Захапленне, трымценне, палёт...
Верш Максіма Багдановіча «Зіма»
Здароў, марозны, звонкі вечар!
Здароў, скрыпучы, мяккі снег!
Мяцель не вее, сціхнуў вецер.
І волен лёгкіх санак бег.
І цяпер, праз чатыры дзесяткі гадоў, перад вачыма заснежанае русла Днепра – Бугскага канала і мы, чацвёра сябрукоў-трэцякласнікаў, што вяртаемся (кіламетры паўтара па лёдзе) са школы. Як цудоўна крочыць па свежаму рыпучаму снегу, удыхаць марознае паветра, страсаць шэрань з прыбярэжнага вербалозу і дэкламаваць на поўны голас то хорам, то па чарзе несмяротныя радкі Паэта! У дзённіках пяцёркі за вывучаны на памяць Багдановічаў верш, а ў «Родным слове» яшчэ не адзін верш пра зіму. Праўду сказаць, многія з іх «самі завучыліся» па новенькіх чытанках яшчэ з лета. Ад тых шчаслівых гадоў уражанне на ўсё жыццё, што дакрануўся душою да нечага крынічна-чыстага. Багдановічавы радкі шчасліва жывуць у памяці, хвалююць, вучаць радавацца жыццю, цаніць жыццё. Верш Максіма Багдановіча «Зіма» – адзін з цудоўнейшых узораў класічнай паэзіі, даступнай для разумення малодшых школьнікаў. Мастацкая сіла твора ў тым, што аўтару ўдалося перадаць хваляванне, захапленне перапоўненага цераз край пачуццямі лірычнага героя. Усё паэтычнае апісанне – гэта паступовае назапашванне эмоцый, неабходнае для таго, каб у канцы выгукнуць на поўную моц незабыўнае: «У грудзях пачала кроў кіпець». Хуткасць... Лёгкія сані ляцяць праз ноч, праз казку, стралою са звонам бомаў праносяцца паміж зямлёю і небам... Няма ніякага апраўдання таму, што ў цяперашніх падручніках для пачатковай школы дадзены толькі першыя восем радкоў. Ва «ўрэзаным» выглядзе гэты класічны твор (на жаль, ёсць многа іншых падобных прыкладаў) губляе сваю мастацкую сілу, скажае аўтарскую задуму. Так і застанецца для некаторых школьнікаў адзін з найлепшых узораў слоўнага мастацтва недавучаным на ўсё жыццё.
Мэты:
· дапамагчы дзецям зразумець вобразна-эстэтычны змест верша Максіма Багдановіча “Зіма”;
· фарміраваць уменне вызначаць танальнасць верша, яго агульны настрой; практыкаваць вучняў у чытанні клічных сказаў і сказаў са звароткамі;
· паказаць ролю вобразных сродкаў мовы ў абмалёўцы мастацкага вобраза;
· зацікавіць дзяцей жыццём і творчасцю Максіма Багдановіча; выхоўваць пачуццё гонару за беларускую нацыянальную літаратуру.
Парадак працы
1. Падрыхтоўчая праца Настаўнік расказвае дзецям пра асобу і ворчасць Максіма Багдановіча, однаго з самых любімых беларусамі паэтаў. 2. Чытанне верша настаўнікам на памяць 3. Высвятленне эмацыянальнага ўздзеяння твора на вучняў – Што вы адчулі, слухаючы верш Максіма Багдановіча? (Адчуваецца радасць, свята. Здаецца, нібы сам едзеш на санках і вецер свішча ў вушах. Хочацца бегчы на вуліцу ў марозны дзень і крычаць.) З. М.Такімі ці прыкладна такімі будуць дзіцячыя адказы. У тым, што верш не пакіне нікога абыякавым, можна быць упэўненым. Пра гэта паклапаціўся сам паэт. Настаўніку застаецца толькі дапамагчы дзецям убачыць хараство паэтычнага слова, далучыцца да таямніц высокай паэзіі. – А цяпер паспрабуем з вамі разабрацца, з дапамогай чаго аўтар перадае, як вы сказалі, сілу, хуткасць, прыгажосць. Для гэтага давайце перачытаем твор яшчэ раз, пастараемся глянуць на малюнкі зімовай ночы вачыма чалавека, што ляціць па снезе ў лёгкіх санях. 2. Самастойнае чытанне верша вучнямі, падрыхтоўка да асэнсаванага чытання ўслых 3. Аналіз верша, адпрацоўка выразнасці чытання
З. М. Ужо першыя радкі звароту:
Здароў, марозны, звонкі вечар!
Здароў, скрыпучы, мяккі снег!
перадаюць фізічную сілу чалавека, яго душэўную энэргію. Спрыяе гэтаму гукавы фон, утвораны націскнымі складамі «ро», звонкімі і санорнымі зычнымі «з», «р», «н». Настаўнік звяртае ўвагу вучняў на своеасаблівасць гэтага звароту: – Прачытайце першыя два радкі некалькі разоў упаўголаса, прыслухайцеся да іх гучання. Што вы заўважылі? (Выслухоўваюцца адказы вучняў.) – Каму звычайна кажуць «здароў»? (Блізкаму сябру, сустрэчы з якім даўно чакалі.) – Чаму, на вашу думку, аўтар ужыў менавіта гэтае слова? (Герой вельмі рады. Да снегу, вечара ён звяртаецца як да жывой істоты. А яшчэ гэтае слова добра вымаўляць уголас.) – Вельмі добра, малайцы! Прыгледзьцеся: у гэтым слове сустракаюцца толькі цвёрдыя звонкія зычныя, таму голас набывае асаблівую сілу. Уявіце, што герой звярнуўся б да прыроды са словамі «прывітанне» або «добры вечар». Настрой адразу памяняўся б... Які ж вечар у вершы? (Марозны, звонкі.) – Як выдумаеце, чаму паэт паставіў гэтыя словы побач? (Калі на вуліцы мароз, то далёка чуваць. Асабліва вечарам.) – А што чуваць? Якія гукі перадаюцца ў вершы? Прасачыце. (Чутно, як рыпіць снег пад палазамі, як звіняць бомы.) З. М. Слова «бомы» трэба абавязкова ўдакладніць, калі яно не сустракалася на папярэдніх уроках. Пасля гэтага вучні без дадатковых тлумачэнняў зразумеюць выраз «вясёлых бомаў медзь». І «скрыпучы... снег», і «вясёлых бомаў медзь» асабліва выразна чуваць у звонкай і марознай цішы, бо і «мяцель не вее, сціхнуў вецер...». – А цяпер давайце папрактыкуемся ў чытанні першага чатырохрадкоўя. (Вучні ацэньваюць чытанне сваіх сяброў. Настаўнік кожны раз пытаецца, якое пачуццё імкнуўся перадаць чытальнік.) – Падрыхтуйцеся да выразнага чытання другога чатырохрадкоўя. Пастарайцеся ўявіць намаляваную аўтарам карціну. (Вучні рыхтуюцца давыразнага чытання ўслых.) З. М. Другое чатырохрадкоўе не патрабуе ніякіх дадатковых каментарыяў. Дзеяслоў-метафара «дрыжаць» і метафарычнае азначэнне «пахаладзелыя ад марозу» робяць малюнак жывым. Бярозы – як застылыя пад начной сінявою мары. Настылыя зоркі дрыжаць у халодным небе. Усё зразумела, усё дакладна, выразна, паэтычна. – Перачытайце самі сабе трэцюю страфу. Як вы разумееце словы “стуль”, “стоўп”, “рыза”? («Стуль» – адтуль, з неба, «стоўп» – след ад святла месяца, празрысты і светлы, «рыза» – у прамым сэнсе – адзенне святара пры набажэнстве, тут: срэбны колер ад месячнага святла на снезе.) – Уявіце агульны малюнак. Якім вы бачыце месяц, месячнае святло? (Месяц таксама жывы: ён не проста адбівае святло, а «спусціў» на поле «празрысты, светлы стоўп», накрыў «срэбнай рызай» снежную прастору.) – Прыгледзьцеся марозным вечарам да зорак, да месячыка. Магчыма, ён вам таксама здасца вільготным, а магчыма, вы знойдзеце сваё слова, якое не сустракалася ні ў аднаго паэта. Максім Багдановіч любіў узірацца ў неба і думаць пра вечнае. Калі вы падрасцеце і прачытаеце ўсе-ўсе яго вершы, то ўбачыце, што месяц у паэта не толькі вільготны, але і «белы, заплаканы», а яшчэ вясёлы. – Перачытайце яшчэ раз другую і трэцюю страфу. Заўважце, якімі колерамі створаны малюнак зімовай ночы. («Срэбная рыза», «белыя бярозы», «сінеючыя снягі», «начная сінява».) – Як да жывой асобы лірычны герой звяртаецца не толькі да вечара, да снегу, але нават і да бомаў пад дугою. Падрыхтуйцеся прачытаць гэты зварот услых. (Вучні практыкуюцца ў чытанні заключнай страфы.) –“Узрывайце ж іх (снягі) санямі, коні! // Звіні, вясёлых бомаў медзь!..” Гэта кліч ехаць яшчэ хутчэй, яшчэ хутчэй несціся ў лёгкіх санях у ноч. Герой настолькі захапіўся шпаркай яздою, хараством краявідаў, бязмежнасцю прасторы, што нават пачынае адчуваць, як «у грудзях пачала кроў кіпець». Гэта і ёсць вяршыня пачуцця. 4. Заключная гутарка – Чым спадабаўся вам верш Максіма Багдановіча? Чаму на працягу стагоддзя ён не пакідае нікога абыякавым? 5. Дамашняе заданне Вывучыць верш Максіма Багдановіча на памяць.
Чаму нельга цурацца роднай мовы
Верш Алеся Гаруна «Ты, мой брат...»
Ты, мой брат, каго зваць беларусам,
Роднай мовы сваёй не цурайся;
Як не зрокся яе пад прымусам,
Так і вольным цяпер не зракайся...
Перад тым, як даваць настаўніку канкрэтныя рэкамендацыі па вывучэнні дадзенага верша на ўроку, ёсць неабходнасць сказаць, наколькі выхаванне любові да роднага слова спрыяе станаўленню нацыянальнай самасвядомасці малодшага школьніка, фарміруе яго асобу. Педагогі-метадысты заўсёды здзіўляліся чуйнасці, з якой малое дзіця заўважае надзвычай тонкія адрозненні ў адценні слоў. Пачуўшы слова, яно ўводзіць яго ў сказ і словазлучэнне. Па словах К. Дз. Ушынскага, родная мова – гэта незвычайны педагог, які вучыць лёгка, па якімсьці недасягальна аблегчаным метадзе… Адарваная ад нацыянальнага грунту адукацыя дзейнічае разбуральна і негатыўна ўплывае на фарміраванне асобы вучня. Засвойваючы мову, дзіця засвойвае «часцінкі творчай сілы» ( К.Дз. Ушынскі), якая дала народу магчымасць яе стварыць. Мовазнаўцы, метадысты і псіхолагі, гаворачы пра гэтую «творчую сілу», усё часцей прыходзяць да высновы, што функцыя авалодання роднай мовай у шэрагу з іншымі важнейшымі функцыямі жыццядзейнасці закладзена ў чалавеку спрадвечна. Яна прачынаецца яшчэ да нараджэння і існуе прыкладна да дзевяці гадоў. Калі ж дзіця ад нараджэння чуе некалькі моў, роднай (паводле Ш.А. Аманашвілі) становіцца тая мова, разам з якой засвойваецца культура народа, яго фальклор, слоўнае мастацтва. Менавіта на аснове функцыі, а не на аснове памяці ідзе моўнае развіццё асобы ў малодшым школьным узросце. Таму так важна прывіваць дзіцяці любоў да роднай мовы ў першыя гады навучання. Найвялікшага жалю вартае дзіця, адарванае ад роднага слова. Колькасць урокаў беларускай мовы, асабліва ў школах з рускай мовай навучання, мізэрная. Але і ў такіх школах трэба прыкласці ўсе сілы, каб навучанне было нацыянальным па змесце. Навучыць любові да зямлі бацькоў, дапамагчы дзецям адчуць сваю нацыянальную годнасць, дапамагчы палюбіць словы роднай мовы, тыя назвы, якімі, як казаў паэт, «мы павінны, як імем сваім, даражыць» – неабходная і пачэсная задача для настаўніка! Усякая праца на ўроку літаратурнага чытання: успрыманне твора, асэнсаванне яго ідэйна-вобразнага зместу, суразмоўніцтва аўтара і чытача, педагога і вучня, разуменне і асэнсаванне вобразнай функцыі мастацкага слова – не можа быць паспяховай, калі настаўнік настойліва і мэтанакіравана не будзе выхоўваць у сваіх вучняў любоў да роднага слова як асновы нацыянальнай самасвядомасці. Асаблівую ўвагу настаўнік пачатковых класаў павінен звяртаць на вывучэнне класічных твораў, закліканых абуджаць нацыянальную годнасць маленькіх грамадзян Беларусі, шанаваць і берагчы найвялікшы дар – роднае слова. Несумненна, што такім творам з’яўляецца верш Алеся Гаруна «Ты, мой брат...». Рыхтуючыся да ўрока, неспрактыкаванаму настаўніку давядзецца, хутчэй за ўсё, наведаць чытальную залу ці звярнуцца да падручнікаў па гісторыі літаратуры. Неабавязкова гэта толькі пры ўмове, калі пачынаючы педагог здолееце без падрыхтоўкі растлумачыць вучням наступныя радкі:
Як не зрокся яе (мовы) пад прымусам,
Так і вольны цяпер не зракайся.
Таксама як і гэтыя:
У сялянскай аграбленай хаце
Толькі ён (скарб, мова) незабраным застаўся.
Пра якую волю гаворыць паэт? Чаму ў «аграбленай» хаце? Кім аграбленай і калі? Няма сумнення, што пра ўсё гэта вучні спытаюць. Трэба заўважыць, што названы верш Алеся Гаруна сустракаецца ў існуючых падручніках для рускамоўнай і беларускамоўнай школы ў аднолькава скарочаным выглядзе, па два фрагменты – восем першых і чатыры апошнія радкі. Гэта і ўскладняе працу нявопытнага настаўніка. У чым адметнасць працы над вершам Алеся Гаруна? Найперш за ўсё ў тым, што разуменне гэтага звернутага да пачуццяў чытача верша патрабуе пэўных ведаў з гісторыі Беларусі. Дакладней сказаць, яго разуменне прынцыпова не магчымае без выкарыстання элементаў літаратуразнаўчага аналізу. Названую акалічнасць неабходна ўлічваць настаўніку. Гэты класічны верш, што ніколі не губляў свайго мастацка-публіцыстычнага запалу, надзвычай актуальны і на цяперашні час. На працягу стагоддзя ён настойліва кліча змяніць рэчаіснасць да лепшага. Настаўнік зробіць недаравальную памылку, калі не выкарыстае закладзены ў творы публіцыстычны, эмацыянальны напал для абуджэння пачуцця гонару за нашу родную мову. На ўроку літаратурнага чытання, сцвярджае методыка, неабходна чытаць трыццаць і болей мінут. Асаблівых пярэчанняў мы не маем, але ж і пастулата з гэтага рабіць не варта. Вучні з добрай зрокавай і слыхавой памяццю, няма ніякага сумнення, вывучаць верш за дзесяць хвілін, калі атрымаюць такое заданне. Але не гэта галоўнае, не для бяздумнага завучвання пісаўся верш у далёкім 1910 годзе да чатырохлецця «Нашай нівы». Твор лёгка і назаўсёды запомніцца сам па сабе, калі дзеці ўсвядомяць глыбокі сэнс кожнага радка і кожнага слова. А калі пасля гэтага ўрока ў вучняў узнікнуць дзесяткі «чаму?», на якія яны будуць нецярпліва чакаць адказу, – значыць, час, патрачаны настаўнікам на падрыхтоўку да ўрока, не прапаў марна.
Мэты:
· дапамагчы вучням зразумець ідэйна-вобразны змест верша Алеся Гаруна “Ты, мой брат, каго зваць беларусам...”;
· вучыць дзяцей выказваць свае ўражанні, дыскутаваць, даказваць правамернасць сваіх поглядаў, абапіраючыся на тэкст твора;
· зацікавіць вучням жыццём і творчасцю Алеся Гаруна; вучыць пачынаючых чытачоў “бачыць асобу аўтара”, разумець яго пазіцыю;
· выхоўваць любоў да беларускай мовы, жаданне карыстацца ёю і аберагаць яе.
Парадак працы
На перапынку перад пачаткам урока нямоцна гучыць музыка. Вельмі дарэчы запіс Данчыка (Багдана Андрусішына), асабліва песня «Я не ганю землі чужыя…» на словы Генадзя Бураўкіна. 1. Уступнае слова настаўніка – Мала каму з нашых паэтаў выпаў такі трагічны лёс, як Алесю Гаруну. Ужо ў 20-гадовым узросце Алесь Гарун трапіў у турму за тое, што змагаўся з самадзяржаўем. Дзесяць гадоў адбыў у Сібіры, дзе невылечна захварэў на сухоты. А праз тры гады пасля вызвалення памёр у далёкім Кракаве, куды яго зусім бездапаможнага вывезлі санітарным цягніком.
Сваё жыццё Алесь Гарун прысвяціў змаганню за лепшую долю роднай зямлі, але больш як шэсцьдзесят гадоў беларускі народ, той народ, для якога тварыў паэт, не меў права чытаць ягоныя творы, называць яго імя, успамінаць добрым словам… Пяцьсот гадоў таму наша дзяржава, як вы, пэўна, ведаеце, была часткай Вялікага княства Літоўскага. Усе ў гэтай дзяржаве гаварылі на беларускай мове: і паны, і паны над панамі. А пасля здарылася так, што Беларусь папала спачатку пад уладу Польшчы, а потым – Расіі. І польскія каралі, і рускія цары ненавідзелі ўсё беларускае. Яны забаранілі нават назву «Беларусь». Беларуская мова таксама была пад забаронай. На ёй нічога не пісалася, і толькі ў вёсках простыя людзі на беларускай мове размаўлялі, не давалі ёй загінуць. Але настаў 1905 год. Цар, баючыся рэвалюцыі, дазволіў выпускаць газеты і кнігі на беларускай мове. У гэтыя гады і напісаны верш, які сёння мы з вамі можам прачытаць. 2. Чытанне верша настаўнікам на памяць 3. Праверка першаснага ўспрымання – Да чаго заклікае паэт? (Выслухоўваюцца вучнёўскія адказы). 4. Самастойнае чытанне верша вучнямі – Кожны радок верша быў выпакутаваны паэтам, ён пра многае гаворыць. Перачытайце верш самі сабе ўважліва, не спяшаючыся. Спытайце незразумелыя словы, калі такія сустрэнуцца. 5. Аналіз верша, асэнсаванне аўтарскай пазіцыі – Прачытайце першае чатырохрадкоўе. – Да каго звяртаецца Алесь Гарун? Да чаго ён заклікае? – Пра які прымус ідзе размова? – Чаму, на вашу думку, беларуская мова выжыла?.. – У кнізе, якую я прынёс на наш сённяшні ўрок (настаўнік паказвае кнігу Алеся Гаруна «Сэрцам пачуты звон» – Мн.: Маст. літ., 1991), адно са слоў у канцы першага радка напісана з вялікай літары. Якое, думаеце, гэта слова? (У аўтарскім варыянце: «Ты, мой брат, каго зваць Беларусам…»). – Як трэба прачытаць гэтае слова? – Прачытайце яшчэ раз услых першыя чатыры радкі. Якое пачуццё трэба перадаць пры чытанні? – Падрыхтуйцеся да чытання ўслых наступных чатырох радкоў (Вучні практыкуюцца ў выразным чытанні.) – Што такое «скарб»? – Што называе скарбам паэт? Чаму? – Чаму паэт піша «у аграбленай хаце»? (Вучням можна сказаць пра падаткі, пра рэкрутства і інш.). – Уважліва перачытайце заключнае чатырохрадкоўе. – Да чаго заклікае паэт? – Чаму мова – «скарб на вечныя годы»? – Як вы разумееце два апошнія радкі? – У якім чатырохрадкоўі найбольш акрэслена выражана аўтарская думка, аўтарская пазіцыя? Падрыхтуйцеся прачытаць яго ўслых. Якія словы выдзеліце голасам пры чытанні? 6. Практыкаванні ў выразным чытанні ўсяго твора 7. Заключнае слова настаўніка – Усім нам неабходна шанаваць родную мову. Ніколі і нідзе нас не будуць паважаць у свеце, калі мы будзем грэбаваць родным словам, цурацца яго. 8. Завучванне верша на памяць Першы рад чытае ўслых першае чатырохрадкоўе, другое чатырохрадкоўе чытаюць першы і другі рады сумесна. Нарэшце, заключныя чатыры радкі чытае ўвесь клас. Пры такім чытанні верш паступова набывае моц, што лагічна апраўдана. 9. Дамашняе заданне Вывучыць верш на памяць. Індывідуальныя заданні: асобным вучням прапаноўваецца падрыхтаваць да наступнага ўрока вершы і выказванні беларускіх пісьменнікаў і вядомых людзей пра мову (матэрыялам забяспечвае настаўнік.)
Слова з вялікай літары
Верш Алеся Гаруна «Добрыя дзеці»
Паставілі дзеці сіло. Вераб’я Хацелі злавіць на пацеху. Злавілі сініцу, крычаць: – Вой – я – я! А радасці колькі, а смеху! Імчацца да маткі: – Сінічк, глядзі! – А дзе ж вы узялі? – Злавілі, Дастань ты ёй клетку, хутчэй пасадзі. – Нядобра вы, дзеткі, зрабілі!
«Найбольш цяжкія пакуты, – піша вядомы літаратуразнаўца Уладзімір Казбярук у прадмове да кнігі «Сэрцам пачуты звон», – выпалі на долю Алеся Гаруна. І калі мы сёння акінем позіркам увесь цярністы шлях аўтара «Матчынага дару» і ўсвядомім сабе, у якіх умовах ён пісаў свае вершы... то міжвольна вымушаны будзем нізка схіліцца перад яго мужнасцю, жыццёвым і творчым подзвігам». З біяграфіяй, вершаванымі і празаічнымі творамі Алеся Гаруна вучні больш падрабязна знаёмяцца ў старэйшых класах сярэдняй школы, але заслугоўвае ўхвалы той факт, што ў праграму па чытанні для малодшых вучняў уключаны вершы паэта «Ты, мой брат, каго зваць Беларусам...» і «Добрыя дзеці». Апошні з названых твораў надзвычай пераканаўча раскрывае дзіцячыя характары, выхоўвае ў пачынаючых чытачоў найлепшыя чалавечыя якасці.
Мэты:
· дапамагчы вучням зразумець ідэйна-вобразны змест верша Алеся Гаруна “Добрыя дзеці”;
· пазнаёміць вучняў з жыццём і творчасці беларускага пісьменніка, дапамагчы вучням зразумець некаторыя адметнасці яго творчай манеры;
· вучыць пачынаючага чытача “бачыць асобу аўтара”, разумець аўтарскую пазіцыю;
выхоўваць пачуццё гонару за беларускую нацыянальную літаратуру. Парадак працы
1. Уступнае слова настаўніка – Сучаснік Янкі Купалы і Якуба Коласа Алесь Гарун пражыў кароткае і цяжкае жыццё – усяго 33 гады. З іх 10 гадоў – у далёкай Сібіры, куды быў сасланы за тое, што змагаўся за лепшы лёс народа. У Сібіры Максім Гарун падрыхтаваў сваю першую і адзіную кнігу «Матчын дар». Ён вельмі любіў маці і малодшую сястру. Яны былі той сілай, каторая заўсёды цягнула паэта дамоў, дзеля іх ён стараўся выжыць у непрыветнай, суровай сібірскай глушы, дзе нават за поштай прыходзілася ісці пешшу васемнаццаць кіламетраў. Па іх сумавала сэрца, да іх імкнуліся думкі. Нездарма на вокладцы кнігі «Матчын дар» Алесь Гарун напісаў: «Гэтую першую кніжку думак і песняў сваіх матцы сваёй прысвячаю». 2. Чытанне верша настаўнікам на памяць З. М. Зазначым, што і настаўніку неабходна папярэдняя дамашняя падрыхтоўка. Як вядома з біяграфіі, паэт выхоўваўся ў заходнебеларускім моўным асяроддзі, таму ў яго вершах сустракаюцца лексічныя і марфалагічныя адметнасці, у прыватнасці дыялектызмы і паланізмы. Гэта ў некаторай ступені ўскладняе працу, але ж, з другога боку, трэба помніць, што ўсе яны ўяўляюць сабой характэрную асаблівасць жывой народнай мовы. У вершы «Добрыя дзеці» ўжыванне дыялектных формаў дзеяслова («ідзець», «не пушчае») мае месца ў дыялогу, таму ўспрымаецца натуральна. Што да парушэння акцэнталагічнай нормы ў прадапошнім радку, думаецца, не варта парушаць вершаваны памер, мелодыку твора. З дзецьмі можна «дамовіцца»: будзем чытаць «прыклáд», хоць гэтае слова цяпер вымаўляецца з націскам на першым складзе. Падобным чынам можна абгаварыць ненарматыўнае ўжыванне дзеяслоўных формаў. 3. Праверка першаснага ўспрымання – Як вы думаеце, чаму верш мае такую назву, – пытае настаўнік пасля непрацяглай паўзы. (Дзеці адпусцілі на волю сініцу. Тут птушка адчувае сябе лепш, чым у клетцы.) – Правільна, але ж верш «Добрыя дзеці», які напісаны сто гадоў таму назад, не такі просты, як здаецца на першы погляд. Каб лепш зразумець, што паэт хацеў сказаць чытачам, якія думкі данесці, давайце прачытаем яго яшчэ раз уважліва, не спяшаючыся. 4. Самастойнае чытанне верша вучнямі, падрыхтоўка да асэнсаванагачытання ўслых Вучні чытаюць спачатку моўчкі, пасля ўпаўголаса (кожны ў сваім тэмпе). 5. Паўторнае чытанне верша настаўнікам Перад паўторным чытаннем настаўнік звяртае ўвагу вучняў на нязвыклыя пакуль што для іх паўзы ў сярэдзіне вершаванага радка, на клічныя сказы ў дыялогу. 6. Аналіз мастацкага твора, практыкаванні ў выразным чытанні – Прачытайце першыя чатыры радкі. Пастарайцеся перадаць настрой дзяцей. (Вучні практыкуюцца ў выразным чытанні.) – Чаму так узрадаваліся малыя? (Яны хацелі злавіць вераб’я, а злавілі нават не вераб’я, а сініцу. Сініца прыгожа спявае.) – Ці трымаў хто з вас злоўленую птушку або малое птушанё? Што вы адчувалі ў гэты час? (Калі ў дзяцей няма пра што сказаць, настаўнік пачуццёва, усхвалявана гаворыць пра свае адчуванні. Спалоханая птушка, намагаецца вырвацца, моцна трапечацца яе сэрца. Несумненна, кожнаму даросламу чалавеку знаёма падобнае адчуванне). – Чаму дзеці пабеглі адразу да маці? (Яны чакалі, што яна пахваліць іх за спрыт, парадуецца разам з імі.) – Што малыя намерыліся зрабіць з птушкай? Прачытайце. («Мы будзем яе і паіць і карміць.// Спявала б нам птушка прыгожа» – Як жа маці ацаніла іх учынак? Прачытайце. («Нядобра вы дзеці зрабілі!») – Чаго не разумелі дзеці? Па якой прычыне? (Яны былі малымі і не здагадваліся нават, што ў няволі птушкі не спяваюць.) – Вельмі правільна. А яшчэ ў няволі птушкі часта зусім адмаўляюцца ад корму і гінуць. Уяўляеце, якое гэта было б гора для ўсіх... Які ж прыклад прывяла маці, каб пераканаць, як цяжка птушцы ў няволі. (Зачытваецца адпаведнае месца ў творы.) – Што вы можаце сказаць пра маці? Якая яна? (Маці клапатлівая, добрая, ласкавая.) – Дакажыце гэта словамі тэкста. (Яна на звяртаецца да малых са словамі «дзеткі», «рыбулькі мае».) – Пра што найперш клапоціцца маці, як вы думаеце? (Каб дзеці яе выраслі добрымі людзьмі.) – Ці шкада малым адпускаць птушку? ( Не, не шкада. Дзеці рады, што далі ёй волю.) 6. Практыкаванні ў выразным чытанні дыялогу Настаўнік чытае словы маці, вучні – словы дзяцей. Пасля гэтага чытанні дыялогу практыкуюцца вучні, што сядзяць побач. 7. Працяг аналізу мастацкага твора – Перачытайце моўчкі заключнае чатырохрадкоўе і скажыце, як трэба разумець радкі «Матчыны словы ў сэрцах дзяцей // Ласкавыя струны кранулі»? (Дзецям стала шкада птушку. Яны адчуваюць сябе вінаватымі, перажываюць, што пакрыўдзілі маці.) 8. Заключнае слова настаўніка – У сэрцы дзяцей не было зла і нядобры ўчынак яны зрабілі ад няведання. Мудрыя словы маці, якія вучаць цаніць і разумець волю, запомняцца ім на ўсё жыццё. Пра гэта няма звестак, але можа быць і такое, што героі верша – будучы паэт і яго малодшая сястра. Маці, шчаслівыя гады дзяцінства ніколі не сціраліся ў яго памяці. 9. Асэнсаванне ідэйна-вобразнага зместу твора, “пошук аўтара” – За каго вы парадаваліся, прачытаўшы верш Алеся Гаруна»? (Выслухоўваюцца адказы вучняў.) З. М. Тут ёсць над чым паразважаць. Птушка на волі – радасць; словы маці кранулі «ласкавыя струны ў сэрцах дзяцей» – можна парадавацца за маці; радасна і за саміх дзяцей: яны далі свабоду сініцы. Настаўнік акцэнтуе ўвагу на пачуццях дзяцей, бо чым вастрэй чалавек адчувае, суперажывае, тым багацейшы ён сам, багацейшая яго сувязь са светам. – Перачытайце яшчэ раз два апошнія радкі. Як вы іх разумееце? (Выслухоўваюцца вучнёўскія адказы.) З. М. “ І добрыя дзеці – прыклад для людзей! – // Сініцы свабоду вярнулі...” Алесь Гарун, палітычны ссыльны, цешыцца дзіцячай дабрынёю. Яна – прыклад і для дарослых. А дарослы свет жорсткі і нялітасцівы. Гэта па загаду надзеленых уладай людзей пакутуе ў астрозе і ссылцы паэт. Няхай кожны настаўнік вырашыць для сябе, ці будзе ён гаварыць пра гэта з дзецьмі ў клас, але не выключана, што вучні самі не пройдуць міма згаданых слоў. – Якое, на вашу думку, слова галоўнае ў заключным радку? (Слова “свабода”). – Вельмі правільна. Гэтае слова важнае для ўсяго твора. Яго добра было б надрукаваць вялікімі літарамі. Свабода, «залатая воля» – гэта тое, што ніхто не мае права забраць ні ў птушкі, ні ў чалавека. 10. Практыкаванні ў выразным чытанні ўсяго верша 11. Дамашняе заданне Навучыцца чытаць верш выразна і без памылак
Якога колеру вясна?
Верш Змітрака Бядулі «Вясна»
То не снег, То чаромха цвіце. То не снег – То бярозка расце.
То не снег – Расцвітае садок. То не снег, А ляціць матылёк...
Верш Змітрака Бядулі гэты цікавы тым, што ўтрымлівае яркія зрокавыя і гукавыя вобразы, у аснове якіх ляжыць параўнанне. Кожная вершаваная страфа, за выключэннем апошніх, складаецца з двух такіх параўнанняў. Яны гучаць як адказ цікаўнаму дзіцяці, што глядзіць на свет шырока расплюшчанымі вачыма паэта.
Мэты:
· дапамагчы вучням зразумець эстэтычны змест верша Змітрака Бядулі “Вясна”;
· паказаць ролю вобразных сродкаў мовы (эпітэтаў і параўнанняў) ў стварэнні аўтарам мастацкага вобраза;
· дапамагчы пачынаючым чытачам усвядоміць, што кожнае ўжытае паэтам слова найлепшым чынам адпавядае дадзенаму кантэксту, з’яўляецца незаменным;
· вучыць дзяцей заўважаць вобразныя малюнкі ў вершаваных і празаічных творах розных аўтараў;
· вучыць пачынаючых чытачоў бачыць прыгожае вакол сябе, шукаць словы для выказвання сваіх пачуццяў.
Парадак працы
1.Падрыхтоўка да асэнсаванага ўспрымання твора Назавіце два асноўныя колеры вясны. (Зялёны і белы.) – Так, Галоўны, святочны колер маладой вясны – белы. Гэта і белая квецень чаромхі, і белыя камлі бяроз, і сад у квецені. Нават белыя крыльцы матылькоў нагадваюць сняжынкі. У суладдзі з белым – зялёны колер лісця і травы. Паслухайце, як выдатна с’напісаў пра гэта вядомы беларускі пісьменнік, сучаснік Янкі Купалы, Якуба Коласа Змітрок Бядуля. 2. Чытанне верша настаўнікам на памяць 3. Аналіз першаснага ўспрымання – Чым не падобны гэты верш на іншыя вядомыя вам творы? (У вершы ўвесь час нешта параўноўваецца. Адзін радок паўтараецца па некалькі разоў.) 4. Самастойнае чытанне твора вучнямі 5. Аналіз мастацкага твора, пошук аўтара – Назавіце яшчэ раз, каму і чаму вясна падарыла белы колер. (Выслухоўваюцца вучнёўскія адказы.) – Ці бачылі вы шаўковую тканіну? Якая яна? (Бліскучая, прыгожая. Шаўковыя сукенкі надзяваюць на святы.) – Чаму і рунь, і мурожны лужок, і маладзенькі лянок напамінаюць шоўк? (Рунь густая, зялёная, сакавітая. Яна аж пераліваецца пад яркім вясеннім сонцам.) – Перачытайце дзве наступныя страфы. Заўважце, пра якія галасы вясны гаворыць аўтар. (Салаўі пяюць, ручаі звіняць, пчолка гудзе…) – Якая ж па настроі песня, якую пяюць і салавей, і дрозд, і ручэй, і працавітая пчолка? (Вясёлая, светлая, бадзёрая, жыццярадасная.) – Якія словы паказваюць, што аўтар любіць вясну, дзівіцца яе прыгажосці? (Ён ужывае «ласкавыя» словы: бярозка, садок, матылёк, лужок, пчолка… Паэт захапляецца, вясною, радасна ўскліквае: «Ах, вясна, маладая мая!..».) – Сёння на ўроку мы многа разоў ужывалі слова «маладая вясна». Чаму вясна «маладая»? (У гэты час нідзе няма ніводнай сухой травінкі, пажоўклага лісціка. Усё буйна расце і цвіце. А яшчэ «маладой» называюць нявесту на вяселлі. Вясна – як нявеста.) – Калі гаварыць пра колеры, якая вясна ў Змітрака Бядулі? (Белая і зялёная.) – Цікава, што асноўныя колеры вясны заўважылі і іншыя нашы вядомыя пісьменнікі. Напрыклад, Янка Брыль піша ў адным з апавяданняў: «Лунае ў прасторы задушэўная песня пра нашу бела-зялёную вясну». (Сказ можна ўспомніць і запісаць на ўроку беларускай мовы.) – А якая вясна, калі мець на ўвазе гукі? (Звонкая, шумная, гаманлівая.) – Ці можна ўсе словы, якімі мы называлі колеры і гукі вясны, замяніць азначэннем «маладая»? (Так, можна. Маладая – гэта і пявучая, і сонечная, і вясёлая. – Заўважце, як удала выбраў патрэбнае слова Змітрок Бядуля. Калі будзеце чытаць творы іншых пісьменнікаў пра вясну, абавязкова звярніце ўвагу на тое, якія азначэнні даюцца гэтай пары года. 6. Практыкаванні ў выразным чытанні твора 7. Дамашняе заданне: а) вывучыць верш Змітрака Бядулі на памяць; б) падрыхтаваць вусныя вызванні на тэму “Якога колеру вясна” ці “Галасы вясны.”
Прызнанне ў першай любові
Верш Канстанцыі Буйло «Люблю наш край»
Люблю наш край – старонку гэту,
Дзе я радзілася, расла,
Дзе першы раз спазнала шчасце,
Слязу нядолі праліла.
У чым магічная сіла паэтычных радкоў Канстанцыі Буйло?.. У вершы ж няма ні яркіх метафар, ні вобразных параўнанняў. Усё названа сваімі імёнамі. Паэтэса нічога не прыдумляе, не ўпрыгожвае верш. Чаму ж адразу, як толькі пачуеш такія дарагія гукі і словы, цябе ахоплівае хваляванне, замілаванасць, душа адкрываецца для любові? Мелодыя?.. Думаецца, не толькі, хоць спалучэнне музыкі і слоў надзвычай гарманічнае. Усё ж «у пачатку было слова», у нашым выпадку – верш на той час маладой беларускай паэтэсы Канстанцыі Буйло, адметнасцю якога з’яўляецца гранічная шчырасць, душэўнасць, натуральнасць паэтычнага слова. Чытаючы верш, мы адчуваем любоў да радзімы ў яе канкрэтным, а не абстрактным уяўленні. Радзіма тут – не ў значэнні «дзяржава». Для паэтэсы – гэта хаты, лес, поле, жнеі... У вершы пра радзіму гэтае слова не прысутнічае зусім. Паэтэса нібы саромеецца яго. «Люблю наш край... » – больш сціпла, ціха, прыземлена, але ў той жа час больш даверліва і шчыра. Пачуццё суперажывання надае прыналежны займеннік наш у першым радку. Канстанцыя Буйло не заклікае любіць радзіму, яна гаворыць пра сваю да яе любоў. Калі слухаеш вядомую песню на словы Канстанцыі Буйло ці ўчытваешся ў яе паэтычныя радкі, дзіўная рэч, у цябе няма адчування, што гэта верш-прызнанне маладога, але ўжо вядомага на тую пару паэта. Складаецца ўражанне, што пра свае пачуцці гаворыць захопленая прыгажосцю вясковая дзяўчынка-падлетак. Прынамсі, такое адчуванне спадарожнічала аўтару гэтай кнігі ў дзяцінстве. Прызнаюся, што яно не знікла да гэтага часу, бо чысціня і шчырасць у вершы на самай справе дзіцячая, непадробная. Мэты:
- дапамагчы вучням зразумець ідэйна-эстэтычны змест верша Канстанцыі Буйло «Люблю наш край»; вучыць пачынаючых чытачоў бачыць асобу аўтара;
- фарміраваць уменне вызначаць танальнасць верша, яго агульны настрой;
- дапамагчы вучням зразумець, што кожнае ўжытае аўтарам слова ў высокамастацкім творы незаменнае і нясе на сабе вобразную нагрузку;
- выхоўваць цікавасць да паэзіі, павагу да пісьменніцкай працы, пачуццё гонару за беларускую нацыянальную літаратуру.
Парадак працы
1. Уступнае слова настаўніка – У адзін час з Янкам Купалам і Якубам Коласам жылі і іншыя вядомыя творцы. Адзін з іх – паэтэса Канстанцыя Буйло. Яна пражыла доўгае жыццё, але, на жаль, толькі трэць яго – на Беларусі. Нарадзілася будучая паэтэса ў 1897 годзе ў Вільні. Бацькі гадавалі сямёра дзяцей. Ужо ў шаснаццацігадовым узросце Канстанцыя Буйло надрукавала ў «Нашай ніве» верш «Хвоя», а яе першую кніжку «Курганная кветка» рэдагаваў сам Янка Купала. Многія вершы паэтэсы сталі песнямі, а найбольшую вядомасць набыў напісаны ў 1919 годзе верш «Люблю наш край», які стаў народнай песняй. «Мы абавязкова паслухаем сёння песню на словы Канстанцыі Буйло, але спачатку я хачу прачытаць вам яе верш. 2. Чытанне верша настаўнікам на памяць 3. Аналіз першаснага ўспрымання – Якое слова паўтараецца ў творы часцей за ўсё? (Слова «люблю».) – За што паэтэса любіць свой край? (Выслухоўваюцца адказы вучняў.) 4. Самастойнае чытанне верша вучнямі, падрыхтоўка да асэнсаванага чытання ўслых 5. Аналіз твора, практыкаванні ў выразным чытанні – Дзе, на вашу думку, расла будучая паэтэса? (Канстанцыя Буйло вырасла ў вёсцы.) – Адкуль гэта бачна? (Сустракаюцца словы «хаты», «палі», «нівы», «жнеі», «садзік».) – Так, Канстанцыя Буйло, як і Якуб Колас, расла сярод прыроды. Яе бацька быў арандатарам, лясным аб’ездчыкам. – Падрыхтуйцеся да чытання трох першых строф. Падумайце, якія пачуцці неабходна данесці да слухача. (Выслухоўваецца некалькі чытальнікаў.) – Падумайце, што магло быць для паэтэсы першым спазнаным у жыцці шчасцем? Ці памятаеце вы той дзень, калі ўпершыню адчулі сябе шчаслівымі? Што магло азмрочыць дзіцячую радасць? (Выслухоўваюцца адказы вучняў на кожнае з пастаўленых пытанняў.) – Мне здаецца, што «сляза нядолі» ў паэткі – гэта найперш вайна, час, калі давялося надоўга пакідаць родныя месцы. Ды і ў мірным жыцці радасць і бяда вяльмі часта суседнічаюць. Для паэтэсы вельмі важна, што першыя радасці і першыя засмучэнні адбываліся менавіта тут. 6. Асэнсаванне ідэйна-эстэтычнага зместу твора, «пошук аўтара» – Якія радкі ў вершы паўтараюцца двойчы, амаль без змен? (Вучні знаходзць і чытаюць радкі:
...Дзе першы раз спаткала шчасце,
Слязу нядолі праліла.
... Дзе з першым шчасцем я спазналась
І з першай горкаю слязой.)
– Якія словы ў гэтых радках самыя важныя? («Першы раз», «з першым шчасцем», «з першай слязой».) – Чаму вы так вырашылі? (Выслухоўваюцца адказы вучняў.) – Тут, у родным краі, пачула паэтэса першую песню і казку, упершыню залюбавалася залатым колерам хлебнага поля. Чалавек ніколі не павінен забываць зямлю бацькоў, той куток, дзе нарадзіўся, з якога пачалося пазнанне вялікага свету. 7. Выразнае чытанне ўсяго верша Перад выразным чытаннем усяго верша вучні зноў называюць ключавыя словы: «люблю», «у першы раз». 8. Абагульняючая гутарка – Дадзены верш неўзабаве пасля напісання стаў песняй, якую з задавальненнем слухае кожны беларус. Чаму? Як вы думаеце? (Дзеці гавораць аб меладычнасці верша, паўторах, пра тое, што ў самім вершы ёсць словы пра родную песню.) – Якая ж яна, народная песня, што гэтак уразіла чулае сэрца паэткі. (Яшчэ раз цытуюцца радкі:
...Гукі звонкія над нівай
Пераліваюцца, плывуць.)
– Беларуская песня прыгожая, звонкая, задушэўная. А цяпер у нас ёсць магчымасць паслухаць песню кампазітара Равінскага на верш Канстанцыі Буйло «Люблю наш край».
9. Праслухоўванне песні Дзеці ўпаўголаса спяваюць разам з выканаўцамі. Хто саромеецца – проста слухае.
10. Дамашняе заданне Вывучыць верш на памяць.