Сінтаксічныя асаблівасці навуковых тэкстаў
Спецыфіка навуковых тэкстаў выяўляецца і ў сінтаксісе.
З розных тыпаў сказаў па мэце выказвання часцей за ўсё выкарыстоўваюцца апавядальныя сказы, мэта якіх – паведамленне інфармацыі, якое выражаецца ў сцвярджальнай або адмоўнай форме. Пытальныя сказы ў навуковым стылі маюць сваю спецыфіку: часцей за ўсё яны надаюць адценне навукова-папулярнага выкладу ў пісьмовай форме.
Выкарыстоўваюцца ў навуковых тэкстах і рытарычныя пытанні з мэтай сканцэнтраваць увагу на якім-небудзь палажэнні, пэўнай думцы, аргуменце.
Сказы ў навуковых тэкстах у большасці двухсастаўныя, развітыя, ускладненыя. Характэрна і ўжыванне ўскладненых і складаных сінтаксічных канструкцый.
Пабочныя словы, канструкцыі ў навуковых тэкстах абмежаваны тымі, якія ўказваюць на адносіны паміж часткамі выказвання, а ўстаўныя словы і сказы нясуць дадатковыя звесткі, тлумачэнні, удакладненні, папраўкі.
Са складаных сказаў найбольш ужывальнымі з’яўляюцца складаназалежныя, што адпавядае патрабаванням доказна-лагічнага выкладу ў навуковых тэкстах.
У тэкстах навуковага стылю ўжываюцца і спецыфічныя сродкі міжфразавай сувязі (злучнікі і злучальныя словы): у той час калі, у сувязі з тым што, тым не менш, нягледзячы на тое што, па меры таго як і інш.
Для сувязі абзацаў выкарыстоўваюцца розныя сродкі: лексічныя паўторы, прыслоўі, прыслоўныя словы: тут, спачатку, пасля, вышэй, тады; указальныя і асабовыя займеннікі 3-й асобы.
Для сувязі частак тэксту выкарыстоўваюцца розныя сінтаксічныя канструкцыі: як ужо адзначалася, зразумела, што; відаць, што; неабходна заўважыць, што і інш.
Для ілюстрацыі сказанага прыводзім прыклады тэкстаў навуковага стылю.
1. Амерыканскі паласаты рак займае ў Нідэрландах усе вадаёмы. Тое ж самае адзначаецца ў Германіі, Францыі, Чэхіі, Польшчы, выяўлены рак і на тэрыторыі Гродзенскай вобласці.
З чым жа звязана такая імклівая экспансія амерыканскага віду ў водныя экасістэмы Еўропы? Напэўна, гэта абмоўлена некалькімі прычынамі.
Па-першае, стварылася спрыяльная сітуацыя пасля ракавай чумы, пачатак якой упершыню быў зафіксаваны ў 1860 годзе на тэрыторыі Паўночнай Італіі. Выкліканая грыбком, які паразітуе толькі на раках, яна знішчыла спрадвечныя пасяленні высакароднага, або шыракапальцага, рака – сучасніка мастадонтаў і мамантаў. У наступныя дваццаць гадоў ракавая чума дасягнула вадаёмаў Францыі і Германіі, а адтуль распаўсюджвалася па ўсёй Еўропе.
Паводле ўспамінаў сучаснікаў, гэта было страшнае відовішча. На берагі рэк і азёр у зборышчы сваіх больш дробных сабратаў выпаўзалі гіганты, зарослыя бура-зялёнымі водарасцямі. Пазней такі лёс быў наканаваны і даўгапальцаму раку.
Знішчэнне пагалоўя абарыгенных ракаў абумовіла свядомае перасяленне новага віду. Як выявілася пазней, паласаты амерыканец аказаўся ўстойлівым да ракавай чумы. Па-другое, яго паспяховае ўкараненне ў еўрапейскую фауну звязвацца з вялікай экалагічнай пластычнасцю: прыстасаванасцю да недахопу кіслароду, рэзкіх змен тэмпературы, забруджанасці вадаёмаў.
Па-трэцяе, паласаты рак характарызуецца хуткім узнаўленнем пагалоўя. У спрыяльных умовах шчыльнасць яго пасялення дасягае прыкладна сямідзесяці экзэмпляраў на квадратны метр.
Такім чынам, прышэлец з Амерыкі мае шэраг адаптацыйна-біялагічных пераваг перад нашымі шыракапальцым і даўгапальцым ракамі.
2. Правы чалавека – гэта сістэма нормаў паводзін. Існуюць яны на стыку маралі і права.
З філасофскага пункту гледжання правы чалавека – гэта універсальныя маральныя правы. Звычайныя правы, у адрозненне ад універсальных правоў, пароджаны канкрэтнай жыццёвай сітуацыяй, у якой знаходзіцца чалавек, яго статусам, становішчам у сістэме адносін паміж людзьмі. Напрыклад, глава сям’і мае маральнае права ведаць, што адбываецца ў яго доме.
Універсальныя маральныя правы не залежаць ад канкрэтных абставін і ўласцівыя любому чалавеку ў любой сітуацыі як неабходныя і мінімальныя кампаненты чалавечага гонару. Гэтыя правы вынікаюць з самой прыроды чалавека, і таму іх яшчэ называюць натуральнымі правамі. Чалавек валодае натуральнымі правамі ад нараджэння і незалежна ад таго, ці прызнаюцца яны непасрэдным акружэннем дадзенага чалавека і ці абараняюцца яны дзяржавай.
Уяўленні пра розныя правы і свабоды зараджаліся ў розных культурах і ў розныя эпохі як этычныя меркаванні. З часам гэтыя ўяўленні знаходзілі адлюстраванне ў прававых дакументах: кодэксах, дэкларацыях, канстытуцыях. У развітых сучасных грамадствах правы чалавека з’яўляюцца асновай дзейнага заканадаўства.
У гэтым плане адрозніваюць натуральнае і пазітыўнае права. Натуральнае права ёсць маральны мінімум, які неабходны для захавання грамадства. Пазітыўнае права выражана ў дзейным заканадаўстве. Патрабаванні натуральнага і пазітыўнага права могуць не супадаць. Дастаткова ўспомніць законы гітлераўскага і сталінскага рэжымаў, калі былі здзейснены шматлікія злачынствы супраць чалавечнасці. У гэтых умовах узнікае канфлікт натуральнага і пазітыўнага права: чаму падпарадкоўвацца – законам пісаным або законам найвышэйшым?
У сучасным свеце важнае паняцце метаправа. Метаправа – гэта агульныя правілы для ўладкавання прававых сістэм, іншымі словамі, гэта права для права. Такім чынам, правы чалавека становяцца метаправам.