Раздзяляльны мяккі знак і апостраф
Правапіс ь, ‘. Правапіс у – ў. Ужыванне вялікай літары
Правапіс ь, ‘.
Змякчальны мяккі знак
1) Мяккі знак пішацца пасля зычных з, л, н, с, ц (з мяккага т), дз (з мяккага д):
для абазначэння на пісьме мяккасці зычнага перад цвёрдым зычным: дзядзька, бацька, касьба, барацьба, пісьмо, Вязьма, Кузьма, восьмы, процьма, дзьмухавец;
для абазначэння на пісьме мяккасці зычнага перад наступным мяккім зычным тады, калі пры змене формы таго ж слова (або пры замене яго другім словам таго ж кораня) гэты мяккі зычны становіцца цвёрдым, а папярэдні зычны захоўвае сваю мяккасць: барацьбе, барацьбіт (барацьба), пісьменнік (пісьмо), васьмі, васьмю (восьмы), цьмяны (цьма). Калі пры змене формы таго ж слова (або пры замене яго другім словам таго ж кораня) мяккасць зычных не захоўваецца, то мяккасць зычнага перад наступным мяккім зычным на пісьме мяккім знакам не абазначаецца: дзве –– два, шэсць –– шосты, звінець –– звон.
2) Мяккі знак пішацца для абазначэння мяккасці зычных у дзеясловах загаднага ладу:
перад канчаткам першай асобы множнага ліку -ма: кіньма, сядзьма, станьма;
перад канчаткам другой асобы множнага ліку -це: будзьце, кіньце, сядзьце, станьце, намыльце;
перад зваротнай часціцай -ся: кінься, звесься.
3) Мяккі знак пішацца для абазначэння мяккасці зычных у назоўніках перад канчаткам творнага склону множнага ліку -мі: коньмі, людзьмі, грудзьмі, дзецьмі.
4) Мяккі знак пішацца:
у складаных лічэбніках: пяцьдзясят, шэсцьдзясят, пяцьсот, шэсцьсот, дзевяцьсот;
у часціцы -сьці, якая ўваходзіць у склад слова: штосьці, чагосьці, кудысьці, дзесьці, чамусьці, якісьці;
у слове ледзьве.
5) Мяккі знак пішацца для абазначэння на пісьме мяккасці [н]:
перад суфіксам -к-, а таксама перад суфіксам -чык- (калі слова без суфікса -чык- заканчваецца мяккім знакам): песенька, вішанька, нянька (і няньчыць); каменьчык (камень), праменьчык (прамень), карэньчык (корань), агеньчык (агонь);
перад суфіксам -ск- у прыметніках, утвораных ад назваў месяцаў, якія заканчваюцца мяккім [н’], і назоўніка восень: студзеньскі, чэрвеньскі, ліпеньскі, снежаньскі, восеньскі, а таксама ў суадносных уласных назвах: Чэрвеньскі раён, Ліпеньская школа;
у суфіксе -еньк- (-эньк-, -аньк-): маленькі, даражэнькі, прыгожанькі.
Мяккі знак не пішацца:
пасля шыпячых (ж, дж, ч, ш), р, ц (не з т мяккага) і д, т, а таксама пасля губных б, в, м, п, ф: дождж, ноч, мыш, цар, купец, голуб, п’едэстал, сям’я, В’етнам, верф;
пасля з, с, ц, дз перад мяккімі зычнымі, калі пры змене формы таго ж слова (або пры замене яго другім словам таго ж кораня) нельга паставіць гэтыя з, с, ц, дз перад цвёрдым зычным: песня –– песні –– песнямі, звер –– зверам –– звяроў, свет –– свяціць –– асвятленне.
пры падаўжэнні зычных: насенне, ралля, галлё, калоссе, а таксама падваенні: ззяць;
у прыметніках з суфіксам -ск-, утвораных ад назоўнікаў на -нь: конскі (конь), астраханскі (Астрахань), любанскі (Любань), плзенскі (Плзень), чань-чунскі (Чань-Чунь), цянь-шанскі (Цянь-Шань).
Раздзяляльны мяккі знак і апостраф
1) Раздзяляльны мяккі знак пішацца:
пасля зычных л, с, ц (з мяккага т), дз і непрыставачных н і з перад е, ё, і, ю, я ў словах іншамоўнага паходжання: вальера, рэльеф, калье, мільён, медальён, павільён.
ва ўласных імёнах і назвах, утвораных ад імён на -ій (-ый), пасля зычных л, с, ц, дз, н, з перад суфіксальным -еў- (-ев-) пішацца мяккі знак: Васільеў, Васільевіч, Васільеўка.
2) Пасля г, к, х і збегу зычных, акрамя нц, перад суфіксальным -еў- (-ев-) пішацца і (ы): Георгіеў, Георгіевіч, Яўціхіеў, Яўціхіевіч, Іракліевіч, Яўлампіевіч, Ануфрыеў.
3) Апостраф пішацца пры асобным вымаўленні зычных з наступным галосным:
пасля прыставак, якія заканчваюцца на зычную, перад е, ё, ю, я і націскным і: ад’езд, аб’ём, аб’ява, аб’яднацца, пад’ёмны, раз’юшыцца, між’ярусны, аб’інець, уз’яднанне.
у сярэдзіне слова пасля губных б, в, м, п, ф, заднеязычных г, к, х, зубных д, т і дрыжачага р перад літарамі е, ё, і, ю, я: б’ецца, вераб’і, В’етнам, інтэрв’ю, сям’я, Дзям’ян.
у складаных словах з першай часткай двух-, трох-, чатырох-, шмат- перад літарамі е, ё, ю, я: двух’ярусны, трох’ярусны, шмат’ядзерны, шмат’ёмісты.
4) Апостраф не пішацца:
пасля ў (у нескладовага) перад літарамі е, ё, і, ю, я: абаўецца, саўюць, салаўі;
у складаных і складанаскарочаных словах на мяжы састаўных частак, у тым ліку калі іх часткі пішуцца праз злучок: цэхячэйка, дзяржюрвыдавецтва, трэд-юніёны.
Правапіс у – ў.
1) Нескладовае ў пішацца згодна з беларускім літаратурным вымаўленнем пасля галосных:
· пры чаргаванні [у] з [ў]:
у пачатку слова (калі гэта слова не пачынае сказ і перад ім няма знакаў прыпынку): на ўвесь дзень (ад усіх), моцны ўдар (ад удару), хацела ўзяць (хацеў узяць).
у сярэдзіне слова пасля галосных перад зычнымі: аўдыенцыя, саўна, фаўна, аўдыякасета, аўра, даўн, джоўль, каўчук, маўзер, маўр, паўза, раўнд; АЛЕ: траур;
· пры чаргаванні [л] з [ў]: даў, мыў, казаў, змоўклі, воўк, шоўк, шчоўк, поўны; АЛЕ: палка, памылка, сеялка, Алдан, Алжыр, Албанія, Волга, Валдай,
· пры чаргаванні [в] з [ў]: лаўка (лава), крыўда (крывы), зноўку (новы); АЛЕ: краіна В’етнам, рака Влтава, армія В’етконга, змаганне за В’енцьян.
2) У канцы запазычаных слоў ненаціскное у не скарачаецца: фрау, Шоу
3) Гук [у] пад націскам не чаргуецца з [ў]: да урны, Брэсцкая унія, групоўка ультра, норма і узус, насілі унты, чулася уханне, аул, баул, аукаць, у выклічніках у (у, нягоднікі!), ух (ух ты!), уй (уй, які смешны!).
4) Гук [у] не чаргуеццаз [ў] у запазычаных словах, якія заканчваюцца на -ум, -ус: прэзідыум, кансіліум, радыус, страус, соус і вытворных ад іх.
5) Гук [у] на пачатку ўласных імён і назваў заўсёды перадаецца вялікай літарай У складовае: ва Узбекістан (для ўзбекаў), на Уральскіх гарах (на ўральскіх дарогах), на Украіне (за ўкраінцаў), за Уладзіміра, каля Уладзіслава, да Усяслава.
Ужыванне вялікай літары:
Вялікая і малая літары ў асабовых назвах
1. З вялікай літары пішуцца:
імёны, імёны па бацьку, прозвішчы, псеўданімы, мянушкі, а таксама дадатковыя азначэнні пры гэтых назвах: Іван, Янка, Ясь, Яська, Ваня;
кожнае імя ў састаўных імёнах і прозвішчах, калі яны пішуцца асобна або праз злучок: Эрых Марыя Рэмарк, Іаган Себасцьян Бах, Марыя-Луіза-Жазэфіна;
прозвішчы, а таксама імёны ў множным ліку, калі яны выступаюць як назва роду, групы асоб ці ўжываюцца ў значэнні агульнай назвы: Міцкевічы, браты Гарэцкія,
пачатковыя часткі Ібн, Бен, Шах-, Мак-, Сан-, Сант-, Сен-, Сент-, Тэр- у іншамоўных асабовых імёнах, якія пішуцца асобна, разам або далучаюцца да іх праз злучок, а таксама пачатковыя О’, Д’, якія пішуцца праз апостраф: Ібн Сіна, Бен Алі, Шах-Джахак, Мак-Доўэл, Мак-Кінлі, Сан-Мартын, Сант-Эліё, Сен-Жуст, Сент-Эцьен, Тэр-Петрасян, О’Генры, Д’Аламбер, Д’Артаньян;
прыналежныя прыметнікі, утвораныя ад асабовых імён і клічак жывёл, мянушак пры дапамозе суфіксаў -ов-, -оў (-ав-, -аў), -ёв-, -ёў (-ев-, -еў), -ын-, -ін- або ўваходзяць у склад сінанімічных назваў са словамі імя, памяці: Кузьмоў сусед, Скарынавы выданні, АЛЕ: коласаўскія мясціны;
2. З малой літары пішуцца:
агульныя назвы людзей, прадметаў, рэчываў і хімічных элементаў, адзінак вымярэння, якія ўтварыліся на аснове асабовых і геаграфічных назваў: донжуан (быў донжуанам), донкіхот (такі донкіхот), эскулап;
асабовыя назвы (прозвішчы, імёны і інш.) у форме множнага ліку, калі іх ужыванне выяўляе пагардлівыя, зневажальныя адносіны: гарлахвацкія, заблоцкія, кручковы;
часткі ван, да, дзі, дзю, дон (донна), дэ, дэр, ла, ле, фон, эль і некаторыя іншыя ў іншамоўных асабовых назвах: Людвіг ван Бетховен, Леанарда да Вінчы, Кола дзі Рыенца, дзю Гар, дон Фердынанд, Лопэ дэ Вега, ле Карбюзье, Ота фон Шанхаўзен; але ў асабовых назвах літаратурных герояў (Дон Кіхот, Дон Хуан), а таксама ў некаторых выпадках у прозвішчах і імёнах пішуцца з вялікай літары: Дзі Віторыё, Дэ Лонг, Ван Гог, Эль Грэка, Ла Баэсі;
Вялікая і малая літары ў найменнях асоб, звязаных з рэлігіямі, назвах міфалагічных і казачных герояў
1. З вялікай літары пішуцца:
найменні найвышэйшых божастваў (бостваў) у рэлігійных культах, а таксама ўсе словы ў спалучэннях, якія змяшчаюць гэтыя назвы: Бог, Алах, Яхве, Госпад (Гасподзь),
прыметнікі, утвораныя ад слова Бог: Божы (Боскі) суд, Божы (Боскі) храм,;
асабовыя імёны (і ўсе словы ў састаўных асабовых назвах, акрамя агульных назваў) заснавальнікаў рэлігійных вучэнняў, а таксама біблейскіх асоб (апосталаў, прарокаў, святых і інш.): Ісус Хрыстос, Буда, Брахма; Іаан Хрысціцель, Святы Павел;
імёны легендарных і міфічных асоб, язычніцкіх багоў: Венера, Дажбог, Пярун, Цмок, але як агульныя назвы: пярун –– удар грому, іуда (юда) –– здраднік, цмок –– змей,
уласныя назвы ўяўных і казачных істот, герояў літаратурных твораў: Папялушка, Чырвоная Шапачка, Калабок, Снягурка, Дзед Мароз, Баба Яга, Пегас, Буцэфал, Атлант, але як агульныя назвы: дзед-мароз –– ёлачнае ўпрыгожанне, баба-яга –– агідная старая,
агульныя назвы істот, а таксама з’яў і прадметаў, калі яны персаніфікуюцца, выступаюць у ролі імёнаў герояў літаратурных твораў (у казках, байках і інш.): Мядзведзь, Воўк, Ліса (Ліска), Заяц (Зайка), Асёл
2. З малой літары пішуцца:
слова бог (гасподзь) ва ўстойлівых выразах, звязаных з выказваннем розных пачуццяў у прастамоўі, а не са зваротам да Бога паводле рэлігійнай абраднасці і ўяўленняў: бог яго ведае, божа (божачка) ты мой, божа збаў, дай божа, крый бог (божа),
слова бог з агульным значэннем боства ў спалучэнні з асабовай назвай або з назоўнікам з агульным значэннем у родным склоне: старажытны славянскі бог Пярун, бог сонца Дажбог, Сварог –– бог неба;
агульныя назвы ўяўных істот: архангел, анёл, херувім, фея, муза, дамавік, лясун.
Вялікая і малая літары ў геаграфічных і астранамічных назвах
з вялікай літары пішуцца геаграфічныя, дзяржаўныя, адміністрацыйна-тэрытарыяльныяя і астранамічныя назвы (акрамя слоў з родавым значэннем рака, горад, востраў, вуліца, плошча, вобласць, раён, зорка, мыс і г.д.): Гомель, Нёман, Венера, Беларусь, возера Нарач, мыс Добрай Надзеі.
Вялікая і малая літары ў назвах дзяржаўных органаў і іншых арганізацый
1. З вялікай літары пішуцца:
усе словы ў найменнях вышэйшых органаў заканадаўчай, выканаўчай і судовай улады Рэспублікі Беларусь і іншых краін: Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь, Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь, Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь; АЛЕ: Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь, Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь;
першае слова ў найменнях рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання і іншых арганізацый: Міністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь (Мінэканомікі), Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы, Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны,;
простыя і састаўныя ўласныя назвы ў складзе ўласных найменняў дзяржаўных органаў і іншых арганізацый: Адміністрацыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр балета Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўны літаратурны мемарыяльны музей Якуба Коласа, Парламенцкая асамблея Савета Еўропы;
слова Савет у значэнні органа ўлады: Мінскі абласны Савет дэпутатаў, сельскі Савет дэпутатаў; АЛЕ: сельсавет;
словы Дом, Палац, якія пачынаюць найменне ўстановы: Дом культуры, Дом народнай творчасці, Палац спорту, Палац мастацтваў; АЛЕ: Зімовы палац, дом адпачынку.
2. З малой літары пішуцца найменні аддзелаў і іншых падраздзяленняў навуковых і адукацыйных устаноў, іх органаў кіравання, а таксама словы тыпу калегія, вучоны савет, навукова-метадычны савет, савет па абароне дысертацый, факультэт, аддзяленне, сектар, група: вучоны савет факультэта журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, савет па абароне дысертацый, калегія Міністэрства культуры, кафедра беларускай мовы; АЛЕ: Агульны сход Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Аддзяленне аграрных навук Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Вялікая і малая літары ў найменнях пасад і званняў, ветлівых зваротах і спецыяльных абазначэннях
З вялікай літары пішуццасловы або спалучэнні слоў, якія з’яўляюцца афіцыйнымі назвамі асобы па вышэйшых дзяржаўных і рэлігійных пасадах: Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, Прэм’ер-міністр Рэспублікі Беларусь, Прэзідэнт Расійскай Федэрацыі, Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. У неафіцыйным ужыванні словы прэзідэнт, старшыня, кароль, імператар пішуцца з малой літары: візіт прэзідэнта, выступленне старшыні, прыём у караля, загад імператара; АЛЕ: выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь;
словы або спалучэнні слоў, якія з’яўляюцца назвамі асобы па вышэйшых дзяржаўных узнагародах Рэспублікі Беларусь і іншых краін (акрамя слова кавалер) пішуцца з вялікай літары: Герой Беларусі, Герой Савецкага Саюза, Герой Сацыялістычнай Працы, кавалер ордэна Ганаровага Легіёна;
Вялікая літара ў назвах дзяржаўных і нацыянальных сімвалаў, рэліквій, дзяржаўных узнагарод, прэмій, грамат, прызоў
З вялікай літары пішуцца:
усе словы ў назвах дзяржаўных і нацыянальных, ваенных і культурных рэліквій: Сцяг Перамогі, Крыж Ефрасінні Полацкай, Курган Славы, Курган Бессмяротнасці, Востраў Слёз, Помнік Перамогі;
усе словы ў поўных назвах ордэнаў і медалёў (акрамя слоў медаль, ордэн і ступень): медаль «Залатая Зорка» Героя Савецкага Саюза, медаль «Залатая Зорка» Героя Сацыялістычнай Працы, ордэн Айчыны І (ІІ, ІІІ) ступені, ордэн Маці, ордэн Пашаны;
першае слова ў назвах дзяржаўных сімвалаў, дзяржаўных і міжнародных прэмій, грамат, прызоў і інш.: Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўны герб Рэспублікі Беларусь, Ганаровая грамата Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, Міжнародная прэмія Міру, Нобелеўская прэмія, Кубак свету, Кубак федэрацыі, Каралеўскі кубак.
Вялікая і малая літары ў назвах дакументаў, іх зводаў, унікальных прадметаў, твораў
1. З вялікай літары пішуцца:
аднаслоўныя ўласныя назвы і першае слова ў састаўных назвах важнейшых дзяржаўных і міжнародных дакументаў, пагадненняў, актаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, іх зводаў: Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, Закон Рэспублікі Беларусь «Аб адукацыі», Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Аб узнагароджанні мнагадзетных маці ордэнам Маці», Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, Статут Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, Статут Вялікага Княства Літоўскага;
аднаслоўныя ўласныя назвы і першае слова ў састаўных назвах прадметаў мастацтва і іншых адзінкавых і ўнікальных прадметаў, твораў, іх зводаў: Дзявятая сімфонія Бетховена, Венера Мілоская, Янтарны пакой, Алмазны фонд, Біблія, Стары Запавет, Каран, Талмуд.
2. З малой літары пішуццаагульныя назвы стыляў у мастацтве і архітэктуры: барока, ракако, готыка, ампір, мадэрн.
Вялікая і малая літары ў назвах знамянальных падзей і дат, перыядаў і эпох, святаў
1. З вялікай літары пішуцца:
аднаслоўныя ўласныя назвы і першае слова ў састаўных назвах знамянальных падзей і дат, перыядаў і эпох, дзяржаўных, традыцыйных і рэлігійных святаў: Варфаламееўская ноч, Адраджэнне, Рэфармацыя, Крыжовыя паходы, Лядовае пабоішча, Крычаўскае паўстанне, Супраціўленне, Першая сусветная вайна, Другая сусветная вайна, Новы год, Дзень жанчын, Ушэсце Гасподняе, Уваскрэсенне Хрыстова, Вялікая субота;
2. З малой літары пішуцца назвы родаў і відаў знамянальных падзей і дат, перыядаў і эпох, асобных гадоў, дзён і інш.: імперыялістычная вайна, лютаўская рэвалюцыя, паўстанне Тадэвуша Касцюшкі, кайназойская эра, неаліт, эпоха феадалізму, капіталістычная фармацыя, перыяд аднаўлення, залаты век, высакосны год, дзень адчыненых дзвярэй, санітарны дзень, месячнік дарожнай бяспекі.
Вялікая літара ў назвах з двукоссем
назвы вытворчых марак тэхнічных вырабаў (машын, механізмаў, прылад, збудаванняў і інш.) бяруцца ў двукоссе і пішуцца з вялікай літары: аўтамабіль «Жыгулі», камбайн «Ніва», трактар «Беларус», тэлевізар «Гарызонт», іанізатар «Аніён-40Т», радыёпрыёмнік «Селена-403». Назвы саміх вырабаў (акрамя назваў, што супадаюць з асабовымі і геаграфічнымі назвамі) пішуцца ў двукоссі з малой літары: «масквіч», «вольва», «боінг» (самалёт), «гарызонт» (тэлевізар); АЛЕ: «Мінск» (халадзільнік), «Волга» (аўтамабіль).