Раздзел 5. Беларусь у сучасным свеце 15 страница
Сацыяльная рэвалюцыя на тэрыторыі Беларусі праходзіла ў складаных умовах. Тут спыніўся фронт і падзяліў Беларусь на нямецкую і расійскую часткі. Апрача таго, сацыяльная рэвалюцыя на Беларусі спаткалася з нацыянальным пытаннем.
Персанальны склад аблвыкамзаха больш адпавядаў інтарэсам фронту, чым Беларусі, і беларускага нацыянальнага руху не ўвабраў. Беларускі рух у Мінску сканцэнтраваўся вакол Цэнтральнай Рады, беларускіх арганізацый і партый і Цэнтральнай Беларускай Вайсковай Рады. Сярод гэтых арганізацый нараджаецца думка аб скліканні Усебеларускага Кангрэса. Усебеларускі Кангрэс прайшоў 14 снежня 1917 г. На ім прысутнічала 1872 дэлегаты, з якіх 1167 мелі рашаючы голас.
У большасці з’езд быў сялянскі, хоць шмат было прадстаўнікоў ад рабочых і сацыялістычных партый. Пад націскам рабочых і па-савецку настроеных салдат ён прызнаў, праўда часова, Савецкую ўладу (у асобе Аблвыкамзаха). Але пры такім настроі ён не быў прызнаны Аблвыкамзахам і ўноч на 18 снежня распушчаны.
Хаця ход падзей 1917 года, пачынаючы з Лютаўскай рэвалюцыі, таіў у сабе розныя альтэрнатывы: буржуазна-дэмакратычную, за якой стаяў Керанскі, генеральска-дыктатарскую (Карнілаў), аднародна-сацыялістычную (Мартаў) і бальшавіцка-леварадыкальную (Ленін), але ў выніку эканамічнага і палітычнага крызісу ў Расіі, слабасці і памылак Часовага ўрада, заняпаду яго аўтарытэту, авантурызму правых сіл, радыкалізму “нізоў”, збянтэжанасці, замяшацельства меншавікоў і эсэраў, палітычнай волі бальшавікоў, іх зразумелым і дастаткова своечасовым дэмакратычным лозунгам, рэалізаванай аказалася бальшавіцкая-леварадыкальная. Значную ролю трэба адвесці партыі РСДРП(б), якая за кароткі час стала дзеяздольным сацыяльным арганізмам.
Бальшавіцкая ўлада ўсюды дзейнічала энергічна. Спробы асобных груповак і асобных людзей падняць новае паўстанне ў Беларусі вельмі хутка правалілася.
Такім чынам, пасля перамогі Лютаўскай рэвалюцыі значна актывізаваўся беларускі нацыянальны рух, утварылася разгалінаваная сетка палітычных арганізацый і грамадзянскіх рухаў, якія вялі барацьбу за палітычны ўплыў на грамадства. Адны з іх былі задаволены вынікамі буржуазна-дэмакратычнага напрамку рэвалюцыі, другія – патрабавалі больш радыкальных змен з мэтай пераходу да сацыялізму.
Ва ўмовах, калі працягвалася першая сусветная вайна, нявырашаным заставалася аграрнае пытанне, не праводзіліся сацыяльныя рэформы – адбылася Кастрычніцкая сацыялістычная рэвалюцыя. Яна несла як стваральныя, так і разбуральныя вынікі, узлёты і падзенні. У сілу спецыфічнасці гістарычнага развіцця грамадства рэвалюцыя выклікала вострае размежаванне палітычных сіл і нявырашанасць беларускага нацыянальнага пытання.
Тэма 2. Шляхі фарміравання беларускай дзяржаўнасці
§1. Брэсцкі мір
§2. Стварэнне беларускай дзяржаўнасці
§3. Інтэрвенцыя з боку Польшчы, Рыжскі мір
§1.14 лістапада 1917 г. (па н.ст.) Германскае вярхоўнае камандаванне дало згоду на правядзенне афіцыйных перамоў аб міры з прадстаўнікамі Савецкай улады. Пачатак перамоў быў назначаны на 19 лістапада, пры гэтым у заяве ад 15 лістапада Савецкі ўрад указаў, што ў выпадку адмовы Францыі, Вялікабрытаніі, Італіі, ЗША, Бельгіі, Сербіі, Румыніі, Японіі і Кітая далучыцца да перамоў, “мы будзем весці перагаворы з немцамі адны”. Такім чынам было заяўлена аб плануемым падпісанні сепаратнага міру з краінамі чацвёртага блока.
У Брэст-Літоўск дэлегацыя прыбыла ў складзе 28 чалавек (кіраўнікі дэлегацыі А.А.Іофе, Л.Б.Каменеў і Г.Я.Сакольнікаў). З нямецкага боку перамовы вяла група ваенных на чале з генералам Гофманам. Руская дэлегацыя настойвала на заключэнні міру без анексій і кантрыбуцый. Гофман як быццам бы не адмаўляўся, аднак пры ўмовах згоды на гэтыя патрабаванні іншых краін Антанты. Расійская ж дэлегацыя такіх паўнамоцтваў не мела. У такім выпадку размова магла ісці толькі аб перамір’і, а не аб палітычным пагадненні. Для высвятлення абставін далейшых дзеянняў бакоў у перамовах быў зроблены перапынак. 4 снежня перамовы ўзнавіліся, а потым перапыніліся зноў. Стала відавочна, што яны зайшлі ў тупік з-за пытання аб ускраінных дзяржавах: нямецкі бок заявіў, што калі сепаратыўны мір і будзе падпісаны, Германія не выведзе свае войскі з занятых ёю тэрыторый, таму што вайна на Заходнім фронце яшчэ працягваецца. На думку германскага камандавання, іх войскі будуць прысутнічаць на акупаваных землях яшчэ некалькі год. Савецкая дэлегацыя ў канцы снежня пакінула Брэст-Літоўск. Вярнулася яна туды ўжо 9 студзеня 1918 г. з новым кіраўніком – Л.Троцкім. Л.Троцкі як мог цягнуў перамовы, ухіляўся ад прамых адказаў, а затым выступіў у рэзкай форме, назваў нямецкія прапановы “скрытай формай анексіі”. У перамовах наступіў новы перапынак. Супраць падпісання міру катэгарычна выступіла большасць Савецкага ўрада.
У.І.Ленін па гэтым пытанні меў мала аднадумцаў у сваёй партыі. Левым камуністам (прыхільнікі неадкладнай рэвалюцыйнай вайны) належала большасць у двух сталічных партыйных арганізацыях. Гэтаму не прыходзіцца здзіўляцца: пры агульным рэвалюцыйным пад’ёме Ленін аказваўся ў меншасці. Большасць партыйнага актыву выступала за разрыў перамоў і аб’яву рэвалюцыйнай вайны германскаму імперыялізму з мэтай устанаўлення камуністычнага ладу ў Еўропе.
У сваю чаргу Германія і Аўстра-Венгрыя з цягам часу паставілі новыя ўмовы перамір’я: Украінская народная Рада прызнавалася Германіяй і Аўстра-Венгрыяй адзіным законным Урадам Украіны. Памятаючы аб вяршэнствуючай думцы ў ЦК – “ніякіх уступак, адказ ад прызнання Кіеўскай “буржуазнай” Рады, а ў выніку ўпорства немцаў – разрыў мірных перамоў”, Л.Троцкі 28 студзеня ад імя дэлегацыі заявіў аб разрыве перамоў: “Мы выходзім з вайны, аднак вымушаны адмовіцца ад падпісання мірнага дагавору”.
Формула Троцкага не была прынята ў Берліне. 18 лютага нямецкія войскі пачалі наступленне. Пасяджэнні ЦК 17-га і раніцай 18 лютага адверглі ленінскую прапанову аб хуткім падпісанні германскіх умоў. І толькі на вячэрнім пасяджэнні 18 лютага 7 галасамі супраць 5-ці рашэнне аб падпісанні ўжо больш цяжкага міру было прынята, што затым і пацверджана УЦВК краіны. Калі ў пачатку студзеня немцы патрабавалі ад Расіі тэрыторыю 150 – 160 тыс. км2, то пасля разрыву пагаднення аб перамір’і да Германіі адыходзіла 780 тыс. км2 тэрыторыі, дзе пражывала 56 млн. чалавек. Тут знаходзілася 27% апрацоўваемай (да рэвалюцыі) зямлі, 26% усей чыгуначнай сеткі, 33% тэкстыльнай прамысловасці, выплаўлялася 73% жалеза і сталі.
Разглядаючы Брэсцкі мір у кантэксце лёсу Беларусі, адзначым, што на перамовах у падкамісіі па тэрытарыяльных пытаннях прадстаўнікі Савецкай дэлегацыі адстойвалі тэрытарыяльную цэласнасць Беларусі, выступалі супраць анексіі Брэста, Гродна і іншых тэрыторый Беларусі. Лінія нямецкай акупацыі да 18 студзеня 1918 года праходзіла на мяжы Дзвінск – Паставы – Баранавічы – Пінск.
У самым пачатку перамоў у Брэст-Літоўску пад выглядам дарадчыкаў Украінскай Рады знаходзілася дэлегацыя Беларускай Рады (А.Цвікевіч, С.Рак-Міхайлоўскі, І.Серада). Яна патрабавала стварэння ў Беларусі “дэмакратычнай рэспублікі”, дабівалася міжнароднага прызнання Рады. Але, як бачна, думку аб стварэнні самастойнай, незалежнай ад Расіі беларускай дзяржавы тады падзялялі нямногія.
§2. 19 лютага 1918 года Аблвыкамзах і СНК пакінулі Мінск. Кіраўніцтва вядучых беларускіх нацыяльных партый такіх, як БСГ і інш. робіць у другі раз спробу атрымаць незалежнасць. На акупаванай тэрыторыі 21 лютага, а затым у сакавіку (9-га і 25-га) выканкомам Савета Усебеларускага з’езда абвяшчаюцца тры Статутныя Граматы. Згодна з імі заканадаўчым органам аб’яўлялася Рада Усебеларускага З’езда, выканком перайменаваны у Раду БНР. У другой і трэцяй Граматах аб’яўлялася аб стварэнні Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР) (у межах рассялення і колькаснай большасці беларусаў) і аб незалежнасці Беларусі ад Савецкай Расіі.
Створаны ў лютым 1918 г. Народны сакратарыят БНР меў у гэты час даволі цесныя сувязі з Кайзераўскім урадам Германіі, прасіў у яго дапамогі для ўстанаўлення ў БНР буржуазных парадкаў. Унутры Рады БНР расла апазіцыя. Прадстаўнікі земстваў і гарадоў, ідэалам якіх была адзіная непадзельная Расія, выйшлі з Рады БНР. Акупацыйнная нямецкая ўлада, якой не спадабаўся Акт незалежнасці і яго сацыялістычная праграма, разагнала Раду БНР і Народны сакратарыят.
Нягледзячы на тое, што аўтары стварэння БНР рабілі рашучыя заходы для атрымання міжнароднай падтрымкі, яе прызналі толькі Украіна, Літва, Латвія, Эстонія, Францыя, Чэхаславакія. Пасля таго, як 13 лістапада ўрад РСФСР ануляваў Брэсцкі дагавор, пачалося выгнанне немцаў з Беларусі і аднаўленне тут Савецкай улады.
У гэты час знаходзяць сваё месца ідэі аб стварэнні аўтаномнай беларускай дзяржавы ў складзе РСФСР. У канцы студзеня 1918 г. пры наркамаце па справах нацыянальнасцей быў створаны Белнацкам. Яго ўзначаліў А.І.Чарвякоў. Камітэт лічыў, што беларуская дзяржаўнасць павінна быць створана на савецкай аснове. Прыкладна такой жа думкі прытрымліваліся і беларускія секцыі РККП(б), якія існавалі ў буйных гарадах РСФСР.
Пад уздзеяннем гэтых аб’яднанняў і са згоды ЦК РКП(б) 30 снежня 1918 г. у Смаленску была склікана VІ Паўночна-Заходняя абласная канферэнцыя РКП(б). На ёй прысутнічалі дэлегаты ад усёй рэспублікі (усяго 206 чалавек) – яны прадстаўлялі прыкладна 18 тысяч членаў партыі. Канферэнцыя палічыла неабходным аб’явіць самастойную Cацыялістычную Рэспубліку Беларусь з тэрыторый Гродзенскай, Магілёўскай, Віцебскай, (часткі ўездаў) Смаленскай губерняў. Утвораны тут жа Часовы рэвалюцыйны рабоча-сялянскі Урад Беларусі. Яго старшынёй выбраны З.Х.Жылуновіч. Пасля чаго канферэнцыя абвясціла сябе І з’ездам КП(б)Б. На ім выбрана Цэнтральнае бюро. Старшынёй бюро ЦК КП(б)Б стаў А.Мяснікоў. 1 студзеня 1919 г. быў абнародаваны Маніфест Часовага Рабоча-сялянскага Урада Беларусі. У ім абвяшчалася ўтварэнне БССР і асноўныя палажэнні яе дзяржаўнага ўладкавання.
І-я Канстытуцыя БССР была прынята на І-м Усебеларускім з’ездзе Саветаў 2-3-га лютага 1919 г. у Мінску. Вышэйшым органам улады ў БССР (згодна з Канстытуцыяй) прызнаваўся Усебеларускі з’езд Саветаў, а ў перапынку паміж з’ездамі – Цэнтральны Выканаўчы Камітэт БССР, які ствараў СНК (Урад БССР). На гэтым з’ездзе прысутнічаў старшыня УЦВК Я.М. Свярдлоў. Ён аб’явіў пастанову УЦВК аб прызнанні незалежнасці БССР.
Такім чынам, тэрыторыя Заходняй вобласці, а больш правільна Заходняй Камуны (увосень 1919 г. яна стала так называцца), і вызваленыя ад нямецкіх войск тэрыторыі складаюць БССР. Але ў такім выглядзе Беларусь існавала нядоўга. У канцы студзеня 1919 г. ЦК РКП(б) прыняў пастанову аб далучэнні Віцебскай, Магілёўскай і Смаленскай губерняў БССР да РСФСР.
27 лютага 1919 г. па рэкамендацыі Масквы для аб’яднання сіл супраць міжнароднага імперыялізму створана Літоўска-Беларуская Савецкая Сацыялістычная рэспубліка (ЛітБел). Старшынёй ЦВК ЛітБела стаў К.Г. Ціхоўскі. СНК узначаліў В.С.Міцкявічус-Капсукас. І зноў для беларускага народа наступаюць жорсткія выпрабаванні: польскія войскі акупавалі вялікую частку тэрыторыі ЛітБел, у тым ліку Вільню і Мінск.
§3. У лістападзе 1918 года адрадзілася Польская дзяржава. Яе галава Ю.Пілсудскі аб’явіў аб аднаўленні Рэчы Паспалітай у межах 1772 г. У 1919 г. польскія войскі захапілі значную частку Гродзенскай губерні, затым ім удалося заняць Брэст, Ваўкавыск, Слонім, Шчучын, Пінск, Баранавічы. Бальшавікі не змаглі арганізаваць значнага супраціўлення: у гэты час іх сілы былі скіраваны на Усходні фронт. Вясной 1919 г. у руках палякаў былі ўжо Ліда, Вільня, Мінск, Слуцк, Барысаў, Бабруйск, Жлобін, Рагачоў, Рэчыца. На лініі ракі Бярэзіны фронт стабілізаваўся і заставаўся на гэтай пазіцыі аж да вясны 1920 года.
На акупаванай тэрыторыі наводзіліся польскія парадкі: аднаўлялася памешчыцкае землеўладанне, багацці Беларусі перапраўляліся ў Польшчу. Былі ліквідаваны органы мясцовага самакіравання, створаныя бальшавікамі і Радай БНР, забаронены прафсаюзы і іншыя рабочыя арганізацыі. Палітычныя апаненты, яўныя і патэнцыяльныя, падвергліся жорсткім рэпрэсіям. У культурным жыцці праводзілася паланізацыя – дзяржаўнай мовай аб’яўлена польская.
Ю.Пілсудскі 28 красавіка 1919 г. выступіў з адозвай да насельніцтва быўшага ВКЛ і паабяцаў, што дасць яму магчымасць самому вырашаць і ажыццяўляць свае нацыянальныя ідэі і рэлігійныя справы. Шэраг палітычных партый Беларусі, якія мелі надзеі на нацыянальнае адраджэнне, узялі курс на супрацоўніцтва з польскімі ўладамі.
У верасні 1919 г. у Варшаву па запрашэнні выехаў старшыня Народнага сакратарыята БНР А.Луцкевіч. Ён згадзіўся на прапановы польскага боку аб утварэнні федэрацыі, пры прызнанні незалежнасці БНР. Прызнанне БНР палякі паставілі ў залежнасць ад вынікаў вайны з Літвой і Расіяй. 8 сакавіка 1920 г. польскі ўрад аб’явіў афіцыйна, што не збіраецца прызнаваць БНР, але надзяляе Мінскую губерню правам культурна-нацыянальнай аўтаноміі.
На акупаванай тэрыторыі нарастае супрацьстаянне польскім захопнікам. Беларускія эсэры, Саюз беларускай моладзі, РКП(б) Беларусі дабіваюцца пагаднення і ствараюць партызанскі рух, адзіны антыпольскі фронт. У самой Радзе БНР таксама нарастае супраціўленне збліжэнню з Польшчай. У сакавіку 1920 г. пры дапамозе краін Антанты Польшча стварае значную перавагу сіл (пяціразовую), але прасунуцца далёка на Усход ёй не ўдалося. Перакідванне сіл з Усходняга фронту дало магчымасць Чырвонай Арміі прыпыніць наступленне палякаў, а затым 14 мая 1920 г. перайсці ў контрнаступленне, але з-за ўзнікшых цяжкасцей прыйшлося вярнуцца на свае ранейшыя пазіцыі. Новае наступленне Чырвонай Арміі ў ліпені 1920 г. прыносіць поспех: 7 ліпеня ад палякаў вызвалены Мінск; 1 жніўня – Брэст. Чырвоная Армія зайшла далёка на Захад і адарвалася ад сваіх тылоў. У бальшавікоў была надзея, што рабочы клас і сялянства Польшчы дапаможа ім, падымецца на барацьбу з уласнымі прыгнятальнікамі. Гэтага не адбылося 16 жніўня 1920 г. польскія войскі перайшлі ў наступленне, занялі значную частку тэрыторыі Беларусі. Савецкі ўрад вымушаны быў пайсці на перамовы аб міры. 12 кастрычніка 1920 г. у Рызе вызначаны папярэднія ўмовы, а 18 сакавіка 1921 г. падпісаны мірны дагавор, згодна з якім да Польшчы адыходзіла 108 тыс. км.кв., дзе пражывала больш за 4 млн. чалавек.
У выніку Рыжскай мірнай дамовы тэрыторыя Беларусі аказалася невялікай. За ёю пакідаліся толькі землі 6 паветаў Мінскай губерні (Мінскі, Ігуменскі, Барысаўскі, Бабруйскі, Слуцкі, Мозырскі).У такім выглядзе яна існавала амаль 3 гады. І толькі 3 сакавіка 1924 г. адбылося першае ўзбуйненне Беларусі: БССР перадаецца шэраг паветаў Віцебскай, Гомельскай і Смаленскай губерняў, яе тэрыторыя вырасла з 52 да 110 тыс км.кв., а колькасць насельніцтва павялічылася з 1,5 да 4,2 млн. чалавек. У снежні 1926 г. Беларускай ССР былі вернуты яшчэ 2 паветы: Гомельскі і Рэчыцкі. У выніку тэрыторыя БССР склала 152854 км.кв., а колькасць насельніцтва – 5 млн. чалавек.
Урад РСФСР аказваў БССР вялікую дапамогу. Яшчэ ў 1921 г. у БССР было адпраўлена 7 тыс. тон збожжа, вялікая колькасць сельска-гаспадарчай тэхнікі, матэрыялаў, значная дапамога прыйшла з Каломенскага машынабудаўнічага завода і Тульскага чыгуналіцейнага. З іх дапамогай быў адкрыты завод “Энергія” ў Мінску, запалкавая фабрыка “Бярэзіна” ў Барысаве. Вялікія сродкі асігнаваліся на асушэнне балот, якія склалі больш 25 % агульнай плошчы зямлі.
Ішло аднаўленне школ: у 1922 г. працавала больш за 2300 школ. У кастрычніку 1921 г. адкрыты Беларускі дзяржаўны універсітэт – першая навучальная ўстанова рэспублікі.
Такім чынам, пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі Савецкі Урад прыклаў шмат намаганняў, каб найхутчэй падпісаць згоду з Германіяй. 3 сакавіка 1918 г. мірны дагавор паміж Савецкай Расіяй і Германіяй быў падпісаны на вельмі цяжкіх умовах, паводле якіх пад нямецкай акупацыяй апынулася большая частка Беларусі. У лістападзе 1918 года гэтая несправядлівасць была ліквідавана, чаму папярэднічала рашучае выступленне супраць захопнікаў беларускага народа.
У выніку нямецкай акупацыі часткі Беларусі на гэтай тэрыторыі ўстаноўлены жорсткі акупацыйны рэжым. Пачалася нацыянальна-вызваленчая барацьба беларускага народа. У гэтых умовах нацыянальна-дэмакратычнымі партыямі і іх кіраўнікамі была абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка, утвораны яе кіруючыя органы. Гэта была першая спроба ажыццяўлення на практыцы распрацаванай яшчэ на пачатку ХІХ ст. беларускай ідэі ў сукупнасці ўсіх трох яе асноватворных элементаў – нацыянальнай свядомасці, нацыянальна-культурнага адраджэння і нацыянальнай дзяржаўнасці. Але здзейсніць гэтую ідэю поўнасцю не ўдалося. Была ўтворана пэўная палітычная структура з зародкамі дзяржаўнай арганізацыі.
У першай палове 1919 года супраць Савецкай Расіі ваенныя дзеянні пачынае Польшча. Першай ахвярай на шляху польскіх войск была Беларусь. У выніку агрэсіўнай палітыкі польскага кіраўніцтва да 1920 года акупіраванай аказалася значная частка тэрыторыі Беларусі. Тут наводзіліся польскія парадкі, аднаўлялася памешчыцкае землеўладанне, пад забаронай знаходзіліся грамадскія арганізацыі. На захопленай тэрыторыі нарастала супрацьстаянне польскай экспансіі, прымаліся захады па ўмацаванні Чырвонай Арміі. Але цяжкае эканамічнае становішча Савецкай краіны, не зусім удалыя дзеянні часцей і злучэнняў, у тым ліку і з-за дрэннай матэрыяльнай забяспечанасці, прымусілі Савецкі Урад пайсці на заключэнне цяжкага для беларусаў Рыжскага мірнага дагавору, згодна з якім вялікая тэрыторыя з беларускім насельніцтвам (больш за 100 тыс. кв. км., дзе пражывала звыш 4 млн. чалавек) адышла да Польшчы.
Пытанні і заданні:1. Вызначце погляды і дзеянні розных палітычных сіл па пытаннях рэвалюцыі, вайны і нацыянальнай дзяржаўнасці пасля Лютаўскай рэвалюцыі. 2. Дзе, у якіх структурах знаходзіўся на Беларусі апорны пункт сацыялістычнай рэвалюцыі? 3. Калі і якім чынам была абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка і ўтворана Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка? 4. Раскажыце, на якіх умовах падпісаны Брэсцкі мір і Рыжскі мірны дагавор.
Глава 2. Беларусь у міжваенны перыяд
Тэма 1. Міжнароднае і ўнутрыпалітычнае становішча Беларусі пасля грамадзянскай вайны
§1. Версальска-Вашынгтонская сістэма міжнародных адносін
§2. Увядзенне новай эканамічнай палітыкі
§1.Версальска-Вашынгтонская сістэма ўтварылася пасля завяршэння Першай сусветнай вайны. Версальскі мірны дагавор і іншыя звязаныя з ім дагавары мірнага ўрэгулявання вырашалі тэрытарыяльныя, ваенныя, эканамічныя пытанні. Германія абвяшчалася адказнай за развязванне вайны і прычыненныя ёю страты, што стварала прававую аснову для яе тэрытарыяльнага перадзелу і спагнання рэпарацыйных плацяжоў. Паводле дагавора яна вяртала Францыі Эльзас і Латарынгію, Бельгіі – акругі Эйпен, Мальмеды і Марэнэ, Даніі – паўночны Шлезвіг. Германія паводле дагавора прызнавала незалежнасць Польшчы, Чэхаславакіі і Люксембурга і брала на сябе абавязак паважаць незалежнасць Аўстрыі. Да Чэхаславакіі і Польшчы адыходзілі раней уключаныя ў склад Германіі частка сілезскай тэрыторыі, асобныя раёны Памераніі, Пазнаншчыны, Заходняй і Усходняй Прусіі. Данцыг ператвараўся ў вольны горад, Клайпеда і сумежныя тэрыторыі браліся пад кантроль Лігі Нацый.
Германія пазбаўлялася ўсіх калоній, уласнасці і прывілеяў за мяжой. Сухапутная армія Германіі скарачалася да 100 тыс. чалавек. Як гарантыя выканання Германіяй Версальскага мірнага дагавора прадугледжвалася акупацыя войскамі саюзнікаў тэрыторый на захад ад Рэйна на тэрмін ад 5 да 15 гадоў.
Для развіцця пасляваеннага супрацоўніцтва паміж народамі і забеспячэнні міру і бяспекі ў свеце была створана Ліга Нацый. Яе Статут быў уключаны ў Версальскі мірны дагавор 1919 г. і іншыя дагаворы Версальска-Вашынгтонскай сістэмы.
Наступным крокам стварэння Версальска-Вашынгтонскай сістэмы быў Сен-Жэрменскі мірны дагавор 1919 г. Дагавор зафіксаваў распад Аўстра-Венгерскай імперыі і стварэнне на яе тэрыторыі Аўстрыйскай Рэспублікі, Венгрыі, Чэхаславакіі і Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў (з 1929 г. - Югаславія) як самастойных дзяржаў. Аўстрыя таксама павінна была выплачваць краінам-пераможцам рэпарацыі.
Часткай Версальска-Вашынгтонскай сістэмы быў і Нейскі мірны дагавор з Балгарыяй. Пераможцы значна (больш чым на 11 тыс. км2) ўрэзалі тэрыторыю Балгарыі. На Балгарыю таксама ўсклалі цяжкія рэпарацыйныя плацяжы.
Такі ж падыход занялі краіны пераможцы і ў адносінах былых саюзнікаў Германіі, Венгрыі і Турцыі. Ад іх адрываліся ранейшыя тэрыторыі, абмежаванню падлягалі ўзброеныя сілы.
Версальскі мірны дагавор быў дапоўнены яшчэ трыма дагаварамі, якія прыняты на канферэнцыі (праходзіла ў Вашынгтоне ў 1921 г.) па абмежаванні марскога ўзбраення і па далёкаўсходніх і ціхаакіянскіх пытаннях. Удзельнікі ЗША, Вялікабрытанія, Кітай, Японія, Францыя, Італія, Нідэрланды, Бельгія, Партугалія, а таксама дэлегаты Індыі і Брытанскіх дамініёнаў дамовіліся аб сумеснай абароне іх праў на астраўныя ўладанні ў раёне Ціхага акіяна, аб абмежаванні марскіх узбраенняў і прынцыпах роўных магчымасцей ў Кітаі для гандлю і прадпрымальніцтва.
Версальска-Вашынгтонская сістэма праіснавала да 1 верасня 1939 г. З пачаткам Другой сусветнай вайны з-за супярэчнасцей, узнікшых паміж буйнымі дзяржавамі, яна распалася.
Як бачна, у выніку Першай сусветнай вайны і буржуазна-дэмакратычных рэвалюцый у Еўропе адбыліся змены. Месца кайзераўскай Германіі заняла Германская рэспубліка. Не стала Аўстра-Венгерскай імперыі.
На крайнім Захадзе Еўропы ў выніку нацыянальна-вызваленчага паўстання ўзнікла новая дзяржава Ірландыя, якая атрымала статус дамініёна Брытанскай імперыі. Паўночна-ўсходняя частка Ірландыі - Ольстэр - была далучана да Англіі.
На некаторых тэрыторыях Расійскай імперыі стварыліся дзяржавы з буржуазным ладам - Фінляндыя, Эстонія, Латвія, Літва, Польшча. У апошнюю былі ўключаны польскія тэрыторыі Германіі, Аўстра-Венгрыі і Расіі, а таксама заходнеўкраінскія і заходнебеларускія землі.
Новыя межы разбурылі папярэднюю эканамічную прастору. Краіны былі ахоплены беспрацоўем і інфляцыяй, эканоміка ўзнаўлялася з цяжкасцю.
Для ЗША сусветная імперыялістычная вайна 1914-1918 гг. была прыбытковай справай. Чыстыя прыбыткі амерыканскіх прамысловых карпарацый выраслі з 3940 млн. долараў у 1914 г. да 8362 млн. долараў у 1918 г. У сувязі з выкананнем вялікіх ваенных заказаў капіталаўкладанні ў фабрычна-заводскую прамысловасць узраслі амаль у два разы. Агульны кошт прамысловай прадукцыі за гады вайны павялічыўся з 23,9 млрд. долараў да 62 млрд. долараў. Асабліва пашырыліся галіны прамысловасці, якія непасрэдна абслугоўвалі патрэбы вайны.
Акрамя таго, павялічыўся аб'ём знешняга гандлю: з 1813 млн. долараў у 1913 г. да 3904 млн. у 1919 г. Танаж гандлёвага флоту ЗША да вайны быў 4,3 млн. т., а да 1920 г. вырас да 14,6 млн. т.
Паскорыўся таксама працэс канцэнтрацыі вытворчасці і цэнтралізацыі капіталу. Фінансавыя магнаты ЗША Ракфелеры, Морганы, Меланы захапілі панаванне ў нафтавай прамысловасці. У стальной прамысловасці панавалі Морганы, у вугальнай – Морганы, Ракфелеры, Меланы, у каляровай металургіі - Меланы, Морганы, Гугенгеймы, Ракфелеры, у гумавай прамысловасці - Морганы, у хімічнай — Дзюпоны.
3 краіны-імпарцёра капіталу ЗША пераўтварыліся ў краіну-экспарцёра яго, з дзяржавы-даўжніка - у дзяржаву-крэдытора. Да вайны знешняя запазычанасць ЗША была 5,5 млрд. долараў. За гады вайны ЗША пазычылі саюзнікам 10 млрд. долараў і да канца вайны сканцэнтравалі ў сваіх руках больш за адну трэць сусветнага залатога запасу. Долар стаў асноўнай валютай у свеце, рос дабрабыт амерыканцаў. У выніку ЗША пераўтварыліся ў найбуйнейшую эканамічную дзяржаву свету, а Заходняя Еўропа стала іх даўжніком.
Аднак крах на Нью-Йоркскай біржы 24 кастрычніка 1929 г. («чорны чацвер») стаў пачаткам сусветнага эканамічнага крызісу. Вытворчасць у ЗША знізілася ў два разы, беспрацоўе дасягнула 25%, чвэрць фермераў пазбавілася зямлі.
Выйсце з крызісу пачалося ў сакавіку 1933 г., калі на пасаду прэзідэнта ўступіў кандыдат дэмакратычнай партыі Ф.Д. Рузвельт. Ён прапанаваў праграму выхаду з крызісу («Новы курс»), якая прадугледжвала шырокае ўмяшанне дзяржавы ў эканоміку. Былі рэфармаваны банкі, сельская гаспадарка, прамысловасць, арганізаваны грамадскія работы, уведзена дапамога для пенсіянераў і беспрацоўных, забаронена дзіцячая праца. У краіне пачалося эканамічнае ажыўленне. Рост ваеннай прамысловасці спрыяў таму, што ў 1939 г. было ліквідавана беспрацоўе. Яшчэ ў 1933 г. Рузвельт абвясціў палітыку добрасуседства ў дачыненні да краін Лацінскай Амерыкі. У гэтым жа годзе былі ўстаноўлены дыпламатычныя адносіны з СССР.
Да сярэдзіны 20-х гг. удалося зблізіць пазіцыі еўрапейскіх краін, спыніць узровень інфляцыі і беспрацоўя. Паляпшэнне эканамічнага становішча пайшло на карысць занятым на вытворчасці, чый рабочы дзень паступова скараціўся да васьмі гадзін. Для іх спецыяльна будавалася жыллё, павялічваліся выплаты па сацыяльнаму страхаванню.
Еўрапейцы знаёмяцца з вобразам жыцця амерыканцаў, стараюцца ўзяць яго за узор.
§2.1920 г. характарызуецца вельмі складаным і напружаным міжнародным становішчы, якое перш за ўсё звязана з сусветным эканамічным крызісам. Краіны, якія былі ўцягнуты ў І сусветную вайну, заняты вырашэннем сваіх унутраных праблем. У адносінах да Савецкай Расіі ў іх кіраўніцтва існуюць два погляды. Першы - імкненне да развіцця эканамічных адносін і вяртанне Расіі на рэйкі капіталізму. Другі - аднаўленне супраць Саветаў узброенага паходу. Аднак, па словах Леніна, хоць ад усялякага нападу мы на валаску, Расія ў міжнародных адносінах мае новае становішча, калі наша асноўнае міжнароднае існаванне сярод капіталістычных дзяржаў адваявана.
На Міжнароднай эканамічнай канферэнцыі ў Генуі (адкрылася 10 красавіка 1922 г.) капіталістычныя краіны настойліва патрабавалі ад Расіі захаваць права прыватнай уласнасці на сродкі вытворчасці, свабодны гандаль, прызнанне ўсіх узятых на сябе даўгавых абавязкаў.
У ходзе перамоў савецкія прадстаўнікі адверглі патрабаванні заходніх краін аб звароце нацыяналізаванай уласнасці іншаземцам і прызнанні ўсіх фінансавых абавязкаў дарэвалюцыйнага ўрада. У сваю чаргу дэлегацыя Расіі патрабавала ад краін Захаду пакрыць ёй убыткі, нанесеныя вайной, блакадай і грамадзянскай вайной.
У прадмесці Генуі Раппале з Германіяй быў заключаны дагавор, які прадугледжваў неадкладнае ўстанаўленне дыпламатычных адносін, узаемны адказ ад пакрыцця ваенных расходаў і страт нанесеных вайной, развіццё эканамічных адносін на аснове прынцыпу найбольшага спрыяння.
Тут жа таксама шукаюцца шляхі да дасягнення згоды з краінамі Антанты. Савецкі Урад пагаджаўся прызнаць і прыняць да уплаты праз 15-10 год некаторыя даваенныя даўгі пры прадастаўленні крэдытаў маладой краіне.
Канферэнцыі ў Генуі, затым у Гаге (з 15 чэрвеня па 20 ліпеня 1922 г.) мелі важнае палітычнае значэнне: удзел Савецкай Расіі ў дзвюх буйнейшых канферэнцыях у якасці паўнапраўнага члена азначаў фактычнае прызнанне яе асноўнымі капіталістычнымі дзяржавамі.
Да пачатку 1923 г. Савецкі Саюз меў сваіх прадстаўнікоў у 12 дзяржавах, устанавіўшых з ім дыпламатычныя адносіны. 1924 год стаў годам дыпламатычнага прызнання СССР Англіяй; у лютым-сакавіку СССР прызналі Італія, Нарвегія, Аўстрыя, Грэцыя, Швецыя; у маі – Кітай; у чэрвені – Данія. Такім чынам, у студзені 1925 г. СССР меў дыпламатычныя адносіны з 21-й дзяржавай капіталістычнага свету.
Пасля грамадзянскай вайны, замежнай ваеннай інтэрвенцыі перад кіраўніцтвам савецкай Расіі паўстала задача ўзнавіць разбураную гаспадарку і падрыхтаваць умовы для будаўніцтва новага грамадства.
На тэрыторыі ўсей краіны, у тым ліку і Беларусі, у заняпад прыйшла прамысловасць і сельская гаспадарка. У БССР прамысловая вытворчасць скарацілася амаль у пяць разоў, сельскай гаспадаркі – больш за палову ад даваеннай. Асабліва вялікім быў адрыў горада і вёскі. Палітыка ваеннага камунізму прыйшла ў супярэчнасць з інтарэсамі сялян, стала бачна, што раней былі дапушчаны памылкі пры экспрапрыяцыі экпрапрыятараў.
Было прапанавана часова адступіць. Пры камандных вышынях дзяржавы ў эканоміцы лічылася магчымым дапусціць капіталізм да вядомых памераў і трымаць яго пад кантролем. Было прапанавана стварыць эканамічны саюз паміж рабочымі і сялянамі. 8 лютага 1921 г. Ленін вылучыў праект, які быў прыняты і носіць у гісторыі назву новай эканамічнай палітыкі (НЭП). У ім прадугледжвалася здзейсніць цэлую сістэму мер, якая ўключала ў сябе наступнае: умацаванне саюза рабочых і сялян на эканамічнай аснове; развіццё прамысловасці на базе электрыфікацыі; кааперыраванне насельніцтва; выкарыстанне таварна-грашовых адносін; паўсямеснае ўкараненне гасразліку, асабістай зацікаўленасці; часовае дапушчэнне капіталістычных элементаў у эканоміцы; удасканаленне дзяржаўнага планавання і кіраўніцтва; барацьба з бюракратызмам, адміністрыраваннем, камчванствам; падняцце культуры ва ўсіх галінах дзейнасці чалавека.
НЭП стала рашуча ўводзіцца па ўсёй краіне, у тым ліку і на Беларусі. На аснове дэкрэта аб дэнацыяналізацыі дробнай маёмасці ў прамысловасці і сярэдніх прадпрыемствах такія прадпрыемствы звернуты іх ранейшым уладальнікам. З 1921 г. была дазволена арэнда сродкаў вытворчасці (памяшканняў, цэлых прадпрыемстваў у гандлі і прамысловасці, зямлі, тэхнікі). Прыцягваецца знешні капітал, утвараліся канцэсіі, сумесныя прадпрыемствы, і ў горадзе, і на вёсцы знаходзяць сваё месца кааператыўныя формы дзейнасці, праводзіцца ў жыццё прынцып матэрыяльнай зацікаўленасці (па колькасці і якасці).
У Беларусі НЭП ажыццяўляецца з некаторымі асаблівасцямі. Галоўнай асаблівасцю Беларусі з’яўляецца яе прамысловая адсталасць ад цэнтральных рэгіёнаў: тая колькасць рабочых, што мелася ў 1907 г. на буйных прадпрыемствах (100 тыс. чалавек), да 1921 г. скарацілася амаль у 2 разы. З невялікай колькасці прадпрыемстваў у ваеннай інтэрвенцыі і грамадзянскай вайне разбурана больш за палову. Разам з аднаўленнем народнай гаспадаркі, выраўноўваннем эканамічнага становішча ў адносінах да іншых рэгіёнаў на Беларусі прыходзілася весці барацьбу з бандытызмам і кантрабандай. Бандытызм як сацыяльная з’ява ўзнік у надзвычайных палітычных і эканамічных абставінах грамадзянскай вайны. Яго базу склалі дызерціры, крымінальныя і антысавецкі настроеныя элементы. З-за памылак, парушэнняў законаў, норм у паводзінах і дзеяннях асобных прадстаўнікоў Савецкай улады ў яго была ўцягнута частка сярэдняга сялянства і беднаты.