Верш на памяць?.. з прыемнасцю!

Выхаванцы дзіцячага садка з задавальненнем завучваюць вершы на памяць, рыхтуючыся да святочных ранішнікаў, адкрытых заняткаў, выступленняў перад бацькамі. На жаль, у школе, дзе асноўнымі, калі не адзінымі стымуламі заахвочвання застаюцца добрая адзнака ці апладысменты на дзіцячым ранішніку, гэтае жаданне паступова гасне. Чаму ж далёка не ўсім пачаткоўцам падабаецца завучваць вершы на памяць? Галоўная, на нашу думку, прычына – непрадуманы падбор вершаваных твораў для завучвання. У чытанках для пачатковай школы, як ужо адзначалася, ва ўсёй шырыні павінна быць прадстаўлена класічная літаратура, і толькі тыя ўзоры сучаснай літаратуры, якія таксама паспелі прайсці выпрабаванне часам. Падручнікі для пачатковых класаў, на жаль, ігнаруюць многія ўзорныя класічныя творы, што адпавядаюць узроставым магчымасцям дзяцей, і не прапануюць іх для вывучэння. Сярод іншых прычын можна назваць наступныя: прымітыўны аналіз-тлумачэнне ідэйна-мастацкага зместу твора; – выстаўленне здавальняючыя і нават нездавальняючых адзнак за чытанне верша на памяць; – ігнараванне такога метадычнага прыёму як паўторнае вяртанне да вывучанага верша на абагульняючых уроках, на аднатэмных уроках у старэйшых класах пачатковай школы і ў сярэдняй школе;

– абыякавыя, незацікаўленыя адносіны да паэзіі самога настаўніка, няведанне ім класічных узораў і лепшых твораў сучаснай паэзіі для дзяцей; – невыкарыстанне высокамастацкіх твораў у пазакласнай і пазашкольнай працы; – незацікаўленыя адносіны настаўніка да першых спроб яго вучняў у літаратурнай творчасці. Каб завучванне верша не стала для дзіцяці пакутаю, яго трэба пачынаць у класе, у самым пачатку ўрока даўшы адпаведную ўстаноўку. Не будзе памылкаю сказаць, што першаснае ўспрыманне верша са слоў настаўніка – гэта і ёсць пачатак завучвання, якое дзеці працягваюць – не ўсведамляючы таго – і пры аналізе, суправаджаючы яго выразным чытаннем, а таксама на іншых этапах урока. Пэўны час на завучванне спецыяльна адводзіцца на апошнім этапе ўрока. Добра, калі вучні, якія валодаюць дасканалай зрокавай і слыхавой памяццю, тут жа атрымаюць добрую адзнаку. (Засяродзім увагу на тым, што настаўнік павінен у роўнай меры абапірацца як на зрокавую, так і на гукавую (слыхавую) памяць дзяцей, бо гэтыя два віды памяці развіты ў вучняў па-рознаму.) Завучванне на памяць адбываецца па створаных у вершы вобразах. Спачатку завучваецца і ўзнаўляецца па памяці адзін такі вобраз-малюнак, пасля – другі. Далей аб’ядноўваюцца першы і другі. Да першых двух вобразаў-малюнкаў дадаецца завучаны на памяць трэці. І гэтак да канца верша. Абазначаны падыход спрыяе таму, што дзеці, чытаючы на памяць, не прыпамінаюць кожны раз пачатковыя словы кожнай наступнай страфы. Дома таксама не рэкамендуецца завучваць верш у адзін прыём. Падтрымліваць цікавасць да лірычных вершаў, падахвочваць дзяцей да завучвання на памяць заклікана метадычна правільна арганізаваная праверка вывучанага. Гэтая праверка перш за ўсё павінна быць накіравана на доўгатэрміновае (пажыццёвае) запамінанне. – Як ты лічыш, – пытае вучня настаўнік, – калі табе ізноў захочацца прачытаць гэты верш на памяць? У якой сітуацыі? Пры якіх абставінах будзе прыемна пачуць яго ад сяброў і дарослых. Адна з галоўных метадычных умоў праверкі завучанага заключаецца ў наступным: за няведанне верша на памяць нельга караць. Дрэнная адзнака – вялікая бяда для дзіцяці. Па нашым перакананні, настаўнік малодшых класаў павінен карыстацца ўсяго толькі верхняю часткаю дзесяцібальнай шкалы. У свой час В.А. Сухамлінскі пісаў, што адмоўная адзнака – гэта тонкі інструмент, які ў мудрага і вопытнага настаўніка заўсёды ў запасе. Але настаўнік гэтым інструментам ніколі не карыстаецца. Адзнака за вывучаны на памяць верш, як ніякая іншая адзнака, павінна надаваць аптымізму, стымуляваць да спасціжэння слоўнага мастацтва. Нават вучні, якія па самых розных прычынах не могуць атрымаць найвышэйшы бал за іншыя віды вучэбнай дзейнасці, здольныя атрымаць яго за бездакорна прачытаны на памяць верш. Для малодшых школьнікаў гэта стымул даволі важны. Таму, думаецца, ёсць сэнс у пачатковых класах пры ацэнцы завучанага на памяць верша поўнасцю выключыць адзнакі «1», «2», «3», «4», «5», магчыма, нават «6», і «7». Калі і трэба каго вінаваціць за няведанне вучнем верша на памяць, то гэта настаўніка. Некаторыя педагогі пры праверцы завучанага імкнуцца ў самым пачатку ўрока выклікаць лепшых вучняў у надзеі, што тыя створаць адпаведную атмасферу (прынамсі, гэта куды лепей, чым выклікаць па класнаму спіску). Але іншым разам гэтыя вучні атрымліваюць заніжаную адзнаку, бо настаўнік знарок дэманструе псеўдааб’ектыўнасць. Такая адзнака з’яўляецца карай для найбольш старанных дзяцей. Праверка завучанага праводзіцца на розных (падкрэслім гэта) уроках па тэме да таго часу, пакуль усе вучні не прачытаюць верш на памяць. Адзнакі, для прастаты кантролю, лепш выставіць у адну графу. Прапанаваны падыход да арганізацыі навучання дзяцей завучванню вершаў і праверкі можна лічыць рацыянальным па наступных прычынах: – забяспечваецца надзейнае запамінанне вершаў праз мнагаразовае (на працягу 1 – 3 тыдняў) іх праслухоўванне; вучні, што чытаюць верш апошнімі (а гэта, як правіла, слабейшыя вучні), «давучваюць» верш, не прыкладаючы асаблівых намаганняў, і атрымліваюць станоўчыя адзнакі; – дзеці не баяцца дрэнных адзнак; адзнака выступае не як сродак пакарання, а менавіта як сродак заахвочвання, выклікаючы станоўчыя эмацыянальныя рэакцыі; – нарэшце, выконваюцца праграмныя патрабаванні – ведаць на памяць пэўную колькасць вершаў. Пры такім падыходзе дзеці будуць з нецярпеннем чакаць кожнай новай сустрэчы з вершам. Завучванне верша на памяць будзе не карай, а прыемным заняткам. У сваёй працы (і не абавязкова на ўроках літаратурнага чытання) настаўнік можа і павінен, акрамя твораў, што трывала ўвайшлі ў дзіцячыя чытанкі, выкарыстоўваць займальныя і гумарыстычныя вершы, вершы-жарты, вясёлыя двух – чатырохрадкоўі з тым, каб праз рытм і рыфму дзеці міжвольна запаміналі новыя словы, замацоўвалі граматычныя і арфаэпічныя нормы. Лічым, што падобны падыход не пойдзе на шкоду высокай паэзіі. Усё ж неабходна, каб і тут настаўнік меў густ, не браў першае, што трапляецца ў рукі, асцерагаўся непрафесійна зладжаных, самаробных рыфмаванак, якіх усё яшчэ нямала ў метадычным друку (асабліва ў сцэнарыях дзіцячых свят і выхаваўчых мерапрыемстваў). Як паказала практыка, дзеці з задавальненнем запамінаюць на слых вершаваныя радкі Н. Галіноўскай, І. Бурсава, М. Чарняўскага, В. Гардзея, І. Муравейкі, М. Маляўкі, С. Шах, С. Беставай, В. Жуковіча, У. Паўлава. У. Мацвіенкі, іншых сучасных паэтаў. Несумненна, нельга ўявіць сучаснага адукаванага чалавека, які не трымае ў памяці шэдэўраў нацыянальнай лірыкі, не звяртаецца да іх у хвіліны радасці і смутку ў розныя перыяды жыцця, знаходзячы ў вершаваных радках крыніцу натхнення, сродак духоўнага ачышчэння і самаўдасканалення. Так ён узбагачае ў цяперашнім мітуслівым свеце сваё паўсядзённае жыццё. Узнаўленне верша па-памяці – унутраная духоўная праца. Разуменне гэтага прыходзіць з узростам. Задача настаўніка пачатковых класаў – захапіць дзяцей лірыкай і прыгажосцю мастацепга слова ў такой меры, каб абудзіць жаданне вучыць вершы на памяць.

Літаратура,

Наши рекомендации