Раздзел 5. Беларусь у сучасным свеце 12 страница
Добра прасочваецца і такая акалічнасць: няроўнасць умоў атрымання адукацыі для дзяўчынак. Пад уплывам прагрэсіўна-дэмакратычных колаў знаходзіцца выйсце з цяжкага становішча. У 1810 г. намаганнямі Канароўскага-Саховіча (дырэктар Віцебскай гімназіі) у Віцебску было адкрыта вучылішча “для дзяцей жаночага полу”. Плату за навучанне тут бралі з улікам заможнасці бацькоў, а самых бедных навучалі бясплатна. Тады ў Беларусі гэта была адзіная свецкая навучальная ўстанова, даступная выхадцам з небагатай сям’і. У 1846/47 навучальным годзе на Беларусі налічвалася 29 прыватных пансіёнаў і школа для “бедных дзяцей”. Усе яны знаходзіліся “на ступені пачатковых вучылішчаў”.
Ітак, як бачна, паступова ідзе пашырэнне колькасці навучальных устаноў, кантынгенту навучэнцаў, праграмы навучальных устаноў прыстасоўваліся да інтарэсаў развіцця гандлю, прамысловасці, сельскай гаспадаркі, да запатрабаванняў дзяржаўнага апарату. Але правядзенне рэфарматарскіх ідэй у адукацыі тармазіцца. Перш за ўсё тормазам з’яўляецца кансерватыўнасць дзяржаўных дзеячаў, якія займаюцца гэтай галіной. На адукацыю, на фінансаванне школы адпускаецца вельмі бедны бюджэт. Ён тады складаў 32 тыс. рублёў. Гэтага ледзь хапала на фінансаванне існуючай сеткі школ і гімназій. Весці ж гаворку аб павелічэнні іх ліку да неабходнай колькасці (аб пашырэнні існуючых) не магло быць і гаворкі. Таму навучальная база школ была беднай, падручнікі хутка ўстаравалі.
Развіццё школьнай справы тармазіцца таксама недахопам падрыхтаваных настаўнікаў. У 1804 г. прыкладна ў 50 % навучальных устаноў падрыхтаваных настаўнікаў не было. Каб стала больш зразумела, прывядзем такія даныя: у гэты час на Беларусі налічвалася 19 свецкіх, 25 манастырскіх сярэдніх навучальных устаноў, у тым ліку 9 гімназій, вышэйшае піярскае вучылішча ў Полацку і 34 павятовыя вучылішчы. Ва ўсіх іх навучалася прыкладна 5 тыс. чалавек.
Вялікую карысць асвеце, рэарганізацыі школьнай справы, камплектаванню школ выкладчыцкімі кадрамі прынёс старэйшы ў нашай мясцовасці Віленскі універсітэт. На працягу амаль 3 дзесяцігоддзяў ХІХ ст. ён быў адзінай вышэйшай навучальнай установай. З універсітэта ў школы Беларусі прыйшлі сотні настаўнікаў, якія актыўна ўдзельнічалі ў дэмакратычным грамадска-палітычным руху, склалі першы атрад беларускай разначынна-дэмакратычнай інтэлігенцыі. Тут сярод студэнцтва выкрышталізоўваліся ідэі беларускай нацыянальнай самасвядомасці.
У 1832 г. Віленскі універсітэт быў закрыты па загадзе Мікалая І. Ліквідацыя “мяцежнага” універсітэта пазбавіла не толькі Літву, але і Беларусь свайго інтэлектуальнага і культурнага цэнтра.
Значным зрухам у падрыхтоўцы настаўнікаў з’явілася адкрыццё настаўніцкай семінарыі ў Віцебску ў 1834 г. Семінарыя праіснавала толькі 5 гадоў, але падрыхтавала кадры для 62 вучылішчаў. Практыкуецца ў гэты час і адпраўка з Беларусі ў Маскоўскі і Пецярбургскі універсітэты 50 “палітычна надзейных” і “самых здольных выпускнікоў гімназій”. Пасля заканчэння універсітэта яны вярталіся працаваць у Беларусь.
Усе гэтыя захады, існаванне настаўніцкай семінарыі пры Віленскім універсітэце (заснавана ў 1803 г.), а таксама кароткатэрміновыя курсы (з больш-менш пісьменных манахаў) станоўчых вынікаў у забеспячэнні кадрамі школ Беларусі не давалі. Гэта абумоўлена гаротным становішчам тых, хто прысвяціў сябе настаўніцкаму званню.
Перашкаджала станоўчаму рашэнню кадравай праблемы таксама жаданне асобных колаў правесці прынцып саслоўнасці пры адборы людзей у настаўнікі. Дваране, якім быў, галоўным чынам, адкрыты доступ у настаўніцкую семінарыю, ішлі туды неахвотна (іх не вабіла ўбогае існаванне настаўніка). Без жадання ішлі ў настаўнікі і манахі. Праца настаўніка ім наогул нічога не давала, акрамя лішніх клопатаў.
Прынцып саслоўнасці ў падрыхтоўцы кадраў у галіне асветы правесці не ўдалося. Адна з прычын, як мы ўжо бачылі, – нежаданне дваран ісці ў настаўнікі. Другая, больш важкая – прагрэсіўныя думкі і дзеянні многіх асветнікаў. Сам рэктар Віленскага універсітэта Я.Снядэцкі, наглядчык гродзенскіх павятовых вучылішчаў І.Р.Кулакоўскі, дырэктар Віцебскай гімназіі К.А.Канароўскі-Саховіч выразна выступаюць за пашырэнне доступу ў навучальныя ўстановы дзяцей без уліку саслоўя і заможнасці бацькоў.
Таму і ў далейшым мы наглядаем зрух наперад: напярэдадні школьных рэформаў 60-х гг. ХІХ ст. у Беларусі налічвалася каля 576 навучальных устаноў усіх тыпаў. У тым ліку 440 пачатковых школ. Навучалася ўсяго прыкладна 17 тыс. чалавек, або прыблізна 0,5 % усяго насельніцтва.
Падводзячы вынікі, адзначым: нягледзячы на адмоўны ўплыў феадальна-прыгонніцкай сістэмы, у нейкім разе рэлігіі, асвета ў канцы ХVІІІ – сярэдзіне ХІХ ст. зрабіла прыкметны крок наперад. Важную ролю тут адыгралі капіталістычныя адносіны, якія прыйшлі на змену феадальным. Яны настойліва прабівалі дарогу ва ўсіх галінах эканамічнага і грамадскага жыцця.
Выкладанне на рускай мове хоць і перашкаджала беларусам засваенню роднай мовы, але ўсё ж аб’ектыўна садзейнічала распаўсюджванню адукацыі на блізкай беларускаму народу мове, далучала яго да рускай культуры. Новая школа адкрыла перад больш шырокім кантынгентам навучэнцаў магчымасці для вышэйшай адукацыі. Безумоўна, адукацыя яшчэ не была ўсеагульнай, і абавязковай, і аднолькава даступнай для ўсіх катэгорый насельніцтва. Большасць людзей яшчэ не мела магчымасці атрымаць адукацыю. Узровень адукацыі па Расіі ў цэлым сярод насельніцтва заставаўся яшчэ вельмі нізкім: у пачатку ХІХ ст. прыходзіўся адзін вучань на 330 жыхароў, у 30-х гг. – на 208, у 1856 – на 143.
Такім чынам, рэформы сельскай гаспадаркі да 1861 года захоўвалі чыста дваранскую накіраванасць, не прыносілі асаблівых поспехаў. У горадзе і ў весцы наглядаецца працэс разлажэння феадальна-прыгонніцкай сістэмы.
Нацыянальна-культурнае адраджэнне Беларусі адбывалася ва ўмовах існуючай паланізацыі і адначасовага ўзмацнення рускага ўплыву на беларускіх землях. У такіх абставінах беларуская нацыянальная культура рабіла першыя крокі. У прагрэсіўным накірунку (хаця і з вялікім тармажэннем) развівалася агульнаадукацыйная школа, узнікалі прафесійныя навучальныя ўстановы, павышаўся культурны ўзровень насельніцтва.
Пытанні і заданні:1. Чым адрозніваўся характар землекарыстання ва ўсходняй Беларусі ад таго, што меў месца ў цэнтральнай і заходняй яе часцы? 2. Растлумачце сутнасць сялянскіх рэформ, прапанаваных Міністрам дзяржаўных маёмасцей Расіі П.Д.Кісялёвым. 3. Якія дзве супярэчлівыя тэндэнцыі можна заўважыць у развіцці асветы насельніцтва Беларусі з канца ХVІІІ да першай паловы ХІХ ст?
Тэма 3. Перамога капіталізму ў краінах Еўропы, Паўночнай Амерыкі і Беларусі
§1. Развіццё навукі і тэхнікі ў свеце і на Беларусі
§2. Сялянская рэформа, іншыя буржуазныя рэформы 60 -70-х гг. у Расіі
§1. Перамога капіталізму ў Еўропе і Паўночнай Амерыцы спрыяла развіццю навукі і тэхнікі ў другіх краінах. Тэхнічны пераварот, які пачаўся ў 60-х гг. ХVІІІ ст. у Англіі, стаў самай істотнай з’явай гэтага перыяду, а таксама другой паловы ХІХ ст. – у іншых краінах.
Вынаходства паравога рухавіка дало моцны штуршок для механізацыі ўсіх галін прамысловай вытворчасці. Паравыя ўстаноўкі сталі выкарыстоўвацца ў сельскай гаспадарцы, на транспарце. Невыпадкова ХІХ ст. характарызуецца і сёння як век “пары і жалеза”. Велізарным дасягненнем стала атрыманне жалеза і сталі з чыгуну. З’явілася зусім новая галіна вытворчасці – машынабудаванне, электратэхабсталяванне і інш. У апошняй трэці ХІХ ст. пачынаецца выкарыстанне электраматораў. У 1881 г. у Германіі пабудавана трамвайная лінія электрычнага гарадскога транспарту.
У ХІХ ст. вучоныя займалі значнае месца і мелі вялікі ўплыў у грамадстве. Навука выступала не толькі як рухавік развіцця прамысловасці, сельскай гаспадаркі. Яна мяняла ўнутраны свет чалавека. Значным адкрыццём гэтага часу была распрацоўка Эйнштэйнам тэорыі адноснасці, перыядычнай сістэмы – Мендзялеевым.
У гэты ж час вучоныя праніклі ў тайну элементарных часціц. У 1895 г. адкрыты рэнтгенаўскія прамяні, якія былі адразу скарыстаны ў медыцыне і тэхніцы. Наступным этапам стала даследаванне атамнага ядра (Марыя Складоўская-Кюры (Польшча), П’ер Кюры (Францыя), Нільс Бор (Данія).
Найважнейшае дасягненне біялагічнай навукі ХІХ ст. – стварэнне тэорыі эвалюцыі відаў шляхам натуральнага адбору. У 1859 г. – выйшла кніга Чарльза Дарвіна “Паходжанне відаў шляхам натуральнага адбору”. Тут даказваецца, што раслінны і жывёльны свет увесь час мяняецца – выжываюць тыя віды, якія найбольш прыстасаваны да прыроды.
У Расіі прамысловы пераварот звязаны з пераходам ад мануфактуры да фабрыкі і мае два бакі: тэхнічны – сістэмнае прымяненне машын і сацыяльны – фарміраванне прамысловай буржуазіі і пралетарыяту. Абодва бакі знаходзяцца ў працэсе пастаяннага ўзаемадзеяння. Пачатковая фаза прамысловага перавароту характарызуецца стварэннем матэрыяльна-тэхнічнай базы, а завяршаючая – глыбокімі зменамі ў сацыяльных адносінах. Большасць гісторыкаў і эканамістаў лічаць пачаткам прамысловага перавароту на Беларусі (як і ў Расіі) прыкладна 30-40-я гг. ХІХ ст. Раней за ўсё гэты працэс пачаўся ў лёгкай прамысловасці.
У першай палове ХІХ ст. пачалося будаўніцтва шасэйных і чыгуначных шляхоў: значная колькасць іх з’явілася ў Беларусі. Першая чыгунка ў Расіі працягам 25 км была пабудавана ў 1837 г. паміж Пецярбургам і Царскім Сялом. Затым – Варшаўска-Венская (1848 г.), Пецярбургска-Маскоўская (1851 г.). У 1859 г. была пушчана ў эксплуатацыю чыгунка, якая злучыла Пецярбург з Варшавай. 50 вёрст гэтай лініі прайшлі па тэрыторыі Беларусі на адрэзку праз Гродна (Парэчча – Гродна – Кузніца).
29 лістапада 1871 г. састыкаваліся рэйкі на галоўнай чыгуначнай магістралі Масква – Брэст. Але і тады ў Расіі (1861 г.) налічвалася ўсяго 1,5 тыс. вёрст чыгуначных ліній. У той час невялікія па сваёй тэрыторыі заходнееўрапейскія дзяржавы – Англія, Германія, Францыя – ужо былі пакрыты густой сеткай чыгункі. Слабае развіццё транспарту ў дарэформеннай Расіі істотна затрымлівала развіццё гандлю і прамысловасці.
У Беларусі разам з уводам чыгункі самымі буйнымі прадпрыемствамі становяцца чыгуначныя майстэрні і дэпо. У 1905 годзе ў галоўнай майстэрні Польскіх чыгунак (Пінск) працавала 1320 чалавек, у галоўнай майстэрні Лібава-Роменскай чыгункі ў Гомелі – 1290 чалавек, у Мінску (чыгунка Масква – Брэст) – 750 чалавек. Чыгунка дае магчымасць паскоранага развіцця сельскай гаспадаркі: хлебныя грузы з Беларусі пайшлі ў прыбалтыйскія парты.
Менавіта ў гэты час з-за адсутнасці разведаных запасаў выкапневых багаццяў і ўздзеяння расійскага рынку аб’ектыўна вызначаецца спецыялізацыя беларускай прамысловасці: апрацоўка прадукцыі мясцовай сельскай гаспадаркі, лясной і мінеральнай сыравіны. Так, у канцы ХІХ ст. высокай вагой выдзяляецца харчовая прамысловасць (50 %) (вінакурэнне, піваварэнне, мукамалочныя, крупяныя, тытуневыя, крухмала-патачная і інш.). Дрэваапрацоўчая прамысловасць займае 19,5 %. З 1861 да 1900 г. тут адбываецца рост у 2,3 раза. На трэцім месцы знаходзіцца тэкстыльная прамысловасць (9,7 %) (пераапрацоўка лёну). Самым буйным прадпрыемствам у Віцебску (900 рабочых) з’яўлялася льнопрадзільная фабрыка “Дзвіна”, пабудаваная ў 1900 г. Металаапрацоўка, гарбарная, сілікатна-будаўнічая прамысловасць займае ў гэты час ад агульнай толькі 5-6 %.
Развіццё прамысловасці і чыгуначнага транспарту прыводзіць да паскоранага развіцця гарадоў. З 1863 г. па 1897 г. гарадское насельніцтва павялічылася ўдвая: з 330 тыс. да 648 тыс. Самыя буйныя гарады гэтага часу - Мінск – 91 тыс. жыхароў, Віцебск – 66 тыс., Гродна – 47 тыс., Брэст – 46,5 тыс., Магілёў – 43 тыс., Гомель – 37 тыс.
Растуць і мястэчкі. За гэты ж час іх насельніцтва вырасла з 500 да 700 тыс. Некаторыя мястэчкі ператварыліся ў прыкметныя прамысловыя цэнтры рэгіянальнага значэння (Дуброўна, Смаргонь) і пераўзышлі асобныя павятовыя гарады.
З сярэдзіны 40-х гг. ХІХ ст. на Беларусі ўводзіцца паштова-тэлеграфная сувязь. Гэты сродак сувязі садзейнічае развіццю гандлю. З развіццём чыгункі страчваюць сваё значэнне кірмашы. Актывізуюць сваю дзейнасць магазіны і гандлёвыя крамы: у канцы ХІХ ст. на іх прыходзіцца 95 % усяго ўнутранага гандлю.
Знаходзяць сваё месца на Беларусі ў гэты час і ўсерасійскія банкі. Тут адкрываюцца дзяржаўны, сялянскі і дваранскі банк.
§2. У Расіі супраць улады былі настроены не толькі сяляне, што не дачакаліся вызвалення ад паноў, але і капіталістычныя элементы, надзеі якіх на пашырэнне замежнага гандлю праваліліся ў час руска-турэцкай вайны.
Пераемнік Мікалая І Аляксандр ІІ, яго ўрад бачаць хібы сярэдневяковай феадальнай гаспадаркі, прымаюць захады, каб змяніць становішча. Яшчэ ў 1857 г. створаны Сакрэтны камітэт для паляпшэння быту сялянства (у 1858 г. ён быў перайменаваны ў Галоўны камітэт).
Прыкладна ў гэты ж час у Пецярбург прыбыў віленскі генерал-губернатар Назімаў. Ён прывёз праект закона аб вызваленні сялян. Сэнс праекта: вызваліць зямлю ад сялян, вызваліць іх ад прыгону без надзялення зямлёй.
Урад Аляксандра ІІ адмовіўся ад такой прапановы. Справа ў тым, што ажыццяўленне праекта Назімава было небяспечным: пры такім падыходзе ў імперыі з’явіліся б прыкладна 22 млн. неспакойных, неаселых, рухомых пралетарыяў, якія б пагражалі самаўладдзю. Яны б сталі тым сухім матэрыялам, які пры самай маленькай іскарцы дае вялікае полымя.
Таму 20 лістапада 1857 г. выдаецца царскі рэскрыпт (пісьмо) на імя віленскага губернатара В.І. Назімава, дзе сказана, што вызваленне сялян дазваляецца толькі з зямлёю. За панамі прызнаецца права ўласнасці на зямлю. Сяляне могуць выкупіць ва ўласнасць сядзібную зямлю і атрымаць у карыстанне палявую зямлю за аброк ці за паншчыну. Што тычыцца колькасці зямлі, то ў рэскрыпце сказана: “Зямлі павінна хапіць для належнага забеспячэння сялянскага быту і для выканання абавязкаў перад урадам і панам”. Згодна з указаннямі рэскрыпту, у губернях ствараюцца камітэты па справах вызвалення сялян. Утварэнне такіх камітэтаў адбылося і на Беларускіх землях.
Маніфест ад 19 лютага 1861 года быў надрукаваны 5 сакавіка гэтага года. Там, дзе большасць сялян зразумела тэкст Маніфеста, яна засталася ім незадаволеная. Сяляне аднесліся да яго варожа. Шмат дзе сяляне адмовіліся ісці на паншчыну. На Віцебшчыне шырока разрасліся сялянскія непарадкі. Яны былі, праўда, задушаны вайсковаю сілаю, лозамі. На аснове Маніфеста беларускі селянін вызваляўся з няволі, як асоба, без выкупу; затое ён павінен быў выкупіць у пана тыя кавалкі зямлі, каторыя ён ад яго атрымаў. Выкуп за зямлю быў назначаны даволі высокі. За зямлю, аддадзеную сялянам па звычайных цэнах, трэба было б заплаціць 648 млн. рублёў. На самой справе з іх узялі 867 млн. рублёў. Такім чынам, цана зямлі была павялічана на 25 %. Гэтая надбаўка была скрытай формай выкупу з няволі.
Беларускае панства робіць усё магчымае, каб зменшыць выкупныя сялянскія надзелы. Звычайная з’ява – беларускі селянін атрымлівае зямельны куртаты надзел. “Палажэннем” прадугледжвалася вышэйшая і ніжэйшая норма надзелаў: вышэйшая – вагалася ад 4 да 5,5 дзесяціны, ніжэйшая – ад 1 да 2 дзесяцін на душу мужчынскага полу, што і з’явілася ў далейшым асноўнаю крыніцаю малазямелля і беззямелля беларускіх сялян.
Беларускія паны шырока скарысталі адно з палажэнняў Маніфеста (т.зв. пункт аб дармавых надзелах). Ён даваў пану права па згодзе з селянінам выдзяляць яму надзел без усялякага выкупу (але ў памерах 1/4 – 1/3 нармальнага). На Беларусі такі надзел раўняўся прыкладна 1 – 1,5 дзесяціны. Для гэтага пан гібка прымяняў розныя сродкі ўздзеяння на сялян: застрашванне, гарэлку, подкуп.
Асаблівасць Беларусі заключалася яшчэ і ў тым, што тут было шмат дваравых людзей. Згодна з Маніфестам яны зямлёй не забяспечваліся. Не атрымалі нармальных надзелаў сяляне, якія знаходзіліся на паншчыне ў дробных паноў. Калі прыняць пад увагу, што на Беларусі было шмат паноў, якія мелі не больш за 75 дзесяцін зямлі, становіцца зразумелым, што і гэты фактар прыводзіў да малазямелля і беззямелля. Вынікам гэтага з’явілася тое, што 60 % сялянскіх двароў, утварыўшыхся ў час рэформы, мелі надзелы да 15 дзесяцін, што не забяспечвала даходу нават на пракармленне сям’і ў 6-7 душ (пасля выплаты ўсіх відаў падаткаў і збораў: выплата выкупных, дзяржаўныя, земскія, мірскія).
Згодна рэформе выходзіла, што да таго часу, пакуль селянін не выкупіць атрыманы надзел, ён павінен знаходзіцца ў адносінах да пана ў стане часова абавязанага. На Беларусі найчасцей яго абавязкі складаліся з 3 дзён паншчыны ў тыдзень мужчынскіх і 2 – жаночых. Паншчына магла, як і ў часы прыгону, замяняцца аброкам, які складаў ад 15 да 22 рублёў у год.
І толькі паўстанне 1863 г. прымусіла ўрад скасаваць на Беларусі палажэнне часова абавязаных сялян. Урад абвясціў селяніна зусім вольным ад паншчыны і аброку. Замест іх з 1864 г. селянін пачаў плаціць ураду выкупныя плацяжы. З панамі меў справу зараз ужо сам урад: ён адразу заплаціў ім авансам па вельмі шчодрай расцэнцы выкуп за сялян даходнымі працэнтнымі паперамі. А селянін з гэтага часу стаў выплачваць на працягу дзесяткаў гадоў выкупныя штогадовыя плацяжы.
Сялянская зямельная рэформа ў Расіі звязана і з іншымі ліберальнымі мерапрыемствамі і рэформамі: земскімі, судовымі, школьнымі, гарадскімі, ваеннымі.
Земская рэформа прадугледжвала стварэнне ў паветах і губернях выбарных земскіх устаноў для кіраўніцтва мясцовай гаспадаркай, народнай асветай, аховай здароўя. Там, дзе такія ўстановы былі, яны адыгралі станоўчую ролю: сталі месцам згуртавання ліберальных і дэмакратычных сіл інтэлігенцыі, садзейнічалі развіццю гаспадаркі, школьнай справы, адукацыі, медыцынскай і ветэрынарнай службаў і г.д. Але на Беларусі закон аб земствах па палітычных матывах не распаўсюджваўся. Адсутнасць земстваў затармазіла тут і судовую рэформу. Міравыя суды на Беларусі ўведзены толькі ў 1872 г., але ж міравыя (павятовыя) суддзі не выбіраліся (як у цэнтральнай Расіі), а назначаліся Міністрам юстыцыі і цалкам залежалі ад яго. Акруговыя (губернскія) суды з прысяжнымі засядацелямі ўведзены на Беларусі ў 1882 г. Пры гэтым улады мелі права зацвярджаць, а па сутнасці фарміраваць спіс прысяжных засядацеляў.
Што тычыцца школьнай рэформы, то на Беларусі яна мела асаблівасці. Паводле “Часовых правіл для народных школ” у Беларусі ў кожнай губерні ствараліся дырэкцыі народных вучылішчаў і саветы вучылішчаў з ліку чыноўнікаў. Вось яны і ажыццяўлялі нагляд за народнай школай, прызначалі і звальнялі настаўнікаў, давалі дазвол на адкрыццё новых школ.
Як бачна, ў час правядзення рэформы ў адносінах лібералізацыі Беларусь мала што атрымала. Яна апынулася ў горшым становішчы, чым цэнтральная Расія. У той час, як у Расіі будаваліся школы і бальніцы, дарогі, масты, Беларусь засталася збоку.
Такім чынам, станаўленне капіталізму ў краінах Заходняй Еўропы і Паўночнай Амерыкі мела станоўчае значэнне для развіцця навукі і тэхнікі ў іншых краінах. У 30-40-х гг. ХІХ ст. бярэ пачатак прамысловы пераварот на Беларусі, які характарызуецца пераходам ад мануфактуры да фабрыкі. Тэхнічны пераварот звязаны з сістэмным прымяненнем машын, сацыяльны – з фарміраваннем прамысловай буржуазіі і пралетарыяту.
Сялянская рэформа 1861 г. ліквідавала галоўную перашкоду, якая стрымлівала развіццё капіталізму, – прыгоннае права. Працягам сялянскай рэформы сталі буржуазныя рэформы 60-70-х гг., якія далі магчымасць зрабіць значны крок наперад па шляху пераўтварэння феадальнай Расійскай манархіі ў буржуазную. Што тычыцца Беларусі, то тут у выніку контррэформ і розных палітычных абмежаванняў рэформы жадаемых вынікаў не далі.
Пытанні і заданні: 1. З якімі з’явамі (пераменамі) звязваецца прамысловы пераварот у краінах свету і на Беларусі? Ахарактырызуйце тэхнічны і сацыяльны аспект прамысловага перавароту. 2. Прасачыце сітуацыю ў краіне ў час падрыхтоўкі і адмены прыгоннага права. Вызначце асноўную сутнасць маніфеста ад 19 лютага 1861 г. 3. Якая сувязь існуе паміж адменай прыгоннага права і буржуазнымі рэформамі 60-80 гг. ХІХ ст. 4.Дакажыце неабходнасць адмены прыгоннага права ў Беларусі.
Тэма 4. Грамадска-палітычнае і культурнае жыццё на Беларусі ў ХІХ – пачатку ХХ ст.
§1. а).Развіццё культуры, адукацыі, друку.
б). Нацыянальна-вызваленчае паўстанне 1863-64 гг.
§2. Народніцкі рух 70-90-х гг. Стварэнне палітычных партый
§3. а).Сацыяльна-эканамічныя і палітычныя абставіны на пачатку ХХ ст.
б). І сусветная вайна
§4. Лютаўская рэвалюцыя, яе асаблівасці на Беларусі
§1. а).У другой палове ХІХ ст. узрасла цікавасць да гісторыі, навукі і культуры насельніцтва Беларусі. Вывучэннем усіх бакоў жыцця беларусаў займаюцца Расійская Акадэмія навук, Маскоўскі і Пецярбургскі універсітэты. Гэтый справе прысвяцілі свае працы А.А.Шахматаў, А.І.Сабалеўскі, М.А.Янчук. Значны ўклад у вывучэнне края ўнёс рэгіянальны этнаграфічны цэнтр у Вільні, за час існавання цэнтра ім выдадзены 4 кніжкі “записок”, у якіх апублікаваны 12 прац, прысвечаных побыту, культуры і вусна-паэтычнай творчасці беларусаў.
У 1902 годзе ў Магілёве па ініцыятыве Е.Р.Раманава створана таварыства па вывучэнні Беларускага края. У 1908 г. у Мінску арганізаваны цэнтральны гістарычна-археалагічны камітэт, які выдаў працы пад назвай “Минская старина”. У 1909 г. створана Віцебская архіўная камісія, якая была накіравана на вывучэнне публікацый старажытных часоў і дакументаў па гісторыі Віцебшчыны. Выдатным даследчыкам беларускай энтаграфіі і фальклору стаў настаўнік народных школ Віцебска М.Я.Нікіфароўскі. Першай яго працай былі “Нарысы Віцебскай Беларусі”, якія давалі характарыстыку грамадскага побыту беларусаў. Гэты ж аўтар напісаў самую буйную працу па матэрыяльнай культуры беларусаў ХІХ ст. - “Нарысы прастанароднага жыцця-быцця ў Віцебскай Беларусі і апісанне прадметаў ужытку (Этнаграфічныя звесткі)”
Другая палова ХІХ ст. у галіне друку характарызуецца выпускам на рускай, яўрэйскай і польскай мовах рэлігійных і багаслоўскіх твораў, даведнікаў і невялікіх зборнікаў вершаў. На беларускай мове за гэтыя гады ў краі не было выдадзена ніводнай кнігі. Перыядычны друк быў прадстаўлены афіцыйнымі газетамі, якія выдаваліся за казённы кошт. Сярод іх “Губернские ведамости”, “Вилинский вестник” (рэдактар - вядомы этнограф А.Кіркор), часопіс “Вестник Западной России”. У 1886 г. пачалося выданне адзінай легальнай незалежнай ад урада літаратурна-палітычнай газеты «Минский листок».
У 90-х гадах ХІХ ст. наглядалася ажыўленне беларускамоўнага друку. Напрыклад, паэма “Тарас на Парнасе” тройчы перавыдавалася ў Віцебску, двойчы – у Гродне і Магілёве.
Беларускі рух да 80-90-х гадоў ХІХ ст. мяняецца: тут паяўляюцца погляды аб вызваленні ад эканамічнага прыгнёту ў спалучэнні з вызваленнем ад нацыянальнага ўціску. Свабода асабістая дапаўняецца свабодай Рэспублікі, г.зн. яе самастойнасцю.
Таленавітым прадстаўніком беларускай культуры гэтага часу з’яўляецца Ф.Багушэвіч, які пісаў пад псеўданімам – Мацей Бурачок і Сымон Рэўка з-пад Барысава (1840-1900 гг.). З твораў Ф.Багушэвіча злажыліся “Дудка Беларуская”, “Смык Беларускі”, “Беларуская скрыпка” і інш.
У “Дудцы Беларускай” (першы зборнік, у прадмове) ён з болем у сэрцы ставіць пытанне аб мове: беларуская мова забаронена ўрадам, над ёю здзекуюцца рускія і палякі, як над моваю “мужыцкай, хамскай”, нідзе ёй няма месца, апроч сялянскай хаты. “Братцы мілыя, дзеці Зямлі – маткі маёй!... мушу пагаварыць з вамі ... аб нашай бацькавай спрадвечнай мове, каторую мы самі, дый не адны мы, а ўсе людзі цёмныя мужыцкай завуць, а завецца яна беларускай,”- кажа Багушэвіч. Далей аўтар прызнаецца, што ён і сам падзяляў такія погляды – (беларуская мова - мужыцкая), але знайшліся людзі (добрыя людцы), што пазнаёмілі яго з гэтай мовай і пераканалі яго ў тым, што беларуская мова такая самая, “як французская, альбо нямецкая, альбо іншая якая, што яна ёсць мова народа”.
Далей Ф.Багушэвіч паказвае, што з-за цяжкіх сацыяльных умоў (дзе людзі падзелены на два процілеглыя лагеры), беларускі мужык вымірае, разам з ім вымірае і мова. І здаецца песняру, што калі захаваць мову беларусаў, то не памрэ і народ беларускі.
Такі настрой і погляды на мову і побыт беларускага народа мае і Янка Лучына (Ян Неслухоўскі – 1851-1897 гг.). Неслухоўскі пісаў па-польску і па-беларуску. Беларускіх твораў да нас дайшло мала. Але і ў польскай мове ён піша пра беларускае жыццё – цяжкае жыццё беларускага мужыка. Верш “Вязанкі” яскрава выказвае гэта: “Не я пяю – народ божы даў мне ў жыцці лад прыгожы, бо на сэрцы маюпуты і з народам імі скуты.”
У 60-я гады ХІХ ст. асабліва пад час паўстання, беларускае пытанне закранаецца глыбей, бо ад яго вырашэння залежыць поспех паўстання. Даволі вялікая паўстанцкая літаратура на беларускай мове ўтрымлівае лозунгі незалежнасці Беларусі ад Польшчы і Расіі. Кастусь Каліноўскі, прадстаўнік чырвоных, выстаўляе на старонках “Мужыцкай праўды” тры лозунгі: мужыцкая народніцкая Беларусь, беларуская народнасць і ўтварэнне незалежнай ад Расіі і Польшчы дзяржавы. Тут ідэя нацыянальнага адраджэння абагачаецца канкрэтнай пастановай задачы беларускага нацыянальна-дзяржаўнага самавызначэння. Палітычны рух у гэты час прыйшоў да прызнання незалежнай Беларусі і мовы, але яшчэ без дакладнай тэарытычнай і практычнай прапрацоўкі.
У пачатку ХХ стагоддзя закладваюцца асновы сучаснай беларускай мовы, паяўляецца беларускі нацыянальны друк, беларускае кнігавыдавецтва, першыя падручнікі для школ на роднай мове. 1 верасня 1906 года легальна выйшаў першы нумар газеты “Наша доля”. Затым убачыла свет яшчэ 5 нумароў газеты з такой назвай. У студзені 1907 года газета была закрыта. Яна пакінула значны след у грамадскай думцы Беларусі і яе культуры.
З лістапада 1906 года па верасень 1915 года ў Вільні выходзіла грамадска-палітычная і літаратурная газета “Наша ніва”. Газета выступала за нацыянальнае раўнапраўе беларускага народа, свабоднае развіццё яго культуры, увядзенне беларускай мовы ў школах, выкарыстанне яе ў друку, цэрквах і касцёлах. На старонках газеты публікаваліся артыкулы аб гісторыі краю, норавах і быце беларусаў. Тут выступалі Я. Колас, Цётка (А.Пашкевіч), М.Багдановіч, М.Гарэцкі і іншыя. Пры садзейнічанні газеты на беларускай мове выходзілі “Беларускі каляндар”, журналы “Саха” і “Лучына”.
Легальным беларускім кнігадрукаваннем пачало займацца выдавецтва “Загляне сонца і ў наша аконца”, створанае ў 1906 годзе ў Пецярбургу. За няпоўныя 8 гадоў было выпушчана 40 беларускіх кніг з тыражам больш за 100 тыс. экзэмпляраў.
Вядучая роля ў беларускай літаратуры гэтага часу належала пісьменнікам рэвалюцыйна-дэмакратычнага накірунку - Я.Купале, Я.Коласу, М.Багдановічу. Іх творы праўдзіва адлюстроўвалі жыццё і барацьбу працоўнага люду, былі прасякнуты спачуваннем да яго пакутаў, ідэямі сапраўднай дэмакратыі і гуманізму.
Пад уплывам рускіх і ўкраінскіх труп, якія наведвалі гарады Беларусі, тут пачалі дзейнічаць аматарскія тэатральныя гурткі. Дзейнасць гурткоў з’явілася перадумовай для ўзнікнення першай беларускай трупы, стваральнікам якой быў акцёр І.Буйніцкі. У 1907 годзе вызначыўся пастаянны склад трупы, якая ў 1910 годзе ператварылася ў прафесійны тэатр. І хаця ў 1913 годзе тэатр Буйніцкага перастаў існаваць, трупа заклала падмурак, добрую глебу для развіцця тэатральнага мастацтва ў далейшым.
Дабратворны ўплыў на развіццё беларускага жывапісу аказаў мастак В.К.Бялыніцкі-Біруля, які маляваў пейзажы беларускай прыроды. Некалькі карцін аб жыцці беларускага народа напісаў І.Я.Рэпін, а таксама не меньш вядомы мастак Ю.М.Пэн. Гэтыя і іншыя мастакі стварылі шмат пейзажаў і партрэтаў, узятых з жыцця рамеснікаў, гандляроў, простых людзей.
Пад уплывам эканамічнага развіцця набірала тэмпы народная адукацыя. У гэты час, хоць і марудна, расла сетка школ. У 1881 годзе ў пяці беларускіх губернях налічвалася 2185 розных навучальных устаноў, у іх навучалася 63584 чалавекі. Нягледзячы на абмежаванне ў атрыманні адукацыі для бяднейшых слаёў, пісьменнасць насельніцтва ўсё ж пашыралася за кошт павелічэння навучальных устаноў і падрыхтоўкі настаўніцкіх кадраў. Для атрымання пачатковай адукацыі адкрываліся царкоўнапрыходскія школы (праўда, адначасова адбывалася скарачэнне народных пачатковых школ).
У канцы 50-х гг прагрэсіўныя інтэлігенцыя Беларусі, як між іншым і другіх рэгіёнаў, выступала за перавод навучання ў школе на родную мову вучняў, найперш у пачатковай адукацыі. Як быццам бы не супраць быў і царскі ўрад. У студзені 1863 г. Аляксандр ІІ нават падпісаў рашэнне аб асігнаванні афіцыйнага часопіса на беларускай мове для тлумачэння народным масам Беларусі распараджэнняў і дзейнасці органаў улады. З гэтай жа мэтай намячалася выкладанне першапачатковых ведаў дзецям беларусаў на беларускай мове для таго каб навучыць іх чытаць і пісаць “па-беларуску, а пасля, безумоўна, па-расійскаму і па-царкоўна-славянскаму”. Аднак у сувязі з паўстаннем 1863-1864 гг. царскі ўрад адмовіўся ад планаў стварэння на Беларусі беларускамоўнай пачатковай школы і выдання навуковага часопіса на беларускай мове.
З пачатку 60-х – да завяршэння 90-х гадоў ХІХ стагоддзя колькасць навучальных устаноў і навучэнцаў у іх павялічылася ў дзесяткі разоў. У 1899 годзе налічвалася 999 народных вучылішчаў і 5814 царкоўна-прыходскіх школ, у якіх навучалася 216127 дзяцей. На Беларусі дзейнічала таксама 20 сярэдніх вучэбных устаноў, дзе навучалася 5000 чалавек.
Наглядаецца станоўчая тэндэнцыя ў развіцці сістэмы народнай адукацыі і ў далейшым. У 1914 годзе колькасць пачатковых і сярэдніх агульнаадукацыйных школ вырасла да 7682. Навучэнцаў у іх было ўжо 488,6 тысячы (у 1900 – 248 тысяч). У сярэдніх спецыяльных навучальных установах навучалася 1,4 тысячы чалавек. Да гэтага часу было таксама адкрыта некалькі настаўніцкіх семінарыяў, сельскагаспадарчых і медыцынскіх школ. З 1910 па 1914 год на Беларусі адкрыліся тры настаўніцкія інстытуты (у Мінску, Віцебску, Магілёве). Метады навучання з кожным годам станавіліся больш дасканалымі. Тым не менш пашырэнне сеткі школ не задавальняла патрэбы дзесяткаў тысяч людзей, якія жадалі навучацца пісьменнасці. У школах не хапала месцаў і адукаваных настаўнікаў.