Раздзел 5. Беларусь у сучасным свеце 17 страница

Адбылося так, што да сярэдзіны 1920-х гадоў у СССР склалася аднапартыйная сістэма. Ужо ў Канстытуцыі 1927 г. была замацавана манаполія партыі камуністаў. Усе дзяржаўныя і гаспадарчыя органы павінны былі выконваць дырэктывы і пастановы КП(б)Б.

Партыя прыняла на сябе адказнасць за ўсё, што адбывалася ў краіне. Яна заявіла аб поўнай рашучасці знаходзіцца ў авангардзе, утрымліваць уладу.

Час ад часу ў кіраўнічых радах партыі адбывалася ўнутрыпартыйная барацьба па пытаннях сацыялістычнага будаўніцтва.

Але да сярэдзіны 30-х гадоў грамадска-палітычнае жыццё адпавядала ідэйным поглядам Сталіна, склаўся палітычны рэжым яго асабістай улады: функцыі дзяржаўных інстытутаў і грамадскіх арганізацый Беларусі (як і па ўсёй краіне) заключаюцца ў выкананні распараджэнняў цэнтральных інстанцый. Саветы, прафсаюзы хоць і пашыраюць свой актыў, але істотнага ўплыву на падзеі не маюць.

У 1937 г. прымаецца Канстытуцыя БССР, у ёй абвяшчаецца адмена палітычных абмежаванняў сацыяльнага плана. Усе грамадзяне, незалежна ад сацыяльнага паходжання і становішча, атрымлівалі палітычныя правы, у тым ліку выбіраць і быць выбранымі. Шматступеньчатыя, няроўныя, адкрытыя выбары замяняліся прамым, роўным, тайным галасаваннем.

Новаўвядзенні выклікалі сапраўдны палітычны і працоўны ўздым. Аднак да сапраўднай дэмакратыі справы не даходзілі: кандыдаты ў дэпутаты падбіраліся загадзя, іх склад заўсёды планаваўся і кантраляваўся, вылучэнне двух ці больш кандыдатаў на адно месца не прадугледжвалася. Больш таго, Сталін у гэты час вылучыў лозунг аб тым, што па меры будаўніцтва сацыялізму класавая барацьба будзе абвастрацца. Пад прыкрыццём гэтай формулы адбываліся грубыя парушэнні сацыялістычнай законнасці, масавыя рэпрэсіі незгаворлівых апанентаў. Яшчэ раней сфабрыкавана паклёпніцкая кампанія аб заканспіраванай контррэвалюцыйнай арганізацыі СВБ (Саюз вызвалення Беларусі). У канцы 1929 – пачатку 1930 г. у БССР пракацілася хваля арыштаў асоб, якія быццам бы арганізавалі СВБ. У другой палове 1930 г. былі арыштаваны Прышчэпаў, Баліцкі, Адамовіч, Ільючонак. Пачаўся вялікі ўціск і абвінавачванні супраць У.Ігнатоўскага.

Акрамя тых “мер”, што ўжо называліся ў 1933, 1935-1936 гг., прымаліся захады па знішчэнні вальнадумцаў. У 1937 г. у ход была пушчана версія аб тым, што на Беларусі дзейнічае разгалінаванае антысавецкае падполле, нацыянал-фашысцкая арганізацыя на чале з кіраўніцтвам рэспублікі: сакратаром ЦК КП(б)Б Гікала М.Ф., старшынёй СНК БССР Галадзедам М.М., старшынёй ЦВК БССР Чарвяковым А.Г. “Ворагі народа” былі выяўлены ў іншых цэнтральных і абласных арганізацыях. Склалася атмасфера ідэалагічнага ўціску, падазронасці, даносаў. Спыніліся рэпрэсіі толькі пасля смерці Сталіна. З 1954 года вялася рэабілітацыя ахвяр палітычных рэпрэсій.

§3. Пры разгортванні нацыянальнага будаўніцтва ў Беларусі пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі неабходна было ўлічваць некалькі асаблівасцей.

Па-першае, адсутнасць цэласнасці эканамічнага жыцця, найважнейшай формы грамадскага развіцця нацыі, што надае ёй устойлівасць як гістарычнай супольнасці. Беларусь як асобная эканамічная адзінка гістарычна не існавала. Яе эканоміка доўгі час (прыкладна з сярэдзіны ХVІ стагоддзя) знаходзілася ў падпарадкаванні Рэчы Паспалітай, затым (з канца ХVІІІ стагоддзя) – Рускай дзяржаве. Да таго ж дастасуецца нізкі ўзровень эканомікі, які ўсталёўваўся на працягу некалькіх стагоддзяў і застаўся такім пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі.

Па-другое, шматнацыянальны склад жыхароў Беларусі і неглыбокая нацыянальная самасвядомасць карэннага насельніцтва. Хоць доля беларусаў была даволі значнай (у 1926 г. каля 80 %), гісторыя паклапацілася аб тым, што на Беларусі пражывала таксама вялікая колькасць яўрэяў (8,2 %), рускіх (7,7 %), 2 % палякаў. Была тут невялікая частка ўкраінцаў, латышоў, літоўцаў, немцаў, татар і народаў іншых нацыянальнасцей. Нельга не адзначыць, што ўсе нацыянальнасці тут навучыліся ладзіць паміж сабой, вызначаліся высокім узроўнем цярпімасці адна да другой. Безумоўна, нацыянальная гістарычная спадчына стварыла асяроддзе, якое дае прадстаўнікам іншых нацый Рэспублікі Беларусь упэўненасць сёння адчуваць сябе роўнымі сярод роўных. Аднак кіраўнікам нанава ўтворанай рэспублікі трэба было ўлічваць неглыбокую нацыянальную самасвядомасць беларусаў: толькі нязначная частка насельніцтва, у асноўным інтэлігенцыя, адстойвала тады незалежнасць Беларусі, а большасць рабочых і сялян лічыла сябе часткай працоўнага народа Расіі, яе грамадзянамі і свядомага імкнення да беларускага нацыянальнага асабліва не праяўляла.

Па-трэцяе, нельга было не ўлічваць неразвітасць чыста беларускіх нацыянальных форм культуры. Асімілятарская палітыка Рэчы Паспалітай, а потым Рускай дзяржавы прывяла да таго, што беларуская мова знаходзілася ў заняпадзе. Дрэнна была распрацавана яе навуковая, палітычная і юрыдычная тэрміналогія. Беларуская мова не з’яўлялася дзяржаўнай. Пачынаючы з другой паловы ХVІІ стагоддзя, беларуская мова выцясняецца з літаратурнага ўжытку. У гарадах насельніцтва карысталася ў асноўным рускай мовай, а на сяле – беларускай. Да таго ж назіралася вялікая стракатасць дыялектаў беларускай мовы ў асобных рэгіёнах Беларусі.

Бальшавіцкае кіраўніцтва БССР добра справілася з выпрацоўкай і часткова з рэалізацыяй цэласнай праграмы практычных мер. У дакуменце з назвай “Канкрэтызацыя платформы па нацыянальным пытанні, прынятым за аснову Палітбюро ЦК РКП(б) ва ўмовах БСС Рэспублікі”, змяшчалася поўная праграма дзеянняў, каб канчаткова вярнуць беларускі народ да яго мовы, культуры, нацыянальных традыцый, стварыць усе магчымасці для дынамічнага сацыяльна-эканамічнага жыцця, прыцягнуць да работы рэвалюцыйна-дэмакратычныя кадры.

Пасля шэрагу дапаўненняў у праграму, надання ёй афіцыйнага дзяржаўнага характару пачалося яе ажыццяўленне. Яно вялося ў наступных напрамках:

- гаспадарчы ўздым рэспублікі, выраўноўванне яе сацыяльна-эканамічнага ўзроўню ў параўнанні з добра развітымі раёнамі СССР;

- кансалідацыя беларусаў як нацыі і гарманізацыя нацыянальных адносін;

- адраджэнне беларускай мовы і культуры, вылучэнне кадраў з прадстаўнікоў карэннай нацыянальнасці.

Зроблена ў гэты час вельмі многа. Выконваючы дзяржаўныя, партыйныя рашэнні, Наркамасветы, Інстытут беларускай культуры, некаторыя кафедры Белдзяржуніверсітэта заняліся навуковай распрацоўкай беларускай мовы, яе гісторыі, лексікі, граматычных норм, яе тэрміналогіі. Улады падтрымлівалі тых пісьменнікаў і паэтаў, якія паслядоўна адстойвалі культуру і мову беларускага народа. Садзейнічала ўмацаванню палітыкі беларусізацыі і тое, што ўрад рэспублікі надаваў усё больш увагі падрыхтоўцы сваіх вучоных-даследчыкаў па грамадскіх навуках. Да гэтага часу адносяцца надрукаваныя на роднай мове грунтоўныя працы па актуальных праблемах гісторыі, грамадска-палітычнай думкі і эканомікі Беларусі.

Улады ствараюць умовы для пашырэння магчымасцей даследаванняў і падрыхтоўкі беларускай прафесуры: у студзені 1929 г. Інбелкульт рэфармуецца ў Акадэмію навук БССР. Больш шырокай і трывалай становіцца навукова-матэрыяльная база БДУ.

Не парушаючы прынцыпу добраахвотнасці выбару мовы пры навучанні дзяцей, школы, прафесійна-тэхнічныя вучылішчы і тэхнікумы паступова пераводзяцца на беларускую мову выкладання. Уводзіцца абавязковае вывучэнне на роднай мове гісторыі Беларусі, яе эканомікі і геаграфіі ў вышэйшых навучальных установах.

Яшчэ адна важная мера – вылучэнне кадраў з карэннага насельніцтва (каранізацыя). У першую чаргу вылучаюцца прадстаўнікі інтэлігенцыі, рабочага класа і сялянства, якія свядома падтрымліваюць палітыку нацыянальнага адраджэння, пры гэтым кіруюцца не асабістымі, а грамадскімі інтарэсамі, строга выконваюць законы дзяржавы. У кастрычніку 1927 г. у ліку кіраўнікоў губернскага і павятовага ўзроўню доля беларусаў складала амаль 50 %, у гарсаветах – 45, у сельскіх Саветах – больш за 90 %.

Так планамерна, праз мэтанакіраваную дзейнасць дзяржаўных структур, грамадскіх і палітычных арганізацый ідзе трансфармацыя беларусаў па паходжанні ў беларусаў па свядомасці. Аб гэтым сведчаць наступныя звесткі: калі ў 1925 г. беларускай мовай у цэнтральных дзяржаўных установах валодала не больш за 20 % працуючых, то ў 1927 г. – 80 %, у акруговых і раённых – адпаведна 36 і 70 %. Да 1928 г. на беларускую мову было пераведзена справаводства амаль ва ўсіх дзяржаўных і партыйных установах. Да гэтага часу на беларускую мову навучання перайшло каля 80 % школ.

Зразумела, у гэтай складанай справе не ўсё ішло гладка, не абышлося тут і без крайнасцей. Назіралася фарсіраванне тэмпаў, адміністрацыйны ўціск і г.д. Часам людзі, якія не змаглі засвоіць беларускую мову ў адпушчаныя кароткія тэрміны, звальняліся з працы. Дзе-нідзе пры вылучэнні кіруючых кадраў ледзь не адзіным крытэрыем было веданне беларускай мовы.

У той жа час асобныя людзі адмоўна ўспрынялі працэс беларусізацыі. Як і раней, у некаторых колах беларуская мова лічылася малакультурнай, мужыцкай, годнай толькі на тое, каб ёю карысталіся ў межах гутарковых сялянскіх зносін і не больш таго.

У 30-х гадах і наступных дзесяцігоддзях развіццё беларускай культуры, адукацыі, навукі дэфармуецца. У той час, калі дзесяткі мільёнаў людзей навучыліся пісьменнасці, далучыліся да крыніц культуры, кіраўніцтва краіны ўжо безапеляцыйна вырашала, што з твораў літаратуры і мастацтва карысна народу. Ганенню падвяргаліся пісьменнікі і паэты, што не ўслаўлялі “правадыра ўсіх народаў”. Навукоўцы, якія з вялікай праўдзівасцю адлюстроўвалі падзеі, былі рэпрэсіраваны. І толькі ў пачатку 90-х гадоў да ўлады зноў прыходзіць думка аб выпраўленні дэфармацый у нацыянальнай палітыцы.

Такім чынам, у 20-30-я гады ў БССР ліквідавана ў асноўным масавая непісьменнасць дарослага насельніцтва, значна павысіўся агульнаадукацыйны і культурны ўзровень народа. Да канца 30-х гадоў у рэспубліцы ажыццёўлены пераход да ўсеагульнага абавязковага пачатковага навучання, зроблены значны крок у напрамку ўсеагульнага сямігадовага навучання і ў развіцці сярэдняй школы, створана вышэйшая школа, беларуская навука і новая інтэлігенцыя.

Грамадска-палітычнае жыццё ў 20-30-я гады характарызавалася барацьбой паміж прыхільнікамі і праціўнікамі стварэння дырэктыўнай каманднай эканомікі. З-за адстойвання сваіх ідэй і намераў пацярпела шмат непавінных людзей, да іх прымяняліся неабгрунтаваныя палітычныя рэпрэсіі.

Пытанні і заданні:1. Разгледзьце погляды кіраўніцтва капіталістычных краін на СССР пасля грамадзянскай вайны. 2. Пакажыце сістэму мер Новай эканамічнай палітыкі, яе ўвасабленне ў практыку на Беларусі. 3. Якім чынам праходзіла ў Беларусі індустрыялізацыя прамысловасці і калектывізацыя сельскай гаспадаркі? Якія карэнныя сацыяльна-эканамічныя змены адбыліся ў БССР за 20-я – 30-я гады? 4. Ахарактырызуйце грамадска-палітычнае жыццё ў СССР і на Беларусі ў 20 – 30-х гадах. 5. Як і ў якіх умовах у 20-х гадах ХХ ст. ў Беларусі ажыццяўлялася палітыка беларусізацыі? Якія былі яе вынікі?

ЛІТАРАТУРА

1. Борьба за Советскую власть в Белоруссии: Документы и материалы. Мн., 1968.

2. Великая Октябрьская социалистическая революция в Белоруссии: Документы и материалы: В 2 т. Мн., 1957.

3. В борьбе за Октябрь в Белоруссии и на Западном фронте. Мн., 1957.

4. Галубовіч В.І., Бохан Ю.М. Гісторыя Беларусі (у кантэксце сусветнай цывілізацыі). Мн.: Сучасная школа, 2007., с. 244-330

5. Гісторыя Беларускай ССР: У 5 т. Мн., 1972. Т. 3.

6. Гісторыя Беларусі: Вучэб. дапам. У 2 ч. Ч.2. Люты 1917 г. – 2000 г. / Я.К.Новік, Г.С.Марцуль, Э.А.Забродскі і інш.; Пад рэд. Я.К.Новіка, Г.С.Марцуля. – 2-е выд., перапрац. і дап. – Мн.: Універсітэцкае, 2000.

7. Ігнатоўскі У. Кастрычнік на Беларусі. Мн., 1924.

8. Кастрычнік на Беларусі: 3б. артыкулаў і дакументаў. Мн., 1927.

9. Кароль А. Нараджэнне Беларускай Народнай Рэспублікі // Голас Радзімы. 1991. 3 студз.

10. Костюк М.П. Идейно-политическое воспитание крестьянства: Из опыта работы Компартии Белоруссии в период строительства социализма (1926 – 1937 гг.). Мн., 1979.

11. Костюк М.П. Трудовой вклад крестьянства в победу и упрочение социализма: На материалах БССР. Мн., 1986.

12. Круталевич В.А. Рождение Белорусской Советской республики. 2-е изд. Мн., 1979.

13. Лыч Л.М. Ликвидация экономического и социально-культурного неравенства союзных республик (1917-1941 гг.). Мн., 1987.

14. Луцкевіч А. Польская акупацыя ў Беларусі // Беларусь. 1990. №9.

15. Мандрык І.У., Зборнік лекцый па гісторыі Беларусі (у кантэксце сусветнай цывілізацыі). Віцебск., 2005 г. с. 135-167.

16. Мандрык І.У., Сташкевіч М.С. Да пытання аб стварэнні арганізацыі РСДРП(б) на Віцебшчыне (люты-верасень 1917 г.). // Веснік Белдзяржуніверсітэта. – 1989. - № 3.

17. Мандрык І.У. Вопыт беларусізацыі і сучаснасць. // Народнае слова, 23.05.1992.

18. Мандрык І.У. Канцэпцыя беларусізацыі і перадумовы яе стварэння. // Материалы V научной сессии преподавателей и студентов (25 апреля 2002 г.). – Витебск: МИТСО, 2002.

19. Мірны дагавор... 3 сакавіка 1918 г. // Спадчына. 1993. № 2.

20. Нарысы Гісторыі Беларусі: У 2 ч. Ч. 2. Мн., 1995.

21. Первый Всебелорусский съезд в Минске. 15-20 декабря 1917 г. // Нёман. 1993. № 1.

22. Платонов Р., Сташкевич Н. Тернистый путь к свободе: К вопросу о становлении белорусской национальной государственности // Нёман. 1992. № 10, 11.

23. Проведение сплошной коллективизации сельского хозяйства Белорусской ССР (ноябрь 1929–1932г.): Сб. документов и материалов. Мн., 1973.

24. Сташкевич Н.С. Приговор революции: Крушение антисоветского движения в Белоруссии. 1917 – 1925 гг. Мн., 1985.

25. Устаўныя граматы да народаў Беларусі // Беларускі гістарычны часопіс.1993. № 1.

26. Эканамічная гісторыя Беларусі: Курс лекцый. / В.І.Галубовіч, Р.І.Ермашкевіч, Г.Ф.Шанавая і інш. / Ад агул. рэд. В.І.Галубовіча. – Мн.: Экаперспектыва, 1993.

РАЗДЗЕЛ IV. ГЕАПАЛІТЫЧНАЕ СТАНОВІШЧА БЕЛАРУСІ У СЯРЭДЗІНЫ XX СТ.

Глава 1. Беларусь напярэдадні і ў гады Другой сусветнай вайны

Наши рекомендации