Адукацыя і навука у першай палове ХІХ ст
Адной з найбольш важных галін духоўнага жыцця ў канцы XVIII – першай палове XIX ст. была асвета. У гэты час у сістэме адукацыі адбываюцца значныя змены, якія праявіліся ў стварэнні сістэмы свецкай адукацыі і павелічэнні колькасці навучальных устаноў розных тыпаў.
3 пункту гледжання асветнікаў стварыць ідэальнае грамадства можна перш за ўсё з дапамогай правільнага выхавання і адукацыі. Пад уплывам асветніцкіх ідэй адукацыя пастулова пазбаўлялася царкоўнага ўплыву, пераходзіла ў падпарадкаванне да дзяржавы і набывала свецкі характар. Гэта абумовіла правядзенне ў апошняй трэці XVIII – пачатку XIX ст. шэрагу рэформ у галіне адукацыі Расійскай імперыі. Да гэтага часу ў Беларусі склалася даволі заблытаная сетка навучальных устаноў, пазбаўленых адзінага кіраўніцтва і не звязаных паміж сабой.
Пасля далучэння Беларусі да Расійскай імперыі царскі ўрад захаваў агульны кірунак асветніцкай палітыкі, распрацаванай у часы Адукацыйнай камісіі. У 1802 г. пачалася школьная рэформа, якая на тры дзесяцігоддзі вызначыла стан асветы на Беларусі. У 1802 г. было ўтворана Міністэрства народнай асветы. Еўрапейская частка Расіі дзялілася на 6 навучальных акруг, кожную з якіх узначальваў прызначаны царом папячыцель.Віцебская, Гродзенская, Мінская, Магілёўская губерні ўвайшлі ў склад Віленскай навучальнай акругі, якую ўзначаліў магнат Адам Чартарыйскі. Навуковым і адміністрацыйным цэнтрам акругі быў Віленскі універсітэт. Згодна з рэформай утвараліся некалькі тыпаў навучальных устаноў. На самай ніжняй прыступцы стаялі пачатковыя школы – аднакласныя прыхадскія вучылішчы, прызначаныя для падатных саслоўяў. Сярэднюю адукацыю ў першай палове XIX ст. давалі гімназіі, створаныя ў Мінску, Гродне, Магілёве, Віцебску, Жыровіцах, Свіслачы. Школа насіла саслоўны характар – доступ у гімназіі для дзяцей падатных саслоўяў быў абмежаваны, а ва універсітэт іх наогул не дапускалі.
У выніку рэформ павялічылася сетка школ, трывалае месца ў вучэбных планах занялі прыродазнаўчыя дысцыпліны. Станоўчымі вынікамі з’яўляліся адносная даступнасць пачатковых навучальных устаноў, адсутнасць абмежаванняў нацыянальнага, веравызнальнага і ўзроставага характару, забеспячэнне дзяўчынкам права наведваць школу. Школа насіла саслоўны характар – доступ у гімназіі для дзяцей падатных саслоўяў быў абмежаваны, а ва універсітэт іх наогул не дапускалі.
Важную ролю ў сістэме школьнай адукацыі працягвалі адыгрываць каталіцкія навучальныя ўстановы, якія належалі розным каталіцкім ордэнам. Значная частка іх навучальных устаноў падпарадкоўвалася ордэну езуітаў. У 1812 – 1820 гг. дзейнічала Полацкая езуіцкая акадэмія, якая мела правы вышэйшай навучальнай установы і была цэнтрам асобай езуіцкай навучальнай акругі. Каталіцкія навучальныя ўстановы імкнуліся выхаваць у навучэнцаў прапольскі настрой. Мовай навучання была польская. Прапольскай арыентацыі прытрымлівалася і кіраўніцтва Віленскага універсітэта. Усё гэта спрыяла паланізацыі пераважнай часткі адукаванага насельніцтва Беларусі. Аднак у1820 г. езуіты былі выгнаны з Расійскай імперыі, а на месцы Полацкай акадэміі створаны кадэцкі корпус. У 40-я гг. быў адкрыты кадэцкі корпус і ў Брэсце. Колькасць навучальных устаноў пры каталіцкіх кляштарах і базыльянскіх манастырах на працягу першых дзесяцігоддзяў XIX ст. скарачалася па загаду ўлад, а ў 1832 г. яны былі пераўтвораны ў свецкія навучальныя ўстановы. Аб’яднанне уніяцкай царквы з праваслаўнай паскорыла закрыццё каталіцкіх манастыроў і іх навучальных устаноў.
У 1819 г. у Гомелі – тагачасным маёнтку графа М. П.Румянцава – была адкрыта першая ў Расійскай імперыі ланкастэрская школа ўзаемнага навучання. Гэтыя школы прызначаліся для таннага і хуткага атрымання элементарнай адукацыі па сістзме англійскіх педагогаў Дж. Ланкастэра і А. Бэла. Навучанне дзяцей і дарослых у іх адбывалася больш падрыхтаванымі вучнямі пад кіраўніцтвам настаўніка. У 1821 г. для сялян была адкрытая ланкастэрская школа ў Шчорсах Я. Храптовічам. Ініцыятарам адкрыцця такіх школ для дзяцей сялян і бедных мяшчан выступіў урад. Але ўжо цераз пяць гадоў гэтыя школы былі забаронены і з’явіліся зноў толькі ў канцы 30-х гг. XIX ст.
Асобныя навучальныя ўстановы існавалі ў гэты час для яўрэяў, якія складалі тады значную частку гарадскога насельніцтва Беларусі. Адукацыя гэтай часткі гараджан мела пераважна рэлігійны характар. У талмуд-торах, хадарымах і іншых навучальных установах, якія ўтрымліваліся на грошы яўрэйскай абшчыны, дзеці займаліся вывучэннем свяшчэнных кніг іўдаізму пад кіраўніцтвам равінаў і меламедаў. У 1844 г. была праведзена рэформа яўрэйскіх навучальных устаноў, уведзены першы, не лічачы яурэйскай мовы, свецкі прадмет – руская мова.
На Беларусі працавалі таксама прыватныя вучылішчы і пансіянаты. Жаночая адукацыя адбывалася менавіта праз гэтыя навучальныя ўстановы і хатніх настаўнікаў.
У першай чвэрці XIX ст. сістэма асветы на Беларусі, асабліва ў заходняй яе частцы, была значна спаланізавана. Польская мова з'яўлялася асноўнай мовай выкладання, дзеці вывучалі польскую гісторыю і літаратуру. Такое становішча было звязана з агульным кірункам палітыкі самаўладдзя – царызм шукаў саюзнікаў сярод мясцовай спаланізаванай шляхты і ішоў на свядомае патуранне паланізацыі. Польскія патрыёты на чале з папячыцелем Віленскай навучальнай акругі і куратарам універсітэта Адамам Чартарыйскім зрабілі асвету надзейным сродкам распаўсюджвання ідэалаў польскага нацыянальнага руху.
Сітуацыя стала паступова змяняцца пасля раскрыцця тайных таварыстваў у навучальных установах. Уводзіцца выкладанне рускай мовы ў якасці абавязковага прадмета, польская гісторыя замяняецца гісторыяй Расіі. У гэты час змяняецца кіраўніцтва Віленскай навучальнай акругі і універсітэта. Новы куратар М.Навасільцаў пачынае праводзіць паступовую русіфікацыю універсітэта, замяняе “нядобранадзейных” выкладчыкаў. Адпрацы адхілены прафесары Віленскага ўніверсітэта Іаахім Лялевель, Міхал Баброўскі, Ігнат Даніловіч. Жыхарам Літвы і Беларусі было забаронена вучыцца ў замежных універсітэтах. Але Віленскі універсітэт і пасля рэпрэсій сярэдзіны 20-х гг. не страчвае свайго значэння як галоўнай навучальнай ўстановы і навуковага асяродка Беларусі і Літвы. Тут дзейнічаюць чатыры факультэты – фізіка-матэматычны, медыцынскі, маральна-палітычных навук, літаратуры і прыгожых мастацтваў, а таксама настаўніцкая і духоўная семінарыі. Штогод на ўсіх аддзяленнях універсітэта вучылася больш за 1 тыс. чалавек, тут меліся выдатная бібліятэка, батанічны сад, астранамічная абсерваторыя, анатамічны музей, лабараторыі. Універсітэт меў еўрапейскую славу, вакол яго гуртаваліся лепшыя сілы мясцовай інтэлігенцыі.
Пасля падаўлення царскімі ўладамі паўстання 1830 – 1831 гг. асвета пачала будавацца на прынцыпах “праваслаўя, самадзяржаўя, народнасці”. Царскі ўрад адмаўляў існаванне самастойнай беларускай мовы. якая лічылася дыялектам рускай ці польскай. Адбываўся перавод навучання з польскай на рускую мову. Генерал-губернатар М. А. Далгарукаў у 1833 г у справаздачы Мікалаю I аб кіраванні Віленскай І Гродзенскай губернямі і Беластоцкай вобласцю пісаў: “Ва ўсе часы, ва ўсіх краінах свету мова заўжды была і будзе непасрэднай зброяй урадаў для дасягнення ўсемагчымых відаў і намераў. Усюды пануючая мова дзяржавы, як пануючае веравызнанне, павінна мець перавагу перад мясцовымі гаворкамі аддаленых, прыгранічных ці новадалучаных краін. Агульнае ўжыванне пануючай мовы ў дзяржаве непрыкметна збліжае разнародныя яе плямены.. і нарэшце злівае ўсе чужацкія плямены ў адзін народ”.
1 мая 1832 г. Мікалай I падпісвае ўказ аб закрыцці Віленскага універсітэта. Гэта было не толькі пакаранне за ўдзел студэнтаў у паўстанні, але і імкненне знішчыць “гнездо вольнодумства”, якім улады справядліва лічылі універсітэт.У Вільні застаецца Медыка-хірургічная акадэмія, створаная на базе медыцынскага факультэта (працуе да 1840 г.) і Рымска-каталіцкая акадэмія, асновай якой стала тэалагічнае аддзяленне маральна-прававога факультэта (у 1842 г. пераведзена ў Пецярбург). Выкладанне ва ўсіх тыпах навучальных устаноў пераводзіцца на рускую мову. На ўсходзе Беларусі польская мова выключаецца з праграмы выкладання, на захадзе выкладаецца толькі як асобны прадмет па скарочанай праграме. Настаўнікі, якія не валодаюць рускан мовай, адхіляюцца ад выкладання. Рускамоўных выкладчыкаў для Беларусі пачынаюць рыхтаваць Пецярбургскі настаўніцкі інстьггут і створаная ў Віцебску ў 1834 г. настаўніцкая семінарыя (працуе да 1839 г.)
У 1840 г. пачала працаваць Горы-Горацкая земляробчая школа, пераўтвораная ў 1848 г. у земляробчы інстытут – першую ў Расіі вышэйшую агранамічную навучальную ўстанову.
Прагрэсіўная інтэлігенцыя Беларусі, як і іншых нацыянальных рэгіёнаў, выступала за перавод навучання ў школе на родную мову вучняў, найперш у пачатковай адукацыі. Гэту ідэю падтрымаў і папячыцель Віленскай навучальнай акругі (адноўленай у 1850 г.) князь А. П. Шырынскі-Шыхматаў. У той жа час ва ўрадавых колах з'явілася думка аб неабходнасці выдання афіцыйнага часопіса на беларускай мове з мэтай тлумачэння народным масам Беларусі распараджэнняў і дзейнасці органаў улады. Беларускую мову ў пачатковай школе і ў часопісе намерваліся выкарыстаць у канечным выніку дзеля русіфікацыі беларусаў і распаўсюджання казённай ідэалогіі. «Трэба, – сцвярджалася ў адной з маскоўскіх газет, – каб беларускі селянін разумеў гасудараў загад... Адразу вылепіць з яго велікарускага мужыка немагчыма, дый няма патрэбы... Было б надзвычайна карысна выкладаць першапачатковыя веды і сэнс урадавых загадаў беларускаму селяніну на беларускай мове, навучыць чытаць і пісаць яго па-беларуску, а пасля, безумоўна, па-расійску і па-царкоўнаславянску». У студзені 1863 г. Аляксандр II падпісаў рашэнне аб асігнаванні на выданне народнага штомесячніка на беларускай мове 6 тыс. руб. у год. Аднак у сувязі з паўстаннем 1863 – 1864 гг. царскі ўрад адмовіўся ад планаў стварэння на Беларусі беларускамоўнай пачатковай школы і выдання народнага часопіса на беларускай мове.
У канцы 50-х гг. на тэрыторыі Беларусі пачынаюць адкрывацца “училища для поселянских детей" – пачатковыя школы для сялян, якія ўтрымліваліся часткова на сродкі дзяржавы, а часткова – праваслаўным святарствам і самімі сялянамі. Вясковых дзяцей вучылі рускай мове, пачаткам арыфметыкі, малітвам. Адной з галоўных мэт гэтых школ была русіфікацыя беларускага сялянства і прыцягненне яго да праваслаўя. Адкрыццё такіх школ, падтрыманае дзяржавай, мела масавы характар. Толькі ў Гродзенскай губерні з 1859 па 1862 г. было адкрыта 223 такіх школы. Аднак з-за нізкага ўзроўню выкладання яны не давалі і не маглі даваць паўнацэннай адукацыі сялянскім дзецям. Большасць з гэтых школ існавала толькі на паперы. Не лічачы гэтых пачатковых школ для сялян, у пачатку 60-х гг. XIX ст. на Беларусі налічвалася 167 навучальных устаноў усіх тыпаў, у тым ліку адна вышэйшая, 12 сярэдніх, 45 прыватных і дзяржаўных жаночых вучылішчаў, 21 духоўнае вучылішча. Пачатковых школ для сялян у 1863 г. налічвалася згодна са справаздачамі чыноўнікаў навучальнай акругі больш за 700. Але колькасць вучняў у навучальных установах Беларусі была невялікай: адзін вучань прыходзіўся на 200 чалавек насельніцтва. Да 1860-хгг. у розных тыпах навучальных устаноў у Беларусі атрымлівала адукацыю ўсяго 0,5 % насельніцтва.
Навуковае жыццё Беларусі ў першай палове XIX ст. было звязана з дзейнасцю выкладчыкаў Віленскага універсітэта, Горы-Горацкага земляробчага інстытута, а таксама з даследаваннямі энтузіястаў-аматараў.
У Віленскім універсітэце значнага развіцця дасягнулі дакладныя навукі. Выдатны ўклад унёс у матэматыку і астраномію Ян Снядэцкі, які працяглы час быў рэктарам універсітэта. Дзякуючы яму ў Вільні была адкрыта астранамічная абсерваторыя, яго падручнік па сферычнай трыганаметрыі лічыўся найлепшым у Еўропе і быў выдадзены ў Лейпцыгу. Брат Яна Снядэцкага Андрэй выдатны біёлаг і хімік – таксама працаваў ва універсітэце. Яго пяру належыць фундаментальная праца “Тэорыя арганічных рэчываў”, дзе Андрэй Снядэцкі на падставе эмпірычных даных біялогіі стварыў стройную навуковую тэорыю арганічнай хіміі.
Выкладчыкі універсітэта ўнеслі значны ўклад у развіццё медыцыны, фізіялогіі, гісторыі, літаратуры і іншых навук. Гэтыя галіны пазначаны імёнамі прафесара батанікі і заалогіі С.Юндзіла, прафесара медыцыны А.Бекю, фізіёлага М.Гамаліцкага, прававедаў І.Даніловіча і Ю.Ярашэвіча, мовазнаўцы І.Лабойкі.
Не страцілі і сёння сваёй навуковай вартасці працы прафесара універсітэта І.Лялевеля, які быў заснавальнікам рамантычнай школы польскай гістарыяграфіі, а ў 30-я гг. стаў адным з кіраўнікоў нацыянальна-вызваленчага руху на Беларусі, у Літве і Польшчы.
У Горы-Горацкім земляробчым інстытуце выдатныя вынікі былі дасягнуты ў галіне хіміі і біялогіі. Тут працавалі пачынальнік хімічнай навукі на Беларусі К.Д.Шміт, выдатны хімік і педагог І.Цютчаў і інш. Тут развівалася аграбіялогія, праводзілася работа па вывядзенні высокапрадукцыйных парод жывёлы і новых сартоў сельскагаспадарчых культур. Напрыклад, у 1853 г. на выставе ў Горы-Горках экспанавалася 28 гатункаў бульбы і розныя прадукты з яе.
Значных поспехаў дасягнулі ў канцы XVIII – першай палове XIX ст. гістарычная навука, этнаграфія, археалогія, краязнаўсгва. Як асобная галіна ведаў пачало складвацца беларусазнаўства.
Станаўленне навуковых ведаў пра беларускі народ і Беларусь. У канцы XVIII ст. Беларусь у навуковых адносінах заставалася амаль зусім не вывучаным рэгіёнам. Не было даследаванняў аб мове, вуснай народнай творчасці, матэрыяльнай культуры, этнічных межах рассялення беларусаў, гісторыі краю. Не існавала адзінай назвы народа і краіны. Назва «Беларусь» на той час замацавалася толькі за ўсходнімі губернямі – Віцебскай і Магілёўскай. У асобных публікацыях да іх далучалася Смаленская губерня. Цэнтральныя і заходнія раёны – Мінская, Гродзенская і Віленская губерні – называліся «Літвою», а іх насельніцтва – «літвінамі». Сацыяльныя вярхі грамадства і інтэлігенцыя былі паланізаваны. У грамадска-культурным жыцці краю панавала польская мова. Таму многімі прадстаўнікамі расійскай інтэлігенцыі Беларусь успрымалася як частка Польшчы. Непісьменныя ў пераважнай большасці масы працоўных не ўсведамлялі сябе як адзіны этнас. На іх этнічнай самасвядомасці адбівалася веравызнанне. Праваслаўе ўспрымалася як «руская вера», а каталіцтва – як «польская». Адпаведныя ідэі праводзілі ў сваёй дзейнасці царква і касцёл. Веравызнаннем фактычна вызначалася этнічная прыналежнасць не толькі ў свядомасці беларускага селяніна ці мешчаніна, але і ў вачах інтэлігенцыі, нават навукоўцаў.
Расійская афіцыйная навука ўзброіла Кацярыну II ілжывым дэвізам «Отторженная возвратих», які зыходзіў з вялікадзяржаўніцкага погляду на Беларусь як гістарычнае ўладанне-спадчыну расійскіх манархаў і на беларусаў як частку велікарускага народа, «сапсаваную» за час адрыву ад яго польска-каталіцкімі ўплывамі. 3 другога боку, польскія вучоныя (Т. Чацкі, С. Ліндэ, Л. Галамбёўскі, А. Дамбоўскі, А. Нарушэвіч і інш.) імкнуліся тэарэтычна абгрунтаваць погляды польскай і апалячанай беларускай арыстакратыі на Беларусь як частку Польшчы і разглядалі беларусаў як этнаграфічную групу польскага народа.
Супраць вялікадзяржаўніцкіх расійскіх і польскіх поглядаў на Літву, Беларусь і яе гісторыю выступала група прафесараў славістыкі, гісторыі і права Віленскага універсітэта – Міхаіл Баброўскі , Ігнат Даніловіч – аўтар прац “Гістарычны агляд літоўскага заканадаўства”(1837) і “Пра літоўскія летапісы” (1840), Тэадор Нарбут – аўтар дзевяцітомнай “Гісторыі літоўскага народа" (1836 – 1841), Іосіф Ярашэвіч, аўтар прац “Пра ўплыў хрысціянскай рэлігіі на цывілізацыю славян”(1826), “Пра стан цывілізацыі Літвы перад і пасля заснавання акадэміі” (1828). Яны асвятлялі гісторыю Вялікага княства Літоўскага з патрыятычных, літоўска-беларускіх пазіцый, выказваліся за аднаўленне самастойнасці ВКЛ і вяртанне дзяржаўнага статуса старабеларускай пісьмовай мове, лічылі уніяцтва нацыянальнай верай беларускага народа і звязвалі з яе адраджэннем пераадоленне супрацьстаяння на Беларусі праваслаўя і каталіцызму. У першай палове XIX ст. адбывалася станаўленне беларусазнаўства – навукі, якая вывучае гісторыю, культуру, традыцыі, адметныя і агульныя рысы беларусаў.
Паступова разгортваліся этнаграфічныя і археалагічныя даследаванні Беларусі, якія публікаваліся ў польскіх і расійскіх перыядычных выданнях, а таксама асобнымі кнігамі. Адным з першых збіральнікаў і даследчыкаў беларускага фальклору быў паэт Ян Чачот. Ян Чачот у 1837-1846 гг. выдаў 6 фальклорных зборнікаў "Вясковыя песні"(у большасці – у перакладзе на польскую мову) , у якіх побач з народнымі песнямі змясціў і свае на польскай і беларускай мовах. У Полацку ў 2003 г. узведзены незвычайны помнік – памятны знак літары беларускага алфавіта "Ў”. Лічыцца, што яна ўпершыню з’явілася ў беларускіх тэкстах Я. Чачота. Затым стала шырока выкарыстоўвацца ў творах В. Дуніна-Марцінкевіча. У сваіх вершах і баладах паэт крытыкаваў жорсткасць прыгоннікаў, заклікаў гуманна ставіцца да сялян. “Нашым сялянам мы абавязаны тым, – сцвярджаў ад імя перадавой шляхты Я. Чачот, – што яны захавалі старажытныя абрады і песні. Ім і за гэта мы павінны быць удзячныя. Паддаўшыся ўплыву суседніх плямён і цывілізацый Еўропы, мы самі змяніліся хутчэй, чым яны: а таму і забылі мы тыя песні, якія далёкая прапрабабка не аднаго з нас, можа, нават у той жа самай вёсцы спявала пры кудзелі разам са сваімі роднымі, нашчадкі якіх ад таго, што не мелі заслуг у краі, засталіся ў становішчы падданых”. У прадмове да свайго апошняга зборніка паэт-даследчык даў аналіз асаблівасцей беларускай лексікі і граматычнага ладу беларускай мовы, якую ён называў «славяна-крывіцкай». Выказваючы пэўныя сумненні ў яе далейшым лёсе, Чачот усё ж адназначна заявіў аб неабходнасці ўкладання граматыкі і слоўніка беларускай мовы і заклікаў да гэтай работы прадстаўнікоў малодшага пакалення беларускай інтэлігенцыі.
Выдатным знаўцам старажытнай гісторыі славян, пачынальнікам беларускай археалогіі, фалькларыстыкі і мовазнаўства быў 3арыян Даленга-Хадакоўскі (сапр. Чарноцкі Адам), ураджэнец Лагойшчыны, аўтар прац “Пра славяншчыну да хрысціянства” (1818). Ён склаў карту старажытнага рассялення славян. Каштоўныя дакументы па гісторыі Беларусі змешчаны ў археаграфічным выданні "Беларускі архіў старажытных грамат" (1824), выдадзеным Іванам Грыгаровічам. Ен жа склаў два слоўнікі беларускай мовы. Гісторык, вайсковы тапограф М. В. Без-Карніловіч, ураджэнец Магілёўскай губерні, ў 1855 г, выдаў “Гістарычныя звесткі аб знамянальных мясцінах Беларусі". Шмат зрабіў для развіцця культуры і навукі Беларусі Адам Кіркор – этнограф, археолаг, гісторык, літаратар, публіцыст і выдавец. У 40-х – сярэдзіне 60-х гг. вакол яго выданняў у Вільні гуртавалася беларуская інтэлігенцыя. Аўтар прац “Рэшткі язычніцкіх звычаяў на Беларусі”, “Літоўскае Палессе” і “Беларускае Палессе” А. Рыпінскі быў аўтарам фалькларыстычнага даследвання "Беларусь" (Парыж, 1840) і беларускіх вершаў.
У папулярызацыі ведаў пра Беларусь і беларускі народ у розных пецярбургскіх перыядычных выданнях значную ролю адыгралі публікацыі Паўла Шпілеўскага. "Падарожжа па Палессю і беларускаму краю" (1853-1855) і "Беларусь у характарыстычных апісаннях і фантастычных яе казках”. Ён адзначаў: “Беларуская мова такая самастойная... паданні, павер’і і казкі яе такія арыгінальныя, што... робіцца неабходным даследаваць і адшукаць галоўны прыстанак старажытнай рускай славяншчыны і пазнаёміцца выразна з першапачатковымі яе элементамі. што зберагліся ў Беларусі: вывучаючы беларускую мову, паданні, павер’і і казкі беларускага народа, мы вывучаем мову, паняцці і вераванні сваіх продкаў”. П. Шпілеўскі склаў слоўнік і граматыку беларускай мовы. Аднак Расійская акадэмія адвергла апошнюю, спаслаўшыся на тое, што «дыялекты не могуць мець уласных граматычных катэгорый»
Не ўсе даследаванні мелі навуковы характар, у тым ліку і тыя, што зыходзілі ад навуковых устаноў. Так, у 1861 г. Рускім геаграфічным таварыствам была выдадзена праца афіцэра Генеральнага штаба М. Лябёдкіна, які жыхароў Беларусі сярэдзіны XIX ст. называў драўлянамі, палянамі, крывічамі, валынянамі, яцвягамі і г. д. У расійскіх этнаграфічных атласах нават у 60 – 70-я гг. іх складальнікі пры вызначэнні этнічнай прыналежнасці насельніцтва Беларусі зыходзілі з веравызнання і ўсіх беларусаў-католікаў запісвалі ў палякі.
Адным з першых супраць такога ненавуковага падыходу да вырашэння пытання аб этнічным размежаванні славянскага насельніцтва заходніх губерняў выступіў гісторык і этнограф Павел Баброўкі. У 1863 г. у Пецярбургу выйшла грунтоўнае даследаванне Баброўскага «Матэрыялы для геаграфіі і статыстыкі Расіі, сабраныя афіцэрамі Генеральнага штаба: Гродзенская губерня», дзе дадзена апісанне жылля і гаспадарчых пабудоў, адзення і страў, хатняга і сямейнага по быту, вераванняў, абрадаў і звычаяў, працоўнай дзейнасці беларусаў. Крытэрыем вызначэння этнасаў П. Баброўскі лічыў мову, якая ўжывалася ў штодзённай гутарцы, у песнях, прымаўках і да т. п. 3 мовай ён звязваў асаблівасці нацыянальнага характару, мыслення, нормаў маралі, традыцый і звычаяў народа. «Беларус-селянін, – пісаў Баброўскі, – ці будзе ён праваслаўны, ці католік, мае свае перакананні, сваю маральную філасофію і перадае гэта разам з мовай сваім дзецям і ўнукам». Адсутнасць этнічнай самасвядомасці ў большасці беларусаў у сярэдзіне XIX ст. і нават тое, што яны не называлі сябе беларусамі, на думку Баброўскага, не мела істотнага значэння.
Вялікі ўклад у станаўленне беларусазнаўства зрабілі графы браты Канстанцін і Яўстафій Тышкевічы. Яны займаліся вывучэннем усходнеславянскай і беларускай археалогіі, этнаграфіі, фалькларыстыкі. У 1842 г. Канстанцін заснаваў у родным Лагойску першы ў Беларусі гістарычны музей. Па ініцыятыве Яўстафія ў 1855 г. быў створаны Віленскі музей старажытнасцей. Пры ім дзейнічала археалагічная камісія, якая займалася зборам, даследаваннем і папулярызацыяй гістарычнай і культурнай спадчыны беларусаў. Я.Тышкевіч стаў ганаровым членам Пецярбургскай і Стакгольмскай акадэмій навук, Лонданскага археалагічнага інстытута. Напачатку 60-х гг. у Віленскім музеі налічвалася больш за 10 тыс. адзінак захавання, у тым ліку выдатная нумізматычная калекцыя, археалагічныя матэрыялы, гравюры, карціны, рукапісы. У бібліятэцы музея, якая мела больш за 20 тыс. тамоў, знаходзіліся першадрукі, старажытнейшыя рукапісныя кнігі, сабраныя з розных мясцін Беларусі і Літвы. Віленская археалагічная камісія, пакуль яе ў 1865 г. не закрылі па загадзе Мураўёва, займалася выяўленнем і друкаваннем сгаражытных дакументаў, летапісаў. Яна выдавала “Записки Виленской археологической комиссии”, дзе друкаваліся не толькі гістарычныя крыніцы, але і навуковыя рэфераты мясцовых даследчыкаў. Развіццё навуковых ведаў пра Беларусь і беларускі народ у першай палове XIX ст. сведчыла пра абуджэнне цікавасці да гістарычных каранёў роднага краю. Дзеячы культуры разумелі ролю асветы і навукі для развіцця краю і згуртавання яго жыхароў. Цікаўнасць да вывучэння мінулага Беларусі, яе культуры, мовы і народных традыцый сведчыла аб працэсе нацыянальнага адраджэння беларусаў, аб складванні беларускай нацыі, якая такім чынам усведамляла сябе ў часе і прасторы.