Прадмет і задачы лексікаграфіі
Лексікаграфія (грэч. lexikos – які адносіцца да слова, слоўнікавы і grapho – пішу) – раздзел мовазнаўства, у якім вывучаюцца тэорыя і практыка складання слоўнікаў. У практычныя задачы лексікаграфіі ўваходзіць збор, сістэматызацыя, фіксацыя лексічнага матэрыялу, у тэарэтычныя – вызначэнне тыпаў слоўнікаў, прынцыпаў размеркавання слоў у слоўнікавых артыкулах, распрацоўка сістэмы памет і прыёмаў тлумачэння значэння слова. Складанне слоўнікаў выклікаецца разнастайнымі навуковымі, культурнымі і практычнымі патрэбамі: растлумачыць значэнне слоў, іх ужыванне, правапіс, паходжанне, дапамагчы ў авалоданні замежнай мовай і інш.
Загаловачнае слова падаецца ў слоўніках у пачатковай форме: назоўнік – у назоўным склоне адзіночнага ліку, прыметнік, дзеепрыметнік – у назоўным склоне адзіночнага ліку мужчынскага роду, дзеяслоў – у неазначальнай форме і г. д. Размяшчэнне слоў у слоўніку можа быць алфавітным і гнездавым. Параўн. слоўнікавыя артыкулы адных і тых жа слоў у «Беларуска-рускім слоўніку» (Мн., 1991), у якім словы падаюцца ў алфавітным парадку, і «Руска-беларускім слоўніку» (Мн., 1982), у якім выкарыстоўваецца гнездавы спосаб падачы слоў:
Смеціць – сорить, мусорить.
Смецце – сор, мусор.
Смеццевы – сорный, мусорный.
Мусор м смецце, -цця ср; ~ить несов. смецціць, засмечваць; ~ный смеццевы; ~ный ящик скрынка для смецця.
Загаловачнае слова разам са звесткамі пра яго складае слоўнікавы артыкул. У залежнасці ад тыпу слоўніка, прызначэння і структуры даецца сэнсавая, граматычная, стылістычная характарыстыка слова; пераклад на іншую мову, ілюстрацыйны матэрыял, тэрміналагічныя і фразеалагічныя спалучэнні, этымалагічная даведка.
Сэнсавую характарыстыку слова складае яго тлумачэнне. Тлумачэнне праводзіцца апісальна або шляхам лагічнага вызначэння, падборам сінонімаў, устанаўленнем словаўтваральных адносін. Усе значэнні мнагазначнага слова падаюцца ў адным слоўнікавым артыкуле і пазначаюцца арабскімі лічбамі; словы-амонімы – у розных артыкулах.
Граматычная і стылістычная характарыстыкі даюцца шляхам выкарыстання розных памет. У граматычную характарыстыку ўвахо-дзяць назвы часцін мовы, паметы роду, трывання, ліку, асобы і інш. У стылістычную – паметы, якія паказваюць абмежаванае ўжыванне слоў (разм., абл., кніж., уст.), сферу іх выкарыстання (спец., бат., філас.).
Слоўнікі беларускай мовы
Паводле прызначэння ўсе слоўнікі аб’ядноўваюцца ў 2 асноўныя тыпы: энцыклапедычныя і лінгвістычныя.
Энцыклапедычныя слоўнікі тлумачаць не словы, а паняцці, абазначаныя гэтымі словамі; у сціслай форме ў іх выкладзены навуковыя веды пра прадметы, з’явы, падзеі; звесткі пра гістарычных асоб, дзеячаў навукі, культуры, асобныя гарады і краіны, іх прыродныя багацці і выдатныя мясціны. Загаловачнымі словамі ў энцыклапедычных слоўніках з’яўляюцца назоўнікі (уласныя і агульныя) або спалучэнні назоўнікаў з прыметнікамі і лічэбнікамі. Яны размяшчаюцца ў алфавітным парадку або паводле тэматычнага прынцыпу (па галінах ведаў). Слоўнікавыя артыкулы ў слоўніках такога тыпу не даюць граматычнай і стылістычнай характарыстык, а таксама тэрмінала-гічных і фразеалагічных спалучэнняў. Указваецца толькі паходжанне запазычаных тэрмінаў, і пазначана месца націску на загаловачных словах. Ілюстрацыямі ў слоўніках гэтага тыпу служаць малюнкі, табліцы, рэпрадукцыі, карты, схемы, фотаздымкі.
Адрозніваюць два віды энцыклапедычных слоўнікаў: агульныя і галіновыя. Агульныя слоўнікі даюць сістэматызаваныя звесткі па ўсіх галінах ведаў і практычнай дзейнасці, галіновыя – па адной якой-небудзь галіне ведаў. Да агульных энцыклапедычных слоўнікаў адносяцца: «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя» (БелСЭ) у 12-ці тамах (1969–1975) і «Беларуская ССР. Кароткая энцыклапедыя» (КЭБССР) у 5-ці тамах (1978–1981), да галіновых – «Этнаграфія Беларусі» (1980), «Архітэктура Беларусі» (1982), «Энцыклапедыя прыроды Беларусі» ў 5-ці тамах (1983–1986), «Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі» ў 5-ці тамах (1984–1987). Выдадзены энцыклапедычныя слоўнікі «Янка Купала» (1986) і «Францыск Скарына і яго час» (1988).
Лінгвістычныя слоўнікі апісваюць словы – іх значэнне, ужыванне, паходжанне, марфемную будову, вымаўленне, напісанне. Загаловачныя словы ў лінгвістычных слоўніках размяшчаюцца або ў алфавітным, або ў алфавітна-гнездавым парадку. Слоўнікавыя артыкулы змяшчаюць сэнсавую, граматычную, стылістычную, этымалагіч-ную характарыстыкі, пераклад на іншую мову, ілюстрацыйны матэрыя, тэрміналагічныя і фразеалагічныя спалучэнні Ілюстрацыямі ў большасці лінгвістычных слоўнікаў з’яўляюцца прыклады ўжывання слоў у сказах, якія бяруцца з літаратурных крыніц.
Лінгвістычныя слоўнікі падзяляюцца на тры віды: аднамоўныя, двухмоўныя і шматмоўныя. Двухмоўныя і шматмоўныя слоўнікі – гэта перакладныя, у якіх словы адной мовы тлумачацца словамі іншай мовы або некалькіх іншых моў. Прыкладам двухмоўных перакладных слоўнікаў з’яўляюцца «Падручны польска-беларускі слоўнік» (1962), «Украінска-беларускі слоўнік» (1980), «Русско-белорусский словарь» у 2-х тамах (2-е выд., 1982), «Беларуска-рускі слоўнік» у 2-х тамах (2-е выд., 1988–1989), школьныя «Белорусско-русский словарь» (3-е выд., 1991) і «Русско-белорусский словарь» С. М. Грабчыкава (1990); шматмоўных – «Нямецка-беларуска-рускі слоўнік» (1988), «Англа-беларуска-рускі слоўнік» (1989).
Аднамоўныя слоўнікі характарызуюць словы адной мовы сродкамі той самай мовы. Паводле прызначэння аднамоўныя слоўнікі падзяляюцца на тлумачальныя, этымалагічныя, арфаграфічныя, слоўнікі сінонімаў, фразеалагічныя, марфемныя, анамастычныя і інш.
Абавязковай у тлумачальных слоўніках з’яўляецца сэнсавая характарыстыка слова. Тлумачальныя слоўнікі падзяляюцца на нарматыўныя, слоўнікі мовы пісьменніка, дыялектныя, гістарычныя.
Нарматыўныя тлумачальныя слоўнікі – «Тлумачальны слоўнік беларускай мовы» ў 5-ці тамах (1978–1984) і «Тлумачальны слоўнік беларускай мовы для сярэдняй школы» А. Я. Баханькова, I. М. Гай-дукевіча, П. П. ІІІубы (выд. 3-е, 1979) – уключаюць і тлумачаць агульнаўжывальную лексіку беларускай літаратурнай мовы. У слоўнікавых артыкулах даецца напісанне слова, указваецца месца націску, прыводзяцца сэнсавая, граматычная, стылістычная характарыстыкі слова, ілюстрацыйны матэрыял, тэрміналагічныя і фразеалагічныя спалучэнні, у некаторых – даведкі пра паходжанне слова.
Слоўнікі мовы пісьменніка апісваюць лексіку твораў таго ці іншага пісьменніка. Гэта своеасаблівы дапаможнік пры вывучэнні асабліва-сцей мовы і стылю пісьменніка (або яго канкрэтнага твора). Прыкла-дам такога слоўніка з’яўляецца «Слоўнік мовы Скарыны» У. В. Ані-чэнкі (т. 1–2, 1977–1984). Падрыхтаваны рукапісы «Слоўніка мовы Якуба Коласа» і «Слоўніка мовы Янкі Купалы».
Дыялектныя слоўнікі фіксуюць словы адной гаворкі, групы гаворак або пэўнага дыялекту, тлумачаць іх значэнне і ўжыванне. Большасць дыялектных слоўнікаў уключае толькі такія словы, якіх няма ў літаратурнай мове або якія адрозніваюцца ад агульнаўжывальных слоў гучаннем, значэннем, словаўтварэннем. Да іх адносяцца «Дыялектны слоўнік» у 3-х тамах Ф. М. Янкоўскага (1959–1970) «Дыялектны слоўнік з гаворак Зэльвеншчыны» П. У. Сцяцко (1970), «Матэрыялы да слоўніка Гродзенскай вобласці» Т. Ф. Сцяшковіча (1972), «Дыялектны слоўнік Лоеўшчыны» Т. С. Янковай (1982), «Тураўскі слоўнік» у 5-ці тамах (1982–1987) і інш.
Гістарычныя слоўнікі характарызуюць лексіку пісьмовых помнікаў пэўнага гістарычнага перыяду. У «Гістарычным слоўніку беларускай мовы» (з 1982 па 1993 г. выйшла 12 выпускаў) даюцца сэнсавая і граматычная характарыстыкі літаратурна-пісьмовай лексікі XIV–ХУІІІ стст., а таксама прыводзіцца прыклад ужывання слова ў якім-небудзь помніку старажытнабеларускай пісьменнасці.
Этымалагічныя слоўнікі – від лінгвістычныхслоўнікаў, у якіх раскрываюцца паходжанне слоў, іх пачатковае значэнне і змены ў значэнні слова. Шматтомны «Этымалагічны слоўнік беларускай мовы» ствараецца ў Інстытуце мовазнаўства АН Беларусі; выйшла 7 тамоў (літары А – Н, 1978–1991).
Арфаграфічныя слоўнікі даюць правільнае, замацаванае нормамі арфаграфіі напісанне слоў і іх форм. «Арфаграфічны слоўнік для сярэдняй школы» М. П. Лобана, М. Р. Судніка (6-е выд., 1990) уключае, акрамя цяжкіх выпадкаў напісання агульнаўжывальных слоў літаратурнай мовы, уласных геаграфічных назваў, прозвішчаў і некаторых асабовых імён, раздзел «Асноўныя правілы правапісу». Для пачатковай школы прызначаны «Арфаграфічны слоўнік» пад рэдакцыяй Л. П. Падгайскага (4-е выд., 1982). Карысным даведнікам па пытаннях правапісу, вымаўлення і змянення слоў з’яўляецца «Слоўнік беларускай мовы. Арфаграфія. Арфаэпія. Акцэнтуацыя. Словазмяненне» пад рэдакцыяй М. В. Бірылы (1987).
Слоўнікі сінонімаў фіксуюць сінонімы і блізказначныя словы ў сінанімічных радах, якія размяшчаюцца ў алфавітным парадку. Першым у такім радзе ідзе асноўнае стылістычна нейтральнае слова (дамінанта). Для некаторых сінонамаў (у «Слоўніку сінонімаў і блізказначных слоў М. К. Клышкі, выд. 2-е, 1993) прыводзяцца стылістычная характарыстыка і фразеалагічныя спалучэнні. Ужыванне кожнага сіноніма з сінанімічнага рада суправаджаецца ілюстрацыйным прыкладам у сказе з мастацкай літаратуры, фальклору. У канцы слоўнік мае алфавітны пералік усіх слоў сінанімічных радоў (індэкс), які дапамагае лягчэй і хутчэй знайсці і падабраць патрэбны сінонім.
Фразеалагічныя слоўнікі растлумачваюць значэнні ўстойлівых словазлучэнняў (фразеалагізмаў), ілюструюць іх прыкладамі, даюць стылістычную характарыстыку і звесткі пра паходжанне. Устойлівыя словазлучэнні беларускай мовы пададзены і ахарактарызаваны ў «Слоўніку беларускай народнай фразеалогіі» Е. С. Мяцельскай, Я. М. Камароўскага (1972), «Фразеалагічным слоўніку для сярэдняй школы» Н. В. Гаўрош, I. Я. Лепешава, Ф. М. Янкоўскага (1973).
Марфемныя слоўнікі даюць падзел слоў на марфемы. Прыкладам такога слоўніка з’яўляецца «Марфемны слоўнік беларускай мовы» А. М. Бардовіча, Л. М. Шакуна (2-е выд., 1989). Загаловачныя словы, падзеленыя на марфемы, размешчаны ў алфавітным парадку. Калі на стыку марфем адбываецца зліццё гукаў, то ў круглых дужках марфемы падаюцца ў іх поўным выглядзе: студэн [ц] -к-і (студэнт + ск + і). У круглых дужках, але з паметай гіст., паказваюцца змены ў марфемнай будове слова ў працэсе яго гістарычнага развіцця.
Анамастычныя слоўнікі фіксуюць уласныя імёны, геаграфічныя назвы. Да іх адносяцца «Слоўнік асабовых імён» М. Р. Судніка (1965), «Слоўнік назваў населеных нунктаў Віцебскай вобласці» (1977), «Слоўнік назваў населеных пунктаў Брэсцкай вобласці» (1980), «Беларуская антрапанімія» М. В. Бірылы (1981), «Слоўнік назваў населеных пунктаў Мінскай вобласці» (1981), «Слоўнік назваў населеных пунктаў Гродзенскай вобласці» (1982), «Анамастычны слоўнік твораў Якуба Коласа» (1990) і інш.