Раздзел 5. Беларусь у сучасным свеце 9 страница
Пытанні і заданні:1. Дайце канкрэтнае гістарычнае азначэнне Адраджэнню. Назавіце агульнае і адметнае ў развіцці сярэднявечнай Еўропы. Якія значныя зрухі ў матэрыяльнай і духоўнай культуры адбыліся ў час эпохі Адраджэння на Беларусі? 2. Ахарактарызуйце жыццёвы і творчы шлях Францыска Скарыны, М. Гусоўскага, Мялеція Сматрыцкага, Казіміра Ляшчынскага, Сімяона Полацкага. 3. Як выглядала культура Беларусі (выяўленчае мастацтва, тэатр) у ХVІ - ХVІІІ стст.? 4. Прааналізуйце ўмовы, у якіх адбывалася падрыхтоўка пісьменных людзей на Беларусі ў ХVІ - ХVІІІ.
ЛІТАРАТУРА
1. Алексеев В.П., Першиц А.И. История первобытного общества. М., 1990
2. Алексеев Л.В. Полоцкая земля в ІХ – ХІІІ вв.: Очерки истории Северной Белоруссии. М., 1996.
3. Арлоў У.А. Еўфрасіння Полацкая. Мн., 1992г.
4. Артеменко И.И. Племена Верхнего и Среднего Поднепровья в эпоху бронзы. М., 1967.
5. Галубовіч В.І., Бохан Ю.М.. Гісторыя Беларусі (у кантэксце сусветнай цывілізацыі). Мн.: Сучасная школа, 2007. с. 38-118.
6. Гісторыя Беларускай ССР. Мн., 1972. Т.1.
7. Гісторыя Беларусі: вучэб. дапам. У 2 ч. Ч.1 Ад старажытных часоў – па люты 1917 г. / Я.К.Новік., Г.Е.Марцуль, І.Л.Качалаў. – Мн.: Універсітэцкае. 2000.
8. Греков Б.Д. Киевская Русь. М., 1953.
9. Гринблат М.Я. Белорусы: очерки происхождения и этнической истории. Мн., 1968.
10. Ермаловіч М.І. Старажытная Беларусь. Полацкі і Новагародскі перыяды. - Мн.: Маст-я літ-ра, Універсітэцкае. 1990.
11. Загарульскі Э.М. Заходняя Русь: ІХ – ХІІІ стст.: Вучэб. дапам. Мн. 1998.
12. Калечиц Е.Г. Первоначальное заселение территории Белоруссии. Мн., 1984.
13. Киев и западные земли Руси в ІХ – ХІІІ вв. Мн., 1989.
14. Лысенко П.Ф. Города Туровской земли. Мн., 1974.
15. Мандрык І.У. Зборнік лекцый па гісторыі Беларусі (у кантэксце сусветнай цывілізацыі). Віцебск., 2005 г. с. 5-70.
16. Мандрык І.У. Эрыдан, Рубонь, Руба. // Народнае слова, 1992, 29 мая.
17. Мандрык І.У. Вялікае княства Літоўскае, Рускае, Жмудскае: існуючыя погляды на шляхі яго ўтварэння. // Материлы ІІІ (третьей) научной сессии преподавателей и студентов (21 апреля 2000 года). – Витебск: МИТСО. – 2000. – С. 19-20.
18. Нарысы гісторыі Беларусі: У 2 ч. Мн., 1994. Ч.1
19. Оргиш В.П. Древняя Русь: Образование Киевского государства и введение христианства. Мн., 1988.
20. Пилипенко М.Ф. Возникновение Белоруссии: Новая концепция. Мн., 1991.
21. Повести Древней Руси. Л., 1983
22. Сапунов А. Полоцкий Софийский собор. Витебск, 1988.
23. Штыхов Г.В. Города Полоцкой земли (ІХ – ХІІІ вв.). Мн., 1978.
24. Эканамічная гісторыя Беларусі: Курс лекцый. / В.І.Галубовіч, Р.І.Ермашкевіч, Г.Ф.Шанавая і інш. / Пад агул. рэд. В.І.Галубовіча. – Мн.: Экаперспектыва, 1993.
РАЗДЗЕЛ ІІ. ЦЫВІЛІЗАЦЫЙНАЯ СПАДЧЫНА НОВАГА ЧАСУ І БЕЛАРУСЬ
Глава 1. Пачатак Новага часу. Эканамічнае і палітычнае становішча Беларусі ў складзе Рэчы Паспалітай (канец ХV – ХVІІ ст.)
Тэма 1. Рэч Паспалітая – шматнацыянальная дзяржава
§1. Новы час. Абставіны ўтварэння Рэчы Паспалітай. ВКЛ у сістэме Рэчы Паспалітай
§2. Месца і роля Рэчы Паспалітай ў Еўрапейскай палітыцы (XVI-XVII ст.)
§1. Новы час узяў свой пачатак на рубяжы XV-XVI стст. і працягваўся да завяршэння XIX ст. З ім звязаны такія падзеі, як Рэфармацыя, развіццё капіталізму, буржуазныя рэвалюцыі ў краінах Еўропы, утварэнне каланіяльнай сістэмы.
У выніку глыбокіх зрухаў у эканамічнай і сацыяльнай структуры грамадства ў еўрапейскіх краінах саслоўныя манархіі змяніліся абсалютысцкай цэнтралізаванай уладай. Разам з тым, магутную эканамічную сілу займела буржуазія. Супярэчнасці паміж абсалютызмам і прагрэсіўнай часткай буржуазіі прывялі да рэвалюцыйных падзей. Першая еўрапейская буржуазная рэвалюцыя адбылася ў Нідэрландах (1566-1579 гг.). У 1640-1660 гг. адбылася англійская буржуазная рэвалюцыя. З развіццём капіталізму еўрапейскія краіны сталі на шлях каланіяльных захопаў слабых дзяржаў на Усходзе. З пачатку XVI ст. Іспанія пачала заваяванне Паўднева-Амерыканскага кантынента, якое фактычна завяршылася да XVI стагоддзя. З канца XVI ст. у каланіяльны захоп актыўна ўключылася Англія. У пачатку XVII ст. такі ж крок, у барацьбу за калоніі, зрабіла Галандыя. Пранікненне еўрапейцаў на Усход мела як станоўчае, так і негатыўнае значэнне. З прыходам каланізатараў у адсталых краінах рушыліся старыя першабытныя ўстоі, развівалася пісьменнасць, адукацыя, адбываўся гандлёвы абмен. Але каланізацыя несла і варварскае знішчэнне індзейскіх плямёнаў, іх нацыянальнай культуры і прыродных рэсурсаў.
Другая палова ХV – пачатак ХVI ст. – час буйных змен на палітычнай карце Еўропы. Захоп у 1453 г. туркамі Канстанцінопаля і іх наступныя заваёвы на Балканах спрыялі з’яўленню магутнай Асманскай імперыі, якая ўплывала на еўрапейскую палітыку.
Для ВКЛ наглядаецца пастаянная пагроза з боку Крымскага ханства. Гісторыкі падлічылі: з 1500 па 1569 г. у межы Вялікага княства Літоўскага полчышчы татар урываліся 45 разоў. 10 разоў яны руйнавалі гарады і сёлы Беларусі.
Другая патэнцыяльная імперыя пачала складвацца ў міжрэччы Волгі і Акі, вакол Маскоўскага княства. У канцы ХV ст. Масква змагла дасягнуць значных поспехаў (далучыўшы Ноўгарад Вялікі (1478 г.), Цвер (1485 г.), ліквідаваць мангола-татарскае іга (1480 г.). Маскоўскія дыпламаты ад імя Івана ІІІ, Васілія ІІІ (1505–1533) не раз адзначалі: “Русская земля от наших предков из старины наша отчизна. Киев, Полтеск, Витебск и иные городы государя нашего отчину Жигимонт король держит за собою неправдою”. І калі Вялікі князь Літоўскі “... хочет с нашим государем любви и братства, и он бы государю нашему отчины на Русские земли всей поступился”. Была прыдумана ідэалагема “Масква – Трэці Рым”, якая азначала богаабранасць Маскоўскай дзяржавы ў асобе яе князя. Наступіла паласа войн Вялікага княства Літоўскага з Маскоўскай дзяржавай. За 90 гадоў (1492–1582 гг.) 40 прыпадае на ваенныя дзеянні.
У пачатку ХVI ст. адбываецца канчатковае перамяшчэнне знешнепалітычных акцэнтаў Вялікага княства Літоўскага на ўсход і ўсходні напрамак становіцца галоўным.
Вяртанне зямель, аднятых Масквой у Вялікага княства Літоўскага на пачатку ХVI ст. як шляхам перамоў, так і ваеннай сілай – цвёрдая палітыка Вялікага княства Літоўскага. На гэта накіравана ўся ўсходняя палітыка першай трэці ХVI ст. І ўсё ж, нягледзячы на часовыя поспехі, суадносіны сіл рэзка змяняюцца на карысць Масквы.
Руская дзяржава набірае ўсё большую моц. Яна мае намер забраць да сябе беларускія і ўкраінскія землі і пачынае яго ажыццяўляць. На рубяжы ХV−ХVI ст. ужо яўна вызначаецца перавага Маскоўскай, рускай дзяржавы над Літоўскай. Гэта перавага не толькі ў ваеннай магутнасці, яна ўяўляе сабой больш складаную з’яву: у насельніцтва Вялікага княства Літоўскага, у некаторых буйных феадалаў нарастае незадаволенасць палітыкай польскіх каралёў. У асобных пагранічных князёў ёсць жаданне ўз’яднацца з Рускай дзяржавай. У ІІІ чвэрці ХV ст. дробныя пагранічныя князі (у асобных выпадках браты) бесперапынна вядуць паміж сабой сваркі і пераходзяць з літоўскага падданства ў Маскоўскае. Напрыклад, з перапіскі паміж Казімірам і Іванам ІІІ бачна, што Іван Васільевіч Бяляўскі сам адышоў ад Літвы, перайшоў да Масквы і быццам бы сілай дамагаўся зрабіць тое ж ад брата свайго Васіля.
У канцы ХV ст. нямала феадалаў былых рускіх зямель у вярхоўі Акі і ў Чарнігаўска-Северскай зямлі, не жадаючы прымаць каталіцтва, перайшлі са сваімі землямі добраахвотна ў падданства да Івана ІІІ. Пасля гэтага ўспыхнула так званая пагранічная вайна (1487–1495). Пацярпеўшы паражэнне ў вайне, Вялікі князь (Літоўска-Беларускі) Аляксандр Казіміравіч павінен быў прызнаць новыя межы. Аднак хутка на рускі бок перайшлі новыя князі. З-за гэтага пачаліся новыя войны (у вясну 1500 г.). А ў 1512 г. узноўленыя ваенныя дзеянні былі скіраваны на тое, каб дабіцца далучэння Смаленска, а затым Украіны і Беларусі.
Пацвярджэннем тых жа самых высноў, што на беларускіх, украінскіх і рускіх землях, уваходзячых у склад Вялікага княства Літоўскага, быў пэўны рух і самога насельніцтва за ўз’яднанне з рускай дзяржавай, з’яўляецца падтрымка кандыдатуры Івана ІV, а потым і яго сына Фёдара на польскі каралеўскі пасад. Аб гэтым кажуць шматлікія пісьмы ад літоўска-беларускіх феадалаў, іх дзейнасць у час падрыхтоўкі да сейма.
Расія як даволі моцная дзяржава імкнецца мець выхад да Балтыйскага мора, рэалізаваць свой патэнцыал у іншых міжнародных праектах. З-за гэтага яна павінна весці працяглую Лівонскую вайну (1558–1583 гг.). Пачатак вайны адзначаецца перамогамі рускіх. У 1560 г. войска Ордэна разбіта. Гэта прывяло да распаду Лівонскага Ордэна (1561 г.).
Лівонскія феадалы і іх магістр Кетлер папрасілі абароны ў Польшчы, Даніі і Швецыі. Яны перадалі свае землі пад уладу апошніх, сталі іх васаламі. Кетлер атрымаў у якасці ўладання Курляндыю і прызнаў сваю залежнасць ад польскага караля Сігізмунда-Аўгуста. Тады Іван ІV накіраваў свае войскі ў Беларусь і Літву.
У 1562 г. руская войска стаяла каля сцен Віцебска, Дуброўна, Оршы, Копысі, Шклова. 15 лютага 1563 г. імі была ўзята самая моцная крэпасць – Полацк. Горад потым знаходзіўся ў складзе Рускай дзяржавы на працягу 16 год. Перайшоўшы ў наступленне, рускія войскі зайшлі так далёка на Захад, што ледзь не ўзялі сталіцу Вялікага княства Літоўскага – Вільню. Аб тым, што простае насельніцтва жадала перамогі рускім войскам бачна з пісьма папскага пасла. Ён піша: “Насельніцтва Беларусі публічна моліцца а падараванні масквіцянам перамогі”.
Але ўзяцце Полацка было апошнім буйным поспехам русскіх войск на гэтым этапе вайны. Вайна прыняла зацяжны характар. У яе былі ўцягнуты яшчэ некалькі еўрапейскіх дзяржаваў. Узмацнілася супярэчлівасць у самой Расіі. Расло супрацьстаянне Лівонскай вайне ў коле тых рускіх баяр, якія былі зацікаўлены ва ўмацаванні паўднёвых расійскіх граніц. Праявілі няўстойлівасць і дзеячы, акружаўшыя цара. У 1564 г. на бок палякаў перайшоў князь Андрэй Курбскі, які кіраваў да гэтага рускімі войскамі.
З цягам часу Вялікае княства Літоўскае, Швецыя і Данія былі ўжо зусім не зацікаўлены ў тым, каб Лівонія аказалася пад уладай Расіі. Замест аднаго Лівонскага Ордэна ў Расіі аказалася тры моцныя праціўнікі. Гэтыя абставіны і вызначылі ход Лівонскай вайны.
Вось у такіх няпростых умовах у снежні 1568 г. збіраецца агульны сейм Польшчы і Вялікага княства Літоўскага з мэтай заключэння другой уніі паміж гэтымі дзяржавамі.
Першая унія, заключаная паміж гэтымі дзяржавамі (1386 г.), існавала больш юрыдычна, чым рэальна. Юрыдычныя акты мала рэалізоўваліся ў жыцці. Але ж існавалі нейкія як унутраныя, так і міжнародныя прычыны, якія не дазвалялі ўвогуле разарваць дагавор, складзены раней. У час такога юрыдычнага супольнага жыцця набыты вопыт, што дазваляе мець здабыткі. Хоць ёсць і негатыўныя з’явы.
Адной з прычын заключэння Люблінскай уніі з’яўлялася тое, што шляхта Польшчы адабрала ад магнатаў іх пераважнае становішча ў дзяржаве. Да канца ХVI ст. яна палітычна дамінуе. Ёй ужо цесна ў самой Польшчы. Што ж тычыцца Беларусі і Літвы, тут у гэтай справе ўсё пакуль не так. Беларуская і літоўская шляхта жадаюць выйсці на першую пазіцыю. Зрабіць гэта можна толькі з дапамогай сваіх сацыяльных партнёраў. Для гэтага ім патрабуецца унія. Для такой мэты беларуская шляхта яшчэ ў 1562 г. утварыла так званую канфедэрацыю і стала дабівацца уніі.
Не супраць заняць прывілейнае становішча ў гэтай дзяржаве і літоўскія феадалы, але гэтага апасаюцца літоўскія магнаты. Праўда, сіл, каб гэтага не дапусціць, каб змяніць ход падзей, у іх не хапае. Пакуль на сейме ішлі спрэчкі, польскія феадалы дзейнічалі: на працягу вясны і лета 1569 г. яны падпарадкавалі сабе частку ўкраінскіх земляў (Падляшша, Валынь, Падолію, Кіеўшчыну). Тэрыторыя княства звузілася да межаў Беларусі і Літвы.
§2. У 1569 г. на сумесным польска-літоўскім сейме ў Любліне была ўтворана федэрацыя – Рэч Паспалітая, а польскі кароль станавіўся і Вялікім князем Літоўскім. ВКЛ вымушана было прыняць многія з польскіх ўмоў аб’яднання.
Згодна з імі Рэч Паспалітая – рэспубліка, два злучаныя гаспадарствы маюць аднаго гаспадара, ён носіць тытул “Кароль польскі і вялікі князь літоўскі і рускі”. Яго абіраюць на сейме ў Варшаве. Літва і Беларусь не маюць права асобнага вялікага князя. Мяжы паміж гаспадарствамі няма, грошы адзіныя (у ХVІ і ХVІІ стст. – асобныя), гандлёвых пошлін і падаткаў няма таксама. Нягледзячы на гэта, кожная дзяржава захоўвае свае асобныя войскі, законы і некаторыя з важнейшых дзяржаўных пасад. Заканадаўчая ўлада ў дзяржаве належыць двухпалатнаму сейму (вальнаму). Ён складаецца з сената (рады) і дэпутацкай пасольскай ізбы (палаты дэпутатаў). Вышэйшай палатай лічыцца сенат. У яго ўваходзілі знатнейшыя элементы польскага шляхецтва, асобы, якія займалі вышэйшыя пасады як цэнтральнай, так і мясцовай улады. На першае месца тут выходзілі архібіскуп, прымат Гнезьнянскі; за ім сядзелі звычайныя біскупы, затым свецкія ўраднікі. Сейм з ліку сенатаўцаў (ранейшы звычай) выбіраў 28 чалавек у каралеўскую раду на 2 гады. Яны дзяліліся на 4 групы – кожная з іх сядзела 6 месяцаў у каралеўскай радзе.
Ніжэйшая палата – пасольская ізба. Тут – паслы ад шляхты і мяшчанства. Паслы выбіраюцца на павятовых сеймах, якія склікаліся за 6 месяцаў да Вальнага сейма. Колькасць дэпутатаў пасольскай ізбы залежала ад тэрыторыі. Часам там налічвалася каля 200 дэпутатаў.
На чале выканаўчай улады стаяў кароль, з канца ХVІ ст. – выбраны. У шляхецтва была поўная свабода выбару. Правы караля больш падобны на абавязкі: кароль склікаў сейм, ад імя караля вёўся суд, ён назначаў на вышэйшыя ўрадавыя пасады, стаяў на чале шляхецкага апалчэння, вёў зносіны з чужаземнымі дзяржавамі. Кожнаму каралю перад абраннем шляхта ставіла ўмовы, якія ён і падпісваў. Па уніі Украіна адміністрацыйна адыходзіла да Польшчы. Прааналізаваўшы ўсё гэта, бачна, што Рэч Паспалітая ўяўляе сабой манархічную рэспубліку з абмежаванай уладай караля.
У гэты ж час ажыццявіўся і рэлігійны кампраміс: у 1596 г. у Брэсце заключана царкоўная унія, якая аб’ядноўвала праваслаўную і каталіцкую цэрквы Рэчы Паспалітай пад уладай папы Рымскага, але пры захаванні праваслаўных абрадаў і царкоўнаславянскай мовы. Унія дазволіла пераадолець рэлігійны раскол на Беларусі, аслабіць залежнасць яе царквы ад канфесій суседзяў. Ва уніяцтва, хоць і не без супраціўлення, з часам перайшло да 90 % насельніцтва Беларусі.
Бачна, што і пасля Люблінскай Уніі ў ВКЛ захоўваліся ўласны адміністрацыйны апарат, асобнае ад Польшчы заканадаўства, суд, казна і армія. Сейм ВКЛ юрыдычна спыніў сваю дзейнасць і пасылаў 46 (ад 180) сваіх дэлегатаў у агульны сейм Рэчы Паспалітай. Гэта прывяло да палітычнай і эканамічнай няроўнасці буйнай і дробнай шляхты Літвы і Беларусі ў адносінах да польскай. Таму, на працягу ўсяго часу ўплывовыя колы ВКЛ вялі барацьбу супраць дыскрымінацыі, а парой і за тое, каб адасобіцца ад Польшчы. Насупраць Люблінскім актам на працягу 70-80-х гг. 16 ст. у ВКЛ рэгулярна збіраліся агульнадзяржаўныя сеймы, а з 1582 г. пачаў дзейнічаць Галоўны трыбунал. Самым моцным актам барацьбы за сваю незалежнасць было прыняцце трэцяй рэдакцыі Статута 1588 г., які, па сутнасці, скасоўваў шэраг артыкулаў Люблінскай уніі. Згодна Статута (які дзейнічаў да 1840 г.), ВКЛ уяўляла сабою самастойную дзяржаву са сваёй тэрыторыяй, апаратам, войскам, фінансамі. Першы артыкул чацвёртага раздзела зацвярджаў для ВКЛ дзяржаўнасць беларускай мовы.
Такім чынам, Новы час – гэта эпоха станаўлення і развіцця буржуазных і каланіяльных адносін, глыбокіх змен у развіцці навукі і тэхнікі.
Да другой паловы ХVІ ст. выспелі знешнепалітычныя і ўнутрыпалітычныя прычыны для падпісання Люблінскай уніі паміж ВКЛ і Польшчай.
Пасля Люблінскай уніі кіруючым колам Вялікага княства Літоўскага ўдалося захаваць рэшткі дзяржаўнасці і аўтаномію ў межах новай дзяржавы. Тэрыторыя Вялікага княства Літоўскага захавала ранейшую назву, свае законы, урад і іншыя органы выканаўчай улады, судовую сістэму, мясцовае самакіраванне, фінансы, узброеныя сілы і да канца ХVІІ ст. - дзяржаўную мову.
Пытанні і заданні:1. Якія з’явы знешняга і ўнутранага характару прыводзяць літоўска-беларускаю дзяржаву да больш цеснага збліжэння з Польшчай? 2. Назавіце прычыны і пакажыце ход Лівонскай вайны. 3. Ахарактарызуйце станоўчыя і негатыўныя бакі (з улікам асабістага падыходу) Брэсцкай царкоўнай уніі. 4. Раскажыце аб месцы ВКЛ у палітычнай сістэме Рэчы Паспалітай.
Тэма 2. Сацыяльна-эканамічнае і палітычнае становішча Беларусі ў складзе Рэчы Паспалітай
§1. Беларускія гарады, сельскагаспадарчая вытворчасць
§2. Вызваленчы рух. Паўстанне казакаў, ваенныя дзеянні на Беларусі
§1. Калі да ХVІ ст. толькі 5-6 населеных пунктаў (з названых у крыніцах прыкладна 40-ка), можна было аднесці да гарадоў, то на працягу ХVІ – першай паловы ХVІІ ст. іх стала 37. Горад таго часу – у пэўным сэнсе слова – гэта населены пункт, які з’яўляўся цэнтрам разнастайнага рамяства і гандлю. Гарады налічвалі па 10 тыс. (і больш) насельніцтва. Менавіта да іх адносіліся Віцебск, Полацк. Мінск, Орша мелі да 10 тыс. насельніцтва. На гэты час існавала 350 гарадскіх паселішчаў. Найбольш пашыраным быў у гэты час горад з насельніцтвам ад 5 да 10 тыс. чалавек. Паводле прыблізных падлікаў, у Беларусі да сярэдзіны ХVІІ ст. жыло 2,8 млн. чалавек, у гарадах і мястэчках – 350-370 тысяч (12 % насельніцтва). Цяпер адразу адзначым: у канцы ХVІІІ ст. у Беларусі налічвалася 39 гарадоў і каля 350 мястэчкаў (насельніцтва іх складала прыкладна 250 тыс. чалавек, каля 11 %).
Як бачна, колькасць гарадоў і колькасць мястэчкаў істотна не змянілася. А вось насельніцтва за гэты працяглы час не толькі не павялічылася, а значна зменшылася. Здарылася так, што ў канцы ХVІІІ ст. Віцебск і Магілёў не змянілі колькасны склад насельніцтва. А вось Полацк зменшыўся да 4 тыс. – зраўняўся з Бешанковічамі. Змяншэнне гарадскога насельніцтва і заняпад асобных гарадоў у другой палове ХVІІ – першай палове ХVІІІ ст. выкліканы працяглымі войнамі.
У час вызваленчай вайны, руска-польскай і польска-шведскай войн гарады разбураліся, асобныя амаль знішчаліся зусім. Цярпелі яны ад пастояў войск: паборы, цесната. Асабліва пакутавалі гарады ад грабяжоў і кантрыбуцый шведскіх войск. Толькі адзін прыклад: пры захопе шведскімі войскамі Магілёва з яго жыхароў было ўзята 5 тыс. пудоў збожжа і больш 10 тыс. талераў.
Змяншалася насельніцтва гарадоў і ў выніку эпідэмій. Яны былі частымі. З-за антысанітарнага стану гарадоў хваробы ўносілі сотні тысяч жыхароў. З прычыны войнаў і эпідэмій рэзка скарацілася колькасць насельніцтва Беларусі. Калі ў 1650 г. у Беларусі жыло 2,8 млн. чалавек, то ў 1667–1673 гг. – не больш як 1,4 млн. Да 1700 г. колькасць насельніцтва павялічылася да 2,2 млн. чалавек, але пасля Паўночнай вайны зноў зменшылася да 1,5 млн. У сярэдзіне ХVІІІ ст. наступае глыбокі заняпад беларускіх гарадоў. Зменшылася колькасць жыхароў, знізіўся аб’ём рамеснай вытворчасці і гандлю, узрасло значэнне сельскагаспадарчай працы.
Як самастойны сацыяльны слой грамадства гараджане вылучыліся да сярэдзіны ХVІІ ст. Аб гэтым сведчаць заканадаўчыя кодэксы 1529 і 1566 гг. Статуты разглядалі гарадское насельніцтва як адно з саслоўяў. Грамадскае становішча гарадскога саслоўя ўскладнялася тым, што многія гарады былі ўласнасцю феадалаў, яны маглі перадаваць сваю ўласнасць у спадчыну, здаваць у заклад, арэнду, прадаваць, дараваць цэрквам, манастырам.
Асноўнай крыніцай фарміравання гарадскога насельніцтва з’яўлялася сялянства. Перш наперш тут сяліліся вольныя людзі. Вярхоўная ўлада гэтаму садзейнічала (іх вызвалялі на некалькі гадоў ад падаткаў) па той прычыне, што асобныя гарады выконвалі ролю крэпасцяў, плацдармаў для разгортвання ваенных дзеянняў і г.д. У ХVІ ст. феадалы сталі пасяляць у гарадах сваіх прыгонных і з мэтай павелічэння ўласных даходаў, “набыўшы ў горадзе пляц, подданых сваіх там асадзілі, каторыя вялі таргоўлю усялякіх пажіткаў мястэцкіх”.
Прыкметнай групай гарадскога насельніцтва на захадзе і ў цэнтры Беларусі ў ХVІ ст. былі яўрэі і татары. Да таго ж адметнай з’явай быў пастаянны рост гарадскога насельніцтва за кошт прытоку яўрэяў з Украіны і Польшчы. Да канца ХVІІІ ст. доля яўрэйскага насельніцтва ў гарадскім складала да 20-30 %. А ў цэнтры і на захадзе − яшчэ больш: каля 30-40 %.
У другой палове ХVІ ст. большая частка насельніцтва беларускіх гарадоў займалася рамяством. Дакументы нагадваюць больш за 100 прафесій і спецыяльнасцей рамеснікаў. У пачатку ХVІІ ст. колькасць рамесных прафесій і спецыяльнасцей падвоілася. Асноўнай стала для рамесніка работа не на заказ, а на продаж. З’яўляецца і шмат скупшчыкаў, якія яе арганізоўваюць. У буйнейшых гарадах рамёствамі займалася да паловы жыхароў. У структуры рамяства прыкметна вылучаецца выраб прадметаў шырокага ўжытку і прылад працы: здабыча і апрацоўка металаў (тут у крыніцах упамінаецца прыкладна 41 прафесія), апрацоўка дрэва (27), скураная і футравая вытворчасць (25), апрацоўка валакністай сыравіны і пашыў адзення (26), вытворчасць прадуктаў харчавання і напояў (21), апрацоўка мінеральнай сыравіны (12). З апісанняў і сведчанняў, якія захаваліся і дайшлі да нас, відаць, што беларускія рамеснікі былі добрымі знаўцамі сваёй справы. Іх вырабы вызначаліся высокай трываласцю, тонкасцю аздобы і дакладнасцю.
Структура рамёстваў у асобных гарадах адрознівалася паміж сабой. Калі, напрыклад, для Гродна былі характэрны будаўнічыя прафесіі (каменячосы, брукоўшчыкі, вапнякі, мялоўнікі і кафельнікі), то ў Полацку і Віцебску былі пашыраны прафесіі па абслугоўванні рачных партоў (кормчыя, судкоўшчыкі, бічаўнікі, палатняншчыкі) і ваенных крэпасцяў (кавалі-пішчальнікі, булатнікі, стрэльнікі). У Слуцку, Магілёве і Мінску рамеснікі больш за ўсё займаліся вырабам са скур, іх апрацоўкай (выдзелкай і афарбоўкай). Такім чынам, мы бачым тэрытарыяльны падзел працы.
Тут жа адзначым і такую дэталь: на працягу ХVІ – першай паловы ХVІІ ст. адбываецца яшчэ большае драбленне многіх прафесій. Напрыклад, у рамястве адзін шавец рабіў жаночы абутак, другі – мужчынскі, трэці – толькі для войска і г.д.
Промыслы з’яўляюцца ўласнасцю магістратаў і феадалаў. І тут ёсць свае асаблівасці. Так, млыны і цагельні часта належылі майстрам, а кузні, руднікі – феадалам. Але і тыя і другія здаваліся ў арэнду. Як бачна, ужываецца наёмная праца.
Для абароны сваіх інтарэсаў рамеснікі, па прыкладзе Заходняй Еўропы, з другой паловы ХVІ ст. удасканальваюць свае цэхавыя аб’яднанні. Цэхі прымалі рамеснікаў адной ці некалькіх сумежных спецыяльнасцей і абаранялі іх ад канкурэнцыі з боку прышлых сельскіх рамеснікаў, а таксама іншагародніх.
Цэхі складаліся прыкладна з 60-70 чалавек. Гэта былі майстры, чаляднікі (падмайстры), вучні. Майстры мелі ва ўласнасці прылады працы і майстэрні, дасканала валодалі прафесіяй. У якасці падручных у іх працавалі чаляднікі.
Жыццё цэхаў праходзіла ў адпаведнасці з трывалымі традыцыямі, якія старанна захоўваліся. Цэхі былі трох тыпаў: спецыялізаваныя (уваходзілі рамеснікі адной прафесіі), аб’яднаныя (дзвюх і больш блізкіх прафесій), зборныя (розных прафесій). Кожны цэх меў пісьмовы статут - сістэму правіл, якія рэгламентавалі вытворчую дзейнасць, парадак найму вучняў, чаляднікаў, пераход з разраду вучняў у чаляднікі і з чаляднікаў у майстры. Цэхавыя статуты строга патрабавалі ад майстра вырабляць прадметы высокай якасці і толькі свайго рамяства. У Полацку рамеснікаў, якія жылі ў горадзе, але не ўступалі ў цэх, называлі пакутнікамі. У другіх гарадах за імі замацавалася назва “партачы”.
У далейшым развіццёрамеснай вытворчасці, характарызуецца ростам спецыялізацыі. Так, у Віцебску ў 70-х гг. ХVІІІ ст. каля ¾ цэхавых рамеснікаў было занята апрацоўкай скуры, футра, дрэва і каменю, а таксама вырабам керамічнага посуду. У Оршы – краўцы складалі больш за 30 %, шаўцы – больш за 20 %, кавалі – прыкладна 15 % ад усіх цэхавых майстроў.
Рост спецыялізацыі тлумачыцца тым, што рамяство ў гэты час развівалася пераважна як таварная вытворчасць. Вось цяпер і пачынаецца эканамічная дыферэнцыяцыя рамеснікаў: з аднаго боку вылучаліся больш багатыя прамыслоўцы, якія мелі па некалькі вучняў, і чаляднікаў, і нават наёмных работнікаў, з другога – павялічваецца колькасць збяднелых. Рамяство хоць і працягвае развівацца ў асноўным у рамках цэхавай сістэмы, аднак ужо ўзмацняюцца прыметы яго разлажэння, ідзе развіццё капіталістычных адносін.
Войны і эпідэміі, змяншэнне насельніцтва абумовілі ў канцы ХVІІ ст. скарачэнне аб’ёму сельскагаспадарчай вытворчасці. Пуставала больш палавіны ворных зямель. Палі зараслі лесам. Некаторыя вёскі былі такія бедныя, што не маглі плаціць натуральны падатак. Трэць гаспадарак у Берасцейскім і Наваградскім ваяводствах засталіся без гаспадароў. Ва ўсходніх Беларускіх ваяводствах – Полацкім, Віцебскім, Мсціслаўскім – 65-70% сялянскіх хат стаялі пустымі. У радзівілаўскім маёнтку Смалявічы з 1087 дамоў, якія налічваліся на 1664 г., засталося толькі 216. Колькасць закінутых, неапрацоўваемых валок павялічылася за часы ліхалецця з 9 да 362. Амаль тры чвэрці сялянскай зямлі пуставала ў вялікай Гарадзенскай эканоміі. Такая сітуацыя абавязвае многіх феадалаў раздаць зямлю сялянам і абмежавацца грашовымі і натуральнымі аброкамі. Вызваленыя ад паншчыны сяляне здолелі даволі хутка (ужо да 40-м гг. ХVІІІ ст.) узняць сельскую гаспадарку. З гэтага ж прыкладна часу больш прыкметна ідзе працэс аднаўлення фальваркаў. Як і раней, цяпер сеялі пераважна азімае і яравое жыта. На агародах адной з найважнейшых культур быў хмель (неабходны для піваварэння).
Важнае эканамічнае значэнне мела вінакурэнне. Феадалы шырока ўжывалі манапольнае права на выкурку і продаж гарэлкі залежнаму ад іх насельніцтву (права прапінацыі). Яны пераганялі на гарэлку і піва значную частку збожжа, пазбаўляючыся ад рызыкі, звязанай з ваганнямі попыту і рыначных цэн на збожжа. Гандаль збожжам вёўся не толькі на ўнутраным рынку. Буйныя феадалы арыентаваліся пераважна на замежны рынак.
У сувязі з “Уставай на валокі” сяляне падзяляліся на дзве катэгорыі – “цяглыя” і “асадныя”. За сялянскі кошт жылі і карміліся дзяржава, шляхта, войска, царква. На іх карысць прыгонныя адпрацоўвалі шматлікія павіннасці. Цяглыя сяляне павінны былі адбываць 2-х дзённую баршчыну з валокі, даваць натуральны і грашовы аброк і выконваць працоўную павіннасць у замках князя. Асадныя сяляне плацілі “чынш” у памеры ад 66 да 106 грошаў у год.
З цягам часу павіннасці сялян павялічваліся. Ужо ў пачатку ХVІІ ст. баршчына дасягнула 4-6 дзён у тыдзень. На працягу ХVІІ – ХVІІІ ст. норма прымусовай працы ў гаспадарцы феадала павялічвалася. Асабліва добра можна гэта адчуць, калі супаставіць дадзеныя аб памерах паншчыны ў адных і тых жа ўладанняў за розныя гады.Так, у маёнтку Радзівілаў Карэлічы цяглыя сяляне ў 1672 г. адбывалі паншчыну 4 дні з валокі і 5-ы дзень з “дыма” на тыдзень.Да 1746 г. паншчына тут павялічылася да 12 дзён на тыдзень. Павялічыліся аброк і грашовая рэнта. Цяжкая і без таго становішча сялян пагоршылася. Назіраецца масавы голад. Але ў цяжкія часы і ў гады пасляваеннага аднаўлення феадалы, каб прыцягнуць ці ўтрымаць у сваім маёнтку сялян, ішлі на пэўныя палёгкі і ў павіннасным рэжыме.
На захадзе і ў цэнтры Беларусі асноўнай формай гаспадарчай арганізацыі феадальнага ўладання як дзяржаўных, так і прыватнаўладальніцкіх маёнткаў да гэтага часу стаў фальварак. Ва ўсходняй частцы арганізацыя фальварачна-паншчыннай гаспадаркі зацягнулася да другой паловы ХVІІ ст.
Фальварак уяўляў сабой комплекс жылых і гаспадарчых пабудоў, вакол якіх размяшчаліся агароды, ворныя землі, сенажаці і лясы. Пры іх звычайна былі пасекі і сажалкі (для развядзення рыбы), вадзяныя млыны. Прычым будаваць млыны меў права толькі феадал. Была тут і карчма, таксама належала пану. Спіртныя напоі сяляне маглі купіць толькі ў карчмах. Парушэнне дадзенага правіла каралася штрафамі.
Такім чынам, нягледзячы на тое, што аграрная рэформа была накіравана на нівеліроўку сялянскіх павіннасцей і надзелаў, яна не спыніла рост маёмаснай дыферэнцыяцыі сялянства. Дзяржаўная ўлада старалася на працягу ўсяго часу заканадаўчымі мерамі задаволіць усё ўзрастаючае імкненне пануючага класа павялічыць колькасць прыгонных. Таму ўжо ў сярэдзіне ХVІІІ ст. пахожыя сяляне як гаспадары амаль поўнасцю знікаюць. Юрыдычная аформленасць закабалення сялян набліжалася да завяршэння. Гэта знайшло сваё адлюстраванне ў Статуце 1588 года. Статут павялічыў тэрмін вышуку беглых сялян да 20 гадоў.
§2. З другой паловы ХVІ ст. сталі больш частымі антыфеадальныя выступленні сялянства і гарадской беднаты. Яны набываюць разнастайныя формы: уцёкі сялян ад сваіх уладальнікаў, супраціўленне зямельным рэформам (так было пры прыняцці “павалочнай памеры”), адмовы ад выканання паншчыны. Ёсць ужо асобныя выпадкі ўзброеных выступленняў. Атрады казакаў, што складаліся з выхадцаў з Беларусі, часта прыходзілі ў паўднёвыя раёны Беларусі і грамілі маёнткі свецкіх і царкоўных феадалаў.
У 1595 г. успыхнула буйное антыфеадальнае паўстанне пад началам Севярына Налівайкі. Яно пачалося на Украіне, а потым ахапіла частку Беларусі. Калі Налівайка з атрадам казакаў прыйшоў на тэрыторыю Беларусі, сяляне і гарадская бедната адразу ж пачалі да яго далучацца. Першым горадам, які паўстанцы занялі ў Беларусі, быў Петрыкаў. Адсюль Налівайка патрабаваў не перашкаджаць пастою казакаў у Слуцку. І Слуцк апынуўся ў руках паўстанцаў. У снежні 1595 г. Налівайка захапіў Магілёў. Супраць яго было накіравана войска. Але казакі і сяляне паспяхова адбілі ўсе атакі. Затым паўстанцы рушылі на Рэчыцу, Тураў, Пінск. На ўсім шляху яны разбуралі маёнткі, палілі прыгонніцкія дакументы. У гэты ж час казацка-сялянскія атрады Мацея Шувалы грамілі магнатаў і шляхцічаў каля Гомеля і Прапойска (сучасны Слаўгарад). У час паўстання Налівайкі на барацьбу ўздымаліся і польскія сяляне. У 1596 г. феадалам Рэчы Паспалітай удалося перамагчы паўстанцаў.