Раздзел 5. Беларусь у сучасным свеце 7 страница
Як бачна, у ХІІІ – першай палове ХVІ ст. працягваўся працэс утварэння беларускай народнасці – асобнай этнічнай супольнасці з агульнай тэрыторыяй, пануючым эканамічным ладам, адзінай мовай, культурай, псіхічным складам, этнічнай самасвядомасцю.
Навукоўцамі распрацавана шмат тэорый аб паходжанні беларусаў і аб назве “Белая Русь”. Кожная з іх мае права на існаванне. Да ісціны можа прывесці толькі крытычны аналіз і навуковы пошук археолагаў, антраполагаў, лінгвістаў, гісторыкаў.
Тэма 3. Сацыяльна-эканамічнае развіццё Вялікага княства Літоўскага
§1. Феадальнае землеўладанне, стан сельскай гаспадаркі
§2. Развіццё рамяства і гандлю, таварна-грашовых адносін
§1. У ХІІІ – першай палове ХVІ ст. на тэрыторыі Беларусі працягваецца фарміраванне феадальных адносін. Пераразмяркоўваецца галоўны сродак вытворчасці – зямля. Змяняюцца формы землеўладання і землекарыстання. Сельскагаспадарчая праца трывала становіцца асновай эканамічнага жыцця, ёю займаецца большасць насельніцтва. Галоўнымі заняткамі людзей былі земляробства, жывёлагадоўля, рамяство, а дапаможнымі – бортніцтва, паляванне, рыбалоўства.
Важнейшыя прылады працы, якія заставаліся нязменнымі на працягу вякоў, − драўляная саха і плуг − аснашчаліся жалезнымі рабочымі часткамі, што павялічвала іх прадукцыйнасць. Удасканальвалася і агратэхніка: двухполле змянялася трохполлем, якое стала пераважаць у ХІV ст.
Асноўнай сельскагаспадарчай культурай з’яўлялася жыта, якім засявалася да паловы і больш ворыва. Шырокае распаўсюджанне атрымалі авёс, ячмень, проса, сеялі грэчку, лён, каноплі. Сяляне мелі і прысядзібныя агароды, на якіх вырошчвалі рэпу, агуркі, бабы, гарох, зеляніну.
Узрастала значэнне свойскай жывёлы. У якасці цяглавай сілы на захадзе Беларусі выкарыстоўвалі валоў, на ўсходзе – коней.
Разводзілі таксама дробную жывёлу – свіней, авечак, коз, і птушку - гусей, курэй. Жывёлагадоўля давала не толькі мяса і малочныя прадукты, якія ўжываліся ў ежу, але і ўгнаенне, якое павялічвала ўраджайнасць.
Узрастае роля рамяства, і ўсё ж сялянская гаспадарка ў пераважнай большасці мае натуральны характар: усё неабходнае для жыцця – прылады працы, жыллё, посуд, тканіны, адзенне і абутак – выраблялася ў сям’і.
Сялянскі двор меў назву “дым”. За карыстанне зямельным надзелам дым абавязаны быў выконваць пэўныя павіннасці на карысць уладальніка маёнтка. Надзелы дымаў складаліся стыхійна на працягу доўгага часу, іх велічыня залежала ад колькасці рабочых рук і цяглавай жывёлы.
З самых старажытных часоў значную ролю ў сялянскім жыцці адыгрывала абшчына (грамада). Яна арганізоўвала сялянскае землекарыстанне і выплату феадальнай рэнты.
Кіравалі абшчынай старцы (старасты), дзесяцкія, соцкія, якія выбіраліся самой грамадой на сельскім сходзе. Абшчына захоўвала шмат прымет адноснай самастойнасці. Адна з іх – права раскладу павіннасцей паміж дворышчамі ці дымамі. Адказнасць абшчыны забяспечвалася кругавой парукай.
У абшчынным карыстанні былі выганы, лугі, сенажаці, прыстасаванні для лоўлі рыбы, лясныя ўваходы. Абшчына не толькі забяспечвала выкананне феадальных павіннасцей, але і ў пэўным сэнсе абараняла сялян ад свавольства феадалаў, арганізоўвала іх жыццё, вырашала спрэчныя пытанні “копным” (абшчынным) судом. Абшчына, можна сказаць, як бы засталася ў спадчыну ад больш старажытных часоў першабытна-абшчыннага ладу. Паступова феадалы прысвойвалі права распараджэння абшчыннымі землямі, а потым і ўсімі землямі сялян, узурпіравалі іншыя функцыі абшчыны, змаглі прыстасаваць функцыі абшчыны да сваіх патрэб.
За карыстанне зямельнымі надзеламі сялян абавязвалі выконваць шматлікія павіннасці, характар і доля якіх змяняліся па меры развіцця феадальных адносін. Найстаражытнейшай формай феадальнай рэнты (падаткаабкладання за карыстанне зямлёй), якая ўзнікла яшчэ ў часы разлажэння першабытнаабшчынных адносін і фарміравання першых дзяржаўных утварэнняў – княстваў, была “даніна” (натуральны аброк).
Па меры развіцця феадальных адносін у ХV−ХVІ стст. асноўнай формай феадальнай рэнты становіцца паншчына (адпрацовачная рэнта). Для больш эфектыўнага выканання гэтай павіннасці з сярэдзіны ХV ст. у Вялікім княстве Літоўскім уводзяцца абмежаванні на права пераходу сялян ад аднаго землеўладальніка да другога, а ў ХVІ ст. сяляне запрыгоньваюцца.
Акрамя натуральнага аброку і адпрацовак за карыстанне зямлёй у ХV ст. уводзіцца грашовы аброк – чынш. Гэта сведчыла аб паступовым развіцці таварна-грашовых адносін, уцягванні ў іх дзяржаўных і феадальных маёнткаў. У залежнасці ад суадносін павіннасцей і ролі ў маёнткавай гаспадарцы сяляне падзяляліся на цяглых, асадных, агароднікаў і слуг.
Людзі цяглыя асноўную павіннасць – паншчыну – выконвалі на зямлі феадала. Цяглыя сяляне павінны былі прымаць удзел і ў сезонных работах – талоках, гвалтах – так зваліся сумесныя работы па зборы ўраджаю, на сенажаці, будаўніцтве дарог, замкаў і інш. Яны таксама плацілі натуральны аброк аўсом, сенам, свойскай птушкай і яйкамі, невялікі чынш, неслі фурманковую (перавоз грузаў) і ахоўную (ахоўвалі маёмасць гаспадара) павіннасці.
Асаднае сялянства паншчыны не выконвала, яго асноўнай павіннасцю быў чынш да 30 коп літоўскіх грошай. Асаднікі таксама адпрацоўвалі на працягу года да 12 талок і гвалтаў.
Агароднікамі станавіліся збяднелыя сяляне, ці былая “чэлядзь нявольная” (асабіста залежная катэгорыя), ад якіх гаспадар імкнуўся атрымаць большы даход і саджаў на невялікі кавалак зямлі, звычайна ў тры моргі (морг – зямельная мера, прыкладна 0,71 га). Агароднікі павінны былі выконваць паншчыну – адзін дзень у тыдзень, а іх жонкі – шэсць дзён летам.
Сяляне-слугі былі прывілеяванай часткай залежнага сельскага насельніцтва. Да іх адносіліся воіны, конюхі, лоўчыя, рыбакі, рамеснікі, млынары. Ваенна-дваровыя слугі па сваім становішчы прымыкалі да шляхты, а часам і пераходзілі ў гэтае саслоўе. Аднак шэраг заканадаўчых актаў ХVІ ст. рэзка адмежаваў сялян-слуг ад шляхты.
Акрамя абавязкаў у адносінах да свайго гаспадара сяляне павінны былі таксама працаваць на карысць дзяржавы: будаваць і рамантаваць замкі, дарогі, масты (“бярэмя павазовае”, “падарожчына”, “згоны”), удзельнічаць у зборах грошай на ваенныя патрэбы і г.д. Трэба заўважыць, што такія абавязкі не былі пастаяннымі і рэгламентаванымі.
Сялянская гаспадарка не заўсёды вытрымлівала шматлікія падаткі і адпрацоўкі. З’яўляліся збяднелыя, дэкласіраваныя элементы, якіх называлі кутнікамі, халупнікамі, каморнікамі, людзьмі лёзнымі, гультаямі. Халупнікі мелі хату – халупу, аднак не мелі ворыўнай зямлі, нярэдка і агарода. Кутнікі і каморнікі жылі ў чужых хатах (здымалі кут ці камору). Ва ўсходніх раёнах яны зваліся бабылямі. Усе гэтыя людзі жылі працай па найме ў сёлах і гарадах.
Па ступені феадальнай залежнасці сяляне на працягу доўгага часу падзяляліся на чэлядзь нявольную, непахожых і пахожых людзей.
Пахожыя сяляне – прыватнаўласніцкія. Яны складалі пераважную масу сялян, не перадаваліся ў спадчыну, маглі пераходзіць ад аднаго феадала да другога, праўда, толькі ўвосень, пасля заканчэння палявых работ са згоды гаспадара і пасля таго, як будуць выкананы ўсе павіннасці. Звычайна пераход суправаджаўся і грашовай кампенсацыяй.
Разнавіднасцю пахожых людзей былі закупы і радовічы. Гэтыя людзі страчвалі асабістую волю, калі не выконвалі дагавор ці не выплачвалі пазыку. Яны пераходзілі ў катэгорыю непахожых. Непахожымі станавіліся таксама тыя сяляне, якія дзесяць гадоў пражылі на зямлі ўладальніка маёнтка.
Непахожыя сяляне жылі на адным месцы і выконвалі павіннасці па спадчыне, гэта поўнасцю запрыгоненыя людзі, згубіўшыя права пераходу ад аднаго феадала да другога. У пачатку ХVІ ст. іх сталі называць атчызнымі людзьмі.
Чэлядзь нявольная, нешматлікая частка залежнага насельніцтва, знаходзілася ў поўнай уласнасці феадалаў, працавала ў іх маёнтках, часцей не мела зямельных надзелаў і абслугоўвала дваровую гаспадарку. Феадал мог прадаць ці закласці сваю чэлядзь.
Кіруючую ролю ў грамадстве таго часу ажыццяўлялі землеўласнікі – феадалы.
Вярхоўным уласнікам зямель Вялікага княства Літоўскага лічыўся вялікі князь як кіраўнік дзяржавы. Землі падзяляліся на дзяржаўныя і прыватнаўласніцкія.
У канцы ХVІ ст. дзяржаўныя землі значна павялічыліся за кошт ліквідацыі буйных удзельных княстваў і ўвядзення намесніцтваў. Аднак у ХV−ХVІ стст. вялікія князі раздалі шмат валасных зямель феадалам за службу, а таксама царкве. Калі ў канцы ХІV ст. на дзяржаўных землях жыла большая частка насельніцтва, то ў першай чвэрці ХVІ ст. − толькі 1/3.
Дзяржаўныя землі пераважалі на ўсходзе Вялікага княства, таму што феадалы не вельмі імкнуліся атрымаць там уладанні, што тлумачылася частымі войнамі з Расіяй. У гэты ж час на захадзе Беларусі пераважала прыватнае землеўладанне, якое спрыяла павелічэнню прыбыткаў. Феадалы мелі зямлю ў спадчыннай уласнасці ці атрымлівалі яе на час службы. У ХV−ХVІ стст. адбываўся рост феадальнага землеўладання. Вялікі князь і свецкія феадалы дарылі землі і царкве.
Дробныя землеўладальнікі неслі ваенную службу ў вялікага князя ці буйных феадалаў. Яны з цягам часу сталі звацца шляхтай, а буйнейшыя спадчынныя ўладальнікі маёнткаў у ХV ст. − панамі.
Буйныя феадалы ў 1528 г. складалі 19 % ад агульнай колькасці землеўладальнікаў, валодалі 46,4 % зямельных угоддзяў; дробныя феадалы валодалі не больш чым 18 валокамі зямлі, складалі ў Беларусі 81 %, мелі 53,6 % зямельнага фонду.
Правы і прывілеі феадалаў паступова заканадаўча афармляліся. У канцы ХVІ ст. паны і шляхта былі пароўнены ў правах, а ўсё феадальнае саслоўе стала называцца шляхтай. Асноўным яе абавязкам была ваенная ці дзяржаўная служба, і ў той жа час ёй забаранялася займацца рамяством і гандлем. Былі пастаўлены надзейныя заслоны для пранікнення ў шляхецкае саслоўе простых людзей. З цягам часу некаторая частка шляхты бяднела і нават страчвала свае землі, але фармальна працягвала належаць да вышэйшага саслоўя.
З вышэй сказанага бачна, што ў ХІІІ – першай палове ХVІ ст. зямля была асноўным сродкам вытворчасці і багаццем грамадства, валоданне і распараджэнне ёю вызначала статус чалавека ў ім.
Удасканаленне прылад працы і агратэхнікі дазволіла пашырыць ворыўныя землі і атрымаць такую колькасць прыбавачнага прадукту, якая б забяспечвала існаванне вышэйшага класа, апарату дзяржаўнага кіравання і прымусу, войска, царквы, давала магчымасць развівацца ўсім галінам культуры.
Асноўнымі вытворцамі грамадскага багацця былі сяляне, якія складалі абсалютную большасць насельніцтва. Сяляне выконвалі шматлікія павіннасці на карысць шляхты, царквы і дзяржавы.
У ХV ст. спачатку спарадычна, а потым масава набываюць значэнне двары з панскай ворнай зямлёй − фальваркі. Фальварак − гэта комплекс гаспадарчых і жылых пабудоў, вакол якіх размяшчаліся ворныя землі, агароды, сенажаці і лясы. Тут жа былі майстэрні, кузні, лесапілкі і г.д.
У сярэдзіне ХVІ ст., каб павысіць даходы дзяржаўных зямель, вялікі князь Жыгімонт (Сігізмунд) ІІ Аўгуст ажыццяўляе рэформу, якая атрымала назву “валочная памера”. Павялічыць даходы казны ад дзяржаўных маёнткаў меркавалася шляхам дакладнага ўліку сялянскіх зямель і абкладання сялян павіннасцямі прапарцыянальна колькасці занятай зямлі.
Сялянская сям’я ў залежнасці ад колькасці ворыва ў той ці іншай мясцовасці, сваіх магчымасцей у яго апрацоўцы (колькасць рабочых рук, цяглавая жывёла, прылады працы) атрымлівала валоку (21,3 га) ці яе частку, з якой выконвала дакладна ўстаноўленыя павіннасці. Надзел прызначаўся ў трох палях, што забяспечвала прымусовы трохпольны севазварот, які спрыяў росту ўраджайнасці. Такім чынам, рэформа ўдасканальвала не толькі арганізацыю феадальнай вытворчасці, але і спрыяла распаўсюджванню перадавой агракультуры.
Фальварачна-паншчынная сістэма да канца ХVІ ст. зацвердзілася і ў царкоўных землеўладаннях. Царква таксама стварала фальваркі і пераводзіла сялян на паншчыну і чынш. Гэта павялічвала яе даходы ў 3−7 разоў.
Правядзенне аграрнай рэформы і ўпарадкаванне павіннасцей суправаджалася аслабленнем ролі і нават разбурэннем сялянскай абшчыны, замацаваннем сялян за зямлёй, ператварэннем розных іх катэгорый у адзін клас-саслоўе – прыгоннае сялянства.
Адным з першых дакументаў, які сведчыў аб пачатку запрыгоньвання сялян у Вялікім княстве Літоўскім, быў “Прывілей” 1447 г., які пацвярджаў прывілеі, выдадзеныя шляхце раней. Ён, у прыватнасці, пацвердзіў даўняе права феадалаў на вотчынны суд, што ставіла сялян у значную залежнасць ад іх рашэнняў і інтарэсаў.
Статут Вялікага княства Літоўскага (1529 г.) адмаўляў сялянам у праве ўласнасці на зямлю. Яны страчвалі права ёю распараджацца без згоды феадала. “Уставай на валокі” (1557 г.) сяляне фактычна замацоўваліся за зямельнымі надзеламі.
Такім чынам, можна адзначыць, што на этапе ХІІІ – першай паловы ХVІ ст. у Вялікім княстве Літоўскім сфарміравалася і юрыдычна аформілася прыгоннае права. Селянін адчужаўся ад сваёй спрадвечнай маёмасці, быў пазбаўлены права ёю свабодна распараджацца. Без дазволу пана яму забаранялася ісці ў наймы, сяляне, асноўныя вытворцы грамадскага багацця, апынуліся на самай ніжэйшай ступені феадальнага грамадства. Адначасова Статут Вялікага княства Літоўскага ў новай рэдакцыі 1588 г. пашырыў правы шляхты, незалежна ад паходжання і веравызнання, адмежаваў яе ад астатняга грамадства як вышэйшае саслоўе.
§2. У ХІІІ – першай палове ХVІІ ст. у Вялікім княстве Літоўскім, як і ў цэлым у Еўропе, адбываецца бурнае развіццё рамеснай вытворчасці. Гэтаму спрыяе рост прадукцыйнасці сельскагаспадарчай працы і прыбавачнага прадукту. Феадалы, а таксама заможныя сяляне, імкнуліся купляць вырабленыя на высокім узроўні спецыялістамі-рамеснікамі прылады працы, прадметы быту.
На Беларусі былі шырока распаўсюджаны розныя віды рамёстваў. Найбольш значнай была апрацоўка металаў, у якой развілася шырокая спецыялізацыя. Да сярэдзіны ХVІІ ст. у металаапрацоўцы выдзелілася не менш за 25 прафесій, у тым ліку кавалі, слесары, кацельшчыкі, меднікі, лудзільшчыкі, жасцяншчыкі і інш. Яны выраблялі шырокі асартымент прылад працы і гаспадарчых прадметаў, сярод якіх былі сашнікі, сярпы, матыкі, косы, абады для колаў, падковы, сякеры, нажы, зубілы, малаткі, долаты, нажніцы, іголкі, рыбалоўныя кручкі, замкі, клямкі, завесы і г.д. Асобай прафесіяй быў выраб зброі.
Развівалася ювелірная справа. Ювеліры працавалі перш за ўсё на феадалаў і царкву, рабілі з золата і серабра ўпрыгажэнні, пераплёты царкоўных кніг.
Шырока была распаўсюджана і апрацоўка дрэва, з якога вырабляліся асноўныя часткі плугоў, сох, лапаты, вёслы, граблі, а таксама посуд і іншы інвентар. У дрэваапрацоўчай вытворчасці мелася да 27 прафесій. Для тагачасных людзей вырабы з дрэва мелі яшчэ большае значэнне, чым вырабы з металаў. З дрэва будавалі жыллё, гаспадарчыя памяшканні, павозкі, караблі. Дрэваматэрыялы і вырабы з дрэва экспартаваліся ў іншыя краіны.
Набылі вядомасць беларускія ганчары. Яны не толькі захоўвалі мясцовыя традыцыі, але і выкарыстоўвалі дасягненні заходнееўрапейскіх майстроў.
Развіваліся апрацоўка скур і рамёствы, звязаныя з ёю: гарбарнае, рымарнае, шавецкае, кушнерскае. У цэлым у гарбарнай вытворчасці да сярэдзіны ХVІІ ст. было каля 25 прафесій. Скура і замша карысталіся попытам не толькі на ўнутраным, але і на знешнім рынку, вывозіліся ў Польшчу і Заходнюю Еўропу.
Шырока была распаўсюджана ткацкая справа. Ткацтвам з воўны, ільну займаліся не толькі рамеснікі, але і сяляне, і гараджане для сваіх патрэб. З мясцовых і прывазных тканін краўцы шылі вопратку і адзенне. Шаўцы пад канец ХV ст. пачалі вырабляць абутак з цвёрдай падэшвай і абцасам. Вядомымі былі і іншыя рамесныя спецыяльнасці: півавары, мяснікі, муляры, скрыннікі, рэзнікі і інш.
Развіццё рамёстваў суправаджалася пашырэннем гандлю паміж горадам і вёскай, асобнымі землямі, з іншымі краінамі. Гарадскія купцы скуплялі ў навакольных вёсках прадукцыю земляробства, промыслаў і прадавалі яе на гарадскіх рынках. З часам яны наладжвалі пастаянны гандаль на скам’ях, у крамах. Ва ўсіх гарадах і мястэчках 1-2 разы ў тыдзень наладжваліся таргі, а ў буйных гарадах яшчэ і кірмашы (1-3 разы ў год), на якія прыбывалі не толькі мясцовыя, але і замежныя купцы. Вярхоўная ўлада давала гарадам гандлёвыя прывілеі.
У ХV−ХVІ стст. купцы пачалі ствараць свае аб’яднанні – брацтвы ці гільдыі. Купецкія супольнасці імкнуліся да манаполіі ў межах свайго горада і яго перыферыі. Члены купецкіх таварыстваў прыносілі прысягу на вернасць гораду і свайму цэху, карысталіся пэўнымі прывілеямі, мелі на ўтрыманні адзін ці некалькі культавых будынкаў.
У ХVІ ст. устанаўліваюцца рэгулярныя гандлёвыя сувязі гарадоў не толькі з вёскамі і мястэчкамі, але і паміж сабой. Гандлёвая дзейнасць садзейнічала будаўніцтву дарог-гасцінцаў, якімі, у прыватнасці, былі звязаны Полацк, Смаленск і Віцебск. Праз усю Беларусь з усходу на захад праходзіў гасцінец з Оршы праз Мінск, Слонім, Брэст. Ажыўленымі былі дарогі, якія звязвалі Пінск з Мазыром, Кобрынам, Клецкам, Слуцкам, Брэстам. Такім чынам, не толькі прыродныя шляхі – рэкі, але і пабудаваныя – гасцінцы, спрыялі развіццю гандлю і ў цэлым таварна-грашовых адносін.
Асноўнымі экспартнымі прадуктамі былі збожжа, сала, воск, лес, скуры, футры, смала, дзёгаць, лён, хмель, попел (для выпрацоўкі скур), пянька, а таксама арыгінальныя рамесныя вырабы. Гандлем збожжам, лесам часта займаліся самі феадалы, актыўна ўводзячы фальваркавую сістэму і атрымліваючы ў вялікага князя вызваленне ад пошліны.
З Заходняй Еўропы ў Беларусь увозіліся жалеза, медзь, волава, свінец, а таксама вырабы з металу. Вялікім попытам не толькі ў Вялікім княстве Літоўскім, але і ў Расіі, куды беларускія купцы вазілі тавары, карысталіся фламандскае, нямецкае, англійскае сукно, галандскае і вестфальскае палатно, прыправы і вострыя прыправы з Усходу, а таксама заморскае віно. Увозілася ў Беларусь соль. Зразумела, што замежныя тавары каштавалі вельмі дорага і карыстацца імі маглі толькі багатыя феадалы ці гарадская вярхушка.
Праз буйнейшы гандлёвы цэнтр Еўропы Полацк ішоў гандаль з Рыгай, расійскімі гарадамі Ноўгарадам, Псковам, Масквой. Брэст гандляваў з Варшавай, Торунем, Гданьскам, Познанню, Айсбургам, Люблінам, Кракавам, Львовам. Гродзенскія купцы падтрымлівалі пастаянныя сувязі з Польшчай. Асаблівае гандлёвае значэнне стаў набываць у ХV ст. Мінск, які знаходзіўся на скрыжаванні беларускіх зямель.
Аддзяленне рамяства ад сельскай гаспадаркі, узрастанне ролі гандлю выклікалі развіццё грашовага абарачэння, якое ўсё больш выцясняла натуральны абмен.
З цэнтралізацыяй вялікакняжацкай улады і развіццём гандлю ў канцы ХІV−ХV ст. у Вялікім княстве Літоўскім на тэрыторыі Беларусі як яго асновы ўсталёўваецца адзіная агульнадзяржаўная грашова-вагавая сістэма. Найбольшы ўклад у яе фарміраванне ўносіць менавіта полацка-віцебская сістэма.
З эканамічным узмацненем дзяржавы, калі яна пачала гарантаваць кошт сваіх грошай, уводзіцца лічбавая грашовая сістэма: не па вазе манеты, а па намінале, нярэдка па прымусовым курсе (калі каштоўнасць самой манеты не адпавядала яе наміналу). Гэта адбываецца прыкладна з пачатку ХVІ ст. Адначасова на Беларусі, як і ў цэлым у Вялікім княстве Літоўскім, мелі хаджэнне замежныя манеты.
Такім чынам, грашовае абарачэнне на тэрыторыі Беларусі ў разглядаемы час прайшло два перыяды: 1) рэгіянальных грашова-вагавых сістэм; 2) агульнадзяржаўнай грашовай сістэмы, якая спрыяла далейшаму развіццю таварна-грашовых адносін.
Паступова фарміруецца і крэдытная сістэма, калі купец атрымлівае пазыку ў больш багатага кампаньёна ці феадала для правядзення той або іншай гандлёвай аперацыі. Крэдыторамі станавіліся таксама ліхвяры, якія давалі пазыкі пад заклад і вельмі вялікі працэнт – 20-25 %. Ліхвярствам займаліся разбагацеўшыя гараджане, а таксама буйныя феадалы і манастыры.
Гарады Беларусі ў гэты час станавіліся месцамі фарміравання новых эканамічных адносін, цэнтрамі культуры.
У ХVІ ст. на тэрыторыі Беларусі было больш за 40 гарадоў. У сярэдзіне ХV ст. з пералічаных у прывілеі 15 найбольш буйных гарадоў Вялікага княства Літоўскага 7 знаходзіліся на тэрыторыі Беларусі: Полацк, Віцебск, Слуцк, Мінск, Брэст, Гродна, Новагародак. Сюды трэба дадаць і Вільню як цэнтр фарміравання беларускай культуры і народнасці.
Асноўнае насельніцтва гарадоў складалі беларусы – 80 %. У іх таксама пражывалі літоўцы, палякі, немцы. У ХІV−ХV стст. на Беларусі пасяляюцца яўрэі і татары. Нягледзячы на тое, што гарады і мястэчкі былі цэнтрамі рамяства і гандлю, да паловы іх жыхароў займалася сельскай гаспадаркай ці промысламі (рыбнай лоўляй, паляваннем, бортніцтвам, пушным промыслам).
Імкнучыся пазбавіцца ад феадальнай залежнасці, жыхары гарадоў змагаліся за магдэбургскае права – права на самакіраванне, якое атрымала назву ад нямецкага горада Магдэбурга – першага ў ХІІІ ст. горада, які набыў яго. Яно адпавядала старажытным традыцыям самакіравання, якія існавалі, напрыклад, у Полацку, Віцебску і іншых старажытных гарадах. Адбывалася як бы развіццё і спалучэнне даўніх традыцый самакіравання з нормамі магдэбургскага права.
Першым на тэрыторыі Беларусі магдэбургскае права атрымаў Брэст у 1390 г., потым Гродна – у 1391, Слуцк – у 1441, Полацк – у 1498, Мінск – у 1499, Віцебск – у 1597 г. і г.д. – усяго больш за 40 гарадоў і мястэчкаў. Да другой паловы ХVІ ст. магдэбургскае права атрымалі амаль што ўсе больш ці менш значныя гарады Беларусі, таму што Вялікае княства Літоўскае пастаянна падвяргалася нападам з усіх бакоў і дзяржава была зацікаўлена ў ператварэнні гарадоў у фарпосты сваёй абароны. Атрымліваючы магдэбургскае права, гараджане ў выпадку вайны выходзілі абараняць не толькі дзяржаву, але і сваю “гарадскую незалежнасць”, свае вольнасці.
Па магдэбургскім праве замест шматлікіх натуральных павіннасцей гараджане плацілі адзіны грашовы падатак. Яны вызваляліся ад суда і ўлады вялікакняжацкіх (каралеўскіх) чыноўнікаў або феадалаў. Гэта ў значнай меры агароджвала ад дэспатызму маёмасць і эканамічную дзейнасць гараджан.
Бачна, што ў нетрах феадальнага грамадства фарміруюцца пачаткі новых формаў грамадскіх адносін – таварна-грашовыя адносіны, паступова зараджаюцца элементы рынку. Перадумовамі новых працэсаў стала аддзяленне рамяства ад сельскай гаспадаркі, гандлю ад рамяства. Цэнтрамі рамяства і гандлю сталі гарады і мястэчкі. Гарады сталі таксама і цэнтрамі культуры, якія аб’ядноўвалі беларускі народ, спрыялі росту яго самасвядомасці, былі цэнтрамі свабодамыслення, дэмакратычных традыцый.
Такім чынам, па меры развіцця феадальных адносін у Вялікім княстве Літоўскім наглядаецца пераразмеркаванне галоўнага сродку вытворчасці – зямлі. Асноўнымі відамі феадальнага землеўладання былі: дзяржаўнае (гаспадарскае), прыватнаўласніцкае (княжацкае), баярскае (шляхецкае) і царкоўнае. Калектыўным карыстальнікам зямлі з’яўлялася сялянства, згуртаванае ў абшчыну. Ад ХІІІ да першай паловы ХVІ ст. у Вялікім княстве Літоўскім сфарміравалася і юрыдычна аформілася прыгоннае права.
Як на дзяржаўных, так і на прыватнаўласніцкіх землях узнікаюць і растуць гарады і мястэчкі (паселішчы гарадскога тыпу). Гарады з’яўляюцца цэнтрамі культурнага жыцця, рамёстваў і гандлю. З канца ХІV ст. гарадам сталі даваць права на самакіраванне, т.зв. Магдэбургскае права.
З часу стварэння Вялікага княства Літоўскага ў дзяржаве адбываецца бурнае развіццё рамеснай вытворчасці, дзе значнае месца займае апрацоўка металаў, ювелірная справа, апрацоўка дрэва. Буйным гандлёвым цэнтрам з’яўляўся ў гэты час Полацк.
Пытанні і заданні:1. Калі і якім чынам адбылося ўтварэнне Вялікага княства Літоўскага, Рускага, Жамойцкага вакол Новагародка (Навагрудка)? Чаму менавіта ён стаў першым цэнтрам Вялікага княства Літоўскага? 2. Назавіце прычыны заключэння Крэўскай уніі. Ці заставалася месца ў гэтым саюзе для фактычнай самастойнасці Вялікага княства Літоўскага? 3. Якія органы кіравання склаліся ў Вялікім княстве Літоўскім? 4. Да якой формы дзяржаўнасці можна аднесці Вялікае княства Літоўскае? 5. Якія гістарычныя землі складалі аснову Вялікага княства Літоўскага? 6. Пакажыце на прыкладах, што старабеларуская мова тут з'яўлялася дзяржаўнай мовай. 7. Дайце поўнае азначэнне народнасці, назавіце ўсе фактары ўтварэння беларускай народнасці і існуючыя тэорыі аб паходжанні беларусаў. 8. Вызначце групы сялян па ступені феадальнай залежнасці. 9. Успомніце прыметы паншчыннай гаспадаркі. Якая неабходная ўмова яе існавання была створана ў выніку валочнай памеры? 10. Назавіце істотныя адрозніванні лічбава-грашовай сістэмы ад грашова-вагавай. 11. Што такое магдэбурскае права, калі яго атрымалі гарады Беларусі і якія былі яго асаблівасці?
Глава 4. Час крызісаў і Адраджэння: кансалідацыя беларускай народнасці. Рэлігія, духоўнае жыццё, культура Беларусі
Тэма 1. Рэфармацыя ў Заходняй Еўропе і Беларусі
§1. Гістарычныя падыходы да паняццяў гуманізм і адраджэнне
§2. Рэлігійныя і сацыяльныя плыні рэфармацыйнага руху
§1. Феадальны лад паступова прыходзіў у заняпад. Новы клас – буржуазія, – які толькі нараджаўся, быў зацікаўлены ў развіцці навукі і тэхнікі. Краіны Еўропы перажывалі пад’ём культуры, хутка развівалася навука і мастацтва. Адбыўся бурны рост гарадоў. У іх ствараюцца мануфактуры, развіваецца рамяство, гандаль. Расце патрэбнасць гарадоў у адукаваных людзях: бухгалтарах, юрыстах, інжынерах і тэхніках, настаўніках і лекарах. Адказ ад радасцей у зямным жыцці, каб атрымаць іх ў замагільным (аб каторым так часта нагадвала рэлігія), змяніўся жывой цікавасцю да Сусвету. Уважліва вывучаючы прыроду, навукоўцы праводзілі назіранні, ставілі вопыты. У Еўропе з’явіліся першыя батанічныя і заалагічныя сады, музеі, калекцыі мінералаў, пісьменнікі ўсхвалялі прыроду, захапляліся яе цудоўнай прыгажосцю. Жыццё падвяргала сумненню вучэнне царквы аб тым, што чалавек нікчэмны і бяссільны (што ўсясільны толькі Бог).
Адраджалася вера ў сілу і здольнасці чалавека. Дзеячаў новай культуры ўсё больш цікавіў чалавек. Таму іх называлі гуманістамі (ад лацінскага слова “гуманус” – чалавечны). Гуманісты звяртаюцца да вопыту старажытнай культуры Грэцыі і Рыма. Час, калі ўзнікала новая культура (з улікам усіх ранейшых напрацовак), быў названы Адраджэннем. Адраджэнне (або Рэнесанс) было велізарным пераваротам у культуры і навуцы. Самымі знакамітымі дзеячамі сусветнай культуры гэтага часу былі мастакі і скульптары Леанарда да Вінчы (1452–1519), Мікеланджэла (1475–1564), Рафаэль (1483–1520); пісьменнікі Томас Мор (1478–1535), Франсуа Рабле (1494–1533), Вільям Шэкспір (1564–1616); вучоныя Мікалай Капернік (1473–1543), Джардана Бруна (1548–1600), Галілео Галілей (1564–1642).
Адраджэнне, Рэнесанс (фр. Renaissance), у канкрэтна гістарычным значэнні – эпоха ў развіцці духоўнай культуры Еўропы ў пераходны перыяд ад сярэдневякоўя да новага часу (ХІV ст. – першая палова ХVІІ ст.), якая характарызавалася ўздымам свецкай навукі і мастацтва, станаўленнем нацыянальнай мовы, літаратуры і нацыянальнай свядомасці, гуманістычным светапоглядам.
У больш шырокім значэнні Адраджэнне ёсць заканамернасць у гістарычным развіцці народаў і пэўных рэгіёнаў, якая выяўляецца ў паскораным руху эканамічнага, сацыяльна-палітычнага і культурнага працэсаў да больш высокіх форм грамадскага быцця і нацыянальнай самасвядомасці пасля працяглых перыядаў застою або ўпадку.
Класічная форма Адраджэння характэрна для народаў Заходняй Еўропы. Тут гістарычныя працэсы характарызуюцца плаўнасцю і бесперапыннасцю ў прагрэсіўным развіцці. Заходнееўрапейскую класічную форму ў метадалагічным плане можна абазначыць як гуманістычную. Ёсць нацыянальныя формы Адраджэння. Яны характарызуюцца перапыннасцю і катастрафічнасцю (Усходняя Еўропа, азіяцкі рэгіён).
У Беларусі ў развіцці рэфармацыі навукоўцы адзначаюць тры этапы. Першы этап, самы спрыяльны для дзейнасці рэфарматараў з-за крызісных з’яў у каталіцкай і праваслаўных цэрквах, бярэ пачатак з узнікнення тут пратэстанцкіх збораў (1553 г.) да з’яўлення езуітаў (1569 г.). Другі этап 1570-1596 гг.: у гэты час контррэфармацыя яшчэ слабая, не здольная аказваць уплыў на пратэстантызм нават пры падтрымцы свецкай улады. Трэці этап бярэ пачатак ад Берасцейскай царкоўнай уніі (1596 г.) і завяршаецца сярэдзінай ХVII ст. У гэты перыяд на рэфармацыю ўжо вядзецца актыўнае наступленне, даволі хутка набірае моц уніяцкая царква і рэакцыйныя працэсы.
На Беларусі контррэфармацыя звязана з адкрыццём езуіцкім ордэнам навучальных устаноў. Езуітам спатрэбілася некалькі дзесяцігоддзяў, каб цалкам манапалізаваць асветніцкую справу, якая з аднаго боку дазволіла падняць адукаванасць беларускага насельніцтва, з другога – абвастрыць рэлігійнае пытанне. Езуіты сталі ініцыятарамі масавых пагромаў пратэстанцкіх абшчын. Навуковая думка пад уплывам езуітаў пераважна зводзілася да сярэднявечнай схаластыкі і тэалогіі.
У Вялікім княстве Літоўскім, з прычыны геапалітычнага становішча, змяненні ў культуры еўрапейскіх краін (як усходніх, так і заходніх) мелі ідэалагічны, філасофскі і рэлігійна-царкоўны адбітак. У ХV–ХVІ ст. тут таксама складваюцца эканамічныя, сацыяльна-палітычныя і ідэалагічныя перадумовы для станаўлення культуры Адраджэння: адбываўся рост гарадоў, развіццё гандлёва-рамесніцкага насельніцтва і таварна-грашовых адносін, ажыўленне грамадска-палітычнага жыцця ў горадзе, узмацненне сацыяльна-класавай барацьбы ў вёсцы, змены ў светапоглядзе перадавой часткі феадалаў, палітычная цэнтралізацыя і дзяржаўна-прававая стабілізацыя грамадства, фарміраванне беларускай народнасці і нацыянальнай самасвядомасці, актывізацыя і пашырэнне кантактаў з краінамі Заходняй і Цэнтральнай Еўропы, гуманістычны і рэфармацыйны рух, секулярызацыя духоўнага жыцця.