Тэма 1. Заходняя Беларусь пад уладай Польшчы 2 страница
Непазбежнасць вайны з Германіяй была відавочнай задоўга да яе пачатку. Кіраўніцтва ваеннага ведамства ведала, адчувала блізкасць вайны, але падпарадкоўвалася волі Сталіна, які баяўся справакаваць вайну.
Канцэнтрацыя войскаў Германіі каля нашых межаў праходзіла дастаткова працяглы час. Разведка, і нават перабежчыкі, паведамлялі аб гэтым неаднаразова. План вайны супраць СССР, распрацаваны ў 1940 г., выкладзены ў сакрэтнай дырэктыве № 21, варыянт “Барбароса”, Гітлерам падпісаны 18 снежня 1940 г.
Але Сталін лічыў, што пачатак вайны можна адцягнуць, і загадваў іншым кіравацца гэтым жа. Калі стала ўжо зусім відавочна, што фашысты вось-вось зробяць нападзенне, Сталін і тады не аддаў загад аб прывядзенні войскаў у баявы стан (ваеннага часу). Больш таго, за тыдзень да пачатку вайны 14 чэрвеня 1941 г., безумоўна са згоды Сталіна, ТАСС зрабіла заяву, у якой версія аб рыхтаваўшымся нападзе Германіі на СССР аб’яўлялася правакацыйнай.
§3. Абарончая Беларуская аперацыя бярэ пачатак з першага дня вайны 22 чэрвеня 1941 г. і працягваецца па 9 ліпеня 1941 г. Каля 40 дывізій групы арміі “Цэнтр” з раніцы 22 чэрвеня вялі наступленне на дывізіі першага эшалона Чырвонай Арміі.
У першы ж тыдзень вайны сілы праціўніка павялічваліся. Яны па колькасці ў 1,5 раза пераўзыходзілі войскі СССР (у жывой сіле). Становішча ўскладнялася вялікай стратай самалётаў. Бомбавым ударам падвергліся 26 аэрадромаў, дзе базіраваліся навейшыя тыпы самалётаў. У першы дзень вайны ў Заходняй ваеннай акрузе страчана 738 самалётаў (41 %), у той час як ва ўсёй Чырвонай Арміі было 1200 самалётаў.
Да таго ж камандаванне Заходняга фронту (генерал Дз. Паўлаў) не змагло наладзіць узаемадзеянне войскаў, часам прымала рашэнні, якія не адпавядалі рэальнаму становішчу. Некалькі контрудараў Савецкай Арміі на Брэсцкім і Сувалцкім напрамку, праведзеныя згодна з указаннямі Масквы, не толькі не прынеслі поспеху, але нават былі і шкоднымі. Затрымліванне войскаў Чырвонай Арміі ад своечасовых адыходаў на больш зручныя рубяжы прывяло да іх акружэння. Больш за 10 дывізій Заходняга фронту трапілі ў цяжкае становішча.
У выніку на пачатку ліпеня 1941 г. сілы, што заставаліся ў камандаванні Заходняга фронту, не змаглі стварыць суцэльнага фронту абароны. Пасля замены кіраўніка Заходняга фронту прымаліся захады, каб спыніць наступленне фашыстаў. Жорсткае супраціўленне аказалі войскі Чырвонай Арміі ў раёне Магілёва, арганізавана была абарона на Полацкім, Віцебскім напрамку.
6 ліпеня быў праведзены контрудар Чырвонай Арміі, які ўвайшоў у гісторыю як Лепельскі. Але з-за кепскай яго арганізацыі і слабага прыкрыцця з паветра ён поспеху не меў. Пад вечар 9 ліпеня танкавыя і матарызаваныя дывізіі 4-й арміі праціўніка падышлі да рубяжа Заходняй Дзвіны і Дняпра на ўсім фронце ад Полацкага ўмацаванага раёна да Жлобіна. Слаба абсталяваныя стыкі войск Чырвонай Арміі ліквідаваць у гэты час ніяк не ўяўлялася магчымым. З-за гэтага праціўніку ўдалося 9 ліпеня прарваць абарону 20 і 22 армій і авалодаць Віцебскам.
Да 10 ліпеня нямецка-фашысцкія войскі прасунуліся на 450-600 км, захапілі значную тэрыторыю Беларусі.
За гады Савецкай улады жыццём цэлага пакалення, намаганнямі людзей, нават наперакор штучна створаным цяжкасцям, на Беларусі дасягнуты пэўныя поспехі ў павелічэнні аб’ёмаў прамысловай і сельскагаспадарчай прадукцыі, ліквідавана масавая непісьменнасць, адбылося павелічэнне жыццёвага ўзроўню, медыцынскага абслугоўвання і інш.
Пад уплывам змяненняў рэчаіснасці, само сабой зразумела, і ідэалагічнай апрацоўкі, большасць насельніцтва было на баку ўлады, лічыла сябе гаспадарамі краіны і ўдзельнікамі вялікіх падзей. Негатыўныя з’явы і ўсялякія неўладкаванасці адносіліся да часовых. Таму напад Германіі на СССР працоўныя Беларусі сустрэлі з абурэннем, і амаль кожны дарослы яе жыхар думаў і дзейнічаў на карысць абароны Айчыны.
З першага дня вайны жыццё ў Беларусі перабудоўваецца на ваенны лад, Чырвоная Армія атрымлівае ўсебаковую дапамогу: фарміруюцца атрады народных апалчэнняў, якія ўдзельнічаюць у абароне гарадоў Віцебска, Магілёва, Гомеля і інш.; адбываецца мабілізацыя на будаўніцтва абарончых аб’ектаў; на прадпрыемствах разгортваецца вытворчасць і рамонт ваенных прылад; вядзецца эвакуацыя прадпрыемстваў.
На тэрыторыі БССР узброеную барацьбу вялі 1255 партызанскіх атрадаў, якія аб’ядналі 374 тыс. чалавек 70 нацый і народнасцей. Акрамя таго, у гарадах дзейнічала 70 тыс. падпольшчыкаў, каля 60 % тэрыторыі знаходзілася пад кантролем партызан. Шырокая партызанская зона ўтварылася ў Суражскім рэгіёне. У барацьбе супраць фашызму загінуў кожны чацвёрты жыхар рэспублікі. 462 беларусы і ўраджэнцы рэспублікі ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза.
На тэрыторыі Віцебскай вобласці дзейнічаў падпольны абком, гарком, 31 райком партыі, выдавалася газета “Віцебскі рабочы”. У сучасных межах вобласці дзейнічалі прыкладна 6 партызанскіх брыгад, 2 палкі, 30 асобных і спецыяльных партызанскіх атрадаў. Іх узначальвалі вядомыя кіраўнікі партызанскага руху - П.М.Машэраў, А.Ф.Данукалаў, Ф.Ф.Дуброўскі, І.К.Захараў, М.С.Пруднікаў.
Жорсткасць акупацыйнага рэжыму (знішчэнне насельніцтва па тых ці іншых матывах – камуніст, яўрэй, камсамолец, піянер, спачуваючы) толькі ўзмацняла нянавісць да іншаземцаў. Ствараецца сетка падпольных цэнтраў, пярвічных арганізацый і груп, партыйнае і камсамольскае падполле. Складваецца арганізаваны і, што галоўнае, масавы партызанскі рух. Усяго ж на Віцебшчыне дзейнічала 5 партызанскіх зон (Суражская, Расонская, Полацкая, Ушацкая, Сенненская). Адным з першых на Беларусі пачаў дзейнічаць атрад Міная Піліпавіча Шмырова. М.Шмыроў – дырэктар Пудацкай кардоннай фабрыкі, праслаўлены партызанскі камандзір часоў грамадзянскай вайны. 5 ліпеня 1941 г. яго запрасілі ў Суражскі райком партыі. Ён прыняў прапанову як партыйнае даручэнне і разам з сакратаром партыйнай арганізацыі Р.У.Шкрэдам і тэхнаруком П.Н.Голубевым стварыў дзеяздольную партызанскую групу. Да 25 ліпеня ў атрадзе налічвалася 60 чалавек. У гэты ж дзень партызаны Суражскай зоны адкрылі баявы рахунак. У баявой аперацыі знішчана 30 гітлераўцаў. Затым баявыя дзеянні ішлі па ўзрастаючай: у верасні 1941 г. быў разгромлены нямецкі гарнізон у Суражы. Насельніцтва ўсяляк дапамагала М.П.Шмырову. Слава бацькі Міная хутка расла.
На бальшаку Сураж – Усвяты немцы самі ўстанавілі плакаты з надпісам: “Партызанская зона”. Яны аб’явілі вялікае ўзнагароджанне таму, хто выдасць М.П.Шмырова. У якасці заложнікаў фашысты захапілі яго чацвярых малалетніх дзяцей.
Больш шырокія памеры партызанскі рух на паўночным усходзе вобласці набыў зімой 1941-42 гг., калі ў выніку паспяховага наступлення Чырвонай Арміі фронт наблізіўся да граніц Беларусі. Былі створаны так званыя Віцебскія (Суражскія) вароты – 40-кіламетровы разрыў паміж флангамі груп нямецкіх армій “Поўнач”, “Цэнтр”. У канцы лютага 1942 г. з атрадам Шмырова аб’яднаўся атрад С.Т.Воранава. Для больш паспяховага ўзаемадзеяння ствараюцца партызанскія брыгады. Першай партызанскай брыгадай была брыгада, створаная на базе атрада Шмырова.
У ходзе амаль што трохгадовай барацьбы партызан і падпольшчыкаў толькі на Віцебшчыне Нямеччына страціла 113 тыс. салдат і афіцэраў, пад адхон пушчана 1147 эшалонаў, знішчаны 151 танк, збіта 77 самалётаў ворага. За геройствы і мужнасць 19 140 тыс. беларускіх партызан і падпольшчыкаў былі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі, 88 з іх прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.
§4. Поўнае вызваленне Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў адбываецца ў 1944 г. Да гэтага ў выніку асенне-зімовага (1943г.) наступлення была вызвалена частка Беларусі. Цалкам або часткова вызвалена 36 раёнаў і 2 абласныя цэнтры (Гомель, Мозыр). Асноўныя падзеі па вызваленні Беларусі звязаны з Беларускай аперацыяй, праведзенай 23 чэрвеня – 29 жніўня 1944 г. Аперацыя пад кодавай назвай “Баграціён”
мела сваёй задачай разгром групоўкі армій “Цэнтр”, вызваленне Беларусі, пачатак вызвалення Літвы і Польшчы.
На пачатку аперацыі фронт на Беларусі праходзіў на ўсход ад Полацка (возера Нешчарда), Віцебска, Оршы, Магілёва, Жлобіна і далей да Ковеля. Лінія даўжынёй 1100 км. утварала так званы беларускі выступ (балкон). Планавалася ў час аперацыі прарваць абарону праціўніка на 6 участках Віцебскага, Аршанскага, Магілёўскага і Бабруйскага напрамкаў, расчляніць яго войскі і разбіць. Зрабіць гэта было нялёгка: на тэрыторыі Беларусі вораг стварыў глыбока эшаланіраваную (250-270 км) абарону з умоўнай назвай “Фатэрлянд”, якая абапіралася на развітую сістэму палявых умацаванняў і прыродныя рубяжы (высокія заходнія берагі рэк, забалочанасць і г.д.).
Для здзяйснення аперацыі “Баграціён” Савецкае ваеннае камандаванне вылучыла велізарныя сілы: 2,4 млн. чалавек (Германія мела 1,2 млн. салдат). Шматкратная перавага Чырвонай Арміі наглядалася ў колькасці танкаў і самалётаў. Асаблівае эначэнне надавалася Віцебскаму і Бабруйскаму напрамкам.
Раніцай 23 чэрвеня пасля магутнай артылерыйскай і авіяцыйнай падрыхтоўкі 1-шы Прыбалтыйскі, 3-ці Беларускі, 2-гі Беларускі франты перайшлі ў наступленне на Віцебскім, Аршанскім, Магілёўскім напрамках. 24 чэрвеня пачалі наступленне войскі 1-га Беларускага фронту на Бабруйскім напрамку. Віцебская група нямецкіх войск была да 27 чэрвеня акружана і разбіта. Віцебск вызвалены 26 чэрвеня. 108 жыхароў сустрэлі армію вызваліцеляў. 3 ліпеня 1944 г. быў вызвалены Мінск. На ўсход ад Мінска савецкія войскі акружылі 105-тысячную групоўку немцаў. Завяршыўся першы этап Беларускай аперацыі. У выніку галоўныя сілы арміі “Цэнтр” былі разбіты, утварыліся магчымасці імклівага наступлення на Захад.
На другім этапе аперацыі (з 5 ліпеня па 29 жніўня) былі ажыццёўлены наступленні на Віленскім, Беластоцкім, Любліна-Брэсцкім, Шаўляйскім напрамку. З вызваленнем 28 ліпеня Брэста выгнанне нямецка-фашысцкіх захопнікаў з тэрыторыі Беларусі закончылася. Да 29 жніўня савецкія войскі вызвалілі большую частку Літвы, частку Латвіі, усходніх раёнаў Польшчы і падышлі да граніц Германіі. Стварыліся добрыя ўмовы далейшага наступлення і пераможнага завяршэння ІІ Сусветнай вайны.
Асноўнымі фактарамі, забяспечыўшымі перамогу, з’яўляюцца адзінства савецкага грамадства і патрыятызм савецкага народа.
Вайна насіла ўсенародны характар. Людзі, што насялялі СССР, з’ядналіся перад агульнай для ўсіх бядой, розумам і сэрцам адчулі, што ў гэтым іх адзіны паратунак. Гэта акалічнасць і стала першай і самай важнай перадумовай немінуючага паражэння Германіі.
Былі, канечне, у краіне, у тым ліку і ў Беларусі, людзі пакрыўджаныя, маладушныя, якія знаходзіліся на баку ворага – калабарацыяністы (людзі, якія пайшлі на супрацоўніцтва з акупацыйнымі ўладамі). На шлях здрадніцтва стала нязначная частка беларускага насельніцтва. Увогуле ж, выявілася рэдкасная еднасць духу. Калі і былі незадаволеныя, то ўсе крыўды былі пакінуты ў баку, таму што вышэй за ўсё для кожнага сумленнага чалавека была абарона свайго дома, сваёй краіны. Не спраўдзіліся надзеі фашысцкіх страцегаў на нацыянальны разлад у СССР. Гістарычны факт: у час вайны наша краіна не ведала нацыянальных спрэчак, усенародная бяда зблізіла ўсіх. Агульную зямлю Радзімы абаранялі прадстаўнікі ўсіх нацый і народнасцей. Бежанцы і эвакуіраваныя знаходзілі прытулак за тысячы кіламетраў.
Рашаючым фактарам перамогі з’явілася арганізатарская дзейнасць КПСС. Яна сапраўды была авангардам у час вайны. Ніколі партыя так поўна не выступала менавіта ў гэтай якасці, як у гады Вялікай Айчыннай вайны. 50 % камуністаў знаходзіліся ў радах узброеных сіл. 3 млн., ці кожны другі, удзельнічалі ў баях. Гітлер загадаў камуністаў у палон не браць, растрэльваць на месцы. “Прывілея” ў камуністаў у час вайны была адна: першымі пакінуць акоп у час наступлення, апошнімі – у адступленні.
Такім чынам, многія краіны прымалі ўдзел у агульнай барацьбе супраць фашысцкага блока, іх намаганні і стойкасць несумненны. Разам з тым аб’ектыўны падыход да гістарычных фактаў 1941-1945 гг. сведчыць аб рашаючай ролі Чырвонай Арміі ў вызваленні народаў Еўропы і Азіі ад фашысцкага рабства, у выратаванні сусветнай цывілізацыі.Чырвоная Армія разбіла галоўныя сілы ваеннай машыны агрэсараў. З 13,6 млн. чалавек, якіх страціла гітлераўская Германія за час Другой сусветнай вайны, 10 млн. знайшлі сабе магілу на ўсходнім фронце. Страты нямецка-фашысцкіх войск на савецка-германскім фронце былі ў 4 разы большыя, чым на заходнееўрапейскім і міжземнаморскім тэатрах ваенных дзеянняў. З гонарам выканаў свой абавязак перад Радзімай і чалавецтвам беларускі народ. Партызанская барацьба, падпольны рух, масавае супраціўленне акупантам мірнага насельніцтва Беларусі, гераічныя дзеянні ўраджэнцаў Беларусі на фронце ператварыліся ў адзін з рашаючых фактараў разгрому фашыстаў.
Пытанні і заданні:1. Ахарактарызуйце стан прамысловасці і сельскай гаспадаркі Заходняй Беларусі. 2. Растлумачце сутнасць паняцця “рэжым санацыі”. 3. Вызначце галоўныя прычыны Другой сусветнай вайны. 4. Адзначце ўклад беларускага народа ў барацьбу супраць фашызму ў гады Вялікай Айчыннай вайны. 5. Назавіце асноўныя формы барацьбы беларускага народа супраць акупантаў. 6. Вызначце фактары, якія забяспечылі Савецкаму народу перамогу над фашысцкай Германіяй.
Глава 2. Беларусь ва ўмовах супрацьстаяння сусветных звышдзяржаў
Тэма 1. Міжнароднае і эканамічнае становішча краіны пасля ІІ сусветнай вайны
§1. Новая расстаноўка палітычных сіл у свеце
§2. Аднаўленне і развіццё народнай гаспадаркі:
а) развіццё прамысловасці;
б) развіццё сельскай гаспадаркі
§1. Другая сусветная вайна закончылася перамогай краін антыгітлераўскай кааліцыі. Яна прывяла да новай расстаноўкі палітычных сіл у свеце. Рашэнні Крымскай канферэнцыі кіраўнікоў СССР, ЗША і Вялікабрытаніі (4-11.02.1945 г.) заклалі асновы пасляваеннага становішча. У адпаведнасці з дамоўленасцямі на Крымскай канферэнцыі ў красавіку – чэрвені 1945 г. прайшла устаноўчая канферэнцыя Аб’яднаных нацый. У яе рабоце ўзялі ўдзел дэлегацыі 50 краін, у тым ліку БССР. 26 чэрвеня 1945 г. прыняты статут ААН, у якім зафіксаваны мэты арганізацыі па падтрымцы міжнароднага міру і бяспекі, развіццю дружалюбных адносін паміж нацыямі, ажыццяўленню міжнароднага супрацоўніцтва ў вырашэнні праблем эканамічнага, сацыяльнага, культурнага і гуманітарнага характару. Праз Статут краіны, уваходзячыя ў ААН, прынялі на сябе абавязацельствы дзейнічаць у адпаведнасці з такімі прынцыпамі як: суверэнная роўнасць дзяржаў; вырашэнне міжнародных спрэчак выключна мірнымі сродкамі; неўмяшанне ў справы, якія тычацца ўнутранай кампетэнцыі любой дзяржавы; адмаўленне ў міжнародных адносінах ад пагрозы сілай або яе прымяненне супраць тэрытарыяльнай недатыкальнасці і палітычнай цэльнасці любой дзяржавы і інш.
Галоўнымі органамі ААН сталі Генеральная асамблея, Савет Бяспекі, Эканамічны і Сацыяльны саветы, Савет па апецы, Міжнародны суд.
Пазней (17.07. – 02.08.1945 г.) на Патсдамскай канферэнцыі з удзелам СССР, ЗША, Вялікабрытаніі абмеркаваны пытанні пасляваеннага становішча Германіі. Краіны пагадзіліся з аднаўленнем у далейшым дзяржаўнага адзінства і развіцця Германіі як міралюбівай дзяржавы. Тут былі падцверджаны і канкрэтызаваны прынцыпы поўнай дэмілітарызацыі, дэманапалізацыі, дэнацыфікацыі і дэмакратызацыі Германіі. Патсдамскае пагадненне ўключала раздзел аб рэпарацыях, а таксама вырашала некаторыя тэрытарыяльныя пытанні: горад Кёнігсберг (з 1946 г. – Калінінград) і прылеглы да яго раён былі перададзены СССР. Заходняя мяжа Польшчы ўстанаўлівалася па лініі Одэр-Заходняя Нейсе. Частка Усходняй Прусіі, якая не адышла да СССР, а таксама тэрыторыя былога свабоднага горада Данцыга (Гданьска) перададзены Польшчы. Асобныя тэрыторыі Італіі перададзены Францыі, Югаславіі, Грэцыі. Фінляндыя вяртала СССР вобласць Петсамо (Пячэнга), уступала ў арэнду раён Поркала-Уд.
У выніку Другой сусветнай вайны склаліся спрыяльныя ўмовы для нацыянальна-вызваленчага руху. Рэзка ўзрастае колькасць краін сацыялістычнага тыпу: такімі становяцца Албанія, Балгарыя, Венгрыя, Польшча, Румынія, Чэхаславакія, Югаславія, В’етнам, Карэя, Кітай, з 1950 г. – ГДР, Куба. Вызваленне гэтых краін Савецкай Арміяй, разгром Германіі і Японіі спрыялі ўстанаўленню тут рэжыму народнай дэмакратыі.
Калі да ІІ сусветнай вайны сацыялізму належала 17% тэрыторыі зямнога шара і 9 % насельніцтва, то ў 1955 г. сусветная сістэма сацыялізму займала больш за 25 % тэрыторыі і 35% насельніцтва. Як бачна, свет раскалоўся на дзве супрацьлеглыя сістэмы. Уладальнікі ядзернай зброі, цэнтральныя дзяржавы СССР і ЗША павялі барацьбу за геапалітычную перавагу. Прэзідэнт ЗША Г.Трумэн у сакавіку 1947 г. запрасіў у Кангрэса сваёй краіны 400 млн. долараў на “падтрымку свабодным народам, якія супраціўляюцца спробам закабалення, зыходзячым ад узброенай меншасці або знешняга ціску”. Гэта дактрына з’явілася палітычным касцяком шырокамаштабнай стратэгіі “стрымлівання камунізму”, а яе эканамічным стрыжнем стаў “план Маршала”. Дж. Маршал – Дзяржаўны сакратар ЗША ў чэрвені 1947 г. прапанаваў аказаць эканамічную дапамогу еўрапейскім дзяржавам з мэтай аднаўлення разбуранай у гады Другой сусветнай вайны эканомікі.
Зразумела, што эканамічная дапамога з боку ЗША ў такім памеры прадугледжвала не толькі змякчэнне сусветнага эканамічнага крызісу, але і падпарадкаванне эканомікі заходнееўрапейскіх краін ЗША. Да “плана Маршала” далучылася 16 краін (Вялікабрытанія, Францыя, Аўстрыя, Бельгія, Галандыя і інш.). Ажыццяўляўся “план Маршала” у выглядзе бязвыплатнага дару ў доларах”, бязвыплатнага забеспячэння таварамі і ў форме крэдытаў. СССР адмовіўся ад удзелу ў “плане Маршала” і прапанаваў альтэрнатыву “план Молатава”. Праз “план Маршала” ЗША атрымалі саюзнікаў у глабальным супрацьстаянні звышдзяржаў. Замацаванне тэндэнцыі да канфрантацыі ў адносінах Усход – Захад прывяло да падпісання ў Вашынгтоне ў красавіку 1949 г. Паўночнаатлантычнага пакта (НАТА), а затым і СЕАТА (1954 г. ) і адказ на гэта – стварэнне ў 1955 г Варшаўскага блока. Паміж імі пачынаецца палітычнае, эканамічнае, ваеннае супрацьстаянне. Каб дасягнуць ваеннага парытэту, важнае месца бакі адвадзілі стварэнню сучаснага ўзбраення. У той жа час кіраўніцтвам СССР вылучаецца прынцып мірнага суіснавання ў якасці прынцыпа суадносін паміж супрацьлеглымі сістэмамі.
§2. а).Вайна нанесла народнай гаспадарцы і культуры Беларусі велізарныя страты: разбурана і спалена 209 гарадоў і раённых цэнтраў (з 270), 9200 вёсак. Разбураны амаль усе прамысловыя прадпрыемствы. Поўнасцю знішчана маёмасць калгасаў і саўгасаў, знізілася пагалоўе буйной рагатай жывёлы. У Беларусі засталося 5 % даваенных энергетычных магутнасцей. Яна страціла больш за 50 % свайго нацыянальнага багацця, кожнага чацвёртага жыхара (пры новым падліку кожнага трэцяга).
Нельга пералічыць усё, што спалена, разбурана, разрабавана, вывезена ў Германію, але магчыма адзначыць, што застаўшаяся пасля вайны прамысловасць Беларусі адкінута ў стан сярэдзіны 20-х гг., а ўзровень жыцця насельніцтва (забяспечанасць харчаваннем, вопраткай, абуткам, медыцынскай дапамогай, магчымасці матэрыяльнай базы культуры) без перабольшвання ў пачатак аднаўлення пасля грамадзянскай вайны. Аднаўленне народнай гаспадаркі БССР пачалося па меры вызвалення тэрыторыі. На дапамогу прыйшлі ўсе рэспублікі Савецкага Саюза, завозілася прамысловае абсталяванне, трактары, камбайны, прыехалі падрыхтаваныя спецыялісты.
Складаным і цяжкім быў пераход да мірнага будаўніцтва. І тым больш трэба адзначыць, што аднаўленне разбурэнняў вялося з вялікім напружаннем сіл і велізарным уздымам, патрыятычным энтузіязмам.
У верасні 1946 г. быў прыняты пяцігадовы план аднаўлення і развіцця народнай гаспадаркі БССР (1946-1950 гг.). Асноўная задача гэтай пяцігодкі заключалася ў тым, каб аднавіць разбурэнні вайны і дасягнуць даваеннага ўзроўню, а затым перавысіць гэты ўзровень у значных памерах. План устанаўліваў канкрэтныя заданні па аднаўленні разбураных вайной прадпрыемстваў. Асаблівае значэнне надавалася развіццю вядучых галін прамысловасці: энергетыцы, машынабудаванню, хіміі. Неабходна было пераадолець эканамічную і тэхнічную адсталасць заходніх абласцей Беларусі.Развіццё прамысловасці ў Беларусі ў пасляваенны час адбывалася на больш высокай тэхнічнай аснове, ішло хуткімі тэмпамі, якія значна перавышалі даваенныя
За гады вайны тэхнічная думка зрабіла крок наперад, і прадпрыемствы, якія будаваліся ў БССР, улічвалі гэта. Яны атрымлівалі сучасную тэхніку і новую тэхналогію. Выкарыстана і частка тэхнічнага прамысловага абсталявання, атрыманага па рэпарацыях з Германіі.
Для аднаўлення прамысловасці БССР за 4-ую пяцігодку былі ажыццёўлены будаўнічыя работы, якія перавысілі па аб’ёме тры даваенныя. У 1950 г. прамысловасць выпусціла валавай прадукцыі на 15 % больш, чым у 1940 г. У Мінску пабудаваны ў гэтай пяцігодцы аўтамабільны і трактарны завод, у Оршы – завод швейных машын; у Віцебску – дывановы камбінат.
Віцебшчына за гады 4-й пяцігодкі стала адным з цэнтраў станкабудавання і металаапрацоўкі, яна ж адраджалася і як цэнтр лёгкай прамысловасці. У планах пяцігодкі ўлічвалася, што прамысловасць вобласці ў выніку цяжкіх для яе страт не ў стане будзе за пяць год дасягнуць даваеннага ўзроўню вытворчасці. Тут намячалася выпусціць валавай прамысловай прадукцыі прыкладна 80 % да ўзроўню 1940 г.
У пачатку 50-х гг. назіраецца паскоранае разгортванне навукова-тэхнічнай рэвалюцыі. У гады 5-й пяцігодкі (1951-1955 гг.) у БССР апераджальнымі тэмпамі ідзе развіццё тых галін прамысловасці, якія забяспечваюць навукова-тэхнічны прагрэс усёй народнай гаспадаркі: машынабудавання, металаапрацоўкі, хімічнай і нафтахімічнай прамысловасці. Бярэцца накірунак на індустрыяльнае развіццё. У выніку адбываецца значнае ўдасканаленне тэхнікі і тэхналогіі, механізацыя вытворчасці. У асобных галінах ужо выкарыстоўваецца аўтаматыка. Высокамеханізаванымі сталі торфапрадпрыемствы, прадпрыемствы швейнай прамысловасці.
На больш высокі ўзровень механізацыі і аўтаматызацыі выводзіцца беларуская прамысловасць ад сярэдзіны 50-х да сярэдзіны 60-х гг. У гэты час прыярытэтнай галіной (з 1958 г.) становіцца хімічная прамысловасць. Шмат увагі надаецца развіццю галін цяжкай прамысловасці. З 1956 па 1965 г. у рэспубліцы пабудаваны прадпрыемствы-гіганты: Белаўтазавод (Жодзіна), Полацкі нафтаперапрацоўчы завод, Мінскі маторны, Полацкі завод “Шкловалакно”, завод аўтаматычных ліній (Мінск) і іншыя.
У вялікіх памерах вялося жыллёвае будаўніцтва, будаўніцтва школ, культурна-асветных і навуковых устаноў. Будаўнічая галіна становіцца буйнейшай у рэспубліцы. Створаны магутныя будаўнічыя арганізацыі. У 1948 г. на будоўлях было занята больш за 30 тыс. чалавек, а ў 1965 г. – ужо 171,3 тыс. Будаўнікі прымяняюць перадавую па тым часе тэхніку. У 50-х гадах робіцца пераход на індустрыяльнае будаўніцтва на аснове ўкаранення зборнага жалезабетону. Вялікая колькасць людзей атрымала жыллё.
За гады вайны прыйшлі ў заняпад усе віды транспарту. Аднаўленне чыгуначнага транспарту прыйшлося пачынаць у складаных умовах. Не хапала паравозаў, рухомага саставу. Вялося будаўніцтва чыгуначнага палатна, уводзіліся вакзалы, паравозныя і вагонныя дэпо. У 1965 г. удалося дасягнуць не толькі даваеннага ўзроўню перавозак грузаў і людзей, а значна (у 2,6 раза) пераўзысці іх. Аб’ём перавозак аўтамабільным транспартам у 1965 г. узрос у параўнанні з 1940 г. у 65 разоў. У 1960 г. на лініі гарадоў Мінск, Гомель выйшлі тралейбусы. Былі зрухі і ў водным, і ў паветраным транспарце.
У кіраўніцтве прамысловасцю рубежнымі сталі 1957 і 1965 гг. У лютым 1957 пасля ўказанняў з цэнтра адбылася перабудова кіравання прамысловасцю і будаўніцтвам шляхам пераносу кіраўніцтва прадпрыемствамі на месцы. Скасаваны шэраг міністэрстваў і ведамстваў, створаны Савет народнай гаспадаркі (СНГ). Беларусь склала адзіны эканамічны раён. Гэта быў пераход ад галіновага да тэрытарыяльнага прынцыпу кіравання.
У сярэдзіне 60-х гг. кіраўніцтва краіны прызнала, што эканоміка саюзных рэспублік не адпавядае патрабаванням часу. Пагоршыліся паказчыкі, якія характарызавалі эфектыўнасць працы: высокімі былі затраты на адзінку прадукцыі, замарудзіліся тэмпы росту прадукцыйнасці працы, знізіўся каэфіцыент выкарыстання асноўных фондаў, прадпрыемствы не былі зацікаўлены ва ўкараненні навейшых дасягненняў. Стала зразумела, што такім шляхам спаборніцтва ў капіталістычных краін выйграць немагчыма. Вераснёўскі (1965 г.) Пленум ЦК разгледзеў пытанне “аб паляпшэнні кіраўніцтва прамысловасцю і ўзмацненні эканамічнага стымулявання прамысловай вытворчасці”. Выпрацаваная і прынятая праграма прадугледжвала ўвядзенне ў дзеянне дзяржразліковых і таварна-грашовых механізмаў. Скарочаны шэраг паказчыкаў кантролю за дзейнасцю прадпрыемстваў, галоўным паказчыкам прызнана атрыманне прадпрыемствам прыбытку.
Вынікі рэформы аказаліся неблагімі. Эканамісты называюць 8-ю пяцігодку (час укаранення рэформы) “залатой”. Сапраўды, па ўсіх сацыяльна-эканамічных паказчыках перыяд 1966-1970 гг. быў лепшым за апошнія 30 год. Прадукцыйнасць працы ўзрасла на 39%. Павысіўся тэхнічны ўзровень прадпрыемстваў, на іх абсталяваны паточныя і аўтаматычныя лініі, больш стала комплексна-механізаваных вытворчасцей, участкаў і цэхаў. У Беларусі за 1966-70 гг. уведзена 50 буйных прадпрыемстваў. У Віцебскай вобласці ў гады 8-й пяцігодкі ў лік дзеючых уступілі першыя тры агрэгаты Лукомльскай ДРЭС, Полацкі хімкамбінат, дзве ўстаноўкі па першапачатковай пераапрацоўцы нафты. Прадпрыемствы вобласці мелі добрыя паказчыкі: у пачатку 1971 года прыбытак іх узрос удвая, аб’ём вытворчасці – на 78%, вытворчасць працы – на 43%. Гэтыя паказчыкі былі вышэй, чым у БССР і ў краіне ў цэлым. Рэспубліка датэрмінова выканала пяцігадовы план па ўсіх асноўных паказчыках. Аб’ём вытворчасці павялічыўся прыкладна на 80% замест 70 планавых.
Як бы па інерцыі фактары, што садзейнічалі ўздыму эфектыўнасці, дзейнічалі і ў першай палове 70-х гг. У БССР у строй увайшлі 90 новых буйных прамысловых прадпрыемстваў, прадукцыйнасць працы ўзрасла больш чым на 43%, аб’ём прамысловай прадукцыі – на 64%.
Як бачна, на працягу нейкага часу гаспадарчая рэформа надала пэўны і відавочны імпульс эканамічнаму развіццю. Яна развязала ініцыятыву калектываў, стымулявала развіццё вытворчых аб’яднанняў, унутры якіх на больш высокім узроўні вырашаліся пытанні тэхнічнага пераўзбраення, удасканалення арганізацыі працы, сацыяльныя праблемы.
Станоўчыя вынікі назіраліся ў развіцці будаўнічай індустрыі, транспарту, сувязі. У БССР у 1965 г. налічвалася 355 падрадных будаўнічых і мантажных арганізацый, у 1975 г. – ужо 760, пашыралася іх матэрыяльна-тэхнічная база, укараняліся новыя тэхналогіі, рэзка ўзрасла прадукцыйнасць працы. Шмат узводзілася жылля, устаноў сферы народнай асветы, культуры, навукі, быту.
Беларуская чыгунка, якая была сярод чыгунак СССР як бы палігонам для апрабавання ўсяго новага, у 8-й пяцігодцы поўнасцю перайшла на перавозкі грузаў і пасажыраў цеплавозамі і электравозамі, перавага надавалася толькі велікагрузным саставам. Цалкам электрыфікавана асноўная чыгуначная лінія Беларусі Брэст – Масква.
Аўтамабільны транспарт папаўняўся больш камфартабельнымі аўтобусамі, больш моцнымі грузавымі аўтамабілямі, насельніцтва набыло вялікую колькасць аўтамабіляў асабістага карыстання. З 1984 г. у Мінску пачало дзейнічаць метро. Што тычыцца рачнога транспарту, то ў Беларусі ён не меў такога значэння, як у іншых рэгіёнах. У 1985 г. на яго прыпадала толькі 2,4 % грузаабароту.
Трэба аддаць належнае сувязістам рэспублікі. Пошта, тэлеграф, тэлефон, радыё, тэлебачанне ў асноўным задавальнялі ўзрастаючыя запатрабаванні насельніцтва. Лісты, пасылкі, грашовыя пераводы прыходзілі да адрасатаў своечасова. Тут дзяржаўная цэнтралізаваная сістэма фукнкцыянавала амаль што бездакорна. Магчыма, не даставала высокай тэхнічнай абсталяванасці на тэлеграфе, наглядалася адставанне ад развітых краін у якасці і колькасці тэлефонаў на 10 тыс. жыхароў. У той жа час колькасна пашыралася радыё і тэлебачанне: ад 1965 да 1985 лік радыёкропак вырас у 3 разы, тэлевізараў – у 8 разоў.
б). У пасляваенны час асабліва прыкметна адставала сельская гаспадарка. Гэта звязана з разбурэннямі ў час вайны, з прымусовай калектывізацыяй індывідуальных гаспадарак, з неабдуманым узбуйненнем калгасаў. Адсутнасць прынцыпу матэрыяльнай зацікаўленасці, высокія нормы грашовых падаткаў, абавязковыя пастаўкі дзяржаве (без уліку ўраджаю), недахоп спецыялістаў, тэхнікі – вось прычыны масавага адтоку сялян з вёскі і невысокая эфектыўнасць працы калгаснікаў.
Такое становішча прымусіла ўлады звярнуць увагу на гэтую галіну гаспадаркі. У 1953 г. робіцца спроба пераламіць склаўшаеся становішча ў сельскай гаспадарцы. На вераснёўскім (1953 г.) Пленуме ЦК КПСС упершыню былі вызначаны меры па эканамічным умацаванні сельскагаспадарчай вытворчасці, пашырэнні самастойнасці калгасаў і саўгасаў, матэрыяльнай зацікаўленасці сялян. Пасля Пленума ЦК паніжаны грашовы падатак з калгаснікаў (прыкладна ў 2 разы), рэзка павялічаны закупачныя цэны на мяса, малако, масла, бульбу і агародніну, значна паніжаны нормы абавязковых паставак дзяржаве прадуктаў жывёлагадоўлі, бульбы і агародніны як калгасамі, так і асабістымі гаспадаркамі калгаснікаў. На работу ў калгасы і саўгасы рэспублікі за 1953-54 гг. накіравана прыкладна 6 тыс. аграномаў, тэхнікаў і іншых спецыялістаў. Аказала дапамогу БССР у кадрах Ленінградская вобласць. Вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя ўстановы вобласці накіравалі ў БССР больш за 200 інжынераў і тэхнікаў. У вялікай колькасці вялася падрыхтоўка спецыялістаў у самой рэспубліцы: за 1965 г. з вышэйшых і сярэдніх спецыяльных устаноў рэспублікі выпушчана 7350 спецыялістаў.
Умацоўвалася матэрыяльна-тэхнічная база сельскай гаспадаркі. У 1956 г. магутнасць трактарнага парка ў калгасах рэспублікі ўзрасла (у параўнанні з 1950 г.) больш чым у 2 разы, колькасць камбайнаў павялічылася ў 5,5 раза. У 1965 г. на палетках працавала 43 тыс. аўтамабіляў, 55 тыс. трактароў, 13,5 тыс. камбайнаў. Важнае значэнне мела перадача ў 1958 г. тэхнікі з МТС у калгасы і саўгасы. Гэта прывяло да ўмацавання іх матэрыяльна-тэхнічнай базы. Наглядаліся прыклады творчых адносін да працы калгаснікаў. Да такіх гаспадарак належыў калгас “Рассвет” Магілёўскай вобласці – старшыня К.П.Арлоўскі. Валавая прадукцыя сельскай гаспадаркі рэспублікі ў 1958 г. у параўнанні з 1953 г. склала больш за 200 %.