глядзельных месцах. Напрыклад, слухачы першых радоў, размешчаных блізка ад гучнагаварыцеляў левага і правага бакоў эстрады, будуць незадаволены значным павышэннем узроўню гукавога ціску, а слухачы апошніх радоў з прычыны моцнага затухання прамой гукавой хвалі i высокага ўзроўню знешніх шумаў ад навакольнай прасторы павінны напружваць слых.

Пры агучванні вялікіх тэрыторый паркаў, зон адпачынку, выстаў прымяненне магутных цэнтралізаваных сістэм гучнагаварыцеляў немэтазгодна з-за вялікага роскіду ўзроўняў гукавога ціску па ўсёй тэрыторыі і магчымасці з’яўлення гукавых перашкод у выглядзе рэха, якое прыходзіць ад аддаленых груп гучнагаварыцеляў да слухачоў з вялікім спазненнем, што значна памяншае выразнасць моўнай інфармацыі, перадаваемай па сістэме мясцовай трансляцыi.

Разгрупаваныя сістэмы агучвання характарызуюцца раўнамерным размеркаваннем гучнагаварыцеляў па ўсёй адкрытай прасторы ці па паверхні сцен залы. У парках, на вуліцах і плошчах пры размяшчэнні гучнагаварыцеляў з улікам адноснага перакрыцця бліжэйшых зон, калі транслi-руемая праграма становіцца чутна адначасова ад некалькіх выпраменьвальнікаў, можна дасягнуць даволі добрай чутнасцi слоў і музыкі на ўсёй тэрыторыі; пры гэтым адсутнічаюць і ўмовы ўзнікнення перашкод ад гукаў. Напрыклад, у гарадскім парку на магістральных алеях вялікай працягласці для сістэмы агучвання можна выкарыстаць слупы, што ўжываюцца для мацавання асвятляльных прыбораў, на якіх пажадана манціраваць гучнагаварыцелі парасоннага тыпу, каб накiраваць гук у зададзеную зону. Калі вышыня падвесу не перавышае 6м, то алея павінна быць не болей за 10—12 м (лепшую раўнамернасць гукавога поля забяспечвае шахматнае размяшчэнне гукагаварыцеляў).

Разгрупаваную сістэму прымяняць у глядзельных залах, а таксама на тэрыторыі адкрытых паркавых эстрад без партальных гучнагаварыцеляў непажадана па прычыне несупа- дзення, “разрыву” візуальнага і гукавога вобразаў, што асабліва адчувальна для гледачоў, якія займаюць бакавыя месцы паблізу ад гучнагаварыцеляў. Другі гукавы дэфект, магчымы ў гэтай сітуацыі, — прыход інтэнсiўнай гукавой энергiі ад гучнагаварыцеляў, размешчаных з тыльнага боку адносна слухача, — стварае ўмовы дыскамфорту.

У размеркаваных сістэмах агучвання, таксама як і ў сканцэнтраваных, гучнагаварыцелі роўнай магутнасці манцiруюць “у ланцужок”, на вызначанай адлегласці адзін ад аднаго. Адрозненне ў тым, што з дапамогай сканцэнтраванай сістэмы агучваюць не ўсю тэрыторыю, а толькі яе частку. Характэрным прыкладам можа служыць спосаб агучвання трыбун стадыёна, дзе гучнагаварыцелi манцiруюць на ствараючай арэну бегавой дарожцы і накiроўваюць іх панелі ў бок сектараў з месцамі для гледачоў з загадзя разлiчаным перакрыццём гукавых палёў. У гэтых умовах дасягаецца даволі добрая гучнасць аб'яў, перадаваемых гледачам (нават пры значным узроўні шуму трыбун).

Комплексныя сістэмы агучвання і гукаўзмацнення заснаваны на выкарыстаннi асноўных пераваг разгледжаных метадаў размяшчэння выпраменьвальнікаў гуку на адкрытых тэрыторыях і ў глядзельных залах рознага прызначэння. Напрыклад, у зоне паркавай эстрады ці ў летнім тэатры асноўнае гучанне забяспечваецца пры дапамозе гукагаварыцеляў цэнтральнай зоны з боку сцэнічнай пляцоўкі, дадатковымі бакавымі, раўнамерна размеркаванымі па радах гукавымі калонкамі (“падгучка”, ці “прастрэлы”).

Комплексную сістэму агучвання i гукаўзмацнення неабходна прымяняць і пры падрыхтоўцы тэатралізаваных і масавых гімнастычных выступленняў на стадыёне. На многіх сучасных стадыёнах гукаўзмацненне, на жаль, мала прыстасавана для правядзення разнастайных тэатралізаваных дзей, таму што схема размяшчэння гучнагаварыцеляў разлічана галоўным чынам на перадачу інфармацыі гледачам, якія знаходзяцца на трыбунах стадыёна, а не на полi, дзе адбываецца дзея. У выніку на полі аказваюцца зоны, асабліва ў цэнтральнай частцы, куды гук амаль не даходзіць. Часта гук у некаторыя месцы даходзіць са скажэннем. Акрамя таго, не ўлічана, што гімнасты, якія выконваюць гімнастычныя практыкаванні (цi артысты, што выступаюць з харэаграфічнымі, цыркавымі і іншымі нумарамі), самі паглынаюць вялікi працэнт сілы гучання.

На стадыёне ў Празе, дзе праводзяцца традыцыйныя масавыя гімнастычныя выступленні, у якіх адначасова ўдзельнічаюць да 30 000 чалавек, створана ўзорная сiстэма радыёўзмацнення. З радыёстудыі ідуць тры каналы ўзмацнення: адзін — на трыбуны, другі — на поле, трэці — у раздзявальні і месцы, адведзеныя для папярэдняга пастраення ўдзельнікаў. На полі гук чуюць толькi ўдзельнікі выступлення.

Пры такой сістэме гук адначасова даходзіць да кожнага ўдзельніка, рэжысёр і кіраўнік свята пры неабходнасці могуць размаўляць з гімнастамі ў час выступлення і пры іх падрыхтоўцы да выхаду на поле.

Рэжысёр павінен памятаць, што, калі радыёўзмацненне не будзе старанна адрэгулявана і праверана, дабіцца сінхрон-насці пры выкананні масавых гімнастычных практыкаванняў немагчыма.

Пасля выбару для патрэбнай зоны святочнага дзеяння адпаведнай сістэмы агучвання гукарэжысёр вызначае ўзроўнi гукавога цiску, зыходзячы з магчымасці забеспячэння добрай чутнасці музычнай i моўнай інфармацыi. Найбольш аптымальны ўзровень гукавога ціску на адкрытым паветры ва ўмовах стадыёна, плошчы звычайна дасягае 96—110 дБ, для атрымання музычнага фону на ўсёй агульнай тэрыторыі парка, зоны адпачынку — 65—70 дБ.

Запіс фанаграм свята пачынаецца пасля вызначэння музычнага вобраза свята, а таксама адбору і складання паслядоўнасці гучання музычных нумароў, шумаў і нотных тэк- стаў. Дакументам, па якім у працэсе рэпетыцый на свяце будуць працаваць гукарэжысёр i гукатэхнікі, з’яўляецца партытура музыкі і шумаў, якую складае галоўны рэжысёр пасля зацвярджэння сцэнарыя. У запісах партытуры фіксуюцца рэплікі, нумар, узровень гучнасці, моманты ўзмацнення або паслаблення гуку, размяшчэнне апаратаў i паслядоўнасць іх дзеяння. У працэсе работы над пастановай асобныя фрагменты партытуры музыкі і шумаў могуць змяняцца, набываць новыя рысы, але асноўная частка заўсёды застаецца нязменнай.

Сучасная гуказапісвальная апаратура дазваляе гукарэжысёру ствараць унікальны гуказапісвальны матэрыял, які будзе садзейнічаць высакаякаснаму гукаафармленню свята. Зразумела, што прафесійныя сістэмы каштуюць дорага. Аднак на рынку гуказапісвальнай апаратуры з’явіўся шэраг апаратаў, якія могуць замяніць нават і існуючыя міні-студыі. Прыкладам такой апаратуры з’яўляецца міні-дыск (МД). МД можна назваць рэвалюцыйным тэхнічным прарывам у запісу і мантажы музычна-гукавога матэрыялу. МД нават стварыў новы фармат у гуканосьбітах. Так на змену існуючай і рапаўсюджанай касеце прыйшоў маленькі дыск з магчымасцю запiсу ў лічбавай форме. Цяжкасцi запiсу на МД зведзены да мінімуму. Калі, напрыклад, вядзецца запіс да свята, гукарэжысёр сустракаецца з мноствам праблем, як у кароткі час перарабіць запіс, па нейкiх прычынах не поўнасцю дароблены. З дапамогай шэрага функцый на МД за некалькi хвілін гукарэжысёр можа дадаць або выкрасліць пэўны музычны ці шумавы матэрыял. Пры гэтым якасць гуку не пагоршыцца. МД мае светлавое табло, дзе бачна, які фрагмент музычнага твора зараз працуе (кожнаму трэку можна даць асобнае імя). У МД існуе таксама функцыя перакіду трэкаў у любым кірунку і ў любое месца на дыску. Гэта робіцца, калі ў святочным дзеянні неабходна змяніць паслядоўнасць гукавых фрагментаў. Пошук трэкаў у МД за кошт яго лічбавага запісу зводзіцца да некалькiх секунд.

У многіх раённых цэнтрах і вёсках Беларусi дагэтуль карыстаюцца састарэлай гукавой апаратурай. Запіс фанаграм для такiх носьбітаў трэба рабiць у студыйных умовах на стужкавую плёнку з хуткасцю 19 мм/сек i 9 мм/сек. Падрыхтоўка двух экземпляраў плёнкі з рознай хуткасцю гукаўзнаўлення абумоўлена наступным: дарожная радыётрансляцыйная станцыя (ДРТС), якая часта становіцца цэнтральным пунктам гукаўзмацнення свята, па прычыне выпадковага або наўмыснага адключэння ад стацыянарнага электрасілкавання з мэтай пашкодзіць правядзенню свята, можа працаваць у самастойным рэжыме толькі на хуткасці 9 мм/сек. Таму арганізатарам неабходна прадугледзець і варыянт работы ДРТС у экстрэмальных умовах. Здзяйсняючы запіс фанаграм, патрэбны музычны ці шумавы фрагмент неабходна аддзяляць ракорднай плёнкай, каб у час рэпетыцый або святочнай дзеi гукааператару можна было б лёгка знайсці неабходны нумар i падрыхтаваць яго да выпуску ў эфір. У практыцы гукарэжысёрамі прынята кожную плёнку пачынаць ракордам зяленага ці сіняга колеру, а канец — чырвонага колеру. Гэта робіцца для таго, каб адразу распазнаць пачатак і канец запісу пры перамотцы і паставіць яго ў правільным кірунку. Касеты рэкамендуецца выкарыстоўваць у час запісу і гукаўзнаўлення радыёканцэртаў, што гучаць у эфіры доўгі час і не патрабуюць спынення. У тэатралізаваных дзеях, якія складаюцца з гатовых нумароў і ў якіх, зыходзячы з гэтага, гучанне фанаграм часта спыняецца, ужыванне касет непажадана, таму што на іх магнітнай плёнцы няма магчымасці ад- дзяліць ракордам нумары, у выніку чаго можна выпусціць у эфір не той музычны нумар i гэтым сапсаваць, пашкодзіць пластычную ці моўную дзею. Пераважны запіс дзвюх разнахуткасных фанаграм на стужкавых плёнках можна аргументаваць яшчэ дзвюма прычынамi: па-першае, гукааператару неабходна мець асобную плёнку для рэпетыцый і асобную для гукааднаўлення на свяце; па-другое, у час святочнага дзеяння па прычыне выпадковага разрыву адной плёнкі можна паставіць іншую i аднавіць музычную дзею.

Запісаны фрагмент фанаграмы павінен адпавядаць часу яго гучання на свяце. Часта гукарэжысёры, каб зберагчы і выкарыстаць фанаграму для iншых падобных свят, запісваюць музычныя i шумавыя нумары ў поўным аб’ёме. У гэтым выпадку ўзнаўленне фанаграмы неабходна рабіць з двух магнiтафонаў, спачатку распланаваўшы музычныя нумары на дзве магнітныя стужкі. Гэта дасць магчымасць, па-першае, пазбегнуць лішніх паўз у эфіры пры перамотцы плёнкі (зманціраванай на адной касеце ці бабіне ) у час, калі адзін поўны нумар трэба спыніць у пэўным месцы і знайсці другі, а па-другое, зберагчы поўны музычны твор для далейшай работы. Гукаўзнаўленне магнiтнага запісу з двух магнiтафонаў эфектыўна яшчэ і таму, што дае магчымасць у выпадку выхаду са строю аднаго працягваць выхад у эфір па другім апараце.

Фанаграмы свята трэба зберагаць у пакетах у вертыкальным становішчы і не дапускаць уздзеяння на іх моцных электронаў. Напрыклад, калі магнітную плёнку пакласці на працуючы тэлевізар, плёнка можа размагніціцца, а калі гэта адбудзецца ў святочны дзень, то свята будзе пад пагрозай адмены.

Гукааператар перад рэпетыцыямі i непасрэдна перад прадстаўленнем абавязаны праверыць якасць склейкі ракорднай і магнітнай плёнкі i ў выпадку раз’яднання іх пераклеіць, каб у час дзеі не ўзнікала непажаданых цяжкасцей з выпускам нумара ў эфiр.

Літаратура

Емельянов Е. Звукотехника в клубе. — М.: Сов. Россия, 1984.

Емельянов Е. Звукофикация театров и концертных залов. — М.: Искусство, 1989.

Козюренко Ю.И. Звукозапись с микрофона. — М.: Энергия, 1975.

Мазо А.Я. Магнитная лента. — М.: Энергия, 1975.

Нисбет А. Звуковая студия. Техника и методы использования. — М.: Связь, 1979.

Сапожков М.А. Звукофикация помещений. — М.: Связь, 1979.

Урбанский Б. Электроакустика в вопросах и ответах / Пер. с польск. — М.: Радио и связь, 1981.

VI. ПРЫЗАВЫ ФОНД СВЯТА

Адзін з важных аспектаў падрыхтоўкі і правядзення свята — стварэнне прызавога фонду. Практыка паказвае, што ўжо на этапе стварэння сцэнарыя масава-гульнёвыя фрагменты або застаюцца за межамі ўвагі пастаноўшчыкаў святочнай дзеі, або распрацоўваюцца прыблізна. Распрацоўка ў сцэнарыі пераважна рытуальна-відовішчных формаў нават на пачатковым этапе прыводзіць да таго, што пры апісанні гульнёвых дзей адсутнічаюць не толькі пералік гульняў і забаў, але і іх тэматычная накіраванасць. Менавіта таму пры распрацоўцы арганізацыйна-вытворчага плана часта немагчыма здзейсніць сістэмны падыход у вырашэнні задач матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння гульнёвых дзей: пры складанні каштарыса рэжысёры не могуть дакладна абгрунтаваць колькасць прызоў, неабходных для правядзення рознага роду гульняў, і таму на іх набыццё ў большасці выпадкаў выдзяляюцца недастатковыя грашовыя сумы. У выніку масава-гульнёвая частка застаецца адным з самых слабых звёнаў святочных дзеянняў.

Для вырашэння творчых і арганізацыйных задач масава-гульнёвай часткі свята ў склад пастановачнай групы можна ўвесці адзінку рэжысёра масава-гульнёвых дзеянняў, і ў тым выпадку, калі гэты фрагмент у сцэнарыі недастаткова распрацаваны, ён павінен разам са сцэнарыстам і галоўным рэжысёрам удакладніць неабходны аспект святочнага дзеяння. Калі ж такую творчую адзінку не ўяўляецца магчымым увесці ў склад пастановачнай групы, то абавязкі рэжысёра масава-гульнёвых дзеянняў ускладаюцца на галоўнага рэжысёра свята або на аднаго з членаў пастановачнай групы па папярэдняй дамоўленасці з галоўным рэжысёрам.

Пры стварэнні прызавога фонду рэжысёру разам з загадчыкам пастановачнай часткі неабходна вырашыць шэраг задач.

1. Разлічыць у адпаведнасці з праграмай свята працяг-ласць часу дзеяння кожнага гульнёвага віду і колькасць удзельнікаў, якіх неабходна ўзнагародзіць.

Падобны разлік з’яўляецца галоўным, асабліва пры ўвядзенні ў структуру свята доўгатэрміновых па дзеянні гандлёва-гульнёвых дзей (рознаварыянтныя латарэі, аўкцыёны, гандлёвыя атракцыёны), спартыўных гульняў і атракцыёнаў, розных конкурсаў і забаў.

Напрыклад, у сцэнарыі адзначана, што сельскагаспадарчая латарэя, у якой прызы разыгрываюцца адразу пасля набыцця латарэйных білетаў, праводзіцца з 14.00 да 18.00 гадзін.

Рэжысёр праводзіць разлік колькасці неабходных прызоў наступным чынам:

а) вызначае час дзеяння аднаго ўдзельніка, улічваючы яго падыход да барабана, пракручванне прызавога барабана і атрыманне прыза (практыка паказвае, што на гэта звычайна затрачваюцца 3 мінуты);

б) дзеліць звычайны час дзеяння латарэі 240 мінут (4 гадзіны) на час дзеяння аднаго ўдзельніка — 3 мінуты і атрымлівае лічбу 80, гэта значыць колькасць прызоў, неабходных для правядзення гэтай гандлёва-гульнёвай дзеі.

Падобным чынам робіцца разлік прызоў у спартыўных (рознага роду слупы, перахваты і інш.) і гандлёвых атракцыёнах.

Напрыклад, час дзеяння атракцыёна “Вораноўскі чыгун” павінен складаць 5 гадзін, а дзеянне аднаго ўдзельніка, згодна папярэдняга разліку, 1 мінута. Падзяліўшы 5 гадзін (300 мінут) на 1 мінуту, мы атрымалі лічбу 300, гэта значыць, колькасць прызоў, якія патрэбны для нармальнага функцыянавання атракцыёна.

У камандных гульнях разлік прызоў робіцца па колькасці ўдзельнікаў. Напрыклад, у перацягванні каната, дзе ўдзельнічаюць восем каманд па 10 чалавек, узнагароджваюцца толькі пераможцы. Такім чынам вызначаецца і колькасць патрабуемых прызоў — 10.

У індывідуальных конкурсах, турнірах і гульнях (адпаведна існуючай традыцыі) узнагароджваюцца пераможцы, а таксама актыўныя ўдзельнікі, колькасць якіх загадзя вызначаецца, і аплата прызоў закладваецца ў каштарыс. Напрыклад, у конкурсе выканаўцаў (гарманістаў, частушачнікаў і інш.) — першыя тры ці пяць лаўрэатаў; у конкурсе фальклорных, вакальна-інструментальных ансамбляў калектыў-пераможца можа быць узнагароджаны адным агульным прызам або агульным у сукупнасці з індывідуальным (па колькасці ўдзельнікаў); у турніры барцоў — адзін пераможца або фіналісты, а ў турніры “Грунвальд” прыз можа атрымаць удзельнік, які пераможа запар пяць удзельнікаў.

2. Вызначыць і скласці пералік прызоў адпаведна тэматычнай накіраванасці масава-гульнёвай дзеі.

На свяце кожная гульнёвая праграма ці асобныя масава-гульнёвыя дзеі павінны адлюстроўваць тэматычную накіраванасць адзначаемай падзеі. У гэтым жа напрамку пры стварэнні прызавога фонду павінны сканцэнтроўваць свае намаганні і арганізатары. Так, пераможцаў многаэтапнай эстафеты турыстаў рэкамендуецца ўзнагароджваць прадметамі турысцкай амуніцыі, удзельнікаў выстаўкі народных рамёстваў — вырабамі народных умельцаў, конкурсу музычных ансамбляў — музычнымі інструментамі. У беларускіх народных святах каляндарнага цыкла прызы павінны адпавядаць той пары года, у якой адбываецца свята, і яго сімволіцы. Так, на Гуканні вясны ўдзельнік будзе больш рады птушцы, выпечанай з цеста ці вырабленай з паперы, чым нейкай цаццы; на Купаллі — дэкаратыўнай папараць-кветцы ці вырабам народных майстроў з сімволікай свята і інш. Такім чынам, прызы, адпавядаючы тэматыцы свята, дапамогуць захаваць яго стылёвае адзінства.

Пры распрацоўцы прызавога фонду трэба ўлічваць і жанравую накіраванасць дзеі. Напрыклад, у разнастайных гульнёвых рыбалках (тураўская, пінская, браслаўская, перабродская, жырмунская), атракцыёнах “Не ляпніся ў лужыну”, “Воранаўскі чыгун” і іншых разам з каштоўнымі прызамі пажадана ўводзіць і жартоўныя ўзнагароды (старыя гумавыя галёшы, дзіравы тазік, пустую бутэльку, банку з-пад рыбных кансерваў і інш.); у жартоўным барцоўскім паядынку з ражаным “мядзведзем” пераможцу можна ўзнагародзіць жывым баранам, а пераможанага — чыгуном якой-небудзь кашы; у конкурсе на лепшую вуліцу лепшых гаспадароў адзначыць добрым падарункам, а жыхароў самай бруднай вуліцы — наборам венікаў і да т.п.

Твочы падыход пры складанні прызавога фонду, улік тэматычнай і жанравай накіраванасці гульняў садзейнічаюць стварэнню, захаванню і развіццю спецыфічнага гульнёвага комплексу кожнага канкрэтнага свята.

3. Выявіць адпаведнасць прызоў узроставаму саставу ўдельнікаў і складанасці выканання масава-гульнёвага дзеяння. Аналіз гульнёвых дзей разнастайных свят сведчыць, што ў час падвядзення вынікаў гульняў, забаў, конкурсаў і турніраў рытуал узнагароджвання даволі часта суправаджаецца дарэннем прызоў, якія не адпавядаюць узросту ўдзельнікаў. Можна назіраць, што за перамогу ў складанай, доўгатэрміновай гульні дарослым уручаюць нейкія дробязныя сувеніры (пераважна цацкі таннага кошту), што ў некаторых выпадках проста крыўдзіць людзей або выклікае іх незадаволенасць. Астатнія ўдзельнікі свята, пабачыўшы такое “заахвочванне”, часта страчваюць цікавасць да далейшага ўдзелу ў гульнях. Дзецям жа, наадварот, дараць прызы, якія не выклікаюць у іх асаблівай радасці — розны гаспадарчы інвентар і інш. Падобная практыка абумоўлена выпадковасцю падбору прызоў, які здзяйсняецца часта ў апошнюю хвіліну, і культарганізатару для рытуалу ўзнагароджвання выдаюцца абы-якія прызы або тое, што застаецца ў запасе. Таму рэжысёр масава-гульнёвых дзеянняў павінен разлічыць, якія менавіта прызы патрэбны адпаведна ўзросту ўдзельнікаў і складанасці гульнёвай дзеі. Гэта ў пэўнай ступені будзе са- дзейнічаць арыентацыі людзей на ўдзел у гульнях, іх святочнаму настрою.

4. Стварыць запасны прызавы фонд.

На свяце даволі часта з прычыны вялікай актыўнасці ўдзельнікаў або няправільнага разліку агульнай колькасці прызоў ці з-за абыякавых адносін культарганізатараў (якія імкнуцца хутчэй скончыць гульнёвую дзею і вызваліць сябе для нейкіх іншых спраў) ствараюцца экстрэмальныя ўмовы — не хапае прызоў. На гэты выпадак і прадугледжваецца запасны прызавы фонд, які ў час правядзення свята знаходзіцца ў пэўным месцы і выдаецца па спецыяльным загадзе галоўнага рэжысёра.

Запасны прызавы фонд неабходна ствараць на аснове вызначэння дадатковай колькасці прызоў па кожнай гульнёвай праграме, конкурсу, атракцыёну, гульні, але ў значна меншым аб’ёме. Пры гэтым трэба пазбягаць выпадковасці ў падборы прызоў, а пры куплі прызоў для кожнай гульнёвай дзеі набываць іх на некалькі адзінак або дзесяткаў больш. Калі прызы запаснога фонду ці яго частка ў працэсе правядзення свята застаюцца нерэалізаванымі, то іх здаюць у загадзя вызначаную арганізацыю (гарадскі ці раённы аддзел культуры, Палац культуры і да т. п.) і захоўваюць да наступнага свята.

Фінансавае забеспячэнне прызавога фонду патрабуе даволі значных выдаткаў, таму з мэтай скарачэння незваротных выдаткаў пры вырашэнні задач фінансавання існуючая практыка вызначыла некалькі шляхоў.

1. Арганізацыя работы самаакупных гульнёвых дзей.

Некаторыя разнавіднасці гульнёвых формаў (латарэі, аўкцыёны, гандлёвыя і забаўляльныя атракцыёны) можна праводзіць, не ўтвараючы ў каштарысе свята незваротных выпадкаў. Але на пачатковым этапе падрыхтоўкі падобных гульнёвых формаў патрабуюцца пэўныя сродкі для набыцця прызоў. Дзеля гэтага па спецыяльным рашэнні аргкамітэта свята або мясцовых улад з бухгалтэрыі гарадскога ці раённага выканкама рэжысёру масава-гульнёвых дзеянняў або арганізатарам пэўных гульнёвых формаў для правядзення самаакупных забаў выдаецца пад іх асабістую адказнасць пэўная сума грошай, якія патрэбна вярнуць пасля заканчэння свята.

Арганізацыя самаакупных гульнёвых дзей — гэта даволі складаная справа, якая патрабуе дакладнага разліку па ўсіх пазіцыях, бо калі якая-небудзь забава або камерцыйнае дзеянне не выклікаюць зацікаўленасці ўдзельнікаў свята, то арганізатараў чакае фінансавы крах, і разлічвацца з бухгалтэрыяй ім давядзецца з уласных сродкаў.

Зыходным пунктам арганізацыі самаакупных гульнёвых дзей з’яўляецца іх шырокая рэклама ў сродках масавай інфармацыі. Адначасова праводзяцца гутаркі з жыхарамі мясцовасці, а таксама папярэдні продаж білетаў, у выніку якога непасрэдна перад святам ужо бачна, рэнтабельна ці не наладжваць правядзенне запланаванай дзеі.

Паколькі некаторыя самаакупныя формы (латарэі, аўкцыёны) з’яўляюцца фінансавымі аперацыямі, то іх арганізацыя і правядзенне адбываюцца звычайна толькі пасля спецыяльнай пастановы мясцовага выканкама і ажыццяўляюцца пад кантролем фінансавых органаў.

Прапануем прыклад методыкі арганізацыі найбольш складанай самаакупнай святочнай гульнёвай формы — бяспрой- грышнай сельскагаспадарчай латарэі з разліку на дзве тысячы ўдзельнікаў. Гэтая латарэя з’яўляецца найбольш папулярнай і карыстаецца поспехам на разнажанравых святах Беларусі, у рамках якіх адбываецца кірмаш.

Арганізатары латарэі атрымліваюць у бухгалтэрыі мясцовага выканкама пазыку на пэўную суму грошай. Адпушчаную суму падзяляюць на дзве тысячы і такім чынам вызначаюць кошт аднаго білета. У выпадку, калі арганізатары латарэі праводзяць яе не на грамадскіх пачатках, а на платнай аснове, тады з адпушчанай сумы грошай аддзяляецца частка сродкаў для аплаты работы арганізатараў, а астатак дзеліцца на дзве тысячы, каб вызначыць кошт аднаго білета.

Усе білеты латарэі падзяляюцца на 20 серый (па 100 білетаў у кожнай серыі), такім чынам вызначаецца агульная сума выйгрышаў кожнай серыі.На гэтую суму закупляюцца прызы.

Прызавы фонд кожнай серыі трэба стварыць такім чынам, каб у ёй было некалькі каштоўных прызоў, цана якіх звычайна перавышае кошт аднаго білета, а астатнія — суцяшальныя. У якасці каштоўных прызоў могуць быць бычкі, парсючкі, авечкі, куры, гусі, качкі, козы, сельскагаспадарчы інвентар, а ў якасці суцяшальных — бульба, капуста, морква, буракі, яблыкі, грушы і да т.п.

Каб у кожнай серыі было больш каштоўных прызоў, што заўсёды выклікае павышаную зацікаўленасць удзельнікаў, набываць разыгрываемыя тавары неабходна ў мясцовых гаспадарках па сабекошту прадукцыі згодна папярэдняй дамоўленасці прадстаўнікоў выканкама або старшыні аргкамітэта свята з кіраўнікамі гаспадарак.

Прыкладны разлік прызоў адной серыі

Наши рекомендации