Спрадвечна беларуская лексіка
У спрадвечна беларускай лексіцы вылучаецца некалькі гістарычных пластоў слоў:
1) агульнаіндаеўрапейскія словы (узніклі за 3–2 тыс. да н. э.). Адзначаюцца ў індыйскіх, іранскіх, германскіх, раманскіх, балтыйскіх, славянскіх і іншых моўных группах, якія з'яўляюцца роднаснымі, але ў рознай ступені, што выяўляецца ў неаднолькавым падабенстве знешняй формы слова. Гэта словы, якія звязаны з намінацыяй найбольш блізкіх чалавеку рэалій, што непасрэдна акружалі яго будзённае жыццё. Да такіх слоў належаць наступныя назвы:
– адносін роднасці і сваяцтва (сын, мама, брат, дачка, дзевер);
– органаў і частак цела (язык, нос, зуб, бровы, века, грудзі, грыва, калена);
– звяроў, птушак і іншых істот (карова, каза, воўк, мыш, дрозд, журавель, аса, блыха);
– раслін, пладоў (дуб, клён, бяроза, гарох);
– прадметаў і прылад працы (саха, цэп, жорны, вось);
– пабудоў і іх частак (дом, дзверы, вароты);
– частак зямной паверхні (мора, скала, камень, гара, бераг, балота);
– часавых паняццяў (ноч, дзень, вечар, век);
– атмасферных з'яў (снег, град, вецер, раса) і г. д.;
2)агульнаславянская лексіка(праславянская) – пэўны пласт слоў-нікавага складу сучасных славянскіх, у тым ліку і беларускай, моў, атрыманы ў спадчыну ад праславянскай мовы (узніклі да 6 ст. н. э.). У сучаснай беларускай мове больш за 1,5 тыс. слоў праславянскага фонду.
У тэматычным плане агульнаславянская лексіка ахоплівае разнастайныя сферы матэрыяльнага і духоўнага жыцця: назвы асоб, у тым ліку паняцці роднасці і сваяцтва: чалавек, дзед, свёкар, дзіця, сват, нявестка, кум, сястра, унук; частак цела: рука, вока, нос, галава, локаць, палец, сэрца, шыя, барада; жывой і нежывой прыроды: бык, алень, баран, мядзведзь, куніца, ліса, заяц, варона, рыба, пчала, мароз, вада, снег, вецер; раслін і іх сукупнасцей: лес, мох, трава, вярба, яблыня, чаромха, сліва, арэх, асака, ліпа; пораў года і адрэзкаў часу: зіма, лета, дзень, ноч, раніца; геаграфічных аб’ектаў: зямля, возера, рака; прылад: нож, барана, вілы, граблі, каса, серп; прадметаў зброі: кап'ё, лук, страла; прадуктаў харчавання: хлеб, мёд, піва; адцягненых паняццяў: воля, жыццё, радасць, бяда; дзеянняў: ісці, несці, плесці, спяваць; лікаў: сем, два, дзесяць, сто; колераў і якасцей: белы, малады, хітры. Многія з прыведзеных слоў і зараз ужываюцца ва ўсіх славянскіх мовах (або ў большасці іх), параўн.: бел. галава, рус. голова, укр. голова, пол. głowa, чэш. hlava, балг. глава. Да агульнаславянскай лексікі адносіцца большасць займеннікаў і службовых слоў (прыназоўнікі, злучнікі).
У беларускай мове агульнаславянскія словы набылі своеасаблівае фанетычнае аблічча. Яны характарызуюцца поўнагалоссем, дзеканнем, цеканнем, яканнем, прыстаўнымі гукамі: галава, дзед, несці, пячы, восень. Па колькасці слоў гэты гістарычны пласт лексікі адносна невялікі (прыкладна чвэрць усіх слоў, якімі мы карыстаемся), але па частаце ўжывання – адзін з самых актыўных (агульнаславянскія словы складаюць 50 працэнтаў з тысячы найбольш частых слоў беларускай мовы);
3) агульнаўсходнеславянская лексіка – пэўны пласт слоўнікавага складу беларускай, рускай і ўкраінскай моў, утварэнне якога адносіцца да перыяду выдзялення і самастойнага жыцця ўсходніх славян (з 6 да 13 ст.). У яго ўваходзяць агульнаславянскія словы, якія выйшлі з ужытку ў паўднёва- і заходнеславянскіх мовах: бацька, дзядзька, пляменнік, бондар, знахар, селянін, ганец, куст, лог, сабака, сям’я, сорак, дзевяноста; новаўтварэнні, зыходнай базай якіх быў агульнаславянскі лексічны фонд і якія або ўзнікалі адначасова ва ўсіх усходнеславянскіх мовах, або пранікалі з адной мовы ў другую і станавіліся агульным здабыткам: вотчына, пісар, намеснік, карчма, дваранін. Да ўсходнеславянскай лексікі належаць таксама словы аднаго гукавога афармлення, але рознага значэння ў кожнай мове: бел. буйны (вялікі, значны), рус. буйный (буян), укр. буйний (пышны) або ўтвораныя ад розных каранёў, але якія існуюць ва ўсіх усходнеславянскіх мовах для выражэння адных паняццяў: бел. палохаць, рус. пугать, укр. лякати. У тэматычным плане ўсходне-славянская лексіка багатая і разнастайная: гэта і назвы жывой і нежывой прыроды: леў, кошка, камар, корань, кара; раслін і іх сукупнасцей: асіна, вяз, сад, куст, ажыны, перац, хвошч, малачай; і словы, звязаныя з гаспадарчай дзейнасцю чалавека, земляробствам, жывёлагадоўляй, паляваннем: плуг, пшаніца, баран, карова, свіння, даіць, стрыгчы і інш. Усходнеславянская лексіка разам з агульнаславянскай складае найбольшую і самую ўстойлівую частку слоўнікавага запасу беларускай мовы;
4) уласнабеларуская лексіка – пэўны пласт слоўнікавага складу беларускай мовы, які ўтварае яе нацыянальную спецыфіку ў параўнанні з лексікай блізкароднасных усходнеславянскіх моў. Уласнабеларускія словы пачалі ўзнікаць у перыяд фарміравання беларускай народнасці (XIV–XVII стст.), а потым і нацыі (XIX–XX стст.).
Да ўласнабеларускай лексікі адносяцца словы, якія ўжываліся на большай частцы ўсходнеславянскай тэрыторыі, але агульнаўжываль-нымі сталі толькі ў беларускай мове: абапал, ачуняць, ухапіць, поспех, волат; словы, утвораныя ад агульнаславянскіх каранёў пры дапамозе ўласнабеларускіх словаўтваральных сродкаў: сейбіт, араты, бараць-біт, абібок, вадзянік, нячысцік, сачыць, адказаць, гаманіць, пакутаваць, абняславіць, хістаць, пазасяваць; словы з беларускіх гаворак: вусны, сківіца, высалапіць, хустка, асілак, гаспадар, адрына, асець, бліскавіца, студня, сякера, скалануцца, арэлі, гнусавы, кратаць; словы, якія абазначаюць уласнабеларускія этнічныя паняцці і рэаліі: крыжачок, лявоніха – беларускія народныя танцы, голікі, дранікі, канюшы – стравы з бульбы; словы, якія адлюстроўваюць далейшы рост прадукцыйных сіл, вытворчасці беларускай нацыі, яе грамадскіх адносін, культуры, эканомікі: вытворчасць, дапаможнік, практыкаванне, ветравей.