Обострение ситуации переход власти к советам и военкомам в беларуси и на западном фронте
Складаным было палітычнае становішча на Заходнім фронце, дзе салдаты выказвалі незадавальненне вайной. Сярод салдат расла рэвалюцыйная актыўнасць і свядомасць. Яны сталі ствараць свае салдацкія камітэты. Да верасня 1917 г. у арміях Заходняга фронту дзейнічалі 7284 такія камітэты ўсіх ступеняў – ротных, батальённых, палкавых, армейскіх, якія аб’ядноўвалі больш за 55 тыс. салдат. Першапачаткова камітэты складваліся ў асноўным з меншавікоў і эсэраў. Гэта абумоўлена тым, што рэвалюцыя выклікала да актыўнай палітычнай дзейнасці вялікую колькасць салдат, пераважна з сялян.
Падзеі 3–4 ліпеня 1917 г. (правал наступлення на фронце, расстрэл мірнай дэманстрацыі ў Петраградзе) змянілі сітуацыю ў краіне.
Двоеўладдзе скончылася поўнай перамогай буржуазіі. Перыяд мірнага развіцця рэвалюцыі (27 лютага – 4 ліпеня 1917 г.) быў завершаны.
Важную ролю ў згуртаванні і арганізацыі рэвалюцыйных сіл, выпрацоўцы новай тактыкі адыграў VI з’езд РСДРП(б), які праходзіў паў-легальна з 26 ліпеня па 3 жніўня ў Петраградзе. Ён вылучыў лозунг поўнай ліквідацыі дыктатуры контррэвалюцыйнай буржуазіі і прыняў курс партыі на падрыхтоўку ўзброенага паўстання.
Кіруючыся рашэннямі VI з’езда партыі, бальшавікі Беларусі актывізавалі сваю палітычную і арганізацыйную работу ў масах. Асабліва актыўна дзейнічалі яны ў Мінску, які стаў усебеларускім палітычным цэнтрам. Бальшавікі мелі свае фракцыі ў Саветах рабочых і салдацкіх дэпутатаў, гарадской думе, галіновых праўленнях, цэнтральным гарадскім бюро прафсаюзаў. Вераснёўскія перавыбары Саветаў таксама сведчылі аб узрастанні ролі бальшавікоў. У мінскі Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў было абрана 184 бальшавікі, што склала 54,6 %. Гэта дало ім магчымасць атрымаць 23 месцы (63,9 %) у выканкоме.
У выніку перавыбараў бальшавікі пачалі праводзіць праз Мінскі Савет свае рэзалюцыі і рашэнні. Такі ж працэс праходзіў і ў іншых Саветах Беларусі.
Спробай астанавіць рэвалюцыю з’явіўся карнілаўскі мяцеж, накіраваны на ўсталяванне ваеннай дыктатуры (канец жніўня 1917 г.). Разгром карнілаўскага мяцяжу з’явіўся моцным штуршком у далейшым развіцці рэвалюцыі. У краіне вызначыліся новыя суадносіны класавых і палітычных сіл. З кожным днём узрастаў уплыў бальшавікоў на насельніцтва. Нежаданне меншавікоў і эсэраў выйсці з блока з кадэтамі паставіла перад бальшавікамі пытанне аб неабходнасці замацаваць пагадненне з левымі плынямі дробнабуржуазнай дэмакратыі. Гэта тактыка паспяхова ажыццяўлялася бальшавікамі Беларусі. Яны рашуча падтрымлівалі левых эсэраў.
У кастрычніку 1917 г. у Паўночна-Заходняй абласной арганізацыі эсэраў склалася даволі буйная фракцыя левых эсэраў, ці, як яны сябе называлі, эсэраў-інтэрнацыяналістаў. Да іх перайшла значная і даволі актыўная частка эсэраўскай арганізацыі.
Ва ўмовах рэвалюцыйнага ўздыму ў Мінску 5–7 кастрычніка адбылася ІІ Надзвычайная Паўночна-Заходняя абласная партыйная канферэнцыя РСДРП(б). Прыбыўшыя дэлегаты прадстаўлялі 28 591 члена партыі. За кароткі тэрмін пасля І Паўночна-Заходняй абласной партыйнай канферэнцыі (прайшло толькі 20 дзён) колькасць бальшавікоў павялічылася больш чым у тры разы. Гэта з’явілася яскравым сведчаннем няўхільнага росту ўплыву бальшавікоў, іх аўтарытэту сярод працоўных мас і салдат Заходняга фронту. Уся работа канферэнцыі праходзіла пад лозунгам непасрэднай падрыхтоўкі да сацыялістычнай рэвалюцыі.
Ва ўмовах далейшага паглыблення агульнанацыянальнага крызісу барацьба народных мас супраць буржуазіі дасягнула небывалага размаху. У цэнтры яе стаяў пралетарыят – авангард рэвалюцыі. Пераважна палітычны характар яго выступленняў суправаджаўся прымяненнем магутных і эфектыўных сродкаў пралетарскай барацьбы – устанаўленнем рабочага кантролю над вытворчасцю, правядзеннем забастовак. Рабочыя арыштоўвалі і адхілялі ад кіравання заводскую адміністрацыю.
Агульнанацыянальнае палітычнае значэнне восенню 1917 г. набыла барацьба сялянства за зямлю, якая прымала ўсё больш масавы і востры характар. Сяляне захоплівалі памешчыцкія землі, палілі маёнткі. Калі ў жніўні было разгромлена 38 памешчыцкіх двароў, то ў верасні ўжо 67. У кастрычніку сялянскі рух ахапіў 40 паветаў Беларусі.
Да агульнай плыні рэвалюцыйнага руху Беларусі далучаліся выступленні салдат Заходняга фронту. Салдацкія масы рашуча выступалі супраць працягвання вайны, павялічылася колькасць дэзерціраў з фронту, узмацнілася братанне сярод рускіх і нямецкіх салдат.
Такім чынам, пасля Лютаўскай рэвалюцыі на Беларусі, як і па ўсёй краіне, значна ўзмацнілася палярызацыя сіл.