Яшчэ адно прызнанне ў любові

Верш Генадзя Бураўкіна “Край мой”

Не залаты зусім,

не срэбны

Быў на табе заўсёды ўбор,

Звычайны самы, самы зрэбны:

Зялёны луг ды сіні бор...

Названы верш Генадзя Бураўкіна – адзін з цудоўнейшых узораў як для выхавання паэтычнага густу, так і для фарміравання нацыянальнай самасвядомасці малодшых школьнікаў. Любоў аўтара да Радзімы найперш выяўляецца ў вершы праз замілаванне яе прыродай. Любіць Радзіму – значыць умець бачыць яе някідкую прыгажосць, блізкую і дарагую для кожнага беларуса.

Мэты:

  • дапамагчы вучням зразумець ідэйна-эстэтычны змест верша Генадзя Бураўкіна “Край мой”;
  • зацікавіць дзяцей жыццём і творчасцю паэта;
  • спрыяць развіццю ўзнаўляльнага і творчага ўяўлення малодшых школьнікаў, вучыць іх разуменню вобразнага значэння моўных сродкаў, прыахвочваць да самастойнай літаратурнай творчасці;
  • вучыць пачынаючага чытача бачыць асобу аўтара, разумець аўтарскую пазіцыю;
  • выхоўваць цікавасць да паэзіі, павагу да пісьменніцкай працы, пачуццё гонару за беларускую літаратуру.

Парадак працы

1. Уступная праца – Сёння на ўроку мы пазнаёмімся з вершам аднаго з вядомых сучасных паэтаў Генадзя Бураўкіна пра Радзіму. Я прачытаю верш двойчы, а вы выкажаце мне свае заўвыагі. 2. Чытанне верша настаўнікам на памяць Спачатку педагог чытае гучна, пафасна першыя восем радкоў, пасля чаго звяртаецца да класа:

– Ці так трэба чытаць гэты верш? (Не, не так.) – Чаму не так? (Паэт піша, што ўбор роднага краю самы звычайны, таму і чытаць трэба так, як мы гаворым.) – Усё правільна. Я рады, што вы гэта зразумелі. Цяпер прачытайце верш моўчкі і падкажыце мне, якія пачуцці неабходна перадаць у вершы. (Пачуццё любові, замілаванасці.) – Малайцы, вельмі добра. – Як сын ганарыцца сваёй маці, якая ў кожнага чалавека толькі адна, так і паэт ганарыцца сваёй Радзімай, беларускім краем. Настаўнік яшчэ раз чытае верш на памяць, выдзяляючы ключавыя словы, прытрымліваючыся адпаведнага тэмпу. 3. Самастойнае чытанне верша вучнямі 4. Аналіз верша, практыкаванні ў выразным чытанні – Звярніце ўвагу на назву твора: звычайна гавораць і пішуць «наш край», «мой край», а ў дадзеным выпадку словы памяняліся месцамі. – Чаму паэт зрабіў так? З. М. У дыялогу настаўніка з класам высвятляецца, што пры такім становішчы лагічны націск пераходзіць на слова «мой», якое набывае статус выказніка ў двухсастаўным сказе (вядома, дзецям гэта трэба сказаць па-другому). Тым самым паэт падкрэслівае сваю вернасць зямлі бацькоў. – Падрыхтуйцеся прачытаць услых першыя восем радкоў. Як вы разумееце слова «зрэбны». (Зрэб’е – гэта саматканае адзенне, якое нашы продкі насілі штодня.) – Чаму аўтар ужыў гэтае не зусім зразумелае сёння слова? ( Генадзю Бураўкіну дарагое ўсё, што звязана з Радзімай, з яе даўніной. «Зрэбны» – гэта не толькі «просты», але і «дарагі».) – А якое слова супрацьпастаўлена слову «зрэбны»? (Срэбны.) – Як гучаць гэтыя словы, чым адрозніваюцца? (Яны рыфмуюцца, адрозніваюцца ўсяго адным гукам.) – Такая вельмі дакладная рыфма дапамагае нам выразней ўявіць створаную карціну, а таксама робіць паэтычныя радкі запамінальнымі. А што мае на ўвазе аўтар, калі піша, што ўбор роднага краю «не залаты зусім, не срэбны» (На Беларусі няма высокіх гор, мора, ніякіх цудаў... Няма таго, што можа здзівіць чалавека..) – Прачытайце верш моўчкі і знайдзіце радкі, у якіх гэтая ж думка выказана па-іншаму, другімі словамі. (Вучні знаходзяць і чытаюць:

Ты не сляпіў вачэй.

Быў просты

Ва ўсе вякі твой родны ўзор:

Гаёў бялюткія бяросты.

Густы блакіт лясных азёр... )

– Якія малюнкі прыроды вабяць, захапляюць паэта? Чытайце па аднаму малюнку. («Зялёны луг». «Ды сіні бор». «Каля дарогі жыта ў полі»...) – Як вы разумееце слова прыпол (ніжні пярэдні край сукенкі, кашулі, фартуха). – У прыполе насілі букецікі лекавых траў, шчаўе... Калі жанчыны вышывалі ці вязалі, у прыполе ляжалі клубкі нітак... Што ўбачыў паэт у прыполе восені? Прачытайце. (Вучні знаходзяць і чытаюць радкі:

Ды ў жоўтым восеньскім прыполе

Рабін даспелых аганькі.) – А што яшчэ можна заўважыць у «жоўтым восеньскім прыполе»? (Грыбы, арэхі, кветкі верасу.) – Бачыце, якую цудоўную карціну сапраўдны паэт здольны намаляваць усяго некалькімі словамі. Калі б мы прачыталі, што восенню паспела рабіна, – усё было б вельмі звычайна, не цікава... Давайце мы з вамі трохі паразважаем. Якога колеру прыпол у лета? Як вы лічыце? (Зялёны, яркі, у рамонках.) – А што ў зялёным прыполе лета? (Маліны, суніцы, парэчкі...) – Выходзіць, што ён духмяны і салодкі. А ці можна сказаць: у прыполе вясны? (Нельга. Вясною не бывае ягад, грыбоў, садавіны.) – Пералічыце, калі ласка, яшчэ раз, якія колеры сустракаюцца ў вершы. (Сіні, белы, зялёны, чырвоны.) – Які з іх найчасцей? (Блакітны, сіні.) – Якога колеру ў вершы азёры? (Аўтар піша: «Густы блакіт лясных азёр».) – Чаму паэт кажа, што блакіт густы? (Неба блакітнае, але ад дрэў падае густы цень. Таму колер здаецца менавіта такім.) – А ці ёсць у вершы залаты колер? (Генадзь Бураўкін не выкарыстаў гэтае слова, але залатым можа быць «каля дарогі жыта ў полі».) – Знайдзіце радкі, у якіх выказана прызнанне паэта ў любові да роднага краю. Падрыхтуйцеся працытаць іх услых. (Выслухоўваюцца некалькі чытальнікаў.) – Прасачыце, якія азначэнні выбірае паэт да слова «край». (На дошцы, як працяг назвы твора, запісваецца: «Край мой, беларускі, адзіны, ад калыскі дарагі».) 5. Асэнсаванне ідэйна-эстэтычнага зместу верша, пошук аўтара – Што вы можаце сказаць пра паэта Генадзя Бураўкіна? З якой мэтай ён напісаў верш “Край мой”? (Выслухоўваюцца адказы вучняў на кожнае з пастаўленых пытанняў . Настаўнік робіць падагульненне.) 6. Выразнае чытанне ўсяго верша

З. М. Неабходна заўважыць, што у творы няма ніводнага клічнага сказа і нават два апошнія радкі, дзе паэт прызнаецца ў любові да роднага краю, якая ідзе з ім ад самай калыскі, чытаюцца без клічнай інтанацыі.

7. Заключнае слова настаўніка – Генадзь Бураўкін напісаў многа вершаў, прысвечаных Радзіме. Можа, гэта таму, што сам паэт часта быў адарваны ад яе. Ён працяглы час жыў і працаваў у Амерыцы, дзе абараняў інтарэсы Беларусі ў ААН. На словы Генадзя Бураўкіна напісана шмат песень. Яны склалі кнігу, якая называецца «Табе, Беларусь». (Праслухоўваецца адна з вядомых песень на словы Генадзя Бураўкіна, прысвечаных Радзіме.) 8. Дамашняе заданне Вывучыць верш Генадзя Бураўкіна “Край мой” на памяць.

Слова, пачуццё, Паэзія

Верш Рыгора Барадуліна «Восьмы дзень сакавіка»

Светлы месяц

Сакавік

Светлым дням

Вядзе падлік.

Як два сонцы –

Лічба восем.

Кветкі ўдзячнасці

Прыносім.

Мэты:

· дапамагчы вучням зразумець эстэтычны змест верша Рыгора Барадуліна «Восьмы дзень сакавіка»;

· зацікавіць дзяцей жыццём і творчасцю паэта;

· удасканальваць навыкі выразнага чытання клічных сказаў;

· актывізаваць эмацыянальную памяць вучняў, стварыць атмасферу суперажывання, эмацыянальнага водгуку на твор;

· выхоўваць пачуццё любові да маці, да роднай мовы, цікавасць да беларускай паэзіі.

Парадак працы

1. Уступная праца Дзеці чытаюць дамашнія сачыненні, прысвечаныя маці.

З. М. Пры аналізе мастацкага твора настаўнік не павінен саромецца іншым разам выканаць заданні, што прапануюцца вучням. Пасля таго, як дзеці прачыталі дамашнія сачыненні, ён можа ўспомніць самага дарагога яму чалавека. Словы гэтыя паспрыяюць духоўнаму яднанню настаўніка з выхаванцамі, нададуць шчырасці і адкрытасці ва ўзаемаадносінах. Дзеці адчуюць у настаўніку старэйшага сябра, якому можна даверыць самае патаемнае. 2. Чытанне верша настаўнікам на памяць 3. Высвятленне эмацыянальнага ўздзеяння твора на вучняў Дзеці дзеляцца ўражаннямі ад пачутага, гавораць пра тое, што ім найбольш запомнілася. З. М. Верш надзвычай лёгкі для ўспрымання. Няма неабходнасці «даследаваць» тут кожную метафару. Ёсць толькі нагода здзівіцца майстэрству сапраўднага мастака слова, адчуць радасць ад судакранання з сапраўднай Паэзіяй. Рыгор Барадулін выдатна арыентуецца на ўзрост юнага чытача, ніколі не абражае недаверам да яго здольнасцей разумець паэтычнае слова. Ужо першы сказ напоўнены сонцам, святлом і вясною: сакавік, светлы месяц, светлыя дні. Вучні ўчытваюцца ў барадулінскія словы і атрымліваюць задавальненне ад мелодыкі верша. 4. Аналіз верша, практыкаванні ў выразным чытанні, асэнсаванне аўтарскай задумы і “пошук аўтара”» – Колькі ж дзён ужо адлічыў сакавік? – З чым параўноўвае паэт лічбу восем? («Як два сонцы лічба восем».) – За што вы прыносіце мамам «кветкі ўдзячнасці»? (За тое, што мама найлепшая, самая прыгожая, за тое, што любіць, проста за тое, што яна мама...)

– Падрыхтуйцеся да чытання клічных сказаў. Падумайце, з якой інтанацыяй іх трэба прачытаць. (Выслухоўваюцца некалькі чытальнікаў.)

Мамін дзень –

Жаданы самы!

Сонца,

Мыйся даясна!..

– Скажыце, як вы разумееце заключныя радкі: «Ад усмешкі любай мамы пачынае шлях вясна». («Маміна ўсмешка сагравае сэрцы дзяцей, як сонца сагравае зямлю», «Усе мамы заўсміхаліся – і таму пачалася вясна», «Калі мама ўсміхнулася, пахваліла цябе за нешта, тады і ў дрэннае надвор’е настрой робіцца выдатным...» Настаўнік хваліць дзяцей за цікавыя адказы, робіць падагульненне.) – Напэўна, усё гэта меў на ўвазе народны пісьменнік Беларусі Рыгор Барадулін, калі пісаў верш. І для яго вясна пачынала шлях «ад усмешкі любай мамы», Куліны Андрэеўны. Бацька паэта не вярнуўся з вайны, і маці на ўсё жыццё засталася для яго самым дарагім чалавекам. Паэт усюды гаворыць, што ён заўсёды вучыўся ў маці дабрыні, любові да людзей і да роднай зямлі. Ад маці ён запісаў некалькі соцен народных песень, з яе вуснаў пачуў мноства прыказак, жартаў, цікавых выразаў. І нават паэтам, па прызнанні самога Рыгора Іванавіча, ён стаў дзякуючы маці. (Настаўнік паказвае вучням кнігу Рыгора Бадуліна «Евангелле ад мамы», чытае асобныя радкі вершаў.) Цікава заўважыць, што народны пісьменнік, немалады чалавек, называе маці як і ў дзяцінстве – «мама». А з якімі словамі звяртаецеся да сваіх маці вы? (Дзеці па чарзе называюць словы. На чыста вымытай дошцы каляровай крэйдай і прыгожым каліграфічным почыркам, не спяшаючыся, настаўнік запісвае шчымлівыя словы-пачуцці.) Дзеці, паслухайце, якімі яшчэ словамі звяртаюцца да маці ў розных кутках нашай Беларусі. Ні ў аднаго народа свету няма столькі ласкавых слоў пра самага дарагога чалавека. Гэтым трэба ганарыцца, бо адносіны да маці характарызуюць яго самога. Вось гэтыя цудоўныя словы: мама, мамачка, мамулька, мамулечка, мамуля, мамуленька, маці, матуля, матулька, матулечка, матуленька… (даследчыкі налічваюць сорак і больш слоў). Паспрабуем да запісаных слоў падабраць азначэнні. Дапамагайце мне: родная, дарагая… (Мілая, любая, любімая, добрая, нястомная, адзіная, клапатлівая, ласкавая, пяшчотная, руплівая…). З. М. Усе гэтыя словы народжаныя пачуццём. Моўныя сродкі і пачуццё павінны яднацца не толькі на ўроках, прысвечаных маці, але і на ўсіх астатніх уроках літаратурнага чытання. Слова, сагрэтае пачуццём пісьменніка і прапушчанае праз уражлівую дзіцячую душу, набывае магічную сілу. Такія словы асабліва выразна высвечваюцца у кантэксце мастацкага твора. – Які чалавек мог напісаць верш «Восьмы дзень сакавіка»? (Таленавіты, добры, чалавек які з павагаю адносіцца да ўсіх маці.) – Так, і зрабіў ён гэта па-майстэрску. На цяперашні час Рыгор Барадулін адзін з найбольш вядомых беларускіх паэтаў. Яго вершы перакладзены на многія мовы свету. 5. Дамашняе заданне Вывучыць верш на памяць, падрыхтавацца да конкурсу чытальнікаў. З. М. Як можна заўважыць, на дадзеным уроку арганічна спалучыліся слова і пачуццё, а калі браць па вялікаму рахунку – методыка, лінгвістыка, псіхалогія і літаратуразнаўства. Але ў пачатку было слова, у нашым прыкладзе – «мама».

Літаратура, рэкамендаваная для самастойнай працы (канспекты ўрокаў)

Наши рекомендации