Раздзел 5. Беларусь у сучасным свеце 8 страница
Бачна, што Рэфармацыя ахапіла большасць краін Еўропы. Беларусь таксама стала часткай Еўрапейскага рэфармацыйнага руху, толькі са сваімі асаблівасцямі.
§2. Вялікае княства Літоўскае добра ўпісвалася ў тагачасную еўрапейскую культуру, хоць і не знаходзілася ў эпіцэнтры яе развіцця. У час Адраджэння сфарміравалася старабеларуская мова, якая да канца ХVІІ ст. (1696 г.) была дзяржаўнай мовай Вялікага княства Літоўскага.
На Беларусі вядзецца барацьба з сярэднявеччам, з яго тэалогіяй (ранейшай тэалагічнай праблематыкай (divina studia). Найбольш важныя плыні ў рэфарматарстве гэтага часу: гусіцкі рух – накіраваны супраць іншаземнага прыгнёту і каталіцкай царквы; пратэстантызм у выглядзе лютэранства і кальвінізму; праваслаўна-царкоўныя рэлігійныя брацтвы; рух за сацыяльную перабудову грамадства.
Прафесар Пражскага універсітэта Ян Гус заклікаў да барацьбы з чужаземным панаваннем, выступаў за тое, каб богаслужэнне праходзіла на роднай мове (сам распрацаваў граматыку чэшскай мовы), выкрываў сквапнае духавенства. За гэта ён быў адлучаны ад царквы, 6 чэрвеня 1415 г. спалены на вогнішчы.
Пакаранне смерцю Яна Гуса выклікала народнае паўстанне. У 1419 г. у Празе рамеснікі і гарадская бедната грамілі каталіцкія манастыры, цэрквы, выганялі з іх епіскапаў і манахаў. Так, у Чэхіі, а затым і ў другіх краінах, у тым ліку ў Вялікім княстве Літоўскім, пачаўся рух супраць чужаземцаў і каталіцкай царквы. Усіх паслядоўнікаў Яна Гуса называлі гусітамі.
У пачатку красавіка 1413 г. памочнік Яна Гуса Іяронім Пражскі наведаў Віцебск, дзе вёў сярод насельніцтва прапаганду гусіцкага вучэння. Шмат прыхільнікаў гусізму было пры двары князя Вітаўта. Уплыў гусітаў у ХV ст. настолькі ўзмацніўся, што Вітаўт вымушаны быў выдаць некалькі пастаноў супраць яго прыхільнікаў.
Пратэстантызм у сваіх найбольш яркіх праявах (лютэранства, кальвінізм) благаславіў сквапнасць, цягу да нажывы. Хрыстос вучыў: багацце і іншыя праявы зямных даброт для веруючага чалавека не патрэбны. Ён будзе імі карыстацца пасля адыходу ў іншы свет. У Евангеллі сказана: “Цяжка багатаму ўвайсці ў царства нябеснае, зручней вярблюду прайсці скрозь вушка ігольнае, чым багатаму ўвайсці ў царства Божыя”. Каталіцызм спакусіўся ідэяй зямнога царства. Так, Рымскі папа імкнуўся быць не толькі духоўным, але і свецкім гасударом.
У Беларусі ў сярэдзіне ХVІ ст. узнікаюць пратэстанцкія абшчыны на аснове лютэранства (веравызнанне, якое ідзе ад германскіх народаў). Лютэранскія абшчыны ўтварыліся ў Віцебску, Глыбокім, Оршы. Пры кожнай абшчыне, як правіла, былі царква, школа, шпіталь, а пры некаторых – і друкарня. У школах вучыліся дзеці шляхты і гараджан. Рэфармацыя ахапіла значную частку гарадскога насельніцтва.
У далейшым выдзяляецца такое крыло пратэстантызму, як кальвінізм. Кальвінізм – веравызнанне, выкладзенае ў тэалагічных поглядах швейцарскага навукоўца Кальвіна. Дэмакратычна настроеныя прапаведнікі кальвінізму настойваюць на палягчэнні становішча сялянства, абмежаванні феадальнай эксплуатацыі. Кальвінізм – вучэнне, накіраванае на развіццё індывідуальнай свядомасці і рэлігійнасці. Кальвінізм вельмі сур’ёзна ўспрыняў словы апостала Пятра - “хто не працуе, той не есць”. Прадстаўнікі гэтага напрамку лічаць кожную капейку і вельмі высока ставяць асабістую працу ў любой справе. У Беларусі кальвінізм спачатку прымаюць буйнейшыя феадалы – Радзівілы, Сапегі, Хадкевічы, Валовічы, Тышкевічы і інш., а таксама частка беларускай шляхты. Яны ствараюць друкарні, школы і абшчыны. Аднак не абышлося без таго, што феадалы спрабавалі прыстасаваць кальвінізм для дасягнення сваіх класавых і саслоўных мэтаў. Рэфармуючы цэрквы і манастыры ў сваіх вотчынах, яны канфіскоўвалі іх маёмасць, а землі далучалі да сваіх уладанняў. Захапіўшы частку зямель духавенства, як буйныя феадалы, так і магнаты, і шляхта станавіліся больш абыякавымі да рэфармацыі.
Праваслаўна-царкоўныя брацтвы бяруць пачатак ад паганскіх часоў, калі былі звычаі праводзіць святы грамадою. А калі прыйшло хрысціянства, прыйшлі новыя багі: Хрыстос, Ілля, Улас, Ян, Мікола і г.д., яны сталі злівацца са старымі багамі, а новыя святы - спалучацца са старымі. Свята нараджэння Хрыста злілося са святам сонца – Каляды. Свята Яна – са святам сонца – Купалле і г.д. Святы арганізоўваліся людзьмі – рабіўся агульны сход усіх братчыкаў, варыўся мёд – братчына. Братчыкі ўносілі ў касу таварыства грошы для агульных мэт.
З канца ХVІ ст. брацтвы бяруць на сябе культурна-асветніцкія функцыі: для абароны праваслаўнай веры яны звяртаюць увагу на развіццё навукі. Буйныя і багатыя асобы бралі патранат над брацтвамі. Асабліва многа зрабіў у гэтым сэнсе К.Астрожскі. Ён заснаваў у г. Астрозе Вышэйшую духоўную школу, каб не дапусціць каталіцкага ўплыву на студэнтаў, запрасіў навукоўцаў з Грэцыі, Нямеччыны.
Брацтвы прагнулі атрымаць ад патрыярхаў так званую стаўрапігіяльнасць. Сутнасць стаўрапігіяльнасці ў тым, што брацтвы мелі намер атрымаць непадначаленасць ад епіскапаў. Гэта непадначаленасць давала права вольнай крытыкі епіскапаў, а ў некаторых выпадках – нават права ўмешвацца ў іх чыннасць.
Праваслаўна-царкоўныя брацтвы – гэта своеасаблівая форма рэлігійна-палітычнага руху гараджан Беларусі і Украіны. Узніклі яны ў адказ на ўзмацненне каталіцызму, прымусовае насаджэнне уніяцтва. З’яўленне брацтваў адносіцца да канца ХVІ – першай паловы ХVІІ ст. У гэты перыяд яны створаны ва ўсіх буйных гарадах, у тым ліку ў Віцебску, Оршы, Полацку. Іх стварэнне вялося вакол праваслаўных прыходаў, у асноўным – з рамеснікаў і гандляроў, таксама духоўных асоб, у асобным выпадку ў брацтвы ўступала шляхта. Тады яна адыгрывала ў іх вядучую ролю.
Дзейнасць брацтваў была даволі шырокая. Перш-наперш яны вялі барацьбу супраць гвалтоўнага акаталічвання, уніі і паланізацыі, клапаціліся аб будаўніцтве і ўпрыгожванні цэркваў, манастыроў, дамоў прытулку (шпіталяў), адстойвалі культуру і мову беларускага народа, садзейнічалі ўмацаванню культурных сувязей Беларусі і Украіны з Рускай дзяржавай. У процівагу езуіцкім вучылішчам, якія адкрываў ордэн на Беларусі, брацтвы стваралі свае школы; шмат зрабілі для выдавецкай справы, пры школах яны звычайна адкрывалі друкарні (друкавалі царкоўныя кнігі, падручнікі і дапаможнікі на стараславянскай і беларускай мовах); не адвяргаючы абрадавых і дагматычных асноў праваслаўя, дабіваліся кантролю над царкоўнымі даходамі, выбарнасці свяшчэннікаў прыхаджанамі, патрабавалі ад духавенства ўмеранага ўзносу ад прыхаджан і г.д. Брацтвы спрабавалі кантраляваць нават вышэйшае духавенства.
Рэфармацыя ў цэлым адыграла пэўную ролю ў развіцці духоўнага і царкоўна-рэлігійнага жыцця ў Беларусі і ва ўсім Вялікім княстве Літоўскім. Рэфармацыйныя ідэі садзейнічалі станаўленню секулярызаваных форм культуры (секулярызацыя (лат.) – зварот царкоўнай і манастырскай маёмасці ў свецкае валоданне, замяшчэнне духоўнай асобы, звання ці месца свецкім), пашырэнню міжнародных сувязей і кантактаў, прыхільнасці да праваслаўя.
А паколькі значнага паляпшэння матэрыяльнага і духоўнага стану простых людзей не адбывалася, то ў пачатку 60-х гг. ХVІ ст. у асяроддзі радыкальных рэфармісцкіх дзеячаў незадавальненне і расчараванне кальвінісцкай рэфармацыяй дасягае мяжы. Дэмакратычныя прадстаўнікі рэфармацыйнага руху адыходзяць ад кальвінізму, які не апраўдаў іх сацыяльных спадзяванняў. Пасля разрыву з кальвінізмам беларускія радыкальна-рэфармацыйныя дзеячы ўсё больш увагі надаюць сацыяльным пытанням. Многія з іх адкрыта прапаведвалі “агульнасць маёмасці, непавагу да ўладаў, судоў, саслоўяў” і ажыўлена дыскуціравалі на тэму “Ці могуць быць дапушчаны да гасподняй вячэры тыя, хто не адпускае на волю сваіх прыгонных?” Але і тут згоды ў рэфарматараў не было. З аднаго боку, наглядаўся радыкалізм – патрабаванне адмены прыгоннага ладу, з другога – толькі ўмеранае паляпшэнне ўмоў існавання прыгонных сялян. Якуб з Калінаўкі і Павел з Візны, выказваючы погляды больш радыкальнай часткі рэфармацыі, выступалі з рэзкай крытыкай асноў феадалізму. Яны патрабавалі ліквідацыі прыгоннай залежнасці і інстытута халопства. Іх апанентамі быў Сымон Будны. Ён з’яўляўся прыхільнікам умераных рэформ і абараняў на сінодзе феадальна-прыгонніцкую сістэму эксплуатацыі, патрабуючы толькі некаторага яе памякчэння.
Да 1569 г. адносіцца “выдатная” па сваёй смеласці і ў той жа час глыбока ўтапічная спроба беларускіх, літоўскіх, польскіх (анты-тры-нітарыяў) рэфарматараў арганізаваць у Кракаве прымітыўную камуністычную абшчыну. Яны жадалі заснаваць яе на маёмаснай роўнасці і абавязку кожнага члена абшчыны працаваць. Аднак на практыцы гэты напрамак рэфармацыі ажыццявіць не ўдалося. У ВКЛ набірала моц Контррэфармацыя. У канцы ХVІ – пачатку ХVІІ ст. феадальна-каталіцкая рэакцыя пераходзіць у рашучае наступленне на рэфармацыю. Носьбіты ідэй рэфармацыі выганяюцца з гарадоў, паўсюдна закрываюцца праваслаўныя цэрквы, школы, друкарні. Пачалося гэта пры Жыгімонце Вазе (1586–1632). Чалавек недальнабачны (як падкрэсліваюць навукоўцы), будучы сам каталіком, спачуваў каталіцтву і дазваляў пануючай веры рабіць крыўду другім верам, асабліва праваслаўнай.
Пасля 1632 г. на польскі каралеўскі пасад выбраны сын Жыгімонта Уладзіслаў ІV. Ён на дзяржаўныя справы глядзеў шырэй, не хацеў нікога прыцясняць за веру і нават пастараўся дабіцца ад сейма некаторых палягчэнняў для дызунітаў (праваслаўных). І ўсё ж каталіцтва як дзяржаўная вера з цягам часу выцясняе праваслаўе.
Такім чынам, у ХVІ стагоддзі пасля працяглага перыяду застою наступае заканамерны этап адраджэння духоўнай культуры еўрапейскіх краін. Адраджэнне (або Рэнесанс) праяўляецца ў паскораным руху эканамічных, нацыянальна-палітычных і культурных працэсаў, у больш высокіх формах грамадскага быцця і нацыянальнай самасвядомасці.
Адраджэнне ў краінах Заходняй Еўропы з яго рэфармацыйна-гуманістычным рухам зрабіла вялікі ўплыў на развіццё культуры беларускіх зямель у ХVІ – ХVІІІ стст. Тут таксама вядзецца барацьба з сярэднявеччам, з яго тэалогіяй. Найбольш важнымі плынямі ў рэфарматарстве з’яўляюцца гусіцкі рух, пратэстантызм, праваслаўна-царкоўныя брацтвы, рух за сацыяльную перабудову грамадства. Адбываецца рост гарадоў, развіццё гандлёва-рамесніцкага насельніцтва і таварна-грашовых адносін, фарміраванне беларускай народнасці і нацыянальнай самасвядомасці.
Тэма 2. Уплыў рэфармацыйнага руху на культурнае развіццё Беларусі
§1. Літаратура, мастацтва, тэатр
§2. Школьная адукацыя
§1. Ва ўсіх праявах Адраджэння маюцца свае ідэолагі. Прызнаным вяшчальнікам ідэі гуманізму і рэнесанснай культуры канца ХV і амаль усёй першай паловы ХVІ ст. з’яўляецца Францыск Скарына.
Яго вальнадумства і адначасова гуманістычныя ідэі заключаюцца ў тым, што ён выказвае пратэст перадавой часткі гараджан і прагрэсіўных слаёў грамадства супраць пануючага феадальна-царкоўнага светапогляду. “Зямля жывых” абвяшчаецца ім адзіным вартым чалавека лёсам, а чалавечае жыццё на зямлі – вышэйшай каштоўнасцю.
Ён прыцягвае ўвагу сучаснікаў да свецкага жыцця, спрабуе развіць у народзе прагу да ведаў: удасканаленне чалавека неабходна для ўдасканальвання грамадскай сістэмы ў цэлым. Свае ідэі ён праводзіць праз 25 кніг “Бібліі”.
Выдатны дзеяч беларускай культуры ХVІ ст. Скарына з’яўляецца заснавальнікам беларускага кнігадрукавання. Нарадзіўся ён каля 1485 г. у Полацку ў збяднелай купецкай сям’і. Вучыўся ў Кракаўскім універсітэце, дзе атрымаў першую вучоную ступень – бакалаўра. У 1512 г. ён бліскуча вытрымаў у Падуанскім універсітэце (Італія) экзамены на вучоную ступень “у лекарскіх навуках доктара”.
У 1517 г. Скарына пачаў друкаваць кнігі ў Празе. Затым ён пераехаў у Вільню і там заснаваў друкарню, а з 1525 г. разгарнуў шырокую кнігавыдавецкую дзейнасць. Друкаваў Скарына перакладзеныя ім на беларускую мову царкоўныя кнігі (Біблію і інш.). Але ў адрозненні ад царкоўнікаў ён імкнуўся зрабіць тыя ж самыя кнігі каштоўнымі: у прадмовах да іх ён пісаў, што кнігі трэба выкарыстоўваць так, каб набыць звесткі па гісторыі, геаметрыі, геграфіі, арыфметыцы, прыродазнаўстве. Свае кнігі ён прызначаў не толькі беларускаму народу, але і на карысць “Братии своей Руси”.
На гэты ж час прыпадае і дзейнасць М. Гусоўскага (1430 – пасля 1533), якога можна разглядзець у якасці пачынальніка свецкай літаратуры. У 1523 г. ён выдаў паэму “Песня пра зубра”. Змест твора, заснаваны на асабістых уражаннях і перажываннях аўтара вызначаўся самабытнасцю. Зубр у паэме ўвасабляе алегарычны вобраз магутнасці роднага краю, гераічна падаецца мінулае продкаў. З вялікім мастацтвам тут апісваецца прырода і паляванне на зубраў.
Пачынае развівацца ў ХVІ ст. таксама разнастайная літаратура ў выглядзе гістарычных аглядаў: дзённікаў, мемуараў. У іх падзеі і факты мінулага і сучаснасць выкладаюцца ў строга храналагічным парадку, шмат увагі надаецца апісанню стыхійных бедстваў і значным грамадска-палітычным падзеям.
Так, невядомы нам аўтар “Баркулабаўскай хронікі” засведчыў 45-гадовы перыяд жыцця шырокіх слаёў насельніцтва, дае цудоўныя замалёўкі падзей, якія адбываюцца ў самой вёсцы і яе ваколіцах у другой палове ХVІ – пачатку ХVІІ ст. Піша аб неўраджайных і галодных гадах (1601–1603 гг.), аб уцёках сялян у Запарожскую Сеч. Аднак аўтар яшчэ не задумваецца над сацыяльнымі прычынамі гаротнага становішча сялян.
Вольнадумны погляд усталёўвае і Сымон Будны (1530–1593 гг.). Вядомы яго твор на беларускай мове “Катэхізіс”, (г.зн. “наука стародавняя християнская от святого письма”). Тут ён крытыкуе царкоўныя дагматы, большую частку царкоўных абрадаў, інстытут духавенства, які вялікім цяжарам ляжаў на плячах працоўнага люду. Рэзка бічуе свавольства і прыгнёт. Падкрэслівае значэнне рамяства як важнай крыніцы жыцця, а навучанне дзяцей рамяству лічыць абавязкам бацькоў. Патрабуе ў князёў і магнатаў, каб яны клапаціліся аб адукацыі народных мас, распаўсюджвалі навуку, будавалі школы. Патрабуе законнасці ў судах.
Як бачна, Сымон Будны па рэлігійным пытанні займае радыкальныя пазіцыі. А вось у пытаннях сацыяльных ён памяркоўны і асцярожны: крытыкуе толькі крайнасці прыгонніцкага ладу.
Палітычным ідэалам дзяржавы Буднага была асветніцкая манархія. Кароль, на яго думку, павінен быць гуманным, адукаваным чалавекам, кіравацца не асабістымі, а грамадскімі інтарэсамі, строга выконваць законы дзяржавы. Гасудару трэба акружаць сябе вучонымі-асветнікамі.
Пасля Скарыны найбольш моцна гучала тэма Радзімы, беларускай культуры, роднай мовы яшчэ ў аднаго вядомага прадстаўніка інтэлігенцыі Васіля Цяпінскага.
У ХVІ ст., дзякуючы актыўным зносінам з паўднёва-заходнімі славянскімі краінамі, з’явіліся творы перакладной літаратуры як царкоўнага, так і свецкага зместу. Значнае месца тут займаюць “жыція”. Напрыклад, “Жыціе Аляксея, чалавека Божага”, “Жыціе пратапопа Авакума”.
З канца ХVІ ст. пад уплывам барацьбы з сацыяльна-эканамічным і нацыянальна-рэлігійным прыгнётам нараджаецца палемічная рэлігійна-палітычная публіцыстыка. Гэтая літаратура была больш за ўсё ананімная ці пад псеўданімамі. Пісалася яна адукаванымі і эрудзіраванымі людзьмі і наносіла трапныя ўдары па ідэйных праціўніках праваслаўя, уніятах і каталіцкай царкве.
Значнае месца сярод твораў такой тэматыкі займаюць працы Мялеція Сматрыцкага (1572–1630 гг.). Лепшы яго твор “Фрынас” спалохаў караля, і той загадаў забараніць пад пагрозай штрафу ў 3 тыс. чырвоных злотых продаж і куплю кнігі Тэафіла Арталога (псеўданім Сматрыцкага), друкарню за гэта канфіскаваць, кнігі сабраць і спаліць, а наборшчыкаў, карэктараў і аўтара “Трынаса” арыштаваць і трымаць у турме да асобага распараджэння.
Сапраўдным прадстаўніком дэмакратычнага крыла ў палемічнай літаратуры быў Афанасій Філіповіч (1597–1648 гг.). У сваіх артыкулах, аб’яднаных у адзіны звод пад назвай “Дыярыуш”, ён паказвае, што нясе палітыка польскай шляхецкай дзяржавы беларусам і ўкраінцам.
У літаратуры рэфармацыйнага часу рэзка асуджаецца мясцовая феадальная знаць і шляхта, якая ў пагоні за ўсім іншаземным, нават у быце, разбурае свае нацыянальныя норавы, звычаі і традыцыі. Назавем тут самы ранні верш Яна Казіміра Пашкевіча “Польска квітней лацінаю”. У ім падкрэсліваецца моўная самабытнасць беларускага народа і гаворыцца, што беларуская мова – гэта будучая слава народа.
З новай сілай загараюцца іскры вальнадумства ў другой палове ХVІ–ХVІІ ст. Адзін з вальнадумцаў гэтага часу − Казімір Ляшчынскі (1634–1684), як і другія гуманісты, выступае супраць царквы, прыгнечання. Вядомы яго трактат − “Аб неіснаванні бога”. Бог ў яго ўяўленні – гэта фантазія людзей. Пануючы клас свядома выкарыстоўваў царкву для падтрымкі свайго панавання. Толькі розум чалавека – найвышэйшы суддзя ўсяго навакольнага, на яго і павінен спадзявацца чалавек. Ляшчынскі падзяліў лёс Джардана Бруна. Ён спалены на вогнішчы.
Асаблівае месца ў грамадска-палітычных поглядах гэтага часу займае плынь, накіраваная супраць нацыянальнага прыгнёту, супраць каталіцызму, за збліжэнне з Расіяй. Яе прадстаўнікамі былі такія вядомыя пісьменнікі і грамадскія дзеячы, як Сімяон Полацкі, Ілля Капіевіч (1657–1747), Георгій Канінскі (1717−1745).
С.Полацкі блізка стаяў да матэрыялізму. Напрыклад, прыроду ён параўноўваў з кнігай, якую ахоплівае чалавек сілай свайго розуму. Асвета, на яго думку, заклікана ўдасканальваць норавы, яна – лепшы сродак для знішчэння сацыяльных бед.
З імем Сімяона Полацкага (1629–1680) звязана развіццё паэзіі як самастойнага віду літаратуры (поўнае імя – Самуіл Емяльянавіч Пятроўскі-Сітніяновіч). С.Полацкі – таленавіты паэт і драматург, педагог і перакладчык, ён склаў Статут Славяна-грэка-лацінскай акадэміі – першай у Расіі вышэйшай навучальнай установы. Яна была адкрыта ў 1687 г. у Маскве. У гэтай акадэміі вучыўся Ламаносаў.
Паэтычная спадчына С.Полацкага перш за ўсё адлюстроўвала яго імкненне і, як ён пісаў, імкненне беларускага народа да ўз’яднання Беларусі з Расійскай дзяржавай. Цікавыя ў гэтых адносінах яго так званыя “метры” (дэкламацыі), напісаныя для публічнага чытання перад царом Аляксеем Міхайлавічам у час яго знаходжання ў Полацку.
Сімяон Полацкі вітае цара “от востока к нам пришедшего, белорусский же от нужды народ весь освобождшаго». Цар для паэта як “праведное солнце”, да якога “здавна бовем прагнули... души наши и сердца”. Паэт выказвае надзею, што цяпер цар будзе “по нас ревновати”, а народ беларускі будзе “под твою милость всегда прибегати”.
У 1661 г. паэт пакінуў Полацк і пераехаў у Маскву. Там ён разгарнуў актыўную педагагічную, палітычную, літаратурную і выдавецкую дзейнасць. С.Полацкі шмат зрабіў для развіцця культуры і навукі, збліжэння Рускай дзяржавы з Беларуссю і Украінай. У Маскве ён разгарнуў вялікую дзейнасць як выдавец кніг, узначаліў крамлёўскую друкарню.
І.Капіевіч адлюстроўвае інтарэсы людзей, якія імкнуліся да збліжэння з Расіяй. У сваіх творах (“Словарь”, “Руковедение во грамматику” і інш.) ён паказвае агульнасць мовы і культуры двух народаў, вітае ўмацаванне Расіі, бачыць у гэтым працэсе гарантыю збліжэння і аб’яднання рускіх, беларусаў, украінцаў. Усімі сродкамі ён імкнецца садзейнічаць развіццю і пашырэнню асветы сярод іх. Капіевіч упершыню ў Расіі выдае падручнікі па арыфметыцы, астраноміі, навігацыі, па замежных мовах, піша кнігі па гісторыі. “Вывучэнне гісторыі, - піша ён, - не з’яўляецца пустым інтарэсам, яно дае карысць як ва ўзаемаадносінах людзей (польза дамавая), так і ва ўзаемаадносінах дзяржаў (польза сусветная)”.
З Беларуссю звязана дзейнасць і Георгія Канінскага, пра якога Пушкін сказаў: “Георгі ёсць адзін з самых дабрапамятных мужоў мінулага стагоддзя. Жыццё яго належыць гісторыі”. У сваіх шматлікіх прамовах, адозвах, пропаведзях ён абараняў правы беларусаў размаўляць і пісаць на роднай мове, прытрымлівацца сваіх нацыянальных звычаяў. А калі Беларусь была ўключана ў склад Расіі, ён прыступіў да стварэння тут рускіх школ, распаўсюджваў рускую мову і культуру. У філасофіі Канінскі – прыхільнік Арыстоцеля. Ён даказвае існаванне бога як канечнай прычыны ўсяго існуючага, лічыць, што матэрыяльны свет складаецца з формы і матэрыі.
Канінскі выказвае ўпэўненасць у здольнасці людзей пазнаваць навакольны свет, таму што прырода чалавека такая, што ён жадае ўсё ведаць. Высока цэніць Канінскі прыродазнаўчыя навукі, іх ролю ў пазнанні свету, з павагай гаворыць пра тэорыю Каперніка, выказвае думкі пра незнішчальнасць розных формаў матэрыі, іх ўзаемапераўтварэнні. “З нічога нішто не ўзнікае”, – паўтарае Канінскі.
У выяўленчым мастацтве ХІV – першай паловы ХVІІ ст. найбольш пашыраным з’яўляецца станковы жывапіс (іконы), насценныя роспісы і дэкаратыўная скульптура палацаў і культавых пабудоў.
Пашыраецца кніжная графіка. Кнігі ўпрыгожваюцца мініяцюрамі апосталаў, застаўкі і загалоўныя літары скампанаваны са стылізаваных малюнкаў чалавечых фігур, звяроў і расліннага арнаменту. Напрыклад, літара “Д” мае выгляд чалавека, які сядзіць на плеценым крэсле і іграе на цымбалах.
У далейшым (другая палова ХVІІ – ХVІІІ ст.), як і ў папярэднія стагоддзі, галоўная ўвага ў выяўленчым мастацтве звярталася на стварэнне вобразаў, насценных роспісаў і скульптур для цэркваў, касцёлаў, палацаў і гравюр для ўпрыгожвання кніг.
З жанраў жывапісу паспяхова развіваўся партрэт. На партрэтах і гістарычных карцінах малявалі, як правіла, феадальную знаць і вышэйшае духавенства.
У пачатку ХVІ ст. асаблівае развіццё ў Беларусі атрымліваюць школьныя тэатры. Яны ўзнікаюць пры праваслаўных брацтвах. У іх паказваюць п’есы рэлігійнага зместу, а таксама велікодныя і калядныя драмы, п’есы на гістарычныя тэмы. З гістарычнага мінулага Польшчы і Беларусі вядома п’еса “Уладзіслаў Ягайла, кароль польскі і разгром ім крыжаносцаў пад Грунвальдам” і драма “Пра Барыса і Глеба”. П’есы ў асноўным ішлі на польскай мове, на беларускай пісаліся інтэрмедыі, якія выконваліся паміж актамі драм. Інтэрмедыі пісаліся на матэрыяле з народнага жыцця.
Пачынаючы з ХVІ ст., у Беларусі развіваецца лялькавы тэатр “батлейка”. Тварэннем школьнага і лялькавага тэатра з’яўляецца беларускі весялун і жартаўнік, народны заступнік - Несцерка.
У ХVІ ст., асабліва ў другой яго палове, у Беларусі развіваюцца так званыя прыгонныя тэатры: буйныя магнаты заводзілі ў сябе аркестры, хары, балетныя і оперныя трупы, выкарыстоўваючы для гэтай мэты сваіх прыгонных. Дамінуючае месца ў такіх тэатрах займалі п’есы Мальера, камедыі Вальтэра. Прыгонны тэатр – своеасаблівая пераходная форма ад школьнага да прафесійнага прыватнага. Радзівілы пасылалі вучыцца сваіх прыгонных акцёраў нават у Італію. Прыгонныя тэатры былі ў Віцебску, Полацку, Дуброўне.
Як бачна, у геапалітычнай прасторы Еўропы ў эпоху новага часу Беларусь уяўляла сабой рэгіён не толькі адкрыты для знешняга ўздзеяння, але і сама мела здабыткі для пераймання іншымі народамі. Беларусь мела кантакты з краінамі Цэнтральнай і Заходняй Еўропы. Па запрашэнню на Беларусь прыезджалі замежныя дойліды, жывапісцы, майстры-рамеснікі. З іх дапамогай былі ўзведзены магутныя замкі ў Гродне, Навагрудку, Лідзе, Міры і іншых мясцінах. Італьянскія майстры ажыццявілі амаль поўную перабудову Нясвіжа. Абавязковымі былі выезды беларусаў і дойліды на вучобу ва ўніверсітэты Італіі, Францыі, Германіі.
Першай праявай міжнародных кантактаў ВКЛ з іншымі дзяржавамі стала кнігадрукаванне і напісанне арыгінальных твораў. Станоўчым вынікам кантактаў з замежжам, з’яўляецца стварэнне ў Беларусі пратэстанцкіх і кальвінісцкіх абшчын, якія і спрыялі развіццю тут адукацыйнай справы.
§2. Першымі ўстановамі, дзе рыхтавалі пісьменных людзей, былі школы, якія ўтваралі брацтвы. У сярэдзіне ХVІІ ст. такія школы створаны ў Віцебску, Полацку (1633 г.), Оршы (1648 г.).
Выкладанне ў школах вялося галоўным чынам на царкоўна-славянскай і беларускай мовах. Навучанне было бясплатным, вучыліся ў школах пераважна дзеці мяшчан (рамеснікаў і гандляроў), а таксама “ўбогія сіраты”, дзеці праваслаўнай шляхты і духавенства. Выкладалі ў школах як духоўныя, так і свецкія адукаваныя людзі. Кіраўнік школы называўся рэктарам. Ён, як і настаўнікі, выбіраўся на агульных сходах брацтваў. Найбольш актыўна дзейнічалі школы ў ХVІ–ХVІІ стст. Існуюць такія школы і ў некаторых маёнтках буйных феадалаў. Дзеці даволі заможных гараджан бралі ўрокі ў вандроўных настаўнікаў. З канца ХІV ст. асобныя маладыя шляхцічы і мяшчане маюць магчымасць паступіць і навучацца ў Кракаўскім, Пражскім і інш. універсітэтах. У другой палове ХVІ ст. актывізуюць дзейнасць у галіне асветы езуіты. У 80-х гг. езуіцкія калегіі адчынены ў Полацку, Нясвіжы. Акрамя калегіяў, іх намаганнямі ў 1578 г. адкрываецца першая вышэйшая навучальная ўстанова – Віленская акадэмія.
У далейшым у другой палове ХVІІ – першай палове ХVІІІ ст. асвета беларускага народа ажыццяўляецца ў больш цяжкіх умовах. Справа ў тым, што школы пры праваслаўных брацтвах падвяргаюцца пастаянным ганенням, аж да пагромаў. Іх учынялі езуіты і базыліянскае духавенства. Ідзе значнае скарачэнне колькасці школ, з-за чаго падае іх агульнаадукацыйнае значэнне. Нязначнае агульнаадукацыйнае значэнне школы маюць яшчэ і ад таго, што ў іх пануе рэлігійны светапогляд, беларуская мова замяняецца польскай, асвета становіцца манаполіяй каталіцкай і уніяцкай цэркваў.
У канцы ХVІІ ст. школьная адукацыя сканцэнтравалася ў асноўным у руках розных ордэнаў. Найбольшую колькасць школ мелі езуіты, якія карысталіся шырокай палітычнай і матэрыяльнай падтрымкай каралеўскай адміністрацыі, магнатаў, вышэйшага каталіцкага духавенства. За кошт іх шчодрых фундушоў (падараванняў) езуіцкія школы ўзніклі ў Полацку, Оршы, Віцебску і другіх гарадах. Але доступ ў гэтыя школы мелі толькі хлопчыкі са шляхецкіх сем’яў і багатых, знатных сем’яў гараджан.
Большасць такіх школ былі 3-5-класнымі. Навучанне ў кожным класе працягвалася год. У іх выкладаўся традыцыйны схаластычны курс “сямі вольных мастацтваў” – граматыка (“трывіум”), рыторыка, дыялектыка, арыфметыка (квадрыум), геаметрыя, музыка і астраномія. Выкладанне вялося на лацінскай мове і было прасякнута багаслоўем. Праўда, у ХVІІ–ХVІІІ стст. у асобных школах было ўведзена вывучэнне замежных моў; у некаторых – каб прыцягнуць большую колькасць вучняў – курс рускай мовы. Відаць, езуіцкія вучылішчы не карысталіся папулярнасцю сярод шырокіх слаёў насельніцтва Беларусі, заставаліся для іх чужымі з-за духоўнай і палітычнай арыентацыі.
Прыцягваецца да актыўнай педагагічнай дзейнасці і уніяцкая царква. Яшчэ ў 1615 г. папа Рымскі Павел V дазволіў адкрываць у Беларусі школы базыліянам. І яны ў канцы ХVІІ ст. з’явіліся ў Віцебску, Полацку, Талочыне, Чарэі, Ушачах.
Акрамя езуітаў і базыліянаў, на педагагічнай ніве ў Беларусі дзейнічалі і іншыя манаскія ордэны. У працы школ было шмат недахопаў: панаванне царкоўна-рэлігійнай накіраванасці, акрэсленасць свецкіх дысцыплін і іншыя.
Між тым змены ў эканамічным жыцці Рэчы Паспалітай у другой палове ХVІІІ ст., і перш за ўсё ўцягванне памешчыцкай гаспадаркі ў таварна-грашовыя адносіны, патрабавалі рэарганізацыі школьнай справы. Таму ў 40-х гг. ХVІІІ ст. робіцца першая рэформа. Узяўся за гэту справу адзін з прагрэсіўных прадстаўнікоў польскай асветы С.Канарскі. Хоць школы піяраў арганізаваны былі яшчэ на ўзор езуіцкіх, але тут былі і прагрэсіўныя моманты: у школы прымаліся дзеці розных слаёў насельніцтва, уключаючы сялян. Навучанне было бясплатным (плацілі толькі за выкананне пэўных манастырскіх работ, работ па абслугоўванні школы). Курс навучання быў разлічаны на 6 гадоў. За гэты час вучні павінны былі засвоіць не толькі суму ведаў па гісторыі, рэлігіі і багаслоўі, лацінскую мову, а таксама абавязковую для будучых дзеячаў каталіцкай царквы красамоўнасць. У праграму былі ўключаны і новыя прадметы: матэматыка, фізіка, гісторыя Польшчы, усеагульная гісторыя, “палітыка, або азнаямленне вучняў з творамі па пытаннях палітычных” і “з мясцовымі законамі і правамі”, а таксама польская мова.
У 60-х гг. ХVІІІ ст. прыхільнікі гаспадарчых і палітычных рэформ пачалі патрабаваць больш глыбокіх пераўтварэнняў у галіне асветы. Кіруючыя класы вымушаны былі пайсці на іх. Агульная рэформа асветы ў Рэчы Паспалітай адбылася ў пачатку 70-х гг. ХVІІІ ст. Спачатку ўтвараецца Адукацыйная камісія. Яна выпрацавала Статут “для акадэмій і школ Рэчы Паспалітай”. За 20 год сваёй дзейнасці Камісія адкрыла 20 школ. Гэтыя школы з’яўляліся сярэдняй ступенню навучання. Паспяховае заканчэнне іх давала права на паступленне ў вышэйшую навучальную ўстанову. Ніжэйшай ступенню новай сістэмы павінны былі стаць прыходскія вучылішчы. Яны адкрываліся ў мястэчках і вёсках.
У сярэдніх школах адно з важнейшых месцаў займалі прадметы фізіка-матэматычнага цыкла, якія давалі практычныя веды. У аб’ёме гэтых прадметаў выкладалася земляробства, батаніка, садоўніцтва, мінералогія, гігіена, а таксама і гуманітарныя навукі: польская і лацінская мова, геаграфія, гісторыя, заканадаўства. У прыходскіх вучылішчах рэкамендавалася вывучаць асновы геаметрыі, даваць вучням элементарныя веды па ветэрынарыі, камерцыі, знаёміць са спосабам афарбоўкі воўны.
Статут Адукацыйнай камісіі патрабаваў ад настаўнікаў такіх метадаў навучання, якія б садзейнічалі развіццю мыслення вучняў: “Наогул настаўнікі старацца павінны, каб вучні больш рабілі поспехаў разважаннямі, чым завучваннем прадметаў на памяць”. Статут патрабаваў нагляднасці ў навучанні, уліку узроставых асаблівасцей вучняў, сувязі тэорыі з практыкай, паўтарэння пройдзенага матэрыялу. Але трэба адзначыць, што ўстаноў адукацыі было мала. У пачатку 80-х гг. у той частцы Беларусі, якая засталася ў складзе Рэчы Паспалітай, налічвалася крыху больш за 200 пачатковых школ, у іх навучалася прыкладна 2500 чалавек. Толькі 30 % з іх былі дзяцьмі сялян, астатнія належалі да памешчыцкага саслоўя і шляхты.
Такім чынам, уся духоўная культура беларускага народа часоў Рэчы Паспалітай – яскравы адбітак палітычнай і ідэалагічнай барацьбы, якая вялася за права мець сваю мову, мастацтва, адукацыю, традыцыі і звычаі, свой лад жыцця. Канец ХV – ХVІ ст. характарызуецца значнымі зрухамі амаль ва ўсіх галінах духоўнага жыцця. На гэты перыяд прыпадае росквіт рэнесанснай культуры, пранікненне свецкіх гуманістычных і асветніцкіх павеваў у культуру Беларусі, пашырэнне дзяржаўнай і нацыянальна-патрыятычнай свядомасці ў розных колах грамадства.