Тэма 1. Заходняя Беларусь пад уладай Польшчы 4 страница

12. Мандрик И.В. Роль профсоюзов в развитии соревнования трудящихся в 60-е - 80-е годы (ВФ «МНИТСО» Профсоюзное движение: история и современность (к 75-летию первого Всебелорусского съезда профсоюзов)//Тезисы докладов региональной научно-практической конференции. Витебск. 1996. с. 43-47).

13. Мандрык І.У. Запаведная мара. // Віцебскі рабочы. 14 лістапада 1989. с. 3-4.

14. Мандрик И.В. Вклад белорусских железнодорожников в победу советского народа над фашистской Германией // Труд. Профсоюзы. Общество. 2005. № 2.

15. Нарысы Гісторыі Беларусі: У 2 ч. Ч. 2. Мн., 1995.

16. Очерки истории профсоюзов Белорусской ССР. Мн., 1970.

17. Эканамічная гісторыя Беларусі: Курс лекцый. / В.І.Галубовіч, Р.І.Ермашкевіч, Г.Ф.Шанавая і інш. / Ад агул. рэд. В.І.Галубовіча. – Мн.: Экаперспектыва, 1993.

РАЗДЗЕЛ V. СУВЕРЭННАЯ РЭСПУБЛІКА БЕЛАРУСЬ ВА ЎМОВАХ ГЛАБАЛІЗАЦЫІ СУСВЕТНЫХ ПРАЦЭСАЎ.

Глава 1. Нарастанне супярэчнасцей у савецкай сістэме. Распад СССР, стварэнне незалежных дзяржаў.

Тэма 1. Прычыны абвастрэння супярэчнасцей у сярэдзіне 80-х гадоў. Курс на інтэнсіфікацыю

§1. Палітыка перабудовы і яе вынікі

§2. Крызіс аднапартыйнай сістэмы

§1.У сярэдзіне 80-х гг. яскрава праглядалася абвастрэнне супярэчнасцей паміж узросшымі (па маштабах) прадукцыйнымі сіламі і вытворчымі адносінамі, што базіраваліся на строга цэнтралізаванай сістэме.

Пазаэканамічнае прымушэнне людзей да працы, адарванасць іх ад сродкаў вытворчасці не спрыяла развіццю вытворчай ініцыятывы. Вялікія маштабы прыняла безгаспадарчасць: знізіліся якасныя паказчыкі і тэмпы прыросту прамысловай прадукцыі; павялічваўся адрыў краіны ў тэмпах і ўзроўні развіцця ад вядучых дзяржаў свету. Спыніць негатыўныя тэндэнцыі ў эканоміцы магчыма было шляхам перабудовы, змен у замацаваўшымся ўкладзе эканамічнага і палітычнага жыцця.

Вось тады зверху (на ХХVІІ з’ездзе) вылучаюцца лозунгі: “Перабудова”, “Дэмакратыя”, “Галоснасць”. Яны знаходзяць водгук у шырокім людскім асяроддзі. Высакародная мэта не магла быць успрынята па-іншаму. У БССР з улікам новых падыходаў распрацавана комплексная праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця рэспублікі на 12 пяцігодку (прынята на ХХХ з’ездзе КПБ). У праграме прадугледжвалася ўвесь прырост у прамысловасці, сельскай гаспадарцы, будаўніцтве забяспечыць за кошт павышэння прадукцыйнасці працы, гэта значыць. на аснове інтэнсіфікацыі.

Больш канкрэтна наконт рэформы выказаўся чэрвеньскі (1987 г.) Пленум ЦК КПСС. Першачарговай задачай рэформы было прызнана стварэнне цэласнай сістэмы кіравання, закліканай уздзейнічаць на ўсе бакі працы і жыцця савецкіх людзей. Правядзенне рэформы ў жыццё павінна было забяспечыць пераход ад цэнтралізаванай, каманднай сістэмы кіравання да дэмакратычнай, заснаванай пераважна на эканамічных метадах, на аптымальным спалучэнні планавага цэнтралізаванага кіраўніцтва з самакіраваннем нізавых звенняў і прадпрыемстваў. Аб пераходзе да рынку пакуль нічога не гаварылася. Шукалі нейкі трэці шлях. Гэты прамежкавы шлях кіраўніцтва Беларусі ўбачыла ў пераводзе галін гаспадарчага комплексу на поўны гаспадарчы разлік і самафінансаванне.

Першыя крокі ажыццяўлення новага курсу прывялі да некаторага ажыўлення і пэўных зрухаў у жыцці краіны. Ужо ў 1988 г. на ўмовах гаспадарчага разліку і самафінансавання працавала ўся прамысловасць, аграпрамысловы комплекс, транспарт, гандаль, большасць будаўнічых арганізацый. Рэспубліканская комплексная праграма “Інтэнсіфікацыя” спрыяла таму, што многія калектывы ўзмацнілі работу па мадэрнізацыі вытворчасці, замене састарэлай тэхнікі на больш дасканалую: станкі з лікавым праграмным кіраваннем, робаты, аўтаматы. З мэтай павышэння якасці прадукцыі была ўведзена дзяржпрыёмка. Але сутыкненне старога і новага ішло балюча. Кіраўнікі цэнтральных міністэрстваў і ведамстваў не жадалі растацца з напрацаванай сістэмай, працягваўся дыктат міністэрстваў ва ўстанаўленні планаў праз дзяржзаказ, які ахопліваў ад 80 і да 100% выпускаемай прадукцыі. З боку цэнтральных органаў партыі дапушчаны сур’ёзные памылкі і пралікі ў распрацоўцы і правядзенні палітыкі перабудовы. Адсутнічала канкрэтная, навукова-абгрунтаваная праграма аднаўлення савецкага грамадства, не былі вызначаны мэты, задачы, канчатковыя вынікі. Няўдачы ў эканамічнай сферы дапоўніліся “рэвалюцыйным” абнаўленнем кадраў высшага эшалона, рэзкім аслабленнем цэнзуры, канфліктамі паміж цэнтральнымі і мясцовымі ўладамі, парушэннем гаспадарчых сувязей.

Крызіс у СССР не мог не адбіцца на становішчы ў краінах сацыялістычнага лагера. Тут прайшлі масавыя мітынгі з патрабаваннем змен у партыйна-дзяржаўных структурах, адраджэння дэмакратычных свабод і правоў чалавека. Распад у краінах сацыялістычнага блока пачаўся з Польшчы. Правячая Польская аб’яднаная рабочая партыя не змагла супрацьстаяць моцнай арганізацыі “Салідарнасць”. У Польшчы пачаўся дэмантаж сацыялізму.

Працэсы, падобныя на польскія, адбываліся ў ГДР (у лістападзе 1989 г. была разбурана і ліквідавана “Берлінская сцяна”), Чэхаславакіі, Румыніі, Югаславіі.

У савецкай Беларусі ў цяжкім становішчы апынуліся мясцовыя кіраўнікі партыйных камітэтаў і гаспадарчых органаў. Кіраўніцтва верхніх эшалонаў рэспублікі, як было прынята ў пяпярэднія гады, самастойных рашэнняў не прымала, чакала ўказанняў з Масквы.

І ўсё ж захады па ўкараненні новага ў спалучэнні са старымі падыходамі давалі магчымасць эканоміцы Беларусі да 1990 г. развівацца адносна высокімі і ўстойлівымі тэмпамі. Сярэднегадавыя тэмпы прыросту нацыянальнага даходу, які ўяўляе сабой наваствораны кошт у галінах матэрыяльнай вытворчасці і з’яўляецца той часткай валавага грамадскага прадукту, якая застаецца за вылікам спажытых у працэсе вытворчасці сродкаў вытворчасці, па сутнасці – адзінай крыніцай расшыранага ўзнаўлення і павышэння дабрабыту людзей, складалі ў 1986-1990 гг. 2,9 %. Асноўныя вытворчыя фонды ў гэты перыяд узрасталі штогод, прыкладна на 6 %, што стварала ўмовы для развіцця як галін матэрыяльнай вытворчасці, так і нарошчвання сацыяльнай сферы. Аб’ём прамысловай прадукцыі за 1986-1990 гг. павялічыўся на 29 %, у тым ліку сродкаў вытворчасці (група А) – на 27 %, прадметаў спажывання (група Б) – на 35 %.

На ўзроўні папярэдняй ХІ пяцігодкі падтрымлівалася вытворчасць сельскагаспадарчай прадукцыі. На пачатку 90-х гг. Беларусь па асноўных паказчыках на душу насельніцтва пераўзыходзіла сярэднія паказчыкі СССР і наблізілася да найбольш развітых у эканамічных адносінах прыбалтыйскіх рэспублік. Па вытворчасці нацыянальнага даходу рэспубліка займала 4-е месца пасля РСФСР, Латвіі і Эстоніі. Такое ж месца яна займала і па вытворчасці прамысловай прадукцыі. У 1990 г. было выраблена на душу насельніцтва тавараў народнага спажывання на 2268 рублёў супраць 1598 рублёў у цэлым па СССР. Харчовых тавараў было выпушчана на 622 рублі (СССР – 511 рублёў), нехарчовых тавараў – на 1433 рублі (СССР – 895 рублёў), мяса – 115 кг (у Расіі – 68 кг), малака – 727 кг (у Расіі – 376 кг). Неблагія паказчыкі наглядаліся ў развіцці вышэйшай школы. Колькасць студэнтаў на 10 тыс. чалавек у Беларусі была большай, чым у іншых рэспубліках (акрамя Арменіі, Расіі і Грузіі). Вось такімі вынікамі характарызавалася сацыяльна-эканамічнае становішча рэспублікі да пачатку 90-х гг.

Меліся ўсе эканамічныя перадумовы для далейшага развіцця народнай гаспадаркі, культуры, але гэтага не адбылося. З канца 80-х гг. пачалі праяўляцца прыметы эканамічнага крызісу. Наглядаецца парушэнне гаспадарчых сувязей у сістэме агульнасаюзнага падзелу працы. У былых саюзных рэспублік выявілася імкненне забяспечваць сыравінай і прадукцыяй перш за ўсё ўласныя патрэбы. Знізіліся капітальныя ўкладанні ў базавыя галіны практычна ўсіх рэспублік, асабліва ў Расійскай Федэрацыі. Гэта прывяло да скарачэння здабычы нафты, вытворчасці металу, лесаматэрыялаў, цэменту. Пачаўся імклівы рост цэн і больш за ўсё на энерганосьбіты. Парушыліся ўзаемаразлікі паміж спажыўцамі. Наступіла разбалансаванасць эканомікі ўсіх рэспублік, адбылося зніжэнне вытворчасці прамысловай і сельскагаспадарчай прадукцыі, тэмпы інфляцыі нарасталі.

Вынікі працы народнай гаспадаркі ў 1991 г. сведчылі аб тым, што нацыянальны прыбытак рэспублікі ў параўнанні з 1990 г. скараціўся на 3 %, вытворчасць прамысловай прадукцыі – на 1,5%, сельскай гаспадаркі – на 3 %. У 1992 г. нацыянальны даход знізіўся на 11 % (у параўнанні з папярэднім 1991 г.), пры гэтым выпуск прадукцыі прамысловасці скараціўся на 4,4 %, знешнегандлёвы абарот склаў 1,8 млрд. долараў ЗША, зменшыўся ў параўнанні з папярэднім на палову. У 1992 г. востра праявіліся праблемы ў грашова-фінансавай сферы. Не вызначыўшы самастойнай эканамічнай палітыкі, працягваючы выкарыстоўваць рубель у якасці плацёжнага сродку, рэспубліка трапіла ў поўную залежнасць ад эканамічнай сітуацыі ў Расійскай Федэрацыі.

§2.У СССР і яго рэспубліках з сярэдзіны 20-х гадоў ХХ стагоддзя дзейнічала аднапартыйная сістэма, у якой не было месца для другіх партый. Аднапартыйная сістэма здольна забяспечыць палітычную, сацыяльна-эканамічную і культурна-маральную ўстойлівасць. Такое становішча можа мець месца, калі партыя карыстаецца падтрымкай большасці насельніцтва.

КПБ-КПСС не была ў прынятым на Захадзе сэнсе чыстай палітычнай арганізацыяй. Яна валодала развітой цэнтралізацыяй, згуртаванасцю і дысцыплінаванасцю, супрацьстаяла любой спробе фракцыяніравання, дзейнічала па-за парламенцкім полем. КПСС будавалася як партыя перадавога атрада рабочага класа з намерам трансфармавацца з развіццём грамадства ў партыю ўсяго народа. Як авангарду ёй прызначалася весці за сабой грамадства. Кіраўніцкая роля партыі замацоўвалася, пачынаючы з Кастрычніцкай рэвалюцыі.

Хоць канкрэтныя спосабы ажыццяўлення вядучай ролі партыі не былі прапісаны сістэмна ні ў адным з дакументаў, партыйныя арганізацыі прымалі рашэнні па кожным важным пытанні; рашэнням дзяржаўнага кіраўніцтва часта папярэднічалі рэзалюцыі цэнтральнага кіраўніцтва партыі ці палітычнага органа, рашэнням мясцовых Саветаў - рэзалюцыі адпаведных камітэтаў партыі і г.д.

У кіраўніцтве краінай дзейнасць партыі і грамадства цесна перапляталіся, але дамінуючай сілай у іх сумеснай працы з’яўлялася партыя. Яна была арганізацыяй, якая на працягу доўгага перыяду выконвала функцыі гаспадарчага кіравання. Лічылася, што для КПСС, створанай эканамічна выдзеліўшыміся і ідэалагічна памацнелымі грамадскімі класамі і сацыяльнымі групамі, альтэрнатывы не патрабуецца.

КПСС прыняла на сябе адказнасць за ўсё, што адбывалася ў краіне. Яна была поўная рашучасці ўтрымліваць уладу і ніколі і ні пры якіх абставінах не адмаўляцца ад яе, знаходзіцца ў авангардзе, заставацца кіруючай і накіравальнай сілай грамадства. Такі падыход патрабаваў ад кіруючай партыі павышэння ўзроўню і ўдасканальвання форм і метадаў сваёй дзейнасці: развіцця ўнутрыпартыйнай дэмакратыі і самадзейнасці камуністаў, строгага захавання норм і прынцыпаў унутрыпартыйнага жыцця, падняцця ідэйна-тэарэтычнага ўзроўню членаў партыі, правядзення шырокай выхаваўчай працы ў масах, удасканальвання метадаў кіраўніцтва дзяржаўным, гаспадарчым і культурным будаўніцтвам, стылю сваёй працы. Гэта значыць, КПБ-КПСС як урадавая партыя павінна была ўдасканальвацца ў адносінах да грамадства апераджальнымі тэмпамі, перш за ўсё ў тэарэтычнай і арганізацыйна-ідэалагічнай дзейнасці. Яе задача займацца распрацоўкай новых ідэй з вызначэннем перспектыў развіцця грамадства, разгортвання ўнутраных, уласцівых яму сацыяльных сіл і патэнцыяльных магчымасцей; паказваць прыклад грамадству ў прынцыпах, формах і сродках арганізацыі свайго ўнутрыпартыйнага жыцця і ўнутрыпартыйных адносін; паслядоўна выступаць супраць аджыўшага, старога, прывіваць членам партыі і праз іх усім працоўным творчыя і ініцыятыўныя адносіны да працы. Аднак у сярэдзіне 70-х гадоў становіцца прыкметным адставанне кіруючай партыі: неспрыяльныя тэндэнцыі, якія праяўляюцца ў эканоміцы, сацыяльна-палітычнай сферы, былі напрамую звязаны са станам самой партыі. існуючыя ўнутрыпартыйныя адносіны, формы і метады кіравання развіццём народна-гаспадарчага комплексу патрабавалі карэнных змен.

КПСС не ўсвядоміла таго, што адбывалася ці магло адбыцца ў грамадстве пры яго далейшым развіцці. Спазненне з ацэнкай асудзіла яе на адствананне. Прычыны тут розныя, але часцей за ўсё яны былі звязаны з недаацэнкай тэарэтычнай дзейнасці, з парушэннем свайго якаснага складу, зместам і метадамі працы.

Не садзейнічалі падтрымцы аўтарытэту КПБ-КПСС шырокае распаўсюджванне бюракратызму, праяўленні недэмакратызму ў кадравай палітыцы, грубае падаўленне іншадумства. Усё гэта выкарыстала для дыскрыдытацыі партыйных кадраў апазіцыя. Памылкі асобных кіраўнікоў (больш за ўсё ў Палітбюро ЦК КПСС) выдаваліся за ўсеагульную некампетэнтнасць і бяздарнасць партыйных работнікаў, а недахопы ў развіцці сацыяльна-эканамічнай і духоўна-маральнай сфер - за катастрофу краіны.

Кіраўніцтва КПСС, навуковыя ўстановы партыі на змаглі аб’ектыўна асэнсаваць сітуацыю, знайсці шляхі пераадолення крызісных з’яў. Маруднасць і непаслядоўнасць у вырашэнні палітычных пытанняў у цэнтры і на месцах, растучая разбалансаванасць гаспадаркі, спазненне з вырашэннем сацыяльных праблем у ходзе перабудовы, недастатковы аўтарытэт часткі партыйных кадраў спрыялі ўзмацненню настрою незадаволенасці ў грамадстве. Ва ўмовах палітычнага крызісу КПБ-КПСС яе камітэты і радавыя камуністы аказаліся не гатовымі для барацьбы за захаванне партыі, дзяржаўнага і грамадскага ладу.

Кіраўнікі Вярхоўнага Савета БССР і народныя дэпутаты Беларусі, большасць з якіх з’яўляліся камуністамі, не праявілі прынцыповасці. Яны прынялі пастанову аб прыпыненні дзейнасці Кампартыі Рэспублікі. У выніку адбыўся зыход з арэны КПБ-КПСС як палітычнага кіраўніка краіны.

У заключэнне трэба адзначыць, што нядаўняя гісторыя з манаполіяй КПСС не павінна стаць перашкодай для правільнага ў’яўлення і разумення ролі і значэння палітычных партый. Палітычныя партыі – гэта сіла, якая больш дасканала рэарганізуе дзяржаву, надае ёй новую форму, у якой задачы і мэты дзяржаўнай палітыкі вызначаюць волю арганізованага народа.

Такім чынам, у 70-80-я гады адбывалася паступовае зніжэнне тэмпаў сацыяльна-эканамічнага развіцця СССР і саюзных рэспублік. Патрабаваліся перамены, перабудова сацыялізму, наданне яму новага дыхання, вывад яго на вышэйшы ўзровень. Гэта і прадугледжвала палітыка перабудовы, якая пачала праводзіцца з другой паловы 80-х гадоў. У час яе правядзення не былі вызначаны мэты, задачы, канчатковыя вынікі, адсутнічала навукова абгрунтаваная праграма абнаўлення грамадства.

У СССР і яго рэспубліках з сярэдзіны 70-х гадоў ХХ ст. існавала аднапартыйная сістэма. Манапольнае становішча КПБ-КПСС ператварыла яе ў галоўнага суб’екта кіравання, яна пачала функцыянаваць як вышэйшы суб’ект дзяржаўнай улады, займалася ўсімі пытаннямі, замыкала на сабе ўсе праблемы. Вынікам гэтага стала ўзрастаючае дубліраванне і выцясненне выканаўчай улады. Так, у краіне склалася адміністрацыйна-камандная сістэма. Непадзельнае аднаўладдзе прывяло КПБ-КПСС да паслаблення крытычнага аналізу стану развіцця эканомікі, сацыяльнай і духоўнай сферы краіны і прафесійнага амярцвення вышэйшага эшалону партыйнага кіраўніцтва. Да 1991 года ў КПБ-КПСС наступіў палітычны крызіс, яе камітэты і радавыя камуністы аказаліся не гатовымі для барацьбы за захаванне партыі, існуючага дзяржаўнага і грамадскага ладу.

Пытанні і заданні:1. Якімі прычынамі абумоўлена палітыка перабудовы? Пакажыце этапы яе ажыццяўлення, прамежкавыя і канчатковыя вынікі. 2. Чаму, на Ваш погляд, КПБ-КПСС не справілася з негатыўнай сітуацыяй, склаўшайся ў краіне ў другой палове 80-х – пачатку 90-х гадоў?

Тэма 2. Незалежная Беларусь. Шляхі ўмацавання эканамічнага і палітычнага суверэнітэту

§1. Грамадска-палітычнае становішча ў краіне.

§2. Дзейнасць новага кіраўніцтва рэспублікі па развіццю эканомікі, адукацыі і навукі

§1. Спроба кіраўніцтва СССР стварыць абноўлены Саюз не ўдалася, рэспублікі адна за адной аб’яўлялі аб сваім суверэнітэце. Спачатку гэта зрабілі са згоды М. Гарбачова Літва, Латвія і Эстонія (ён падпісаў Указ аб выхадзе з СССР). У хуткім часе аб дзяржаўным суверэнітэце заявілі Расія, Украіна. 27 ліпеня 1990 г. Вярхоўны Савет БССР таксама прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце рэспублікі. У Дэкларацыі аб’яўлялася аб незалежнасці БССР у знешніх адносінах і імкненні стварыць прававую дзяржаву. Гэтыя працэсы накіроўваліся апазіцыйнымі сіламі. Так, спачатку ў чэрвені – ліпені 1990 г. на канферэнцыі, а затым на ІІ з’ездзе БНФ у сакавіку 1991 г. прагучала ідэя аб аддзяленні БССР ад СССР і абвяшчэнні аб яе поўнай незалежнасці.

У другой палове 80-х гадоў на Беларусі хутка фарміравалася палітычная апазіцыя, пачыналася гэта з амаль непрыкметнай для кіраўніцтва Беларусі з’явы – значнага павелічэння ліку аматарскіх нефармальных аб’яднанняў і клубаў па інтарэсах. У 1986 – 1887 гг. у рэспубліцы ўзнікла 7 тыс. такіх аматарскіх аб’яднанняў і клубаў, якія ўключалі каля 1 млн. чалавек. У Мінску ў 1987 г. дзейнічала 97 грамадска-палітычных аб’яднанняў і клубаў. Актыўна заявілі аб сабе такія аб’яднанні і клубы, як “Талака”, “Альтэрнатыва”, “Тутэйшыя”, “Современник”, “Світанак” у Мінску, “Паходня” ў Гродна, “Узгор’е” ў Віцебску, “Талака” ў Гомелі і Магілёве. Спачатку палітычныя пытанні ў праграму клубаў і аб’яднанняў не ўключаліся. Аднак прыкладна з другой паловы 1987 г. у дзейнасці клубаў і арганізацый усё больш і больш пачынаюць праяўляцца цэнтралізацыя і палітызацыя. Тут гаворка ішла пра дэфармацыі сацыялізму, неабходнасць пабудовы сапраўднага сацыялізму, адраджэння нацыянальнай культуры. Спасылаючыся на класікаў марксізму, рабілася спроба крытыкаваць кіраўніцтва КПБ-КПСС, афіцыйныя канцэпцыі гісторыі краіны, паявіліся патрабаванні адмены артыкула Канстытуцыі СССР аб партыйным кіраўніцтве грамадствам, што з’яўлялася звычайнай палітычнай барацьбой за заваяванне ўлады. Новы штуршок распаду СССР далі падзеі лета – восені 1991 г. 25-26 жніўня нечарговая сесія Вярхоўнага Савета БССР прыняла закон “Аб наданні статусу канстытуцыйнага закона Дэкларацыі Вярхоўнага Савета БССР аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі”, пастанову аб забеспячэнні палітычнай і эканамічнай самастойнасці Беларускай ССР. 19 верасня 1991 г. Вярхоўны Савет прыняў закон аб назве Беларускай ССР, у адпаведнасці з якім яна стала называцца Рэспубліка Беларусь.

18 кастрычніка 1991 г. прыняты Закон “Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь”. Заключным актам у працэсе распаду СССР з’явілася прыняцце 8 снежня 1991 г. Віскулёўскага пагаднення “Аб стварэнні Садружнасці Незалежных Дзяржаў”. З гэтага часу перастаў існаваць Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік. Усе 15 саюзных рэспублік сталі самастойнымі дзяржавамі. Гэту падзею, як і развал КПСС, магчыма аднесці да ліку трагічных падзей сусветнай гісторыі ХХ ст. Закончылася існаванне біпалярнага свету з раўнавагай палітычных і ваенных сіл паміж СССР і ЗША.

Утвораная ў ліпені 1990 г. Канстытуцыйная камісія пачала распрацоўку новай Канстытуцыі. У лістападзе 1991 г. Праект Канстытуцыі быў прадстаўлены на разгляд VІІІ сесіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі для абмеркавання ў першым чытанні. Пасля ўсенароднага абмеркавання 15 сакавіка 1994 г. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь была прынята. Яна прадугледжвала ўвядзенне ў Беларусі прэзідэнцкай формы кіравання. 10 ліпеня 1994 года першым Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь абраны А.Р.Лукашэнка. Пасля гэтага праведзена рэфарміраванне сістэмы заканадаўчай і выканаўчай улады.

Важнай палітычнай падзеяй на этапе самастойнага развіцця рэспублікі стаў Усебеларускі сход (19-20 кастрычніка 1996 г.), на якім прысутнічала каля 5 тыс. чалавек. Сход абмеркаваў асноўныя палажэнні Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця да 2000 года, праект новай рэдакцыі Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, а таксама пытанні, прапанаваныя Прэзідэнтам А. Лукашэнкам на рэспубліканскі рэферэндум. У прынятай сходам рэзалюцыі была выказана падтрымка палітычнага і эканамічнага курсу кіраўніка дзяржавы. У адпаведнасці з новай рэдакцыяй Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь (папраўкі ўнесены згодна з вынікамі рэферэндуму ад 24 лістапада 1996 г.) кіраўніком дзяржавы, гарантам Канстытуцыі, праў і свабод чалавека і грамадзяніна з’яўляецца Прэзідэнт.

Замест аднапалатнага Вярхоўнага Савета у складзе 260 дэпутатаў, быў сфарміраваны двухпалатны парламент – Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь у складзе Палаты прадстаўнікоў (110 дэпутатаў, выбіраемых народам) і Савета Рэспублікі (па 8 чалавек, выбіраемых ад кожнай вобласці і г. Мінска і 8 чалавек назначаецца Прэзідэнтам). За пяць год працы Нацыянальнага схода было прынята больш за 500 законаў, у тым ліку 19 кодэксаў.

§2. Пасля аб’яўлення суверэнітэту Вярхоўны Савет і Урад рэспублікі прымалі меры па прадухіленні абвальнага спаду вытворчасці і зніжэння ўзроўню жыцця насельніцтва. У кастрычніку 1990 г. Вярхоўны Савет БССР прыняў урадавую праграму пераходу да рыначнай эканомікі. У ёй аб’яўлялася, што ў рэспубліцы будзе будавацца нацыянальная самастойная эканоміка і праводзіцца эканамічныя рэформы. Пасля дэнансацыі Саюзнага дагавора і ўтварэння СНД (8 снежня 1991 г. у Белавежскай пушчы) гаспадарка былога СССР ператвараецца ў міжнародную эканамічную сістэму, таму ў Беларусі прымаецца дзяржаўная праграма па стабілізацыі эканомікі і сацыяльнай абароне насельніцтва, праграма прыватызацыі, закон аб уласнасці, аб Нацыянальным банку і банкаўскай дзейнасці. Прымаецца таксама мытны кодэкс, заканадаўства аб прадпрымальніцтве, аб дзяржпрадпрыемстве, аб праве ўласнасці на зямлю і інш.

Да 2005 года ў Рэспубліцы Беларусь праведзена канверсія і рэарганізацыя работы машынабудаўнічага і хімічнага комплексу. Доля ваеннай прадукцыі ў агульных аб’ёмах вытворчасці абаронных заводаў ужо да сярэдзіны 1993 г. скарацілася з 70 да 12-13%. З 120 прадпрыемстваў, якія ў рознай ступені займаліся вытворчасцю прадукцыі абароннага прызначэння, ваеннымі заказамі забяспечаны нямногія. У некалькі разоў скараціўся аб’ём навукова-даследчых і вопытна-канструктарскіх работ, якія фінансаваліся па лініі Міністэрства абароны. Зроблены пераход на выпуск абсталявання і тэхнікі для розных галін гаспадаркі, а таксама тавараў народнага спажывання.

Напрыклад, навукова-вытворчае аб’яднанне “Інтэграл” выпускае лічыльнікі банкнот, касавыя апараты, сталы касіраў, сервісныя тэлефонныя станцыі, электронныя сістэмы кантролю для камбайнаў, блокі і прыборы для аўтамабіляў і пагрузчыкаў, электронныя тэрмометры, вымяральнікі ціску крыві і шмат іншага. Мінскае вытворчае аб’яднанне вылічальнай тэхнікі з 1992 г. пачало серыйную вытворчасць электронных аўтаматычных тэлефонных станцый “Квант”, а з 1995 г. – тэлефонных станцый “Бэта”. Адкрытае акцыянернае таварыства “Мінскі прыборабудаўнічы завод” забяспечвае 60 % рынку краін СНД радыёвымяральнай апаратурай (асцылографы, вольтметры і інш.), 70 % рынку электронных тавараў у Беларусі і 11 % у Расіі (дазіметры, радыёметры, глюкометры, таймеры, шынкоўкі, мясарубкі, шкафы-грылі, рубанкі, пілы і інш.).

Кіраўніцтва дзяржавы не пайшло па шляху імгненнага дэмантажу савецкай сістэмы. Імкнучыся выкарыстаць яе станоўчыя бакі, яно ўзяло на ўзбраенне сацыяльна арыентаваную мадэль рыначнай эканомікі. Для яе характэрны плюралізм форм уласнасці, больш шырокі ўдзел дзяржавы ў забеспячэнні эфектыўнасці эканомікі, рэгуляванні прыбыткаў насельніцтва і яго занятасці, задавальненне запатрабаванняў у галіне адукацыі, аховы здароўя, культуры. Прыватызацыя ў рэспубліцы праводзілася пры ўдзеле і пад кантролем дзяржавы, пры адмаўленні ад куплі-продажу зямлі сельскагаспадарчага прызначэння, ад дэмантажу буйной калгасна-саўгаснай вытворчасці і замены яе сялянскай (фермерскай) гаспадаркай. Цяпер калгас, саўгас, фермерская гаспадарка маюць роўныя правы і магчымасці існавання, калі яны эфектыўна гаспадараць на зямлі.

3 1996 г. на Беларусі пачалося паступовае пераадоленне крызісных з’яў. У першыню адбыўся прырост валавага ўнутранага прадукта (у параўнанні з папярэднім 1995 г.) – на 3%, вытворчасці прамысловай прадукцыі – на 4%, спажывецкіх тавараў – на 9%, уводу жылля – на 35%. Сельскагаспадарчая вытворчасць павялічылася на 2%.

У 2000 г. удалося пераўзысці (на 10%) паказчыкі 1990 г. па выпуску прамысловай прадукцыі, у 2001-2003 гг. гаспадарка Беларусі ў цэлым мела яшчэ лепшыя паказчыкі. Згодна з Нацыянальнай стратэгіяй устойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусі на перыяд да 2020 г. (прынята 22 чэрвеня 2004 г. Саветам Міністраў Рэспублікі) у далейшым плануецца дасягнуць ВУП на парытэтнай пакупной здольнасці на душу насельніцтва да ўзроўню 60% ад сярэднееўрапейскага (у 2002 г. гэты паказчык складаў 30%). Для гэтага штогод прырост валавага ўнутранага прадукта павінен складаць не менш чым 6-7%.

У рэспубліцы існуе адкрытасць для эканамічнага супрацоўніцтва з замежнымі краінамі, у той жа час, маючы велізарны вытворча-эканамічны, навукова-тэхнічны і інтэлектуальны патэнцыял, стаўка робіцца на ўласныя сілы і сродкі, іншаземныя інвестыцыі прыцягваюцца ў тым выпадку, калі яны даюць эканамічную выгаду беларускаму народу і адпавядаюць нацыянальным інтарэсам.

Адным з галоўных фактараў нацыянальнага развіцця з’яўляецца школа. З абвяшчэннем суверэнітэту рэспублікі паўстала пытанне аб прыняцці закону аб адукацыі: такі закон быў прыняты 29.10.1991 года. У ім закладзена канцэпцыя, якая прадугледжвае свабодны доступ да любой ступені адукацыі, шматварыянтнасць зместу і форм навучання.

Вялікая ўвага надаецца дзіцячаму дашкольнаму выхаванню. У 1991 годзе ў рэспубліцы налічвалася больш за 4,5 тысячы дзіцячых дашкольных устаноў, у якіх выхоўвалася 444,3 тысячы дзяцей. У апошнія гады ствараюцца сямейныя дзіцячыя садкі, садкі на кааператыўнай аснове, санаторнага тыпу, вячэрнія і прагулачныя, выхаднога дня, цэнтры развіцця дзіцяці і інш.

Агульнаадукацыйная школа складзена з трох ступеняў: пачатковая (4 гады), асноўная, ці базавая, школа (5 гадоў), старэйшая школа (2 гады). У пачатку 1997/1998 вучэбнага года ў Рэспубліцы Беларусь працавала 4821 дзённая агульнаадукацыйная школа, у іх навучалася 1597,8 тыс. чалавек.

Існуе ў рэспубліцы шырокая сетка прафесійна-тэхнічных вучылішчаў: 238 ПТВ маюць больш за 132 тысячы навучэнцаў. Да таго ж 12 ПТВ аб’явілі сябе вышэйшымі прафесійнымі ўстановамі. Падрыхтоўка рабочых рознага профілю вядзецца на базе сярэдняй адукацыі і на аснове базавага навучання (тут разам з прафесіяй вучні атрымліваюць сярэднюю адукацыю).

Падрыхтоўку спецыялістаў з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй у краіне ажыццяўляюць 149 тэхнікумаў і іншых сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, у іх ліку 27 каледжаў. Колькасць навучэнцаў у 1997/1998 навучальным годзе тут складала каля 130 тысяч чалавек.

У Рэспубліцы маецца шырокая сетка вышэйшых навучальных устаноў. У канцы 90-х гадоў ХХ стагоддзя функцыянавала 42 дзяржаўныя і 14 недзяржаўных вышэйшых навучальных устаноў, дзе навучалася 281742 студэнты. Па колькасці студэнтаў у разліку на 10 тыс. насельніцтва Беларусь выйшла на сярэднееўрапейскі ўзровень (300 чалавек). У 90-я гады многія ВНУ пераўтвораны ў акадэміі і універсітэты. ВНУ ажыццяўляюць інтэграцыю з іншымі навучальнымі ўстановамі. Для падрыхтоўкі моладзі для далейшага атрымання адукацыі пры іх функцыянуюць ліцэі.

У Рэспубліцы Беларусь распрацавана і ажыццяўляецца праграма развіцця ўсіх форм нацыянальнай культуры. Плённа працуюць беларускія пісьменнікі М.Лужанін, Н.Гілевіч, Р.Барадулін, А.Лойка, Ю.Свірка, мастакі М.Савіцкі, А.Анікейчык, П.Дурчына, У.Стэльмашонак. На Беларусі маецца 24 прафесійныя тэатры, больш за 150 музеяў, каля 14 тысяч публічных бібліятэк.

Пасля 27 ліпеня 1990 года вядзецца паслядоўнае ажыццяўленне курсу на самастойнае развіццё рэспублікі. У жніўні 1990 года падпісаны Дагавор аб палітычным, эканамічным і культурным супрацоўніцтве з РСФСР. У снежні гэтага ж года ўступіў у дзеянне Дагавор аб асновах адносін паміж Украінай і Беларуссю, у пачатку 1991 года – Дагавор аб супрацоўніцтве з Казахстанам.

Прынятая ў 1994 годзе Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь вызначыла асноўныя напрамкі знешняй палітыкі дзяржавы. Беларусь як суверэнная дзяржава мае зносіны з іншымі краінамі свету. На яе тэрыторыі дзейнічае 30 пасольстваў, консульстваў і генконсульстваў, а 47 акрэдытаваны па сумяшчальніцтве. У дзяржаўнай палітыцы Беларусь зыходзіць з прынцыпу роўнасці дзяржаў, непрымянення сілы або пагрозы сілай, непарушнасці межаў, мірнага ўрэгулявання спрэчак, неўмяшання ва ўнутраныя справы і іншых агульнапрызнаных прынцыпаў і нормаў міжнароднага права.

Прыярытэт у знешняй палітыцы надаецца паглыбленню інтэграцыі з рэспублікамі былога Савецкага Саюза, і ў першую чаргу – з Расійскай Федэрацыяй. Паміж дзвюма краінамі дзейнічае прыняты 23 мая 1997 года Статут Саюза Беларусі і Расіі, а таксама Дагавор ад 8 снежня 1999 года аб стварэнні Саюзнай дзяржавы. Дагавор прадугледжвае стварэнне агульнай прававой базы Саюза, фарміраванне адзінай эканамічнай, абароннай і гуманітарнай прасторы ў мэтах паляпшэння жыцця людзей Расіі і Беларусі.

З 1997 года паступова пашыраецца аб’ём знешняга гандлю Беларусі. Знаходзячыся на скрыжаванні шляхоў паміж Усходам і Захадам, Поўначчу і Поўднем, Беларусь надае вялікую ўвагу развіццю шляхоў зносін. Праз Беларусь праходзіць прамы чыгуначны шлях ад Масквы да Берліна. Па ім плануецца наладзіць скорасны, а затым звышскорасны пасажырскі рух.

Такім чынам, перабудова ў СССР не дасягнула сваёй мэты. Яна прывяла да разбурэння адзінай эканамічнай прасторы, разрыву эканамічных сувязей паміж рэгіёнамі, невыканання дагаворных абавязацельстваў. У канцы 1991 г. СССР быў ліквідаваны, былыя рэспублікі абвешчаны суверэннымі дзяржавамі. Пасля абвяшчэння суверэнітэту ў Рэспубліцы Беларусь прымаліся меры па ўмацаванні яе дзяржаўнасці.

Наши рекомендации