Што можна намаляваць словам

Верш Петруся Броўкі «Восень»

...Непрыкметна зусім

Праплыве павуцінкай,

Гляне жоўтым лістком

З-пад зялёнай хусцінкі.

Многія пакаленні вучняў з задавальненнем, душэўнай радасцю чытаюць гэты верш Петруся Броўкі, у якім намаляваны жывыя партрэты восені, што пачала свой шлях, калі «адспявала калоссе» і завершыць яго разам з апошнім сарваным ветрам лістком.

Мэты:

· дапамагчы малодшым школьнікам зразумець эстэтычны змест верша «Восень»;

· фарміравань уменне вызначаць агульны эмацыянальны настрой верша;

· паказаць ролю вобразных сродкаў мовы (эпітэты, параўнанні, метафары) у абмалёўцы мастацкага вобраза;

· выклікаць у дзяцей захапленне прыгажосцю прыроды, жаданне назіраць і бачыць вакол сябе яе хараство.

Парадак працы 1. Падрыхтоўка да асэнсаванага ўспрымання верша На рабочым стале настаўніка ў прыгожай вазе стаяць акуратна зрэзаныя ў час экскурсіі галінкі з гронкамі рабіны ці каліны, букеты з лісцяў клёна і дуба. Гірлянда рознакаляровых лісцяў расцягнута паверх класнай дошкі.

Перад чытаннем дарэчы будзе выкарыстаць рэпрадукцыю карціны Ісака Левітана «Залатая восень», а таксама восеньскія пейзажы айчынных мастакоў. Уражанні ад карцін дапаўняюцца ўражаннямі ад нядаўняй экскурсіі. Настаўнік імкнецца ажывіць у дзіцячай памяці найбольш выразныя малюнкі. Разам з дзецьмі ён успамінае прасветленасць і чысціню паветра, блакіт неба і птушыныя чароды, павуціну на баразне, пахі, гукі восеньскага лесу і поля. 2. Чытанне верша настаўнікам на памяць Настаўнік чытае верш на памяць. Яго чытанне суправаджаецца нягучнай музыкай. Гэта спрыяе стварэнню ў дзяцей адпаведнага настрою. 3.Высвятленне эмацыянальнага ўздзеяння твора на вучняў – Мастак малюе восень фарбамі, кампазітар перадае восеньскі настрой у музыцы з дапамогай гукаў, а ў паэта не менш цяжкая і адказная задача – знайсці такія словы, каб мы, чытачы, убачылі і пачулі восень. Як вы думаеце, ці ўдалося гэта зрабіць Петрусю Броўку? (Дзеці дзеляцца сваімі ўражаннямі ад праслуханага.) – Які настрой выклікае верш? (Верш сумны, бо канчаецца лета.)

– Атрымліваецца, што паэт не рады, яму не падабаецца восень? Прачытайце верш яшчэ раз і падумайце, ці так гэта? 3. Паўторнае чытанне верша вучнямі – Адкажыце яшчэ раз на пытанне: які агульны настрой верша? (У вершы не толькі сум, але і захапленне, нават радасць.) 4. Аналіз верша, практыкаванні ў выразным чытанні – Радасць, захапленне паэта іде ад таго, што ў восені свая, непаўторная прыгажосць. Сум – ад усведамлення, што ўсё гэта хутка пройдзе, а наперадзе восеньская непагадзь. Можна сказаць, што сум у паэта светлы, нават урачысты. Пятрусь Броўка шчыра дзеліцца з чытачамі тым, што ён адкрыў у прыродзе для сябе, што напоўніла яго сэрца прыгажосцю. Восень у яго – жывая істота... Давайце разам пашукаем словы, якія дапамагаюць гэта адчуць. (Дзеці перачытваюць твор упаўголаса, вылучаюць дзеясловы, якія малююць лёгкі, але настойлівы поступ восені-чарадзейкі.) – Уявіце на момант, што пра ўсё гэта напісаў бы не паэт. Ён проста пералічыў бы прыкметы восені. Якія, напрыклад? (Ляціць павуціна, жаўцее лісце на дрэвах, над вадою падымаецца туман, на палях капаюць бульбу, пачынае чырванець рабіна, птушкі адлятаюць у вырай.) – Правільна. І ўсё гэта кожнаму з нас даводзілася назіраць многа разоў. Але для паэта мала назваць усім вядомыя прыкметы восені і зарыфмаваць іх. Ён прапануе нам спыніцца, угледзецца, зірнуць на свет яго вачыма. І мы здзіўляемся: як цудоўна!.. Мне цікава, якія думкі выклікаў у вас кожны са створаных пры дапамозе слова паэтычных малюнкаў. Перачытайце першую страфу і скажыце, як называецца той час, калі ў паветры праплывае павуціна. (Бабіна лета.) – Восень праплывае павуцінай... Ці не праўда, прыгожа?.. Павуціна плыве павольна над самай зямлёю. Успомніце, які вядомы паэт пісаў пра гэта. ( Якуб Колас. «На ніцях белай павуціны праводзяць восень павучкі...») – З чым аўтар параўноўвае адзенне дрэў. (З зялёнай хусцінкай.) – Паназірайце, калі ласка, ці выглянуў жоўты лісток з-пад зялёнай хусцінкі бярозы, што расце каля школы. – Прачытайце наступнае чатырохрадкоўе і скажыце, які малюнак кожны з вас уяўляе, чытаючы паэтава: «Усплыве туманом // Над рачулкаю соннай»? (Выслухоўваюцца вучнёўскія адказы.) – Чаму рачулка сонная? На што падобны туман? Чаму аўтар піша «устрывожыць дымком»? (Выслухоўваюцца адказы на кожнае з пастаўленых настаўнікам пытанняў.)

– Мне здаецца, што ў гэтым вершы паэт узгадвае сваё дзяцінства. Памяць дзяцінства не можа не хваляваць кожнага дарослага чалавека, тым больш паэта, на працягу ўсяго жыцця. З. М. Калі гэтая памяць блізкая настаўніку, няхай і ён «устрывожыць» яе, раскажа дзецям пра смак спечанай у прысаку бульбы. – З чым паэт параўноўвае колер рабіны? Якое слова дапамагае нам зразумець, што рабіна вельмі падабаецца паэту? (Выслухоўваюцца адказы вучняў.) 5. Выразнае чытанне ўсяго верша Папярэдне пазначаюцца паўзы (пасля кожнага вобраза-малюнка). Увага скіроўваецца на тое, што ў кожнай страфе ёсць словы, якія указваюць на запаволены тэмп чытання: «непрыкметна», «праплыве», «над рачулкаю соннай».

6. Асэнсаванне аўтарскай задумы, «пошук аўтара» – Што вы можаце сказаць пра аўтара верша? Ці падабаецца паэту восень? Каб падмацаваць свае адказы, вучні зноў звернуцца да тэксту, заўважаць словы з памяншальна-ласкальнымі суфіксамі: «павуцінкай», «лістком», «хусцінкай», «рачулкаю», «дымком». Пра захапленне аўтара гэтаю парою года гавораць і дзеясловы: «устрывожыць», «зачаруе». Нарэшце, пра на гэта ўказваюць і заключныя радкі:

Ды не знаю, чаму

Ты мне, восень, па сэрцу!

7. Дамашняе заданне Вывучыць верш на памяць.

Як можна з’ехаць з гары

Верш Кастуся Кірэенкі «На санках»

Які сягоння

Коўзкі снег!

Як лёгка

З ветрам дужацца!

Нішто не спыніць

Санак бег,

Хоць і галовы кружацца...

Мэты:

· дапамагчы вучням зразумець эстэтычны змест верша Кастуся Кірэенкі “На санках”;

· вучыць дзяцей правільнаму інтаніраванню клічных сказаў;

· дапамагчы вучням зразумець, што кожнае ўжытае паэтам слова найлепшым чынам адпавядае кантэксту і з’яўляецца незаменным;

· вучыць дзяцей выказваць свае ўражанні, абапіраючыся на тэкст твора, развіваць маўленчую практыку малодшых школьнікаў.

Парадак працы

1. Падрыхтоўка да асэнсаванага ўспрымання твора З. М. Ні ўступнае слова настаўніка, ні гутарка па пытаннях у дадзеным выпадку не дапамаглі б класу настроіцца на ўспрыманне верша. Найлепшы варыянт уступнай працы – праслухоўванне дамашніх міні-сачыненняў «З гары», «На санках з гары»… У такіх сачыненнях можна пачуць і пра бліскучы снег, і пра свіст ветру ў вушах, і пра перакуленыя санкі… Дзеці «змагаюцца з ветрам», «ляцяць насустрач ветру», «ладзяць санныя цягнікі», «з разгону трапляюць у снежныя гурбы», адчайна «ідуць на таран…». Фантазіі няма межаў. Асобныя выказванні вызначаюцца дзіцячай непасрэднасцю, арыгінальнасцю погляду.

2. Чытанне верша настаўнікам на памяць Настаўнік чытае верш Кастуся Кірэенкі, імкнучыся перадаць пачуццё руху, шчаслівага ўзбуджэння. 3. Аналіз першаснага ўспрымання – Што вы ўяўлялі, слухаючы верш Кастуся Кірэенкі? (Выслухоўваюцца звязныя выказванні вучняў.) 4. Самастойнае чытанне верша вучнямі, падрыхтоўка да асэнсаванага чытання ўслых 5. Аналіз верша, адпрацоўка выразнага чытання – Як трэба чытаць гэты верш? (Весела, бадзёра, жыццярадасна.) – Чаму вы так лічыце? (На гары ніколі не бывае сумна. Усе стараюцца хутчэй падняцца ўверх, каб праз хвіліну падаць уніз.) – Чаму ўсё ж такі ў дзяцей асабліва прыўзняты настрой? Ці толькі таму, што ехаць на санках з гары вельмі прыемна? (Дзецям трохі страшнавата. Паэт піша, што ў іх «галовы кружацца». А калі страшна, але адзін раз не пабаяўся, – тады вельмі прыемна.) – Іншы раз, адказваючы на пытанне «Як вы правялі зімовыя канікулы?», вучні пішуць: «спускаліся з гары», «каталіся з гары», «з’язджалі на санках з гары». А якія словы выкарыстаў Кастусь Кірэенка? (Імчым, ляцім.) – Чаму, як вы лічыце? (Гара вельмі крутая, санкі ляцяць.) – Але ж можна было ужыць слова «нясуцца», яно таксама паказвае на хуткасць, імгненнасць. (Слова «нясуцца» доўгае, а яшчэ санкі вельмі лёгкія, яны, здаецца, не дакранаюцца да зямлі, «ляцяць» у паветры.) – Заўважце, першыя дзве страфы быццам вымаўлены дзецьмі, якія толькі што зляцелі з гары. Яшчэ не перавёўшы дыханне, яны ўсклікваюць здзіўлена і задаволена: «Які сягоння коўзкі снег!» Паспрабуйце прачытаць першыя чатыры радкі так, нібыта вы самі толькі што спусціліся з гары. (Праводзяцца практыкаванні ў выразным чытанні) – Дык чаму ж уся зямля для дзетвары здаецца бязмежнай? (Дзеці могуць з’ехаць з самай крутой гары. Няма межаў іхняй радасці. Калі чытаеш гэты верш, хочацца хутчэй ухапіць санкі і бегчы на гару.) – Бывае такое адчуванне, што хочацца спяваць, гукаць нешта і бегчы ўдалечыню. З. М. Аналізуючы верш, настаўнік і дзеці неаднойчы звярталіся да выразнага чытання. Без правільна выбранай інтанацыі ніяк нельга было б паказаць агульны ўзнёслы настрой верша. З шасці сказаў, якія ён утрымлівае, – чатыры клічныя. У той жа час, рыхтуючы дзяцей – на працягу ўсяго ўрока – да выразнага чытання, чытаючы і перачытваючы твор, важна не збіцца на залішнюю патэтыку. Першыя два сказы – гэта захапленне, радасць, магчыма, здзіўленне. «З дарогі, гурбы снежныя!» – пераможны кліч-папярэджанне. Інтанацыя апошняга сказа павінна перадаць задавальненне, паўнату жыцця. 6. Асэнсаванне эстэтычнага зместу твора, «пошук аўтара» – Што хацеў перадаць у вершы Кастусь Кірэенка? Што вы можаце сказаць пра аўтара верша? (Паэт захапляецца разам з дзецьмі, уяўляе сябе на іх месцы, успамінае сваё маленства; паэту хораша ад таго, што вакол столькі весялосці; ён рады за дзяцей.) 7. Практыкаванні ў выразным чытанні верша; завучванне верша на памяць 8. Дамашняе заданне Падрыхтавацца да выразнага чытання верша або вывучыць яго на мамяць (па жаданні вучняў).

Мудрая паэзія

Верш Максіма Танка «Чаму птушкі лётаюць»

Уся зямля гарыць у майскай квецені.

Колькі год я па ёй вандраваў!

А сёння спыніўся:

як жа ісці

Па вуснах пявучых траў,

Па жывых, раскрытых вачах лотаці?

Дык вось чаму птушкі лётаюць!

Глыбокім лірызмам, спалучэннем думкі і пачуцця вылучаюцца творы Максіма Танка, нястомнага адкрывальніка таямніц роднага беларускага свету. У прыведзеным вершы усяго сем радкоў. Наўрад ці ёсць неабходнасць працаваць з ім на працягу цэлага ўрока, тым не менш памылкай будзе не заўважыць гэты твор, ці прачытаць яго паспешліва. «Чаму птушкі лётаюць?» – характэрны ўзор філасофскай лірыкі Максіма Танка. З яго пачнецца далучэнне пачынаючых чытачоў да духоўнай скарбніцы знакамітага паэта, шырока прадстаўленай у старэйшых класах.

Парадак працы

Мэты:

· дапамагчы вучням зразумець ідэйна-эстэтычны змест верша Максіма танка «Чаму птушкі лётаюць»;

· спрыяць развіццю узнаўляльнага і творчага ўяўлення малодшых школьнікаў, вучыць дзяцей бачыць і пачуццёва ўспрымаць створаныя аўтарам малюнкі прыроды;

· паказаць ролю вобразных сродкаў мовы (метафары, параўнанні) і сродкаў сінтаксічнай выразнасці (паўторы, рытарычныя пытанні) ў стварэнні мастацкага вобраза;

· вучыць пачынаючага чытача «бачыць асобу аўтара, разумець аўтарскую пазіцыю»;

· выхоўваць цікавасць да паэзіі, павагу да пісьменніцкай працы, пачуццё гонару за беларускую нацыянальную літаратуру.

Парадак працы

1. Уступная гутарка – Якія творы максіма Танка вам знаёмы? (Казкі «Галінка і верабей», «Жук і слімак» іншыя творы.) – Насённяшнім уроку мы з вамі пазнаёмімся з «сур’ёзным» вершам Максіма Танка «Чаму птушкі лётаюць?» Вывешваецца партрэт паэта. Вучні ўглядаюцца ў рысы сталага, мудрага перажытым паэта. З. М. Гэта пажадана рабіць кожны раз, калі чытаюцца творы аўтараў, з якімі вучні неаднойчы сустрэнуцца на ўроках беларускай літаратуры ў наступныя гады навучання. Звяртацца да партрэта тым больш мэтазгодна, калі дзеянне перадаецца ад першай асобы. – Ці задумваліся вы над тым, чаму птушкі лётаюць? (Таму што ў птушак ёсць крылы. Таму што іх косці напоўнены паветрам. У большасці птушак вельмі слабыя ногі. Зверху лепш відаць здабычу...) – Усё гэта правільна. Калі б мы запыталі пра гэта ў арнітолагаў, людзей, якія вывучаюць жыццё і паводзіны птушак, яны расказалі б нам пра іх паводзіны многа цікавага. Але давайце паслухаем, як адказаў на пастаўленае пытанне паэт.

2. Чытанне верша настаўнікам на памяць 3. Праверка першаснага ўспрымання – Дык чаму птушкі лётаюць? (Выслухоўваюцца адказы вучняў.) З. М.Хутчэй за ўсё, у кожным класе знойдуцца вучні, якія прагледзелі верш раней і зразумелі, што птушкам шкада таптаць кветкі і траву. Тым не менш такі «правільны» адказ не пазбаўляе ад неабходнасці паўней, глыбей раскрыць эстэтычны змест дадзенага твора. 4. Самастойнае чытанне верша вучнямі Настаўнік просіць вучняў перачытаць верш упаўголаса, не спяшаючыся, правільна выгаворваючы кожнае слова. 5. Аналіз твора, практыкаванні ў выразным чытанні Пасля гэтага ўвага засяроджваецца на першым радку. – Як добра было б, калі б мы з вамі апынуліся цяпер на лузе. «Уся зямля гарыць у майскай квецені?» Што мае на ўвазе аўтар? (У гэты час на лузе заўсёды многа кветак, зелянеюць няскошаныя травы.) – Што яшчэ можна ўбачыць і пачуць? (У паветры не заціхаюць галасы птушак. Лятаюць прыгожыя матылькі. Гудуць пчолы і паласатыя чмялі.) – Жаўранак завіснуў над лугам і расказвае нам у сваёй песні пра тое, якая прыгожая наша зямля. У чыстым ў небе, у кронах высокіх дрэў, у кустах спяваюць іншыя птушкі. Некаторыя з іх ніколі не апускаюцца на зямлю. – Адкажыце радкамі верша, чаму спыніўся паэт. («Як жа ісці // Па вуснах пявучых траў, // Па жывых, раскрытых вачах лотаці?») – Перачытайце гэтыя радкі моўчкі, падрыхтуйцеся прачытаць услых. Якія пачуцці неабходна перадаць пры чытанні? (Вучні адказваюць на пастаўленае настаўнікам пытанне, практыкуюцца ў выразным чытанні твора) – Раскрытыя бутоны, пяшчотныя пялёсткі Максім Танк назваў вуснамі траў. Якія гэта вусны? (Духмяныя, зялёныя, мядовыя, пахучыя, пяшчотныя.) – Пра што ж пяюць травы на лузе сваімі пяшчотнымі вуснамі, калі раптам павее ветрык? (Яны дзякуюць сонцу за цяпло. Травы і кветкі радуюцца жыццю.) – Давайце мы з вамі трохі паразважаем. Скажыце мне, як можна назваць раскінутыя ўбакі зялёныя лісты, часам прадаўгаватыя, выцягнутыя, іншым разам акруглыя, увогнутыя. На іх перакачваюцца раніцай празрыстыя кропелькі расы. (Іх можна назваць далонямі, далонькамі.) – Якога колеру гэтыя далоні? (Зялёнага колеру.) – А ці бачыў хто з вас, дзеці, лотаць? Якая яна? (Лотаць расце на нізкіх месцах, у яе яркія жоўтыя кветкі.) – Якімі вачыма будзе глядзець на нас лотаць? (Жоўтымі вачыма.) – Знайдзіце і прачытайце, як піша пра гэта Максім Танк. («Па жывых. раскрытых вачах лотаці... ») – Звярніце ўвагу: паэт гаворыць пра травы і кветкі, як пра жывыя істоты. Адкажыце мне, калі ласка, якімі вачыма глядзяць у блакітнае неба валошкі, званочкі, рамонкі. (Васільковымі, жоўтымі, сінімі.) – Які ж адказ знайшоў аўтар на сваё пытанне? (Выслухоўваюцца звязныя выказванні вучняў.) – Чалавек заўсёды абагаўляе хараство прыроды, захапляецца ім. У прыродзе ўсё разумна і мудра. Застаецца толькі любавацца гэтым хараством, каб багацець душою. – Якое спалічэнне слоў неабходна выдзеліць у апошнім сказе. («...дык вось чаму...». 5. Выразнае чытанне ўсяго верша – Уявіце, што гэтае паэтычнае адкрыццё зрабілі вы самі і цяпер хочаце падзяліцца ім з іншымі. Неабходна звярнуць увагу на працяглыя паўзы пасля трэцяга радка і перад заключным радком. 6. «Пошук аўтара», высвятленне аўтарскай пазіцыі – Што вы можаце сказаць пра аўтара верша «Чаму птушкі лётаюць». (Ён вельмі любіць прыроду. Ён вельмі назіральны. А яшчэ ён заўсёды думае над тым, што бачыць. Паэт увесь час здзіўляецца...) – Толькі вельмі ўражлівы чалавек, толькі паэт можа пачуць, як расце трава, можа ўбачыць вусны траў і вочы кветак. У адным са сваіх вершаў Максім Танк піша, што ён сябруе з вятрамі, птушкамі і зорамі, што ў госці да яго прыходзяць не толькі людзі, але і дрэвы, кветкі. Яму нельга не паверыць... 7. Дамашняе заданне Вывучыць верш на памяць. З. М. Адбылася яшчэ адна сустрэча з сапраўднай Паэзіяй. Восем радкоў класічнага верша, у гэтым мы перакананы, пераважаць па сіле ўздзеяння дзесяткі невыразных старонак пра беражлівыя адносіны да прыроды, западуць у чуллівыя дзіцячыя сэрцы і знойдуць там водгук. Верш Максіма Танка зрабіў пачынаючых чытачоў багацейшымі на яшчэ адно паэтычнае адкрыццё свету.

Калі чалавек шчаслівы?

Верш Сяргея Грахоўскага «Чалавеку патрэбна не слава...»

Чалавеку патрэбна не слава,

А людская ўвага і ласка,

І сардэчнае шчырае слова,

І вясёлая добрая казка...

Вершы Сяргея Грахоўскага напоўнены глыбокім роздумам пра людскае ў чалавеку. Пры гэтым глыбока ўражвае дакладнасць, яснасць у выказванні думак. Нездарма ж нават некаторыя «дарослыя» вершы Сяргея Грахоўскага уключаны ў падручнікі для пачатковай школы. Прыкладам сказанаму вышэй служыць верш «Чалавеку патрэбна не слава...»

Мэта:

· дапамагчы вучням зразумець ідэйна-эстэтычны змест верша Сяргея Грахоўскага «Чалавеку патрэбна не слава... »;

· зацікавіць малодшых школьнікаў жыццём і творчасцю паэта;

· вучыць дзяцей выказваць свае ўражанні, дыскутаваць, даказваць правамернасць сваіх поглядаў, абапіраючыся на тэкст твора;

· вучыць пачынаючага чытача «бачыць асобу аўтара», разумець аўтарскую пазіцыю;

· выхоўваць пачуццё дабрыні, шчырасці, бескарыслівасці.

Парадак працы

1. Уступнае слова настаўніка – Свой першы верш Сяргей Грахоўскі надрукаваў у трынаццацігадовым узросце (1926 г.) Працяглы час ён быў рэдактарам часопіса «Вясёлка». Па ілжывым абвінавачванні паэт быў рэпрэсаваны і жыў далёка ад дому. Сваю першую кнігу Сяргей Іванавіч пабачыў ажно праз сорак пяць гадоў пасля таго, як парадаваўся першаму вершу. Пасля гэтага напісаў яшчэ многа кніг для дзяцей і дарослых, пражыў доўгае і складанае жыццё. 2. Чытанне верша настаўнікам на памяць Чытанне завяршаецца працяглай псіхалагічнай паўзай. Настаўнік нібы сам удумваецца ў апошнія радкі. 3. Высвятленне эмацыянальнага ўздзеяння твора на вучняў – Якую якасць чалавека Сяргей Грахоўскі лічыць самай важнай. (Выслухоўваюцца вучнёўскія адказы.) 4. Самастойнае чытанне верша вучнямі 5. Аналіз верша, практыкаванні ў выразным чытанні З. М. Зробім некалькі заўваг, якія могуць быць карыснымі пры выпрацоўцы навыку выразнага чытання верша Сяргея Грахоўскага. Па-першае, трэба звярнуць увагу на інверсію ў першай і чацвёртай страфе. Яе аўтар выкарыстоўвае для таго, каб сэнсава найбольш значнае слова стала ў канец вершаванага радка і рыфмавалася:

Чалавеку патрэбна не слава... Каб сяброў сустракаў клапатлівых...

Аўтарскую думку ўзмацняе таксама парадак слоў у радках, што нясуць значную сэнсавую нагрузку:

Чалавеку не толькі спагада, –

Дабрата чалавеку патрэбна...

Па-другое, важкую сэнсавую нагрузку нясе таксама працяглая паўза, што падзяляе гэтыя радкі. Яна асабліва заўважная ў спакойнай плыні аднародных даданых членаў сказа. Напаследак заўважым, што азначэнні ў трэцім і чацвёртым радку не раздзелены коскамі. Аўтар не лічыць іх аднароднымі – Падрыхтуйцеся да чытання ўслых першай страфы. (Выслухоўваецца некалькі чытальнікаў. Настаўнік робіць неабходныя заўвагі.) – Якое слова патрэбна чалавеку? (Сардэчнае, шчырае, ласкавае, добрае, спагадлівае, пяшчотнае, цёплае слова.) – Як вы разумееце значэнне слова «шчыры». (Праўдзівы, душэўны, пазбаўлены прытворства). Падрыхтуйцеся да выразнага чытання другой страфы.(Пасля адпаведнай падрыхтоўкі вучні чытаюцьуслых:

Чалавеку патрэбна ўсмешка

Незнаёмых вачэй і знаёмых,

Каб дажджамі размытая сцежка

Стала лёгкай на кручах і стромах.)

–– З чым, на вашу думку, параўноўвае паэт чалавечае жыццё. З. М. Правільны адказ утрымліваецца ў самім вершы. Магчыма і такое, што вучні ўжо сустракаліся з гэтай агульнапаэтычнай метафарай: чалавечае жыццё – гэта сцежка. – Па якой сцежцы цяжка ісці? (Па пясчанай, размытай дажджамі.) – А якія яшчэ перашкоды чалавека падпільноўваюць на гэтай сцежцы? Знайдзіце і прачытайце. ( Кручы, стромы, прорвы і спады.) – Мне хочацца ведаць, ці дакладна вы разумееце значэнне гэтых слоў. (Высвятляецца прамое лексічнае значэнне кожнага слова, бо без гэтага цяжка зразумець іх вобразны змест:

круча – круты спуск, абрыў

строма – круты схіл, абрыў

прорва – тут глыбокі абрыў, бездань

спад – абрыў, круча, схіл.)

– Бачыце, якая багатая наша беларуская мова. І гэта нават не ўсе словы, што маюць значэнне круты спуск ці абрыў... Якую мэту ставіў паэт, ужываючы іх, што ён хацеў сказаць? (Пра тое, што ў жыцці чалавека бывае многа непрыемнасцей, яно не заўсёды простае.) – Упарта пераадольваючы на сваёй жыццёвай сцежцы прорвы і спады, чалавек узбіраецца на стромкія грэбні. Як вы разумееце значэнне слова грэбні? ( Гэта вяршыні, на якія цяжка ўзысці.) – А што мае на ўвазе паэт, калі піша пра гэта? (Узабрацца на грэбень – значыць дабіцца поспеху, нейкай перамогі ў жыцці, спраўдзіць сваю мару.) – Што ж дапамагае чалавеку на размытай дажджамі сцежцы пераадольваць перашкоды і падымацца на стромкія грэбні? (Яму дапамагае людская дабрата.) – Прачытайце, як выдатна пра гэта сказаў паэт. (Вучні чытаюць трэцюю і чацвёртую страфу.) 6.Асэнсаванне ідэйна-эстэтычнага зместу твора,«пошук аўтара»– Калі чалавек калі чалавек шчаслівы? (Чалавек заўсёды шчаслівы, калі прыносіць шчасце іншым. Толькі добры чалавек можа быць шчаслівым. Добры чалавек заўсёды клапоціцца пра іншых, і гэта прыносіць яму задавальненне.) – Для чаго ж Сяргей Грахоўскі склаў гэты верш, што ён хацеў нам сказаць? – пытае настаўнік. (Ён хацеў пераканаць нас у тым, што што самая каштоўная чалавечая якасць – дабрата. Яна патрэбна у жыцці кожнаму, але кожны з нас таксама абавязаны дарыць дабрату людзям, дапамагаць ім стаць шчаслівымі.) –Добрае слова, велікадушны ўчынак, спагадлівасць і дабрыня выратавалі не аднаго чалавека. Нездарма кажуць, што, пакуль існуе дабрыня, да той пары будзе існаваць свет. Часам, калі чалавек трапляе ў бяду, зусім незнаёмыя людзі прыходзяць яму на дапамогу. 7. Заключнае гутарка – Мы з вамі, дзеці, ніколі не сустракаліся з Сяргеем Грахоўскім, мала знаем пра яго жыццё, але, пазнаёміўшыся з вершам, тым самым больш даведаліся і пра самога паэта. Ці ж не так?.. Як вы думаеце, гэты верш напісаны паэтам у маладым ці ўжо ў сталым узросце? (Верш напісаў немалады паэт.) – Чаму? (Ён многа ведае пра жыццё, напэўна, многа пабачыў і перажыў.) – Што яшчэ вы можаце сказаць? (Паэт не імкнецца да славы. Найвышэй у чалавеку Сяргей Грахоўскі цэніць дабрату.) – Вялікае дзякуй вам за працу на ўроку. Добра запомніць ўсё тое, аб чым гаварылася. 8. Дамашняе заданне Падрыхтавацца да выразнага чытання верша.

Наши рекомендации