Сцэнічныя пляцоўкі і іх віды
На адкрытых сцэнічных пляцоўках сучаснага свята ў акружэнні прыроднага ландшафта або на фоне старадаўніх і сучасных архітэктурных пабудоў наладжваюцца фестывалі фальклору, класічнай і эстраднай музыкі, тэматычныя канцэрты рознай накіраванасці, праводзяцца конкурсныя, пазнавальныя, гульнёвыя праграмы і інш.
Сцэнічныя пляцоўкі на адкрытым паветры дзеляцца на стацыянарныя, часовыя і перасоўныя.
Стацыянарных пляцовак у форме амфітэатральных збудаванняў у сучаснай Беларусі няшмат — у Віцебску і Паставах. Што тычыцца стацыянарных паркавых эстрадных пляцовак на адкрытым паветры, якіх часта з-за іх знешняй формы называюць ракавінкамі, то трэба адзначыць, што яны ёсць амаль у любым горадзе або мястэчку краіны. Стацыянарныя тэатры ў якасці сцэны выкарыстоўваюць як дзікую або добраўпарадкаваную дзялянку зямлі, так і спецыяльна пабудаваны памост.
Пануючай формай сцэнічнай святочнай прасторы з’яўляюцца часовыя пляцоўкі. Іх узводзяць на час правядзення фестывалю, свята або паказу разавай пастаноўкі. Як правіла, іх вырабляюць з лёгка збіраемых металічных кан- струкцый, да якіх мацуецца драўляны насціл. Тут пры розных прасторавых сітуацыях прымяняюцца разнастайныя сцэнаграфічныя прыёмы, каб наблізіць дзею да гледача. Для гэтых мэт служаць розных канфігурацый пераходныя масткі-сцэнічныя пляцоўкі, якія перакідваюць ад эстрады да гледачоў. Часовыя эстрадныя пляцоўкі збіраюць таксама на аснове велікагрузных аўтамабіляў. Дзеля гэтага на месцы дзеяння шчыльна, адзін да аднаго, ставяць два—чатыры аўтамабілі кабінамі ў адзін бок. Калі падобная пляцоўка павінна быць невялікай па памеры, то можна выкарыстаць толькі два аўтамабілі (павёрнутыя кабінамі ў розныя бакі па гарызанталі ад глядзельнай залы) або адзін грузавік. Як у першым, так і ў другім варыянце, перш чым паставіць машыны адна да адной, апускаюць іх барты. Планшэт кузава аўтамабіля пакрываюць лістамі драўлянастружкавай пліты, каб стварыць роўную паверхню сцэны. У непагадзь, калі ідзе дождж, такія сцэны рэкамендуецца пакрываць поліэтыленавай плёнкай, каб драўлянастружкавыя пліты не ўспухлі, што будзе пера- шкаджаць або зробіць немагчымым выступленне творчых калектываў, асабліва харэаграфічных ансамбляў і пластычных груп.
Часовыя сцэнічныя пляцоўкі на аснове чыгуначных платформаў і баржаў пакрываюць такім жа чынам, як і на аснове аўтамабіляў.
Такія пляцоўкі, як правіла, не маюць механізмаў сцэны. Яны пазбаўлены механічных пад’ёмаў-штанкет, куліс, ланцугоў, паваротнага круга, наладжанага светлавога абсталявання і нават заслоны. Іх афармляюць у залежнасці ад аўтарскай ідэі і задумы мастака дэкарацыямі або дэкаратыўнымі элементамі, якія ўяўляюць вобразна-сімвалічнае адлюстраванне падзей, што адбываюцца.
Пры пабудове часовых сцэнічных пляцовак, дзе гледачы знаходзяцца з адного боку, мэтазгодна прадугледжваць усталяванне глядацкіх месцаў. Часта на святах многія гледачы або дзеці з прычыны стамлення не ў стане доўга стаяць перад сцэнай. Неаднаразова прыходзілася назіраць, калі людзі шукаюць месца, дзе б прысесці, і, не знайшоўшы яго, разыходзяцца. Практыка паказвае, што на святах, дзе перад пляцоўкай пастаўлены некалькі радоў крэслаў або драўляных лавак, заўсёды ёсць гледачы, а ў адваротным выпадку іх вельмі мала. Прысутнасць малой колькасці гледачоў негатыўна ўплывае і на выступленне артыстаў, псуе іх настрой, што адбіваецца на якасці канцэртаў, і асабліва на правядзенні конкурсаў і гульнёвых праграм, дзе прысутнасць удзельнікаў неабходна. Гэтаму пытанню арганізатары павінны надаваць належную ўвагу.
Да перасоўных сцэнiчных пляцовак належаць так званыя педжэнты — аб’ёмныя перасоўныя ўстаноўкі, для якіх выкарыстоўваюць трамваі, чыгуначныя платформы, павозкі, трактары, аўтамабілі, электракары, вела- і мотаплатформы, баржы, цеплаходы і інш. Галоўным сэнсавым зместам перасоўных пляцовак з’яўляюцца статычныя або дынамічныя пластычныя кампазіцыі, удзельнікі якіх пры дапамозе дэкарацый, касцюмаў, бутафорыі адлюстроўваюць пэўную тэму, увасабляюць пэўны эпізод прадстаўлення, святочнага шэсця. Педжэнты часцей за ўсё ўжываюцца як частка святочнага, карнавальнага шэсця, маніфестацыі, дэманстрацыі або як галоўны мастацкі сродак самастойнай шырокамаштабнай тэатралізаванай дзеі. Прыкладам такіх дзей могуць быць разна- стайныя тэатралізаваныя прадстаўленні, якія адлюстроўваюць гістарычныя этапы жыцця краіны.
Распрацоўваючы тэматычнае афармленне педжэнтаў, мастакам неабходна вырашаць не толькі дэкаратыўныя і прасторава-пластычныя, але і тэхнічныя задачы. Рухальную аснову такіх педжэнтаў трэба перакрываць канструкцыямі з рэек, фанеры, матэрыі, прадугледжваць умацаванне дэкаратыўных аб’ёмаў, бутафорыі з такім разлікам, каб усё гэта не перашка-джала руху платформы. Разам з тым неабходна здзейсніць інжынерныя разлікі нясучай часткі платформы, каб яна вытрымлівала вагу жывых удзельнікаў прадстаўлення. Устаноўкі размалёўваюць актыўнымі колерамі ў адпаведнасці з тэматыкай афармлення.
Асабліва цікавымі з’яўляюцца розныя варыянты стварэння падвешаных, дынамічных, здольных да перамяшчэння ў паветры пляцовак. Яны рухаюцца з дапамогай магутнай будаўнічай тэхнікі (пад’ёмных кранаў, тэлескапічных аўтавышак) або электрапад’ёмнікаў, размешчаных на столі.
Адна са старадаўніх формаў сцэнічнай пляцоўкі, якая існавала ў Беларусі і адноўлена ў святочнай практыцы, мае назву ”фрай”. Гэта — разнавіднасць балагана, сутнасць якога заключаецца ў наступным: на зямлі акрэсліваюць круг, які акаймляюць канатамі, і ў гэтым крузе выступаюць творчыя калектывы. Такая форма сцэнічнай пляцоўкі вельмі простая па рашэнні і выкананні. Акрамя таго, яна дае шырокія магчымасці для мізансцэнічнага рашэння і з’яўляецца ідэальнай з пункту гледжання глядацкага ўспрымання: у крузе ўсё ўсім бачна. Гледачы, якія размяшчаюцца за канатамі, маюць магчымасць не толькі назіраць дзеянне з розных ракурсаў, але і перамяшчацца па крузе па сваім жаданні. Выступленні розных калектываў, якія прыбываюць у фрай, звычайна непрацяглыя па часе, і таму наяўнасць глядацкіх месцаў пры гэтай пляцоўцы можна не прадугледжаваць або можна паставіць па крузе адзін—два рады лавак ці крэслаў.
Асобную групу складаюць сцэнiчныя пляцоўкі на вадзе. Іх асаблівасць заключаецца ў тым, што сцэна пакладзена на сваі, пазабіваныя ў дно паблізу або на некаторым аддаленні ад берага. Напрыклад, у Беларусі такая пляцоўка была выкарыстана ў Нясвіжы (1997 г., спектакль “Вадзяная феерыя”) , у Расіі — плавучая сцэна з лебядзінымі крыламі-экранамі тэлепраекцыі на прадстаўленні “Чароўны свет балета” (г.Масква); плавучая сцэна — гітара на штогадовым фестывалі аўтарскай песні (г.Самара). У другім варыянце такой пляцоўкай могуць быць пантоны або баржы і цеплаходы, як, напрыклад, на Першым міжнародным фестывалі беларускага фальклору ў г.Пінску. Дэкаратыўным афармленнем тут можа служыць прыродны ландшафт, але сама сцэна патрабуе драўлянага насцілу для выступлення калектываў і дэкаратыўных дэталяў, якія адлюстроўваюць вобраз свята.
На большасці сцэнічных пляцовак на адкрытым паветры (у адрозненне ад тэатра) не прадугледжваецца змена дэкарацый у час дзеі. Як правіла, дэкаратыўнае афармленне вырашаецца па прынцыпе адзінай устаноўкі, якая адлюстроўвае тэму і ідэю ўвасабляемага свята. Дэкарацыямі могуць служыць фасады замкаў (Нясвіж, Мір, Гродна), манастыроў, сучасных архітэктурных ансамбляў або ландшафтнае асяроддзе. Такія сцэны можна ўпрыгожыць дэкаратыўнымі дэталямі сімва-лічна-вобразнага характару і фітадызайнам.
Работа над планаваннем свята
У любым, нават невялікім па маштабе, свяце ўвасабленне творчай задумы мастака пачынаецца з распрацоўкі канчатковага плана прасторавага размяшчэння зон святочнага дзеяння. Найбольш просты спосаб ажыццяўлення гэтага віду эскізна-праектных работ наступны: на адным або некалькіх лістах ватманскай паперы мастак вычэрчвае ў агульных рысах карту свята ў выглядзе зверху. На гэтай карце ён адзначае ўсе зоны святочнага дзеяння (плошчу, парк, стадыён, вуліцы, скверы, раку, поле і інш.), схематычна вычэрчваючы архітэктурныя і ландшафтныя асаблівасці месцаў дзеяння. У кожнай зоне дзеяння размяшчаюцца апорныя пункты, вакол якіх будуць стыхійна або ў арганізаваным парадку фарміравацца будучыя мізансцэны свята. Кожны канкрэтны апорны пункт (сцэнічныя пляцоўкі, гандлёвыя рады кірмашу, выставы, атракцыёны і інш.) вычэрчваецца таксама ў агульным плане, без дэталізацыі. Створаная такім чынам карта-план свята, зацверджаная галоўным рэжысёрам і старшынёй аргкамітэта, з’яўляецца дакументам, на які арыентуюцца і спасылаюцца ў сваёй рабоце супрацоўнікі ўсіх структурных падраздзяленняў арганізацыйнага камітэта па правядзенні свята.
Пасля стварэння карты-плана свята мастак робіць эскізы ўсёй прадукцыі дэкаратыўнага афармлення. На аснове гэтых эскізаў вырабляюцца чарцяжы рабочага праекта, па якім вядуцца будаўніцтва буйных аб’ёмаў і выраб малых формаў мастацка-дэкаратыўнага афармлення.
Далейшы этап работы — кампаноўка i праверка размяшчэння дэкарацый на сцэнiчных пляцоўках1. Вычэрчванне планiроўкi дэкарацый, iх размяшчэнне ў выглядзе зверху па сутнасцi з’яўляюцца першым этапам манцiроўкi дэкаратыўнага афармлення. Немалую ролю ў гэтай рабоце мае дакладнасць плана пляцоўкi. На плане ўказваюцца канструктыўныя асаблiвасцi сцэны, а таксама адзначаюцца месцы падключэння гукавой i светлавой апаратуры для таго, каб выпадкова не перакрыць iх дэкарацыямi.
Работа над планам сцэны здзяйсняецца з улiкам размяшчэння апорных пунктаў дзеяння, месцаў, у якiх найбольш актыўна будуць iграць артысты.
Пры планiроўцы важна не толькi з дакладнасцю вызначыць усе памеры i месцы размяшчэння дэкарацый, але i магчымасць правiльнага размяшчэння дапаможных устройстваў — рабочых станкоў i лесвiц, а таксама шляхоў эвакуацыi ўдзельнiкаў святочнага дзеяння згодна з патрабаваннямі тэхнiкi бяспекi.
Да работы над планам карысна далучыць мастака па святлу, якi разглядвае планiроўку з пазiцый асвятлення дадзенай дзеi. Яго пажаданнi часам патрабуюць частковых змен у кампазiцыi. Так, размяркоўваючы расстаноўку крынiц святла, ён можа папрасiць павялiчыць якую-небудзь частку дэкарацый, каб схаваць за іх прыбор, або разгарнуць пэўную частку дэкарацый у той цi iншы бок, каб яны папалі ў зону дзеяння пражэктараў.
Для больш зручнага нанясення планiроўкi дэкарацый i хуткага вызначэння iх месцаразмяшчэння на план сцэны тонкiмi лiнiямi наносiцца маштабная сетка. Гарызантальныя лiнii пачынаюцца ад чырвонай лiнii сцэны, а вертыкальныя — ад яе цэнтра. Перакрыжаваннi лiнiй утвараюць квадраты з бакамi, роўнымi iм у натуральным памеры. Па восевай лiнii робяцца адзнакi, адпавядаючыя размяшчэнню пэўных дэкарацыйных аб’ёмаў. Калi на свяце ў час дзеяння пэўныя дэталi дэкору будуць падымаць у паветра або апускаць, то на плане адзначаюцца месцы размяшчэння пад’ёмаў. Такiя адзнакi робяцца па баках чарцяжа: кожны пад’ём (паветраныя шары або групы шарыкаў, гербы, сцягi i інш.) абазначаецца на тым баку сцэны, з якога ажыццяўляецца кіраванне ім.
Калi дзеянне адбываецца ў вячэрнi або начны час, план сцэны павiнен абавязкова ўключаць месцы размяшчэння светлавой апаратуры.
Пры наяўнасцi перад сцэнiчнай пляцоўкай глядацкiх месцаў у чарцяжы неабходна адзначыць крайнiя месцы першага рада, пры дапамозе якiх вызначаюць бачнасць дэкарацый з боку глядачоў.
Найлепшым маштабам для плана сцэны з’яўляецца 1:20. На плане сцэны неабходна ўказаць назву свята, назву i месца размяшчэння пляцоўкi, яе асноўныя даныя — габарыты дэкаратыўных элементаў i iнш.
Гатовы план сцэны, прыняты рэжысёрам, зацвярджаецца старшынёй аргкамiтэта i пажарна-тэхнiчнай камiсiяй, якая складаецца з прадстаўнiкоў органаў тэхнiкi бяспекi i пажарнай аховы.
Рабочыя чарцяжы
Рабочыя чарцяжы ўяўляюць эскiзны (тэхнiчны) праект, якi адлюстроўвае прынцыповыя канструктыўныя рашэннi, агульнае ўяўленне аб устройстве i прынцыпах работы вырабаў, а таксама даныя аб іх назначэннi, асноўных параметрах i памерах.
Асноўная маса вырабаў паказваецца ў агульных вiдах, разрэзах, сячэннях i вузлах, якія даюць поўнае ўяўленне аб памерах i канструкцыi дэкарацый.
Ступень падрабязнасцi чарцяжоў залежыць ад умоў, у якiх вырабляюцца дэкарацыi, i ад складанасцi iх канструкцыi.
Напрыклад, калi ў тэхналогiю вырабу, канкрэтную кан- струкцыю ўносяцца якiя-небудзь змены або дадзены выраб дапускае некалькi канструктыўных варыянтаў, а таксама ў выпадку вырабу складаных дэкарацый — разборных арак, буйнагабарытных станкоў, лесвiц са складанай канфiгурацыяй i iншага — майстэрням павiнны быць прадстаўлены чарцяжы з поўнай канструктыўнай распрацоўкай аж да асобных дэталяў.
Для чарцяжоў дэкарацый устаноўлены маштаб 1:20. Асобныя вузлы, дэталi паказваюцца ў больш буйным выяўленнi — ад 1:10 да натуральнай велiчынi. Усе памеры на чарцяжах даюцца ў сантыметрах. Выключэнне складаюць вырабы з металу, для якiх памеры прадстаўляюцца па правiлах маштабу машынабудаўнiчага чарчэння ў мiлiметрах. Асобныя дэталi i зборныя комплексы паказваюцца ў двух цi трох праекцыях у залежнасцi ад складанасцi вырабу, з разрэзамi, сячэннямi, якія даюць дакладнае ўяўленне аб формах i памерах праектуемай дэкарацыi. Для дэкарацыi, складзенай з асобных частак, робiцца зборачны чарцёж, якi ўказвае на размяшчэнне, спосабы змыкання або далучэння. Кожная частка маркiруецца нумарам, паведамляецца яе найменне. Маркiроўка на зборачным чарцяжы павiнна адпавядаць маркiроўцы дэталяў або частак на iншых лiстах.
Звычайна зборачны чарцёж даецца ў выглядзе зверху. Калi гэтай праекцыi недастаткова, выварочваюць фасад або разрэз па адной — двух восях. Зборачны чарцёж-план размяшчаюць у левым нiжнiм вуглу лiста.
У правым верхнiм вуглу ставіцца штамп, прадугледжваюць графы для назвы свята, святочнага дзеяння i прадстаўленай дэкарацыi. Гатовы чарцёж завярае сваiм подпiсам мастак, а загадчык мастацка-пастановачнай часткi вiзіруе яго для выканання.
Аб’ёмна-каркасныя i станковыя дэкарацыi вычэрчваюцца не менш чым у двух праекцыях. Для простых станкоў, лесвiц i iншых аб’ёмных дэкарацый дастаткова габарытнага чарцяжа i тлумачальнага надпiсу, дзе ўказваюцца адлегласць памiж нясучымi рамкамi, таўшчыня насцiлу i (у асобных выпадках) сячэнне брускоў. Аб’ёмна-станковыя дэкарацыi ў выглядзе асобных дэкаратыўных комплексаў звычайна паказваюцца ў сабраным выглядзе.
Станкi, якія маюць складаную, крывалiнейную форму, розныя ўхiлы, паказваюць у плане i разрэзе. Для таго каб складаную канфiгурацыю станка перанесцi на падлогу майстэрнi, план станка расчэрчваецца на квадраты.